Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Плэшэм
Плэшэм Казка Аўтар: Шамас Макманус 1923 год Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі |
Амадан Цеставік → |
Плэшэм.
Жылі-былі муж з жонкай, звалі іх Шэмус і Нэнсі і пражылі яны ў міры ды згодзе ажно сорак гадоў. Непадалёчку ад іх жыў малады гуляка Роры, і прыйшла яму ў голаву гэткая злая думка: „Вось добра было-б, каб Шэмус памёр, а мы ажаніліся-б з Нэнсі, узяў-бы я ў пасаг хату, поле і ўсю гаспадарку“.
Надумаўшыся так, пайшоў ён да Нэнсі дый кажа:
— Чаму гэта такая прыгожая кабета мае ахвоту жыць з гэткім нягодным старым хрэнам, які мае больш хваробаў і усялякіх балячак, чымся ёсьць іх у якім-небудзь жаўтку ў яйцы. Пазбаўся яго, і заўтра-ж самы прыгожы з ваколіцы хлапец будзе рады, каб ты зрабілася яго жонкай.
Нэнсі пачала з яго сьмяяцца, але Роры ўсё не адыходзіў ад яе, дык яна нарэшце адказала яму:
— Я ні на каліва ня веру табе. Ну, хто-ж возьме мяне замуж, калі Шэмус памрэ?
— Ды выбірай лепшага малайца з усяе ваколіцы, — адказаў Роры. — Я сам гатоў цябе ўзяць.
— Ці гэта-ж праўда? — запыталася Нэнсі.
— Прысягаю, — пабажыўся Роры.
— Мо’ і праўда, што ты хацеў-бы са мною пажаніцца. Але-ж Шэмус, спадзяюся, яшчэ не памрэ. Ні сяньня, ні праз дзесяць гадоў, — сказала Нэнсі.
— Гэта цалком залежыць ад цябе, — сказаў Роры.
— Чаму так? — запытала Нэнсі.
— Вельмі проста, ты можаш яго зжыць са сьвету.
— Я ня хочу праліваць крыві старога чалавека, — адказала Нэнсі.
— Ды гэтага і непатрэбна, — адказаў Роры. Ён сеў каля Нэнсі і растлумачыў ёй, як трэба пазбавіцца ад Шэмуса, не праліваючы яго крыві.
Трэба сказаць, што ў суседзях з Нэнсі і Шэмусам жыў нейкі прынц Кональ. Ён зьмяшчаўся ў маленькай зямлянцы, хаця яго бацькі калісьці жылі ў багатым палацу, пакуль ня пусьцілі на вецер усяе маемасьці.
На другі дзень пасьля размовы з Роры Нэнсі пайшла да гэтага прынца, ды кажа яму:
— Ці ня сорамна табе, прынц Кональ, жыць у гэткай дрэннай халупцы.
— Ведаю, што яна дрэнная, — адказаў ён. — Але-ж другое ў мяне няма.
— Гэта нічога ня значыць, — сказала Нэнсі. — Ты мог-бы лёгка здабыць сабе лепшы будынак, абы захацеў.
— Дык ты навучы мяне, як гэта зрабіць, — адказаў прынц Кональ.
— Вельмі проста, — сказала Нэнсі. — Мой Шэмус цэлымі днямі нічога ня робіць, прымусь яго пабудаваць табе замак.
Прынц, засьмяяўся:
— Ну, куды там беднаму Шэмусу будаваць замкі!
— Кепска ты ведаеш Шэмуса, — адказала Нэнсі. — Няма тае рэчы ў сьвеце, што ён ня змог-бы зрабіць, калі толькі захоча. Але-ж ён гэткі гультай, што калі ты не патаўчэш яму, як трэба, бокі палкай, дык нічога ад яго не даб’ешся.
— Ці можа гэта быць? — запытаўся прынц.
— Можа, кажу праўду, — адказала Нэнсі. — Загадай Шэмусу збудаваць табе замак у тры тыдні, прыгразі яму, напалохай, што здымеш галаву, калі ён гэтага ня зробіць, — і ў цябе будзе найлепшы замак.
