«Дыктатура пролетарыяту» на Беларусі
«Дыктатура пролетарыяту» на Беларусі Артыкул Аўтар: Макар Краўцоў 1919 Крыніца: Звон. 1919. №19―20 |
Нядаўные нашые апекуны з Маскоўшчыны немаль ня кожны дзень на страніцах сваёй газэты „Звезда” разьвівалі безканечные тэорыі утварэньня беларускага пролетарыяту з даволі значнае грамады беззямельных памешчыцкіх парабкоў, каб хаця на гэты слой нашае працоўнае беднаты праўдзіва абаперціся у сваёй політыцы, збудованай на клясавой дыктатуры. Іншых клясаў, якіе болей падыйшлі б пад комуністычные экспэрымэнты бальшавікоу зусім зразумела, шукаць у нас не даводзілося. Каб ўпэўніцца у гэтым, разгледзім хаця павярхоўна, на якіе слаі клясавые можна больш-менш падзяліць працоуны люд нашае бацькаўшчыны. Адсутнасьць, па прызнаньню саміх бальшавікоў, фабрычнае прамысловасьці на Беларусі, зусім натуральна не дае магчымасьці гаварыць аб фабрычным работніку, які зьяўляўся бы пролетарыем чыстае вады. Замест фабрычных рабочых, якіх і быць, разумеецца, ня можа, пакуль няма у нас фабрык і заводаў, есьць у нас ня мала майстроў, як у большых местах, так і у мястэчках, а часамі навет і у вёсках: сталярэ, гаршчэчнікі, бандарэ, калесьнікі, кавале і г. д. Абсолютна неорганізованые яны немаль што саусім не пачуваюць сябе солідарнымі, як людзі працы, а наадварот падбіваюць адзін аднаму цану за работу, робячыся гэтакім чынам заўзятымі канкурэнтамі. Будучы параскіданымі па розных мейсцах, дзе толькі выпадкова трапіцца работа, альбо седзючы у сваіх невялічкіх майстэрнях (калі гэта у вялікім, быуш. губэрнскім горадзе) і чакаючы гэтак сама выпадковых заказчыкаў, нашые майстрэ (рамесьнікі) саусім ня маюць часу, (а так сама і прычыны, якая іх да гэтага пабудзіла-б) зыйсьціся разам, з‘арганізавацца, каб падумаць грамадой аб тым ці іншым спосабе паляпшэньня іх беднага работніцкага быту. Самі соцыяльные варункі працы майстроў не даюць, як бачым, повадаў да організацыі. Праўда, мы павінны не запомніць яшчэ адзін дэзорганізацыйны фактор — гэта адсутнасьць, часамі поўную, інтэлектуальнага разьвіцьця сярод рабочых-майстроў. Пры больш-менш значным паднясеньні іх эдукацыі яны бязумоўна пачалі-б яшчэ больш, як цяпер, арганізоўвацца у спажыўные (патрэбіцельные) коопэратывы, культурна-прасьветные гурткі і г. д. Хаця пры сучасных умовах і на гэта наўрад ці ставала-б часу, скажам, у якога-небудзь сталяра, які, ня маючы пастаяннай работы на мейсцы, напр. у такім вялікім горадзе, як Менск, мусіць адыходзіць на цэлы тыдзень за некалькі вёрст на вёску, каб вярнуцца дамоў толькі на адзін дзень (сьвято) і, адпачыўшы ня цэлые навет суткі, вяртацца пехатою на мейсцо работы ізноў.
Скончыўшы работу у адным мейсцы, трэба-ж пакруціць мазгамі, пабегаць, разьведаць, пашукаці яе у другім мейсцы. На усё гэта; як бачым, трэба занадта шмат часу, ня кажучы ужо аб тым, што пасьля цяжкае, тыднёвае працы і хады пехатою патрэбна, як мае быць адпачыць.
