Яшчэ адзін
Яшчэ адзін Публіцыстыка Аўтар: Арсень Паўлюкевіч 1926 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі Голас», № 27, 20 лістапада 1926 г., б. 2 |
ЯШЧЭ АДЗІН.
Францішак Аляхновіч — вядомы беларускі драматург і мастак, быўшы паўтара гады віцэ старшынёй Часовай Беларускай Рады, а потым віцэ-старшынёю Белар. Нац. Рады—пакінуў Вільню, гдзе пражыў многа гадоў і выехаў да… Савецкай Беларусі! Для многіх быў незразумелым і дзіўным, раптоўны выхад п. Аляхновіча з складу Бел. Нацыянальнай Рады, пасьля таго, як яшчэ гэтак нядаўна ён браў чынны ўдзел у зьездзе Заходняй Беларусі, адчыніўшы зьезд і будучы віцэ-прэзасам яго.
Для нас жа гэты выхад быў хаця і цяжкі, але зразумелы. Аляхновіч усё сваё жыцьцё аддаў тэатру. Кахаў яго, як пісьменьнік, як рэжысер і як талентаы артыст. І тутака—ў Заходняй Беларусі гэтага тэатру ён ніяк ня мог збудаваць. Гэткія „беларускія“ арганізацыі як Белком і Грамада ўсю сваю энергію і соткі, а цяпер тысячы, даляраў кідаюць на палітычную працу, на выдаваньне бруковых брудных газэтак, рожных „Маланак“ і інш., аплачваюць сваіх гэнэрал-спэцаў і соткі агэнтаў; адчыняюць нарэшце банкі выключна з палітычнаю мэтаю, каб купляць сябраў будучых гурткоў.—На ўсё гэта грошы ў „беларускай“ Грамадзе былі і ёсьць. А на тварэньне вечнага — беларускай культуры — ня было і няма. „Няма“ грошы на выдавецтва, зусім „ня было“ на тэатр. А на беларускі аб‘ездны тэатр проста хварэў Аляхновіч. Яшчэ Часовая Белар. Рада з сваіх скромных прэсавых сродкаў два разы арганізовывала аб‘ездны тэатр, з якім выежджаў Аляхновіч на гастролі на провінцыю, у Несьвіж, Баранавічы, Лебедзева, Краснае і інш., але стала фінансова падтрымліваць тэатр Рада ня мела сама сродкаў. Усе чакалі, што маёвы пераварот прынясе зьмены. Чакаў і спадзяваўся і Аляхновіч, што адзіны на ўсю Заходнюю Беларусь аб‘ездны тэатр на чале з лёяльным абыватэлям, сябрам полёнофільскай арганізацыі — можа разьлічаць на матэр‘яльнае падтрыманьне дзяржаўнага скарбу, якое маюць польскія тэатры.
Чакаў, спадзеваўся і ня выцярпеў, Аляхновіч выехаў з мусу. Выехаў, бо душыўся ў атмосфэры дробнага шчотавода Касы Хворых. Душыўся без магчымасьці працаваць на любімым попрышчы, бо павінен быў змагацца за кавалак хлеба. Чуў, што пачынае ўжо старэць, але што яшчэ здольны тварыць і ўцёк з немагчымай Віленскай атмасфэры. Аляхновіч—гэта ўжо трэці найбольш яскрвы выпадак прымусовай эміграцыі і аканчальнага разрыву з Польшчай аднаго з быўшых шчырых прыяцелеў яе, каталіка, чалавека кроўна зьвязанага з Віленшчына. Раней Смоліч, беларускі сацыяліст—палітычны прыяцель П.П.С—аў, потым Тарашкевіч—сучасны правадыр Грамады і цяпер Аляхновіч. Для каго ж можа быць сумліўным, што Аляхнвіч пакідаючы сваю Вільню, і пакідаючы яе з мусу, выехаў з атрутай горачы і ненавісьці, а можа і як вораг Польшчы, даючы гэтым яшчэ новы козыр у рукі бальшавікоў, узмацняючы і гэтак магутную шэрэнгу беларусаў-антыпалякаў. А нашыя антыбальшавіцкія шэрэнгі тут у граніцах Польшчы ўсё зьменшаюцца… І ці падобна гэта, каб яны зьменшаліся тагды, калі ўладу трымае Урад Пілсудскага.
А. Паўлюкевіч.