Перайсці да зместу

Jozef Gołąbek. Wincenty Dunin-Marcnkiewicz, poeta polsko-białoruski

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jozef Gołąbek. Wincenty Dunin-Marcnkiewicz, poeta polsko-biaіoruski
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
29.ІІІ.1932
Крыніца: БЗвон. 1932. 13, 27 крас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пад той час, як польская дзяржаўная палітыка лічыць беларускае пытаньне ў Польшчы… «няіснуючым», а польскае грамадзянства хоча верыць, што гэта — «праўда», выхад кнігі у польскай мове, пасьвячонай беларускаму паэту, гэта ж не абыякое здарэньне! Праўда, кнігу гэтую выдала «Towarzystwo Pomocy Naukowej im. Е. i Е. Wrуblewskich», якое закладзена ў Вільні згодна з воляй с. п. Тадэвуша Ўрублеўскага, ведамага абаронцы ў палітычных працэсах, зьвязанага неразрыўнымі вязямі з нашым краем, — а людзі, якія складаюць гэтае Т-ва, зьяўляюцца ідэйнымі спагаднікамі гэтага «грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага». Толькі гэтым і тлумачыцца выхад у нашыя чорныя дні кніжкі «Wincenty Dunin-Marcinkiewicz, poeta polsko-biaіoruski», якую напісаў ведамы ўжо ў нас аўтар нарысу "Początki dramatu biaіoruskiego" (Życie Teatru, 1925) п. Jуzef Goі№bek. У кніжцы зьмешчаны партрэт паэты — паводле фатаграфіі Беларускага музэю ім. Ів. Луцкевіча.

Праца п. Галомбака — гэта даволі абшырная (141 стр. вялікага фармату) манаграфія, пасьвячоная нашаму паэце — «бацьцы беларускага тэатру». Яна — вельмі на часе: сёлета мінае 125 гадоў ад нарадзін Д.-М. І трэба адзначыць, што — хаця кніжка выйшла па-польску, а пісаў яе — запраўдны паляк, — для нас, беларусаў, яна і па зьместу свайму (— а ня толькі самым сваім выхадам) зьяўляецца вельмі дадатным фактам.

Аўтар падышоў да сваей працы вельмі паважна. Ён выкарыстаў, здаецца, усе крыніцы, зь якіх можна было зачарпнуць нешта дзеля характарыстыкі Дуніна-Марцінкевіча і ягонае творчасьці. На самым пачатку бачым у яго агляд тае эпохі, у якой жыў і тварыў наш паэта, а такжа ўсіх тых твораў, якія выходзілі ў беларускай мове да Марцінкевіча. Больш таго: п. Галомбак, здаецца, першы з польскіх дасьледчыкаў шырэй разгледзеў даволі чысьленую групу нашых краёвых паэтаў, пісаўшых па-польску, і назваў іх належным іменем: "szkoіa biaіoruska w polskim romantyzmie". І гэта можа служыць мерай аб’ектыўнасьці п. Галомбака.

Ня менш аб’ектыўна падышоў аўтар манаграфіі і да адказу на пытаньне аб нацыянальнасьці паэты, якому пасьвяціў сваю працу. Сьцьвярдзіўшы ў шырокім і ўсебаковым аналізе, што творчасьць Д.-М. у польскай мове сваей мастацкай вартасьцяй стаіць непараўнальна ніжэй за яго беларускую творчасьць ( — ясна: бо ж для Д.-М. роднай была беларуская стыхія!), п. Галомбак гэтак фармулюе свой пагляд на нацыянальнасьць паэты:

«Марцінкевіч быў беларус, прасякнуты польскай культурай, як і ўся тагачасная беларуская шляхта; Польшчу ў значэньні даўняе Рэчы Паспалітае, значыць — злучаную зь Літвой і Беларусяй, ён лічыў супольнай бацькаўшчынай у роўнай меры для польскага шляхціца і для беларускага селяніна».

І глыбокі аналіз твораў Д.-М., і правільная ацэнка выдатнае ролі паэты ў беларускім адраджэнскім руку — усё гэта дадатныя рысы манаграфіі п. Галомбака. Але ўсё ж такі пэўныя мамэнты ў ёй недаволі выясьненыя, і мы тут лічым патрэбным адзначыць неабходнасьць выясьненьня іх, як заданьне дзеля далейшых досьледаў аб Д.-М.

