але як толькі стома прымусіла прынца змоўкнуць, ён страціў для катаў усякую каштоўнасць, і яны пайшлі шукаць сабе другой пацехі. Тады ён стаў азірацца навакол, але не пазнаваў гэтай мясцовасці. Ён ведаў толькі, што знаходзіцца ў лонданскім Сіці. Ён пайшоў куды вочы глядзяць. Трохі счакаўшы, дамы пачалі радзець, і прахожых сустракалася ўсё меней. Ён апаласкаў скрываўленыя ногі ў ручаі, які працякаў там, дзе цяпер знаходзіцца Фарынгдон-стрыт, адпачыў некалькі мінут і зноў пусціўся ў дарогу. Хутка дабраўся ён да вялікага пустыра, дзе было толькі некалькі будынкаў, параскіданых без ніякага парадку, і вялізная царква. Ён пазнаў гэтую царкву. Яна ўся была ў рыштаваннях, і ўсюды кішэлі рабочыя. У ёй адбываўся шырокі рамонт. Прынц адразу павесялеў. Ён адчуў, што яго няшчасцям прышоў канец. Ён сказаў сабе: «Гэта старая царква Шэрых манахаў, якую кароль, мой бацька, адабраў ад іх і ператварыў ў прытулак для кінутых і бедных дзяцей і даў ёй новую назву «Хрыстовы манастыр». Тутэйшыя выхаванцы, вядома, з радасцю зробяць паслугу сыну таго, хто быў такім шчодрым і велікадушным да іх, тым болей, што сын гэты таксама пакінуты і бедны, як і тыя, хто цяпер знайшлі тут прытулак і знойдуць яго ў далейшыя дні».
Хутка ён апынуўся сярод чарады хлапчукоў, якія бегалі, скакалі, гулялі ў мяч, у чахарду, страшэнна шумелі, кожны забаўляўся, як умеў. Усе яны былі адзеты аднолькава, як адзяваліся ў тыя дні падмайстры і слугі. У кожнага на макаўцы была плоская чорная шапачка, велічынёю са сподак і ні да чаго не прыдатная, — яна не абараняла галавы, таму што была вельмі малая, і зусім ужо не ўпрыгожвала яе; з-пад шапачкі падалі на сярэдзіну ілба валасы, падстрыжаныя ў кружок і не падзеленыя праборам; на шыі — каўнер, як у асоб духоўнага звання; сіні камзол, шчыльна ахапляючы цела, і шырокі чырвоны пояс да кален, яркажоўтыя панчохі, перацягнутыя вышэй кален падвязкамі, і нізкія чаравікі з шырокімі металічнымі пражкамі. Гэта быў досыць нязграбны касцюм.
Хлопчыкі спынілі гульню і сабраліся вакол прынца. Той сказаў з уласцівай яму важнасцю:
— Добрыя хлопчыкі, скажыце вашаму начальніку, што з ім жадае гутарыць Эдуард, прынц Уэльскі.
Гэтыя словы былі сустрэты гучнымі крыкамі, а адзін непачцівы падлетак сказаў:
— Ты што-ж, галадранец, пасланы яго міласцю?