Перайсці да зместу

Я клічу Вас…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я клічу Вас…
Верш
Аўтар: Горэвід
1927 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12, ліпень 1926—сакавік 1927 г., б. 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я КЛІЧУ ВАС…


Я клічу Вас…
… хаця не бачу
Вакол сабе, кругом, нічога—
Апрыч вялізнае магілы…
Ўсёж клічу Вас з усяе сілы,
З усяе моцы, моў бы Бога,
Праз сьлёзы горкія, што плачу.
Я клічу Вас…
… усіх, усіх
Зямлі маей сыноў, братоў,
Каторых многа так і мала—
Я клічу Вас: пара настала…
Даволі сьмерці, зморы, сноў,
Пагорды, зьдзекаў з нас сьляпых!…
Я клічу Вас…
… кабы збудзіць
Сэрдэчным крыкам сьлёз і болі.
І сэрцу Вашаму сказаць:
Браты радзімыя, ці-ж спаць
Яшчэ дагэтуль не даволі?
Марнеці, гінуці ды гніць?!
Я клічу Вас…
… падняць павекі,
Ды шчыра глянуці на сьвет,
На гэту нашу ночку цёмну,
На абяздоляннасьць агромну,
На мора ціхіх страшных бед—
Што йдуць за намі ўжо праз векі…
Я клічу Вас…
… убачыць ўсенька,
Ды страсянуцца, задрыжаць
Ад грозьбы пэўнае загубы,
Каторай грозяць нам рахубы
Суседаў нашых… ці-ж чуваць
Усьцяж ім будуць нашы енкі?…
Я клічу Вас…
… даволі, годзі
Цярпець, галеці, дый маўчаці!…
Пара зварушыцца з магілы!
Сабраці ўсе, што ёсьці сілы!
Ланцугі цемрачы парваці!…
Ды вольным быці нам—народзе…
Я клічу Вас…
… браты, злучыцца
У вадну вялікую радзіну—
Братоў, сыноў сваіх бацькоў…
Ды ў кожным чуці родну кроў,
Каханьня роднага злучыну,
Сьвядома—прышласьці дабіцца—
Я клічу Вас…


Горэвід.