П. Галомбак неяк мімаходам толькі гаворыць аб адносінах Д.-М. да паўстаньня 1863 году. А тым часам выясьненьне гэтых адносінаў — асабліва характару іх — мела б вялікае значэньне дзеля паўнейшага ўяўленьня сабе духовага аблічча паэты, у тым ліку — сацыяльных яго паглядаў. Мы ня ведаем, да якое групы сярод паўстанцаў прыхіляўся Д.-М.: да «белых» ці да «чырвоных»; а адказ на гэтае пытаньне мог бы шмат дапамагчы і да аканчальнага вырашэньня пытаньня, ці верш «Вясна, голад перапала» запраўды мог напісаць Д.-М, як кажа Гарэцкі ў сваей «Гісторыі бел. літаратуры», ці — згодна з думкай п. Галомбака — верш гэты ня выйшаў з-пад пяра Д.-М. — Другім нявыясьненым у манаграфіі пытаньнем ёсьць пытаньне аб тым, што беспасярэдна пабудзіла Д.-М. да напісаньня яго першага твору — камэдыі «Сялянка»? П. Галомбак думае (стр. 61), што магчымасьць паставіць камэдыю на сцэне «сталася повадам да напісаньня п’есы», а посьпех яе сярод публікі мог заахвоціць Д.-М. да далейшае беларускае творчасьці. Гэта думка малаабаснованая: «Сялянка» надрукована ў 1846 г., а напісана — прымаючы пад увагу дату цэнзуры — не раней 1844 г., — першая ж пастаноўка «Сялянкі» на сцэне прыпадае на 1852, значыць — праз 8—9 гадоў пасьля напісаньня. Дык дагадка п. Галомбака не разьвязвае загадкі, і дзеля далейшых досьледаў аб Д.-М. грунт яшчэ ёсьць: сказана аб ім — ня ўсё, судзячы хоць бы паводле гэтых двух прыкладаў.

Сустракаем і крыху дробных няточнасьцяў у манаграфіі, — праўда, датыкаючых не беспасярэдна Д.-М. і вынікаючых праўдападобна зь недастатачнага знаёмства п. Галомбака зь беларускай мовай. Гэтак, заяву Гарэцкага ў ягонай «Гіст. бел. літ»: «Забаўна тое, што ёсьць старыя сьпіскі, на якіх пад паэмай „Тарас на Парнасе“ стаіць імя Адама Міцкевіча», — у якой ужо самым словам «забаўна» Гарэцкі кваліфікуе гэны подпіс як кур’ёз, — п. Галомбак зразумеў, як зусім паважнае «прыпісваньне» паэмы Міцкевічу, што і назваў — з крыўдай для Гарэцкага — «плёткай». Ня точная і інфармацыя п. Голомбка аб тым, быццам беларускія творы Шпілеўскага «нідзе не былі ў тыя часы друкаваны», бо ж у 1857 годзе была надрукавана ў Пецярбурзе кніжачка Шпілеўскага: Дожинки. Белорусский народный обычай. Сценическое представление в двух действіях, с хорами, песнями, хороводами и ками белорусскими. Соч. П. М. Шпилевского. Санкт-Петербург. 1857 г. (Аб гэтай кніжачцы аўтару этых радкоў давялооя пісаць у 1924 г. ў газэце «Сын Беларуса» № 36 у стацьці "Літаратурны плягіят"). Гэты твор Шпілеўскага запраўды прадстаўляе плягіят на «Сялянку» Д.-М., і тым цікавей было адзначыць яго у манаграфіі: ён паказвае, што пад літаратурным уплывам Д.-М. былі ня толькі прадстаўнікі спольшчанае інтэлігенцыі, але і абмаскоўленае.

Не затрымліваючыся на іншых драбніцах, вымагаючых карэктуры, паўторым яшчэ раз, што кніжку п. Галомбака трэба шчыра прывітаць. Яна павінна заахвоціць нашых мададых дасьледчыкаў да такое ж грунтоўнае, шырокае апрацоўкі манаграфіяў нашых паэтаў і адраджэнскіх дзеячоў, аб якіх грамадзянства — асабліва маладое пакаленьне — ведае надта мала.

Выдаўцом манаграфіі аб Дуніне-Марцінкевічу належыцца шчырая падзяка. З боку выдавецкае тэхнікі — кніжка беззаганная.