«Зямля» Кузьмы Чорнага (Бабарэка)
„Зямля“ Кузьмы Чорнага Артыкул Аўтар: Адам Бабарэка 1929 Крыніца: „Узвышша“, 1929, № 4 |
Нарыс сынтэтычнага разуменьня твору
Час, калі беларускае слова ў мастацтве ўважалі за элемэнт комічны, калі думалі, што гэтае слова ў краёвай літаратуры здольна выконваць толькі адну функцыю сьмешнага або забаўнага, гэты час даўно мінуўся. Яго месца сьпярша заступіў быў час, калі пачалі былі глядзець на беларускае слова як на сродак рэвалюцыянізаваньня сялянскіх мас. І тады ўжо ўрадовыя сфэры сталі ўважаць гэта слова за крымінальнае, сталі баяцца яго, як агня, ды з гэтай прычыны пачалі забараняць яму выхад у сьвет і выганяць з апошняга яго прытулку — гэта з чорнага цела беларускага селяніна. За гэтым часам прышла пара, калі лепшыя прадстаўнікі народу з беларускім словам на вуснах пачалі адкрыта дамагацца лепшай для яго долі, лепшых умоў для яго разьвіцьця і ў першую голаў вызнаньня за ім права „людзьмі звацца“, іначай кажучы, вызнаньня права нацыянальнага самавызначэньня. І лепшыя ўмовы ўрэшце насталі, праўда, не праз гэта дамаганьне, а праз сацыяльную рэвалюцыю.
Новы час патрэбаваў і новых песень. І першае, што было ўскладзена новым часам на беларускае мастацкае слова, дык гэта роля агітатара і прапагандыстага ідэй комунізму. Яму было дадзена заданьне несьці промені новага сьвятла ў беларускія пушчы, сьвятла тых ідэалаў, носьбітам якіх зьявіўся пралетарыят. І беларускае слова, як умела, гэту ролю чэсна выконвала. Гэтым тлумачыцца тое, што яно амаль дасюль мала клапацілася пра свае ўборы, пра свае страі, а больш пра тое, што яно несла з сабою, што праз сябе перадавала працоўным гушчам. Гэтым–жа тлумачыцца і тое, што поэты — некаторыя — больш адчувалі сябе на службе пры выконваньні сваіх абавязкаў, ніж тым, што яны дзейнічаюць сваім словам, што яны твораць адну з пралетарыятам справу. Нярэдка поэты і не адчувалі, што слова — гэта зброя, якую яны твораць і якою ў патрэбныя хвіліны можна арудаваць у змаганьні з сваім клясавым ворагам. Гэтак было на першых хвалях рэвалюцыі, калі йшло змаганьне за палітычнае замацаваньне рэвалюцыйных заваёваў.
Калі–ж настаў час будаўніцтва „всерьез и надолго“, тады і на мастацкае слова былі ўскладзены новыя абавязкі. Ад яго сталі патрабаваць, каб яно было такім, што дало–б магчымасьць адчуць вялікасьць таго працэсу работніцка–сялянскага адраджэньня, які йдзе ў Беларусі, а разам з гэтым дало–б адчуць работніцка–сялянскую Беларусь, яе дух, яе асаблівасьці. Чытача беларускага прыгожага пісьменства ўжо не здавальнялі надзённыя вершыкі або поэмкі, якія кіпамі зьяўляліся на сьвет у водгук на штодзённыя зьявы. Тое, што яны казалі, чытач мог адчуць і пазнаць, ня чытаючы іх. Для гэтага з яго досыць было чытаць газэты ды вершы ў расійскай мове. Чытача не здавальняла таксама і тое, што, як і раней, беларускае слова дамагалася вызнаньня яго носьбітаў за такіх–жа людзей, як і тыя, што гаварылі іншымі мовамі. Не здавальняла ўжо і тое, што яно насіла з сабою скаргі і жальбы свайго гаспадара. І гэта зразумела — чаму.
Кастрычнікавая рэвалюцыя прынесла вызнаньне людзкасьці за тымі, хто быў уладаром беларускага слова — гэта работнікам і сялянам. Ды мала таго, яна прынесла вызнаньне за імі галоўнай ролі ў гістарычным працэсе, ролі гэроя нашай эпохі, ролі адзінага сапраўднага прадстаўніка нацыі. Рэвалюцыя вызнала за пралетарыятам адзінага правадыра ўсяго чалавецтва на шляху да соцыялізму, што адкрые новыя формы для выяўленьня чалавечага гэнія ды забясьпечыць яго разьвіцьцё. І гэта ўсё было такім новым у беларускіх умовах, што яно застала некаторых прадстаўнікоў беларускага мастацкага слова зусім непадрыхтаванымі для выкананьня тае вялікае ролі, якая выпадала на долю літаратурнага мастацтва ў выніку вызнаньня годнасьці яго гаспадароў Кастрычнікавай рэвалюцыяй. Гэта–ж вызнаньне азначала, што час патрабуе ад беларускага мастацкага слова не таго, каб яно даводзіла, што яго носьбіты людзі, што яны ўмеюць адчуваць і думаць, не зважаючы на цяжкія ўмовы, у якіх ім даводзілася жыць, — ад яго патрабавалася, каб яно паказала, што гэтыя людзі ўмеюць змагацца з сваімі ворагамі, што яны ўмеюць разбураць стары і, разбураючы, дайлідзіць новы будынак таго ладу, які называецца соцыялізмам. Ад беларускага мастацкага слова патрабавалася, каб яно паказала, што яго гаспадары ўмеюць дзейнічаць і тварыць новыя формы грамадзкага жыцьця чалавека, а ня толькі плакаць ды стагнаць „над народу сконам“, як гэта было да рэвалюцыйнага часу. Гэта–ж, у сваю чаргу, вымагала пэўных якасьцяй як ад мастакоў слова, так і ад тых сродкаў і спосабаў, якімі яны ствараюць новыя мастацкія формы. Яно вымагала таксама новага ідэолёгічнага сьвятла ад твораў і звароту да тых мас, якія выкліканы гісторыяй тварыць новыя формы жыцьця. Пры гэтым яно патрабавала, каб гэты зварот быў такім, што нож у сэрца ворагаў працоўных. Вось тая вялікая і пачэсная роля, якая выпала на долю літаратурнага мастацтва ў выніку Кастрычнікавай рэвалюцыі. Гэткім вось умовам павінна адпавядаць наша мастацтва, калі яно хоча быць мастацтвам рэвалюцыйнага пралетарыяту.
