Перайсці да зместу

1517—1917 (Да юбілею 400-лецця беларускага друку)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1517—1917 (Да юбілею 400-лецця беларускага друку)
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 24 чэрвеня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Надта мы, беларусы, нейкі дзіўны народ. Мы мала цікавімся сваім і мала яго ведаем. Гісторыя якога-небудзь Кітаю нас пэўна што больш цікавіць, чым гісторыя Беларусі.

А тым часам колькі ў гэтай гісторыі ёсць слаўных і пекных страніцаў! Праўда, што калі на гісторыю глядзець, як на суму вестак аб каралях ды аб войнах, дык у нас, можа, і ніякае гісторыі не было. Бо не з войнаў, захватаў і гвалту складаецца наша гісторыя. Народ наш ніколі не меў і не мае інстынктаў воіна-грабіцеля. Беларусь ніколі нікога не крыўдзіла, не захоплівала чужога; яна толькі баранілася. Слава і хараство нашай гісторыі крыецца саўсім у другом.

Народ наш быў калісь адным з самых культурных народаў у Еўропе. Ён быў, як кажуць, «крайнім фарпостам Заходняй Еўропы на Усходзе». Тая культура, што расла і ўзмацнялася на Захадзе, ідучы на Усход, не мінала нашай старонкі. Беларусь, не знаўшая татаршчыны, была ў цесных звязках з Заходняй Еўропай і йшла разам з ёю у культурным развіцці.

У 1440 року немец Гутэнберг вынайшаў друк. У 1455 року была надрукавана першая Біблія, а праз 28 гадоў пасля гэтага, значыць, у 1483 року, пачаліся друкавацца кніжкі і для нашага краю. У Кракаве залажылася друкарня, дзе і друкаваліся славянскія кніжкі для царкоўнай службы на Беларусі, Украіне і Паўднёвай Славяншчыне. Гэты рок, па праўдзе кажучы, мог бы лічыцца пачаткам з’яўлення друкаванай кніжкі на Беларусі. Але гэта не быў спецыяльны беларускі друк.

У 1517 року доктар Францішак Скарына з Полацка пачаў друкаваць у Празе чэшскай Біблію: па-беларуску і для беларусаў. Гэты рок ужо смела можа лічыцца рокам пачатку беларускага друку не толькі ў тым сэнсе, што кніга друкавалася для беларусаў, але і ў тым, што яна друкавалася па-беларуску, на роднай беларускай мове зваротам на ц.-славянскі лад. У цяперашнім 1917 року прыпадае якраз 400-лецце беларускага друку. Юбілей дужа важны, і яго не можна прамінуць, нічым не адзначыўшы 400 гадоў, — гэта салідная цыфра. Як ведама, дык большаю цыфраю з усіх славянскіх народаў могуць пахваліцца адны толькі чэхі.

А гэты важны юбілей з жыцця нашага народу яшчэ нікім не ўспамянуты. Усе як быццам забыліся аб ём. Усе памятаюць, як некалькі гадоў раней маскоўцы спраўлялі 350-гадовы юбілей свайго друку,— сколькі яны паднялі тагды гармідару. А яны ж спраўлялі толькі 350-гадовы юбілей друку ў царкоўнаславянскай мове! У нас юбілей шмат важнейшы, а мы маўчым, як бы і не ведаем. Брыдка перад усімі культурнымі людзьмі!

Запрашаем усіх свядомых беларусаў добра падумаць аб гэтым. Нам трэба як-небудзь згаварыцца, каб цяпер, у часе страшэннай вайны, калі самае паняцце «культура» топчацца ў балота, калі людзі ўсю моц свайго розуму кіруюць на тое, каб як найбольш забіць сваіх братоў,— каб нам цяпер ціха адсвяткаваць сваё вялікае культурнае свята.