Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Та бывай здарова! — вымавіў Васіль, думаючы гэтым тронуць Зосю.

— Бывай здароў! — суха адказала яна.

Васілю стала млосна, і, поўны гнеўнай гордасьці, ён адсек:

— Дабранач, калі так! — і пайшоў.

Зося зачыніла дзьверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату.

Бацькі і Тэкля ўжо былі ў пасьцелі, але яшчэ на стале сьвірэла ўверчаная ў самую машынку лямпа.

Зося падышла к сталу, выкруціла ў лямпе агонь, прысела на ўслоні і, дастаўшы Рыгораў ліст, разгарнула яго, нашла і прачытала ў ём тое мейсца, дзе Рыгор пісаў, што к чэрвеню прыедзе да дому; потым ізноў, дасьціпненька захавала яго за пазуху. Пасьля затушыла лямпу, а сама падыйшла к вакну, прыадчыніла яго, і пачала цешыцца ноччу.

На вуліцы было ціха: гуляўшыя дзяўчаты разыйшліся. Стаяла цёплая, ясная і ціхая ноч: ня чуваць было жаднага шуму, ніякага стуку, ні нават сабачага брэху. Усё — мэрам зачараванае нейкаю таемнаю сілаю, нярухома, бязмоўна, нібы мёртвае — прытаіўшыся, маўчала. Ад хат і дзярэў з левага боку цягнуліся цераз вуліцу рагатыя вострыя і тупыя доўгія і кароткія, страшныя і сьмешныя цені; пахла сьвежаю зеленьню, адправаючаю зямлёй і расквітшым бэзам.

«Так, дык значыць ён прыедзе! Прыедзе, знача ў чэрвені Рыгор», ігралі ў Зосінай галаве рэзвыя думкі: «а калі-ж той чэрвень? Здаецца ўжо незадоўга… Чакай адно: я вырахую: тыдзень і тры… не… тыдзень і два… да што я! У мінулы чацьвер было дваццатае, а сёньня нядзеля; значыць: ад дваццатага яшчэ дзесяць дзён, а ўжо тры дні мінула… Так, так — ужо за тыдзень… Ах, Рыгору мой даражэнькі. Як я цябе чакаю, як я прагну з табою ўбачыцца!»

Зося абедзьвюма рукамі хапілася за грудзі, быццам стараючыся стрымаць у іх забурліўшае прагнае чуцьцё. Па яе чыстаму і ружоваму твару прабегла вострае хаценьне; сінія, празрыстыя вочы яе зацягнула тонкаю смуглаю плевачкаю лёгкае сьлязьлівае вільгаці. Зося салодка, утомна пацягнулася ўсім целам, здаровым і маладым, поўным кіпучага жыцьця, і на момант-другі мэрам замёрла. Потым, крыху спусьціўшы, разам ачнулася, шырока раскрыла вочы і акінула разьвітальным узрокам усё, што ля-