Умовы, пра якія дагэтуль ішла гутарка, — гэта, т. ск., домінанта сучасных патрабаваньняў. І гэта зусім ня значыць, што побач гэтай галоўнай лініі ва ўмовах дзейнасьці мастацкіх твораў няма адгалоскаў ад тых часоў, што даўно або нядаўна, але мінулі ўжо, і што гэтыя адгалоскі не выстаўляюць сваіх вымогаў ды ня ставяць перашкодаў у разьвіцыці галоўнай лініі нашага часу. Пабочныя лініі — усё роўна што быльнік ці якое зельле; яго шмат яшчэ расьце на рэвалюцыйнай ніве, і яно адбірае месца і сьвятло ад пажытных расьлін. Яно нярэдка ўзьнімаецца так высока, што засланяе сабою галоўную лінію. І гэта асабліва тады, калі твор дае для яго спажытак. Вось чаму наш час ад пралетарскага твору вымагае яшчэ такіх якасьцяй, якія–б яго ахоўвалі адзасьмечваньня гэтым зельлем старога часу ды адначасна былі–б пагубаю для яго. Наш час патрабуе ад твору мастацкага жыцьця для работнікаў і сялян і крэсу для ўсяго, што шкодзіць іхнаму росту, што ёсьць іх ворагам. Жывячы творчае, мастацкае слова павінна труціць „старое“. Яно павінна разбураючы тварыць і творачы разбураць. Іначай кажучы, мастацтва павінна адыгрываць дыялектычную ролю: падзяляючы — гуртаваць і ўзмацняць, а ўзмацняючы і гуртуючы — падзяляць і аслабляць сваіх праціўнікаў. Вось якія шырокія магчымасьці для выяўленьня мастацкіх талентаў! Якое шырокае поле для творчасьці!
У гэты час зьяўляецца ды пачынае жыць і дзейнічаць раман Кузьмы Чорнага „Зямля“. І хто не парадаваўся гэтай новай кнізе! Хто, прачытаўшы яе, не пераказаў свайму таварышу таксама прачытаць яе! Не парадавацца–ж нельга, калі чытаеш яе і адчуваеш, што от быццам аўтар не апавядае, а сьпявае вялікую песьню жыцьця, створаную людзьмі на зямлі. І сапраўды: чытаеш гэты раман — усё роўна што слухаеш музыку натхнёнага композытара. Адчуваеш, з якой вялікай замілаванасьцю да жыцьця і людзей, з якой глыбокай вераю ў перамогу новага, што вырасла ў часе рэвалюцыі, напісана гэта музыка. І як захоплівае гэта музыка, як узрушае і ўзьнімае на дзейнасьць! Яна запаляе на творчую працу. Яна — што тая зямля, якую старым звычаем маці давала сыну, выпраўляючы яго ў сьвет. Хто раз да яе прыпадаў, той не забудзе яе паху ніколі, той будзе памятаць, якія людзі жывуць на беларускай зямлі.
Яшчэ адчуваецца, што гэта твор новых магчымасьцяй. От чытаеш яго і быццам бачыш перад сабою сапраўднае жыцьцё, не падфарбаванае, а такое, якое яно ёсьць. І да чаго–ж яно звычайнае і простае, а якое любае і прыгожае якраз вось таму, што яно жыцьцё, што яно працэс, дынаміка, а ня статыка, а не мярцьвечына, не схэматычны плякат. А прачытаўшы, уздумаеш: то–ж гэта прачытаны твор мастацтва, і як ён здолеў узрушыць, і падумаеш яшчэ пра аўтара, што таленавіты ён пясьняр радасьці жыцьця — новае слова прынёс ён адзямлі.
І яшчэ адчуваеш рытм. А гэта мала якая прозаічная рэч дае магчымасьці пераадчуваць. І рытм не апавяданьня, а рытм жыцьцёвага працэсу, як ён адлюстроўваецца ў сваёй, т. ск., надбудове — людзкой гаворцы. Сам раман як–бы цячэ хвалямі, а ў гэтых хвалях люструецца тое, што складае жыцьцёвы працэс. Або от усё роўна, што бачыш перад сабою „карцінную галярэю людзкіх тыпаў, зьвязаных між сабою песьняю працы на зямлі“. Ці то яшчэ адно параўнаньне — от глядзіш прадстаўленьне: адчыняецца заслона і праходзяць перад табою людзі з сваімі гаворкамі. Чуеш, як гавораць гэтыя людзі ў розных палажэньнях, а ў гаворках выяўляюцца і самі, і выяўляюць другі бок свайго жыцьця, той, каторы вызначае гэты, што перад вачмі. І здаецца, што гэтыя людзі жывуць, от усё роўна што абрад які спраўляюць: так ставяцца яны да жыцьця.
Нарэшце, як вынік усіх гэтых адчуваньняў, што зьявіліся ў непасрэдным дачыненьні да твору, выплывае наверх пытаньне: у чым–жа сакрэт „Зямлі“ Кузьмы Чорнага, што яна такое, што яна кажа і для каго яна?
1
[правіць]У творчасьці К. Чорнага „Зямля“ займае месца сынтэтычнага прадстаўленьня мастацкім словам перажытага жыцьця. Да „Зямлі“ К. Чорны яшчэ толькі шукае самога сябе ў творчасьці; ён яшчэ толькі пробуе яе віна з розных чарак; ён смакуе той матар’ял, які зьбірае на палёх людзкога быцьця; ён аформляе яго яшчэ так сабе збольшага; ён толькі яго контуруе, каб праз нейкі час, калі сабранае перапоўніць яго істоту і настойліва патрэбуе выхаду ў сьвет у монумэнтальных формах, здайлідзіць з іх палац мастацкага твору. Нават і раман „Сястра“ ў дачыненьні да „Зямлі“ становіць ня што іншае, як толькі матар’ял сабраных уражаньняў аўтара ў гарадзкіх абставінах і дачасна зьлепленых у кускі — калыбы яшчэ будучых вобразаў і композыцый. Раман „Зямля“ — гэта ўжо спроба монумэнтальнага мастацкага будынку з апрацованых матар’ялаў, што былі сабраны аўтарам за час ранейшых нагляданьняў, перажываньняў і думаньня. Гэта, праўду кажучы, першае сталае выступленьне К. Чорнага з мастацкім творам на суд грамады, і менавіта з мастацкім творам, а не накідам, эскізам ці нарысам. Гэтым раманам К. Чорны дэбютуе як мастак–конструктар, а ня толькі як тонкі наглядальнік, зьбіральнік мастацкіх матар’ялаў і мысьленьнік, як гэта было дасюль.
Дасюль К. Чорны як–бы сьпяшаўся і баяўся чаго. Ён нібы баяўся, што вось нешта з ім здарыцца, і ён ня здолее паказаць сьвету таго, што бачыць. І ён усё роўна, як кветкі і краскі на лузе, пасьпешна ірваў ды, ня зьвязваючы іх у букеты, проста рассыпаў іх па сваёй дарозе. Дасюль К. Чорны імкнуўся толькі выказацца і выказаць усё, што набягала і прасілася вонку з нутра. „Зямля“–ж ужо ёсьць вынік доўгай, глыбока прадуманае творчае працы. У постаці „Зямлі“ перад чытацтвам прадстаўлен першы мастацкі твор, збудаваны па загадзя прадуманым пляне, і менавіта як твор. Такое палажэньне „Зямлі“ ў творчасьці К. Чорнага (якая, між іншым, налічвае ўжо 6 гадоў працы) дае ёй права на пэўнае месца ў гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Гэта месца вызначаецца яе дачыненьнем да твораў, што зьявіліся перад ёю ў абсягу монумэнтальнай літаратурнай творчасьці, якая прэтэндуе на выяўленьне ня толькі асабовага ўнутранага жыцьця свайго аўтара (хай сабе нават як прадстаўніка пэўнай сацыяльнай формацыі), а вакольнае рэчаіснасьці ў вобразах і тыпах (вядома, у асабовым яе разуменьні). „Зямля“ ўжо тым, што названа праз аўтара раманам, таксама прэтэндуе на прадстаўленьне ў мастацкай літаратуры эпічнага роду поэтыцкай творчасьці і праз гэта вымагае аднясеньня яе да гэтага роду. Дык вось якое–ж яе дачыненьне да іншых прэтэндэнтаў на гэты род творчасьці ў беларускім прыгожым пісьменстве?
