Лейтэнанта падвялі да рупару.
— Я, лейтэнант Брэнд, сьцьвярджаю, што нашаму капітану неабходна хуткая дапамога.
Ван-Хорк пазнаў голас і згадзіўся, але з умовай, што доктару будзе дазволена вярнуцца назад. На гэта ахвотна была дана згода, бо ўсёроўна ўсе яны былі ў руках пераможцаў.
— А можа лейтэнант загадае ім, каб яны здаліся, — дадаў яшчэ Салул і прыставіў да галавы Брэнда рэвольвэр.
Лейтэнант, пабялеў, але, сабраўшы ўсе сілы, адказаў глухім голасам:
— Рабеце што хочаце, але я гэтага не магу зрабіць; ня маю права, пакуль жыве капітан.
— Шкада, — сказаў Салул: — так было-б лепей і для вас саміх. Мы-б вас усім пусьцілі на волю, а так загінеце і вы, і яны.
— Хай будзе, што будзе! — адказаў Брэнд.
Умовіліся, што люк крыху адчыняць, каб прапусьціць аднаго чалавека і што з абодвух бакоў будуць прыняты меры перасьцярогі.
Так і зрабілі. Калі люк быў прыпадняты, зьверху і зьнізу ашчацініліся штыхі і стрэльбы, і сярод іх паказалася галава доктара. Са страхам вылез ён наверх са сваімі прыладамі, а люк зараз-жа зноў шчыльна зачыніўся.
Доктар перавязаў капітана, потым агледзеў другіх параненых. З іх былі мёртвымі адзін з нападаўшых і два з каманды: адзін голяндзец, другі — тубылец. Іншыя былі толькі паранены, у тым ліку і лейтэнант меў рану на галаве.
Потым такім-жа чынам доктар вярнуўся «дадому».
Праўда, заднім ходам карабель ня можа так хутка ісьці, як звычайным, але і вецер быў яшчэ слабы. А пакуль што «Саардам» зусім спыніўся і толькі варушыўся на месцы.
Вось машына пачала перамагаць: карабель стаў пасоўвацца назад.
— Поўнасьцю, поўнасьцю парусы! — камандаваў Салул.
Выпрасталі кожны кавалачак парусоў, нават проста праз палубу працягнулі брэзэнт. Вецер падзьмуў мацней — і карабель пасунуўся наперад. Потым зноў назад. Палонныя голяндцы з трывогай сачылі за гэтай дзіўнай барацьбой. Доўга ня было вынікаў ні ў той, ні ў другі бок. Але праз некаторы час стала вызначацца, што перамагае машына.
— Эх, ветру-б, ветру! — крычалі малайцы з роспаччу і нецярплівасьцю, у той час, як у сэрцы голяндцаў расквітала надзея.
— Апусьціць парусы! — неспадзявана загадаў Салул.
Усе так зьдзівіліся, што ніхто нават не крануўся, каб выканаць загад.
— Што? Што гэта азначае? — запыталіся яго таварышы.