Я веру (Маракоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я веру
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1929
Крыніца: Чырв. змена. – 1929. – 7 крас. – С. 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зямля… Зямля…
Вячэрняя маўклівасць.
І шлях адзін — далёкі і цяжкі…
Вітанне вам,
Краіны роднай нівы,
І вам, надзей ўваскросшых васількі.

Была пара
Надзей і парыванняў,
Была пара ўздымаў маладых.
І сам я йшоў
Без болю і без ранаў
Шукаць жыцця і шчырасці сляды.

Спявалі мне
Увечары дзяўчаты,
Увечар месяц лашчыўся з аддаль.
Я быў юнацтвам горды
І багаты
І вось яму ўсё лепшае аддаў.

Я жыў і верыў гордым і упартым.
Ласкалі нівы
Сонечнай красой…
Ах, што са мной?
Ці гэта сон, ці жарты,
Ці стала смерць халоднаю касой?

Ах, я не знаю…
Хмары набягалі,
Ўставаў туман над дрэмлючай ракой.
Душа, як камень,
Здрадніцка маўчала,
Ў вачах згасалі іскры васількоў.

І гаварыў мне нехта пра мастацтва,
Што я халодны,
Жорсткі песіміст,
Што гэта поза ранняга юнацтва —
Яна памрэ, як ўвосень жоўты ліст.

І помню я…
Мне маці гаварыла…
— Каго пакрыўдзіў, сынку, раскажы,
Што так цябе
Бяссорамна пакрылі,
Як быццам ты ў сям’і буржуя жыў.

Скажы, мой сын?..
О маці, маці, слухай!
Ідучы удаль, на ранне, па начах
Пад песні грознай ведзьмы-завірухі
Жыццё бяруць тут радасна,
З пляча…

Таму не ныць,
Не кідацца,
Не плакаць…
Я знаю сам — жыццё, як акіян!
……………………………………………….
Дзе людзі ёсць з сумленнем грамадзян.
……………………………………………….
І за стварэнне
Шчасця і свабоды,
Дзе задыхаюцца над мукай
Чарцяжоў,
Дзе не гандлююць
Воляю народнай
І дзе жывым не дораць сум крыжоў.

Таму ёсць мэта
Верыць і змагацца,
За край свой родны падаць і гарэць!
Ў змаганні толькі
Можа нараджацца,
Што здольна жыць не марамі
Звярэй!

Ах, я гарэў…
Вітанне, край радзімы!
І вам, надзей ўваскросшых васількі.
Я веру —
Хутка ў чорнай дамавіне
Звязем мы ноч з прастораў дарагіх!