Янка Купала як прарок адраджэньня
Янка Купала як прарок адраджэньня Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1932 Крыніца: БЗвон. 1932. 11, 19, 27 жн., 13 верас |
Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзьвінску
У 1930 годзе мы адсьвяткавалі рэдкі ў беларускім жыцьці юбілей: 25-лецьце несупыннае творчае працы аднаго з карыфэяў беларускае адраджэнскае паэзіі — Янкі Купалы.
Чвэрць веку — гэта даволі часу, каб талент паэты разьвіўся, расьцьвіў і паказаў сябе ўва ўсей сваей велічы. І перад нашымі вачыма адбыўся гэткі працэс разьвіцьця й расьцьвету творчасьці Янкі Купалы. Крок за крокам можам мы яго прасачыць, пераглядаючы творы Купалы, пераходзячы ад «Жалейкі» да «Гусьляра», ад «Шляхам жыцьця» і «Спадчыны» — да «Безназоўнага», углыбляючыся ў яго драмы й драматычныя паэмы — «Паўлінку», «Адвечную песьню», «Сон на кургане», «На папасе», «Раскіданае гняздо» і іншыя. І ўгледзім цікаўны абраз. Сялянскі паэтасамародак — от, такі сабе «просты», «ціхі», «зь вёскі — Янка Купала», як ён сам сябе напачатку называе, — сьпярша мала чым выдзяляецца з сваёй сфэры. І не дарма даў наш паэта першаму томіку сваіх твораў назоў «Жалейка»: назоў гэты — сымбалічны. Запраўды, творчасьць Купалы ў першы пэрыяд яе напамінае нам ігру на гэтым прымітыўным сялянскім інструмэнце: яна гэтаксама не багата матывамі, як дудка-жалейка — тонамі. Але духовае разьвіцьцё Купалы йдзе наперад вельмі шыбкім тэмпам, думка яго паглыбляецца, а поруч з гэтым адбываецца вялікі поступ і ў яго літаратурным разьвіцьці. Ён здабывае літаратурнае ўзгадаваньне: сьпярша на творах польскіх рамантыкаў, пасьля — на незвычайна багатай і разнароднай творчасьці расейскіх і польскіх прадстаўнікоў нэарамантызму, усьцяж заглядаючы й да скарбніцы заходнеэўрапейскіх літаратур — ад несьмяротнае шэксьпіраўскае драмы да найнавейшых аўтараў усіх відаў паэзіі. І вось, пашырыўшы свой кругазор, прысвоіўшы сабе найдасканальшыя спосабы выяўленчае тэхнікі ў слове, Янка Купала — побач з прымітыўнай жалейкай — уводзе ў сваю творчасьць усё новыя й новыя прыёмы, новыя матывы, новыя інструмэнты, і апошнія сугучна грымяць, як магутны аркестр, на усенькі наш край, і вырываюцца па-за межы яго, і трывожаць слух суседзяў, якія йшчэ гэтак нядаўна капалі «яміну-магілу» для Беларусі, — і кажуць усяму сьвету, што
жыў беларус і будзе жыць!
Купала творыць цэннасьці агульналюдзкага значэньня. Ён — запраўды вялікі мастак слова; ён ужо дагнаў такіх вялікіх вучыцялёў сваіх, як Адам Міцкевіч, як Пушкін, як Шаўчэнка, з каторымі Купалу раўнавала бесстаронная літаратурная крытыка йшчэ тады, калі ён быў толькі на паўдарозе свайго творчага шляху. Ён — такі ж сучасны нам, такі ж «сонечны», як адзін з найвялікшых расейскіх паэтаў сучаснасьці — Бальмонт. Побач з мастацкасьцяй формы, побач з жывасьцяй і яркасьцяй маляваных Купалай абразоў, побач зь незвычайнай эмацыянальнасьцяй мовы, творы яго маюць заўсёды й глыбокую думку: яны робяць запраўдныя рэвэляцыі датычна душы народу беларускага, які зь векавое няволі вырываецца на вольны сьвет; яны шукаюць адказу й на тыя глыбокія, асноўныя праблемы чалавецтва, над якімі сушылі і сушаць галовы свае мысьліцелі ўсіх часоў і ўсіх народаў.
