Scoriniana

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Scoriniana
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Пічэта
1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выява

Профэсар Уладзімер Пічэта.


Правадзейны Член Інстытуту Беларускае Культуры.

Scoriniana.

(1776—1926).

1.

Аб першым беларускім друкары, «доктары лекарскіх навук» Францішку Скарыне, існуе вельмі значная літаратура, досыць рознастайная як па сваёй вартасьці, так і па тых паглядах, якія выказваліся аўтарамі аб жыцьці і дзейнасьці першага беларускага друкара. Вучоныя расійскія, беларускія, украінскія, чэскія і польскія, — усе ўнесьлі пэўную долю ў навуковую скарбніцу аб Скарыне, усе імкнуліся так ці іначай адгукнуцца на жыцьцё і дзейнасьць гэтага выдатнага прадстаўніка беларускае культуры ў першай палове XVI сталецьця.

Скарынай пачалі цікавіцца з таго моманту, як дасьледчыкам сталі вядомы надрукаваныя Скарынай кнігі. Знаходка тых ці іншых выданьняў Скарыны натуральна выклікала шэраг навуковых проблем, якія пазьней будуць так рознастайна распрацоўвацца ў навуковай літаратуры.

Вывучэньне жыцьця і дзейнасьці Скарыны пасоўвалася наперад надта павольна. Дасьледчыкі вельмі часта, ня маючы якіх-небудзь новых матар’ялаў, абмяжоўваліся паўтарэньнем тых суджэньняў і думак, якія былі выказаны іх папярэднікамі, і часта прытым бяз досыць крытычных адносін да іх. Такая пастаноўка скарынінскага пытаньня ня столькі разьвязвала яго, колькі яшчэ больш заблытвала.

Дасьледчая думка доўга блукала ў цемры адносна пытаньняў, зьвязаных з Скарынай. Гэта тлумацыцца яшчэ і тым, што большасьць дасьледчыкаў дакраналася дзейнасьці Скарыны толькі выпадкова, у залежнасьці ад тых ці іншых агульных заданьняў сваіх і мэт, ня робячы, пры гэтым, вывучэньне скарынінскае дзейнасьці выключным прадметам свайго дасьледваньня. Так цягнулася аж да канца 0-х гадоў мінулага сталецьця, калі ўпяршыню зьявілася вельмі грунтоўнае дасьледваньне П. В. Ўладзімерава: «Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык. СПБ. 1888 г.». З гэтага дасьледваньня і пачалося далейшае вывучэньне і паглыбленьне ўсіх пытаньняў, зьвязаных з дзейнасьцю Скарыны.

Першы пэрыод у вывучэньні скарынінскага пытаньня быў злучаны з знаходкай у бібліотэках і кнігазборах скарынінскіх выданьняў. Гэта вымушала дасьледчыкаў у сваіх працах датыкацца дзейнасьці Скарыны як друкара і перакладчыка, а ў сувязі з гэтым таксама закранаць і іншыя пытаньні, беспасрэдна зьвязаныя з перакладчай дзейнасьцю Скарыны.

Інтарэс да Скарыны зьявіўся толькі з паловы 70-х гадоў XVIII сталецьця, дзякуючы таму, што бібліотэкар Акадэміі Навук Бакмэйстэр знайшоў у бібліотэцы Акадэміі некалькі скарынінскіх выданьняў[1]. Гэта дало яму падставу зрабіць некаторыя ўвагі, якія пры гэтым часта розьніліся адна ад аднэй. Бакмэйстэр, аддаўшы Скарыне некалькі старонак, адразу-ж паставіў шэраг пытаньняў першараднае важнасьці, датычных скарынінскага пытаньня з розных пунктаў пагляду. Натуральна, з прычыны адсутнасьці дакладных станоўчых даных, увагі Бакмэйстэра былі вельмі спрэчнымі. Так, Бакмэйстэр, натрапіўшы ў бібліотэцы Акадэміі на Пяцікніжжа Майсея, даў няверныя весткі адносна перакладу чатырох кніг Параліпомэнон. Бакмэйстэр ведае таксама і аб выданьні ў Вільні «Апостала», хаця дату яго выданьня адносіць да 1517 году замест 1525.

Знаходка ў бібліотэцы былага Міністэрства Замежных Спраў новых кніг Скарыны: 4-х кніг «Царстваў», «Юдыты», «Эстэр», «Руфь», «Іова» і «Данііла», дала Штрытэру повад выказаць некалькі думак адносна Скарыны. Штрытэр зьвярнуў увагу на прадмовы Скарыны, пераказаў іх, і разам з тым закрануў шэраг пытаньняў, якія мелі адносіны да выданьняў Скарыны[2].

Адначасна з Штрытэрам і Аляксееў, пазнаёміўшыся з «Апосталам», выданым у Вільні ў 1525 годзе, закрануў друкарскую дзейнасьць Скарыны. У сваёй працы Аляксееў пазнаёміў чытача з Скарынай праз шэраг выпісак з прадмоў Скарыны і некаторых разьдзелаў «Апостала»[3].

Новы пэрыод у вывучэньні Скарыны распачаўся тады, калі чэскі вучоны Добраўскі[4] ў часе вандроўкі сваёй па Расіі і Швэцыі ў 1792 годзе, заехаў у Пецярбург, і там зьвярнуў увагу на Пяцікніжжа Майсея з адзначэньнем Прагі, як месца выданьня скарынінскіх кніг. Разам з гэтым, Даброўскі высунуў шэраг пытаньняў, зьвязаных з выхадам скарынінскіх выданьняў і прабаваў даць на іх адказ, які крыху розьніўся ад адказаў яго папярэднікаў. Добраўскаму прыходзілася некалькі раз зварочвацца да Скарыны[5]. Яму пашанцавала знайсьці ў Мункачы ў Вэнгрыі паасобнік біблійных кніг Скарыны, сярод якіх кнігі «Ісуса Навіна» і «Судзей» зьяўляліся ўпяршыню ў бібліографічнай літаратуры. Добраўскаму таксама былі вядомы і сьпісы твораў Скарыны, якія знаходзіліся ў бібліотэцы Талстога. Базыль Сопікаў[6] ужо ведаў усе 22 надрукаваныя біблійныя кнігі Скарыны. Ён ведае таксама і «Апостал», і другое віленскае выданьне „Малую Подорожную Книжицу“, якая яму была знаёма пад загалоўкам «Акафистник» альбо «Каноник». Запраўны загаловак другой, надрукаванай ў Вільні кнігі Сопікаву быў невядомы. Сопікаў не абмяжоўваўс адным толькі апісаньнем скарынінскіх кніг. Разумеючы ўсю культурную важнасьць гэтых выданьняў, Сопікаў імкнуўся паставіць скарынінскае пытаньне ўва ўсёй яго шырыні і даць на ўсе закранутыя ім пытаньні, паколькі магчыма, адказы. Усе дасьледчыкі, якія пазьней пісалі аб Скарыне, шырака карысталіся данымі папярэдняе літаратуры і, звычайна, нічога новага ад сябе ня ўносілі, а часта толькі заблытвалі пытаньне. Аднак, у сярэдзіне 40-х гадоў М. П. Пагодзіну ўдалася знайсьці ненадрукаваны пераклад Скарыны — кнігі Прарокаў, якія першы адзначыў ужо архібіскуп Філарэт[7].

Некалькі пазьней львоўскаму вучонаму Галавацкаму[8] ўдалася знайсьці ў бібліотэцы Львоўскага Сьвятаануфрыеўскага манастыра сьпіс рукапіснае бібліі, у якім апроч кніг, надрукаваных Скарынай, знаходзіліся таксама і сьпісы кніг, якія выданы ім ня былі. Галавацкі ня ведаў аб існаваньні рукапісу Пагодзіна і, на падставе дзьвёх кніг Параліпомэнон, якія знайшліся ў бібліотэцы вышэйпамянёнага манастыра, ён выказаў думку аб тым, што Скарына пераклаў усю Біблію, хаця і не пасьпеў усю надрукаваць. Галавацкі меў-бы ўпоўне належную падставу гэта зацьвярджаць, калі-б ен ведаў аб рукапісу Пагодзіна, які зьяўляўся натуральным дапаўненьнем Львоўскага рукапісу[9]. У кожным разе, Галавацкі першы выказаў прыпушчэньне, што Скарына пераклаў усю Біблію. Гэтая думка пазьней атрымала навуковае пагрунтаваньне ў працы Ўладзімерава[10]. Зусім выключнай знаходкай, якая ўносіла новы момант у вывучэньне выдавецкае дзейнасьці Скарыны, зьяўляецца знаходка праскага «Псалтыру» 1517 году, які купіў аматар старадрукаваных кніг Хлудаў на Ніжагародзкім кірмашы. Гэта дало магчымасьць Віктараву ізноў вярнуцца да скарынінскага пытаньня іна падставе «Псалтыру» вырашыць некаторыя проблемы, зьвязаныя з дзейнасьцю Скарыны, крыху інакш у параўнаньні да ранейшых дасьледчыкаў[11].

Калі частка дасьледчыкаў і бібліографаў цікавілася пытаньнямі, зьвязанымі з выданьнем Скарынаю кніг, і займалася азначэньнем як ліку яго выданьняў, так і месца іхняга выхаду, дык адначасна пачалі зьяўляцца паасобныя заметкі і артыкулы аб самім Скарыне, у якіх на падставе сабранага дасьледчыкамі матар’ялу, а таксама і розных іншых, часта вельмі суб’ектыўных даных, вучоныя імкнуліся скласьці пэўнае прадстаўленьне аб жыцьці і дзейнасьці Скарыны. У літаратуры было пастаўлена пытаньне аб нацыянальным пахаджэньні Скарыны, аб яго рэлігійным вызнаньні, шырака разглядаецца пытаньне аб тых агульных мотывах і меркаваньнях, якія ўплывалі на дзейнсьць Скарыны. Трэба адзначыць і тое, што многія з аўтараў, якія імкнуліся пранікнуць у таямніцу скарынінскага жыцьця і дзейнасьці, часта выказвалі фантастычныя думкі, ня маючы ніякіх падстаў і кіруючыся выключна суб’ектыўнымі меркаваньнямі. Гэта суб’ектывізм асабліва рэзка выяўляецца ў працах польскіх вучоных Ліндэ, Лелевэля, Вішнеўскага і Крашэўскага[12]. Ня менш суб’ектыўны і аднабаковы як Галавацкі, так і аўтар, вядомы пад імем Беларуса[13]. Трэба адзначыць, што Віктараў, які добра ведаў усю папярэднюю літаратуру, імкнуўся быць об’ектыўным і высунуў некалькі новых меркаваньняў адносна раней выказаных думак па скарынінскім пытаньні, але і ён таксама ня меў у сябе пад нагамі цьвёрдага грунт для такога адказу, які-б усіх пераканаў і высьветліў усе паднятыя ў навуцы сумненьні.

Другая частка дасьледчыкаў, як архібіскуп Філарэт[14], мітрапаліт Макары[15] і львоўскі вучоны А. Пятрушэвіч[16], не дадалі нічога новага да жыцьцяпісу Скарыны і абмяжоўваліся толькі паўтарэньнем таго, што было выказана раней. Асобнае месца займае праца І. Каратаева, які даў новае і дакладнае апісаньне ўсіх скарынінскіх выданьняў. Гэтае апісаньне, зьяўляючыся даведачным падручнікам, значна дапоўніла і пашырыла вядомыя раней апісаньні Сопікава і Сахарава. Каратаеў надрукаваў цалкам прадмову Скарыны «во всю Библию руского языка» і паказаў гады выданьняў паасобных біблійных кніг Скарыны, а таксама і вядомыя яму расійскія бібліотэкі, дзе знаходзяцца скарынінскія выданьні[17].

Такі бязупынны зварот дасьледчыкаў да скарынінскага пытаньня выяўна сьведчыць, які вялікі навуковы інтарэс маюць выданьні Скарыны, а таксама і тое, што дасьледчыкі добра зразумелі ўсё культурнае значэньне гэтых выданьняў.

Першае пытаньне, на якое імкнулася даць адказ гісторыографія, гэта — пытаньне аб месцы і часе выданьняў Скарыны. У гэтых адносінах найболей сумненьняў выклікала пытаньне аб часе надрукаваньня «Апостала». Так, Бакмэйстэр адносіць выданьне «Апостала» ў Вільні да 1517 году.[18]. Аляксееў зусім правільна ўстанавіў дату выхаду «Апостала» ў 1525 годзе. Даброўскі таксама азначае дату выданьня «Апостала» 1525 годам[19]. Гэткім-жа чынам і Сопікаў прымае за дату выданьня «Апостала» 1525 год[20]. Аднак, Ліндэ бароніць дату 1522 году[21], хаця Bandtkie, які пісаў перад ім, у сваёй «Гісторыі кракаўскіх друкарань» зусім дакладна адзначае год выхаду «Апостала» — 1525 год[22]. Польскі дасьледчык Лелевэль з гэтай прычыны адзначае, што дзякуючы памылковаму паказаньню Ліндэ аб выхадзе «Апостала» ў 1522 годзе, тады як дата 1525 году азначана дакладна, магчыма скласьці зусім нявернае прадстаўленьне аб тым, нібыта «Апостал» быў надрукаваны Скарынай у Вільні два разы[23]. Аднак, гэтыя меркаваньні не пераканалі Крашэўскага ў тым, што «Апостал» у Вільні быў выданы ў 1525 годзе. Крашэўскі нават прыводзіць зусім няправільныя даты — 1519 і 1522 гады[24]. Ня гледзячы на зусім ясныя даныя аб тым, што «Апостал» быў надрукаваны ў Вільні ў 1525 годзе, і Кеппэн знаходзіць магчымым быць няпэўным адносна выхаду «Апостала» ў гэтым годзе[25]. Архібіскуп Філарэт быў добра знаёмы з папярэдняю літаратурай. Ен таксама лічыць 1525 год датай выхаду «Апостала» ў Вільні[26]. Пазьней дасьледчыкі як быццам лічылі гэтае пытаньне ўжо канчаткова разьвязаным.

Пытаньне аб тым, калі была выдана «Малая Падарожная Кніжыца», аб якой стала ведама ў першы раз дзякуючы Сопікаву, таксама выклікала разнагалосьсі сярод дасьледчыкаў. Сопікаў, які меў паасобнік «Каноніка», або «Акафістніка», а таксама «Псалтыру», — паасобнік без адзначэньня даты выхаду, — на падставе падабенства літар з літарамі «Апостала» Скарыны, выказвае прыпушчэньне, што памянёныя кнігі былі надрукаваны ў Вільні каля 1525 году. Гэтая думка Сопікава, выказаная на падставе выпадковага падабенства літар, зразумела патрабавала пагрунтаваньня, бо кнігі друкаваліся ў аднэй друкарні, і зацьвярджаць толькі на падставе падабенства літар, што «Малая Падарожная Кніжыца» вышла ў 1525 годзе, зразумела, нельга. Каратаеў, адзначыўшы, што год выданьня «Малое Падарожнае Кніжыцы» не датаваны Скарынай, таксама адносіць надрукаваньне кнігі да 1525 году[27].

Пытаньне аб часе выхаду праскага «Псалтыру» ня было прадметам спрэчак, бо ў «Псалтыру», які быў набыты на Ніжагародзкім кірмашы Хлудавым, быў дакладна паказаны час яго надрукаваньня[28].

Таксама і час выхаду паасобных кніг бібліі не выклікаў сумненьняў, бо на кожным паасобніку паказаны быў год выданьня. Вялікую блытаніну ўносіць у гэтае пытаньне Вішнеўскі, які прыводзіць пры гэтым зусім няверныя даныя[29]. У апісаньні Каратаева дакладна азначаны час выхаду біблійных кніг, выданых Скарынай[30]. Даты выхаду паказваюць надзвычайную напружанасьць працы Скарыны. Толькі дзякуючы дзіўнай продукцыйнасьці працы, было магчыма ў параўнальна кароткі час надрукаваць так прыгожа і такі вялікі лік біблійных кніг.

Другое пытаньне, якое падымалася ў скарынінскай літаратуры, было пытаньне аб месцы выданьня скарынінскае бібліі. Ужо Штрытэр адзначыў, што кнігі Скарыны надрукаваны ў Празе. Не зварочваючы ўвагі на розныя эпітэты, якімі Скарына характарызаваў места Прагу, Штрытэр кінуў зусім бяздовадную думку аб тым, што кнігі Скарыны былі надрукаваны ў Празе Варшаўскай, а не Богэмскай[31]. Упоўне правы быў Даброўскі, калі выступіў супроць гэтага зацьвярджэньня, і паказаў, што месцам скарынінскіх выданьняў магла быць толькі Прага Чэская. У 1519 годзе Варшаўская Прага была вельмі нязнчным маленькім мястэчкам, якое ня мела ніякага культурнага значэньня. Трэба дзівіцца, што дасьледчыкі не заўважылі гэтага. Аднак, і сам Даброўскі таксама спачатку думаў аб Празе Варшаўскай, але потым, удумаўшыся ў словы Скарыны, далучаныя як эпітэты да назовы Прагі, «в славном, великом, старом месте Пражском», Даброўскі адкінуў думку аб Варшаўскай Празе і канчаткова схіліўся ў бок Чэскае Прагі[32]. Тым ня меней, і пасьля Даброўскага дасьледчыкі паўтаралі думку Штрытэра аб месцы выданьня скарынінскае бібліі ня ў разе Чэскай, але ў Празе Варшаўскай. Гэтую думку падзяляў і мітрапаліт Аўген[33]. Аднак, у выданым ім «Словаре русских светских писателей» (М. 1845 г.), мітр. Аўген, азнаёміўшыся з артыкуламі Дароўскага і Ліндэ, занйшоў магчымым ня трымацца рашуча думкі аб Празе Варшаўскай як месцы надрукаваньня біблійных кніг Скарыны, і дадаў, што «Добровский и Линде разумеют Богемскую Прагу»[34]. Другі-ж духоўны пісьменьнік, арх. Філарэт, становіцца на бок думкі Даброўскага аб выхадзе кніг у Богэмскай Празе[35]. Пазьней гэтае пытаньне не выклікала ніякіх сумненьняў, бо атрымала поўнае і дакладнае разьвязаньне.

І адносна пытаньня аб месцы выхаду «Апостала» і «Малое Падарожнае Кніжыцы» выказаны былі супярэчныя думкі. Ня гледзячы на тое, што «Апостал» быў выдадзены ў Вільні, і што гэта было зусім ясна і відавочна, знаходзіліся, аднак, дасьледчыкі, якія думалі інакш. Так, Вішнеўскі лічыў, што «Акафісты» Скарыны вышлі ў Празе, а ня ў Вільні[36], а Крашэўскі зусім без належных падстаў таксама выказаў думку аб тым, што «Апостал» Скарыны быў выданы ў Празе, а ня ў Вільні[37]. Аднак, гэтыя погляды Вішнеўскага і Крашэўскага не ўсталяваліся ў навуковай літаратуры. Вучоныя трымаліся тае думкі, што апошнія два выданьні Скарыны былі надрукаваны ў Вільні.

Калі пытаньне аб ліку надрукаваных Скарынай кніг не выклікала ніякіх сумненьняў, дык адносна іншых пытаньняў не адразу ўстанавілася дакладная і азначаная думка. Так, Сопікаў[38] адзначае, што пасьля віленскага выданьня «Псалтыру» — псалтыр быў выданы з Вільні яшчэ два разы. Дзеля гэтага ён выказаў думку, што скарынінскі «Псалтыр» быў некалькі разоў перавыданы. Гэтая думка, зразумела, ня мае абсолютна ніякіх падстаў. Таксама і Вішнеўскі зусім бяздовадна выказаў думку, што «Апостал» Скарыны і «Псалтыр» былі перадрукаваны маскоўскім друкаром Іванам Фёдаравым у Львове[39]. Думку аб тым, што «Апостал» і «Псалтыр» Скарыны неаднакроць перадрукоўваліся ў XVI сталецьці на Украіне, падтрымліваў таксама памянёны вышэй Беларус. Фантастычныя прадстаўленьні Беларуса аб дзейнасьці Скарыны дайшлі да таго, што ён зацьвярджаў нібыта кнігі бібліі ў перакладзе Скарыны, выдаваліся, асабліва некаорыя, па некалькі раз. Нарэшце, Беларус робіць уласную вынаходку. Ён прыпісвае Скарыне катэхізіс 1527 г., выданы ў Вэнэцыі, хаця для гэткага вываду ён ня меў ніякіх падстаў[40]. Зразумела, сур’ёзная навуковая літаратура за гэтымі довадамі не пайшла. У навуковай літаратуры ўстанавілася азначаная думка аб выданьні Скарынай «Псалтыру» і 22 біблійных кніг у Празе, «Апостала» і «Малое Падарожнае Кніжыцы» ў Вільні, якія ні разу не перавыдаваліся. Але дасьледчыкі, як Галавацкі, Пагодзін, Даброўскі, паказалі, што ў розных бібліотэках ёсьць сьпісы з кніг скарынінскае бібліі. Знаходка гэтых сьпісаў магла сьведчыць аб тым, што кнігі Скарыны карысталіся посьпехам і былі вельмі пашыраны. Даброўскі зацьвярджае, што біблія Скарыны мела асабліва вялікае пашырэньне на Літве, Белай і Чырвонай Русі[41].

Трэцяе пытаньне, якое было паднята ў літаратуры аб Скарыне, было пытаньне аб яго асобе. У пасьляслоўі да кожнай кнігі старога закону ўпоўне ясна адзначаліся дзьве біографічныя рысы: пахаджэньне з Полацку і вучоная годнасьць «доктора лекарских наук» (повелением, працею и выкладом избранного мужа в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцка", альбо «ученого мужа»[42]. Упоўне зразумела, што дасьледчыкі жадалі падрабязьней пазнаёміцца з жыцьцём і дзейнасьцю Скарыны. Але дзеля таго, што фактычна ня было ніякіх даных, трэба было задавальняцца агульнымі ўвагамі. З тэй прычыны, што пэўная частка дасьледчыкаў не прызнавала Богэмскае Прагі месцам выданьня скарынінскіх кніг, апошняя зусім не паміналася ў жыцьцяпісу Скарыны. Мітр. Аўген абмежаваўся прывядзеньнем такіх жыцьцяпісных вестак аб Скарыне: Ф. Скарына, родам з Полацку, доктар мэдыцыны, які жыў у Вільні пры старэйшым бурмістры Якубе Бабічы, каля першай чвэрці XVI сталецьця. Мітр. Аўген ня быў знаёмы з творамі Даброўскага аб Скарыне, і ня дзіва, што ён прамінуў Прагу, як адзін з этамаў жыцьця і дзейнасьці Скарыны[43]. Вішнеўскі знайшоў новы факт з жыцьця Скарыны: наўчаньне ў Кракаўскай Акадэміі, у якой ён атрымаў ступень доктара мэдыцыны і вольных навук[44]. Украінскі вучоны Огіенка таксама думае, што Скарына па адукацыі ёсьць студэнт Кракаўскага Унівэрсітэту, у якім ён атрымаў ступень доктара[45]. Іншыя дасьледчыкі таксама цікавіліся жыцьцяпісам Скарыны, але дзеля адсутнасьці якіх-небудзь даных, яны імкнуліся высьветліць дзейнасьць Скарыны прыналежнасьцю выдаўцы біблійных кніг і «Апостала» да пэўнага вызнаньня. Адны вучоныя лічылі Скарыну каталіком, другія протэстантам, трэція — праваслаўным. Зразумела, кожны з дасьледчыкаў, у залежнасьці ад сваіх паглядаў, даваў характарыстыку дзейнасьці Скарыны ў адпаведным асьвятленьні.

