1 студзеня — рэвалюцыйна-гістарычнае сьвята Савецкай Беларусі
1 студзеня - рэвалюцыйна-гістарычнае сьвята Савецкай Беларусі Артыкул Аўтар: Цішка Гартны 1922 Крыніца: Полымя, 1922. — №1 |
- «Теперь роль государства чрезвычайно
- важна как с точки зрения пролетариата, так
- и с точки зрения буржуазии".
- (З прамовы т. Бухарына на IV конгрэсе
- Комінтэрна).
У гістарычным жыцьці кожнае краіны найважнейшую вагу мае стан працоўнікаў. У ва ўсе вякі разьвіцьця дзяржаўнага жыцьця любое нацыі працоўныя гушчы выносілі на сабе ўвесь цяжар аднаўленьня гаспадарчых здабыткаў яе і яе эканамічнага дабрабыту. Яны былі асяродкам поступу ва ўсіх галінах грамадзянскага разьвіцьця. Ня гледзячы на гэта працоўныя станы не маглі карыстацца ня толькі вытворчасьцю сваіх рук, плёнам свае працы, а нават ня мелі роўных з багатшымі станамі грамадзянскіх правоў і правоў асобы. Праз стараньне, натугі і працу перш плебеяў, далей рабоў, потым падмастэр’яў і батракоў, а пасьля фабрычных рабочых і розных другіх катэгорыяў пралетарыяту жылі й крулявалі розныя паны - багацеі, князі, вяльможы, бюрократы. На сьпінах працоўнікаў яны выхайвалі культуру, якую паднявальвалі сабе на службу і пакіроўвалі працоўнікам на шкоду. Дзякуючы гэтаму ўсе гістарычнае разьвіцьцё дзяржаўнага жыцьця любой краіны зьвязваецца гісторыкамі— выхаванцамі багатых станаў, з працаю й чыннасьцю гэтых станаў. З надворнага выгляду яно так і было— бо ў палітычным жыцьці працоўныя гушчы ня прымалі ніякага ўдзелу. Вось таму, дзеля іх мінулае жыцьцё складае адно гістарычнае апавяданьне—гэта апавяданьне аб бяспраўным, нявольным жыцьці і бесканечных муках і зьдзеках ад кіруючых абірацельскіх станаў.
Горай, чымся для рабочых і сялян другіх нацыяў, складалася гістарычнае жыцьцё для рабочых і сялян Беларусі. Эканамічна й культурна адсталая, пры гэтым разложаная між двума магутнымі народамі, Беларусь на працягу многіх вякоў свайго быцьця зьяўлялася месцам змаганьня між яе суседзямі за розныя сваркі й больш за сваркі аб ёй самой. Так што, паколькі мажліва судзіць аб тэй ці іншай дзяржаўнай форме, то ў Беларусі з пачатку сярэдніх стагодзьдзяў да апошняга часу наскокамі заводзілася драпежная ўлада, няўпэўненых у сябе і ў сваю сілу захопнікаў. Гэта было горай за самы люты фэадалізм , які як-ніяк калі на адным грунце расьвіваецца,— то мае тыя ці іншыя ўвагі да аховы свае формы і ўсяго, што яе паатрымоўвае надалей. Акупаваная краіна аброчана на поўнае зьнішчэньне. Беларусь мела долю вечна акупаванай краіны— таму беларускім працоўным грамадам жылося неўмагату цяжка й трудна. Тут ужо нельга было падумаць аб тым ці іншым удзеле іх у палітычным жыцьці свайго краю. Бо з-за гэтых прычын свайго краю ў беларускіх працоўнікаў ня было, а другое ня было ў ім і ніякага сталага палітычнага жыцьця. Часовыя гаспадары Беларусі і яе рабочых ды сялян былі к гэтаму з чужою моваю, норавам і ўкладам. Вось чаму замест свае гісторыі беларускі працоўны народ, калі аглядаецца назад, бачыць адну цёмную пляму сваіх мук. Тымчасам гэтымі мукамі, трымаючы дармаедаў розных краін і нацыяў, ён няўхільна, упарта трымаўся на абмацаным грунце краю й няўбачна пракладаў сьцяжыну да таго месца, з якога-б можна было адчыніць першую страніцу свае гісторыі й гісторыі свае зямлі. Гэта месца наблізіла само жыцьцё. У нясупынным разьвіцьці эканамічных абставінаў радзілася Вялікая Расейская Акцябрская Рэволюцыя. А ідэя узышоўшая на глебе папярэдняй, капіталістычнай квадры разьвіцьця, мела ў сабе найшырэйшыя заданьні вызваленьня ад усіх формаў рабства. Беларускія працаўнік і селянін, адначасна са сваімі братамі— расейскімі працаўнікамі й сялянамі, дастае поўную волю, як палітычную, гэтак і эканамічную. Але, болей таго, Акцябрская Рэвалюцыя для беларускіх працоўных гушчаў падаравала яшчэ й іншыя два падарункі— гэта нацыянальнае аслабаненьне і дзяржаўнае жыцьцё.