Запраўды, паэзія Янкі Купалы — гэта праўдзівая музыка, на крыльлі якое й пераліваюцца ў душы людзей пачуцьці і ідэі паэты. Яе рытміка, незвычайна багатая й разнародная, яе ідэальны падбор сугуччаў то навяваюць сум і жалобу па ўтрачанай колішняй велічы беларускага народу, то хвалююць кроў парываньнем да дзела, да барацьбы, то чаруюць і галубяць сонечнасьцяй і супакоем. Песьня Купалы грыміць, быццам медзь, цьвёрдымі, як бы каванымі словамі й сугуччамі, калі паэта гаворыць аб змаганьні, аб барацьбе:
Загрымі ты, як звон, і удар, як пярун,
Наша песьня, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!
А зьмяняецца абраз, зьмяняецца настрой, — і новыя гукі знаходзіць Купала для новае песьні. У ведамай імправізацыі Купалы на тэму драмы Пшыбышэўскага «Сьнег» бачым адну з такіх песьняў; яна пачынаецца поўным глыбокага настрою абразом:
Залягла, як пасьцель,
Лебядзіная бель...
тая бель сьнегавая, што ў путы сьмяротныя закавала ўсю прыроду зімою. І тут ізноў сугуччы знамяніта падгатаўляюць нас да прыняцьця маляванага Купалай абраза — абраза мёртвае цішы, парушанае толькі лёгкім шуршаньнем зыбанага ветрам сухога сьнегу. А колькі музыкальнага пачуцьця выяўляе Купала, калі дае нам абраз восені зь яе характэрнымі гукамі-шумамі:
Не шасьцяць каласы,
Звон ня валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы...
Побач з багацьцем рытмікі, побач з гукавымі эфэктамі, побач з тварэньнем новых слоў для выражэньня найтанчэйшых пачуцьцяў і адценкаў мысьлі — Купала мае многа іншых спосабаў, каб прымусіць нас бачыць ува ўсей паўнаце твораныя ім абразы. Ягоныя абразы адзначаюцца асаблівай плястычнасьцяй, выпукласьцяй, яркасьцяй. Яны стаяць у нас уваччу нават і тады, калі Купала ўводзіць элемэнт сымбалічны, у істоце сваей нерэальны, туманны, плыўкі. І заўсёды ёсьць у іх запраўднае жыцьцё, ёсьць рух, ёсьць дынамізм. Бо Купала, як і сьлед запраўднаму мастаку, думае абразамі, бо ў абразы пералівае свае пачуцьці і настроі. А гэныя пачуцьці й настроі — заўсёды глыбокія, заўсёды шчырыя й непадробленыя, заўсёды выкліканы глыбокім узварушэньнем песьняровае душы.
Што ж узварушае Купалу, што пабуджае яго творчыя сілы да дзеяньня, да тварэньня мастацкіх цэннасьцяў? І што нясе ён нашаму народу, якія думкі-ідэі прышчапляе яму, карыстаючыся магутнымі чарамі свайго паэтыцкага таленту?
Усе віды паэзіі Купалы: і лірыка яго, і эпас, і драма — выяўляюць вялізарнае багацьце матываў. У першы пэрыяд творчасьці сваёй Купала апявае пераважна ўласнае гаротнае жыцьцё і жыцьцё такіх жа гарапашнікаў, як сам. Тут адбіваюцца ўсе злыбеды селяніна-безьзямельніка, яго быт, яго цяжкая праца. Але ў далейшым Купала ўзвышаецца па-над паасобнымі фактамі й праявамі сацыяльнае несправядлівасьці і дае сынтэз сацыяльных адносінаў, пераходзе да шырокіх сацыяльных праблемаў. Тое ж і з нацыянальным пытаньнем: пашыраючы «маніфэст» Мацея Бурачка аб патрэбе адраджэньня роднае мовы, Купала захапляецца ідэяй усебаковага адраджэньня народу беларускага, ідэяй адбудаваньня паняволенае бацькаўшчыны. А ўсё гэта грунтуецца на вялікіх агульналюдзкіх ідэалах, абвешчаных яшчэ Вялікай францускай рэвалюцыяй, — ідэалах Волі, Роўнасьці, Брацтва ўсіх людзей; над усім лунае магутны й непакорны дух вольнага ў сваёй сьвядомасьці чалавека. Урэшце, побач з шырокімі грамадзкімі ідэямі, побач з праблемамі агульналюдзкімі, бачым у Купалы й багатыя матывы індывідуальных перажываньняў паэты, перадусім — матывы каханьня. А ўсё разьвіваецца на фоне абразоў роднае прыроды, якую так добра адчувае й разумее наш пясьняр ды якая дае яму магутныя пабуджэньні да тварэньня. Трэба ўсё ж такі адзначыць, што матывы нацыянальнае і сацыяльнае барацьбы знаходзяць у Купалы найбольш яркае выяўленьне. Ён увесь аддаецца ідэі ўсебаковага адраджэньня й вызваленьня беларускага працоўнага народу і дае сынтэз змаганьня нацыянальнага і сацыяльнага — сынтэз, які характарызуе творчасьць Купалы ад пачатку да канца. І я затрымаюся шырэй іменна на гэтай рысе творчасьці Купалы, каторага з поўным правам можам назваць Прарокам Нацыянальнага Адраджэньня, Прарокам Перамогі Працоўных.
