Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
199. Памятнік 200. Ікар і Дзедал
Верш
Аўтар: Авідзій
1927 год
Арыгінальная назва: Metamorphoses (2—8 н. э.)
Пераклад: Максім Багдановіч
201. Паво
Іншыя пераклады гэтага твора: Мэтамарфозы (Авідзій).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




200.

ІКАР І ДЗЕДАЛ.
(„Metamorphoses“ Овідзія, кн. 8-ая, вершы 189—220).

Дзедал пачаў чарадой прыладжываць пер’я. На сам’ перш
Дробныя, дальш падаўжэй, і думаць-бы можна, што быццам
Пер’я на кочцы растуць. Складалася так-жа патроху
3 розных няроўных кускоў чароту жалейка пастуш’я.
Далей ён ніткай зьвязаў сярэднія пер’я, а рэшту
Воскам зьляпіў на канцох. Скрапіўшы такой працай скрыдлы,
Дзедал іх трохі сагнуў, каб да птушачых сталі падобны.
Ікар, сын едны яго, ня ведаўшы, што ён бярэцца
Ў час той за згубу сваю, — ад ветру лятаўшыя пер’я
Спрытна лавіў, жоўты воск мяў рукамі сваімі і шкодзіў
Дзіўнай рабоце айца гульнёй… Калі майстар закончыў
Працу сваю, дык тады прывязаў сам к плячом сваім скрыдлы
І, размахнуўшыся, ўраз падняўся ў паветра. «О, Ікар!»
Дзедал прамовіў сынку, каб яго навучыць: «Умаляю,
Каб пасярэдзіне ты паляцеў; калі ніжай, чым трэба,
Вышай у неба ўзьляціш, — іх сонца пякучае спаліць.
Будзеш імкнуць, дык вада твае скрыдлы памочыць. Калі-жа
Лепей ляці між вадой і між сонцам. Прашу цябе далей,
Кінь на Геліку глядзець, на Орыона меч, на Боота.
І прывязаў да плячоў яго скрыдлы, нязвычныя людзям…
Але за мной памандруй». Тут-жа сына лятаць навучыў ён
Ў час, калі Ікара так навучаў клапаціўшыся бацька,
Сьлёзы ў старога цяклі і дрыжалі айцоўскія рукі.
Цмокнуў ён сына свайго, ў апошні раз цмокнуў і ў неба
Ўзьвіўся на скрыдлах сваіх, у паветры паперадзе мчыцца.
Страшыцца ён за дзіця, як з гнязда паляцеўшая птушка
З пценчыкам кволым сваім лякаецца ў вышы. І просіць
Дзедал сынка не адстаць, небясьпечнай умеласьці вучыць,
Скрыдлы варуша свае, пільнуе сыноўскія. Ў неба
Рыбу лавіўшы вудой рыбалка, пастух, што абпёрся
Кіем, аратай з сахой, — кожны з іх, зьдзіваваўшыся, ў неба
Пільна глядзеў, пазіраў на Дзедала з сынам і лічыў
Іх за багоў, бо адны яны могуць лятаць у паветры.

Увагі

[правіць]

200. Ікар і Дзедал. Выдаецца з двух аўтографаў: вершы 189—205 чыставога аўтографу п. VI, 43; вершы 206—220 — з чарнавых накідаў, якія хаваліся ў рукапісах поэты (п. IV, № 5, ст. 14).
У 19-м радку ў аўтографе стаяла: „Геліну“; Літаратурная Камісія згодна з лацінскім тэкстам выправіла — „Геліку“.