Першым дасьледчыкам, які выказаў думку аб тым, што Скарына належаў да рымска-каталіцкага вызнаньня, альбо прынамсі да вуніцкага, быў Даброўскі. Яму трэба было прывесьці і тыя меркаваньні, якія маглі прымусіць Скарыну апынуцца ў Празе, бо аднэй прыналежнасьцю да каталіцтва альбо вуніцтва нельга яшчэ было вытлумачыць, чаму Скарына пасяліўся ў Празе. Для гэтага трэба было прывесьці болей пэўныя довады. Даброўскі так і зрабіў. Ён прывёў шэраг фактаў, якія ён штучна падабраў і якім ён даў тое тлумачэньне, якое было пажадана самому аўтару. Даброўскі думаў, што Скарына мог быць у сьвіце польскага караля Жыгімонта I ў часе яго падарожы ў Вену, адкуль Скарына мог накіравацца ў Вэнэцыю разам з пасламі, якія ехалі для ўтварэньня згоды з туркамі. Вэнэцыя славілася сваімі друкарнямі, і Скарына мог у Вэнэцыі заказаць матрыцы для сваіх літар, якія былі болей падобны да тых літар, якімі сэрбы друкавалі ў Вэнэцыі свае кнігі, чымся да літар расійска-славянскага пісьма. Жыгімонт I, кароль польскі, у гэты час быў апякуном маладога чэскага караля Людовіка. На думку Даброўскага, Скарына таму і пасяліўся ў Празе, што мог карыстацца протэктарствам з боку польскага караля. Калі прыезд Скарыны ў Прагу зьвязваўся з апекай Жыгімонта I над чэскім каралём, дык і ад’езд Скарыны тлумачыўся тым, што ў Богэміі не захацелі прызнаць апякунчых праў польскага караля, і гэтая акалічнасьць прымусіла Скарыну пакінуць Прагу і ад’ехаць у Польшчу.

Калі Даброўскі тлумачыў дзейнасьць Скарыны політычнымі адносінамі Польшчы і Чэхіі і ставіў у залежнасьць ад іх прыезд Скарыны ў Прагу і ад’езд адтуль, — ён ня прывёў, зразумела, ніякіх пэўных даных, якія пераканалі-б чытача ў справядлівасьці яго думак з поўнай яснасьцю[46]. Усьлед за Даброўскім і Ліндэ стаў на небясьпечны шлях фантазый. Пад пяром Ліндэ Скарына перакідаецца з беларуса ў паляка і гэтым польскім пахаджэньнем тлумачацца адносіны Скарыны да Польшчы[47][48]. Думку Ліндэ давёў да недарэчнсьці Вішнеўскі, які, лічачы творы Скарыны «найслаўнейшым творам беларускае літаратуры», цалкам, аднак, аднёс іх да літаратуры польскай. І Ліндэ і Вішнеўскі для доваду сваіх думак ня мелі абсолютна ніякіх даных[49].

Вэрсія аб каталіцкім вызнаньні Скарыны зрабіла пэўны ўплыў на дасьледчыкаў. Так, Навіцкі, робячы Скарыну каталіком, разглядае яго дзейнасьць як пропаганду на карысьць каталіцтва. Па думцы Навіцкага, пераклад бібліі Скарыны зьявіўся таму, што каталіцкая царква імкнулася ад пашырэньня каталіцтва сярод сялянства. З пункту погляду Навіцкага, адносіны каталіцкае царквы да сялянства былі да пэўнай ступені падвойнага характару: то яна дазваляла ўжываць славянскія кнігі для набажэнства, то строга забараняла карыстацца імі. У сувязі з такой політыкай Рымскае курыі, пачалі зьяўляцца новыя пераклады сьвятога пісьма на славянскую мову, да якіх таксама належаць і пераклады Ф. Скарыны. Нарэшце, Навіцкі дапусьціў яшчэ адну памылку: ён зацвярджаў, што кнігі Скарыны былі выдадзены ў Расіі. Гэты бяздовадны артыкул быў толькі адбіткам офіцыйных урадавых поглядаў на мінулае Беларусі, у якіх каталіцтву адводзілася занадта вялікая роля[50].

Такі-ж самы погляд, але яшчэ яскравей выяўлены, яшчэ болей суб’ектыўны і без усялякай крытыкі, адбіўся ў артыкуле Беларуса. Аўтар прасякнуты нянавісьцю да польскае культуры і каталіцтва. Бязумоўна, аўтар ідэолёгічна далучаецца да офіцыйнай урадавай ідэолёгіі, якая праводзілася на Беларусі з такой настойлівасьцю М. Н. Мураўёвым. Аўтар разглядае Скарыну, як агента Жыгімонта I, якога волю ён выконваў, які перакладаў біблію для каталікоў. Усьлед за фантастычнымі поглядамі Даброўскага, і разьвіваючы далей апошнія, Беларус перакінуў Скарыну ў паверанага караля Жыгімонта I пры чэскім каралі Людовіку. Беларус быў знаёмы з раней выказанымі думкамі адносна прыналежнасьці Скарыны да каталіцтва і прысвоіў іх цалкам. Апроч таго, аўтар выказаў шэраг палажэньняў, пацьвердзіць якія дакладнымі адноскамі да крыніц немагчыма. Так, да ліку фантастычных прыпушчэньняў трэба аднесьці думку аб тым, што кнігі бібліі ў перакладзе Скарыны, асабліва некаторыя, выдаваліся па некалькі раз. Віленскае выданьне Скарыны, вядомае пад назваю «Малое Падарожнае Кніжыцы», Беларус называе каталіцкай кніжкай для набажэнства ў расійскай мове, пад назваю «Канонік» або «Акафістнік». Прауда, гэтае найменьне было ўпершыню ўведзена Сопікавым. Невядома, адкуль Беларус узяў весткі аб тым, што палякі перасьледвалі Скарыну, і што Віленскі біскуп Іоан прызнаў яго пераклад бібліі канонічным у 1526 годзе[51]. Гэткім чынам думка аб каталіцкім вызнаньні Скарыны была пушчана ў ход ня столькі з прычыны об’ектыўных даных, якія былі ў дасьледчыкаў, колькі па меркаваньнях часткова суб’ектыўных, часткова політычных. І мітрапаліт Макары, аўтар «Гісторыі Расійскае Цаквы», лічыць Скарыну каталіком[52]. Каталіком-жа лічыць Скарыну і Огіенка[53].

Побач з вэрсіяй аб каталіцкім вызнаньні Скарыны, у літаратуры выказана была думка аб прыналежнасьці Скарыны да протэстанцкага вызнаньня, у залежнасьці ад чаго нібыта разьвівалася яго выдавецтва-перакладчыцкая дзейнасьць. Першы гэтае прапушчэньне выказаў Копітар. На падставе знойдзенага ім у жыцьцяпісу Лютэра апавяданьня аб доктары Францішку Паляку, які быў у Лютэра ў Вюртэмбэргу ў 1529 годзе, а таксама і аб далейшых адносінах гэтага Францішка да Лютэра і Мэлянхтона, Копітар выказвае зусім бязгрунтоўнае прыпушчэньне аб тоесамасьці Францішка-Паляка і Францішка Скарыны. Зразумела, падабенства гэтае чыста выпадковае і яно не давала ніякіх падстаў Копітару для якіх-небудзь вывадаў адносна прыналежнасьці Скарыны да протэстанцкага вызнаньня. Памылка Копітара была ў тым, што ён не зьвярнуў увагу на тое, што Скарына быў у 1525 г. ў Вільні, дзе друкаваў свайго «Апостала». Гэты факт добра ўстаноўлены ў літаратуры, але ён чамусьці ня быў прыняты пад увагу Копітарам[54]. Апошняя думка доўга заставалася адзінокаю ў літаратуры. Толькі ў сярэдзіне 60-х гадоў зроблена была новая спроба пагрунтаваць яе навукова. Гэта зрабіў львоўскі вучоны Галавацкі, які рашуча далучае Скарыну да протэстанцкага вызнаньня. Галавацкі глядзіць на Скарыну як на папярэдніка рэформацыі. Ён зацьвярджае, што Скарына вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце, быў сучасьнікам Марціна Лютэра і Мэлянхтона, быў добра знаёмы з іх творамі. Пераймаючы протэстантаў Чэхіі і Нямеччыны, Скарына хацеў выдаць біблію для сваім зямлякоў у народнай мове, бо разам з протэстантамі лічыў, што сьвятое пісьмо ёсьць адзіная крыніца веры і пазнаньня. Каб упікнуць магчыых перашкод з боку духавенства, Скарына надрукаваў сваю біблію за рубяжом, у Празе. Для Галавацкага Скарына ёсьць асьветнік-самазванец, дзейнасьць якога была такая-ж шкодная, як і соцыніяніна Сымона Буднага[55]. Трэба адкінуць фантастычныя меркаваньні Галавацкага аб прыналежнасьці Скарыны да протэстанцтва. Але думка Галавацкага аб тым, каб злучыць дзейнасьць Скарыны з тагочаснай культурай і бачыць у дзейнасьці Скарыны толькі адбітак культуры эпохі — бязумоўна каштоўная. Дагэтуль дасьледчыкі падыходзілі да вывучэньня Скарыны надта адцягнена, надта адрывалі Скарыну ад рачавістасьці, якая яго акаляла. Калі разважаньні Галавацкага аб прыналежнасьці Скарыны да протэстанцтва трэба лічыць непаразуменьнем, як зусім бяздовадную выдумку аўтара, дык бязумоўна вялікаю заслугай апошняга зьяўляецца яго спроба разглядаць дзейнасьць Скарыны, не адрываючы яго ад сучаснай яму культурнай абстаноўкі. Чыстовіч таксама бяздовадна прымае думку Галавацкага аб протэстанцкім вызнаньні Скарыны[56]. Нарэшце, адносна рэлігійнай прыналежнасьці Скарыны бала выказана думка аб тым, што трэба лічыць Скарыну праваслаўным. Першы раз такое прыпушчэньне выказаў Вішнеўскі[57]. Болей дакладнае пагрунтаваньне і разьвіцьцё яо атрымала ў артыкуле Віктарава. Апошні, як ведама, першы пазнаёміў навуку з праскім «Псалтырам» Скарыны, што нейкім чынам апынуўся ў Ніжнім Ноўгарадзе. Віктараў лічыць, што «гэты выдатны дзеяч у галіне тара-рускае літаратуры належаў да праваслаўнае царквы, прынамсі ў сваёй выдавецкай дзейнасьці ён клапаціўся не аб пашырэньні каталіцтва альбо лютэранства сярод сваіх землякоў, але аб узмацненьні сярод іх праваслаўя. Дзеля гэтага нам здаецца натуральным бачыць у васобе Скарыны не прапаведніка князёў Астроскіх, братоў Мамонічаў, князя Курбскага і іншых барацьбітоў, якія змагаліся ў XVI сталецьці ў Заходняй Расіі за праваслаўе супроць рэформацыі і рымскае пропаганды»[58]. Сваю думку Віктараў грунтуе на праскім «Псалтыры» і віленскіх выданьнях Скарыны, якім ён процістаўляе праскія выданьні Скарыны. Аднак, Віктараў ня зусім быў пэўны ў правільнасьці свайго пагляду. Зусім правільна ён зьвярнуў увагу на тое, што Скарына вядомы пад двама імёнамі: Юры і Францішак. Існаваньне двох імён Віктараў тлумачыць тым, што Скарына запраўды мог быць ахрышчаны спачатку лацінскім абрадам, а потым мог перайсьці ў праваслаўе. Апошнюю ўвагу трэба зразумела, лічыць мала пераканаўчаю. Мабыць і сам Віктараў усьведамляў сабе няпэўнасьць свае думкі. Недарэмна гэтае сваё прыпушчэньне, ён прывёў ня ў самым тэксьце артыкулу, а ў форме ўвагі. Думку Віктарава аб прыналежнасьці Скарыны да праваслаўя падзяляў і А. Пятрушэвіч. Зацьвярджаючы прыналежнасьць Скарыны да праваслаўя, аўтар добра разумеў, што існаваньне двох імён у Скарыны, праваслаўнага і каталіцкага, патрабуе высьвятленьня, бо у вадваротным выпадку, давесьці прынлежнасьць Скарыны да праваслаўя немагчыма. Упоўне правільна рабіў аўтар, калі прабаваў вытлумачыць, чаму Скарына меў два імёны. Аўтар досыць проста тлумачыць гэта. Ён адзначае, што Скарына вучыўся ў Кракаўскім Унівэрсытэце і прыняў імя Францішка толькі ўмоўна, толькі каб паступіць у Кракаўскі Унівэрсытэт. Імя-ж Юрага знаходзіцца пад портрэтам Скарыны 1517 году. Аднак, сам аўтар портрэту ня бачыў, але адносіцца да «Крестного Календаря» 1873 году, у якім наогул шмат фантастычных вестак аб дзейнасьці Скарыны. Досыць адзначыць, што, па думцы «Крестного Календаря», Скарына надрукаваў усю біблію ў 1525 годзе, як і «Апостал», у Вільні. Сам Скарына робіцца агульнарасійскім першым друкаром. Будучы праваслаўным і сумуючы аб адсутнасьці ў Расіі асьветы і аб рэдкасьці кніг сьвятога пісьма, працавіты доктар Скарына ўсяго сябе прысьвяціў духоўнай дапамозе праваслаўю і расійскаму народу. Зразумела, адносна да такой фантастычнай крыніцы выклікае сумненьні. Наогул пытаньне, пастаўленае Віктаравым адносна прычын падвойнасьці імён Скарыны, і пасьля артыкулаў Пятрушэвіча засталося нявырашаным[59].

Пытаньне аб крыніцах перакладаў Скарыны зьяўляецца кардынальным пытаньнем у справе вывучэньня яго дзейнасьці. Бакмэйстэр першы пусьціў у ход думку, якую потым так часта паўтаралі дасьледчыкі, што «Пяцікніжжа» Скарыны перакладзена «с латинской Библии — Вульгаты зазываемой». Раўнаючы царкоўна-славянскія выданьні бібліі 1663 году і 1731 году, Бакмэйстэр адзначыў розьніцу гэтых выданьняў ад «Пяцікніжжа» Скарыны. Гэта дало Бакмэйстэру падставу зацьвярджаць аб перакладзе бібліі Скарынай з Вульгаты[60]. Тую-ж думку выказаў і Штрытэр. Па словах яго, «от всех славяно-российских печатных Библий и переводов отличается перевод Скорины тем, что большую часть с Вульгаты, т. е. латинского общего перевода Блаженного Иеронима сделан». Сваю думку Штрытэр выказаў таксама і ў іншым месцы, дзе пісаў, што пераклад Скарыны "не из 70 толковников, но из Вульгаты сделан[61]. Гэтую думку першы раз парушыў Даброўскі, які выказаў прыпушчэньне, што Скарына карыстаўся для свайго перакладу чэскай бібліяй. Гэта і было галоўнай прычынай, якая прымусіла Скарыну пасяліцца у Празе, каб карыстацца тлумачэньнямі спэцыялістых у тых выпадках, калі самы тэкст быў для яго незразумелым. Бясспрэчна, зробленая Даброўскім пастаноўка пытаньня зьяўлялася правільнай. Але каб давесьці сваю думку, Даброўскі не зрабіў ніякага дасьледваньня. Разам з тым Даброўскі адхіліў пераклад «Апосталу» з Вульгаты, бо лічыў, што скарынінскі «Апостал» ёсьць выпраўлены славянскі тэкст. Зразумела, думка Даброўскага была вельмі каштоўнай, і далейшым дасьледчыкам прышлося з ёю лічыцца. Але пройдзе яшчэ шмат часу, калі ідэі Даброўскага знойдуць далейшае разьвіцьцё ў артыкуле Галавацкага[62].

Базыль Сопікаў, за два гады перад выхадам артыкулу Даброўскага, выказаў спачатку прыпушчэньне, што «Библия Русская Скорины переведена с атинского перевода, именуемого Вульгата». Але Сопікаў выказаў таксама і іншую думку, што «достопамятный словенский перевод Библии славного Полоцкого доктора Скорины, изданный им в начале XVI века, не есть новый, но тот-же древний и только им несколько исправленный и поясненный, ибо только близкое оного сходство с нынешним служит тому ясным доказательством», і для сільнейшага доваду прыводзіць выпіску з «Апосталу» Скарыны. Ня гледзячы на такое зацьвярджэньне, Сопікаў яшчэ раз выказаў прыпушчэньне, што «Апостал» альбо «Дзеяньні» перакладзены з лацінскага перакладу, які завецца Вульгатай. Так Сопікаў заблытаўся ў сваіх прыпушчэньнях адносна крыніц перакладу скарынінскае бібліі і, стаўшы на ўпоўне правільны шлях, адначасна выказаў дзьве думкі, супраціўныя першай[63].

І мітрапаліт Аўген лічыць таксама, што Скарына перакладў біблійныя кнігі з лацінскага Гаронімава тэксту альбо Вульгаты[64]. Зразумела, тыя дасьледчыкі, якія лічылі Скарыну каталіком, думалі, што пераклад зроблены з Вульгаты. І арх. Філарэт, а пазьней і мітр. Макары, лічылі таксама, што пераклад старога закону Скарыны зроблены на «літоўска-рускую мову» з Вульгаты[65]. Каратаеў таксама, грунтуючыся на прадмове Скарыны да кнігі «Эстэр», думаў, што Скарына пераклаў сваю біблію з Вульгаты. Усе рашучыя зацьвярджэньні выказваліся ня гледзячы на тое, што ў літаратуры існаваў і погляд Даброўскага, які крыху розьніўся ад думак Бакмэйстэра і Штрытэра. Погляд гэты застаўся, аднак, невядомым і мітр. Аўгену, і Філарэту, і Макарыю, якія бяздовадна зацьвярджалі, што пераклад зроблены з лацінскае Вульгаты.

Галавацкі разышоўся з папярэднімі дасьледчакамі, адносна крыніц перакладу бібліі Скарыны. Усьлед за Даброўскім, які стаў на зусім правільны шлях пры разьвязаньні пытаньня, Галавацкі рашуча адхіліў тэкст Вульгаты як крыніцу для перакладу Скарыны. Галавацкі ня меў пад рукамі друкаваных выданьняў Скарыны, але, пазнаёміўшыся з выняткамі з яго друкаваных кніг, зьмешчанымі, як далучэньні, у граматыцы доктара Лявіцкага, ён знайшоў у бібліі Скарыны шмат чэхізмаў, якіх, зразумела, не магло-б быць, калі-б Скарына не карыстаўся чэскай бібліяй. Той-жа Галавацкі адзначыў адсутнасьць чэхізмаў у «Апостале». Праўда, Галавацкі не давёў свайго прыпушчэньня, але важна тое, што ён ізноў паставіў на чаргу пытаньне аб крыніцах перакладу бібліі Скарыны[66]. Да гэтага-ж пытаньня вярнууся і анонімны аўтар артыкулу, які спэцыяльна быў прысьвечаны Скарыне: «Отношение перевода Скорины к Вульгате и древне-славянскому тексту». Аўтар параўнаў 10 разьдзелаў кнігі «Бытія» ў выданьні Скарыны з Вульгатай і славянскім перакладам у рукапісу XV сталецьця. Праз гэтае параўнаньне аўтар прышоў да вываду, што пераклад з Вульгаты зроблены не заўсёды правільна і дакладна. Скарына ўносіў у пераклад словы і цэлыя месцы з славянскага перакладу і, значыцца, ён меў на ўвазе ня новы пераклад, а выпраўленьне старога, застарэлага[67]. І Пэрвольф таксама разыходзіўся з тымі аўтарамі, якія баранілі вэрсію перакладу скарынінскае бібліі з лацінскае Вульгаты. Пэрвольф рашуча адзначыў, што ў аснову свае працы Скарына палажыў чэскі тэкст бібліі 1506 году[68].

Так у навуковай літаратуры былі выказаны дзьве зусім процілеглыя думкі аб крыніцах перакладу Скарыны. Абедзьве думкі выказаны былі ў самай агульнай форме і патрабавалі новага парагляду і довадаў.

Вельмі спрэчным было пытаньне аб мове Скарыны. Дзякуючы Штрытэру, у навуковай літаратуры ўсталявалася думка, што мова Скарыны ёсьць мова польская. Штрытэр знаходзіў магчымым рашуча зацьвярджаць, што «сей перевод российской Библии несколько подходит к польскому языку». Штрытэр аднёс Скарынінскую біблію да расійскай бібліі і, сам таго не крыкмячаючы, трапіў у супярэчнасьць з самім сабою, калі назваў мову Скарыны польскаю моваю. Як магла быць расійская біблія польскай па мове, на гэтае, зусім зразумелае зьдзіўленае пытаньне ня здолеў-бы адказаць і сам аўтар[69]. Усьлед за Штрытэрам, шэраг польскіх дасьледчыкаў лічыць мову Скарыны польскаю моваю. На думку Ліндэ, мова Скарыны блізкая да мовы польскай, бо наогул беларуская мова «tak bardzo do polszczyzny zbliżony dyalekt»[70]. І Вішнеўскі, лічачы творы Скарыны "найслаўнейшымі творамі беларускае літаратуры", думае, аднак, што мова беларуская найболей блізкая да мовы польскай[71]. Зразумела, калі польскія дасьледчыкі ставілі пытаньне аб мове ў такой форме, дык яны цалкам адбівалі той настрой польскае навукі, якая, разглядаючы беларускую мову як мову самастойную, як польскую, чэскую і расійскую, і называючы яе моваю крывіцкаю, лічыла, што апошняя ня мае нічога супольнага з моваю расійскаю. Для такіх пісьменьнікаў Скарына ёсьць дзіця польскае культуры, а яго творы прылічваюцца да польскай літаратуры. Але іншыя дасьледчыкі не пайшлі за польскімі вучонымі ў пытаньні аб прыналежнасьці Скарыны да Польшчы і па мове і, часткова, па нацыянальнасьці.

Сопікаў спэцыяльна не закранаў пытаньня аб мове Скарыны, але ён называе мову пісьменнасьці XVI сталецьця, незалежна ад таго, дзе вышлі выданьні, беларускаю моваю, якая, на яго думку ёсьць мешаніна з моў славенскай, расійскай, польскай і, часткова, лацінскай. Сопікаў, называючы мову кніг, надрукаваных у XVI сталецьці, моваю беларускаю, ня прыкмеціў, аднак, таго, што кнігі, да якіх ён адносіцца, былі выдадзены на Украіне і географічна былі вельмі далёкімі ад Беларусі. Але за Сопікавым застаецца пяршынства пастаноўкі пытаньня аб беларускай мове, на якой ужо існавала значная друкаваная літаратура[72].

У процілегласьць Сопікаву, Кепэн думае, што мову кніг і рукапісаў XVI—XVII сталецьцяў ня трэба называць беларускай. Ён выказваецца за назву не літоўска-рускай[73]. Гэткім чынам, у першай чвэрці мінулага сталецьця быў установлены факт існаваньня беларускае мовы. Аднак, супроць найменьня мовы пісьменнасьці XVI—XVII сталецьцяў моваю беларускаю рашуча выступіў О. М. Бадзянскі, які пісаў, што "мова, якая называецца беларускаю моваю, — гэта мова, на якой ніхто ніколі не гаварыў і не гаворыць, бо яна ёсьць найагіднейшая мешаніна, якую толькі можна сабе ўявіць і якая калі-небудзь існавала на Русі[74]. Усьлед за Бадзянскім і Галавацкі выказваецца супроць назвы мовы Скарыны беларускаю, бо "то мова ні беларуская, ні вялікаруская, ні маларуская, але кніжная, штучная, якой ніхто ніколі не гаварыў і не гаворыць[75]. Арх. Філарэт, сьледам за Кепэнам, называе мову Скарыны літоўска-рускай[76]. Гэтай-жа тэрмінолёгіі трымаюцца Сахараў і Каратаеў[77]. Е. Ф. Карскі зусім правільна аб гэтым заўважыў, што тэрмін «літоўска-руская мова» вельмі няўдалы. Калі прыняць гэты тэрмін, кажа Карскі, дык можна было-б падумаць, што беларуская гутарка ўспрыняла ў сябе элементы літоўскае мовы, чаго ў рэчавістасьці ня было[78]. Усе аўтары, якія імкнуліся даць мове Скарыны тое ці іншае азначэньне, мала паглыбляліся ў асаблівасьці яго мовы. Дзеля гэтага, альбо іхняя тэрмінолёгія была ня зусім удалая, альбо беларуская мова, а розных меркаваньняў, сустракала з іх боку варожыя адносіны да сябе. Толькі профэсар Маскоўскага Унівэрсытэту Буслаеў першы аднёсься навукова да беларускай мовы. Ф. І. Буслаеў у сваёй "Исторической Хрестоматии" надрукаваў адрыўкі з перакладаў Скарыны і далучыў да іх увагі. Буслаеў бачыць у мове перакладу біблійных кніг узор беларускае гутаркі пачатку XVI сталецьця. У граматычных адносінах гутарка гэтая нічым істотным не адрозьніваецца ад вялікарасійскай, але мае шмат моўных слоўнікавых асаблівасьцяй, часткова мясцовых, часткова запазычаных з польскае мовы[79]. Сьледам за Буслаевым, і Аганоўскі называе мову Скарыны моваю беларускаю[80]. Гэтую думку падзяляе і Язэп Пэрвольф, які, адзначаючы спробы перакладу сьвятых кніг на народную беларускую мову, прылічвае кнігі Скарыны да кніг, перакладзеных на беларускую мову[81]. Гэткім чынам, у палове 80-х гадоў XIX сталецьця за моваю Скарыны цьвёрда ўсталявалася найменьне мовы беларускае.