А калі трапіцца, што невялічкая майстэрня працуе у горадзе, на мейсцы пастаянна, дык ізноу-жа маленькая майстэрня (ня фабрыка) мае роўных сабе конкурэнтаў не далей, як на другой, або й тэй самай вуліцы і солідарнасьці паміж такімі майстрамі гаспадарамі быць ня можа. Кожны такі гаспадар мае некалькіх вучняў (падмайстроу) і, па меры магчымасьці, эксплёатуе працу іх. Расцярушаные па гэткіх маленечкіх майстэрнях вучні-падмайстры, вядучы замкнёна і немаль саусім ізолірована працу у цесным крузе „сваёй” майстэрні, ня могуць абьеднацца, як асобны ад гаспадароў кляс, тым болей, што матэрыяльнае палажэньне і соцыяльны быт майстроў і падмайстроу немаль што і нельга адрозьніць. Гэта вядома кожнаму, хто хоць трошкі займаўся соцыяльнымі пытаньнямі. Гэта, калі так можна сказаць, адзін з артыкулаў эканамічнага закону.
Дык, гэткім чынам, мы даходзім, што наш майстравы працоўны люд саусім няўдзячны матэрьял для бальшавіцкіх опэрацыяу. Праўда да вайны у нас толькі у Беластоку і яго ваколіцах працавало шмат суконных фабрык, дзе былі занятымі больш, як паўсотні тысячаў фабрычнага пралетарыяту. Але ж гэта немаль адзін толькі прамысловы оазіс на цэлы абшар Беларусі, оазіс, забіты вайною і дасюль яшчэ нежывы. Браварэ, цагельні, піва- і медаварні, на якіх працуе па паўтара-два дзесяткі чалавек, раздзеленых, да таго ж яшчэ, спэцыяльнасьцю працы кожнага работніка, найчасьцей непастаяннага а падзённага, у рахунак ня ідуць, бо гэта тые самые майстэрні, толькі крыху болей разьвітые. Усе спробы бальшавікоў арганізаваць гэтакіх рабочых не асобна па кожным прадпрыемстве, а па праізводнаму прынцыпу пацярпелі няўдачу: рабочые замыкаліся у вузкім крузе „свайго” заводу і не пайшлі далей сваіх кішанковых інтарэсаў, дзелючы касу „свайго” заводу, калі толькі рада народнай гаспадаркі складала паперы для эвакуацыі куды-нібудзь далей ад фронту.
Зусім натуральна, не знайшоўшы апірышча сярод гэткага майстравога люду, бальшавікі маніліся арганізаваць як найцясьней сельска - гаспадарскіх рабочых — памешчыцкіх парабкоў і проста беззямельных сялян. Але-ж калі мы бачылі вышай, што моцна пролетарызованы майстравы рабочы, які зьяўляецца на Беларусі прадцечаю будучага прамысловага пролетарыяту, ня вельмі удзячны матэрьял для організацыі, дык павінны мы загадзя прызнацца што сельска - гаспадарскі рабочы для тэй самай мэты абсолютна няздольны матэрьял. Парасцярушваны, яшчэ больш як майстравы рабочы, гэты кляс зямельных рабочых, жывучы па асобных, далёка адзін ад аднаго разрселеных, дварох, спакойна цягне свой льос патрыярхальнага панскага слугі, носячы у сабе, куды больш за гарадзкога майстра цяжкае барэме забабонаў няведы. Абсолютна безграматны кляс па рабкоў, пры істнуючым соцыяльным ладзе а ніяк ня можа з'арга нізавацца сваімі уласнымі сіламі. А згуртаваны апякаючаю яго уладаю бальшавікоў, ен ізноў распадаецца, як толькі гэтая улада зьнімае з яго сваю апеку.
