— Фрэгат першага ранга. Пяцьдзесят дзве гарматы. Два месяцы назад ён узбройваўся ў Брэсце.
І капітан адзначыў у сваёй кніжцы — 52.
— А побач з «Вопытным» якое судно?
— «Дрыяда».
— Таксама першаразрадны фрэгат. Сорак восемнаццаціфунтовых гармат. Гэты фрэгат хадзіў у Індыю. Як ваеннае судно ён можа пахвастацца слаўным мінулым.
Пад лічбай 52 ён паставіў лічбу 40. Затым падняў галаву і зноў звярнуўся да лоцмана:
— Цяпер скажы, якія судны знаходзяцца направа?
— Направа, камандзір, усе другаразрадныя фрэгаты. Усяго іх пяць.
— Як называецца першы ад карабля?
— «Рашучы».
— Трыццаць дзве восемнаццаціфунтовыя гарматы. А другое?
— «Рышмон».
— Узбраенне тое самае. А за ім?
— «Атэіст».
— З такой назвай смешна выходзіць у мора. Далей?
— «Каліпсо».
— А апошні?
— «Лавец».
— Разам пяць фрэгатаў па трыццаць дзве гарматы на кожным.
І капітан пад ранейшымі лічбамі напісаў 160.
— Ты, аднак, добра пазнаеш іх, лоцман, — заўважыў ён.
— Я пазнаю іх, а вы іх ведаеце, камандзір, — адказаў Гакуаль. — Умець пазнаваць — добра, але ведаць — яшчэ лепш.