Ня гледзячы на гэта, мова Скарыны ўсё яшчэ ня была прадметам спэцыяльнага дасьледваньня з боку лінгвістых і гісторыкаў літаратуры. Некалькі ўваг адносна мовы Скарыны зрабіў Е. Ф. Карскі. Так, ён аднёс віленскі рукапіс, які зьмяшчаў у сабе кнігі Іова, Руфь, Псалтыр, Песьні Песень, Эклезіаст, Прыповесьці Саламонавы, Плач Ераміі, Даніла і Эстэр, паводле мовы да прац Скарыны[82].

А. І. Сабалеўскі таксама сказаў некалькі слоў аб мове Скарыны ў сваёй грунтоўнай рэцэнзіі аб працы Карскага «Обзор звуков и форм белорусской речи». Крытычныя ўвагі А. І. Сабалеўскага тым цікавей, што амаль праз год аўтар, у сваёй рэцэнзіі аб дасьледваньні Ўладзімерава, выказаў нешта, зусім процілеглае да таго, што ён казаў у вадозьве аб працы Карскага. Сабалеўскі лічыць, што разам з утварэньнем «Заходня-Рускае дзяржавы беларуская гутарка зрабілася дзяржаўнаю моваю ў Заходняй і часткова ў Паўднёвай Расіі». Але адначасна «мова грамат і Літоўскага Статуту ніколі ня была моваю ўсяго жыхарства Заходняе Русі. Гэта была мова вышэйшае клясы, тэй клясы, якая падлегла ўплыву польскае культуры. Адсюль зразумелы досыць значны лік польскіх слоў, формаў і зваротаў, які мы знаходзім у гэтых помніках». Сабалеўскі адзначае, што ў «Бібліі» Скарыны і ў лютэранскім катэхізісе 1562 году беларуская гутарка зьяўляецца перамешанай з царкоўна-славянскаю моваю, з дадаткам значнага ліку полёнізмаў і богэмізмаў. Скарына, родам з Полацку, друкаваў сваю «Біблію» ў чэскай Празе, дзе, напэўна, ён жыў доўгі час. З гэтай прычыны прысутнасьць у тэксьце яго богэмізмаў зьяўляецца да пэўнае ступені натуральнай. Прымешка чужых элемэнтаў робіць «заходня-рускую літаратурную мову XVI—XVIII сталецьцяў шмат у чым рознай ад сучаснай беларускай гутаркі». Усе гэтыя паасобныя ўвагі аб характары мовы Скарыны былі выказаны толькі між іншым. Мова Скарыны патрабавала самастойнага вывучэньня як з лексычнага, так і з сынтаксычнага боку[83].

Знаходка кніг Скарыны выклікала патрэбу іх апісаньня. Першы раз гэта зрабіў Сопікаў. Апісаньне Сопікава, як зусім правільна адзначае Ўладзімераў, вельмі няўдалае. У яго апісаньні ёсьць досыць многа грубых памылак, выняткі і загалоўкі прыведзены няверна. Нават загаловак бібліі недакладны. Гэтае апісаньне захоўвала сваю каштоўнасьць да зьяўленьня працы Каратаева (1878), якая ў 1883 годзе была дапоўнена і выпраўлена. Каратаеў апісаў усе вядомыя друкаваныя выданьні Скарыны, прывёў прадмову Скарыны "во всю Библию руского «языка», выправіў памылкі першага выданьня. Толькі ў другім выданьні Каратаеў правільна заваў другое віленскае выданьне Скарыны і надрукаваў зьмест «Малое Падарожнае Кніжыцы»[84].

II.

Уся навуковая літаратура аб Скарыне да канца 80-х гадоў мінулага сталецьця[85] падыходзіла з розных бакоў да Скарыны і яго дзейнасьці. У навуцы намнажаліся факты, выказваліся розныя прыпушчэньні і думкі, часта зусім процілеглыя. Трэба было аб’апіць увесь гэты матар’ял аб Скарыне, перагледзець яго, зрабіць дадатковыя шуканьні ў архівах і бібліотэках, каб праверыць раней выказаныя думкі і разьвязаць пытаньні, якія ня мелі яшчэ належнага адказу. Дасьледчая думка, па меры намнажэньня фактаў і пашырэньня вед аб Скарыне, імкнулася тлумачыць мотывы яго дзейнасьці прыналежнасьцю да пэўнага вызнаньня. Праўда, гэта рабілася зусім бяздовадна. Аднак, можна лічыць прынцыпова правільным падыход да Скарыны Галавацкага, які зьяўленьне скарынінскіх выданьняў тлумачыў уплывам рэформацыі і протэстанцтвам Скарыны. Хаця такі пагляд Галавацкага вельмі аднабаковы, але тэтодолёгічна ён зусім правільны. Гэткім чынам, уся дзейнаьць Скарыны птрабавала новага асьвятленьня. Патрэбна было агульнае монографічнае дасьледваньне, якое падлічыла-б усё раней выказанае, выкінула-б усё непатрэбнае аб Скарыне, адмовілася-б ад усялякіх бяздовадных прыпушчэньняў і адначасна дало-б дакладнае і яснае, навуковае, пагрунтаванае крыніцамі ўяўленьне аб дзейнасьці Скарыны. Так з усяе папярэдняе літаратуры вырасла монографія П. В. Ўладзімерава «Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык» (СПБ, 1888. XXXI+351). Вельмі каштоўнае дасьледваньне Ўладзімерава зьявілася выходным пунктам для ўсіх тых дасьледчыкаў, якія пазьней у сваіх навуковых занятках зварочваліся да Скарыны.

Дасьледваньне Ўладзімерава складаецца з прадмовы і дзьвёх частак. У прадмове даецца агляд усяе літаратуры пытаньня, прычым апошняя разглядаецца ў хронолёгічным парадку, пачынаючы ад 1776 году. Першая частка складаецца з чатырох разьдзелаў. У першым разьдзеле аўтар дае сьціслую характарыстыку агульнага стану моральнага, рэлігійнага і разумовага жыцьця Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XV-XVI сталецьцях, а разам з тым дае і жыцьцяпісныя весткі аб Францішку Скарыне. Пры гэтым аўтар выказвае шэраг сваіх меркаваньняў адносна спыненьня Скарынай друкарскае дзейнасьці. Разьдзел другі заняты ўсебаковым вывучэньнем праскіх выданьняў Скарыны. Разьдзел трэці адданы віленскім выданьням Скарыны. Нарэшце, разьддзел чацьверты закранае вельмі цікавае пытаньне аб уплыве выданьняў Скарыны на далейшыя славянскія і расійскія выданьні як у друкарскіх адносінах, так і адносна рэдакцыі тэксту. У другой частцы гэтага разьдзелу аўтар памінае пераклады Скарыны ў рукапісных сьпісах XVI сталецьця, сярод якіх знаходзяцца сьляды згубленых кніг з скарынінскага перакладу поўнае бібліі. Потым аўтар закранае пытаньне аб прадоўжніках Скарыны і перакладах прадмоў Скарыны ў расійскіх помніках XVI сталецьця.

Частка другая спэцыяльна прысьвечана вывучэньню мовы Скарыны. Нарэшце, у працы дадзены шэраг каштоўных дадаткаў. Папершае, 2 докумэнты з Літоўскае Мэтрыкі, кнігі Судных Спраў № 4 аркуш 203, ікнігі запісаў № 16, аркуш 263. Гэтыя докумэнты маюць вялізарнае значэньне для жыцьцяпісу Скарыны. Аўтар таксама надрукаваў прадмову да праскага «Псалтыру» 1517 году і першы разьдзел з кнігі «Іова» ў тэкстах: Скарыны, Фіоля, паўднёва-славянскім, па сьпісе Ленінградзкае Публічнае Бібліотэкі, па рукапісным зборы Віленскае Публічнае Бібліотэкі. Потым прыводзіцца першы разьдзел з «Песьні Песень» у перакладзе Скарыны і па рукапісах Маскоускае Сінодальнае і Веленскае Публічнае бібліотек. Дадаткі да кнігі Ўладзімерава канчаюцца перадрукам XII разьдзелу з кнігі «Эстэр» у перакладзе Скарыны і аднаго адрыўку з «Малое Падарожнае Кніжыцы».

Праца Ўладзімерава ахапляе ўсю дзейнасьць Скарыны. Зразумела, у сваім даьледваньні Ўладзімераў знаходзіцца ў пэўнай залежнасьці ад сваіх папярэднікаў, якія і высунулі тыя ці іншыя проблены. Але тады як яго папярэднікі толькі намячалі пытаньне, альбо яго стаўлялі, Уладзімераў усебакова вывучаў тую ці іншую навуковую проблему. Зусім правільным трэба лічыць жаданьне Ўладзімерава зьвязаць жыцьцё і дзейнасьць Скарыны з агульнымі культурнымі абставінамі тых часоў. Адсюль упоўне зразумела, што аўтар павінен быў зьвярнуць сваю ўвагу на культурны стан Беларусі ў XVI сталецьці і культурныя сувязі Беларусі з Заходняй Эўропай. Зусім незразумела толькі, чаму аўтар, характарызуючы культурны стан Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI сталецьці, адносіць сваю характарыстыку да „Паўднёва-Заходняе Расіі", г. зн. да Украіны.

Уладзімераў, характарызуючы моральны, рэлігійны і разумовы стан жыцьця Беларусі ў ХV-ХVІ сталецьцях, шырака карыстаўся папярэднімі дасьледваньнямі па гэтым пытаньні, так што ў гэтых адносінах яго характарыстыка нічога новага не дае. Усё ў асноўных рысах было выказана Салаўёвым, Бестужавым-Руміным, Чыстовічам, мітрапалітам Макарыем. Аўтар зусім правы, калі, констатуючы заняпад духавенства, паказвае на ўзвышэньне брацтваў, якія распачалі змаганьне з моральна-рэлігійным і разумовым заняпадам у Літоўска-Беларускай дзяржаве. Бязумоўна, упоўне правільна думка аўтара высунуць гарадзкую буржуазію, як соцыяльную групу, якая ў XVI сталецьці мела вялікі культурны ўплыў на грамадзкае жыцьцё. Аўтар адзначае факт існаваньня вялікага ліку бібліотэк у Вялікім Княстве Літоўскім, у якіх знаходзіліся як рукапісныя царкоўнаславянскія помнікі, так і паасобныя кнігі раньніх кракаўскіх друкаваных выданьняў. Аўтар паказвае, што ў рукапісных помніках магчыма адзначыць шмат глёссаў, калі на бакох кнігі тлумачыліся ў народнай мове незразумелыя словы. У далейшым, пры перапісцы кніг, гэтыя глёссы звычайна ўводзіліся ў самы тэкст кнігі, дзеля чаго самая кніга па мове прымала некалькі іншы характар. Нарэшце, аўтар адзначае існаваньне культурных адносін між тагачасным грамадзянствам і Заходняй Эўропай. Прадстаўнікі беларускае і украінскае арыстократыі, якую аўтар усюды называе рускай, езьдзілі за кардон прадаўжаць сваю адукацыю, між іншым бывалі і ў Польшчы. Дзякуючы культурным сувязям паміж Чэхіяй і Польшчай з аднаго боку і Вялікім Княствам Літоўскім з другога, пашыраны былі чэскія і польскія выданьні, асабліва бібліі [86]. Трэба лічыць характарыстыку культурнага стану Літоўска-Беларускае дзяржавы, зробленую Уладзімеравым, правільнай, але трэба адзначыць, што Уладзімераў, галоўным чынам, характарызуе культурны стан Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI сталецьця, тады як канец XV і першая чвэрць XVI сталецьця, калі разьвівалася перакладная і выдавецкая дзейнасьць Скарыны, не атрымалі ў працы Уладзімерава належнага поўнага асьвятленьня. Загэтым жаданьне зьвязаць дзейнасьць Скарыны з эпохай, — намер мэтодолёгічна зусім правільны, — ня было выканана, і дзеля гэтага дзейнасьць Скарыны зьявілася некалькі адарванай ад адпаведнага асяродзьдзя і абстаноўкі.

Уладзімераў рупліва сабраў вельмі бедныя даныя, якія належаць да жыцьцяпісу Скарыны. Уладзімераў адзначае год нараджэньня Скарына — 1490 і думае, што ён меў 27 год, калі пачаў сваю літаратурную дзейнасьць у Празе. Аўтар паказвае, што апошнія весткі аб Скарыне належаць да 1535 году, калі Скарыне было 45 год[87]

Нацыянальнае пахаджэньне Скарыны Ўладзімераў устанаўляе на падставе слоў Скарыны, якія ён звычайна прыводзіць у пасьляслоўях да сваіх выданьняў. Уладзімераў называе яго „русским”, зусім не разумеючы, што слово „рускі" ў мове Скарыны мела іншае значэньне ў параўнаньні з тым, які сэнс мае гэтае словаў пазьнейшыя часы. Значыцца, трэба ўнесьці папраўку ў азначэньне Уладзімерава, і лічыць Скарыну беларусам з пахаджэньня[88].

Пытаньне аб пахаджэньні Скарыны з Полацку не выклікае ніякага сумненьня. Аўтар адзначае, што Полацак быў багатым местам у XVI сталецьці. Аб гэтым сьведчыць ня толькі тое, што Полацак, які атрымаў Майдэборскае права ў 1483 годзе, плаціў у скарб 400 коп. грошай, але і болей позьняе сьвядэцтва Гваньіні аб багацьці полацкіх гандляроў. Аўтар лічыць, што Скарына належаў да багатай гандлярскай сям‘і. Аб імені бацькі яго Уладзімераў нічога ня ведае. Аўтар адзначае, што ў Полацку жыў брат Скарыны. Ён уладаў нярухомаю радавою маёмасьцю, у якой была частка і доктара Ф. Скарыны. Аб праскім жыцьці Скарыны Уладзімераў нічога ня піша. З віленскага жыцьця ён адзначае: 1) што Скарына меў у Вільні друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча; 2) аўтар адзначае шлюб Скарыны ў Вільні з удавой Юрага Адверніка—Мальгрэтай; 3) нарэшце, у 1529 годзе Скарына вёў судную справу адносна нярухомай маёмасьці свае жонкі І выйграў справу. Далейшыя весткі аб Скарыне зьнікаюць, і толькі ёсьць некаторыя даныя, якія належаць да 1535 году. Аўтар таксама адзначае, што паміж Скарынай і віленскім мяшчанствам была пэўная сувязь яшчэ ў эпоху праскага пэрыоду жыцьця Скарыны, бо ў пасьляслоўі да выданьня Псалтыру 1517 году адзначана, што ён надрукаваны накладам Богдана Онькава, сына радцы места Віленскага[89]. Адзначаючы, што ў віленскі пэрыод свайго жыцьця Скарына карыстаўся протэктарствам з боку Якуба Бабіча, Уладзімераў выказвае прыпушчэньне, што ў эпоху праскага пэрыоду Скарына меў іншых протэктараў. Аўтар зусім правільна адхіляе вэрсію Даброўскага аб протэктарстве з боку Жыгімонта І і замест гэтага высоўвае гіпотэзу аб сувязі Скарыны з багатымі віленскімі мяшчанамі, якія маглі даць яму ня толькі адны матар'яльныя сродкі, але і розныя царкоўна-славянскія рукапісы, што бязумоўна знаходзіліся ў іх у значным ліку. Самае выданьне „Малое Падарожнае Кніжыцы" прызначалася для гандляроў, якія езьдзілі па гандлёвых справах за кардон. Гіпотэза Ўладзімерава аб цеснай сувязі Скарыны з віленскім купецтвам вельмі цікавая, але ніякіх даных для яе падтрыманьня Уладзімераў ня прыводзіць. Адно бясспрэчна — гэта што ўсю літаратурна-выдавецкую дзейнасьць СкаСкарыны накіроўвала каханьне да бацькаўшчыны і жаданьне паслужыць „посполитому люду руского языка". Гэткім чынам, Уладзімераў вызначыў асноўныя жыцьцяпісныя даныя з жыцьця Скарыны[90]. Пазьней Шляпкін у 1892 годзе і Мілавідаў у 1917 годзе дадуць на падставе новых знойдзеных докумэнтаў, некаторыя новыя весткі, якія пашыраць нашы жыцьцяпісныя веды аб Скарыне.

Далей Уладзімераў спыняецца на падрабязным вывучэньні пытаньня аб адукацыі Скарыны. Яшчэ раней Улздзімерава ў літаратуры выказана была думка аб тым, што Скарына вучыўся ў Кракаўскім Унівэрсытэце. Гэтая думка знайшла пацьвярджэньне ў рукапісах Кракаўскага Унівэрсытэту. Разам з тым, Уладзімераў на падставе апублікаваных матар'ялаў даў характарыстыку стану Кракаўскага Унівэрсытэту і, між іншым, мэдычнага факультэту. Апошні ў пачатку XVI сталецьця знаходзіўся ў заняпадзе, і дзеля гэтага Уладзімераў выказвае прыпушчэньне аб атрыманьні Скарынай ступені доктара лекарскіх навук дзе-небудзь, падобна да іншых выхаванцаў Кракаўскага Унівэрсытэту, за кардонам, у Нямеччыне, Італіі, пераважна ў Болёньні або ў Празе. Але каб давесьці гэтае зацьвярджэньне, Уладзімераў ня меў ніякіх даных, хаця, зразумела, такое прыпушчэньне было зусім правільнае і пазьней было пацьверджана новымі дакумэнтамі, якія апублікаваў Шляпкін. Аўтар зусім правы, калі кажа, што пэрыод 1506—1517 гадоў зьяўляецца самым цёмным у жыцьцяпісе Скарыны[91].

Адзначаючы, што Скарына ў 1517—20 гадох знаходзіўся ў Празе, Уладзімераў дае кароткую характарыстыку стану чэскага кнігадруку і апавядае аб сувязях Чэхіі з Нюрэнбэргам, каб вытлумачыць, чаму ўласна Прагу абраў Скарына. Аўтар адзначае, што чэскія выданьні друкаваліся ў Нюрэнбэргу і Вэнэцыі. Так, апошняю ў 1506 годзе вышла вядомая чэская біблія, якая мела ўплыў на пераклады Скарыны [92].

Спыненьне Скарынай выдаведка-друкарскае дзейнасьці ў Вільні, натуральна, прымусіла Уладзімерава высунуць пытаньне аб прычынах, пад уплывам якіх спынілася выдавецкая дзейнасьць Скарыны спачатку ў Празе, а потым у Вільні. Аўтар думае, што на першае пытаньне нельга даць ніякага адказу, а спыненьне выдавецкае дзейнасьці Скарыны ў Вільні ён зьвязвае з цяжкім матар'яльным становішчам Скарыны, з пажарам 1530 году, які зьнішчыў 2/3 места, і з страшэннай пошасьцю 1533 году. Зразумела, усе факты, што прыводзіць Уладзімераў, цьвёрда ўстаноўлены, але яны ўсё-ж такі не разьвязваюць пытаньня аб прычынах спыненьня Скараынай свае выдавецка-друкарскае дзейнасьці. Гэтае пытаньне і пасьля дасьледваньня Уладзімерава застаецца нявырашаным [93]. Трэба адзначыць, што Уладзімераў зусім не закранае пытаньня аб вызнаньні Скарыны. Добра знаёмы з папярэдняю літаратурай, Уладзімераў, зразумела, ведаў, што на падставе матар'ялаў, якія дагэтуль існуюць, немагчыма разьвязаць так заблытанае пытаньне аб вызнаньні Скарыны, і, зразумела, Уладзімераў быў зусім правы, калі, ня пушчаючыся ў краіну гіпотэз і мала-навуковых разважаньняў, ён маўчыць аб гэтым пытаньні. [94].

З вялікім мастацтвам Уладзімераў вывучыў праскія выданьні Скарыны як у адносінах друкарскіх, так і адносна рэдакцыі самога тэксту. З асаблівай стараннасьцю ён вывучыў пытаньне аб перакладзе бібліі на беларускую мову. Уладзімераву трэба было дакладна ўстанаўстанавіць крыніцы для перакладу Скарынай бібліі. Шляхам пільнага аналізу скарынінскага тэксту і параўнаньня яго з чэскай бібліяй, надрукаванай у Вэнэцыі ў 1506 годзе, Уладзімераў адкідае пашыраную раней вэрсію аб Вульгаце, як крыніцы для скарынінскага перакладу і думае, што галоўнай крыніцай для скарынінскага перакладу бібліі была чэская біблія 1506 году, Асаблівасьці Скарынінскае бібліі звычайна супадаюць з асаблівасьцямі вэнэцыйскага тэксту бібліі, а ня Вульгаты і царкоўна-славянскага тэксту, якімі Скарына часам мог карыстацца для некаторых кніг старога закону. Аўтар знаходзіць, што пераклад Скарыны з чэскае мовы нагадвае звычайныя „заходня-расійскія" пераклады аповесьцяй і легенд з чэскіх і польскіх тэкстаў, з затрыманьнем з апошніх мноства родных слоў і выразаў, якія палягчалі працу перакладчыка. Агульная прадмова да ўсяе бібліі, а таксама паасобныя прадмовы да кніг старога закону складзены падобна да чэскай бібліі 1506 году. Апроч таго, Уладзімераў думаў, што дапамагчы Скарыне маглі комэнтарыі Міколы Лірана. Аўтар адзначае, што Скарына карыстаўся царкоўна-славянскім тэкстам як слоўнікам для падбору слоў. Часам Скарына выпісваў цэлыя разьдзелы і радкі з царкоўна-славянскіх тэкстаў, але прыводзіў іх у крыху зьмененай форме. Уладзімераў констатуе, што ў перакладзе Скарыны няма сыстэмы і крытыкі, але адначасна ён ня мае і ніякіх адносін да протэстанцкіх перакладаў сьвятога пісьма. Уладзімераў адкідвае таксама прыпушчэньне аб тым, што пераклад бібліі Скарынай зьяўляецца адбіткам яго выключна каталіцкага напрамку. Аўтар знаходзіць магчымым зацьвярджаць, што, дзякуючы адсутнасьці догматычных палажэньняў і якіх-колечы каталіцкіх царкоўных асаблівасьцяй у тэксьце, можна прыпусьціць, што ўся „Библия руска" прызначалася для праваслаўных чытачоў. Азначаючы задачы і мэты дзейнасьці Скарыны, аўтар думае, што Скарына хацеў даць свайму чытачу поўную і зразумелую біблію, а разам з тым дапамагчы выпраўленьню абычайнасьці і пашырэньню добрых звычаяў, даць чытаньне для збаўленьня душы і навучыць мудрасьці і розным навукам. Уладзімераў зусім правільна зацьвярджае, што самыя кнігі Скарыны, як выдатныя ўзоры друкарскага мастацтва, былі важным зьявішчам у справе асьветы[95].

Разглядаючы віленскія выданьні Скарыны і раўняючы іх да праскіх адносна шрыфту і паперы, Уладзімераў прыходзіць да вываду, што скарынінская друкарня была перанесена з Прагі ў Вільню. Розныя асаблівасьці віленскіх выданьняў паказваюць на тыя-ж сувязі з нямецкімі друкарнямі, што і праскія выданьні. Нарэшце, па прыгожасьці шрыфту і аздоб віленскія выданьні ёсьць прадаўжэньне праскіх[96].