Тое й другое дасталіся для беларускіх працоўнікаў праз два гады пасьля выбуху Акцябрскай Рэвалюцыі— гэта першага студзеня 1919 году; часовы беларускі ўрад у гэты дзень, воляю беларускага працоўнага народу, воляю рабочых, сялян, ды чырвонаармейцаў створаны для аховы вялікіх заваёваў сацыяльнае рэвалюцыі на Беларусі, абвясьціў Беларусь Савецкай незалежнай Рэспублікай.
І Беларусь упяршыню на працягу доўгавяковае гісторыі стала дзяр жаўнаю адзінкаю, роўнай з усімі сацыялістычнымі краінамі дзяржаваю. Беларускія-ж рабочы й селянін з неаформленага, з нявыясьненага блудзячага парабка стаў гаспадаром свае краіны. З тутэйшага ў панскім прыгоне, і з тутэйшага ў цара ў няволі ён стаў самавітаю асобаю, рэвалюцыйным грамадзянінам. І стаўшы гаспадаром свае сацыялістычнае дзяржавы-рэспублікі, беларускі працоўнік на ўвесь сьвет абвясьціў гэта, як сваё заваяваньне. Ён абвясьціў перад працоўнымі ўсіх краін і ўсіх народаў, што знайшоў свае правы, сваё ймя, знайшоў іх праз вялікае паўстаньне. Няхай ведаюць усе заняволеныя ў прыгоне капіталу! Тым жа, хто бачыў у беларускіх працоўных грамадах сродак для нажывы, сілу для эксплёатацыі, было дадзена знаць, што гэткім ен быў да 1 студзеня 1919 году, а з першага—ўжо стаў паўнапраўным вольным гаспадаром у адваёванай у ворагаў сваёй краіне.
Гэткім чынам на эўрапейскай карце Акцябрская рэвалюцыя вызначыла месца, дзе зьмясьцілася паўстаўшая з мук, як фэнікс з попелу, новая працоўная дзяржава. Праўда, гэта месца прышлося якраз на рубяжы, за які па розным прычынам не магла сягнуць хваля пралетарскага вызваленьня, і дзе пачыналіся пазыцыі старога, прыгоннага ладу. Але яна стала жыць, пішучы свае пэрыяды вогневымі літарамі.
Пагроза старога ладу абрынуцца на Савецкія Рэспублікі першым замахам зразу навісла над Беларускай маладой Рэспублікай. Праз яе ляжала дарога да братняй Савецкай Расеі. І не дапусьціць да захапленьня гэтай дарогі стала першым заданьнем беларускіх рабочых і сялян, як грамадзян свае Рэспублікі.
Тады ўстаў к жыцьцю рэвалюцыйны патрыятызм. .Магутнаю хваляю выбіўся ён з патаемных заховаў, ахапіў беларускія працоўныя грамады й заліў Беларусь з усходу на заход, і з поўдня па поўнач. Ён стаў зьлепліваючым цэмэнтам між Савецкай краінай і яе сынамі—рабочымі й сялянамі. Пачуцьцё рэвалюцыйнага патрыятызму, так сама было й тым сродкам, які ўмацаваў у іх рэвалюцыйную дзяржаўнасьць, адвагу й гатоўнасьць бараніць новую маладую Сацыялістычную Рэспубліку.
Праз кароткі час яе жыцьцё закрапілася яшчэ болей — на гэты раз пралітаю за яе крывёю рабочых і сялян. Вайна Савецкіх Рэспублік у 1920 г. з Польшчаю і гэтымі белагвардзейцамі, якіх яна ахоўвала— то фактычна была першая вайна за ахову Беларусі.
