Перайсці да зместу

І залацісьцей і сталёвей (1926)/Сьцежкі васільковыя/Асыпае чэрвень белы сад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пацеркі лілёвыя Асыпае чэрвень белы сад
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Зьвініць прасторамі туга
Іншыя публікацыі гэтага твора: Асыпае чэрвень белы сад.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСЫПАЕ ЧЭРВЕНЬ БЕЛЫ САД.

Асыпае чэрвень белы сад.
Сок калінавы лугі апаясаў…
Глянь, як раніцы чырвонае віно
срэбраногія бярозкі заліло!

Разважалі — быць нам ці ня быць —
шмат зрабілі — трэба шмат яшчэ зрабіць…
Стаў на варце адзінокай сіні клён;
ўсім — і блізкім, і далёкім — наш паклон.

Прывітаньне шчыра — ад душы…
Сіл няма такіх, каб нас перадушыць!
Мора пенай разаб‘ецца аб граніт —
хай-жа кажуць, што ні мэты, ні граніц.

Заплятайцеся пралескі у вянок —
плешча радасьці чырвонае віно,
Будзе вецер сівагрывы варажыць
пра свае ці пра чужыя рубяжы.

Што нам пацеркі з старых рабін?
Можам самі сабе сьцежкі церабіць;
хопіць сілы для чужых і для сваіх,
каб сабою перамогу засланіць.

Будзе праўда з тым, хто перамог,
пераможанаму — крыўда і ярмо…
Ой ты, клён сінягаловы, стройны клён,
па-над возерам празрыстым, быццам шкло!

Асыпае чэрвень белы сад.
Сок калінавы лугі апаясаў…
Нашай раніцы чырвонае віно
срэбраногія бярозкі заліло.