Пераходзячы да вывучэньня „Апостала”, надрукаванага Скарыной у 1525 годзе, Уладзімераў кажа, што скарынінскі тэкст ёсьць першае друкаванае выданьне царкоўка-славянскага „Апостала". Другое вышла ў Маскве ў 1564 годзе, трэцяе ў Львове ў 1574 годзе і чацьвёртае ў Вільні ў 1576 годзе. Нарэшце, у 1580 годзе вышла астроскае выданьне „Апостала".

Разглядаючы пытаньне аб адносінах „Апостала" Скарыны да славянскага тэксту „Апостала", зьмешчанага ў поўнай бібліі 1499 году, Уладзімераў адзначае шэраг асаблівасьцяй, якія паказваюць, што Скарына карыстаўся нейкімі старадаўнімі сьпісамі, хаця наогул большая частка падобна да тэксту бібліі 1499 году[97]. „Апостал" Скарыны зьяўляючыся царкоўна-славянскім у сваёй аснове, мае шмат супольнага з яго папярэднімі працамі. Падобна да ўсіх кніжок бібліі, пачынаючы ад „Псалтыру” 1517 году, паасобныя часткі „Апостала” маюць прадмовы Скарыны, большая частка якіх называецца „сказаниями" [98]. Сам Скарына разглядае выданьне „Апостала" як прадаўжэньне сваіх праскіх выданьняў. [99] Выдаючы „Апостал" па царкоўна-славянскім тэксьце, таксама без усялякае крытыкі і рэдакцыі, Скарына паасобныя славянскія незразумелыя словы замяняў болей зразумелымі для „посполитого народа руского". У самым тэксьце „Апостала” Ўладзімераў адзначае мноства такіх замен стара-славянскіх слоў і выразаў. Уладзімераў таксама адзначае, што замененыя словы і выразы часта супадаюць з чэскай бібліяй, што сьведчыць аб карыстаньні Скарынай бібліяй 1506 году і пры выданьні свайго „Апостала".[100]

Таксама падрабязна разгледзеў аўтар і „Малую Падарожную Кніжыцу". Зьмест гэтае „Кніжыцы", як вядома, вельмі рознастайны. „Кніжыца" прызначалася, як думае, Ўладзімераў для сьвецкіх людзей. У склад „Малое Падарожнае Кніжыцы” ўваходзіў таксама і псалтыр, які па нагляданьнях Уладзімерава, мае нязначныя адхіленьні ад праскага выданьня „Псалтыру". І ў выданьні „Малое Падарожнае Кніжыцы" Скарына замяняў незразумелыя царкоўнаславянскія словы болей простымі і зразумелымі словамі.[101] Уладзімераў, адзначаючы, што выдавецкая дзейнасьць Скарыны спынілася ў 1525 годзе, лічыць, аднак, што кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на беларускія выданьні як у друкарскіх адносінах, так і ў адносінах тэксту. Так, напэўна, несьвіскі катэхізіс Сымона Буднага (1562 г.) і эвангельле Базыля Цяпінскага былі надрукаваны і выданы пад беспасрэдным уплывам Скарыны. Адзначаючы, што далейшае разьвіцьцё друкарскае справы на Беларусі і Украіне было зьвязана з маскоўскімі друкарамі, Іванам Фёдаравым і Пётрам Мсьціслаўцам, Уладзімераў піша, што, ня гледзячы на маскоўскі ўплыў у друкарскіх адносінах, трэба адзначыць таксама і ўплыў Скарыны як на віленскія, так і на астроскія выданьні. Гэткім-жа чынам Уладзімераў адзначае пэўны ўплыў Скарыны і з боку зьместу. Уладзімераў заўважыў, што выдаўцы астроскае бібліі карысталіся і перакладам Скарыны, хаця імя яго ў самым рукапісе ня было паказана. Уладзімераў піша аб пашырэньні перакладаў скарынінскае бібліі ў рукапісных сьпісах XVI сталецьця. Гэтыя сьпісы падзяляюцца на тры аддзелы. Адны ёсьць сьпісы толькі з друкаваных выданьняў Скарыны; другія, разам з кнігамі Скарыны, вядомымі ў друку, зьмяшчаюць і іншыя кнігі, невядомыя ў друку; і, нарэшце, трэція маюць такія значныя адхіленьні ў перакладзе ад вядомых кніг Скарыны, што прымушаюць аднесьці іх да самастойных перакладаў прадоўжнікаў справы Скарыны. Разглядаючы рукапісы другога тыпу, Уладзімераў прыходзіць да вываду, што Скарына пераклаў усю Біблію, аб чым ёсьць паказаньні ў самога Скарыны[102]. Існаваньне прадоўжнікаў справы Скарыны таксама сьведчыць аб тым, што яго пераклады мелі вялікае пашырэньне і зрабілі ўплыў на перакладчыкаў. Пэўна, што эвангельле, перакладзенае Базылём Цяпінскім, мела на сабе ўплыў скарынінскага перакладу новага закону, які не захаваўся. Таксама скарынінскі ўплыў адбіўся і на так званым Перасопніцкім эвангельлі[103]. Уладзімераў, гаворачы аб пашырэньні скарынінскіх рукапісаў у расійскіх перакладах XVI сталецьця, заўважвае, што прадмовы Скарыны значна пераапрацаваны ў залежнасьці ад паглядаў маскоўскіх кніжнікаў XVI сталецьця [104].

Апошні разьдзел даведваньня прысьвечаны мове Скарыны, якую Уладзімераў вывучыў ува ўсёй пажаданай паўнаце. Аўтар, разважаючы аб адносінах мовы Скарыны да „заходня-расійскіх" помнікаў XVI сталецьця і да беларускае мовы, адзначае ў мове Скарыны прысутнасьць як чэхізмаў, так і полёнізмаў. Апроч таго, у мове Скарыны сустракаюцца нямецкія словы, як „майстер, спиж, шахта, гафтки". Нарэшце, Скарына ўжывае і шэраг літоўскіх слоў, якія мелі вялікае пашырэньне на Беларусі ў XV і ў пачатку XVI сталецьця. У канцы свайго дасьледваньня Уладзімераў даў невялічкі слоўнік выразаў, абраных з прац Скарыны. Гэты слоўнік мае вялікую навуковую вартасьць, для гісторыі беларускае мовы[105].

Такі характар мае праца Уладзімерава ў сваіх асноўных рысах. Яна абхапіла ўсю дзейнасьць Скарыны і разгледзела яе з усебаковай паўнатой. Ува ўсіх сваіх вывадах Ўладзімераў стаіць на грунце фактаў і заўсёды ўнікае такіх суджэньняў і думак, якія немагчыма давесьці катэгарычнымі адноскамі да крыніц. Пазьней некаторыя новыя матар'ялы, датычныя жыцьцяпісу Скарыны, дапоўняць весткі аб ім, якія даў Ўладзімераў, але аж да нашага часу не зьявілася яшчэ аніводнае працы аб Скарыне, якая магла-б замяніць вышэйпамянёную працу паважанага дасьледчыка.

Упоўне зразумела, што праца Уладзімерава была важным здарэньнем першараднае навуковае вартасьці, як выдатнае дасьледваньне, у якім разгледжана жыцьцё і дзейнасьць аднаго з вялікіх беларускіх культурных дзеячоў. Цэлы шэраг дасьледчыкаў, якія зьвярнулі ўвагу на працу Уладзімерава, адгукнуліся на яе рэцэнзіямі і адозвамі аб гэтым выдатным ва ўсіх адносінах дасьледваньні.

ІІІ.

Багатае матар'ялам і вельмі каштоўнае вывадамі дасьледваньне Уладзімерава, зьвярнула на сябе ўвагу ў спэцыяльнай навуковай літаратуры. А. І. Сабалеўскі [106] першы адгукнуўся на працу Уладзімерава. Сабалеўскі, аддаючы належнае працавітасьці і дасьціпнасьці Уладзімерава і лічачы яго „труд лучшим из трудов по нашей старой литературе за последние годы”, думаў, аднак, што трэба крытычна аднесьціся да дасьледваньня Уладзімерава «ввиду наличия в последнем кое-каких недостатков и расхождения с автором во взглядах на некоторые частности", А. І. Сабалеўскі па сутнасьці згаджаецца з асноўнымі палажэньнямі Уладзімерава. Крытычныя ўвагі яго зводзяцца да наступнага.

Перш за ўсё, асноўны вывад аўтара аб тым, што Скарына многа карыстаўся перакладам чэскае бібліі выданьня 1506-га году, ня ёсьць новы, Сабалеўскі адзначае, што першы раз гэтая думка, як прыпушчэньне, выказана была Пэрвольфам. Але рэцэнзэнт павінен прызнаць што гэтае прыпушчэньне Пэрвольфа было зацьверджана толькі Ўладзімеравым „на незыблемом основании”. Далей, Сабалеўскі робіць Уладзімераву закід за тое, што ён не памінае аб артыкуле анонімнага аўтара «Об отношении перевода Скорины к Вульгате и древнему церковно-славянскому тексту", дзе ёсьць шэраг меркаваньняў, якія заслугоўваюць увагі збоку дасьледчыка. Далей, па думцы Сабалеўскага, Уладзімераў, дзеля большай яскравасьці і правільнасьці асьвятленьня дзейнасьці Скарыны, павінен быў выясьніць, што захавалася да нашага часу ў пісьменнасьці эпохі папярэдняй і сучаснай Скарыне. Складзены Ўладзімеравым сьпіс рукапісаў XV—XVI сталецьцяў „паўднёвага і заходня-рускага пахаджэньня" надта няпоўны. Сабалеўскі прыводзіць шэраг вельмі каштоўных дадаткаў, аб якіх Уладзімераў у сваім дакладваньні ня пісаў. Далей, на думку Сабалеўскага, для болей правільнай ацэнкі прац Скарыны, Уладзімераў павінен быў-бы азнаёміцца з асаблівасьцямі мовы як-мага большага ліку „паўднёва і заходня-рускіх рукапісаў ХV—XVI сталецьцяў", а не абмяжоўвацца некалькімі кароткімі ўвагамі аб літаратурнай мове перадскарынінскае і скарынінскае эпохі. У вадносінах да азначэньня мовы Скарыны, Сабалеўскі рэзка разыходзіцца з думкай Уладзімерава аб „сьціслай сувязі прац Скарыны з перакладамі сьвятога пісьма на народную мову, якія зьявіліся ў Паўднёва-Заходняй Русі ў XVI сталецьці".

Гэты вывад Уладзімерава, як думае Сабалеўскі, грунтуецца на малым знаёмстве „з паўднёвай і заходня-рускай пісьменнасьцю XIV—XVI сталецьцяў". Таксама Сабалеўскі нязгодзен з думкай Уладзімерава аб мэтах дзейнасьці Скарыны: „даць праваслаўным паўднёва-заходняй Русі поўную біблію ў мове, зразумелай для простых людзей".

Сабалеўскі прыходзіць да зусім іншага вываду. Скарына перакладаў біблію на славянскую мову, з якою наагул у „Заходняй Русі" былі мала знаёмы. Сабалеўскі грунтуе свае вывады як на словах князя Курбскага, езуіта Пётры Скаргі і князя Астроскага, так і на адсутнасьці рукапісаў кніг сьвятога пісьма „заходня-рускага" пахаджэньня. Сабалеўскі знаходзіць, што з царкоўна-славянскіх кніг старога закону Скарына ведаў толькі „Пяцікніжжа" і адрыўкі з паасобных старазаконных кніг, якія захаваліся ў Парамейніку. Уладзімераў-жа думаў, што Скарына меў у стара-славянскім перакладзе ўсе кнігі старога закону, апроч „Прамудрасьці Саламона", „Юдыты", „Эстэры" і „Песьні Песень".

На думку Сабалеўскага, з прычыны нязначнага ліку кніг сьвятога пісьма і поўнае адсутнасьці іншых, Скарына ня мог ...думаць аб популярызацыі бібліі шляхам перакладу яе з славянскае мовы на мову рускую". Ён мог імкнуцца толькі да таго, каб зрабіць даступным і вядомым біблійны тэкст, каб пашырыць сьвятое пісьмо. Скарына пераклаў з чэскае мовы толькі тое, чаго ён ня ведаў у старым царкоўнаславянскім перакладзе, але разам з тым ён быў вельмі далёкі ад думкі пісаць і выдаваць на народнай жывой мове. Скарына заўсёды называў мову сваіх выданьняў „рускою", але бадай што з тай аднэй прычыны, што для яго словы „рускі" і „славянскі" значылі адно і тое-ж. Сабалеўскі адзначае, што славянскія выданьні, „Псалтыр" і „Апостал", Скарына ўнёс ў лік кніг, якія ён вылажыў у „рускай мове". У кожным разе, ён ня вельмі імкнуўся зрабіць свой пераклад зразумелым для простых людзей, напісаць яго на жывой мове. Такі асноўны вывад Сабалеўскага, які рэзка разыходзіцца з тым, што даводзіў Уладзімераў у сваім дасьледваньні. Нарэшце, Сабалеўскі думаў, што польская Шарашпатэцкая біблія каралевы Зоф'і, жонкі Ягеллы (Biblia krolowej Zofii, zony Jagielly z kodexu Szaroszpatackiego), была пашырана ў польскім і полёнізаваным рускім грамадзянстве і магла быць вядома Скарыне.

Адсюль ідзе пазычаньне Скарыны з польскай бібліі. Нарэшце, Сабалеўскі, у процілегласьць Уладзімераву, які адносіў кракаўскія, выданьні Фіоля „да паўднёварускіх“, адносіць іх з боку тэксту да сярэдня-балгарскіх і малдаўскіх. Орыгінальныя думкі Сабалеўскага, зразумела, патрабавалі праверкі. Пазьнейшая літаратура і крытыка за Сабалеўскім не пайшла.

Другая вялікая рэцэнзія на працу Ўладзімерава належыць профэсару Львоўскага Унівэрсытэту, вядомаму славістаму Мурко. Рэцэнзэнт прылічвае дасьледваньне Уладзімерава да найлепшых гістарычна-літаратурных прац апошніх часоў. Праца, як піша рэцэнзэнт, дае шмат новага і цікавага. Мурко ставіць высака дзейнасьць Скарыны, які зьявіўся прадстаўніком другога славянскага народу, што меў у пачатку XVI сталецьця друкаваную біблію ў народнай мове. Мурко адзначае, што ў такіх агульных курсах па гісторыі літаратуры, як Галахава ці Парфір’ева, аб Скарыне альбо зусім нічога не паміналася, альбо ўпаміны абмяжоўваліся некалькімі словамі. Мурко падрабязна вылажыў зьмест працы Ўладзімерава. Ён таксама зрабіў дакор апошняму за тое, што ў яго дасьледваньні няма пасылак на вядомую працу Пэрвольфа, які першы паказаў на чэскую біблію 1506 году, як на галоўную крыніцу перакладу бібліі Скарыны. Аўтар рэцэнзіі прымае ўсе асноўныя вывады Уладзімерава. Мурко ўжо ведаў рэцэнзію Сабалеўскага і лічыў неабходным мімаходзь зрабіць некалькі ўваг адносна паглядаў апошняга на мову Скарыны. Мурко зусім нязгодзен з Сабалеўскім, які адкідаў тое, што ён прызнаваў годам раней. Мурко адзначае, што Скарына ў сваіх перакладах зусім выразна правёў проціпалажэньне беларускае мовы славянскай[107].

На кнігу Ўладзімерава адгукнуўся і М. В. Доўнар-Запольскій.[108] У сваім артыкуле „По поводу исследования Владимирова „Доктор Ф. Скорина“ М. В. Доўнар-Запольскі адзначыў шэраг пытаньняў, якія беспасрэдна вынікаюць з дасьледваньня Ўладзімерава і якія самі па сабе маюць першарадную навуковую важнасьць для гісторыі Беларусі. Эпоха, у якую жыў Скарына, па думцы Доўнар-Запольскага, зьяўляецца важным гістарычным момантам у жыцьці Беларусі, калі падрыхтоўвалася вунія каталіцтва з праваслаўем, і паасобныя групы грамадзянства гэроічна змагаліся з першым. М, В. Доўнар-Запольскі констатуе сумны стан праваслаўнае царквы, у сувязі з так званым „правам падаваньня“, якое разьвівалася ў той час і часта аддавала царкву ў рукі неадпаведных свайму прызначэньню асоб, што прыводзіла да заняпаду абычайнасьці сярод царкоўнае іерархіі. М. В. Доўнар-Запольскі, грунтуючыся на паведамленьні Міхалона, констатуе вялікі моральны заняпад сярод грамадзкіх кляс, якія панавалі ў тыя часы. Толькі такія асобы, як Г. А. Хадкевіч, мітр. Язэп Солтан і Ф. Скарына, прымалі меры да адраджэньня царквы, і абароны праваслаўя праз публікацыю кніг сьвятога пісьма. Гэтая выдавецкая дзейнасьць, як думае М. В. Доўнар-Запольскі, мела вялізарнае значэньне. Перш за ўсё, выданьне кніг сьвятога пісьма падтрымлівала праваслаўе, а разам з тым захоўвала беларускую нацыянальнасьць ад зьняволеньня яе каталіцтвам. Гэтыя кнігі мелі вялікую адукацыйную вартасьць, як крыніца тагачаснай богаслоўскяй адукацыі. Яны былі абычайнай філёзофіяй свайго роду, якая давала этычныя падставы для жыцьця. Уся гэтая дзейнасьць не прайшла бясьсьледна для беларускага народу: „русская национальность была сохранена в борьбе с унией“. Такі агульны фон эпохі, што аўтар намаляваў у рэцэнзіі. Якую-ж ролю граў Скарына? Доўнар-Запольскі лічыў, што Скарына быў адным з „заходня-рускіх” людзей, які зьвярнуў увагу на сумнае становішча сучасьнікаў і паклаў пасільную працу для падвышэньня іх разумовага і моральнага ўзроўню і для захаваньня іх нацыянальнасьці. Гэткім чынам, М. В. Доўнар-Запольскі, як і Ўладзімераў, тлумачыў дзейнасьць Скарыны грамадзка-культурнай і нацыянальна-рэлігійнай абстаноўкай таго часу.[109]

Другая частка артыкулу Доўнар-Залольскага была выкладам вывадаў Уладзімерава з паасобнымі аўтарскімі ўвагамі. Доўнар-Запольскі даў кароткія жыцьцяпісныя весткі аб Скарыне і паказаў, што крыніцамі для перакладаў Скарыны былі чэскія тэксты разам з лацінскімі і грэцкімі; ён адзначыў важнае значэньне Праскага Унівэрсытэту, а таксама вялікае разьвіцьцё чэскага ўплыву ў літоўскім грамадзянстве. Доўнар-Запольскі адзначае, што чэскі ўплыў у XVI сталецьці выяўляўся нават у актавай тэрмінолёгіі. Нарэшце, Доўнар-Запольскі, усьлед за Ўладзімеравым, лічыць Скарыну чалавекам з палкім жаданьнем прынесьці карысьць грамадзянству і роднай краіне падняць разумовы і моральны стан жыхарства. Гэтыя задачы павінны былі задавальняць пераклады Скарыны.

Доўнар-Запольскі лічыць, што праца Ўладзімерава мае вялікае значэньне. Ен упаршыню даў падрабязнае апісаньне жыцьця і дзейнасьці Скарыны, адзначыў вялікі ўплыў Чэхіі на „Заходнюю Русь" і паказаў, што Скарына пераклаў біблію на „рускую" г. зн, на беларускую мову. Аднак, на думку рэцэнзэнта, у працы ёсьць і недахопы. Доўнар-Запольскі адзначае: адсутнасьць цэласнасьці ўва ўсім творы; багацьце вестак, але надта раскіданых, не дае магчымасьці зрабіць выразнае ўяўленьне аб прадмеце; ёсьць паўтарэньні, мала жывасьці, некаторыя рэчы можна было-б высьветліць падрабязьней, напрыклад, пытаньне аб разумовым і абычайным стане грамадзянства. Тым ня менш, думае Доўнар-Запольскі, праца Ўладзімерава заслугоўвае ўвагі з боку грамадзянства і друку.

Адгукнуўся на кнігу Ўладзімерава і А. М. Пыпін[110]. Апошні адзначыў, што Ўладзімераў вельмі ўдала абраў тэму для свайго даведваньня, закрануўшы пытаньне першараднае важнасьці. А. М. Пыпін таксама падкрэсьлівае значэньне эпохі і абстаноўкі, якія атачалі Скарыну, для яго дзейнасьці. Вывучэньне дзейнасьці Скарыны, як думае А. М. Пыпін, робіцца асабліва важным, папершае таму, што біблія Скарыны ёсьць першая друкаваная біблія да зьяўленьня Астроскае бібліі, а падругое таму, што Скарына не пакінуў ніякіх пісьменных вестак аб сабе, ніякіх вусных паданьняў. Эпоха, у якую пачыналася дзейнасьць Скарыны, характарызуецца „рэлігійным бушаваньнем з прычыны зносін, якія распачаліся паміж Заходняй Расіяй і Нямеччынай, і пераходу прадстаўнікоў заходня-рускага грамадзянства з праваслаўя ў каталіцтва". Пыпін ня прылічваў Скарыну да праваслаўных. Імя яго — Францішак — дазваляе прылічыць яго да каталікоў альбо протэстантаў. Адукацыю Скарына атрымаў у каталіцкім унівэрсытэце, мусіць быць, у Кракаўскім, думае Пыпін, хаця гэтае пытаньне разьвязана было докумэнтальна і не выклікала ўжо ніякіх сумненьняў. На думку Пышна, існаваньне процілеглых думак, якія выказаны былі аб Скарыне, патрабавала ўважлівага разгляду ўсіх спрэчных пытаньняў, чаго не зрабіў Ўладзімераў. А. М. Пыпін лічыў, што праца Уладзімерава ёсьць важны набытак для літаратуры.

У сваёй гісторыі этнографіі Пыпін ня раз зварочваўся да Скарыны, у дзейнасьці якога ён бачыў народнае супраціўленьне каталіцтву, уніцтву і езуітам. „Рускія” праваслаўныя атрымалі першы пераклад біблейных кніг толькі ад Скарыны. Трэба аднесьціся з вялікай доляй скептыцызму да ўваг Пыпіна. У пачатку XVI сталецьця на Беларусі ня было ні езуітаў, ні вуніі, ні націску каталіцтва, аб чым сьведчыць такі компэтэнтны гісторык царквы, як мітр. Макары.[111]

Анонімны рэцэнзэнт у „ Филологических Записках" не рабіў ніводнае крытычнае ўвагі адносна дасьледваньня Ўладзімерава. Азнаёміўшы коратка чытача з асноўнымі вывадамі Ўладзімерава, рэцэнзэнт прызнаў і вялізарнасьць працы, і надзвычайнае багацьце даных і каштоўныя вынікі. У працы Ўладзімерава, на думку рэцэнзэнта, асьветлена дзейнасьць мала вядомага дагэтуль і выдатнага літаратурнага дзеяча XVI сталецьця.[112]

Даў водзыў аб кнізе Ўладзімерава і нехта А. С., які зьмясьціў сваю рэцэнзію ў „Вестнике Славянства". Рэцэнзэнт застаўся нездаволены працай Ўладзімерава. Рэцэнзэнт лічыў, што, маючы на ўвазе існаваньне думак Галавацкага і Чыстовіча аб протэстанцтве Скарыны, мітрапаліта Макарыя аб яго каталіцтве і Віктарава — аб праваслаўі Скарыны, трэба было-б заняцца разборам усіх гэтых думак, чаго ў працы ня зроблена. Далей, аўтар адзначае, што зацьвярджэньне Ўладзімерава аб праваслаўным характары выданьняў Скарыны не адпавядае таму, што сказаў сам Уладзімераў аб Скарыне. Рэцэнзэнт таксама нездаволены і лінгвістычнымі нагляданьнямі аўтара. На думку рэцэнзэнта, з даследваньня Ўладзімерава ня відаць, да якой рускай гутаркі належыць мова Скарыны. Галавацкі і Бадзянскі лічылі яе штучнаю мовай, а Буслаеў — узорам беларускае гутаркі. Ня гледзячы на тое, што Ўладзімераў ня даў адказу на цікавыя для рэцэнзэнта пытаньні, апошні ўсё-ткі гатоў лічыць, што з гэтага дасьледваньня „можна чэрпаць матэр’ял". Наогул, усю гэтую рэцэнзію нельга лічыць об'ектыўнай. Апроч таго, з рэцэнзіі А. С. ня відаць, ці зразумеў сам рэцэнзэнт агульны характар дасьледваньня і ці здолеў ён разабрацца як у мэтодзе яго, так і ў высунутых аўтарам задачах і мэтах[113].