Гэта вайна— першы гістарычны эпізод дзяржаўнага жыцьця беларускіх рабочых і сялян. Тая рашучасьць і пэнт, з якімі яна вялася, пакрыюцца незьвяданаю славаю і на многа вякоў уперад будзе выклікаць да сябе ўвагу й асабіста-натхненную ўмільнасьць. Вайна з Польшчаю выкрыла ў беларускіх працоўных гушчах помеж рэвалюцыйным жахам і доўгімі вякамі спаўшы інстынкт сацыялістычнай дзяржаўнасьці. Той кліч, які Савецкая ўлада падала ў часы наступу нямецкага імпэрыялізму па Пскоў, у першыя месяцы 1918 г .— кліч «Сацыялістычная радзіма ў небясьпецы!» другім водгульлем адбіўся ў гушчах беларускага працоўніка ў ліпені 1920 г. Разуменьне радзімы (ацечаства), як фартэцыя пралетарскае думкі, клясавым падсазнаньнем беларускіх працаўнікоў, адчулася з бяспрыкладнай у гісторыі людзей яскравасьцю. У бурлівым захапляючым паўстаньні, у выяўленьні рэвалюцыйнай партызаншчыны, перайшоўшых па ўсім абшары Беларусі— выглядалі моманты акцябрскіх эпізодаў у Пецярбурзе і ў Маскве, ды у паўстаньні парыжаскіх камунараў у 1871 годзе, ахопленых з усіх бакоў нямецкім імпэрыялізмам і ўласнай францускай буржуазеяй.
На падставе гэтых фактараў зраву-ж пасьля замірэньня Савецкая Беларусь з пэўнасьцю прынялася пісаць другую старонку свае гісторыі— яе рабочыя й сяляне аднаўленьнем гаспадарства й вытворчасьці сталі замацоўваць Сацыялістычную дзяржаву. Кіпучым размахам разгарнулася яна на ўсёй краіне, хутка лечачы атрыманыя на сваім нараджэньні глыбокія раны.
— Чатыры гады —то чатыры вялікіх пэрыяды ў беларускай сацыялістычнай дзяржаўнасьці. На працягу іх беларускія рабочыя й сяляне вытварылі поўны камплекс гістарычных этапаў. Гэтыя этапы ў сытуацыі эканамічных і сацыяльных парушэньняў варты стагодзьдзяў гісторыі дзяржаўнага разьвіцьця іншых народаў. Тым болей, што яны новы й нячуваны дагэтуль. Звычайна, усе краі перажывалі свой поступ доўгімі віхлястымі пуцінамі, пакуль яшчэ нявыпрастанымі— Беларусь жа зрабіла крок— з «панства неабходнасьці— у панства Свабоды»; ды к гэтаму, у панства працоўнай Свабоды. Разьвіцьцё й замацаваньне беларускай сацыялістычнай дзяржаўнасьці з моманту яе нараджэньня 1 студзеня 1919 г. йшло помеж цесна зьвязаным з разьвіцьцём і замацаваньнем гэтых фактараў у суседніх братніх рэспубліках. Зруйнаваньне нацыянальнае няроўнасьці й супольнасьць клясавых заданьняў усіх працоўнікаў Савецкай Фэдэрацыі памагалі гэтаму й служылі кіруючаю роляю ў паглыбленьні беларускай самасьвядомасьці й палітычна-клясавага ды культурнага самавызначэньня беларускіх рабочых і сялян. Шырачэзныя размахі ў вытворчасьці беларускай культуры— то была яшчэ адна грунтоўная падстава для ўмацаваньня беларускай рэвалюцыйнай дзяржаўнасьці. Гэтая падмога надавалася працоўнікамі братніх рэспублік і мела вялікі ўплыў на далейшую цягу да болей цеснага зьяднаньня Савецкае Беларусі з Савецкай Расеяй, але захоўваючы свой самотны выгляд, зазначаны пры сваім нараджэньні. Вырысы яго досыць выразны, блізка падышлі да свайго ажыцнўленьня і, пэўна, к чацьвёртай гадавіне гісторыі Савецкай Беларусі стануць фактамі. То будзе новы гістарычны этап. Які пасьледуе далей? Гэта залежыць ад ходу й накіраваньня разьвіцьця рэвалюцыі, а таксама і ад вымаганьняў інтарэсаў беларускіх працоўных грамадаў. У кожным разе, адно трэба памятаваць заўсёды, што Беларуская Сацыялістычная дзяржаўснасьць для сусьветнай рэвалюцыі— выдатны стан яе разьвіцьця, для беларускіх рабочых і сялян— гісторыя іх вызваленьня клясавага, палітычнага, нацыянальнага й культурнага. Яна найцясьней зьвязана з дзяржаўнасьцю ўсёй фэдэрацыі, а разам з пралетарскай рэвалюцыяй. І дзень, і час яе адчыненьня ёсьць найвялікшы дзень у іх жыцьці. Гэты дзень 1 студзеня ўжо запісаўся ў летапісу жыцьця і мусіць быць адмечаным штодня, на працягу бесканешнасьці яго наступнага бегу, урачыстым сьвяткаваньнем беларускіх рабочых і сялян. 1 студзеня — Сьвята Рэвалюцыі ў Беларусі.
З. Ж.