Перайсці да зместу

Ян Чачот (1797—1847)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ян Чачот (1797—1847)
Артыкул
Аўтар: Леў Цвяткоў
1927 год
Крыніца: Савецкая Беларусь. 24 верасьня 1927 г

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Да васьмідзесяцігодзьдзя яго сьмерці).

Не, бацька - у нас песьняў, колькі рыб у Нёмне... а нашы панове па-польску ўсё гавораць—кепска нашай мове. ЯН ЧАЧОТ. Імяніннае павіншаваньне Язэпу Яжоўскаму.

У першай палове XIХ сталецьця адначасна з відавочным упадкам прыгоннае гаспадаркі у межах Расейскае дзяржавы заўважваецца вызваленчы рух. І калі ў дэкабрыстых—расейцаў ён ня меў яскравае нацыянальнае афарбоўкі, бо расейскай нацыянальнасьці не пагражала зьніштажэньне, дык украінцам і беларусам трэ' было сьцерагчыся русыфікацыі і палёнізацыі.

Прыгнечанае сялянства магло згубіць нават свой нацыянальны твар.

Абаронцам інтарэсаў нашага сялянства быў пясьняр, этнограф, фальклярысты і часткова, нават, граматысты Ян Чачот.

Ён радзіўся ў 1797 г. у вёсцы Рэпіхаве, Наваградзкага павету, Разам з сваім земляком і прыяцелем славутым Адамам Міцкевічам атрымаў ён у Наваградку сярэднюю асьвету, а ў Вільні слухаў унівэрсытэцкія лекцыі. Разам з Міцкевічам, Тамашам Занам і некаторымі іншымі больш актыўнымі студэнтамі ўтварыў ён філёмацкі гурток 1-га кастрычніка 1817 году.

Дзіўнае гэта было таварыства. Змагаючыся супроць імпэрыялізму, клерыкалізму і псэўда-клясычнае ўмоўнасьці, зрабіла яно шмат у сэнсе разбурэньня старога гмаху, асабліва ў апошняй галіне—літаратуры, але канструкцыйных здольнасьцяў выявіла мала.

З усіх сотняў вершаў, напісаных філяматамі, ніводзін радок, нават пісаны Міцкевічам, не застанецца ў памяці патомкаў, апроч кароткага закліка Тамаша Зана да скасаваньня прыгону (1-ая маёўка) і беларускіх твораў Яна Чачота. Гэта таму, што і тое і іншае мела вялікае грамадзкае значэньне.

Беларускія вершы Чачота ў філёмацкую эпоху яго творчасьці выяўлялі пэўную, вельмі цікавую ідэалёгію. Гэта імкненьне здабыць правы для роднае мовы і ўвагу для простага люду паказвае, што Чатот быў адным з перадавых дзеячоў свайго часу. У канцы жыцьця пісьменьнік часамі выяўляе крыху нудную дыдактычнасьць.

За два гады перад паўстаньнем дэкабрыстых адбыўся поўны разгром віленскіх студэнцкіх гурткоў. Філёматаў раскідалі па розных мясцовасьцях вялізнае імпэрыі. Паехаў на чужыню і Чачот. Ён больш за дзесяць год пражыў у Башкірыі, потым у Цьверы і ў Лепелі, але вярнуцца на сваю радзіну яму удалося толькі значна пазьней.

Там ён абмеркаваў плян далейшае працы на бацькаўшчыне. Вярнуўшыся на Беларусь, зьбіраў ён фальклёр, (зборнікі, выдадзеныя ў 1844, 1846 і 1846-м гадох даюць шмат цікавага матар'ялу) але яшчэ ў 1837 годзе, як здаецца, яшчэ да канчатковага дазволу жыць на бацькаўшчыне — зьявілася першая кніжка «Песьняў з над Нёмна і Дзьвіны». Пісаў Чачот на народны лад дыдактычныя вершы, якія і выдаў у 1846-м годзе.

У эпоху мікалаеўскае рэакцыі, зразумела, нельга было пісаць аб скасаваньні прыгону. Таму ян Чачот абмяжоўваецца паліятывамі - думае аб супрацоўніцтве і згодным сужыцьці клясаў, але ад нацыянальнае ідэі не адмаўляецца.