Кіеўскі вучоны Сьцяповіч у сваёй рэцэнзіі высака ставіць працу Ўладзімерава, якая, як і ранейшыя працы аўтара, будзе вельмі карыснаю для таго, хто „возьмецца ў будучым намаляваць ва ўсёй паўнаце і яскравасьці карціну руска-чэскіх літаратурных адносін XV-XVII сталецьцяў і зрабіць на падставе магчыма большага ліку даных грунтоўную ацэнку чэскага ўплыву на рускае пісьменства". А. С. Сьцяповіч, аддаючы належнае працы, Ўладзімерава, адзначае некаторыя спрэчныя палажэньні, высунутыя Ўладзімеравым. Так, рашучае зацьвярджэньне, што Скарына быў праваслаўным, выклікае пэўнае сумненьне, і довады Ўладзімерава мала пераконваюць. Дасьледчык мала спыніўся на гэтым пытаньні. Адкуль у Скарыны зьявілася каталіцкае імя Францішак, калі Скарына быў праваслаўны? — справядліва пытае рэцэнзэнт. Аднак, апошні і сам выказаў мала пагрунтаванае прыпушчэньне аб тым, што Скарына атрымаў ступень доктара ў лекарстве ў Празе. Адносна ўплыву чэскае бібліі на пераклад Скарыны з боку мовы А. Сьцяповіч заўважыў, што знаёмства з чэскаю мовай адбівалася ня толькі на тэксьце перакладу, над якім працаваў Скарына, але таксама і на мове такіх месц, дзе Скарына ня меў асаблівае патрэбы трымацца чэскіх вывыразаў, якія мелі для яго ў іншых выпадках значэньне аўтарытэту, напрыклад, у сваіх прадмовах і пасьляслоўях, А. Сьцяповіч таксама вінаваціць Уладзімерава ў тым, што ў аглядзе літаратуры ў яго няма паказаньняў на працы П. Строева і Пэрвольфа. Нарэшце, з працы Уладзімерава, па думцы Сьцяповіча, ня відаць, якая была мова Скарыны, бо аб гэтым нідзе ясна ня сказана. На думку рэцэнзэнта, было-б важна даведацца, у якіх выпадках карыстаўся Скарына словамі і выразамі чэскімі і царкоўна-славянскімі, і ці рабіў ён гэта сьвядома альбо несьвядома. Толькі тады магчыма было-б зрабіць зусім пэўны навочны вывад аб мове.

Праца Ўладзімерава зьвярнула на сябе ўвагу чэскае і польскае гістарычнае літаратуры. Чэскі рэцэнзэнт кнігі Ўладзімерава абмежаваўся толькі пераказам зьместу кнігі і адзначэньнем, што паасобныя пытаньні, закранутыя Уладзімерым, былі ўпершае пастаўлены Даброўскім, які на працягу ўсяго свайго жыцьця бязупынна цікавіўся Скарынай і яго дзейнасьцю. Рэцэнзэнт лічыць, што Скарына карыстаўся чэскай бібліяй і комэнтарыямі Лірана. Але ў перакладзе Скарыны нельга прыкмеціць якую-колечы крытыку[114]. Адгукнуўся на кнігу Ўладзімерава і рэцэнзэнт Львоўскага часопісу „ Kwartalnik historyczny". Уладзімераў лічыць гэтую рэцэнзію тэндэнцыйнай. На жаль, мы ня мелі часопісу за адпаведны год і не маглі пазнаёміцца з думкамі рэцэнзэнта,

Уладзімераў прадставіў сваё дасьледваньне ў Акадэмію Навук для атрыманьня прэміі імя гр. Уварава. Проф. Будзіловіч[115], згодна прапанове Акадэміі, напісаў водзыў аб дасьледваньні Ўладзімерава. Рэцэнзэнт наогул аднёсься вельмі спачувальна да працы Ўладзімерава. Ён знаходзіць, што „книга Владимирова заслуживает серьезного внимания, как первый опыт всестороннего изучения жизни и деятельности Скорины". Адозва Будзіловіча зусім не абвяргае тых вывадаў і нагляданьняў, да якіх прышоў у сваім даведваньні Ўладзімераў. Рэцэнзэнт абмяжоўваецца толькі паасобнымі дробнымі другараднага характару ўвагамі. Будзіловіч лічыць вялікай заслугай аўтара крытычны агляд усяе літаратуры аб Скарыне, чым ён даў чытачу лёгкую магчымасьць па кожным прыватным пытаньні аглядаць усю скупнасьць адказаў, зробленых у розныя часы, і гэткім чынам выдзеліць асабісты ўклад нашага аўтара ад навуковых вымыслаў ранейшых дасьледчыкаў. Будзіловіч лічыць характарыстыку стану грамадзянства „Заходняе Расіі" (Будзіловіч уводзіць гэты тэрмін замест тэрміну „Юго-Западная Русь") бледнай, якая мала чым адрозьніваецца ад таго, што было сказана аб гэтым у Салаўёва, Бестужава-Руміна, мітр. Макарыя, хаця і згаджаецца, што складаньне такога нарысу досыць цяжкое, як з прычыны малой распрацаванасьці ўнутранае гісторыі „Заходняе Расіі" тых часоў, так і з прычыны патрэбы вывучаць яе ў сувязі з тагачасным грамадзкім і літаратурным жыцьцём Польшчы, Чэхіі і нават Нямеччыны. Будзіловіч таксама адзначыў і тое, што зробленая аўтарам характарыстыка культурнага стану грамадзянства належыць да другой паловы XVI сталецьця, тады як Скарына жыў і працаваў у першай чвэрці сталецьця, і, значыцца, сучасная Скарыне эпоха аўтарам не закранута. Апроч таго, Будзіловіч уносіць некаторыя папраўкі ў зроблены аўтарам малюнак. Усьлед за Макарыем, рэцэнзэнт лічыў, што ў эпоху 1503—1555 гадоў праваслаўная царква знаходзілілася ў поўным спакоі, што да вуніі хілілася ня толькі адна вышэйшая царцаркоўная іерархія, але і магнаты, а за імі пайшлі і сярэднія клясы, не выключаючы мяшчан, якіх аўтар, як думае Будзіловіч, мае нахіл крыху ідэалізаваць. Рэцэнзэнт нязгодны з Уладзімеравым адносна прычын выступленьня Скарыны на царкоўна-пісьменьніцкі шлях. Мяшчанскае пахаджэньне Скарыны ня мае да гэтага ніякіх адносін. Скарына кіраваўся нейкімі іншымі асабістымі нахільнасьцямі і ўмовамі. Аднак, сам Будзіловіч ня тлумачыць, якія ўласна былі гэтыя апошнія.

Далей Будзіловіч ставіць у дакор Уладзімераву непаўнату сабраных ім вестак аб літаратурных падручніках і ўплывах на Скарыну, што блага адбілася на некаторых частках яго дакладваньня. Будзіловіч знаходзіць, што аўтар павінен быў-бы ўключыць у склад свайго ўступнога агляду характарыстыку найважнейшых зьявішч і напрамкаў тагочаснае заходня-славянскае літаратуры, якая мела бясспрэчны ўплыў на нараджэньне ідэй Скарыны і разьвіцьцё яго выдавецкае дзейнасьці. Адзначаючы беднасьць вядомых Уладзімераву жыцьцяпісных вестак аб Скарыне, Будзіловіч лічыў, што год сьмерці Скарыны азначаны Уладзімеравым зусім бяздовадна, а сам Будзіловіч схіляецца да думкі, што Скарына памёр значна раней. Калі-б Скарына перажыў цяжкія 30-я гады і дажыў-бы да рэформацыйнага руху на Літве, дык ён бадай не сядзеў-бы ў бязьдзейнасьці, як заўважвае Будзіловіч.

Рэцэнзэнт лічыць вялікай заслугай Уладзімерава распрацоўку паасобных разьдзелаў, датычных дзейнасьці Скарыны. Усе выданьні Скарыны аўтар разгледзеў вельмі ўважліва і старанна. Будзіловіч лічыць шэраг вывадаў Уладзімірава бясспрэчнымі і згаджаецца з яго думкай, што Скарына пры зьменах царкоўна-славянскага тэксту бібліі кіраваўся чэскай утраквісцкай бібліяй 1506 году. Будзіловіч таксама згаджаецца з вывадамі Уладзімерава аб уплыве Скарыны на пазьнейшыя „заходня-расійскія" выданьні XVI сталецьця. Будзіловіч думае, што з бегам часу пагляд Уладзімерава некалькі зьменіцца, але асноўныя вывады аўтара бадай ня будуць істотна зьменены пазьнейшымі дасьледчыкамі. Будзіловіч ня згодзен таксама і з думкай Уладзімерава аб чыста праваслаўным характары выданьняў і пісаньняў Скарыны. Перш за ўсё, самае імя Скарыны „Францішак” і яго жонкі „Мальгрэта" маюць у сабе нешта вуніцкае. Жыцьцё Скарыны ў Кракаве і ў Празе, сярод каталікоў і утраквістых не дапамагала, пэўна, выпрацоўцы альбо хаця-б захаваньню ў ім праваслаўнага сьветапагляду. Самая думка перакласьці царкоўныя біблейныя тэксты праваслаўнага славянства „на адзін з краёвых расійскіх дыялектаў", на думку Будзіловіча, не магла ў тыя часы нарадзіцца ў галаве праваслаўнага чалавека. Будзіловіч наогул схіляецца да прызнаньня протэстанцкіх уплываў на Скарыну. Недарэмна апошні карыстаўся чэскай утраквісцкай бібліяй, нязгоднай ні з Вульгатай, ні з праваслаўным канонічным тэкстам, і да некаторай ступені сэнатарскай. Будзіловіч зварочвае ўвагу таксама і на тое, што агульны характар гравюр „Малое Падарожнае Кніжыцы” можа сьведчыць аб блізкасьці Скарыны да каталіцтва. Такую супярэчнасьць Будзіловіч тлумачыць тым, што чэскі утраквізм быў каталіцкім, напоўпротэстэнцкім і дзе-ні-дзе праваслаўным. Будзіловіч з вялікаю пахвалой кажа аб разьдзеле, прысьвечаным мове Скарыны, але з некаторымі вывадамі Уладзімерава вучоны рэцэнзэнт і тут не згаджаецца. Будзіловіч не згаджаецца з Уладзімеравым адносна тутэйшага „заходня-расійскага" нараджэньня мовы Скарыны. На яго думку, трэба прыпусьціць яшчэ іншыя крыніцы, якія хаваліся ў рэлігійных адносінах тагочаснае Чэхіі і ў яе моцным уплыве ў пасьлягусыцкую эпоху на сумежныя славянскія землі, між іншым на Польшчу, а праз яе і на „Заходнюю Русь”. Будзіловіч знаходзіць, што гэтае пытаньне заслузаслугоўвае болей уважлівага разгляду ў даведваньні. Апроч таго, Будзіловіч вінаваціць Уладзімерава ў няпоўнай распрацоўцы сынтаксу Скарыны, у нязначнасьці слоўніку, а таксама ў тым, што аўтар пакінуў нявырашаным пытаньне, ці была мова Скарыны запраўды жывою (моваю) ці штучным жаргонам, які ўтварыўся пад пяром Скарыны з эклектычнага злучэньня стыхій — заходня-рускай, царкоўна-славянскай, чэскай і польскай. Нарэшце, выказваючы шэраг сваіх лінгвістычных меркаваньняў, Будзіловіч адзначае стылістычныя недакладнасьці Ўладзімерава. Рэцэнзэнт супроць тэрміну „белорусский язык". Ён уважае за лепшае „дыялект". Затое нельга не згадзіцца з Будзіловічам, што тэрмін „Юго-Западная Русь” у дапасаваньні да Вільні і Полацку зусім неадпаведны.

Будзіловіч, адзначаючы сувязь выказаных Уладзімеравым думак з думкамі яго папярэднікаў, а таксама і тое, што некаторыя пагляды аўтара патрабуюць яшчэ далейшай распрацоўкі і могуць бадай быць зьнішчаны, усё-ткі лічыць заслугай аўтара тое, што ён моцна штурхануў іх наперад і прыблізіў да разьвязаньня. Будзіловіч лічыць вялікаю заслугай Уладзімерава бездакорную распрацоўку бібліяграфічнае часткі працы, якая надоўга застанецца ўзорам монографій гэтага роду.

Можна падвесьці падрахунак усім крытычным разглядам працы Уладзімерава. Чыста навуковы характар маюць толькі рэцэнзіі Сабалеўскага, Мурко, Доўнар-Запольскага і Будзіловіча. Калі рэцэнзіі першых двох маюць філёлёгічны характар, дык апошнія два рэцэнзэнты падышлі да ацэнкі працы з вельмі шырокіх пунктаў погляду. У гэтых адносінах цікава рэцэнзія Доўнар-Запольскага, у якой аўтар імкнецца адзначыць тое месца, якое займаў Скарына ў гісторыі беларускага народу. Праўда, пытаньне, пастаўленае Доўнар-Запольскім, не атрымала адпаведнага поўнага адказу, але яно захавала ўсю сваю актуальнасьць.

Уладзімераў адгукнуўся толькі ў 1894 годзе на некаторыя рэцэнзіі на сваё дасьледваньне аб Скарыне.[116] Ён лічыў патрэбным не зварочваць увагі на рэцэнзіі, зьмешчаныя ў „Славянском Вестнике", і ў „Kwartalniku historycznym", як асабліва прадузятыя. Найболей зьвярнуў увагу Ўладзімераў на рэцэнзію Сабалеўскага. Уладзімераў ня можа згадзіцца з думкаю Сабалеўскага аб тым, што, апроч псалтыру і парамейніку, Скарына ня быў знаёмы ні з якімі іншымі царкоўна-славянскімі тэкстамі. Уладзімераў думае, што, апроч парамейніку, Скарына меў таксама дзесяціслоў пачатку XVI сталецьця. Парамейнік зьмяшчаў у сабе толькі абраныя разьдзелы з кніг старога закону, тады як дзесяціслоў быў няпоўным сьпіскам бібліі пачатку XVI сталецьця. Таксама Уладзімераў лічыў непатрэбным параўнаньне бібліі каралевы Зоф‘і з тэкстамі Скарыны, бо абодва тэксты бібліі маюць сваёй падставай чэскі тэкст бібліі. Уладзімераў нязгодзен таксама з увагай Сабалеўскага аб мове Скарыны. Сабалеўскі, па думцы Уладзімерава, дарэмна лічыць, што Скарына пераклаў біблію на славянскую мову. Мова Скарыны ў сваёй аснове, як думае Уладзімераў, ёсьць мова беларуская. Каб апраўдаць сваю думку, Уладзімераў адносіцца да вядомай працы Карскага „Очерки истории звуков и форм белорусской речи“. Адказваючы Будзіловічу, і каб падтрымаць сваю думку аб тым, што Скарынінскія выданьні прызначаліся для мяшчанства, Уладзімераў заўважыў, што скарынінскія словы „Братья посполитые" адносяцца да мяшчанства. Уладзімераў прыводзіць тэкст граграматы 1553 году, у якой прадстаўнікі полацкага мяшчанства Есько Скарына і Гаўрыла Алелькавіч, пасланыя ў Рыгу для перамаўленьняў, названы „Братьей посполитой". У вадказ на ўвагу рэцэнзэнта „Kwartalnika historycznego" Уладзімераў адзначае, што слова „Россия“ ўжывалася ўжо ў XIV сталецьці. Так, у 1387 годзе мітрапаліт Кіпрыян названы мітрапалітам Кіеўскім і „России”. У 1593 годзе браты Мамонічы надрукавалі псалтыр „для православного народа, закона греческого, языка славянского или российского".

Пасьля выпуску свайго даеьледваньня Уладзімераў меў магчымасьць пабываць у Варшаве і азнаёміцца з рукапісам, які знаходзіўся ў бібліотэцы Красінскіх і з якім дагэтуль дасьледчык ня быў знаёмы. Гэты рукапіс быў напісаны „повелением Луки, с неславного града Тарнополя”. Уладзімераў надае гэтаму рукапісу вялізарнае значэньне, бо ён можа служыць пацьвярджэньнем раней выказанае ім думкі аб тым, што Скарына пераклаў усе кнігі новага і старога закону. Рукапіс бібліотэкі Красінскіх падобны да рукапісаў львоўскага і пецярбурскага—Галавецкага і Пагодзіна. Ён зьмяшчае ў сабе паасобныя кнігі старога закону, якіх няма ў львоўскім і пецярбурскім рукапісах. Самая тэрмінолёгія, — „порядок книг старого закона и порядок книг нового закона” — скарынінскія. Імя Скарыны ў сьпісу Лукі нідзе не названа. Але што ў аснове сьпісу Лукі ляжалі скарынінскія сьпісы,— гэта не выклікае з боку Уладзімерава ніякіх сумненьняў. Нарэшце, тыя некалькі слоў аб Скарыне, як друкару, якія Уладзімераў прысьвяціў апошняму у сваім артыкуле „О начале славянского и русского книгопечатания в XV—XVI в. в.", не дадаюць нічога новага да таго, што сам Уладзімераў раней гаварыў аб гэтым. Зразумела, ён узяў пад увагу матар'ялы, апублікаваныя Шляпкіным[117]

Праз 12 год пасьля выхаду свайго дасьледваньня аб Скарыне Ўладзімераў надрукаваў невялічкі жыцьцяпісны нарыс Скарыны для слоўніку Брокгаўза і Эфрона. Жыцьцяпісная заметка Уладзімерава аднаўляе асноўныя вывады, да якіх аўтар прышоў у сваім дасьледваньні аб Скарыне, але з пэўнымі адхіленьнямі ад раней выказаных думак. Так, Уладзімераў прадаўжае называць Скарыну „русским" і мову яго „русской". Гэтае зацьвярджэньне Уладзімерава знаходзіцца ў супярэчнасьці з яго вывадам аб тым, што „перакладам біблейных кніг з царкоўна-славянскага і лацінскага тэкстаў Скарына заклаў падваліны літаратурнай мовы Паўднёва-Заходняе Русі. Форма мовы яго — мяшаная, неапрацаваная, але ў ёй выяўляюцца элемэнты беларускай гутаркі". У сваёй заметцы Уладзімераў адмаўляецца ад раней выказанае ім думкі як быццам Скарына нарадзіўся ў багатай купецкай сям’і. Уладзімераў толькі ўстанаўляе факт пахаджэньня яго з купецкае сям‘і ў Полацку. У сваім дасьледваньні Уладзімераў не закранаў пытаньне аб тым, чаму ў першага беларускага друкара было падвойнае імя. У заметцы Уладзімераў знаходзіць магчымым зацьвярджаць, што Скарына атрымаў імя Францішак, мусіць быць, у Кракаўскім Унівэрсытэце. Аўтар зацьвярджае, што Скарына вучыўся далей у Болёньні і зусім маўчыць аб матар'ялах Шляпкіна, якія вызначаюць, што Скарына атрымаў ступень доктара мэдыцыны ў Падуі, Дзіўна таксама чытаць рашучае зацьвярджэньне аўтара аб тым, што ў Нямеччыне хадзілі апавяданьні аб адносінах Скарыны да Лютэра. Чаму аўтар паўтарае легенду, якую ён сам скасаваў? Нарэшце, насупроць Будзіловічу Уладзімераў, знайшоў магчымым усё-ткі зацьвярджаць, што ўсе выданьні Скарыны прызначаліся для „праваслаўных рускіх людзей” . Наогул, заметка Ўладзімерава аб Скарыне досыць заблытана і робіць дзіўнае ўражаньне[118].

Ужо Уладзімераў у сваім дасьледваньні выказаў прыпушчэньне аб тым, што Скарына атрымаў ступень „доктора в лекарстве" дзе-небудзь, як і іншыя выхаванцы Кракаўскага Унівэрсытэту, па-за Кракавам, у Нямеччыне, Італіі, альбо ў Празе. Але Ўладзімераў ня меў ніякіх конкрэтных даных, каб давесьці сваю думку. У 1891 годзе Віндакевіч у сваім артыкуле „Materyial do history Polakow w Padwie” памянуў імя Скарыны. Профэсар Бэрлінскага Унівэрсытэту А. А. Брыкнэр паведаміў аб гэтым артыкуле І. Шляпкіна; апошні ў часе свайго мяшканьня ў Падуі зрабіў належныя дагледзіны ў унівэрсытэцкім архіве і знайшоў там тры вельмі каштоўныя докумэнты ў лацінскай мове, якія мелі адносіны да Скарыны. Гэтыя докумэнты пацьвердзілі раней выказанае прыпушчэньне Уладзімерава аб атрыманьні Скарынай ступені „в лекарских науках доктора" за кардонам.

Докумэнты І. Шляпкіна запаўняюць важны прабел у жыцьцяпісе Скарыны. Першы з докумэнтаў паказвае, што ў пятніцу 5 лістапада 1512 году ў звычайным пасяджэньні мэдычнае калегіі Унівэрсытэту пад старшынствам віцэ-прыора Мусаці, апошні вытлумачыў прычыну скліку калегіі наступным чынам: нехта, вельмі вучоны, але бедны юнак, doctor artium, які з далёкіх краін прышоў сюды, просіць даць яму магчымасьць набыць ступень доктара мэдыцыны бясплатна (de gratia speciali ac amore Dei per hoc sacrum collegiums in medicinis). Прыор назваў імя гэтага юнака — Францішак, сын памёршага Лукаша, Скарына, родам з Полацку, рускі (quidem iuvenis et doctor praefatus nominator dominus Franciscus quondam D. Lucae Scorina de Poloczko Ruthenus). Пасьля гэтага быў уведзены сам прасіцель, які прасіў „humiliter et reverenter" (пакорна і пачціва) даць яму магчымасьць трымаць экзамен на ступень доктара мэдыцыны. Пытаньне было разьвязана галасаваньнем на карысьць Скарыны. Другі дакумэнт дае весткі аб папярэдніх выпытах. Яны адбыліся ў суботу ў лістападзе таго-ж самага году ў царкве сьвятога Урбана. Папярэднія выпыты скончыліся для Скарыны добра. Ён быў дапушчаны да прыватных выпытаў па мэдыцыне. Трэці докумэнт паведамляе аб дэталях экзамену, які быў зроблены 9 лістапада ў біскупскім палацы, — экзамену ў прысутнасьці ўсяе мэдычнае калегіі і біскупа вікарыя Паўла Забарэльлі. Экзамен прайшоў для Скарыны добра. Скарына аднагалосна абвешчаны быў доктарам мэдыцыны і быў узьведзены ў гэтую годнасьць доктарам Бартолёмэем Барызонам.

Знаходка Шляпкіна ня толькі ўстанавіла вельмі важны факт у жыцьцяпісе Скарыны, але, як зусім справядліва заўважыў Шляпкін, дазваляе скласьці ўяўленьне аб прыблізных гадох Скарыны і аб імені яго бацькі. Гэтыя пытаньні высунуты былі ўпяршышо Уладзімеравым[119].