— Калі толькі ў гэтым справа, — адказаў прынц Кональ, — дык я нядоўга буду сядзець бяз замку.
І ўжо на другі дзень ён пайшоў да Шэмуса, паклікаў яго і, калі той выйшаў, павёў з сабой на тое мейсца, дзе хацеў збудаваць замак. Паказаў ён яго Шэмусу і абвясьціў яму свае неадменнае жаданьне, — каб у тры тыдні Шэмус збудаваў княжацкі замак і прыдаў яму добры выгляд.
— Я-ж за ўсё свае жыцьцё ніколі замкаў не будаваў, — адмаўляўся Шэмус. — Я гэтага дзела ня ведаю і ня збудую замак і ў трыццаць тры гады, а ня тое што за тры тыдні.
— Ну, — адказаў прынц, — мне вядома, што ўва ўсей Ірляндыі няма чалавека, які змог-бы гэтак хораша і скора збудаваць палац, як ты. — Канешна, калі захочаш гэта зрабіць. І вось, калі ты ня збудуеш на гэтым мейсцы замка ў тры тыдні, дык застанешся без галавы, — дадаў ён. — Ты зразумеў? — І прынц адышоўся, а Шэмус стаяў разьзявіўшы рот.
Пачуўшы гэта, Шэмус моцна спужаўся. Ведаў ён, што прынц Кональ не на жарты гаворыць і што яму ня больш значыць адабраць жыцьцё ў чалавека, чымся раздушыць якую-колечы казяўку. Сеў ён на зямлі і заліўся горкімі сьлязамі. Але не пасьпеў ён яшчэ добра выплакацца, як падыйшоў да яго Рыжы Дзядок дый пытаецца:
— Аб чым плачаш, Шэмус?
— Гора маю, дзядок, — адказаў Шэмус, — лепш і ня пытайся, усё роўна нічым не дапаможаш.
— Гэта яшчэ невядома, — адказаў Рыжы Дзядок. — Горш ува ўсякім выпадку ня будзе, раскажы.
Каб палегчала на душы, Шэмус вырашыў, нарэшце, расказаць аб тым, што абяцаў зрабіць з ім прынц Кональ, калі ён у тры тыдні ня збудуе палацу на паказаным мейсцу.
Сказаў яму Дзядок:
— Сяньня ўвечары, як узыйдзе месяц, схадзі ў Даліну Фей: на вярхушцы гары, пад каменем, што качаецца, ты знойдзеш белы дубец. Вазьмі гэты дубчык з сабой і навядзі ім плян замку тутака на пяску; потым пакладзі дубец на старое мейсца і, пакуль ты дойдзеш да хаты, твой замак будзе ўжо збудаваны.
У тую-ж ноч, як толькі ўзыйшоў месячык, Шэмус, як лёгка зразумець, пайшоў у Даліну Фей да таго каменя, што качаўся, і ўзяў адтуль белы дубец. Потым ён пайшоў на ўзгорак, дзе мусіў будаваць прынцаў палац, нарысаваў канцом дубца ўвесь плян і занёс дубец, на тое мейсца, скуль узяў.
Калі раніцай прынц, Кональ, прачнуўшыся, выйшаў з свае зямлянкі, каб падыхаць чыстым паветрам, — дык ня верыў сваім вачам: перад ім уздымаўся цудоўны палац па-царску аздоблены. Не марнуючы часу, прынц пусьціўся дзякаваць Шэмусу за гэткі дзіўны замак. Калі Нэнсі даведалася, што замак гатоў, дык ледзьве ня лопнула ад злосьці.
Выйшла яна з хаты, паглядзела на замак, падзівілася, але ні слова не сказала. У гэты-жа дзень яна аб чымся доўга гутарыла з Роры, а ад яго пайшла да прынца Коналя і сказала:
— Ці не казала я табе, што Шэмус на ўсе рукі майстар?