Пастаўленае упоруч з панскімі парабкамі беззямельные вясковыя сяляне, будучы прыдушаны мата рьяльна яшчэ горш за дворных парабкоў і знаходзячыся у гэткай самай цемнаце няведы, ня ставяць з сябе ніякага апірышча для бальшавіцкае ідэі. Дзякуючы цемнаце, а праз гэта, і неорганізованнасьці беззямельные масы саусім не пачуваюць сябе солідарнымі з батрацкімі масамі – дворнымі парабкамі. Клясавое сьвядомасьці паміж нашым сельскім, пролетарыятам няма, а страшэнные уплывы клерыкалізму яшчэ больш яго разрозьніваюць. Ня трэба запамінаць, што наш народ дзеліцца рэлігіяй на розные, варожые паміж сабою лягеры. Што клерыкалізм сярод сельскага пролетарыяту на Беларусі мае найбольшую сілу – можна ілюстраваць гэткім здарэньнем з часу бальшавіцкай рэволюцыі. У сьнежні месяцы 1917, ці то у студзені 1918 року камісары „Западной области и фронту” склікалі у Менску зьезд батрацкіх дэпутатаў з цэлае усходняй часьці Беларусі (заходняя была окупована немцамі). У самы разгар пасядзэньня зьезду на вуліцы паказалася рэлігійная працэсія і уся маса прадстаўнікоў сялянскае беднаты, як адзін пакінула асірацеўшы бальшавіцкі прэзыдзіум зьезду, стройнымі радамі пацягнуўшыся за вулічнай прэцэсіяй, можа й назнарок прышыкованай духавенствам на гэты час, каб дэманстраваць публічна сваю моц. Пры такім уплыве на зямельны пролетарыят абсолютна чужое для соцыялізму сілы, як клерыкалізм, разумеецца само сабою, што спроба бальшавікоў стварыць прыязны да іх вясковы сквядомы кляс мусела пацярпець поўную няўдачу. Паніжэньне праізводнасьці зямлі праз тое, што вялікіе абшары яе нікім ня былі абсеены, а жывы і няжывы інвэнтар багатых двароў раскрадзены дробнымі вясковымі сялянамі, — наводзіло галодны жах на душы дворных слугаў, прывыкшых бачыць як той самы двор у руках пана даваў горы дабра. Бальшавізм выветрау сярод беззямельнага сялянства і дворных рабочых; ён вытыхаў, не пасьпеўшы як мае быць прышчапіцца у мазгох цёмнае нашае беднаты, раскіданай па дварох і вёсках.
Спроба вызваць да жыцьця штучны пролетарыят, як і трэ’ было чакаць, не удалася і бальшавікі напэўна рабілі усялякіе зьезды і батрацкіе організацыі больш як кажуць, дзеле людзкога вока, ніж дзеле таго, каб практычна выкарыстаць, з'арганізованые па прыказу зьверху, масы. Цемные, несьвядомые ня толькі клясава, а нат’ і нацыянальна прыгнечаные на працягу шмат гадоў нашые працоўные масы не маглі уцяміць сабе ідэалу „независимой Советской Соцмалистической Республики Белоруссии". Масы гэтые настолькі сама соцыялістычны, насколькі гэтая рэспубліка была беларускай.
З каго-ж яшчэ можна было б згуртаваць пролетарскую фікцыю нязьменна правіўшым намі камісарам „Западной области”, усім гэтым Мясніковым, Крывашэіным, Пікелям ды Калмановічам, якіе пры усялякіх зьездах „советов" усе-ж такі моцна трымаліся на сваіх дыктатарскіх крэслах, не адступаючы іх нікому. Абаперсьціся на сярэдніх сялян, гэтых насіцеляў дробнабуржуазнай уласьнічаскай ідэялегіі? Але-ж тады трэ' было б даць поўны прастор вузка-матэрьяльным інстынктам і апэтытам гэтага слою працоўнага народу, трэ' было б адрачыся ад тых рэквізыцыяу і набораў да чырвонае арміі, якіе былі проста няўхільнымі; гэта значыло адцяць самым сабе галаву — вырачыся свайго камунізму. Далей ісьці няма куды. Побач з сярэднім сялянствам у нас на Беларусі есьць ярка выражаны, дробна-буржуазны кляс — засьцянковая шляхта, якую бальшавікі толькі і маглі тытулаваць нацыянальна-велікарускім тэрмінам: кулакі. Гэты, аджываючы свой век, рудымэнт дваранства быў куды горшым ворагам комунізму, ніж самы сыты маскоўскі „кулак”.