Чытач беларускай кнігі меў ужо шчасьце ці няшчасьце (гэта як каму!) да „Зямлі“ чытаць раманы і іншыя вялікія рэчы, пісаныя беларускаю моваю. Ён чытаў „Сокі Цаліны“, „Сьцежкі–Дарожкі“ ды іншыя па велічыні падобныя рэчы і думаў, што знаёміцца з беларускім раманам. Не бяда, калі ён часта густа, прачытаўшы, расчароўваўся наконт сваеасаблівасьцяй гэтага раману. У яго складвалася такое паняцьце аб беларускім рамане, што гэта ёсьць ня што іншае, як біографічныя або аўтобіографічныя літаратурныя нарысы, зазвычай пісаныя ў 3–й асобе. І як біографіі іх аўтараў ня блішчаць асабліва выдатнымі падзеямі, так і іх раманы. У іх зазвычай адыгрываюць галоўныя ролі гэроі–адзінкі. У ахвяру гэтых адзінак нярэдка прыносяцца другія асобы. Словам, гэта раманы, якіх гібель у іншакраёвых літаратурах, і з характарам якіх чытач, выгадаваны на гэтых літаратурах, досыць добра знаёмы. Не знаходзячы ў сэнсе раману ў іх нічога новага, чытач нярэдка расчароўваўся і ў беларускай літаратуры. Ён уважаў яе за вольна–перакладніцкую ці пераймальніцкую і, вядома, меў некаторую рацыю. Раманы беларускаю моваю ён уважаў за беларусізаваныя раманы быўшай расійскай провінцыі — Мінскай губ.
Той жа чытач, што выхоўваецца на гэтых раманах, будзе некалькі зьдзіўлен раманам „Зямля“, паколькі яна разбурацьме тое паняцьце аб рамане, якое ў яго злажылася на падставе раней ім прачытаных. І гэта зразумела: дасюль ён яшчэ ня чытаў беларускага раману (па будове і форме). Дасюль ён меў магчымасьць чытаць раманы або хронікі апавядальна–апісальнага, натуральна–статычнага і плякатнага характару. „Зямля“ К. Чорнага — раман сацыяльна–псыхолёгічнага роду. Гэроем яго ў адрознасьць ад раманаў папярэдніх зьяўляецца не гэрой–адзінка, а сялянская маса. Асобы–ж, што высоўваюцца ёю, выконваюць толькі пэўныя ролі, вызначаныя самім ходам разьвіцьця грамады.
Перад чытачом раман выступае ў двух плянах. У першым яго пляне, гэты, т. ск., раман у асобах — мы чытаем, раман–жа ў другім сваім пляне, гэты раман дзейнасьці — мы адчуваем; і яго ходы, яго кірунак разьвіцьця мы бачым праз прызму першага пляну. Раман другога пляну расказваецца асобамі раману першага пляну. Гэта ўсё роўна, што вось на экране праходзілі–б фігуры з сьвятла і ценяў ад кіностужкі, а наша ўяўленьне па іх рухах аднаўляла–б карціну рэальнага быцьця з яго людзьмі і працэсамі. Словам, гэта раман не біографічнага характару і не хронікальнага.
Зрэшты, раман — гэта вельмі ўмоўна. „Зямля“ — хутчэй поэма прозаю, у якой прасьпяваны гімн жыцьцю на зямлі і яго аднаўленьню, што адбываецца ў выніку рэвалюцыі. Гэта не раман–плякат, гэта — раман драматычных песень зямлі. Ён дае падставу на тое, каб быць вызнаным за нацыянальны формаю раман. У дачыненьні да папярэдніх прэтэндэнтаў на такі раман „Зямлі“ па праву мусіць быць адведзена першае месца. Яна ўносіць свой зьмест у паняцьце раману і творыць свой уласны адменьнік яго ў шэрагу тых паняцьцяў, што ўтварыліся былі на падставе раманічных узораў у іншакраёвых літаратурах і іх эпігонах у беларускай.
2
[правіць]Калі мы ўвойдзем у „Зямлю“ і пачнём яе аглядаць, каб ахапіць уцалку як твор ды пазнаць яе концэнтрацыйны плян, дык мы ўгледзім, што яна складаецца з кругу малюнкаў. Вось перад намі малюнак „сход“, а вось малюнак „на поплаве за коньмі“, а вось — „на прызьбе“, „на вуліцы“ і г. д. Усе яны разьмешчаны ўсё роўна як на акружыне малюнкі кінофільму: усе яны да таго празрысты і люстраны, што ў кожным з іх адлюстроўваецца і цэнтр. Яны і разьмешчаны так, каб паказаць гэты цэнтр у рознага роду адлюстраваньнях.
Асяродак іх — зямля. І паказана яна ня голая, а прыбраная ў жывых людзей, яе красу і гордасьць, а часам і бяду. Яна паказана ў страёх, што выснаваны з гэтых жывых людзей. Бачачы гэтых людзей, мы бачым твар зямлі, мы бачым саму гэну зямлю як грамаду, у якой ідзе змаганьне маладога, новага з старым і даўнім. Мы бачым гэту грамаду як адзінае цэлае, што вылучае з сябе пры пэўных умовах, усё роўна што сонца праменьні, парасткі ў нязнаны яшчэ дасюль у гэтай грамадзе сьвет. З гэтага боку раман пабудован па вобразу працэсу росту на зямлі або працэсу праменяваньня. Словам, концэнтрацыйным плянам „Зямлі“ ёсьць вобраз працэсаў натуральна–біолёгічнага парадку. І дынаміка раману — гэта дынаміка гэтых працэсаў.
На малюнках, з якіх складаецца „Зямля“, мы бачым постаці людзей, найбольш групамі, у розных становішчах і момантах. Гэтыя людзі вядуць між сабою гутаркі пра тое, што было, што ёсьць, што будзе і чаму яно так, а ня йнакш. І самі гэтыя гаворкі дарысоўваюць нам фігуры асоб, якія іх вядуць. Яны таксама адкрываюць перад чытачом заслоны на тое, што прадстаўляе сабою жыцьцёвы працэс за межамі наяўных малюнкаў. Праз гэтыя гаворкі мы чуем, як ідзе гэты працэс як–бы падыспадам відомага і чутага, як ідзе ён унутры самога быцьця.
