Gloria
Gloria — Слава ў вышніх Аўтар: Зоф’я Вайнароўская Пераклад: Ігнат Канчэўскі Крыніца: Наша будучына, №3, 1922 |
Подпіс: перакл. Ганна Галубянка. У арыгінале іншае афармленне. Таксама гл. Галасы з-за небакраю: Анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / Скл. М. Скобла; Уст. арт. Е. Лявонавай; Навук. рэд. Л. Баршчэўскі. — Мінск: Лімарыус, 2008 Прынятыя ў наш час напісанні: угледзець, арэол. |
I
Хадзіў Спас цёмнай ночай па полю,
па ўсіх вёсках, па местах шумлівых…
. . . . . .
І угледзілі хлопца малога
пастухі, што вярталісь да хаты:
ў зіхаценні вянка залатога
Ён ішоў без пуці, без дарогі,
за пасекай, дзе — мельнік багаты.
І убачылі нейкія людзі —
рабачаі, вяртаючысь з працы,
як кабета з дзіцёнкам пры грудзях
бегла босая ў вулічным брудзе,
і схавалась за рогам палацу.
А паўночы, між дум невясёлых,
арыштанты праз краты астрога
паглядзелі, як ў небе анёлы
абсыпалі падножжа Прастолу
пылам зорак, дажджу залатога.
І згубіўшыя радасць дзяўчыны
мелі ў цёмных завулках спатканне:
нехта пекны, святы і нявінны
асвяціў сэрц збалелых глыбіны
чараўнічым праменнем кахання.
Хадзіў Спас цёмнай ночай па полю,
па ўсіх вёсках, па местах шумлівых
і казаў ў залатым араоле:
«Чаму Госця прыняць не маглі вы?»
II
Хадзіў Спас па заснежаных нівах,
прыглядаўся да мукаў і боляў…
Святары ж уважалі,
што Яго пахавалі
у царкве, у касцёле
сярод золата й камняў фальшывых.
Прытуліў Збаўцу хтосьці,
запрасіў нехта ў госці.
І спяваў: «люлі-люлі»
над дзіцёначкам босай кабеты…
Ў шумным месце не чулі
ў беспрабудным разгуллі,
што маліўся за горад хтось гэты,
які так і не ведаў,
што там гвёзды на небе,
гэта — сёстры дзяўчын з вулак брудных.
Хадзіў Спас па заснежанай глебе,
па шляхох, бездарожжах бязлюдных,
па лясох, па раўнінах, па долах…
Святары ж уважалі,
што Хрыста затрымалі
у халодных царквах і касцёлах.
III
Запрасіў да сябе Збаўцу нехта,
пасадзіў за вячэру,
і суседзі пачулі,
як спяваў: «люлі-люлі»
. . . . . .
Не стаіць больш на рогу праспекта
з дзіцянёткам кабета пры скверы
ў лёгкай вопратцы, боса, на лёдзе —
. . . . . .
Хлопчык знік за пасекай —
. . . . . .
Сколькі рожаў і квітнучых вішняў,
сколькі ліліяў!.. Зоркі, бы рэхам,
адзываюцца кветкам ў сваім карагодзе:
«Gloria in excelsis Deo» — «Слава ў вышніх»…