Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Кональ, Дональ і Тэг
← Амадан Цеставік | Кональ, Дональ і Тэг Казка Аўтар: Шамас Макманус 1923 год Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі |
Млынар Маніс → |
Кональ, Дональ і Тэг.
Жылі-былі тры браты, звалі іх Кональ, Дональ і Тэг. Здарылася ім непаладзіць за вучастак сенажаці. Кожны з іх меў на яго аднолькавае права і таму ніводны з множства судзьдзяў ня мог вырашыць справу ні на чыю карысьць.
Нарэшце знайшлі яны судзьдзю, каторы быў вядомы усім, як вельмі-ж разумны, і расказалі яму аб сваей справе.
Судзьдзя сядзеў на лаўцы і з вялікай цярплівасьцю слухаў спачатку Коналя, потым Доналя і Тэга. Калі яны скончылі, ён абвесьціў, што бярэ сабе часу дзень і ноч, каб разважыць усё.
Раніцай на другі дзень ён паклікаў іх да сябе і сказаў, што зважыў довады з усіх бакоў, думаў так і гэтак, і пераканаўся, што ніхто з іх ня мае ні на каліўца больш правоў на сенажаць, чымся кожны з другіх. Першы раз у жыцьці спаткалася яму такое цяжкое здарэньне.
— Аднак-жа, — казаў ён далей, — для мяне няма нічога, што-б я не перамог. Я зараз-жа вырашу, каму з вас належыць сенажаць. З віду вы ўсе лежабокі, і вось я прысуджу сенажаць самаму лянівейшаму з вас.
— Ну, калі так, — сказаў Дональ, — дык сенажаць будзе мая, бо я самы лянівы.
— А як ты лянівы? — запытаўся Судзьдзя.
— Ды так, што лягу пасярэдзіне дарогі і няхай нясецца на мяне цэлы полк коньніцы, дык я хутчэй дам сябе растаптаць, чымся зыйду з дарогі.
— Але-ж, — сказаў судзьдзя, — ты запраўды лянівы. Ня думаю, каб Кональ, альбо Тэг маглі з табой зраўнацца.
— Вось яшчэ, — адазваўся Кональ, — ды я ня менш лянівы, чымсь ён.
— Няўжо праўда? — зьдзівіўся судзьдзя. — А як-жа ты лянівы?
— Ды гэтак, што каб сядзеў каля кастра, і ты накідаў-бы ў яго торпы з цэлага балота і дроваў з цэлага павету, дык хутчэй-бы у мяне мазгі закіпелі ў касьцёх і выцяклі вон, чым я парушыўся-бы з мейсца.
— Ага, — сказаў судзьдзя, — вось гэта — лень! Ня думаю, Тэг, каб ты мог з імі пацягацца.
— Глупства, — сказаў Тэг, — я таксама лянівы, як і яны.
— Ну, як-жа, напрыклад? — запытаўся судзьдзя.
— Каб я ляжаў на сьпіне з расчыненымі вачыма, а з столі падала-б градам сажа, дык мусіць я-б хутчэй асьлепнуў, чым задаў-бы сабе працу заплюшчываць вочы.
— Дзіўная справа, — сказаў судзьдзя, — я ў такім-жа клопаце, як і раней. Бачу я, што вы самыя найгоршыя лодары, якіх яшчэ ня бачыў сьвет, і хто з вас самы лянівы, — цяжка сказаць. Ну, дык вось што: я аддам сенажаць старэйшаму.
— Дык, — сенажаць мая, — сказаў Кональ.
— А колькі табе гадоў? — запытаўся судзьдзя.
— На дваццаць першым гаду я купіў сабе цэлы карабель шылаў, ніводнага не зламаў за ўвесь час і толькі ўчора прытупіў апошняе шыла, наладжваючы боты.
— Так, ты вельмі стары, — стары, — сказаў судзьдзя. — Не спадзяюся, каб Дональ і Тэг маглі з табой зраўнацца.
— Ёсьць аб чым думаць! — сказаў Дональ. — А я яшчэ папрабую зраўнацца.
— Ды табе-ж колькі гадоў? — запытаўся судзьдзя.
— Калі мне споўнілася дваццаць адзін год, я купіў цэлы карабель голак і ўчора ступіў апошнюю, падчыняючы вопратку.
— І глыбокая-ж ваша старасьць, — зьдзівіўся судзьдзя. — Беднаму Тэгу, спадзяюся, вас не дагнаць.
— І я не адстану, — сказаў Тэг.
— Як, і ты стары?
— На дваццаць першым годзе я купіў цэлы карабель брытваў і ўчора прытупіў апошнюю, як галіўся.
— Ну, — сказаў судзьдзя, — прыходзілася мне часам чуць аб старых людзёх, але такой глыбокай старасьці сьвет ня бачыў яшчэ з таго часу, як здохла Мафусаілава кошка. Хто з вас старэй, ні за што не магу сказаць. Але ведаеце што, я сенажаць аддам таму, у каго лепшая памяць.
— Калі так, — адазваўся Кональ, — дык сенажаць мая. Я памятаю яшчэ тыя часы, калі чалавек, наступіўшы кошцы на хвост, ня меў яшчэ звычаю пацяшаць яе піханьнем нагі.
— Так, — сказаў судзьдзя, — ты памятаеш папраўдзе незапомныя часы, мусіць сенажаць астанецца за табой, Кональ.
— Ня сьпяшайцеся! — сказаў Дональ. — Я памятаю часы, калі кабета не казала ніводнаго кепскаго слова аб сваей прыяцельцы.
— Дзіўная-ж у цябе памяць, Дональ, калі ты памятаеш такую старыну. Не спадзяюся, Тэг, каб твая памяць была такая самая, як у тваіх братоў.