Так вось у першым разьдзеле першай часткі вы пападаеце на сялянскі сход, на якім абмяркоўваецца пытаньне перадзелу зямлі. Але вы ня чуеце абмяркоўваньня самога гэтага вось пытаньня. Вы чуеце, т. ск., інтэрмэдыі (дазвольце ўжыць тут умоўны тэрмін), якія справаджаюць сабою працэс абмеркаваньня таго пытаньня, дзеля якога і сход сабраўся. Пра самы гэты працэс вы даведваецеся з аўтаравых рэмарак ды некалькіх рэплік старшыні сходу і іншых асоб. Але ўрэшце вы адчуваеце, што і досыць гэтага, што менавіта „інтэрмэдыі“ куды важней чуць, чым тое, як галасавалі за перамер. Гэтыя „інтэрмэдыі“ абрысоўваюць людзей і вядуць вас углыб, да карэньняў таго, што вы бачыце перад сабою. Яны вядуць да крыніц зьместу паказаных перад вамі людзей. Дзякуючы гэтым „інтэрмэдыям“ вы адчуваеце нешта падысподняе, што напластавалася ў гэтых людзей за час іх жыцьця на зямлі. Вы чуеце, што бурліць яно там унутры і шукае выхаду на сьвет. І яшчэ вы адчуваеце, што яно павінна выйсьці наповерх, хоць вы і ня ведаеце, у што яно аформіцца і калі выбухне на сьвет. І гэтак вы праходзіце ад аднаго малюнку да другога, аж пакуль ня вырасьце ў вашым уяўленьні вялікая карціна ўсяго твору. У выніку паўстае перад вамі твор, як будынак, што мае дзьве стораны — знадворную і ўнутраную, ці правільней будзе сказаць: відомую, чутую, словам, непасрэдна адчувальную, і тую, што пазнаецца праз пасрэдства першай, іначай, пазнавальную. Яшчэ вы пазнаяце, што абедзьве гэтыя стораны паказаны перад вамі ў аднэй роўніцы, от усё роўна як паказвае маляр–мастак малюнак з пэрспэктываю ў глыб або даль выключна праз композыцыю адпаведных фарб. Будынак гэтага твору выглядае так, як выглядаў– бы, скажам, куст ялоўцу, калі на яго глядзець зьверху, праводзіць вачмі ад аднаго краю да другога, от як–бы гэта была адна роўніца. І мы ўбачылі–б, як, скажам, адна галінка, выходзячы з цёмнай плямы, раптам абрываецца і зноў патанае ў такой–жа пляме. Потым вы бачыце, як выходзіць новая галінка, а з ёю перасякаецца трэцяя, што йдзе з процілежнага боку. Далей зноў цёмная пляма і зноў крыжаваньне галінак, з якіх вы некаторыя прызнаяце за тыя, што ўжо бачылі раней. І ў вас ва ўяўленьні вырысоўваецца ход ліній ад краю і да краю малюнку, які вы аглядаеце. Вы ўрэшце бачыце, як усе лініі сыходзяцца ў карэньні. Але каб разабрацца ў такім малюнку і добра ўявіць сабе, адкуль і куды ідзе якая лінія, дзе іх цэнтр, вам трэба было доўга ўглядацца ў малюнак, аглядаць яго не сьпяшаючыся і нярэдка варочацца назад да прагледжанага, каб устанавіць сувязь папярэдняга з наступным. Такі ў грубых рысах той вобраз, па якім пабудована „Зямля“.
Тут можа стаць пытаньне: што–ж надаўміла аўтара „Зямлі“ ўзяць такога роду концэнтрацыйны плян у аснову будовы свайго твору? З якога дасьведчаньня ўзяў ён гэту форму? Канечне, такія формы мог даць удзел у вытворчасьці рэчаў грамадзкага спажываньня. Тварэньне рэчы і сама рэч, як вынік гэтага працэсу, — вось тая форма, што паслужыла ўзорам для будовы „Зямлі“. Сапраўды, той, хто бярэ ўдзел у працэсе вырабніцтва, хто ў гэтым працэсе адыгрывае пэўную ролю і гэта ўсьведамляе, той звык ужо глядзець на гатовую рэч як на продукт арганізаванае працы. І таму ён бачыць ня толькі рэч як такую, але праз яе бачыць і тое, што яе стварыла, за рэччу бачыць чалавека, які яе зрабіў ці стварыў, а творачы, перажываў гэту работу, магчыма, яшчэ ў справаджэньні іншых якіх перажываньняў, успамінаў, адчуваньняў, дум і да т. п. Гэта асаблівасьць — бачыць чалавека за рэччу — уласьціва таму, хто бярэ сьвядомы ўдзел у працэсе грамадзка значнай і патрэбнай для жыцьця працы. Чалавеку, які стаіць з боку такога працэсу, такая псыхолёгія не ўласьціва. Вось гэтакае сьвядома–творчае быцьцё і дало вобраз для твору. Жыцьцём творчасьці рэчаў для грамадзкага паказу і спажываньня ня жылі папярэднія беларускія пісьменьнікі, а таму і гісторыя тых формаў, што даны гэткім быцьцём, пачынаецца ў сучаснасьці. Адным з узораў такіх формаў ёсьць і „Зямля“. Ня дарма адзін з маіх таварышаў, прачытаўшы „Зямлю“, сказаў: „адчуваецца, што аўтар працуе ў газэце“. І ў гэтым выказалася адчуваньне таго, што „Зямля“ ёсьць аформованы накшталт творчага быцьця матар’ял вясковай моўнай стыхіі для грамадзкага паказу.
3
[правіць]Роман „Зямля“ прадстаўляе творча–конструкцыйную плынь сучаснай культуры беларускай поэзіі, авеяную жыцьцёвай рамантыкай дойлідзтва новых формаў поэзіі. Гэта тая плынь, што мастацкім словам уцелаўляе хараство і трагізм працэсаў росту і аднаўленьня грамады. Гэта тая плынь, што мастацкім словам выяўляе жыцьцё ў яго дынаміцы.
Уласьне кажучы, пытаньне кірунку літаратурна–мастацкай або поэтыцкай культуры ёсьць пытаньне тэхнічнай апрацоўкі слоўнага матар’ялу і спосабаў конструяваньня яго ў твор па загадзя задуманых плянах ці вобразах.
Слоўны матар’ял „Зямлі“ ўзяты з бытавога абыходку вёскі, дакладней, з тых прагалкаў, якія справаджаюць сабою вытворчы працэс. Слова Кузьма Чорны апрацоўвае так, каб яно, перадаючы непасрэднае ўражаньне, прадстаўляла–б і прадмет уражаньня. Слова ў „Зямлі“ прадстаўляе малюнак, адухоўлены дыханьнем людзкога жыцьця. За ім адчуваецца, што тут праходзіў чалавек, які сабою ажыўляў усё вакольнае аж да неарганічнай прыроды. Яно робіць непасрэдна эмоцыянальны ўплыў, як гэта робіць на чалавека якая дзея ў сапраўднасьці. Яно то ўзрушае, то суцішае.
Характэрным яшчэ для поэтычнай культуры, што прадстаўлена „Зямлёю“, зьяўляецца тое, што можна было–б назваць „пераскакваньнем“ з прадмету на прадмет у гаворках і апавяданьні. Вось даецца эмоцыянальны малюнак прасторавай абстаноўкі, а за ёю падаюцца рэплікі некіх асоб або апісаньне асобы. У гаворцы робяцца таксама пераскакваньні з тэмы на тэму або з прадмету на прадмет і — на першы погляд — толькі таму, што той ці іншы з іх кінуўся ў вока таму, хто гаворыць. Асоба гаворыць аб ім, хоць самы прадмет, здаецца, ня мае сувязі з папярэднім. Але гэта толькі на павярхоўны погляд так. Сувязь, уласьне, ёсьць, яна толькі ня вонкавая, а нутраная, падысподняя. Яна нярэдка ў адзінстве асобы або часу, або месца ці адчуваньня. Захаванасьць гэтай сувязі і стварае ўражаньне апавядальнай перарыўнасьці і скачкаватасьці працэсу.