— Але-ж, твая праўда, — адказаў прынц, — і я табе вельмі ўдзячны. Я цяпер забясьпечаны на ўсё жыцьцё і не забуду цябе і Шэмуса.
— Ты забясьпечаны! — ажно крыкнула Нэнсі. — Ды твой маёнтак і да паловы ня скончаны.
— Як гэта так? — зьдзівіўся Кональ.
— Ды так, — адказала яна: — трэба, каб перад замкам цякла рэчка, абсаджаная дрэвамі, а на тых дрэвах, каб сьпявалі птушкі, а воддаль, каб гудзела мора.
— Ну, што зрабіць, — адказаў прынц Кональ, — усяго адразу ня можна мець. Ад нашай мяйсцовасьці сто міль да мора, на ўзгорку ніколі не расьлі і ня могуць расьці дрэвы, а птушыных сьпеваў тутака ня чулі ўжо трыста гадоў.
— Тым больш трэба клапаціцца, каб гэта ў цябе ўсё было, — сказала Нэнсі.
— Але калі-ж гэта немагчыма, — адказаў прынц Кональ.
— Немагчыма? — спытала Нэнсі. — Не, магчыма. Трэба толькі, каб ты напужаў Шэмуса сьмерцю, калі ён ня зробіць усяго за тры дні, — дык ты ўсё атрымаеш.
— Пагледзім, пагледзім, гэта цікава, — сказаў прынц Кональ, — спрабуем зрабіць так.
І ён пайшоў да Шэмуса, паклікаў яго і сказаў, што замак нядобра выглядае на голым мейсцы.
— Я хачу, Шэмус, — сказаў ён, — каб тутака цякла прыгожая рэчка, каля якой павінны расьці кусты і дрэвы, каб на дрэвах сьпявалі птушкі, а воддаль гудзела мора.
— Прынц Кональ, — адказаў Шэмус, — ты добра ведаеш, што нічога гэтага я не магу зрабіць.
— Я добра ведаю, што ты можаш, — сказаў прынц. — Даю табе тры дні, і, калі ты ня выпаўніш майго загаду, разьвітайся з жыцьцём. Сказаўшы гэтак, адышоўся прэч.
Беднаму Шэмусу нічога не заставалася рабіць, як зноў плакаць. Ён добра разумеў, што ня можа выпаўніць прынцавага загаду. Плакаў ён доўга, ажно пачуў пад самым вухам чыйсьці голас, падняў галаву і ўбачыў Рыжага Дзядка.
— Шэмус, Шэмус, — гаварыў дзядок,— што гэта з табой здарылася?
— Ня варта й расказваць аб тым, што са мной здарылася, — адазваўся Шэмус.
Хаця ты мне і дапамог у прошлы раз, але цяпер няма ў сьвеце чалавека, які мне дапамог-бы.
— Ну, усё роўна, — сказаў Рыжы Дзядок, — калі ўжо я не дапамагу, дык і не папсую нічога. Каб аблегчыць душу, Шэмус расказаў Рыжаму Дзядку сваё гора.
— Шэмус, — сказаў Рыжы Дзядок, — ты зрабі вось што. Сяньня ўначы, калі ўзыйдзе месячык, ідзі да крыніцы, што знайходзіцца ў Даліне Фей. Там ты знойдзеш міску, ліст і пяро. Зачэрпай у міску вады, вазьмі ліст і пяро і йдзі да замку. Вылі ваду, як можна далей ад замку, здуй лісток з правае, а пяро з левае рукі і пабачыш, што здарыцца.
Шэмус абяцаў зрабіць усё, што сказаў дзядок. Як толькі ўзыйшоў месячык, ён ужо быў каля крыніцы ў Даліне Фей; там ён знайшоў міску, лісток і пяро. Ён набраў вады ў міску, захапіў з сабой лісток і пяро і пайшоў да замку.