Каб нешта прарочыць, каб прарочыць прабуджэньне беларускага народу зосну ў той час, калі над гэтым народам жорстка панавала царская Расея, а сыны яго нягодна выракаліся сваей нацыянальнасьці і прадавалі духовыя скарбы свае чужакамнаездчыкам, — дзеля гэтага трэба было крэпка верыць у сваю ідэю, трэба было мець і нейкія аб’ектыўныя падставы для такое веры. І Купала знайшоў гэтыя падставы — у слаўнай мінуўшчыне свайго народу. Ён зварачаецца да яе ў цэлым радзе лірычных вершаў, ускрашае яе ў сваіх паэмах, у сваіх перапрацоўках народных легендаў, часта мо нават заліше ідэалізуе яе (прыкладам, у вершы «Над Нёманам» і інш.). Купала шукае ў сваім народзе духовае спадчыны ад даўных часоў вольнага, незалежнага бытаваньня — і таксама знаходзе яе. А найбольш яркі абраз гэтага дае ў сімвалічнай паэмцы сваёй — «На Куцьцю».
Раз у год — на Куцьцю — у парослых мохам руінах старадаўнага беларускага замчышча ўзнаўляецца колішняе жыцьцё. У княжых сьвятліцах, нейкай чарадзейскай сілай паднятых з развалін, зьяўляецца Князь-Дух з Княжнай і «дружына вольная» яго. Князь узыходзе на свой «беласьнежны пасад» і зварачаецца да прысутных з прамовай, у каторай выясьняе мэту ўскрашэньня мінулага жыцьця на адну гэту ночку:
«Адзін, адзін раз толькі ў год
Зьбірацца можам з ласкі рока,
Каб лет іржавы карагод
Зганяць зь мінуўшчыны далёкай.
Нас не кранулі косы зьмен:
Царым мы ў дум жывых гэйнале,
Хоць на падмурах гэтых сьцен
Другія наш пасад занялі.
Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць пад нашым краем,
Сьвяцільні ж нашы не замруць,
Што у сэрцах вольных расьсьвятляем.
Прашу паклікаці ганцоў
І месца даці ім па чэсьці:
Ад нашых стоптаных капцоў
Якія нам прыносяць весьці?..
Ганцы ўваходзяць. А кожны зь іх — гэта нейкі сімвал:
...А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланыя прамені:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Усе усюдах зводзіць цені.
А быў другі і з ног, і з рук,
Як гром з жывымі перунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук,
І лук стальны меў за плячамі.
А трэці быў і раб, і цар,
І слаб, і дуж ва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць, молад быў і стар;
Меў гусьлі — на грудзях віселі.
І вось што кажуць яны Князю:
І першы князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
І відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
А толькі ўсё той самы лад:
З вачэй ня зьняты йшчэ павязкі,
Ці йдуць уперад, ці назад,
Відны сьляды цямрычнай ласкі.
А як ішоў між іх зь сьвятлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сьляпым замораныя сном,
Худыя рукі ўвысь цягнулі.
За мною ўсьцяж, і тут, і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце сонца наша нам!
Нашто схавалі-расхваталі?»
Другі за першым князю сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абыйшоў іх тройчы раз
І відзеў, што яны ўсе жывы.