Ня меней каштоўнымі зьяўляюцца апублікаваныя А. Мілавідавым новыя докумэнты, якія адносяцца да жыцьцяпісу Скарыны. Гэтыя докумэнты знойдзены ў Кёнігсбэрскім архіве ў ліку чатырох: тры поўныя і адзін адрывак. Першы з іх, ад 16 мая 1530 году, ёсьць ліст першага прускага караля Альбрэхта Старэйшага да віленскага ваяводы Гаштольда, які займаў пасаду ваяводы з 1522 да 1539 году. Прускі кароль просіць ваяводу адпусьціць да яго Скарыну. Другі докумэнт, ад 16 мая 1530 году, гэта—пашпарт, выдадзены тым-жа каралём Ф. Скарыне для бесьперашкоднага праезду ў Кёнігсбэрг, з загадам і просьбай усяляк дапамагаць вучонаму доктару ў часе падарожы. Трэці докумэнт, ад 18 мая 1530 году, ліст таго-ж караля да віленскага сэнату адносна Францішка Скарыны, які едзе назад у Вільню з прычыны сямейных акалічнасьцяй. Альбрэхт просіць аднесьціся да Скарыны і яго сям'і справядліва і, калі што-колечы з яго маёмасьці захоплена, дык вярнуць яму. Чацьверты докумэнт, ад 16 мая 1530 году, ёсьць скарга таму-ж ваяводзе Гаштольду на Францішка Скарыну за тое, што апошні вывез з сабою нейкага яўрэя, які быў пры каралі доктарам і друкаром, чым зрабіў вялікую шкоду.

Выдавец докумэнтаў А. Мілавідаў зусім правільна адзначыў значэньне іх для жыцьцяпісу Скарына. Яны даюць некаторыя новыя даныя адносна жыцьця Скарыны за кардонам у 1530 годзе. Надрукаваныя Ўладзімеравым докумэнты паказваюць на адсутнасьць Скарыны ў Вільні ў 1530 годзе. Да публікацыі А. Мілавідавым сваіх докумэнтаў, знойдзеных у Кёнігсбэрскім архіве, нічога ня было вядома аб зносінах Скарыны з Прусіяй. Ад‘езд у Прусію Мілавідаў ставіць у сувязь з вялікім віленскім пажарам, які зьнішчыў 3/4 Вільні. Відавочна, Скарына знаходзіўся ў вельмі цяжкіх абставінах, што і прымусіла яго паехаць да прускага караля. Так паступова новыя докумэнты павялічваюць нашыя малыя веды аб жыцьці і дзейнасьці Скарыны[120].

IV.

Усе тыя, хто займаліся гісторыяй Беларусі ці гісторыяй Украіны альбо цікавіліся беларускімі і украінскімі літаратурнымі плынямі, адводзілі ў сваіх кнігах і артыкулах віднае месца Скарыне. З ліку гэтых дасьледчыкаў на першым месцы трэба паставіць акадэміка Е. Ф. Карскага. Ужо ў 1886 годзе ў сваёй працы „Обзор звуков и форм белорусской речи“ Карскі падышоў да Скарыны. Вывучаны ім рукапіс Віленскае Публічнае Бібліотэкі Карскі прылічыў да перакладаў Скарыны[121]. Аднак, супроць гэтага зацьвярджэньня Ўладзімераў выказаў некаторыя ўвагі. Уладзімераў, наадварот, думаў, што ўвесь рукапіс, за выключэньнем псалтыру, ёсьць пераклад з яўрэйскага тэксту[122]. У сваёй новай працы Карскі прымушаны быў прызнаць памылковасьць свае думкі і павінен быў згодзіцца з тым, што віленскі рукапіс — яўрэйскага пахаджэньня. На думку Карскага, рукапіс „належыць да нейкага вучонага яўрэя, пахаджэньнем з Заходняй Русі, што, зразумела, адбілася на будове і складзе мовы" [123] Карскі ў першым томе свайго твору „Белорусы" прызнаў працу Уладзімерава аб Скарыне „замечательным трудом, в котором дается материал двоякого рода: историко-литературный и лингвистический". Карскі адзначае багацьце апошняга, дзе ёсьць мноства даных для дасьледваньня „заходня-рускіх" гаворак і суджэньня аб іхніх асаблівасьцях[124]. У 1918 годзе Карскі надрукаваў вельмі каштоўную працу „Доктар Фракциск Скорина", якая прызначалася да дня 400-лецьця выхаду праскага „Псалтыру".

Праца Карскага вельмі цікавая і зьяўляецца абагульненьнем усяго матар'ялу, які мы дагэтуль маем. Карскі высака ставіць дзейнасьць Скарыны і лічыць, што ўсе яго выданьні ёсьць выдатнае ў шмат якіх адносінах зьявішча „заходня-рускае" культуры. У васобе Скарыны, на думку Карскага, мы маем адукаванага чалавека свайго часу, які ніколькі ня быў ніжэй за тагачасных заходня-эўропейскіх дзеячоў ані розумам сваім, ані энэргіяй і высокімі замысламі. Не знаходзячы на бацькаўшчыне вышэйшае навукі, ён вандруе па найболей выдатных заходня-эўропейскіх унівэрсытэтах, дасягае вышэйшых вед і скарыстоўвае іх на карысьць свайго народу. Так ацэньвае асобу Скарыны Карскі. Хаця Скарына пераклаў сваю біблію з чэскага выданьня 1506 году, аднак, у сваім перакладзе ён выявіў шмат самастойнасьці. Апошняя выяўлялася перш за ўсё ў тым, што Скарына некаторыя кнігі альбо часткі іх пераклаў на народную мову. Самастойнасьць Скарыны выяўлялася і ў напісаных ім прадмовах як да паасобных кніг, так і да цэлых груп іх. Нарэшце, самастойнасьць Скарыны выяўлялася ў тым, што ён часам для ажыўленьня сваіх выданьняў ужывае вершы сылябічнага характару. Гэты род творчасьці з часам вельмі разьвіўся ў „Заходняй і Паўднёвай Русі”, не бяз уплыву, зразумела, польскіх і чэскіх выданьняў, дзе такія вершы зьмяшчаліся. Да артыкулу Карскага далучаны адрыўкі з перакладаў Скарыны і дадзена падрабязная характарыстыка ўплыву Скарыны на разьвіцьцё беларускае і украінскае пісьменнасьці. Ня гледзячы на сьцісласьць нарысу, апошні адзначаецца глыбінёю і багацьцем зьместу. Трэба адзначыць, што Карскі ніколі ня высоўвае такіх гіпотэз, якія ўтваралі і, відавочна, будуць утвараць многія пісьменьнікі для тлумачэньня і разуменьня дзейнасьці Скарыны. Карскі заўсёды стаіць на грунце фактаў, вызначаных навукай. Значэньне Скарыны Карскі характарызуе так: „Такім чынам, перакладная і выдавецкая дзейнасьць славутага беларуса XVІ сталецьця зьяўляецца выдатнай ня толькі сама па сабе, але таксама і па тым уплыве, які яна зрабіла на далейшае разьвіцьцё гэтай галіны пісьменства. Яго друкаваныя пераклады папярэдзілі значна горшыя за іх сваім знадворным выглядам маскоўскія выданьні болей як на 30 год” [125]. Нарэшце, Карскі выпусьціў вялікую кнігу аб беларускай старой пісьменнасьці, у якой Скарына, зразумела, займае належнае месца. Аднак, усё, што напісаў Карскі аб Скарыне ў новай кнізе, ёсьць бадай што даслоўнае аднаўленьне папярэдняга артыкулу з вельмі нязначнымі дадаткамі ілюстрацыйнага характару[126].

Шмат увагі аддае дзейнасьці Скарыны Ў. М. Ігнатоўскі ў сваім „Кароткім нарысе гісторыі Беларусі". Уся эпоха XVI сталецьця здаецца аўтару эпохаю высокае культуры літоўска-беларускае дзяржавы. Аб гэтым сьведчыць разьвіцьцё беларускага друку, з якім злучана дзейнасьць першага беларускага друкара Францішка Скарыны. Характарыстыка асобы Скарыны зроблена яскрава і выразна. Аўтар прылічвае Скарыну да багатай гандлярскай сям'і. Апроч таго, У. М. Ігнатоўскі не адзначае атрыманьне Скарынай ступені „доктара ў лекарстве" ў Падуанскім Унівэрсытэце. Аўтар абмежаваўся толькі агульнаю фразай, што Скарына, незадаволены атрыманаю адукацыяй, паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдычным факультэце, і атрымаў ступень доктара[127].

М. Гарэцкі, аўтар „Гісторыі беларускае літаратуры"[128], зразумела, аддаў Скарыне многа ўвагі ў сваёй кнізе. Францішак Скарына — яскравы прадстаўнік беларускае літаратуры „залатога веку". Аўтар разглядае усебакова жыцьцё і дзейнасьць Скарыны, бачачы ў ім „гуманістага, патрыота і чалавека пабожнага, лепшага інтэлігента свайго часу". У працы ёсьць і бяздовадныя думкі. Так, Скарына зьяўляецца сынам „заможных купцоў, якія мелі гандаль з Рыгаю і Вільняю". Гэта ёсьць першая памылка. Няправільна таксама і другое зацьвярджэньне аўтара, быццам Скарына пазьней, калі рабіў падарож па Нямеччыне, пазнаёміўся з Лютэрам, які „быў да яго няпрыхільны, бо думаў, што Скарына — нячыстая сіла". Гэтую байку трэба было-б выкінуць з курсу, які прэтэндуе на навуковасьць. З пасьляслоўя да „Псалтыру" 1517 году вядома, што Скарыне пры друкаваньні даў матар'яльную дапамогу Онькаў, сын радцы места Віленскага. У Гарэцкага сустракаецца такая думка, якую немагчыма давесьці: „у гэтай працы яму памаглі заможныя беларусы, прыхільнікі асьветы, а ў першы чарод памагло, кладучы кошт, Віленскае Панскае брацтва. Памаглі яму і беларускія мяшчане, прыкладам, сын віленскага радцы Багдан Онькаў, віленскі бурмістар Якуб Бабіч і іншыя. Яны давалі яму грошы і здабывалі і прысылалі патрэбныя матар'ялы". Можа быць гэта так і было, — мы гэта ня ведаем, — але апроч пасьляслоўя да „Псалтыру" 1517 году мы ніякіх даных ня маем, і лепш было-б у гэтым разе быць, як Уладзімераў, надта асьцярожным і ўнікаць бяздовадных фраз. Высьвятляючы значэньне Скарыны, Гарэцкі правільна зацьвярджае, што „Скарына стаіць у нас на вялікім гістарычна-літаратурным і культурным рубяжы, як першы беларускі друкар. Друкарня яго ў Вільні, першая на Беларусі, адбыла вялікую культурную місію для ўсяго славянскага Усходу".[129]

Таксама Н. Л. Янчук, даючы наогул правільную і цікавую характарыстыку Скарыны, робіць памылкі[130]. У Янчука Скарына — шляхціц пахаджэньнем, бо меў свой гэрб, хаця яго родныя належалі да купецкага і мяшчанскага стану. Гэта, зразумела, няверна. Няправільна і тое, што Скарына меў досыць вялікую маёмасьць, аб чым мы нічога ня ведаем. Н. А. Янчук не памінае аб атрыманьні Скарынаю ступені доктара ў Падуі. Бясспрэчна, вялікаю заслугай Янчука зьяўляецца тое, што ён на грунце прадмоў Скарыны, спрабаваў пазнаёміць чытача са сьветлапаглядам Скарыны. Памёршы вучоны зрабіў гэта ўпяршыню. Зусім правы Янчук і ў сваёй выдатнай характарыстыцы дзейнасьці першага беларускага друкара, „Доктар Скарына, — піша Янчук, — сваімі выданьнямі ўліваў сьвежы струмень у царкоўнае жыцьцё; ён дапамагаў разьвіцьцю сьвядомых адносін да царкоўных кніжок і да рэлігіі; а што для нас найважней, так гэта тое, што Скарына першы даў у рукі народу зразумелую літаратуру і прабуджаў у гэтым народзе замілаваньне да асьветы і да роднага слова”.

Эпоха XVII сталецьця на Беларусі, у ацэнцы Ў. І. Пічэты, можа быць названа „беларускім адраджэньнем". Заходня-рускае, г. зн. беларускае адраджэньне, піша Пічэта, якое насіла ясна індывідуалістычны характар, знаёміла беларускую шляхоцкую дэмократыю з рымскім правам і рабіла яе асабліва ўпартай у павароце сваіх індывідуальных праў. Зьбіраньне бібліотэк было таксама адбіткам беларускага кулькультурнага адраджэньня. Знаёмства з філёлёгіяй асабліва выявілася ў перакладзе бібліі на беларускую мову. У канцы XVI сталецьця за гэтую справу ўзяўся вандроўны друкар Базыль Цяпінскі, а ў першай палове XVI сталецьця гэтую задачу бліскуча выканаў палачанін Фр. Скарына, які імкнуўся „к наученію простых людей руского языка". Новая культура закранула зямельную арыстакратыю і шляхоцкую дэмократыю, часткова і гарадзкое грамадзянства[131]. У іншым месцы, даючы агульную характарыстыку беларускага адраджэньня, Пічэта адзначае, што гандлёвыя сувязі з Заходняй Эўропай дапамагалі праніканьню ў месты і ў колы зямляўласьнікаў эўропейскае культуры і ўтваралі гуманістычны рух, нацыянальны ў сваёй аснове і індывідуалістычны па сваім характары. Скарына належыць да гарадзкіх гуманістых. Называючы Скарыну гуманістым, Пічэта, аднак, не прабуе выясьніць сутнасьць гуманістычнага сьветапагляду Скарыны. Кажучы аб значэньні перакладу бібліі Скарынай, аўтар заўважвае, што, „перакладаючы сьвятое пісьмо на родную мову, Скарына стараўся зрабіць яго даступным, зразумелым для шырокіх народных гушчаў. Для Скарыны сьвятое пісьмо мае аграмаднае моральна-навучальнае значэньне, як крыніца жыцьцёвай мудрасьці і боскай праўды"[132]. Пічэта зварочваецца яшчэ раз да Скарыны ў сувязі з сьвяткаваньнем чатырохсотлецьця беларускага друку. Пічэта доўга спыняецца на пахаджэньні і агульным характары беларускага адраджэньня. Аўтар прылічвае Скарыну да сярэдня-заможнага мяшчанства. Ён шырака выкарыстаў матар'ялы Шляпкіна і Мілавідава. Ён піша, што ў 1535 годзе Скарына жыў у Вільні, але год яго сьмерці застаецца невядомым. Даўшы агульны малюнак дзейнасьці Скарыны ў Празе і Вільні, Пічэта спыняецца на характарыстыцы сьветапагляду першага беларускага друкара, як гуманістага. Аўтар лічыць, што „індывідуалізм Скарыны, даволі рэзка выяўлены, хоць не парваўшы сувязі з рэлігійнымі традыцыямі, далучаецца да індывідуалізму раньніх італьянскіх гуманістых як Дантэ, якія заставаліся на грунце ортодоксальнага каталіцызму. Ф. Скарына быў сынам свайго веку, хаця-ж яго зацікаўленасьць прыродай цалкам грунтуецца на падставах царкоўных сьветапаглядаў"[133].

Усе дасьледчыкі, усьлед за Уладзімеравым, лічылі, што Скарына нарадзіўся ў апошняй чвэрці XV сталецьця, каля 1490 году. Аднак, гэтую дату Уладзімераў прыняў вельмі ўмоўна, бо ён ніякіх даных для гэтага ня меў, апроч таго, што Скарына паступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт у 1504 годзе. Значыцца, у момант паступленьня Скарыны ў Кракаўскі Унівэрсытэт ён меў ня меней як 14 год. Трэба думаць, што чатырнаццацілетні ўзрост быў крыху замалы для ўступу да Унівэрсытэту, і трэба лічыць год нараджэньня Скарыны некалькі раней. Урэшце, дакладнае даты дагэтуль яшчэ мы вызначыць ня можам. М. М. Шчакаціхін высунуў цікавую гіпотэзу аб 1486 годзе, як годзе нараджэньня Скарыны. Свой вывад Шчакаціхін робіць на падставе вывучэньня гэрбу Скарыны, які трэба было вытлумачыць згодна з тагачаснымі астролёгічнымі ведамі. Шчакаціхін лічыць, што Скарына павінен быў нарадзіцца ў той год, калі было зацьменьне сонца, якое было відаць у Полацку. Такое зацьменьне відаць было там у 1486 годзе. Зацьменьне адбылося 6 сакавіка 1486 году. Значыцца, гэты дзень і трэба лічыць днём нараджэньня Скарыны[134]. Гіпотэза Шчакаціхіна вельмі цікавая і заслугоўвае пэўнае ўвагі. Калі яна нават, бябязумоўна, і вельмі спрэчная, — дык, усё-ж бясспрэчна правільна прыпушчэньне, што Скарына нарадзіўся некалькі раней, чымся гэта вызначыў Уладзімераў. Калі прыняць датай 1486 год, дык Скарыне ў момант паступленьня ў Кракаўскі Унівэрсытэт было 18 год. Уладзімераў вывучыў выданьні Скарыны з пункту пагляду друкарскага мастацтва, але пытаньне аб гравюрах і орнамэнтах у выданьнях Скарыны ён не закрануў. У літаратуры аб Скарыне, якая існуе з гэтага поваду, аб Скарыне сказана толькі некалькі слоў, і ўпоўне зразумела, што чарговым заданьнем гісторыкаў мастацтва было вывучэньне гравюр і орнамэнтаў у выданьнях Скарыны. Гэтую спробу зрабіў Шчакаціхін, і, трэба сказаць, зрабіў вельмі ўдала[135]. Гравюры і орнамэнты Шчакаціхін вывучыў вельмі падрабязна з пункту пагляду іх мастацкага выкананьня аўтар ставіць іх вельмі высака. Зразумела, у артыкуле Шчакаціхіна намечаны толькі асноўныя вехі. Само па сабе пытаньне такое складанае, што патрабуе самастойнага вывучэньня, што Шчакаціхін і зрабіў у іншай працы[136].

Сьвяткаваньне 400-лецьця беларускага друку ў Менску выклікала зьяўленьне артыкулу юбілейнага характару А. Харэвіча: „Скарына і яго эпоха". Аўтар дае характарыстыку стану Літоўска-Беларускае дзяржавы ў канцы XV і ў пачатку XVI сталецьця. Аўтар зварочвае ўвагу на разьвіцьцё буйнога зямляўласьніцтва і злучаных з ім шляхоцкіх вольнасьцяй, на становішча местаў, на моральны заняпад царквы. Аўтар констатуе, што ў гэтую эпоху ў краіне далёка ня ўсё было ў добрым стане. Грубасьць, самаўладзтва, забойствы, рабункі, уціск сялянскіх мас былі характэрнымі адзнакамі эпохі. Народная асьвета знаходзілася на самай нізкай ступені. На гэтай падставе і пачынае разьвівавацца дзейнасьць Скарыны. Аўтар зусім правы, калі, разглядаючы ідэолёгію Скарыны, ён бачыць у ёй рэакцыю супроць сярэднявечнага сьветаразуменьня. Дзякуючы гэтаму, для Харэвіча Скарына зьяўляецца прадстаўніком гуманістычнага сьвету. У працы Харэвіча ёсьць некаторыя жыцьцяпісныя даныя аб Скарыне. Упоўне зразумела, што аўтар асьцярожна адносіцца да вываду Шчакаціхіна аб годзе нараджэньня Скарыны. Даючы кароткі нарыс жыцьця і дзейнасьці Скарыны, А. Харэвіч заўсёды стаіць на грунце фактаў і ніколі не прыбягае да вымыслаў, якіх немагчыма апраўдаць адноскамі да крыніц. Для жыцьцяпісу Скарыны А. Харевіч чамусьці ня выкарыстаў матар'ялаў Мілавідава. Зразумела, ацэнку дзейнасьці Скарыны аўтар зрабіў зусім правільна. Аўтар бачыць у васобе Скарыны прадстаўніка тае эпохі, якая была цесна зьвязана з рэформацыйным рухам, хаця ў бібліі Скарыны дух рэформацыі не адчуваецца. Аднак, такія консэрватары, як князь А. Курбскі, адносіліся адмоўна да перакладу бібліі Скарыны, лічачы скарынінскую біблію кнігай неправаслаўнага характару. Уся скарынінская ідэолёгія, на думку Харэвіча, ідзе супроць духу эпохі. І некаторымі сваімі думкамі, зацьвярджае Харэвіч, Скарына папярэдзіў сваю эпоху на цэлае сталецьце. Асноўнаю яго ідэяй, што чырвонай ніцьцю праходзіць праз усе выданьні Скарыны, зьяўляецца ідэя аб сувязі пісьменнасьці з народам, ідэя такая актуальная ў наш час. Артыкул А. Харэвіча можна прылічыць да аднаго з найлепшых, якія зьявіліся ў сувязі з юбілеем[137].

Юбілейнае пахаджэньне мае і артыкул проф. М. М. Піотуховіча „Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць". Артыкул напісаны на падставе знаёмства з усёю літаратурай аб Скарыне і вельмі добрага вывучэньня ўсіх выданьняў Скарыны. Вельмі цікавы тыя паказаньні аўтара, якія датычаць Падуанскага Унівэрсытэту. Рэч у тым, што ў той год, калі Скарына атрымаў ступень доктара лекарскіх навук у Падуанскім Унівэрсытэце, самы Унівэрсытэт быў зачынены. Значыцца, Скарына павінен быў недзе атрымаць мэдычную адукацыю, але ў якім уласна месьце — застаецца невядомым. Характарызуючы Скарыну як прадстаўніка гуманістычнага руху і знаходзячы ў сьветапаглядзе Скарыны шмат сярэднявечнага, Піотуховіч, аднак, паказвае і на шэраг новых ідэй, якія знаходзіліся ў рэзкай супярэчнасьці з старым сярэднявечным сьветаразуменьнем. Сваімі ідэямі і дзейнасьцю Скарына належыць да эпохі адраджэньня. Індывідуалізм, нацыоналізм і натуралізм, імкненьне пазнаць прыроду, ёсьць тры асноўныя рысы гуманізму. Гэтыя рысы ўласьцівы і Скарыне. Недарэмна ён пакінуў схолястычны Кракаўскі Унівэрсытэт і накіраваўся ў Італію, краіну новае філёзофска-натуральнае думкі, новых літаратурных плыняй. Зусім правы Піотуховіч у сваім вывадзе, што на асобе Скарыны ляжаць „густыя цені сярэднявечча, але адначасна мрок гэтых ценяй праразаюць сьветлыя блікі жыцьцярадаснага рэнэсансу" [138].

Нарэшце, сьвяткаваньне на Беларусі 400-лецьця ад дня выхаду скарынінскага „Апостала", выклікала зьяўленьне невялічкага жыцьцяпісу Скарыны, аўтарам якога зьяўляецца Н. Бываеўскі. Гэты невялічкі жыцьцяпіс грунтуецца на ўсіх вядомых нам матар’ялах аб Скарыне. Аднак, у артыкуле ёсьць зацьвярджэньні, з якімі цяжка згадзіцца. Так, адкуль аўтар ведае, што, калі ў Вільні быў бацька Скарыны, дык было вырашана пытаньне аб далейшай адукацыі маладога Францішка. Трэба аднесьці таксама да непагрунтаваных гіпотэз зацьвярджэньне аўтара аб тым, што Скарына быў гасьцём М. Лютэра і Мэлянхтона, калі яны распачалі барацьбу з каталіцкаю царквою. Здаецца таксама, што гіпотэза Шчакаціхіна аб часе нараджэньня Скарыны, пры ўсёй сваёй дасьціпнасьці, застаецца толькі гіпотэзай[139].

400-лецьце беларускага .друку выклікала шэраг водгукаў за кардонам у Беларускіх землях. І польскія, і беларускія дасьледчыкі прысьвецілі гэтаму важнейшаму факту ў гісторыі беларускае культуры паасобныя працы і артыкулы. Так, Абрамовіч надрукаваў спэцыяльнае дасьледваньне аб 400-лецьці друкарства ў Вільні. У гэтай працы адведзена значнае месца і Ф. Скарыне, як першаму віленскаму друкару. Аўтар выкладае жыцьцяпісныя даныя на падставе кнігі Уладзімерава і матар'ялаў Шляпкіна, Новыя даныя Мілавідава засталіся аўтару невядомымі. Наогул, ува ўсіх ^сваіх разважаньнях адносна выданьняў Скарына Абрамовіч Ідзе за Уладзшеравым і яго вывадамі. Разьдзел аб Скарыне ў працы Абрамовіча невялічкі, але адначасна ён вельмі выразна сумуе ўсё, што было зроблена ў навуцы адносна вывучэньня Скарыны [140].

