Перайсці да зместу

Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Багаты Дональ і бедны Джэк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гарбун Крывулька Багаты Дональ і бедны Джэк
Казка
Аўтар: Шамас Макманус
1923 год
Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі
Сьнег, Груган і Кроў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Багаты Дональ і бедны Джэк.

Жылі-былі два браты. Аднаго звалі Дональ, а другога Джэк. Дональ служыў у парабкох у багатага гаспадара, а калі гаспадар памёр, Дональ жаніўся на яго дочцы.

Джэк жыў у суседзях з братам, меў ён жонку і горбу дзяцей, а ў хаце было пуста і бедна. Дональ быў вялікі скнэра і ніколі не дапамагаў брату. Калі Джэку было вельмі цяжка, ён дазваляў сабе ўкрасьці бычка з вялікага Доналявага стада і ня лічыў гэта за вялікі грэх.

Урэшце, Дональ стаў дагадавацца, хто крадзе ў яго цялят, дый ня ведаў, як у гэтым упэўніцца.

Старая цешча Доналя надумала, як злапаць Джэка. Яна загадала Доналю, каб яе паклалі ў вялікі куфар з пракручанымі ў ім дзірачкамі, і даць гэтулькі мяса і гарэлкі, каб ёй хапіла на дзевяць дзён. Пасьля таго загадала занясьці куфар да Джэка і пакінуць яго там, ня кажучы ні аб чым.

Дональ пайшоў да Джэка і папрасіў дазваленьня паставіць на тыдзень у яго кухні куфар з рэчамі. Джэк сказаў, што з прыемнасьцю паставіць у сябе хоць дзесяць куфраў, калі гэта патрэбна Доналю.

Дональ прыцягнуў куфар з цешчай і ядой і паставіў на відным мейсцы ў кухні.

У той самы вечар, як паставілі куфар у Джэкавай кухні, Джэк ізноў сьцягнуў адно цялё, зарэзаў яго і прынёс дамоў. Старая ўсё гэта бачыла праз дзірачкі ў куфры.

Павячэраўшы добра з дружынкаю, Джэк сказаў жонцы:

— Вельмі хацелася-бы мне даведацца, што схована ў гэтым Доналевым куфры.

Пайшоў ён да каваля, пазычыў у яго цэлую зьвязку ключоў, дабраў ключ да куфра і адамкнуў яго. Убачыўшы, што ў ім знайходзіцца, ён хутчэй забраў адтуль мяса і гарэлку, а замест іх паклаў пустую бутэльку і аб’едзеныя косьці, і зноў замкнуў старую.

На дзевяты дзень прыйшоў Дональ за сваім куфрам. Падзякаваў Джэку і сказаў, што ў яго цяпер у хаце ёсьць мейсца для куфра.

Страшэнна задзівіліся Дональ і яго жонка, калі, прыцягнуўшы куфар дамоў, яны ўбачылі, адкрыўшы яго, цешчу, памёршую ад голаду, а каля яе — пустую бутэльку і горбу касьцей.

Дональ падумаў: — Мусіць, цешча ў першы дзень адразу зьела ўсё мяса і выпіла ўсю гарэлку; вось за сваю прагавітасьць і пакарана.

Дональ з жонкаю паплакалі над старою, і, як належыць, пахавалі яе, паклаўшы паводле звычаю, пад галаву кеску з грашыма, каб заплаціць за дарогу на той сьвет.

Джэк быў на хаўтурох і плакаў па старой разам з Доналем і яго жонкай.

Уночы па хаўтурох Джэк выкапаў мерцьвяка і забраў грошы, пакладзеныя пад галаву нябошчыцы; яны яму якраз прыдаліся. Потым ён узяў на плечы цела старой і прынёс яго ў склеп Доналя. Ён пасадзіў старую каля бочкі з віном, уклаў ёй у руку шклянку і адаткнуў затычку ў бочцы.

Раніцай Дональ зазвычай пайшоў першым чынам у склеп, каб выпіць віна. Убачыўшы цешчу, якая сядзела ля бочкі з шклянкай віна ў руцэ, ён абамлеў ад страху. А калі апрытомніўся, занёс старую дамоў і зноў паклаў на стол.

А Джэк у гэту раніцу пайшоў к Доналю быццам наведаць яго.

— Дабрыдзень, — прывітаўся ён з братам, — як маешся?