Другою характэрнаю рысай ёсьць багатая маляўнічасьць. Яна выяўляецца шырокім ужываньнем азначэньняў і характарыстычнай эпітэталёгіі (пераважна эмоцыянальнай ахварбоўкі) у абрысоўцы людзей і рэчаў. Эпітэт у „Зямлі“ характарызуе або эмоцыянальна прадстаўляе якасьці рэчаў. Такая зьява ўласьціва для таго асяродку, у якім пытаньні якасьці займаюць паважнае месца, зьяўляючыся, т. ск., кардынальнымі ў працы.
Трэцяй рысай ёсьць конструкцыйнасьць. Выражаецца яна ў тым, што твор складаецца з апавядальных адзінак (гаворкі, лісты, аўтаравы рэмаркі і апісаньні, дзейныя асобы, месца, абстаноўка і час і перамяшчэньне асоб) так, каб у выніку была мэлёдыя ўражаньняў, рытмічна адпаведная адчувальнай дынаміцы жыцьцёвага працэсу.
Чацьвертай рысай ёсьць дынамізм, як тая ўнутраная напружанасьць, што выяўляецца перад намі зьяўленьнем (у часе) малюнкаў, якія прадстаўляюць уцелаўленьне працэсу дыалёгамі.
Пятае — жыцьцёвая сымболіка (т. ск., сымболізм навыварат) і густата. Апошняе дасягаецца тым, што аўтар у гаворках прадстаўляе шмат прадметаў іх. Гэтым дасягаецца ўражаньне густаты і багатай зьмястоўнасьці.
Як асаблівую рысу гэтай культуры трэба адзначыць спосаб прадстаўленьня (ці маляваньня) людзей іх гаворкамі як іх вобразамі. Падобна таму, як мы ня бачачы чалавека, адно чуючы яго голас, пазнаём, што гэта за чалавек і ў якім ён становішчы, так К. Чорны прадстаўляе і людзей — дзейных асоб свайго раману. Зямля апавіта ў гаворкі людзкія, яны акружаюць яе усё роўна, як паветра. Гэта галасы зямлі з яе людзкім жыцьцём. І мы па галасох пазнаём, што гэта за зямля і чаго яна вымагае ад людзей. Вось чуем голас як–бы з падзямельля, які кажа, як падзел зямлі падзяліў і людзей, пасеяўшы між іх варожасьць. А вось другі — ён кажа, што зямля патрабуе цяпер ад людзей новых адносін, не драпежніцкіх, а разумных, арганізаваных і не індывідуалістычных, а калектывістычных.
Гэта плынь тае поэтыцкай культуры, якая вызнае за словам такое–ж дзейнае значэньне, як за ўчынкамі. Сказаць што ці расказаць для гэтай плыні зьяўляецца сынонімам зрабіць або ўчыніць прыемнае ці няпрыемнае, радаснае ці сумнае, уздымнае ці нізкае і да т. п. Сказаць слова — гэта даць магчымасьць адчуваньня па сіле роўнага непасрэднаму адчуваньню жыцьця, перажытаму аўтарам.
Вось, прыкладам, канчаецца першая частка раману: „Як–жа яна пахла — зямля“. І гэта ўзрушае ўсё роўна, як які ўчынак. Мы ўсьведамляемся, што такое зямля. Яна ня толькі тое месца, дзе мы жывем у сусьвеце і дзе расьце хлеб. Гэта схоўня многіх пакаленьняў нашых продкаў. Яна родная і дарагая чалавеку таму, што захавала ў сабе яго бацькоў і дзядоў, а то й братоў ды сясьцёр. Зямля — гэта частка чалавечай душы. Зямля — гэта чалавечыя думы, жаданьні, надзеі. Зямля — гэта вечна непакойны і непакорны, вечна імклівы і трапяткі дух чалавека. Як многа захована ў гэтым слове „зямля“, такім простым і звычайным! І мы разумеем, як пахне зямля: яна мае свой голас, свой твар і свой пах. Гэта адчуць дае раман „Зямля“ тэю культураю простага слова, што вымагае, кажучы фігуральна, максымальнай загрузкі азначальнасьцю кожнай моўнай адзінкі. Аджа–ж „простыя словы, якія аформляюць сьвядо масьць мас, пераварочваюць сьвет“ (Бухарын). Такім мусіць яно быць і ў мастацтве. Да такога імкнецца яно ў „Зямлі“.
4
[правіць]Кажуць, стыль — гэта чалавек. Насьлядуючы форме гэтага выслоўя, я–б сказаў: твор — гэта чалавек (разумеючы гэта пакуль што толькі ў псыхолёгічным разрэзе). Бо й сапраўды, як часта мы, гледзячы на якую–небудзь добра зробленую рэч, выклікаем: „Во мастак!“, гэтым самым паказваючы, што мы ў зробленым бачым яго аўтара, у об’екце яго суб’ект. І як па голасу, які чуем, мы можам судзіць пра яго носьбіта, так і па творы аб яго творцы. Калі гавораць пра які твор, што ён зроблен таленавіта, то гэтае таленавіта адносіцца да мастака. Твор жа можа быць моцным або слабым, добра ці кепска зробленым, цікавым ці няцікавым і да т. п. Для нас важна ўстанаўленьне па творы таго характэрнага і ўласьцівага для яго творцы, якое хоць і ў розных формах, але выяўляецца заўсёды, як яму ўласьцівае, як, т. ск., закон гэтага таленту.
Раней адзначаныя асаблівасьці „Зямлі“ падказваюць, што яе ўтварэньне патрабавала адпаведнага сабе таленту. Тымі творамі, што ёсьць у беларускім прыгожым пісьменстве на сёньняшні дзень, выявілася некалькі катэгорый талентаў. І той, што праяўлены „Зямлёю“, мае ўжо сваіх папярэднікаў. Ён зьяўляецца на тэй лініі, на якой станавіў сябе Я. Колас, а яшчэ раней — Янка Лучына–Няслухоўскі, у сэнсе творчаснага тыпу. Талент, прадстаўлены „Зямлёю“, — такі–ж талент станаўленьня, як і яго папярэднікі, толькі выхаваны і выяўлены ў іншых ад сваіх папярэднікаў умовах, а таму і набыўшы новыя, больш яскравыя, самабытныя формы свайго станаўленьня. Ён выразна позытыўны ў характары сваіх дачыненьняў да сьвету і эмпірык у пазнаваньні яго. Ён нярэдка бывае экспэрымэнтальным. Ён можа прымаць на сябе тую ці іншую ролю выключна дзеля таго, каб выведаць тое, да чаго ці каго ён дачыняецца, каб выклікаць на верх тое, што ў глыбі. Так і матар’ялы зьбірае па крышцы, а потым з іх і сваіх дасьведчаньняў творыць вобразы. Па ўмовах часу і месца дзейнасьці ён ня мае магчымасьці наглядаць за тэю ці іншаю зьяваю ад пачатку яе і да канца сыстэматычна і неперарыўна. Ён бачыць толькі бліскі момантаў, разрозьненыя і часта выпадковыя. Па іх яму даводзіцца ўвабражаць працэс, аднаўляць яго сваім уяўленьнем. Вось тут і патрэбна здольнасьць надзвычайнай прасячнасьці адчуваньня і конструкцыйнага ўяўленьня. Тут і выяўляецца характэрная для яго здольнасьць чытаньня па вонкавым выяўленьні ўнутранага зьместу, здольнасьць заключэньня ад характару знадворнага да характару ўнутранага, ад выражэньня да выражальніка — ад об’екта да суб’екта, ад твору да творцы — да самога працэсу тварэньня. Да рэчы, для гэтага роду талентаў самы працэс ёсьць сынонім прыгожага.