На юбілей Скарыны адгукнуўся ў Вільні і А. Станкевіч. Невялічкая памерам праца А. Станкевіча ёсьць вельмі ўдалая спроба навукова-популярнае характарыстыкі дзейнасьці першага беларускага друкара. Апошняя разглядаецца ў адпаведнай культурна-гістарычнай абстаноўцы. Цэнтр увагі А. Станкевіча — жыцьцё Скарыны і яго' дзейнасьць у Празе і ў Вільні. Праца Станкевіча не орыгінальная, бо ў яе аснове ляжыць праца Уладзімерава, а таксама артыкулы ў бэрлінскім часопісе „Літопісь" за 1924 год, а некаторыя факты ўзяты і з працы Сьвяньціцкага „Початкі кнігопечатаня на землях Украіни”. А. Станкевіч, усьлед за Ўладзімеравым, вельмі асьцярожны ў сваіх вывадах і ніколі не закранае фактаў, якія немагчыма падтрымаць адпаведнымі довадамі, напрыклад, пытаньне аб вызнаньні Скарыны. А. Станкевіч, даючы апісаньне праскіх і віленскіх друкаў, прабаваў таксама выявіць сутнасьць скарынінскага сьветаразуменьня. Нельга назваць спробу аўтара ўдалай, хаця трэба згадзіцца з думкай аўтара аб тым, што гуманістычны рух у Італіі і Заходняй Эўропе зрабіў пэўны ўплыў на Скарыну. Урэшце, гэтая правільная гіпотэза нічым не даведзена. Але адкуль аўтару вядома, што „несьмяротны Дантэ, слаўны Пэтрарка, Боккачыо і іншыя вялікія поэты, патрыёты сонечнай Італіі, прадвесьнікі гуманізму, былі добра вядомы Скарыне і служылі багатым узорам для яго культурна-прасьветнай дзейнасьці”, нам і пасьля працы Станкевіча засталося невядомым. Урэшце, і самая характарыстыка Дантэ, Пэтраркі і Боккачыо як папярэднікаў гуманізму, — зьяўляецца спрэчнай, калі не адносна Дантэ, дык адносна двох апошніх гуманістых. Заслугоўвае ўвагі заключны разьдзел працы А. Станкевіча, прысьвечаны высьвятленьню значэньня дзейнасьці Скарыны. Аўтар правільна зацьвярджае, што „Скарына сваімі кніжкамі далучаў Беларусь да агульна-эўропейскае культуры"[141]

Другая праца юбілейнага характару вышла ў Коўні і належыць пяру В. Ластоўскага. Гэты невялічкі памерамі артыкул агульнага характару варты ўсялякае ўвагі, хаця з паасобнымі паглядамі аўтара згадзіцца цяжка. Так, В. Ластоўскі падтрымлівае гіпотэзу аб тым, што Скарына перад атрыманьнем ступені доктара мэдыцыны ў Падуі вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце. Аднак, як-бы ні была цікава гэтая гіпотэза, яе ўсё-ткі трэба адкінуць. Трэба таксама аднесьці да катэгорыі поэтычных вымыслаў разважаньні Ластоўскага аб тым, як Скарына зьвярнуўся на бацькаўшчыну, як ён пазнаёміўся з мясцовымі культурнымі дзеячамі, як у яго зьявіўся намер прысьвеціць сябе асьветнай працы, а таксама аб тым, чаму Скарына пакінуў бацькаўшчыну і пасяліўся ў Празе. Усе гэтыя разважаньні фактамі даведзены быць ня могуць, і лепш было-бы іх не закранаць. І Ластоўскаму матар'ялы Мілавідава засталіся невядомымі, хаця яны зьмяшчаюць надзвычайна каштоўныя даныя для жыцьцяпісу Скарыны. Наогул на працу Ластоўскага зрабіў пэўны ўплыў артыкул Карскага аб Скарыне. Калі Ластоўскі характарызуе асобу Скарыны, як „культурнейшага чалавека сваіх часоў, які нічым ня ўступаў тагочасным заходня-эўропейскім дзеячом ні розумам, ні энэргіяй, ні сваімі шырокімі помысламі", дык аўтар паўтарае даслоўна словы Карскага. Артыкул Ластоўскага канчаецца агульнай характарыстыкай выданьняў Скарыны з пункту погляду іх тэхнікі і мастацкасьці. У канцы артыкулу прыведзены ўзоры скарынінскіх біблійных перакладаў. Артыкул канчаецца агульнай характарыстыкай значэньня дзейнасьці Скарыны. Трэба таксама адзначыць, што ў артыкуле вельмі добра ілюстраваны той матар'ял, які мае дачыненьне да тэхнікі скарынінскіх выданьняў[142].

Сярод прац украінскіх дасьледчыкаў, якія закраналі жыцьцё і дзейнасьць Скарыны, зварочваюць на сябе ўвагу, перш за ўсё, працы акадэміка М. С. Грушэўскага. Зразумела, Скарына ня цікавіць аўтара сам па сабе, але толькі з прычыны сувязі дзейнасьці першага беларускага друкара з культурным разьвіцьцём Украіны. М. С. Грушэўскі, зразумела, правы, калі дзейнасьць Скарыны разглядае як вынік самастойнага беларускага культурнага разьвіцьця, а не як вынік уплыву заходня-протэстанцкіх плыняй. М. С. Грушэўскі адзначае, што на Беларусі і на Украіне ўжо ў XV і ў пачатку XVI сталецьця, задоўга да зьяўленьня рэфармацыйнага руху, пачалі зьяўляцца пераклады розных царкоўных кніг на народную мову, усьлед за якімі зьявіўся пераклад сьвятога пісьма полацкім мешчанінам Ф. Скарынай, выхаванцам раней Кракаўскага, а потым Падуанскага Унівэрсытэтаў. Скарына пачаў сваю перакладчую працу незалежна ад якіх-колечы рэформацыйных ідэй. М. С. Грушэўскі, ацэньваючы праскую і віленскую дзейнасьць Скарыны, лічыць, што плян выданьня поўнае бібліі, калі судзіць па тым, што да нас дайшло, ня быў выкананы, хаця ў аднэй з сваіх прадмоў Скарына гаварыў пра ўсю біблію, якую ён хацеў даць у рукі чытачу. Грушэўскі адзначае поўную адсутнасьць сувязі справы Скарыны з якой-небудзь рэлігійнай доктрынай. Ні ў праскіх, ні ў віленскіх выданьнях няма адносна гэтага ніякіх паказаньняў. На думку Грушэўскага, Скарына, відавочна, быў праваслаўным і трымаўся свае веры, а сваю дзейнасьць ён тлумачыў толькі мотывамі нацыянальнага і культурнага характару. Гэтым тлумачыцца, чаму Скарына „для посполитого понимания" пераклаў біблію на мову, блізкую да народнае. Той факт, што Скарыне ў яго працы дапамагалі Багдан Онькаў, а ў Вільні Якуб Бабіч, можа служыць адбіткам тэй культурнай абстаноўкі, у якой разьвіваліся новыя ідэі і культурныя інтарэсы, і якая характарызуе мяшчанства буйных беларускіх местаў. На думку Грушэўскага, мы ня ведаем, як пашыраліся кнігі Скарыны, але даныя пазьнейшых часоў і той уплыў, які Скарына зрабіў на розных перапішчыкаў і пераймальнікаў, паказвае пэўны ўплыў Скарыны на шырокія колы як беларускага, так і украінскага грамадзянства[143].

Сьвяткаваньне 350-лецьця кнігадруку на Украіне выклікала зьяўленьне цікавага выданьня, спэцыяльна прысьвечанага поўнаму агляду украінскага кнігадруку, пачынаючы ад XV сталецьця. У гэтым выданьні зьмешчаны невялічкі артыкул Паўла Папова аб пачатку беларускага кнігадруку. У гэтым артыкуле зроблены кароткі нарыс друкарскае дзейнасьці Скарасны і характарыстыка скарынінскіх кніг з пункту пагляду тэхнікі кнігадрукаваньня. Ува ўсіх гэтых пытаньнях аўтар стаіць на грунце тых матар'ялаў, якія былі выкарыстаны Уладзімеравым і якія былі апублікаваны таксама і пасьля яго. Аўтар адзначае, што, хаця дзейнасьць Скарыны тэрыторыяльна належыць болей да Беларусі, але яна мела вялізнае значэньне і для сумежнай і злучанай з ёю Украіны. Аўтар лічыць, што кнігі Скарыны вельмі пашыраліся на Украіне, прызвычайвалі насельніцтва да друкаваных выданьняў і падрыхтоўвалі блізкае ў будучыні разьвіцьцё ўласнага украінскага кнігадруку. Аўтар констатуе, што кнігі Скарыны чыталі на Украіне вельмі старанна цэлыя пакаленьні. Скарынінскія выданьні былі вядомы украінскаму пісьменьніку канца XVI і пачатку XVII сталецьця Івану Вішэнскаму. Скарынінскія выданьні часта перапісваліся на Украіне. Самая тэрмінолёгія друкаваных кніг, якія даўней на Украіне называліся „бітымі", належыць да эпохі Скарыны і яго выданьняў. Аўтар адзначае, усьлед за Ўллдзімеравым, што скарынінскія выданьні ў друкарскіх адносінах зрабілі ўплыў і на Захад, на выданьні Прымуса Трубэра ў Тубінгене ў Нямеччыне[144].

Украінскія ўрачыстасьці, зразумела, выклікалі таксама вялікі водгук і ў закардоннай Украіне, Галіцыі, у яе цэнтры — Львове, дзе нарадзілася украінскае кнігадрукаваньне. Так, Украінскаму Навуковаму Таварыству імя Шаўчэнкі ўдалася выдаць вельмі каштоўную кнігу профэсара І. Огіенка, якая спэцыяльна прысьвечана украінскаму друкарству. У гэтай вельмі каштоўнай па матар‘яле і бібліографіі кнізе адведзена значнае месца Скарыне. Даючы вядомыя жыцьцяпісныя весткі, Огіенка адзначае, што паміж Кракавам і Падуяй прапіло шэсьць год, на працягу якіх Скарына вывучаў мэдыцыну і багаслоўе, але ў якіх унівэрсытэтах — гэта застаецца невядомым. Той факт, што Скарына, зьявіўшыся ў Падую, меў вучоную ступень доктара eximiarum artium, пацьвярджае выказанае аўтарам меркаваньне. Огіенка ў гэтым пытаньні вельмі асьцярожны і ня пушчаецца з гэтага поваду ні ў якія разважаньні, што ня былі-б нагрунтаваны на фактах. Культурную працу Скарыны Огіенка тлумачыць жаданьнем даць народу кнігі сьвятога пісьма, якіх тады ня было наогул і якія мелі значэньне і для царквы, і для хатняга навучаньня. Гэтым тлумачыцца жаданьне Скарыны перакласьці цэлую біблію на тагочасную „рускую" мову; якая была супольнай і для украінцаў, і для беларусаў. Огіенка таксама адзначае спачуваньне да дзейнасьці Скарыны з боку мяшчан. Огіенка падкрэсьлівае, што скарынінскія выданьні стаялі ня ніжэй за найлепшыя тагочасныя выданьні — вэнэцыйскія і нюрэнбэрскія. З розных прычын Скарына не заснаваў сталага друкарства, але падставы для гэтага былі закладзены. Далейшае разьвіцьцё друкарскае справы ў Маскве, у Львове і ў Астрозе адбывалася пад беспасрэдным уплывам Скарыны[145].

Гэты-ж самы дасьледчык прысьвяціў спэцыяльны нарыс Скарыне, зьмечшаны ў бэрлінскім часопісе „Літопісь". Для Огіенкі Юры Скарына — першы „рускі" гуманісты і друкар. Яго культурная праца зрабіла цэлую эпоху. Сучасьнікі не маглі яе ні зразумець, ні ацаніць. Дзякуючы гэтаму, найболей асьвечаны чалавек XVI сталецьця, найслаўнейшы „рускі" дзеяч на цэлыя два сталецьці, Скарына, памёр неацэнены і ў вялікай беднасьці. Даючы жыцьцяпісныя і іншыя весткі аб жыцьці і дзейнасьці Скарыны, Огіенка заўсёды стаіць на грунце фактычнага матар'ялу, які ён знаходзіў і ў Уладзімерава, і ў Шляпкіна, і ў Сабалеўскага. Огіенка вельмі асьцярожна кажа аб пахаджэньні Скарыны. Ён толькі абмяжоўваецца паказаньнем, што Скарына, паходзіць з мяшчанска-купецкае сям'і, але не спрабуе аднесьці яе да заможных альбо да сярэдня-заможных. Огіенку цікавіць таксама пытаньне, чаму Скарына пакінуў Прагу і прыехаў у Вільню. На гэта Огіенка дакладнага і яснага адказу не дае і тлумачыць гэта магчымасьцю якіх-небудзь нападаў з боку каталікоў. Огіенка ня цікавіцца пустым пытаньнем, калі памёр Скарына, бо для гэтага дасьледчыкі ня маюць ніякіх даных. Огіенка лічыць, што Скарына пераклаў свае біблейныя кнігі на тую „рускую" мову, якая тады была, літаратурнай у „Літоўска-Украінскай дзяржаве". Гэтая мова ў грунце была царкоўна-славянская, але з значнай прымешкай жывое народнае „рускае" мовы. Скарына быў патрыотам, кахаў свой народ, сваю родную мову. Скарына быў перпершым гуманістым на Ўсходзе, ён першы пераклаў кнігі сьвятога пісьма на народную мову. Яго біблійныя пераклады мелі вялікае пашырэньне на Украіне і выклікалі перайманьні. Крыніцаю перакладу бібліі зьяўляецца чэская біблія 1506 году і царкоўна-славянская. Праўда нельга апошняе пытаньне разьвязваць так рашуча, як гэта робіць Огіенка, калі існуюць пярэчаньні Сабалеўскага і меркаваньні Ўладзімерава[146].

Гэты-ж самы юбілей выклікаў зьяўленьне і артыкулу Ярэмчанкі, зьмешчанага ў „Літаратурна-Навуковым Весьніку". На жаль, гэты артыкул вельмі далёкі ад тэй об'ектыўнасьці і таго навуковага тону, які ўласьцівы артыкулам Огіенкі. Ярэмчанка якім-бы ні было чынам хоча абярнуць Скарыну ў украінца, даючы тэрміну „рускі" тое тлумачэньне, якое яму даецца ў Галіцыі ў цяперашні час. Ярэмчанка выказвае прыпушчэньне, што Скарына быў украінцам, але толькі нарадзіўся ў Полацку, а калі і быў беларусам, дык словам „рускі" ён стараўся паказаць свой нахіл да украінскае культуры. Зразумела, гэтыя разважаньні ніякага значэньня ня маюць. Яны кажуць толькі аб настроі аўтара і сьведчаць аб некаторым неразуменьні таго пытаньня, якое зьяўляецца прадметам яго вывучэньня. Далей, Ярэмчанку невядома атрыманьне Скарынай ступені доктара мэдыцыны ў Падуанскім Унівэрсытэце. Дзеля гэтага ён утварае гіпотэзу, што Скарына свой доктарат скончыў у Праскім Унівэрсытэце, а потым скончыў сваю адукацыю ў Болёньні і Падуі. Урэшце, магчыма таксама, што Скарына беспасрэдна з Кракава паехаў у Італію вучыцца. Да фантастычных разважаньняў трэба аднесьці і апавяданьне аб тым, як у Лютэра гасьцяваў Францішак-паляк. Гэтую легенду ўжо даўно трэба адкінуць. Ярэмчанка тлумачыць выдавецкую дзейнасьць Скарыны перайманьнем чэхаў. Выданьнем свае бібліі ў народнай мове Скарына, як думае Ярэмчанка, хацеў даць свайму народу тагачасную энцыкляпэдыю вед, якою была біблія, і ў якой можна было навучыцца „сямі вольным навукам". Таксама трэба адкінуць і тлумачэньне політычнымі мотывамі ад'езду Скарыны з Прагі, як гэта рабіў Даброўскі, а за ім паўтарае Ярэмчанка. Аб гэтым пытаньні наогул няма ніякіх даных, і лепш было-б аб гэтым маўчаць. Наогул, аўтар выкарыстаў цалкам усю кнігу Ўладзімерава, але ня ўзяў з яе таго асьцярожнага крытычнага духу, якім яна прасякнута. Ярэмчанка таксама адмаўляецца ад азначэньня году сьмерці Скарыны, адзначаючы, што апошнія весткі аб першым друкару адносяцца да 1535 году. Артыкул канчаецца характарыстыкай таго ўплыву, які Скарына меў у далейшым[147].

Пэўнае месца адведзена Скарыне і профэсарам Ул. Сьвяньціцкім у яго выдатным творы „Початкі книгопечатаня на землях Украіни". Дзейнасьць Скарыны разглядаецца на фоне кракаўскіх, сэрбскіх і вэнэцыйскіх славянскіх выданьняў. Аўтар адзначае, што Скарына папярэдзіў сваіх сучасьнікаў, бо ён даў Беларусі бадай што ўсю біблію ў зразумелай для народу мове. У гэтых адносінах Скарына пайшоў за нямецкімі бібліямі XV сталецьця і чэскай бібліяй 1506 году. Сьвяньціцкі таксама высака цэніць выданьні Скарыны з тэхнічна-мастацкага боку і ставіць іх у шэрагу найлепшых узораў першапачатковага кнігадрукаваньня[148].

Расійская гістарычная і гістарычна-літаратурная навука параўнальна позна пачала зварочваць увагу на вывучэньне жыцьця і дзейнасьці Скарыны. Калі ў Карамзіна ёсьць некаторыя ўпаміны аб Скарыне, дык Салаўёў зусім маўчыць аб ім. Зразумела, калі Салаўёў цікавіўся толькі гісторыяй дзяржавы, дык Вялікае Княства Літоўскае цікавіла яго пастолькі, паколькі яно ўваходзіла ў тыя ці іншыя дачыненьні з Масквой. Салаўёў гатоў цікавіцца царкоўнымі адносінамі, але ня культурнымі. Толькі Бестужаў-Румін у сваёй „Русской Истории" адвёў большае месца гісторыі „Заходняе Русі" і нарысу яе разумовага і моральнага стану. Для Бестужава Беларусь ёсьць толькі „Заходняя Расія", але гэтая „Расія" настолькі орыгінальна ў параўнаньні з Масквой, што для яе зразуменьня трэба вывучаць яе зусім самастойна. Бестужаў так і зрабіў. Ён першы даў грунтоўны гістарычна-культурны нарыс Вялікага Княства Літоўскага і сказаў некалькі слоў аб Ф. Скарыне ў разьдзеле, адведзеным характарыстыцы моральнага і матар'яльнага стану Вялікага Княства Літоўскага ў XVI сталецьці. К. Н. Бестужаў адзначыў, што, хаця „руская" мова пераважвала ўва ўсіх юрыдычных помніках, аднак, асаблівага красаваньня „рускае літаратуры" ня было. Толькі з пачатку XVI сталецьця пачынаецца ажыўленьне ў разумовым разьвіцьці „Заходняе Расіі". Бестужаў-Румін зьвязвае пачатак гэтага разумовага руху з пачаткам друкаваньня Фіолем славянскіх кніг у Кракаве, якое хутка спынілася, і аднаўленьнем яго Ф. Скарынай. Аб першым беларускім друкары Бестужаў-Румін сказаў толькі некалькі слоў, а ўласна: „З 1517 году прымаецца за працу друкаваньня кніг доктар мэдыцыны Францішак Скарына, родам з Полацку. Друкаваньне ён пачаў у Празе Чэскай, дзе ён выдаў „Псалтыр”, а потым, з 1517—1519 г.—22 кнігі сьвятога пісьма ў стараславянскім перакладзе; правераным па гэбрайскіх і грэцкіх кнігах і асабліва па Вульгаце. Потым, пераехаўшы ў Вільню, Скарына выдаў тут „Апостал" і „Сьледаваны Псалтыр" (1525) і на гэтым скончыў сваю дзейнасьць". Бестужаў-Румін таксама падзяляе прыпушчэньне аб тым, што Пётра Мсьціславец, адзін з першых друкароў у Маскве, быў адным з майстроў друкарні Скарына і адышоў з Вільні ў Маскву. Калі нават апошняе прыпушчэньне і нявернае, дык усё-ткі, на думку аўтара, справа не магла застацца бяз уплыву на Маскву. Бестужаў-Румін лічыў, што друкаваныя кнігі разыходзіліся сярод тагачаснага грамадзянства, бо пісьменнасьць у вапошнім, як сярод каталікоў, так і праваслаўных, мела вялікае пашырэньне. Бестужаў-Румін, верны свайму мэтаду даваць толькі правераныя факты, ува ўвазе адзначае рознагалосьсі, якія існавалі ў літаратуры адносна прыналежнасьці Скарыны да таго ці іншага вызнаньня. Але сам Бестужаў пакідае гэтае пытаньне адчыненым [149].

Усьлед за Бестужавым і Д. І. Ілавайскі сказаў аб Скарыне некалькі слоў. Ілавайскаму знаёма і праца Уладзімерава, і артыкул Галавацкага, і анонімная заметка аб адносінах перакладу Скарынай бібліі да Вульгаты і стара-славянскага тэксту. Аўтар закранае дзейнасьць Скарыны ў тым разьдзеле, дзе ён кажа аб маскоўскіх друкарох. Ілавайскі пачынае з вельмі няпоўнае гісторыі друкаваньня царкоўнаславянскіх кніг у Кракаве, Вэнэцыі, Чорнагорыі. Устаўка аб Скарыне зусім выпадковая. Ілавайскі не дае ніякай характарыстыкі дзейнасьці- Скарыны. Ён абмяжоўваецца толькі паказаньнем, што Скарына быў „рускі чалавек, родам з Полацку, які атрымаў унівэрсытэцкую адукацыю за рубяжом і набыў годнасьць доктара мэдыцыны". Крыніцай пеперакладу была Вульгата альбо правільней — яе чэскі пераклад, а таму яго пераклад мае вялікую прымешку чэхізмаў. Скарына перакладаў біблію з дапамогаю царкоўнаславянскага тэксту на кніжную „зародня-рускую” мову. Ілавайскі не памінае аб надрукаваньні Скарынай у Празе „Псалтыру”, але затое ў Вільні ў 1525годзе ен надрукаваў „Апостал", і „Псалтыр". Вось і ўсё, што Ілавайскі кажа аб Скарыне. Зразумела, Ілавайскі нідзе ня кажа аб тым уплыве, які Скарына зрабіў на нацыянальна-культурнае разьвіцьцё Беларусі [150].

Некалькі слоў прысьвяціў Скарыне і Н. А. Ражкоў у сваім „Обзоре русской истории с социологнческой точки зрения". Ражкоў ведае, што Скарына быў „рускі, радзіўся ў Полацку, належаў да багатай гандлярскай сям'і, вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце і там-жа пачаў сваю карысную выдавецкую дзейнасьць, якая асабліва разгарнулася з 1525 году, калі Скарына пасяліўся ў Вільні". Тут вучоны, дапытлівы і прасякнуты асьветнымі імкненьнямі доктар Праскага Унівэрсытэту разгарнуў ажыўленую друкарскую, выдавецкую і перакладную працу. На думку Ражкова, Скарына меў на мэце даць поўны пераклад бібліі на рускую мову з належнымі тлумачэньнямі і дасягнуў свае мэты. Як думае Ражкоў, заданьні, што ставіў сабе Скарына, выходзілі з чыста рэлігійнага кругу; ён меў на мэце ня толькі пэўнае рэлігійна-моральнае павучаньне, збаўленьне душы і выпраўленьне абычайнасьці, але імкнуўся да популярызацыі і навуковых вед, „к научению простых людей руского языка", як сам ён гаварыў. Да пэўнай ступені можна згадзіцца з такой характарыстыкай, але дзіўна што Ражкоў ня ведаў аб тым, што Скарына атрымаў ступень доктара мэдыцыны ў Падуанскім Унівэрсытэце, і пусьціў у ход думку аб тым, што Скарына вучыўся і атрымаў ступень доктара ў Праскім Унівэрсытэце[151].

