Я малады

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Я малады
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
Крыніца: http://old.knihi.com/dudar/


Хто прайшоў - галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах.)
Ну, а я малады - мне весела
разагнацца ў мяцежную даль.

Мне жыццё -

                      сусветнае свята,
мне прапоны - большы разгон.
Я цяпер без багацця багаты
на зары квітнеючых дзён.

Гэта кроў не баіцца смерці,
гэта сэрца распаліць лёд,
гэтых думак кіпучага смерчу
не абгоніць птушыны лёт.

Вось вышэй бы за ўсіх узняцца,
я увесь - непакорны шквал.
Што ж рабіць, калі дух юнацкі
агарнуў ваяўнічы запал;

што ж рабіць, калі фарбы раніцы
у грудзёх завялі карагод;
што рабіць, калі кроў барабаніць -
заклікае ісці у паход?

Хто прайшоў - галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах.)
Ну, а я малады - мне весела
разагнацца ў мяцежную даль.

(1924)