Словам, талент, які выяўляе сабою „Зямля“, ёсьць талент глыбокага, інтуіцыйнага прасяканьня ў жыцьцё. Гэта талент шырокага прыяцьця яго глыбінь як таго первястковага пачатку, што патрэбен для красаваньня чалавека на зямлі. Гэта талент, які ня столькі суглядае, сколькі пранікае ўглыб бачанага калі ці чутага. Гэта багаты інтуіцыяй талент. Яна ў яго пераважвае поэтыцкае мастацтва (майстэрства). Сьцьвярджэньнем таму — часта празьмернае ўжываньне славечак і выразаў, якія ўразілі былі калі аўтара. Сьцьвярджае гэта і тое, што некаторыя крытыкі называлі нястачаю чуцьця меры або крытычнага дачыненьня да свайго твору і што выразілася ў „Зямлі“ ў форме дзе–якіх расьцянутасьцяй ды лішняй не ўвязанай з асноўным ходам разьвіцьця раману эпізодычнасьці некаторых малюнкаў. (Асабліва адчуваецца поэтыцкая няўпэўненасьць у пачатку трэцяй часткі.) Зрэшты, уменьне набываецца доўгаю і ўпартаю працаю.
Гэта–ж талент такога роду, які мог–бы пра сябе сказаць словамі М. Багдановіча: „Я пад яе зімовай маскай, пад сьнегам бачу твар вясны“. Так і аўтар „Зямлі“ сваім творам як–бы кажа: я бачу, як усёй сваёй істотай імкнецца зямля зьмяніць свой чалавечы ўбор і яго формы. І яна зьменіць яго, я гэта адчуваю ўсёй душою за гэтымі знадворнымі малюнкамі чалавечага адзеньня зямлі.
Характэрна для гэтага таленту яшчэ і тое, што ён ідзе ад пазнаньня рэальных фактаў, ад іх усьведамленьня да мастацкіх абагульненьняў, а не наадварот, ад ідэі да ўцелаўленьня яе ў вобразах, як гэта можна наглядаць у некаторых творах беларускай літаратуры.
Талент К. Чорнага з сваіх дасьведчаньняў ставіць мастацкую будыніну. Гэта дойлід у гэтым сэнсе. Ёсьць таленты на пісаньне вобразаў (часта карыстаючыся і натуршчыкамі) на загадзя заданую тэму. Такіх можна параўнаць з работнікамі прыкладнога або перакладнога мастацтва, якому тэмы задаюцца звонку. Іх роля — роля выканаўцы. Канечне, гэта ня значыць, што такога роду ролі не патрабуюць талентаў. Яны толькі абмяжоўваюць абсяг выяўленьня. Талент, што прадстаўлен „Зямлёю“, можна параўнаць з дойлідам, якому даюцца ня тэмы, а заказ на творы, на нацыянальныя формы пралетарскай культуры. Тварыць–жа нацыянальныя формы і выконваць заданьні сродкамі кананізаванымі ў міжнароднай літаратуры — гэта два розныя роды літаратурна–мастацкай дзейнасьці, якія патрабуюць і розных сіл.
Тое, што ў другім з паказаных двух радоў дзейнасьці магчыма набыць шляхам трэніроўкі і практыкаваньняў, таго нельга набыць такім шляхам без адпаведных даных ад прыроды пры дзейнасьці ў абсягу творчасьці. Іх адносіны між сабою — гэта што адносіны між сабою творчасьці і рамесьніцтва. Зрэшты, гэта другая тэма. Тут важна зазначыць, што талент, выяўлены „Зямлёю“, — талент творчага характару на першай яшчэ — экспэрымэнтальнай, калі–б льга было так выразіцца, стадыі свайго літаратурнага разьвіцьця.
5
[правіць]Кузьма Чорны сваім раманам прадставіў перад чытачом круг літаратурна–мастацкіх малюнкаў, што выяўляюць беларускую зямлю з яе людзьмі, дачыненьнямі між іх і працэсамі. Вось як ідзе жыцьцё, як–бы кажа аўтар. Вось што творыцца на зямлі. Перад вамі малюнкі ўсяго гэтага.
Ідзе жыцьцё. Выяўляецца дасюль захованае. Выкрываецца дасюль ня выкрытае. Людзі змагаюцца і глыбока перажываюць тое новае, што хоць у болях, але родзіцца на сьвет. Людзі ўсьведамляюць, што падзел зямлі робіць падзел і людзей. Гэта ён паставіў на адным баку Паўла, Сабастыяна, Барановіча, Вашыновіча, а на другім Трахіма, Алеся, Мацьвея ды інш. Гэты падзел выявіў дачыненьні між людзьмі.
Перамер зямлі, каханьне і шлюб, арганізаваньне капэлі, сьмерць жанчыны, сход, радзіны, вясельле, сьмерць Трахіма і іншыя вонкавыя падзеі грамадзкага парадку ёсьць повады (ці прычыны) выяўленьня людзей, раскрыцьця іх псыхолёгіі, іх сьветаадчуваньня і сьветадачыненьня. Яны той грунт, на якім то падзяляюцца людзі, то яднаюцца.
У сваёй сувязі яны ўласьне складаюць і шкілет раману. Між іншым, ідуць яны адна за аднэю, так сказаць, у каляндарным парадку, г. зн. кожная зьвязана з пэўным момантам (у вагульным невялікага ўрыўку часу). Людзі–ж — гэта што цела і кроў на гэтым шкілеце. Нарэшце, гаворкі іх — гэта што ўбор гэтага цела, што яго кветкі, яго ахварбоўка, яны праходзяць перад чытачом працэсам раскрываньня ўнутранай існасьці і дасьведчаньня людзей.
Словам, на шкілеце сацыяльна–значных падзей у жыцьці мястэчка прадстаўлена выкліканае гэтымі падзеямі раскрываньне ўнутранага зьместу людзей носьбітаў і прычыньнікаў самых падзей, прадстаўлен працэс формаваньня сьвядомасьці масы. Падзеі — гэта што база, грунт, на якім узвышаецца паверх надбудоўкі — людзкія гаворкі як выяўленьне грамадзкіх настрояў і інтарэсаў дзяляначнага гаспадараньня. Аўтар раману паказвае канкрэтным мастацкім матар’ялам, што дачыненьне людзей да падзей грамадзкага парадку вызначаецца іх грамадзкім быцьцём (становішчам, якое займае тая ці іншая асоба, дасьведчаньнем, якое яна набыла ў жыцьці і да т. п.), а пры такіх формах гаспадараньня, якія аснованы на падзеле зямлі між сем’ямі, інтарэсамі кожнай у асобку дзялянкі. Інтарэсы гэтых дзялянак дыктуюць волю іх гаспадару, хоць кожны думае, што ён гаспадар над дзялянкаю, а не дзялянка над ім.
