Янку Купалу (Васілёк)
Янку Купалу Аўтар: Міхась Васілёк 1946 |
Хоць і няма між намі:
Заўчасна смерць забрала,
Ты будзеш жыць вякамі,
Вялікі наш Купала!
Лунаць у песні звонкай,
У зорах серабрыцца
Над вольнаю старонкай,
Над роднаю зямліцай.
У чэрвеньскіх ты росах,
Што ночка настрасала,
У польных адгалосах
Жывеш, пясняр Купала!
Тады, калі краіну
Звяр’ё на часткі рвала,
Ты сэрцам покліч кінуў,
Наш дарагі Купала!
Каб біць паганых катаў,
Знішчаць іх днём і ноччу
Ты грозны час расплаты
Драпежнікам прарочыў.
Мы споўнілі завет твой,
Збыліся твае мроі —
Не здаўся Край Саветаў,
Магутны стан герояў!
І пасля чорнай ночы
Зноў сонца шчасця ўстала.
Не льюць больш слёзы вочы
Тваіх братоў, Купала.
Рунеюць зноў загоны!
Мы з папялішч, руінаў —
Клянёмся ўсе сягоння —
Паднімем зноў краіну.
І хоць няма між намі:
Заўчасна смерць забрала,—
Ты будзеш жыць вякамі,
Пясняр жыцця — Купала!