— Чаму ня так, — сказаў Тэг. — Я памятаю часы, калі з дзесяцёх чалавек не знаходзілася і дзевяці лгароў.
— Ого-го! — аж крыкнуў судзьдзя. — Дык у цябе, Тэг, казачная памяць. Ня ведаю, што і рабіць з вамі. А вось што: я прысуджу сенажаць таму, у каго вострыя вочы.
— Тады сенажаць мая, — сказаў Дональ. — Каб на верхавіне вунь тэй гары, за пятнаццаць вёрст, сядзела муха, дык я-б мог вам сказаць, ці яна моргае вачыма, ці не.
— У цябе дзіўны зрок, Кональ, — сказаў судзьдзя. — Здаецца, што сенажаць будзе твая.
— Ня сьпяшайцеся! — пачаў Дональ. — У мяне зрок ня горшы: я магу вам сказаць, ці яна моргае ад сьмяцьцінкі ў воку, ці ад якой іншай прычыны.
— А! — сказаў судзьдзя — вось гэта зрок. Шкода мне цябе, Тэг, але, здаецца, ня бачыць табе сенажаці, як сваіх вушэй.
— Глупства! — адказаў Тэг, — я дык магу вам сказаць, здарова тая муха, ці не, падлічыўшы біцьцё яе сэрца.
— Гм! — сказаў судзьдзя, — вы зноў мяне зьбілі з толку. Вы — самыя дзіўныя людзі з усіх, якіх я толькі спатыкаў на сьвеце. Ну, вось што мы зробім: я прысуджу сенажаць самаму лоўкаму з вас.
— Дзякую, — сказаў Кональ. — Значыць сенажаць за мной.
— Якім чынам? — запытаўся судзьдзя.
— Напусьці цэлую сенажаць зайцоў, у сярэдзіну пасадзі сабаку і прывяжы адну з маіх ног к сьпіне — я ўсёж-такі ня дам ніводнаму зайцу ўцячы.
— Мусіць сенажаць за табой, — сказаў судзьдзя.
— Не яшчэ, з дазваленьня вашага благародзьдзя, — адказаў Дональ.
— Як, Дональ, — зьдзівіўся судзьдзя, — няўжо-ж ты такі, як і ён, спрытны?
— Ці лоўкі я? Бачыш вунь той стары замак без аднаго цэлага вакна, без дзьвярэй, бяз даху, які прадуваецца ветрам, як рэшата? — запытаўся Дональ.
— Бачу. Ну, дык што далей? — пацікавіўся судзьдзя.
— А вось што, — сказаў Дональ. — Напхай ты яго да самаго верху пухам і ў самы ветраны, у самы бурны дзень я ня выпушчу з замку ніводнае пушынкі, а калі якая і выляціць, дык ня дам ёй ляцець і на дзесяць аршынаў: адразу спаймаю і пакладу на мейсца.
— Гм… — сказаў судзьдзя. — Вось ужо хто спрытны чалавек, дык гэта ты. Ну, Тэг, кепскія твае справы.
— Але ня зусім, — адазваўся Тэг.
— Як, — ажно закрычаў судзьдзя, — ты яшчэ маеш замер цягацца з імі?
— Што-ж, я бярусь падкаваць самаго скорага жарабца на поўным хаду, забіваючы па цьвіку кожны раз, як толькі ён падыме ногу.
— Вось яно што, — сказаў судзьдзя.
— Нязвычайныя вы людзі, грамадзяне, павінен я вам сказаць. Такіх людзей ніколі яшчэ ня бывала на сьвеце, дый мусіць што й ня будзе пасьля вас. Застаецца яшчэ адна спроба, і, калі яна будзе некарыснай, я адмаўляюся вясьці дзела. Я аддам сенажаць самаму цямліваму з вас.
— У такім выпадку аддавай яе мне бяз доўгіх гутаркаў, — сказаў Кональ.
— Гэта чаму-ж так? — запытаўся судзьдзя. — Няўжо-ж ты самы цямлівы?
— Я гэтак цямлю, што магу пашыць чалавеку вопратку, даведаўшыся толькі аб колеры яго валасоў, і яна будзе сядзець на ім, як адлітая.
— Ну, дзяцюкі, — сказаў судзьдзя, — я мысьлю, пытаньне скончана.
— Не сьпяшайся, мой сябра, не сьпяшайся, — сказаў Дональ.
— Што ты, Дональ, — зьдзівіўся судзьдзя, ці-ж можна яшчэ больш цяміць?
— А чаму не? — адказаў Дональ.
— Ну, што-ж бы ты мог зрабіць?
— Ды я мог-бы пашыць чалавеку вопратку бяз ніякай меркі, а толькі пачуўшы, як ён кашляе.
— Ня кепска, — сказаў судзьдзя. —Ваша цямлі васьць перавышае ўсякае выабражэньне. Тэг, — гаварыў ён, — бедны Тэг, якія-б ня былі шансы тваіх братоў, але табе ўжо над сенажацяй трэба паставіць крыж.
— Вось ужо не! — ускрыкнуў Тэг.
— Ды ці-ж можна быць яшчэ больш цямлівым? — запытаўся судзьдзя.
— Ты вельмі можаш цяміць?
— Хоць-бы столькі, — адказаў Тэг, — што, каб я быў судзьдзёй, ды яшчэ такім прыдурнаватым, што ня змог-бы вырашыць гэтую справу, дык ужо прыкінуўся-б разумным і разьвязаў яе як-небудзь.
— Тэг, — сказаў судзьдзя, — я разабраў гэту справу і абмеркаваў яе, і па ўсей праўдзе і сумленьню вырашыў, што сенажаць дастанецца табе!..