Сацыяльнае гэтых людзей ёсьць як–бы працяг біолёгічнага, сацыяльнае ў іх толькі формавыяўленьня біолёгічнага пачатку. Людзі гэтыя растуць з зямлі, будучы з даўных прымацованымі да дзялянак, да пэўнага месца (падобна таму, як гэта бывае і з расьлінаю ці дрэвам). Нехта некалі памерыў зямлю, рассадзіў на дзялянках людзей, і яны аж дасюль расьлі на іх, куставаліся і дзяліліся на часткі, часам адрываліся адзямлі і рабіліся вандроўнікамі, бесхацімцамі і безьзямельнымі ды шукалі іншых адзямлі спосабаў да жыцьця.
І вось жылі так людзі: адны ўвесь век пакутавалі (як Мацьвей), другім шчасьціла за добрым здароўем сяк–так трымацца і нават дайсьці да сьвядомасьці, што яны „самі сабе гаспадары“. Яны да зямлі ставіліся як да ўласнасьці, якую ахоўвала і адпаведнае права. Цяпер новы час. Сабраліся гэтыя людзі, згаварыліся і перамерваюць зямлю ды зьбіраюцца зноў перамерваць, і права гэтаму не перашкаджае. Заўважце на словы аднае з асоб раману, калі яна гаворыць пра цяперашняе права, як „такое і права“. Гэта–ж як моцна яе трымае за розум прывычка жыць на дзялянцы, як цягне яна яе назад. За доўгія гады („спрадвеку“, як кажа тая–ж асоба) яны звыкліся з сваёю доляй. Час зрабіў сваю справу: гэтыя людзі такія, якія яны ёсьць, выгадаваныя на дзялянках.
Цяпер гэтыя людзі самі перамерваюць зямлю. Гэта–ж новы час даў ім новыя правы, даў ім уладу надзямлёю. І людзі пачалі адчуваць, што гэта–ж яны павінны быць гаспадарамі надзямлёю, а не зямля сваімі дзялянкамі над імі, што гэта–ж ад іх саміх залежыць зрабіць сваё жыцьцё больш радасным і прыгожым на гэтай зямлі. І людзі гэтыя як–бы самі сабе яшчэ ня вераць, што гэта ад іх арганізаванае грамадзкае волі залежыць, як ім жыць. Яны як–бы яшчэ баяцца свае ўласнай моцы і цягнуцца да праежджаных дарог больш, чым да тараваньня новых.
Гэта–ж яны жывуць у такі час, што вось могуць самі рашыць перамерваць зямлю і перамяраюць або згаворацца даць па рублю з хаты на алейню — і дадуць, і зробяць. Гэта–ж у іх цяпер саміх улада, нават больш таго — яны самі ўлада. Але гэта ўлада новага разуменьня. Яна ўва ўсіх разам і ні ў кога паасобку. Кожны паасобку ажыцьцяўляе як–бы дзьве ролі разам: ён і ўдзельнік ажыцьцяўленьня т. н. законадаўчае ўлады, ён–жа і выканаўчы орган гэтае ўлады. І людзі прабуюць браць уладу ў свае рукі. Вось тут і пачынаецца змаганьне на новым грунце. Адны ўжо ўсьвядоміліся, што яны гаспадары надзямлёю, разумеючы гэта ў сэнсе грамадзкім, другія–ж хоць і лічаць сябе гаспадарамі, яшчэ цалком знаходзяцца ва ўладзе зямлі дзялянкамі, яны яшчэ нявольнікі гэных дзялянак. Між імі ідзе захаванае знадворна змаганьне за формы гаспадараньня на зямлі.
Зямля патрабуе новага да сябе дачыненьня як зямля, як месца ў сусьвеце, дзе жывуць людзі. Яна — адна, шырокая і прасторная. Яна вымагае, каб людзі жылі на ёй што аднэй вялікай сям’ёй. Камуна — вось гэта адзіная вялікая сям’я, утварэньня якой вымагае адзіная зямля. Людзі — гэта краса і гордасьць зямлі. Яны і гаспадары яе. І каб быць сапраўды кветкамі зямлі, яны вымушаны перамерваць і зямлю і сябе, бяручы на сябе пэўныя ролі, вызначаныя воляю грамады і інтарэсамі ўсёй зямлі, а не дзялянкамі і іх грамадзкім эквівалентам — сям’ёю. І галоўная роля — гэта быць гаспадаром і не гаспадаром (работнікам для ўсіх) адначасна. Раман паказвае, што кожны з выведзеных людзей ёсьць носьбіт пэўнай сілы, пэўных магчымасьцяй, далёка не цалком яшчэ раскрытых і выяўленых. Кожны з іх гэта асобны сьвет у мініатуры, кожны з іх — удзельнік жыцьцёвага аркестру на зямлі. І кожнаму з іх выпадае на долю новая роля, дасюль невядомая і цяпер не заўсёды яшчэ цалком усьвядомленая. Мы бачым праз раман, як гэтыя людзі пробуюць выконваць новыя ролі, што вызначаны патрэбамі жыцьця і вымаганьнямі зямлі новага часу. Адлюстраваньнем выконваньня гэных роляй ёсьць гаворкі — гэта адна з формаў выражэньня сьвядомасьці.
„Зямля“ — носьбіт глыбока матар’ялістычнага сьветагляду. Але матар’ялізм, прадстаўлены „Зямлёю“, натуральны матар’ялізм, матар’ялізм, т. ск., біолёгічны. Гэта — сьветагляд, у цэнтры якога стаіць матэрыя (канкрэтна зямля) як асноўны пачатак жыцьця. Гэты пачатак тоіць у сабе нявычэрпныя і нявыведаныя яшчэ вялікія магчымасьці, усё роўна як зерне якое. Выяўленьне гэных магчымасьцяй у сьвеце, аформованымі ў пэўным матар’яле, залежыць ад адпаведных умоў. Рэвалюцыя — гэта адна з гэтых умоў, гэта адна паласа такая ў часе, калі зямля пускае парасткі новага, калі яна пускае на сьвет (хоць у вялікіх болях) новыя, няведаныя дасюль сілы для жыцьця і красаваньня „на радасьць сабе і другім“, кажучы словамі А. Гаруна. Рэвалюцыя — гэта усё роўна, што дождж на засмаглую ніву. Рэвалюцыя — гэта што сонца ўвясну для замёрзлае зямлі. Нарэшце, рэвалюцыя — гэта што восень і зіма, як час сьмерці таго, што сваё адцьвіло за лета, і як час выпрабаваньня ды загартоўваньня ў маразох і сьнягох таго, што пасеяна ўвосень. „Бач, якая рунь зялёная з–пад сьнегу відаць каля дарогі... Бачыш, якая рунь?!“ — кажа адна з асоб раману, і гэтыя словы гучаць адчуваньнем руні і сацыяльнай, якая ўзышла ўжо і зелянее на зямлі.