І бальшавікі цэрэмоніліся мала. Нязьменнага камісары і цэлая арда іх падданых таварышоу-чыноўнікаў правіла так, як сама хацела, лепячы на кожным парожнім плоце, ці на рагу вуліц, або проста на брамах нікому непатрэбные дэкрэты, абсолютна не дапасованые да жыцьця, наводзячы жах на усе жывое бязглуздым чырвоным тэрорам і разьвіваючы у самых сабе поўную імпотэнцыіо, забіваючы у масах апошнюю каплю творчасьці. Згуртованые у арганізацыю дамавой прыслугі, дворнік і кухарка зразумелі свае назначэньне так, што чуць ня пяць разоў на месяц трэбавалі падвышэньня пэнсіі, а падворкі, кухні і вуліцы маглі сабе дашчэнту загніваць ад бруду, робячыся расаднікамі пошасных хваробаў: тыфусу, воспы і інш. Люмпэнпролетарызованые лакеі, пакаёўкі, офіцыянты і швэйцары парабіліся казённымі паразытамі – чыноўнікамі „советских столовых”, нацыяналізованых отэляў і „домов советов". Прысмактаўшыся так ці йначай да скарбовага дабра гэткіе савецкие нахлебнікі мо’ і шчыра падтрымалі (разумеецца толькі словамі й штандарамі) „рабоча сялянскую уладу" бюрократау рэвалюцыі, усемагучых камісараў і усезьнішчаючых надзвычайных камісіяу. Але якаво было тым, што стаялі далёка ад розных савецкіх кухняў і складаў, тым майстром – рамесьленікам, якіе муселі уцякаць на вёску далей ад жудаснае постаці касьцістага голаду, каб крывавым потам зарабіць, як ласку, ад мужыка - серадняка асьміну бульбы, ці пуд жытняе мукі, каб тым ухіліцца ад галоднае і халоднае сьмерці і выратаваць сямью сваю. Жартачкі пуд мукі мужык ацэньваў у 1500-1700 руб., а возік крадзеных з казеннага, ці панскага лесу дроў 300-400 руб., патрабуючы плату “рускімі” (царскімі) грашыма. А тым часам побач з майстрам, працаваўшым за муку і бульбу, жыў просты работнік-пякар з казеннае пякарні. Яму давалі паек і ўсяго толькі… 600 руб. на месяц. На бальшавіцкіе часы гэта разумеецца ня пэнсія, а сьмех адзін. Аднак жа, пякар, служачы разам з жонкою у адной пякарні, спраўляў у сьвяты маеўкі і вечна хадзіў з духам самагонкі. За якіе-ж гэта капіталы? А вельмі проста: ён, (гэтак сама й жонка) штодня бралі, сколькі маглі панясьці казеннага хлеба, і у сябе на кватэры прадавалі яго на пару рублёў таньней за спэкулянтаў. Суседзі куплялі, маўчалі і цешыліся, што хлеб хоць есьць ды яшчэ крыху таньней, як усюды. Гэта адзін толькі факт, які я — пішучы гэтые радкі — прасачыў сваімі уласнымі вачыма, а сколькі іх, гэтакіх фактаў высьлізнулася з-пад вачэй людзкіх! Ну й дзе-ж тут пролетарская сьвядомасьць, дзе тут пачуцьце солідарнасьці; дзе-ж тут пролетарская дыктатура? Яе не было. Бо не было таго, што носіць імя пролетарыяту, імя дружнае солідарнай, працоўнае арміі, на хрыбце сваем трымаючае сьвет. А што-ж было? Было скаламучанае моро цёмнага, ачмучанага люду, незразумеўшага праўдзіва клясавых інтарэсаў сваіх і спагнаўшага пад ценжарам свайго бязвольля і несьвядомасьці.