Яну Райнісу
Выгляд
Яну Райнісу Верш Аўтар: Язэп Пушча 1957 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter133 |
О не, не музы гэты спеў жывы прынеслі,
А Беларусь і Латвія з лясоў Наддзвіння.
Устрапянулася душа народнай песні,
І не сціхае водгулле і пошчак дзіўны.
Крышыўся лёд ад бурнай хвалі напрадвесні,
У садзе маладым у рост ішлі прышчэпы...
Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі,
І больш гісторыя кайданаў не пачэпіць.
Я добра помню дваццаць шосты год у Мінску,
Калі Ян Райніс Беларусь абняў аберуч:
«Сябры, і мой народ у светлы дзень свой верыць!»
Купала здравіцу падняў з паклонам нізкім:
«Браты, віном паэзіі сагрэем сэрцы,
Народам нашым жыць і жыць, не ведаць смерці!»
5/XІ-1957 г., Чаадаева