Перайсці да зместу

1906 — 14/IХ — 1926

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1906 — 14/IХ — 1926
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 15 верас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Роўна дваццаць гадоў назад у Вільні, галоўным цэнтры беларускага адраджэнскага руху, беларускі народ першы раз адкрыта і публічна прамовіў на ўвесь сьвет з страніц першае беларускае газэты.

Гэта ня знача, быццам мы свайго голасу датуль зусім не падавалі. Наадварот: народ наш гаварыў аб сваіх патрэбах і жаданьнях чынным учасьцем у вызвольнай барацьбе пад уладай колішняе панскае Польшчы і царскае Расеі, уласнай крывёй упісваючы свае слова на страніцах гісторыі. Гаварыў вуснамі сваіх падпольных арганізацыяў — рэвалюцыйных гурткоў (нарадавольцы, Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада); гаварыў у нелегальных выданьнях, лістоўках і праклямацыях. А толькі 14 верасьня 1906 году выйшла ў Вільні першая беларуская легальная часопісь, і толькі з гэнага мамэнту пачала існаваць і ў нас свая прэса, у якой адкрыта і публічна мы можам прамаўляць аб сабе і сваіх патрэбах перад усенькім сьветам.

Як і блізу ўва ўсіх важнейшых справах беларускага руху ў тыя часы, ініцыятыва выдаваньня легальнае беларускае часопісі выйшла ад Івана Луцкевіча. Улетку 1906 году ў Вільні адбывалася канфэрэнцыя Беларускае Сацыялістычнае Грамады. І вось тут Іван Луцкевіч выступіў з праектам папробаваць выйсьці з падпольля на легальны грунт і распачаць выдаваньне сваей газэты па-беларуску. Праект быў прыняты аднагалосна, хаця ў усіх учасьнікаў канфэрэнцыі было крыху страху: а ці хваце ў нас сілаў на гэта? ці патрапім?!

Сілы знайшліся. Газэту зладзіць патрапілі, хоць і зь вялізарным высілкам. У склад першае рэдакцыі «Нашае Долі» ўвайшлі: Іван Луцкевіч, як галоўны арганізатар і ідэйны кіраўнік часопісі, Ф. Умястоўскі, як літаратурны кіраўнік, Цётка і Ант. Луцкевіч — як сябры рэдакцыі і галоўныя супрацоўнікі. Выхад першага нумару, надрукаванага ў ліку 10 000 экзэмпляраў, разасланага ўсюды, дзе толькі былі сьвядомыя беларусы, — зрабіў незвычайнае ўражаньне: газэта, ярка выявіўшая адраджэнскі ідэал і ўся пранікнутая духам рэвалюцыі, збудзіла ў масах прыгнечаны ўжо пачаўшайся рэакцыяй дух, падняла настрой і на мамэнт ярка асьвяціла сваім блескам увесь край, над якім ужо зьбіраліся чорныя хмары рэакцыі. Цэлыя масы пісем, карэспандэнцыяў, вершаў пасыпаліся ў рэдакцыю. Пісаныя мазалістай рукой селяніна і работніка, яны рысавалі пачуцьці, якія ахапілі чытачоў пры чытаньні першае газэты ў роднай мове — газэты, што так зьмела і рашуча гаварыла ім аб волі.

Нядоўга існавала «Наша Доля»: з агульнага ліку шасьцёх нумароў пяць былі сканфіскаваны, газэта зачынена прыгаворам суда, адказны рэдактар засуджаны на год крэпасьці. Але пачатак быў ужо зроблены, шлях працярэблены; — і вось, сьледам за «Нашай Доляй» выходзе "Наша Ніва", закладаюцца беларускія журналы, узгадоўваюцца газэтныя работнікі, расьце лічба беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. У працягу дваццацёх гадоў зь першае нязьмелае спробы вырастае паважная беларуская прэса — з сотняй назоваў часопісяў рознага тыпу і зьместу.

У жыцьці кожнага народу прэса іграе вялізарную ролю. Але ў беларусаў яна мае асаблівую вагу і значэньне: бо ж доўгі час яна зьяўлялася, бадай, адзінай праявай заглушанага чужацкім ярмом жыцьця. Прэса была ў нас тэй кузьняй, у якой каваліся нашы адраджэнскія ідэалы, і ў гэтай працы магла прымаць учасьце беларуская сялянская і работніцкая маса, пасылаючы ў рэдакцыю свае карэспандэнцыі, адгукаючыся на ўсе выпадкі, на высказаныя ў газэце думкі і лёзунгі.

Але цярністы той шлях, па якім ідзе наша прэса, — і асабліва цярністым стаўся ён за апошнія гады. Пад той час, як у самадзяржаўнай Расеі за дзевяць гадоў было ўсяго сем канфіскацыяў (пяць «Нашае Долі» і дзьве «Нашае Нівы») ды ўсяго два судовыя прысуды — на 2 месяцы і на 1 год крэпасьці, — цяпер канфіскацыі налічваюцца дзясяткамі кожын год, а за газэтныя стацьці рэдактароў засуджаюць у катаргу, быццам нейкіх ліхадзеяў… А адначасна, як паганая скула на целе беларускага народу, вырастае ў Заходняй Беларусі прадажная — безыдэйная прэса ў беларускай мове, каб атручаваць душы нашага народу і засланяць яму правільны шлях да лепшае будучыны — шлях барацьбы за нацыянальную, палітычную і сацыяльную волю.

Але ніякія рэпрэсіі, ніякія кары ня могуць прымусіць ідэйную беларускую прэсу змоўкнуць ці вырачыся сваіх сьветлых ідэалаў. Наша ідэйная прэса — гэта ж голас самога народу, голас нашых сялян і работнікаў, магутны голас мільёнаў. І сяньня, у дваццатыя ўгодкі нарадзін першае беларускае часопісі, мы, насьледнікі ідэалаў «Нашае Долі», можам з усей цьвёрдасьцяй заявіць, што голас гэты ніколі ня змоўкне!