Я быў яшчэ падшпаркам…
Я быў яшчэ падшпаркам… Казка Аўтар: Леапольд Родзевіч Крыніца: http://old.knihi.com/rodzievic/kazka2.html |
Я быў яшчэ падшпаркам, а ўжо тады мне гэту казку баяў такі, як я цяпер, бел-бялюсенькі, як пераспеўшая ніва, дзядок.
О, гэта казка векапомная!
За даламі, за гарамі, аж за морам-акіянам была сабе старонка-край.
А сказ свой старонка тая пачынае вось з якога часу. Калі ўзгнеўлены Бог прыказаў Архангелу сагнаць з неба анёлаў-здраднікаў, хаўруснікаў злога, калі паслухмяны Архангел просьбай-пагрозай пачаў ачышчаць абшары пакояў Бога і калі адзін са злыдняў зачапіў сваім савіным габдзюром нягрэшнае цела Архангела, то тады капнула нявінная кроў жыхара неба, капнула, папала на зямлю і лягла на зямлі крывавай плямай.
І вось гэта пляма ёсць тая беспатольная старонка, і з гэтага часу яна пачынае сваё жыццё-стогн.
Паплылі тады па старонцы рэкі слёз, пасеўнае поле, ураджайны грунт сталі багата фарбавацца крывёй бязвіннай, людской, братэрскай крывёй; сялібы, вёскі, гарады дымам узняліся і засланілі сонейка.
А ненаедная, прагавітая крыўда векавечна гнала ворагаў-жывадзёраў, а вораг…
— Ох!.. Але чаго я замаўчаў?! Гэта толькі казка, толькі казка.
І вось моладзь адважная, юнакі-асілкі, старцы-думаннікі ўсталі як адзін, цясней спаяліся ў згуртаваную, адналітую, адважную моц, узнялі свае белыя, чыстыя, як сумленне малалетак, вопраткі з чырвонымі ад нявіннай крыві пасамі-шляхамі, узнялі ўвыш на павеў ветру, на паказ сонцу, на пагібель ліхадзеям.
І так пад сцягам пайшлі…
Схамянуліся, захацелі, змаглі!
Вораг кінуўся на ўцёк-бег. Дык барзджэй на коней гарачых, быстрых, як птахі, і хутчэй у пагоню, паслаць пагоню!
Ускочылі на сёдлы і памчалі стралой. Пагоня дагоніць, даканае і адаб’е ім ахвоту памыкацца, пакарае па заслугах і вернецца са славай і здабычай…
О, супакойся, не радуйся, сэрца, не грымі прароча, голас, бо гэта казка, толькі казка…
І вось асталіся жыхары без сваіх абаронцаў-збаўцаў.
А бяда не ў лесе жыццё мае, а між людзьмі гадуецца, сябруе.
А ліхадзеі на зямлі рэдка сеюцца, але густа-ўраджайна ўзрастаюць, і дзіўна, як іх зямелька носіць, бо нават гадзіна ядавітая, укусіўшы, гіне ад іх крыві.
Дык зноў знядужэлую старонку агарнулі, запаланілі, пазганялі ў цёмныя астрогі ўдоў, сірот, калек, замучаных, схварэлых і паставілі вартаваць бяду-бядачку, боль балючую, гора горкае.
І моляць, чакаюць людцы пагоні.
Страшнай помсты жадае іх сэрца, свету — іх душа, лекаў — іх раны, хлеба — іх цела.
А пагоні як няма дык няма.
Дні, вякі панырнулі ў вечнасці…
Ажно ўрэшце там, дзе сходзіцца зямля з небам…
Пагонь! Пагонь!
Здрыгануўся, уціхамірыўся, прытаіўся вораг.
А дрэвы, вітаючы радасна, зашумацелі, заківаліся; рэкі весела заіскрыліся, а неба яшчэ раз узбагацела ўсмешкай сонца-Бога.
А вораг-крыўдзіцель натапырыўся аружжам, прызапасіў моц магучую, зашыпеў, як гад падкалодны.
І вось пагонь тут, тут…
Гура, пагонь! Бі! Ратуй! Вызваляй! Гура! Але дзіва: пагонь ідзе вольным крокам і мае выгляд, быццам сейбіт вясной у полі, быццам святы, згледзеўшы божы цуд, быццам мудрэц, адкрыўшы праўду светлую, вялікую. І замест грознага покліча кажа да ворагаў гэтакія словы-гімн:
О, людцы! Мы да вас ідзём
З мірам і дабром.
Было-сплыло жыццё-быццё.
Крыўды болей быць не будзе.
Мы ўсе людзі!
Мы ўсе брацця!
Дык раскрыем жа абняцці
І палюбім усіх, усё
Так, як любіць Бог.
Свет, свет ідзе,
Волю вядзе
Па нашых слядох!
Але вораг-крывапійца не сказаў «аман!» А размахнуўся цяжкім смертаносным аружжам ды зноў пачаў ліць кроў, бязвінную, людскую, братэрскую кроў…
Ах, выбачайце! Я забыўся, што гэта казка… Вось як у казцы: «…І палюбім усіх, як любіць Бог!»
І вораг-звер стаў сябрам, чалавекам: раскрыў братэрскія абняцці, заплакаў слязьмі анёла.
І была вялікая радасць на зямлі і на небе…
І я там быў, кроў, пот свой ліў…
— Выбачайце…
Дзед заплакаў, не дакончыўшы.