Адначасна з кнігай Ражкова зьявіўся і жыцьцяпісны нарыс аб Скарыне, складзены А. Капыловым[152]. Ня гледзячы на тое, што аўтар прывёў бадай што поўную бібліяграфію пытаньня, ён у васнову свайго артыкулу паклаў кнігу Уладзімерава і яго, заметку ў слоўніку Брокгаўза і Эфрона і паўтарыў усе памылкі Уладзімерава. Як і Уладзімераў, ён таксама ўжывае вэрсію аб тым, што Скарына прадаўжаў сваю адукацыю ў Болёньні пасьля Кракава. І гэта ня пудзячы на тое, што А. Капылоў у сваёй бібліёграфіі памінае і матар'ялы Шляпкіна. Сьмерць Скарыны Капылоў ставіць у сувязь з тымі засмучэньнямі, якія Скарына меў у 30-х гадох XVI сталецьця з прычыны пажару ў Вільні і потым пошасьці. Трэба лічыць, што і гэтае зацьвярджэньне адвольнае, бо для яго няма ніякіх падстаў. Паколькі артыкул мае выключна жыцьцяпісны характар, у ім прыведзены ўсе факты, якія характарызуюць дзейнасьць Скарыны.

Ужо Мурко ў сваёй рэцэнзіі на працу Уладзімерава зьвярнуў увагу на тое, што Галахаў у сваёй „Истории литературы" зусім маўчыць аб Скарыне, а Парфір’еў у сваёй падобнай працы толькі памінае аб ім. Толькі Архангельскі ў сваёй працы „Очерки из истории западно-русской литературы XVI—XVII в. в,“ лічыў патрэбным сказаць некалькі слоў аб Скарыне. На жаль, Архангельскі абмежаваўся толькі паказаньнем стану і месца нараджэньня Скарыны і пералікам праскіх і віленскіх яго выданьняў. Архангельскі лічыў, што крыніцай пеперакладу бібліі Скарыны былі: Вульгага, чэскія і грэцкія тэксты. Аўтар аб’яднаў дзьве галоўныя думкі аб гэтым, але ня прывёў ніякіх довадаў падтрыманьня гэтага[153].

В. А. Келтуяла у сваім курсе „Истории русской литературы" даў шмат вестак аб Скарыне. У васнову пакладзена дасьледваньне Ўладзімерава. Матар‘ялы Шляпкіна аб Скарыне аўтару былі невядомы, дзеля чаго ёсьць значныя недакладнасьці ў тых жыцьцяпісных вестках, якія прывёў Келтуяла.

Усьлед за Ўладзімеравым Келтуяла лічыў, што пераклад біблійных кніг Скарына зрабіў з чэскае бібліі 1506 году, але пры гэтым ён карыстаўся таксама тэкстамі царкоўна-славянскіх перакладаў паасобных біблійных кніг. Для характарыстыкі дзейнасьці Скарыны Келтуяла прыводзіць адрыўкі з яго прадмоў як да бібліі, так і да паасобных кніг старога закону. Дзейнасьць Скарыны разглядаецца як падрыхтоўчая да росквіту літаратуры ў „паўднёва-заходняй Русі“ канца XVI і першай паловы XVII сталецьця. Аўтар, усьлед за Уладзімеравым, ужывае зусім няправільны тэрмін „Юго-Западная Русь". У процілегласьць Уладзімераву, але следам за Будзіловічам, Келтуяла адносіў год сьмерці Скарыны да 40-х гадоў XVI сталецьця. Нельга, зразумела, сказаць, што літаратурная і выдавецкая дзейнасьць Скарыны мае поўнае асьвятленьне ў працы Келтуялы. Але добра і тое, што аўтар сумленна перадаў усё, што ведаў аб Скарыне[154].

Профэсар Пятухоў зрабіў іначай у сваім курсе „Русская литература“, у якім ёсьць асобны разьдзел „Просвещение и литература в Юго-Западной Руси XVI—XVII в.в.“. Пятухоў абмежаваўся толькі ўпамінам імя Скарыны, дый то ня ў зусім правільным асьвятленьні. Проф. Пятухоў адзначае, што разьвіцьцё літаратуры пачынаецца друкарскай дзейнасьцю, галоўным чынам, Швайпольта Фіоля і Францішка Скарыны, але яны друкавалі свае выданьні пераважна ў Кракаве і ў Празе. Толькі гэтымі неазначанымі ўвагамі проф. Пятухоў і абмежаваўся[155].

Проф. М. Н. Спэранскі, аўтар іншага курсу „Истории древней литературы”, адзначаючы разьвіцьцё кнігадруку „ў паўднёва-заходняй Русі” XVI сталецьця, ставіць нараджэньне славянскага кнігадруку ў сувязь з протэстанцтвам. Гэтым тлумачыцца, чаму Фіоль у сваіх славянскіх выданьнях стараўся дапасаваць царкоўнаславянскі тэкст да жывое мовы. У сувязь з гэтым протэстанцкім рухам Спэранскі ставіць і дзейнасьць другога працаўніка друкарскае справы — Ф. Скарыны.

Весткі аб Скарыне прыведзены Спэранскім няпоўныя і недакладныя. Вось тое нямногае, што лічыў магчымым сказаць аб Скарыне проф. Спэранскі. Скарына быў родам з Полацку і атрымаў заходня-эўропейскую адукацыю. Дзейнасьць сваю ён распачаў у Празе, дзе ён спачатку жыў і дзе ён прышоў да думкі выдаць кнігі сьвятога пісьма для сваіх адзінапляменьнікаў. Затое проф. Спэранскі знайшоў магчымым рашуча лічыць, што біблія Скарыны зьявілася ў сьвет на беларускай мове, досыць блізкай да жывое гутаркі. Проф. Спэранскі памінае аб пераносе Скарынай свае дзейнасьці ў Вільню, дзе ён засноўвае сваю друкарню. Спэранскі адзначае, што справа Скарыны не атрымала належнага разьвіцьця ў Вільні. Спэранскі тлумачыць гэта тым, што Скарына не заслужыў веры як чалавек, які прасякнуты быў сьветапаглядам чэскіх братоў, як протэстант. Спэранскі зацьвярджае, што біблія Скарыны перакладзена з чэскае і нямецкае мовы і, наагул, была хутчэй протэстанцкага, чымся праваслаўнага напрамку, ня мела ў сабе сьлядоў старое традыцыі. Так Спэранскі ізноў высунуў думку аб протэстанцтве Скарыны і аб разьвіцьці яго дзейнасьці ў сувязі з протэстанцтвам. Гэтая думка, як вядома, ня сустрэла вялікага спачуваньня ў літаратуры, тым болей што Спэранскі ніякімі довадамі не пацьвердзіў свайго палажэньня.[156]

Падлічваючы ўсю літаратуру аб Скарыне на працягу 150 год, ад дня выхаду першае працы аб Скарыне Бакмэйстэра, можна сказаць, што літаратура аб Скарыне мае адзіную орыгінальную працу проф. Уладзімерава. Большасьць аўтараў, якія пісалі пасьля Ўладзімерава, шырака карысталіся яго фактычным матар'ялам, ішлі за яго вывадамі. Бязумоўна, праца Ўладзімерава вельмі каштоўная і захоўвае дагэтуль сваё навуковае значэньне. Аднак, трэба лічыць, што праца аб Скарыне павінна быць напісана нанова, Скарына ёсьць выдатны тып беларускага гуманістага, роднага па сваіх ідэях, як адзначыў М. М Піотуховіч, заходня-эўропейскаму адраджэньню. Праўда, Піотуховіч толькі намеціў гэтае пытаньне і толькі часткова даў на яго адказ, але самая пастаноўка пытаньня правільная. Апроч таго, вывучэньне дзейнасьці Скарыны магчыма толькі на фоне матар’яльнага, соцыяльна-політычнага і нацыянальна-культурнага жыцьця Вялікага Княства Літоўскага. У значнай ступені ўсе аўтары, якія пісалі аб Скарыне, праходзілі міма гэтага пытаньня. Праўда, Доўнар-Запольскі і Будзіловіч надавалі вялізарнае значэньне агульнаму моральнаму заняпаду як беларускае шляхты, так і духавенства, але дзейнасьць Скарыны немагчыма вытлумачыць толькі імкненьнем яго дапамагчы рэлігійнаму і моральнаму адраджэньню грамадзянства. Дзейнасьць Скарыны толькі тады будзе зразумелай, калі яна будзе разгледжана на фоне ўсяго як сацыяльна-экономічнага, так і культурна-рэлігійнага жыцьця беларускага пароду. Важна вывучаць Скарыну, яго сьветапагляд, яго ідэі—як фактуры, што азначаюць тое месца і тое значэньне, якое Скарына меў у гісторыі культуры Беларусі, Украіны і, часткова, Масквы.

  1. Бакмейстер. «Essai sur la bibliothéque de l’Acadèmie des Sciences á St.-Petérsbourg. 1776» і «Опыт о библиотеке Императорской Академии Наук. СПБ. 1779».
  2. Штритер. Опыт трудов вольного Российского собрания. М. 1783. Стар. 177—194.
  3. Алексеев П. А. Рассмотрение славянской старопечатной книги «Апостол», которая справлена доктором Франциском Скориной из Полоцка; напечатана в Вильне, в 1525 г. Опыт трудов вольного Российского собрания при Московском Университете. М. 1783 Стар. 195—204.
  4. Neuere Abhandlungen der K. Böhmischen Gesellschaft der Wissenschaften. Prag. 1795. Стар. 183—187
  5. Slovanka. Prag. 1815. 1, стар. 152—156 і II, 1815, стар. 149—152: Geschichte der Böhmischen Sprache und ältern Literatur. Prag, 1818 Стар. 304.
  6. В. Сопиков. Опыт российской библиографии. СПБ 1813. Т. I.
  7. Ар. Филарет. Обзор русской духовной литературы. СПБ. 1856 (Уч. Записки II Отд. Академии Наук).
  8. Головацкий Я. Несколько слов о библии Скорины и о рукописной русской библии из XVI стол., обретающейся в библиотеке монастыря Св. Онуфрия в г. Львове (Науковый Сборник, 1865, во Львове, стар. 225—257).
  9. Владимиров. Доктор Ф. Скорина. Стар. 221—222.
  10. Ibidem, стар. 218.
  11. Викторов. А. Е. Замечательное открытие в древне-руском книжном мире. Беседы в Обществе любителей Российской словесности. М. 1867. В. I/ Cnfh/ 1-27/
  12. Linde. O literaturze Rossijskiej. Pamietnik Warszawski, 1815—1816 г. Стар. 277—279. Lelewel. Bibljograficznych ksiąg dwoje. Wilno, 1823. I. Стар. 52-55. Wisznjewski. Historia literatury polskiej. T. VIII. Krakow, 1851. Krasiewski. Wilno, t. IV. Wilno. 1842. Стар. 115.
  13. Белорусс. Судьбы русского языка в костелах Севео-Западного края. «Русский Вестник» 1868 г. т. 78.
  14. Ар. Филарет. Обзор русской духовной литературы. СПБ. 1856.
  15. Митр. Макарий. История Русской церкви. Т. IX. СПБ. 1879.
  16. А. Петрушевич. Ф. Скорина, издатель в Празе Чешской в 1517, 1518 и 1519 г. «Слово». 1875.
  17. И. Каратаев. Описание славяно-русских книг. СПБ 1883. Сборник Отд. Рус. языка и слов. Академии Наук, т. XXXIV, № 2, № 13, стар. 28-43, № 14, стар. 43-44, № 18, стар. 57-59, № 19, стар. 59-67.
  18. Бакмейстер. Op. cit. (1779), стар. 73.
  19. Владимиров. Op. cit., стар. VII.
  20. Сопиков. Op. cit., стар. 275.
  21. Linde. Op. cit., стар. 295.
  22. Bandtkie. Historya drukarań Krakówskich. 1815. Стар. 124—125.
  23. Lelewel. Op. cit., стар. 53.
  24. Kraszewski. Op. cit. T. IV. Стар. 115.
  25. Кеппен П. Материалы для истории просвещения в России. Библиографические листы. СПБ. 1825. Стар. 79-84.
  26. Ар. Филарет. Op. cit., стар. 129—130.
  27. Каратаев. Op. cit., Т. I, № 19.
  28. Ibid. № 14.
  29. Wiszniewski. Op. cit. VIII. Стар. 468—470.
  30. Каратаев. Op. cit., стар. 35-43
  31. Штриттер. Op. cit., стар. 193.
  32. Владимиров. Op. cit., стар. V.
  33. Митр. Евгений. Биографии российских писателей. Ф. корина. №Сын Отечества", 1821 г. Стар. 169—172.
  34. Владимиров. Op. cit., стар. XI.
  35. Арх. Филарет. Op. cit., стар. 129—130.
  36. Wiszniewski. Op.cit., стар. 476.
  37. Kraszewski. Op.cit., т. IV., стар. 115.
  38. Сопиков. Op.cit., стар. 183.
  39. Wiszniewski. Op.cit., стар. 474—475.
  40. Белорусс «Русский Вестник», 1868 г. Т. 77. Стар. 143—144.
  41. Владимиров. Op. cit., стар. VI.
  42. Каратаев. Op. cit., стар. 35-42.
  43. «Сын Отечества», 1821 г., № 30, стар. 169—172.
  44. Wiznewski. Op. cit., VIII. Стар. 466.
  45. Огиенко. История литературы русской. Т. I. Львов, 1887. Стар. 155.
  46. Владимиров. Op. cit., стар. VI.
  47. Linde. Pamiętnik Warszawski, 1815, listopad, стар. 277.
  48. Артыкул у Польскай Вікіпедыі — Pamiętnik Warszawski
  49. Wisniewski. Op. cit. VIII, стар. 466. Е. Ф. Карский. «Белорусы». т. I. Вильна, 1904 г. Стар. 410.
  50. Новицкий. О первоначальном переводе Св. Писания на славянский язык. Киев, 1837. Стар. 56.
  51. Белорусс. Судьбы русского языка. («Русский Вестник». 1868 г. Т. 76.
  52. Митр. Макарий. Op. cit. Т. IX. СПБ, 1879., стар. 303.
  53. Огиенко. Op. cit. , стар. 154—159.
  54. Владимиров. Op. cit. , стар. XIII—XIV.
  55. Головацкий. Op. cit. , стар. 228—282.
  56. Чистович. Очерк истории Западно-Русской церкви. СПБ. 1882. I. Стар. 217—219.
  57. Wiszniewski. Op. cit, VIII. Старю 477.
  58. Викторов. Op. cit., стар. 20.
  59. Владимиров. Op. cit., стар. XXI—XXII.
  60. Бакмейстер. Op. cit., стар. 65-69.
  61. Штриттер. Op. cit., стар. 178 і 191.
  62. Владимиров. Op. cit., стар. VII—VIII.
  63. Сопиков. Op. cit., стар. 9, 25, 275.
  64. Владимиров. Op. cit., стар. XI. «Сын Отечества», 1821, стар. 169—172.
  65. Арх. Филарет. Op. cit., стар. 129—130.Митр. Макарий. Op. cit. Т. IX. Стар. 303—304. Каратаев. Op. cit., стар. 42.
  66. Головацкий. Op. cit., стар. 241.
  67. «Чтения в Обществе любителей духовного просвещения». 1877. Лістапад. Стар. 642—653. Гэты артыкул першым адзначыў А. І. Сабалеўскі. «Жур. Мин. Нар. Прос.», 1888 г. X, стар. 322.
  68. Первольф. Славянская взаимность с древнейших времен до 18 века. Варшава 1874 г. Стар. 253—255.
  69. Штриттер. Op. cit., стар. 193.
  70. Linde. Op. cit., стар. 126.
  71. Wiszniewski. Op. cit. VIII, 469.
  72. Карский. Е. Ф. Op. cit, стар. 407.
  73. Кеппен. Op. cit, стар. 267—268. Владимиров. Op. cit. XII.
  74. Бодянский О. М. О моих поисках в Познанской публичной библиотеке. Чт. в. Об. Ист. и Древ. 846, № 1, Карский Е. Ф. Op. cit., стар. 410.
  75. Головацкий. Op. cit, стар. 251. Владимиров. Op. cit., стар. XIX. Карский Е. Ф. Op. cit., стар. 410.
  76. Владимиров. Op. cit, стар. XII. Карский. Op. cit., стар. 411.
  77. Карский. Op. cit, стар. 410.
  78. Ibidem.
  79. Карский. Op. cit., стар. 410. Владимиров. Op. cit., стар. XVI.
  80. Владимиров. Op. cit., стар. XXV.
  81. Первольф И. Славяне и их взаимные отношения и связи. Варшава 1886—1893. Т. II, 595—601. Карский Е. Ф. Op. cit., стар. 413.
  82. Карский Е. Ф. Обзор звуков и форм белорусской речи. М. 1888., стар. 239.
  83. Соболевский А. И. «Журнал Мин. Нар. Пр.» 1887, V, стар. 137—138.
  84. Владимиров, Op. cit., VIII, XXV—XXVI. Каратаев. Описание славяно-русских книг, СПБ. 1878. Каратаев. Описание славяно-русских книг, напечатанных кирилловскими буквами. Т. I, с 1491 до 1625 года. СПБ. 1883.
  85. 19-га — заўвага Вікікрыніц
  86. Владимиров. Доктор Ф. Скорина, 1—43.
  87. Владимиров. Op. cit., стар. 44
  88. Ibidem
  89. Владимиров. Ibidem, стар. 44-47
  90. Владимиров. Op. cit., стар. 47-51
  91. Ibidem, стар. 51-56
  92. Ibidem, стар. 57-65
  93. Ibidem, стар. 66-67
  94. Ibidem, стар. 43
  95. Владимиров. Op. cit., стар. 101, 155, 171-172
  96. Ibidem, стар. 178
  97. Ibidem, стар. 180-181
  98. Владимиров. Op. cit., стар. 184
  99. Ibidem, стар. 185
  100. Ibidem, стар. 186
  101. Ibidem, стар. 191, 192, 200
  102. Ibidem, стар. 202, 205-206, 207, 211, 223, 227, 234
  103. Ibidem, стар. 234-237
  104. Владимиров. Op. cit., стар. 243-244
  105. Ibidem, стар. 300-301, 302-317
  106. ”Журнал Министерства Народного Просвещения”, 1888, Х, стар. 321-322
  107. Archive fur dlavische Philologie, 1899. XII. Стар. 243-268
  108. М. Запольский. По поводу исслед. Владимирова. «Минский листок», 1888, №42
  109. «Минский Листок», 1888, №44.
  110. “Вестник Европы”, 1888, V Аддзел біяграфіі,
  111. Пыпин А. История русской этнографии. Т. IV. стар. 12
  112. “Филологические записки", 1888, V.
  113. А. С. Рецензия на труд Владимирова. „Вестник Славянства", 1888, І.
  114. Casopis Musea Kralowstwi reskego, 1888, Rocnik XXII v Praze, стар. 495-498
  115. Будилович Л.С. Записки Имп. Академии Наук, т. 69, кн. І, 1892, стар. 22-38
  116. «Чтения в Обществе Нестора Летописца», 1891, VIII, стар. 30-31
  117. «Чтения в Обществе Нестора Летописца», 1894, VIII. Стар. 15-17
  118. Энциклопедический словарь Брокгауза и Эфрона, т. ХХХ, стар. 228-229
  119. «Журнал Министерства Народного Просвещения», 1892, IV, стар. 382-385
  120. Миловидов А. Новые документы, относящиеся к биографии Франциска Скорины, «Известия Отделения Русского Языка и Словесности». 1917, т. XXII, книжка 2-я, Петроград, 1918, стар. 220-226. Ітж іншым, проф. Піотуховіч зазначае, што публікуючы докумэнты, Мілавідаў ня зусім правільна перадаў сэнс першага з іх, дзе кароль Альбрэхт фактычна ня просіць Гаштольда адпусьціць да яго Скарыну, але толькі паведамляе аб перасяленьні яго ў Кёнігсбэрг. Гл. У гэтым сборніку, стар. 169
  121. Карский Е.Ф. Обзор звуков и форм белорусской речи. М. 1886. Стар. 161
  122. Владимиров П.В. Доктор Ф. Скорина. Стар. 239
  123. Карский Е.Ф. К истории звуков и форм белорусской речи. Варшава. 1893
  124. Карский Е.Ф. «Белорусы». Т. І. 1904. Стар. 416
  125. Карский Е.Ф. Доктор Франциск Скорина, «Чырвоны Шлях». 1918. №№3-4, стар. 13-16
  126. Ibidem. «Белорусы». Т. ІІІ. Птр. 1921. Стар. 27-35
  127. Ігнатоўскі Ў.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Менск. 1919. Стар. 69-71
  128. М, Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня. 1920. Стар. 21.
  129. Ibidem, стар. 25
  130. Проф. Янчук Н.Я. Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры. Менск, 1922. Стар. 8-15
  131. Курс белоруссоведения. М. 1918-1920. Стар. 37-38
  132. Пічэта. Гісторыя Беларусі. Ч. І. Масква, 1924. Стар. 125-126
  133. Пічэта. Францішак Скарына і яго працы. “Савецкая Беларусь”, 1925. №№292-293
  134. Шчакаціхін М. Калі рад. Францішак Скарына. „Полымя”, 1925, № 5. Стар.148-152
  135. Шчакаціхін М. Дрэварыты і орнамэнт ў выданьнях Скарыны. “Наш Край”, 1926, №1
  136. Яго-ж. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны – у гэтым зборніку, стар. 180-228
  137. А. Харэвіч. Ф. Скарына і яго эпоха. “Полымя”, 1925. №7. Стар. 138-153
  138. М. М. Піотуховіч. Ф. Скарына і яго літаратурная дзейнасьць „Асьвета" № 7, 1925 г.
  139. „Наш Край". Менск, 1926, І, Стар. 5—7.
  140. L. Abramowicz. Cztery wieki drukarstwa w Wilnie (1525-1925). Wilno, 1925. Стар. 150. Стар. 14-18
  141. А. Станкевіч. Доктар Францішак Скарына—першы друкар беларускі. 1525—1935. Вільня. 1925. Стар. 56.
  142. Ластоўскі В. Доктар Франціш Скарына (1525-1925). “Крывіч”. Коўня. 1925 “2 Стар. 313
  143. М. Грушевський. Культурно-національний рух на Украіні і в XVI—XVII віці. Киів—Львів. 1912. Стар. 50—154.
  144. Бібліологичні Вісти. 350 років Украінського друку (1574-1924). Киів, 1924. Стар. 22-24
  145. Пр. Огіенко Ів. Історія Украінського друкарства. Т. І. Львів. 1925. Стар. 15-18
  146. Пр. Огіенко Ів. Друкарська Трійця. „Літопісь”, 1924, Бэрлін, №№ 12 і 13, старонкі 180-182, 197-198.
  147. Яремченко Ол. Др. Франціск-Георгій Скорина, його життя та литературна и видавнича діяльність. „Літературо-Науковий Вістник”, 1923, кніжка XI, стар. 253—259
  148. Початкі книгопечатаня на землях Украіни. Львів, 1921, стар. 15 і 16
  149. К.Н. Бестужев-Рюмин. Русская История. Т. ІІ, в. І, СПБ. 1885. Стар. 136-137.
  150. Иловайский Д. И. История России. Т. ІІІ. М. 1890. Стар 694.
  151. Рожков Н. А. Обзор русской истории с социологнческой точки зрения Ч. ІІ. М. 1905. Стар. 137.
  152. Русский бигографический словарь (Сабанеев—Смыслов. СПБ 1904.
  153. Чтения в Обществе Истории и Древностей Росийских, 1888, І. Стар. 15-17
  154. Келтуяла В.А. Курс русской литературы. Ч. І, кн. 2-ая. СПБ. 1911. Стар.761-764
  155. Петухов Е.В. Русская Литература. Древний период. Изд. 2-е. Юрьев, 1912. Стар. 233
  156. Сперанский М. Н. История древне-русской литературы. М. 1914. Изд. 2-е. Стар. 588-589.