Іван Падкова (Шаўчэнка/Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Іван Падкова
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Янка Купала
Шаўчэнка Т. Вершы. Паэмы — Мн., Маст. літ., 1989 — (Скарбы сусветнай літаратуры)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




                            В. І. Штэрнбергу
        I

   Было калісь на Ўкраіне —
Гарматы равелі;
Было калісь — запарожцы
Панаваць умелі!
Панавалі, здабывалі
І славу, і волю,—
Мінулася: засталіся
Магілы на полі.
Ой, высокія магілы
Ля долаў-байракаў,
Дзе казацкае спіць цела,
Спавіта кітайкай.
Ой, высокія магілы
Чарнеюць, як горы,
Ды пра волю ціха ў полі
З ветрамі гавораць.
Сведка прадзедавай славы
З ветрам размаўляе,
А касу ў расу нясе ўнук,
За імі спявае.

   Было калісь на Ўкраіне —
Гора танцавала,
Журба ў шынку мёд-гарэлку,
Як ваду, смактала.
Было калісь добра жыці
На той Украіне...
Дык успомнім, можа, сэрца
Хоць трохі спачыне.


        II

   Чорна хмара з-за Ліману
Неба, сонца крые;
Сіне мора дзікім зверам
То стогне, то вые.
Дняпра вусце затапіла...
"Нуце, хлопцы-брацці,
На байдакі! Мора грае —
Хадзем пагуляці!"

   Высыпалі запарожцы —
Ліман чоўны ўслалі.
"Грай жа, мора!" — заспявалі,
Пайшлі пенай хвалі;
Кругом хвалі, нібы горы,—
Ні зямлі, ні неба.
Сэрца млее, казакам жа
Таго толькі й трэба —
Плывуць сабе ды спяваюць;
Рыбалка лятае;
Атаман стаў на сам-перад,
Вядзе, куды знае.
Пахаджае ўздоўж байдака,
Гасне люлька ў роце;
Пазірае сюды-туды —
Дзе та быць рабоце?
Закруціўшы чорны вусы,
За вуха чупрыну,
Падняў шапку — чоўны сталі.
"Няхай вораг гіне!
Не ў Сінопу, атаманы,
Панове-малойцы!
А у Царград да султана
Паедзем у госці!"
"Добра, бацька-атамане!" —
Кругом заравела.
"Дзякуй жа вам!" Надзеў шапку,—
Ізноў закіпела
Сіне мора. Ўздоўж байдака
Ізноў пахаджае
Пан атаман ды на хвалю
Моўчкі паглядае.

С.-Пецярбург
1839