Прышоўшы туды, ён лінуў ваду з міскі гэтак далёка, як толькі хапіла сілаў, — глянь, ажно акіян, які быў за сто міль ад замку, з гукам пасунуўся к замку, а рэчка, што была за сто міль, цяпер пацякла каля самага замку ў акіян. Зьдзьмухнуў ён лісток з правае рукі, і па берагох рэчкі зазелянелі розныя кусты і дрэвы. Зьдзьмухнуў ён пяро з левае рукі, і ў кустох і дрэвах заварушыліся тысячы розных птушак, якія сьпявалі такімі прыгожымі галасамі, якіх ён датуль і ня чуў.
Трэба ўявіць сабе, як зьдзівіўся прынц Кональ, калі ён прачнуўся раніцай і выйшаў пагуляць. Зараз-жа пабег ён падзякаваць Шэмусу і Нэнсі. Толькі Нэнсі, як даведалася аб усім, дык ажно зьзелянела ад злосьці.
У гэты дзень яна ізноў доўга гутарыла з Роры, а ад яго пайшла да прынца Коналя і спыталася, ці яму падабаюцца новы палац і ягоныя ваколіцы.
Прынц адказаў, што ён зусім задаволены і шчасьлівы, што ўсёй душой ён удзячны ёй і яе мужу Шэмусу і ніколі не забудзе іхняе паслугі.
— Ну, як-жа можна гэтым задаволіцца? — сказала Нэнсі. — Увечары ў цябе будзе баль, зьбяруцца князі, лёрды і важныя паны, а ў цябе няма чым павесяліць іх. Ты павінен здабыць сабе плэшэм.
— А што гэта такое плэшэм? — запытаўся прынц Кональ.
— А, гэта самая дзіўная і забаўная рэч у сьвеце! І ты і ўсе госьці твае будзеце дзевяць дзён і дзевяць ночаў у найлепшым гумары, калі пагледзіце на плэшэм.
— Калі так, — сказаў прынц Кональ, — дык гэта-ж узапраўду дзіўная рэч, і мне страшэнна хочацца мець яе. Але скажы, дзе і як яе дастаць?
— Вельмі лёгка, — сказала Нэнсі. — Пад пагрозай сьмерці загадай Шэмусу сяньня-ж к вечару дастаць табе плэшэм, і ён напэўна яго здабудзе.
— Добра, — сказаў прынц Кональ, — дык плэшэм скора ў мяне будзе.
Нэнсі вясёлая пайшла дамоў, спадзяючыся, што ўжо цяпер Шэмус ня выкруціцца ад сьмерці, бо ведала, што на ўсім божым сьвеце ня было такой рэчы, як плэшэм. Хоць Шэмус і змог збудаваць замак, стварыць мора, рэчку, дрэвы і птушак у адну ноч, але-ж ён ня зможа знайсьці рэч, якой на сьвеце няма і якую толькі выдумаў Роры.
Тымчасам прынц Кональ, не адкладаючы на доўгі час справы, пайшоў да Шэмуса і паклікаў яго з хаткі. Тутака ён спачатку падзякаваў яму сардэчна за ўсё, што Шэмус зрабіў для яго.
— Але-ж мне патрэбна яшчэ адна рэч, Шэмус, — сказаў ён, — вось тагды я ўжо буду зусім задаволены. Сяньня я раблю баль для лёрдаў, лэдзі і паноў нашага краю; не забудзь-жа да вячэры дастаць мне плэшэм.
— Плэшэм! Што гэта такое! — крыкнуў, зьдзівіўшыся, Шэмус.
— Я ня ведаю, адказаў прынц Кональ.
— І я ня ведаю, — сказаў Шэмус. — Якім-жа чынам я змагу табе яго дастаць?
— Ня будзем марнаваць часу на гутаркі, — сказаў прынц Кональ. — Калі ты не здабудзеш мне да вячэры плэшэм дык напэўна застанешся без галавы.
Бедны Шэмус сеў і заплакаў, а прынц Кональ пайшоў сабе дамоў.
— Шэмус, Шэмус, — пачуўся голас каля вуха Шэмуса, — аб чым-жа ты цяпер плачаш?
Падняўшы галаву, Шэмус убачыў Рыжага Дзядочка.
