сковым парадам, калі якога-небудзь знатнага чалавека везлі ў турму Тауэра[1] сухім шляхам або ў лодцы. У адзін летні дзень ён бачыў, як спалілі на кастры ў Смітфілдзе няшчасную Анну Эск’ю[2], а з ёю яшчэ трох чалавек; ён чуў, як нейкі былы епіскап сказаў ім даўгую пропаведзь, якая, аднак, вельмі мала цікавіла яго. Такім чынам, жыццё Тома было досыць рознастайнае і прыемнае. Патрохі чытанне кніг і мары пра жыццё ў палацах так моцна ўздзейнічалі на Тома, што ён сам мімаволі пачаў граць ролю прынца. Яго вулічныя прыяцелі вельмі здзівіліся і ўзрадаваліся, калі заўважылі, што ён пачаў гаварыць смешнай, выкручастай, цэрамонлівай мовай і пераймаць манеры прыдворных вяльмож. Уплыў Тома на яго равеснікаў з кожным днём павялічваўся, і паступова яны прывыклі ставіцца да яго з вялікай пашанай, як да вышэйшай істоты. Ён жа-ж так многа ведаў! Ён умеў рабіць і гаварыць такія дзіўныя рэчы! І сам ён быў такі разумны, вучоны! Пра кожную заўвагу і пра кожны ўчынак Тома дзеці перадавалі старэйшым, так што нарэшце і старэйшыя загаварылі пра Тома Кэнці, як пра надта здольнае і незвычайнае дзіця. Дарослыя людзі ў некаторых выпадках пачалі звяртацца да яго за парадай і часта дзівіліся з яго розуму і мудрасці яго прыгавораў. Ён стаў героем для ўсіх, хто толькі ведаў яго, — толькі радня не бачыла ў ім нічога выдатнага.
Прайшло нямнога часу, і Том арганізаваў для сябе каралеўскі двор! Ён быў прынцам; яго бліжэйшыя таварышы былі яго аховай, камергерамі, загадчыкамі стайні, прыдворнымі лордамі, статс-дамамі і членамі каралеўскай фаміліі. Кожны дзень самазваннага прынца сустракалі па цэраманіялу, які Том вычытаў з кніг; кожны дзень вялікія справы яго неіснуючага царства абмяркоўваліся на каралеўскай нарадзе; кожны дзень яго высокасць самазванны прынц выдаваў загады неіснуючым арміям, флотам і віцэкаралям.
А затым ён у тых-жа лахманах ішоў жабраваць, выпрошваў некалькі фартынгаў[3], грыз сухую скарынку, атрымоўваў звычайную порцыю пабояў і, разлёгшыся на смярдзючай саломе, вяртаўся ў марах да сваёй выдуманай велічы.
- ↑ Тауэр — лонданская крэпасць, якая служыла турмой для лордаў, герцагаў і нават каралёў. Там адбываліся катаванні і пакаранні смерцю.
- ↑ Анна Эск’ю (1521 — 1546) была засаджана, як пратэстантка, у турму за „ўпартасць і незгаворлівасць у розных пытаннях“ і пасля катавання спалена ў Смітфілдзе.
- ↑ Фартынг — медная манета, менш за капейку.