«Як вораг у няволі»
«Як вораг у няволі» Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 4, 24 студня 1914 г., б. 1-2 |
„Як вораг у няволі“.
Беларусы сталіся мэтай да зневаг і здзекоў.
Сьвядомы Беларус у Беларусі, як вораг ў няволі, туляецца пад градам наруглівых слоў і стрэламі непрыязных поглядоў.
Зневажаюць чужынцы, зневажаюць і свае родные браты.
Мы сталіся вечным жыдам тулягай, катораму німа нідзе прыстанішча, нідзе супакою, нідзе прыхільнаго, ласкаваго, слова.
Ешчэ пакуль Беларус — нямы раб, яму спакойна пазваляюць быць ўючнай скацінай і карміцца крошкамі разам с псамі.
Нават ласкавы бываюць: пазваляюць лізаць сабе рукі і выціраць чалом брудные боты на нагах іхніх.
Але калі Беларус пачувае ў душы сваей Божу іскру і сіліцца глянуць на сонцэ — о, горэ яму!
На вуліцах, на торжышчах і крыжавых дарогах будуць тыцкаць у яго пальцамі, аплююць, асьмяюць, закідаюць гразёй,—выссуць кроў с пад сэрца…
А супакояцца толькі тады, калі загасьне агонь у яго душы і калі ён ізноў станецца або нямым рабом, або Юдай здраднікам.
Чаму? За што нам такая доля!?.
Адзін атказ: бо мы беды… Бо доўгая няволя і нядоля аслабіла нашы сілы і на дзедзіне нашай селі, іншые.
Усе націі на сьвеці нешта прадаюць і нешта купляюць. У нас, беларусоў, німа чаго прадаваць. Зямельнае багацьце і абшары лясоў належаць да тых, што чужой мовай прамаўляюць да нас.
Асталіся у нас адно душа і цела, і мільёны пудоў жыл і касьцей атпраўляе Беларусь на чужыну караблямі і вагонамі. Тысячы маладых, здаровых, разумных істот, каторые хочуць жыць і радавацца жыцьцём; тысячы нашай маладзежы, як кветкі пад касой, паміраюць, нямые, маўчлівые у падзямельных вугальных копях, па задушлівых фабрыках і на вуліцах багатых, шумных гарадоў, сярод чужых.
Але гэта ешчэ ня ўвесь наш вывоз.
О, не! Беларусь дае ешчэ багата тавару!
Дае жывы тавар…
Год ў год дзесяткі тысяч пудоў жывога тавару вывозіцца з Беларусі ў гарады Расеі і ва ўсе „культурные“ старонкі Эўропы, у Амэрыку, Афрыку і у турэцкіе гарэмы.
Як шмат лепей было-б, каб нашы статыстыкі заместа аблічаньня убогіх, па 30 рублёў на год, бюджэтоў селянскіх, заняліся статыстыкай, нашаго «загранічнаго гандлю». Можэ-бы ад гразы доўгіх радкоў нямых цыфр прачнулося-б у іншых нашых културтрагероў сумленьне і загаварыло-бы аб павіннасцях да народу, каторы корміць і поіць іх, дае багацьце, можнасць навукі і пазнаньня праўды не на тое, каб стаўшыся сьветачамі сеялі цемень і гніль.
Можэ-бы пабачылі, што Маці-Старонка з упадкам сьвядомасьці ў народзе сталася абецанай зямлёй для усякай масьці гандляроў жывым таварам.
Год у год, як крукі на жёр, на вясну злетаюцца з усіх канцоў сьвету, багатые, цемнякі і, крыючыеся ад сьветла, робяць закупы тавару. Як чэрві яны кішаць, і поўзаючы, занечышчаюць нашу Сьвятую Зямлю.
А апрача „вялікаго гандлю“ ў нас красуе і дробны, мейсцовы промысел: розные «культурные» вышынкі аж кішаць ад усякаго сорту зводнікоў. Але гэта дробязь, гэта так сказаць, «хатні промысел» усвячэны адвякоў добрай, сьвятой традыціей „першай панскай ночы“…
За срэбнікі, за сочэвічную юшку і, так, з лёгкай рукі, за панскую ласку, галодная, голая і рабская Беларусь вядзе ешчэ мейсцовы, праўда, але дужа абшырны торг душамі.
У суседзкіе яткі Беларусь дае многа тавару. У ўсіх добрых людзей, на ўсенькім сьвеці прадаць душу — завецца бязчэсьцем, а ў нас — славай. У нас прадаўшчык—Юда ня крыецца ад сьвету Божаго, а як лярвы выгрэваюцца, верхаводы зрадніцтва, у блеску золата, а меншые у блеску панскай і начальніцкай ласкі, качаючыся каля памыйніц у аб’едках. І крычаць—да тых, што ешчэ не прадалі душы сваей:
Станьцеся такімі як мы! Прадавайця свае душы!
І спраўляюць дзікіе банкеты над магілай маці, што не малаком, а кроўю выкарміла іх с сухіх, худых грудзей сваіх.
І хоць яна ешчэ жыва, капаюць магілу ей пад гук непрыстойвых песень і брудную лаянку…
Ў імя культуры, ў імя еднасьці брацкай, ў імя згоды, а нават ў імя Хрыста прапаведуюць яны здрадніцтво народу.
Запраўды кажу вам: яны—прадвешчэные Хрыстом фальшывые прарокі.
І з нашых колішніх баяр, што даўно праменялі національную сваю душу, і с цяперэшніх новенькіх „пэркалёвенькіх“, каторых бацькі або ешчэ жывуць збожна пад селянскай стрэхай, або ешчэ не згнілі у магілі.
Як чэрві поўзаюць яны у народзе нашым і шыраць заразу здрадніцтва, атступніцтва ды вытыкаюць і аплёвываюць кожнаго, хто паважыўся пайсьці простай дарогай да народу, прыбліжыўся да гэтаго пакінутаго ўсімі, Лазара і адважыўся змачыць вадой засмягшые яго вусны і заскаруздые вочы.
Так, народ наш—Лазар—пакутнік: бедны, цёмны, сьляпы.
Хто-ж падойдзе да яго, хто агледзіць яму раны, калі ня будзе ён мець спагаднікоў са сваей сямьі?
Чужынцы? Але-ж братняя, з брат-дзеці, апека давяла яго да такога палажэньня ў якім ён цяпер знаходзіцца.
Да вас, хто мае сэрцэ, слова маё: прамывайця вочы братом і нясіця помач пакінутаму і аплёванаму Лазару ня толькі словам але чынам-дзелам. Працуйця над узбагачэньнем убогаго, бараніця ад крыўды і здзеку ды будзьця самі як скалы цьвёрды, каторые умеюць устаяць і проці напору паводкі, і проці сілы ветру.
Юры Верэшчака.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.