Джэк, ускладшы на плечы нябошчыцу, панёс яе к Доналю.


Джэк, ускладшы на плечы нябошчыцу, панёс яе к Доналю.

— Ах-вой! Джэк, у мяне вялікае гора, — адказаў Дональ.

— Што за гора, у чым справа? — занепакоіўся Джэк.

— Мая цешча ўночы ўстала з труны і вярнулася дамоў, — сказаў брату Дональ. — Раніцай, калі я падняўся і пайшоў у склеп, каб выпіць шклянку віна, я ўбачыў, што яна сядзіць з шклянкаю ўруцэ каля пустой бочкі. Што мне рабіць, што мне рабіць?! — галасіў ён.

— Я ведаю, чаму яна ўстала з магілы — сказаў Джэк.

— Чаму?

— Таму, што ты пахаваў цешчу ня так, як трэба было. Ты паклаў ёй пад галаву толькі дзесяць чырвонцаў, а трэба было пакласьці пяцьдзесят.

— Гэта праўда. Прызнаюся, што вінаваты. Але цяпер я ўжо пастараюся добра пахаваць яе.

Джэк другі раз памог Доналю пахаваць цешчу і бачыў, як ёй пад галаву паклалі пяцьдзесят чырвонцаў.

— Цяпер яна ўжо напэўна ня ўстане з дамавіны, каб пужаць мяне, — радаваўся Дональ.

Уночы Джэк ізноў падкраўся на могілкі, ізноў адкапаў старую і забраў пяцьдзесят чырвонцаў. Усклаўшы старую на плечы, ён панёс яе да Доналя ў стайню. Там ён пасадзіў яе на лепшага каня, прывязаў да сядла, каб не звалілася, а да рукі прывязаў меч. Джэк ведаў, што раніцай Доналю трэба будзе ехаць у места плаціць хаўтурны падатак.

Рана Дональ прыйшоў да стайні за сваёй чорнай кабылай, калі яшчэ было цёмна, і ён нічога не прымеціў.

Конь, да якога Джэк прывязаў старую, быў вельмі дружны з чорнай кабылкай, і калі Дональ вывеў кабылку, конь пайшоў за ёю, бо Джэк яшчэ раней адвязаў яго.

Убачыўшы выскачыўшага са стайні каня, а на ім цешчу з паднятым мячом, Дональ заенчаў ад страху, ускочыў на Кабылу і пагнаў яе з усяе сілы. За кабылкай панёсься і конь з нябошчыцаю, і чым скарэй

Цешча гналася за ім.


Цешча гналася за ім.

ехаў Дональ, тым хутчэй скакаў за ім конь. Усякі раз, як Дональ аглядаўся, ён бачыў сваю цешчу з паднятым угару мячом, каторым, як яму здавалася, яна хацела яго забіць.

А Джэк, які зрабіў усю гэту гісторыю, схаваўся з паўвярсты ад дому каля дарогі, і, калі Дональ, перапалоханы на сьмерць, параўняўся з ім, выйшаў на дарогу і запытаўся, як быццам нічога ня ведаў:

— Чаго гэта ты так прэш, Дональ?

Дональ паказаў пальцам праз сваё плячо. Джэк падскочыў да жарабца, застанавіў яго і павёў дамоў, а нябошчыцу зьняў з сядла.

Апамятаўшыся ад перапуду, Дональ зьявіўся да хаты зусім змарнеўшы.

— Калі цешча будзе кожны дзень падымацца з дамавіны і пужаць мяне, дык ужо лепш я адразу зраблю сабе сьмерць.

— Не бядуй, — сказаў Джэк. — Што ты мне дасі, калі я пазбаўлю цябе ад цешчы?

— Дам табе ўсё, што ты патрабуеш, калі ты толькі не захочаш лішняга.

— Што-ж, — сказаў Джэк, — калі будзеш паіць і карміць мяне, дык я гатовы назаўсёды жыць у цябе і кожную ноч сьцерагчы на могілках тваю цешчу. Сто чырвонцаў з мяне даволі.

Дональ згодзіўся плаціць яму сто чырвонцаў штогод, і яны трэці раз пахавалі старую.

Джэк так добра сьцярог на могілках, што старая ўжо больш не паднімалася.

Дональ з жонкай ізноў зажылі спакойна, а Джэк, дастаючы сто чырвонцаў, лічыў сябе шчасьлівейшым чалавекам ува ўсёй Ірляндыі.