6
[правіць]І каб ня жылі гэтак людзі на зямлі, ці мог–бы быць і раман гэты.
Жыцьцё стварыла людзей гэтых. Яно дало ўзоры і для твору. Пісьменьнік толькі тое і зрабіў, што з матар’ялаў, якія дало жыцьцё, стварыў мастацкі эквівалент гэтага жыцьця. Ён толькі і зрабіў тое, што сродкамі мастацкага слова даў нам магчымасьць перажыць у некалькі гадзін (час чытаньня раману) тое, што творыцца вякамі і ў жыцьці перажываецца гадамі. Ён узяў у жыцьці форму, каб выказаць сваё адчуваньне і разуменьне сьвету і жыцьця. Гэта разуменьне моваю адцятых паняцьцяў можна выразіць так: жыцьцё сьвету перадусім ёсьць жыцьцё з яго магутнасьцю і слабасьцю, яно працэс, а ня статыка. І людзі перад тварам гэтага сьвету — толькі яго праявы, але праявы такія, што носяць у сваёй глыбі вялікія бунты супроць „недарэчнасьцяй сьвету“.
Так жыцьцё дало форму для выражэньня перажытага аўтарам. І гэта дае падставу казаць, што не адзін К. Чорны творца раману „Зямля“. Яго стварыла грамадзкае быцьцё ў пэўных сваіх формах і часе. К. Чорны толькі першы ўбачыў гэты твор, адчуў і перажыў яго, ды стварыў літаратурна–мастацкі яго эквівалент напісаньнем раману, каб даць магчымасьць перажыць і пераадчуць і другім. Падобна таму, як, скажам, ня мог–бы Мікалай (асоба раману) расказаць пра забойства, якое калісьці ён учыніў, калі–б гэтага ня было з ім, так ня было–б і мастацкага эквіваленту ў постаці „Зямлі“, калі–б ня было гэтага твору ў рэальным быцьці. У гэтым сэнсе мы можам паставіць пытаньне наконт сацыяльнага аўтара гэтага раману. Іначай кажучы, мы можам папытаць, якія формы сацыяльнага быцьця вызначалі сабою тую форму сьвядомасьці, што рэалізавана „Зямлёю“. І канечне, кожны, хто чытаў раман, адкажа, што гэта рэвалюцыйныя формы, што гэта тыя формы, якія зьявіліся ў выніку сацыяльнай рэвалюцыі. Гэта тыя формы, ва ўмовах якіх усе старыя паняцьці пераходзяць у сваё адмаўленьне, а новыя паняцьці ствараюцца практыкаю самога жыцьця. Гэта тыя формы, у якіх, кажучы словамі Леніна, прыемней рабіць вопыт рэвалюцыі, ніж пісаць пра яго. Гэта тыя формы сацыяльнага быцьця, дзе чалавек працоўны ўпяршыню пачуў сябе менавіта чалавекам ня толькі ў сабе, але і для сябе. Гэта тыя формы, у якіх моцна зьвязаныя сваімі карэньнямі з зямлёю групы выходзяць у сьвет за часам рэвалюцыі ды дзякуючы ёй становяцца на верхніх ступенях сацыяльных усходаў (па тэй ролі, якую яны адыгрываюць у грамадзкім жыцьці). Адна з іх — гэта апралетарызаваная сялянская моладзь — (ня ўзростам толькі) і ёсьць сацыяльны аўтар „Зямлі“. Гэта тая група, што вядзе перад у практыцы рэвалюцыі на зямлі, у практыцы пабудовы новых формаў чалавечага жыцьця на ёй. Яна зьяўляецца тут носьбітам і таго, што ідзе ад чалавека, — арганізацыйнага пачатку, які выкліканы ў гэтых формах да жыцьця і кіраваньня другім пачаткам гэтага быцьця — стыхійным, які ідзе адзямлі і авеяны за вякі духам сваеадменнай культурнасьці ў сваіх праявах. Гэта тая група, якая калі яшчэ не ўсьвядоміла дык усёй душой сваёй адчувае няўхільны ход працэсу аднаўленьня зямлі і па меры сваіх сіл і магчымасьцяй дапамагае яму сваім актыўным удзелам у гэтым руху.
„Зямля“ зьвернута тварам да сялянскага чытача. І гэты чытач яе зразумее, прыме яе і паверыць ёй, як свайго роду эмоцыянальнаму эвангельлю рэвалюцыі. Прымуць „Зямлю“ тыя, што ўжо вышлі з сялянства, але за рэвалюцыяй і ў часе яе там здолелі перажыць працэсы, якія распачаліся ў выніку палітычнага перавароту ў Кастрычніку.
Не зразумеюць „Зямлі“ ўцалку (хоць і будуць захапляцца і хваліць асобныя яе месцы і малюнкі) чытачы з мяшчанскага і інтэлігенцкага (не сялянскага пахаджэньнем) асяродку. Яны ня прымуць яго як твору пралетарскай літаратуры.
Чытач іншакраёвы, дзе высока стаіць мастацкая культура, на гэтым рамане ўгледзіць, як высока ўзьнялася беларуская літаратура за часы рэвалюцыі (хоць яе якія моманты і асудзіць з пункту гледжаньня літаратурна–мастацкае тэхнікі свайго краю). Ён адчуе ў ім тое сваеадменнае, што характарызуе нацыянальную форму раману і што дае магчымасьць бачыць за раманам сялянскую Беларусь у новым рэвалюцыйным яе выяўленьні. Ён адчуе „нашу сінь“, якую вартуюць „лясы, дубровы, пушчы“; ён угледзіць сузор’і зор у нашых прасторах, аб чым правяшчана эпіграфам да „Зямлі“, узятым з Я. Пушчы.
Раман „Зямля“ — шырокае поле для дзейнасьці беларускай крытыкі ўсіх кірункаў.
Філёзофічная знойдзе тут шмат матар’ялаў для суджэньня аб народнай філёзофіі, сялянскай жыцьцёвай мудрасьці, што склалася ў выніку жыцьцёвай практыкі за старым часам ды выяўляецца і складаецца нанова за новым.
Публіцыстычная знойдзе сабе тут грунт паставіць шмат якія актуальныя пытаньні, што патрабуюць завастрэньня грамадзкай увагі на сабе і неадкладнага разьвязаньня. Прыкладам можа быць пытаньне наконт шляхоў сучаснае вёскі па раману „Зямля“. Эстэтычная зноў–жа адшукае тут шмат матар’ялаў для суджэньня аб прыгожым і іншых катэгорыях эстэтычнага, для суджэньня аб народных эстэтычных густах, што выявіліся моваю, а таксама для суджэньняў аб разуменьні аўтарам раману літаратурнага мастацтва.
„Зямля“ будзе чытацца і будзе горача абгаворвацца. Будзем спадзявацца, што гэтае абгаварэньне выб’ецца праз друк і ў шырокі сьвет. А пакуль што дазвольце закончыць сваё слова. Ім мы толькі выказалі сваё разуменьне „Зямлі“. Цяпер ваша слова, дарагія чытачы і шаноўныя крытыкі!
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.