А жаданне ўбачыць хоць адзін раз у жыцці сапраўднага прынца, жывога, расло ў ім з кожным днём, з кожным тыднем і нарэшце засланіла ўсе іншыя жаданні і зрабілася адзінай марай яго жыцця.
Аднаго разу, у студзені, ён, як заўсёды, вышаў у паход за міласцінай. Некалькі гадзін падрад, босы, здубянелы, сумна бадзяўся ён вакол Мінсінг Лэйна і Літл Іст Чыпа, зазіраючы ў вокны харчэўняў і глытаючы сліну пры выглядзе страшэнных пірагоў са свінінай і іншых жудасных страў, выстаўленых у акне; для яго гэта былі райскія ласункі, годныя ангелаў, прынамсі так можна было меркаваць па іхняму паху, бо каштаваць іх яму ніколі не даводзілася. Сыпаў дробны, халодны дождж, дзень быў смутны, пахмуры. Пад вечар Том прышоў дадому такі прамоклы, стомлены, галодны, што нават бацька з бабуляй як быццам пашкадавалі яго, — вядома, пасвойму: наспех пачаставалі яго кухталямі ды адправілі спаць. Боль ва ўсім целе і голад, а таксама сваркі і калатня суседзяў доўга не давалі яму заснуць, але нарэшце думкі яго паімчаліся ў далёкія, цудоўныя краіны, і ён заснуў сярод прынцаў, ад ног да галавы залітых золатам і засыпаных каштоўнымі камнямі. Прынцы жылі ў дасканалых палацах, дзе натоўпы слуг схіляліся перад імі да самай зямлі, вітаючы іх, або па першаму знаку ляцелі выконваць іхнія загады. А затым, як водзіцца, ён сасніў, нібы ён і сам — прынц.
Усю ноч ён цешыўся з свайго каралеўскага бляску; усю ноч ён быў абкружаны знатнымі лэдзі і лордамі; у патоках яр-