Місіс Мак-Стынджэр спынілася перавесці дух; твар яе ззяў урачыстасцю, бо ёй удалося другі раз напомніць аб «буянстве» капітана Катля.
— А ён уцяка-а-е! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр, расцягваючы прадапошні склад так, што злашчасны капітан пачаў лічыць сябе найвялікшым нягоднікам. — І хаваецца цэлы год! Ад жанчыны! Такое ўжо ў яго сумленне! Ён не адважыўся сустрэцца в ёю тварам да твара, — зноў працяглы стогн, — не, ён уцёк цішком, як злачынца! Ды калі-б вось гэта маё дзіця, — шпарка дадала місіс Мак-Стынджэр, — уздумала ўцячы цішком, я, як маці, выканала-б свой абавязак, так што яно ўсё пакрылася-б сінякамі!
Юны Александр, зразумеўшы гэтыя словы, як станоўчае абяцанне, якое будзе адразу-ж выканана, паваліўся на падлогу ад страху і гора і ляжаў, паказваючы падэшвы чаравікаў і так аглушальна крычучы, што місіс Мак-Стынджэр палічыла неабходным узяць яго на рукі, а калі ён зноў пачынаў плакаць, супакойвала яго, трасучы з такой сілай, што, здавалася, у яго расхістаюцца ўсе зубы.
— Надзвычайны чалавек капітан Катль! — прадаўжала місіс Мак-Стынджэр, робячы рэзкі націск на імя капітана. — Варта было таго, каб я аб ім гаравала… не спала па начах і падала ад непрытомнасці… і лічыла, што ён памёр… і бегала, як звар'яцелая, па ўсім горадзе, дапытваючыся дзе ён! О, гэта надзвычайны чалавек! Ха-ха-ха! Ён варты ўсіх гэтых трывог і пакут, ён варты значна большага. Будзьце ўпэўнены, гэта ўсё глупства! Ха-ха-ха! Капітан Катль, — сказала місіс Мак-Стынджэр суровым голасам і набраўшыся суровага выгляду, — я хачу ведаць, ці маеце вы намер вярнуцца дадому?
Спалоханы капітан паглядзеў у свой капялюш, нібы не бачыў іншага выйсця, як надзець яго і здацца.
— Капітан Катль, — паўтарыла місіс Мак-Стынджэр усё з тым-жа рашучым выглядам, — я хачу ведаць, ці маеце вы намер вярнуцца дадому, сэр?
Капітан, здавалася, быў зусім гатоў ісці, але ўсё-такі прамармытаў слабым голасам, што «няварта падымаць з-за гэтага такога шуму».
— Та-ак! — супакойваючым тонам сказаў Бансбі. — Стоп, мілачка, стоп!
— А вы хто такі, дазвольце запытацца? — з нявіннай велічнасцю адазвалася місіс Мак-Стынджэр. — Вы жылі калі-небудзь у нумары дзевятым на Брыг-плейс, сэр? Магчыма, што памяць у мяне дрэнная, але, мне здаецца, маім жыльцом былі не вы. Да мяне жыла ў нумары дзевятым нейкая місіс Джалсон, і, напэўна, вы палічылі мяне за яе. Толькі гэтым я і магу растлумачыць вашу фамільярнасць, сэр.
— Ну-ну, мілачка, стоп, стоп! — сказаў Бансбі.