Перайсці да зместу

Vita (1926)/Сугучнасьць/Ад радасьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лятуць ў прасторы мэтэоры Ад радасьці
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1926 год
Палка-чарнявыя вочы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад радасьці (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД РАДАСЬЦІ

Ад радасьці
мне хочацца сьмяяцца дзіцем,
галоў схіліўшы
на прыпол вякоў.

Мне хочацца дзівіцца і дзівіцца,
як чокаюць кілішкі
буйных слоў.

Я іх люблю, —
яны мне блізкія
з дзяцінства.
Узяў я з імі шлюб,
і сэрца радасьць цісьне,
і ў сэрцы зоры бліскаюць.

І я, —
я не адзін такі —
нас шмат.
Хто хоча, поглядам акінь…
Які бунтоўны
штаб!
Якія ў песьнях тоны!

Чаго-ж яшчэ нам болей?
А вось:
давалі гымны нюняць,
каб радасьць ня ўпілася болем
па сялянскіх пунях…

Хлапцы!
сягоньня з намі сонца, —
мы з ім ў дарозе ня прыстанем.
Ці-ж можа пахкасьць ў нас астыць?
Ніколі, не!
Пал хмелем моцна-моцным
мы прыдзем на паўстанак
новага сталецьця…
Няхай мінуўшчына нас не кляне,
наш сьпеў ад сэрца льлецца.

Затым
мне й хочацца сьмяяцца дзіцем,
галоў схіліўшы
на прыпол вякоў.
Мне хочацца дзівіцца і дзівіцца,
як чокаюць кілішкі
буйных слоў.