— Лепш і ня пытайся, — адказаў Шэмус, — гэта цяпер дарэмна. Ты мог збудаваць палац, стварыць мора і рэчку, птушак і дрэвы, але цяпер ты ня зможаш мне нічым дапамагчы.
— Хто ведае! — адказаў Рыжы Дзядок.
— О, я добра ведаю, — сказаў Шэмус. — Ці ты можаш даць мне рэч, якой ніколі ня бывала й ня будзе на сьвеце!
— А ты ўсё-ж такі раскажы, — сказаў Дзядок. — Калі я і не дапамагу табе, дык і не пашкоджу справе.
Каб было чыстае сумленьне, Шэмус растлумачыў Дзядку, што прынц Кональ загадаў яму ў дваццаць чатыры гадзіны даставіць да замкавай брамы плэшэм.
— Але-ж такой рэчы, — дадаў Шэмус, — ніколі ня было на сьвеце.
— Пэўна-ж ня было, — сказаў Рыжы Дзядок. — Але, калі прынц Кональ патрабуе, каб яна была, дык трэба пастарацца дастаць яе. Сяньня ўночы ідзі, Шэмус, к Чарадзейнаму Цярноўніку ў Даліну Фей; на
галінцы яго будзе вісець касьцяны пярсьцёнак. Гэты пярсьцёнак ты забяры з сабою. Калі прыдзеш да хаты, малады Роры будзе гутарыць з тваёй жонкай на кухні. Ты не заходзь на кухню, а ідзі ў хлеў і ўсадзі пярсьцёнак у ноздру карове; потым ціхутка паляжы на мейсцы, і скора ў цябе будзе плэшэм, які ты і пагоніш у прынцаў замак.Шэмус падзякаваў Рыжага Дзядка і ў тую самую ноч пайшоў у Даліну Фей. На аднэй галінцы Чарадзейнага Цярноўніка ўбачыў ён пярсьцёнак, узяў яго з сабою і пайшоў дамоў. Праз кухеннае вакно ён прымеціў Нэнсі і Роры. Яны сядзелі каля печкі і вясёла гутарылі аб тым, як гэта добра ім будзе, калі яны пазбавяцца яго. Шэмус не сказаў ні слова і пайшоў сабе ў хлеў. Там ён засунуў пярсьцёнак у ноздру сваёй каровы і, як толькі ён гэта зрабіў, карова пачала кідацца ўва ўсе бакі і падняла страшэнны гвалт. Зрабіўшы сваё дзела, Шэмус схаваўся ў куточку ў купе сена. Праз хвіліну ўбегла ў хлеў Нэнсі, каб паглядзець, што гэта непакоіць пярэстую. Яна ўдарыла карову кулаком, каб яе заспакоіць, але як толькі яна дакранулася да яе, як рука прырасла да каровы, і яна не магла яе адарваць.
На помач да Нэнсі выбег Роры, пачуўшы яе адчаяны крык:
— Роры, Роры, адарві мяне ад каровы!
Роры ўхапіўся за Нэнсі, каб адарваць яе, але ледзьве ён гэта зрабіў, як яго рукі прырасьлі да Нэнсі, і ён ужо ня мог іх адарваць.
Тут Шэмус выбег з свайго кутка, з кучы сена.
— Гоп, гоп, плэшэм, — крыкнуў Шэмус, — паганяй, ня стой!
І выскачыла з хлява карова з прыросшымі да яе Нэнсі і Роры дый кінулася проста да замку. Карова раўла і брыкалася. Нэнсі і Роры крычалі і вішчалі, як няпрытомныя. Разам яны рабілі вялікі шум і ўзбурылі ўсю вёску, якая збеглася паглядзець, што такое здарылася.
Карова прабегла каля хаты Роры, і маці яго, бачучы, што ён прырос да Нэнсі, выбегла, каб адарваць
сына. Але-ж ледзьве яна дакранулася да сына, як прырасла сама. А Шэмус усё прымаўляў:— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой!