Ён жадае адраджэньня літаратурнае мовы, ён адзначае яе цікавыя асаблівасьці, дае ў агульных рысах нешта падобнае да беларускае граматыкі, прабуе заахвоціць асьвечанае грамадзянства да карыстаньня роднаю моваю, да вывучэньня фальклору і быту. Ва ўводзінах да зборніка 1846-га году Чачот нават граматычным асаблівасьцям надае грамадзкае значэньне. Наш селянін вельмі любіць ужываць цяперашні час, карыстаючыся ім і замест прошлага (praeseus historicum) і нярэдка замест будучага (futurum necessarium) — «іду» замест «ішоў» і «пайду». Чачот ставіць гэта ў сувязь з тэю акалічнасьцю, што селянін жыве толькі сучасным момантам. Больш сказаць Чачот і ня мог, бо цэнзура не прапусьціла-б. Але чытачу ясна, што жыцьцё прыгоннага мужыка так і не дазваляе падумаць аб мінуўшчыне і будучыне — часу няма, а мо ня знойдзецца і ахвоты, бо будучына няпэўная, а ў мінулым — шмат крыўды. (zdaje sie, ze w calem zyciu wloscian jest tylko terazniejszosc, a na przeszlosc I przyszlosc wcale sie nie daje uwagi — здаецца, што ва ўсім чыста сялянскія жыцьці ёсьць толькі сучаснасьць, а на мінуўшчыну і будучыну не зварочваецца ніякае ўвагі. Старонка ХVI).

З прыемнасьцю ўспамінае Чачот тых людзей, што шанавалі родную мову, хоць ня былі сялянскага пахаджэньня (Dostateczne zastanowienie się nad tą mową, którą w pamięci naszej żyjący jeszcze, staruszkowie panowie między sobą mówić lubili, którą dotąd mówią panowie i ekonomoivie z włościanami, w której pisano niegdyś u nas akta urzędowe, pozostaje w całości jakiemuś zdolnemu, może włościaninowi, co się przez naukę wzniesie do głębszego rostrząśnienia doskonale znanego sobie języka.).

— Належныя досьледы ў галіне гэтае мовы, якою яшчэ на нашай памяці старыя паны любілі гаварыць паміж сабою... застануцца цалкам на долю нейкага здольнага чалавека, магчыма – селяніна, што праз навуку дойдзе да глыбейшых разважаньняў аб дасканала вядомай яму мове. Старонка V.

Каб давесьці вялікае значэньне беларускае мовы для параўнальнага мовазнаўства, Чачот знаёміцца з санскрытам і дае некаторыя роўналежнікі, не саўсім бясспрэчныя, але ва ўсякім выпадку даволі цікавыя (напр. стар. XV). Наогул параўнальны элемэнт (расейскія, польскія, чэскія роўналежнікі) займае паважнае месца ў яго досьледах.

Чачот думаў аб граматыцы і аб правапісе нашае мовы, аб вывучэньні народнае творчасьці, «аб хаджэньні ў народ» з этнаграфічнымі мэтамі (хоць і заўважае, што да пана ў сурдуце народ ні мае ніякага давераньня стар. XXVI), але гэта была ўжо распачлівая адвага. Чачот ясна бачыў, што расейскія і польскія паны і ўрадоўцы ня будуць дапамагаць разьвіцьцю беларускае культуры, а жыцьця без паноў і генэралаў ён яшчэ не прадбачыў. Таму ён і думаў зацікавіць роднаю моваю хоць-бы людзей навукі, дасьледчыкаў—этнографаў і мовазнаўцаў.

Усе чыста беларускія творы Чачота напісаны моваю вельмі блізкаю да народнае. Ідэалягічная вартасьць твораў Чачота не зьяўляецца вялікаю ў сацыяльным сэнсе. Земляўласяікі і сяляне, па думцы Чачота, павінны заўсёды мець беспасрэдныя зносіны паміж сабою (шкоднасьць акрутных і нясумленных аканомаў). У супрацоўніцтве культурнага пана і сялян, крыху асьвечаных пры дапамозе гэтага культуртрэгера бачыць Чачот разьвязаньне ўсіх балючых пытаньняў. Гэтая згодніцкая праграма была, аднак, шчыраю і таму ня ўзбуджае ў нас ніякае агіды, а толькі пэўнае зьдзіўленьне, што Чачот, добра ведаючы наш народ, мог дайсьці да такіх фантастычных праэктаў. Сацыяльныя пытаньні не разьвязваюцца філантропіяю і маральлю. Мы цяпер ужо ведаем, як яны вырашаюцца.

Апошнія гады свайго жыцьця, пасьля пэўнага пэрыяду бібліятэчнае працы ў Шчорсах (у маёнтку вядомага бібліяфіла Адама Храптовіча), — Чачот правёў у Рафала Сьлізьня ў вёсцы Вольнай. Цяжка захварэўшы, ён паехаў лячыцца ў Друзгенікі і там памёр у 1847 годзе і пахаваны у Ротніцы блізка ад Друзгенік.

Значэньне гэтага пісьменьніка і дасьледчыка роднае мовы і быту яшчэ поўнасьцю ня выяўлена ў навуцы Ня выяўлена таксама і эвалюцыя яго погляду: філёмацкія яго творы надрукаваны толькі ў 1922 годзе ў Кракаве.

Трэба зьвярнуць увагу на гэтага цікавага дзеяча ХІХ сталецьця.

Л. Цвяткоў.