Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Капітан зноў утаропіўся ў сваю запісную кніжку і пачаў лічыць.

— Сто дваццаць восем… пяцьдзесят два… сорак… сто шэсцьдзесят…

У гэтую мінуту на палубу вышаў Ла-В’ёвіль.

— Шэвалье! — крыкнуў яму капітан. — Нам прыдзецца мець справу з трымастамі восемдзесяццю гарматамі.

— Ну, што-ж, будзем біцца, — сказаў Ла-В’ёвіль.

— Вы толькі што агледзелі батарэю: колькі-ж, нарэшце, у нас гармат, прыдатных для бою?

— Дзевяць.

— Што-ж, будзем біцца, — сказаў у сваю чаргу дзю-Буабертло.

Ён узяў у лоцмана падзорную трубу і пачаў аглядаць усходнюю частку гарызонта.

Чорныя бязмоўныя сілуэты васьмі караблёў здаваліся нерухомымі, але з кожнай мінутай раслі.

Яны паступова набліжаліся к карвету.

— Камандзір, — сказаў Ла-В’ёвіль, аддаючы чэсць капітану, — прашу прыняць мой рапарт. Я з самага пачатку не давяраў гэтаму «Клэймору». Заўсёды бывае непрыемна, калі цябе нечакана пасадзяць на карабль, які не ведае цябе і не любіць. Здрадніцкае англійскае судно! Яно не можа любіць нас, французаў. Праклятая каранада даказала гэта. Я агледзеў усё памяшканне. Якары надзейныя. Жалеза добрай якасці, без ракавін. Кольцы якараў трывалыя. Канаты вельмі добрыя. Іх лёгка аддаваць і яны не карацей устаноўленай даўжыні — ста дваццаці сажняў. З кананіраў шасцёра забітыя. Знарадаў шмат. Сто семдзесят адзін стрэл на гармату.

— Так, бо гармат усяго дзевяць, — сказаў капітан.

Ён зноў накіраваў падзорную трубу на гарызонт. Эскадра працягвала павольна набліжацца.