Пабеглі яны далей. Выбег бацька Роры, каб адарваць старую; але толькі ён дакрануўся да яе, як сам прырос.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Паляцелі яны далей і прабеглі каля хлява, каторы ў гэты час чысьціў гаспадар. Убачыўшы гэтую дзіўную працэсію, ён шыбануў ў яе вілы і вядро з гноем, каторыя і прыліплі да бацькі Роры.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Чалавек пашкадаваў вядро і пагнаўся за ім, але як толькі ён дакрануўся, як і сам прыліп.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Пабеглі яны далей. Выскачыў кравец з сваей хаты з аршынам у рукох. Кінуў ён у іх аршынам, а калі аршын прыліп, ён ухапіўся за яго, і сам прырос да ўсяе кампаніі.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — прымаўляў Шэмус.
Потым яны пранясьліся каля шаўца. Ён выбег з калодкай і ўдарыў краўца, ў тую-ж хвілю сам шавец і яго калодка прырасьлі да краўца.
Пранясьліся яны каля кузьні. Каваль кінуў ў шаўца абцугамі. Яны прырасьлі да шаўца, а каваль да абцугоў.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Непадалёку ад замку, яны прабеглі каля будынку аднаго важнага пана. Гэты пан выбег з дому і ўхапіўся за каваля, каб адарваць яго, але прырос да яго сам, а Шэмус усё падганяў:
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой!
Жонка панская убачыўшы, што муж прырос, выбегла і ўхапілася за яго, ды й сама прырасла. Выбеглі дзеці, і яны прырасьлі да маці. Выскачыў буфэтчык адарваць дзяцей, і сам прырос да іх, кухар за лёкая, іншыя слугі за кухара, і ўсе прырасталі адзін да другога.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Яны беглі далей. Калі яны падбягалі ўжо да замку, плэшэм цягнуўся на цэлую мілю. Стогн, енк і гук, які яны паднялі, было чуваць на ўсіх чатырох марох Ірляндыі.
Пачуўшы гэты страшны гоман, прынц Кональ і ўсе яго госьці, і слугі, і хатнія, кінуліся да вокнаў, каб паглядзець, што здарылася.
Убачыўшы, якая працэсія рушыцца ў напрамку палаца, прынц Кональ крыкнуў свайму першаму міністру, каб ён прагнаў яе пугаю. Першы міністар пабег на спатканьне працэсіі і замахнуўся пугай, але пуга прырасла да плэшэма, а ён да пугі.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — крычаў Шэмус.
Тагды прынц Кональ загадаў усім сваім другім міністрам і слугам, каб яны спаткалі працэсію і павярнулі яе назад. Але ўсякі, хто ні хапаўся за яе, сам прырастаў.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — прымаўляў усё Шэмус
А плэшэм усё пасуваўся да замку. Тутака ўжо прынц Кональ не сьцярпеў і выбег сам з усімі гасьцямі. Ледзьве ён дакрануўся да плэшэма, як сам прырос; тое-ж самае здарылася і з усімі гасьцямі.
— Гоп, гоп, плэшэм, паганяй, ня стой! — падганяў Шэмус.
З вялікім трэскам і крыкам плэшэм уварваўся ў замковую браму, адтуль у галоўную залю і пацягнуўся па ўсяму палацу, пакуль ня выйшаў з праціўлежнага боку. Увесь замак рассыпаўся і згінуў, касьцяны пярсьцёнак выкаціўся з каровінай ноздры, плэшэм разарваўся ў адну хвільку і, калі прынц Кональ паглядзеў навакола, дык ня ўбачыў ні рэчкі, ні замку. Яго зямлянка стаяла на старым мейсцы, а сам ён зноў зрабіўся жабраком.
Сяляне пайшлі да хаты і вельмі ім было сорамна затое, што ўсе над імі сьмяяліся.
Нэнсі пайшла на ўсход, а Роры на захад; з таго часу аб іх ні слуху, ні духу.
Што датычыцца Шэмуса, дык ён вярнуўся ў сваю хатку, дзе дажыў там сваё жыцьцё шчасьлівы і задаволены, чаго сабе і вам жадаю.