А топчуць толькі ўсё той сьлед,
Валочаць ёрмы за сабою;
Ці ўбачаць корч, ці ўбачаць сьвет,
Аднэю жаляцца сьлязою.
А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасоньні,
І столькі, столькі крэпкіх рук
К маей паціснулася броні.
За мною усьцяж, і тут, і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце славу нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?»
І трэйці князю гэткі сказ
І княжне скажа міласьцівай:
«Я абыйшоў іх тройчы раз
І відзеў, што яны ўсе жывы.
А толькі торг усё ідзе
Над іх душою патаптанай;
Яны, як цені, ў грамадзе
Маўчаць і йдуць на пір паганы.
А як я ўдарыў па струне,
Замітусіліся, як пчолы,
І на гарэ, і нізіне
Мне падавалі голас кволы.
За мною ўсьцяж, і тут, і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце песьню нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?»
А князь дае ганцам такі характэрны адказ:
«Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні;
Заб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.
Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Ўзьнясуць пасад на кургане
На панаваньне недасяжне.
На дзеле — кожны йшчэ слугой,
У думках — вольныя ўжо людзі;
Над сэрцам іх, над іх душой
Наш дух лунаці вечна будзе.
Вы, другі верныя, ганцы,
Як летась, сёлета, налета
Ўсе пагранічныя капцы
Абходзьце зноў з маім прыветам.
Гусьлямі, лукам і сьвятлом
Будзіце, клічце і сьвяціце
І так спануйце іхнім сном,
Каб сон іх счэз, і ўсталі жыці».
Сімволіка, здаецца, ясная: дух слаўнае мінуўшчыны беларускага народу, якое ніхто і нішто ня ў сілах вычыркнуць з памяці людзей, вечна лунаць будзе над нашай бацькаўшчынай, і народ, які ў душы сваёй захаваў імкненьне да «сонца, славы, песьні», які захаваў адвечную творчую сілу ў сабе, пад подыхам гэнага духа Княжага мусіць раней ці пазьней збудзіцца зосну.
Няволя, маральны ўпадак, цемра — вось тыя прычыны, дзякуючы якім запраўды ж трываў у даваеннай Беларусі цяжкі, непрабудны сон. На душу Купалы балюча дзеець рэзкая супярэчнасьць паміж колішняй славай і пазьнейшым заняпадам. І наш паэта пільна шукае ды ў цэлым радзе твораў сваіх выяўляе прычыны заняпаду народнага, прычыны, якія робяць гэткім трудным прабуджэньне й адраджэньне беларусаў.
На першы плян тут выбіваюцца прычыны вонкавыя: нацыянальная няволя, панаваньне чужынцаў, якім Купала кідае вострыя, гнеўныя словы ў вершах «Чужым», «Нашым ворагам» і іншых. А з паняволеньнем нацыянальным ідзе поруч няволя сацыяльная, новы від рабства, каторы замяніў сабой стары прыгон. Страшэнным трагізмам і безнадзейнасьцяй веець ад напісанае ў 1908 годзе драматычнае паэмы Купалы «Адвечная песьня»: тут знаходзім такі страшны абраз мужыцкага жыцьця, што жыцьцё гэткае запраўды — страшней за сьмерць! Але мала гэтага: чужацкая ўлада, улада клясавых ворагаў працоўнае Беларусі, ня толькі плаце мужыку-беларусу за ягоную працу бядой, голадам і холадам, але дзержыць яго і ў непрагляднай цемры і — дэмаралізуе. Людзі чужыя — кажа Купала —
...вывелі ў гандаль славу, сумленьне —
Праўду на рынак...
і ў атмасфэры прадажніцтва, здрады, адступніцтва ўзгадоўваюць народныя масы. А вынік — незвычайна трагічны для беларускага народу: кожная спроба сьвядомых адзінак вывесьці свой народ з гэткага стану заняпаду й паняволеньня канчаецда тым, што варожая сіла, каторая ў рабстве трымае наш народ, умее гэткія адзінкі загубіць рукамі самога ж народу беларускага.
У такім трагічным палажэньні знаходзіцца Сам у драматычнай паэме «Сон на кургане» (надрукавана ў 1910 г.). Чорны — сімвал пануючае варожае сілы, варожае і сацыяльна, і нацыянальна, здолеў так заблутаць у свае сеці Сама — адраджэнца, што ўласная вёска выдае яго ў рукі чужацкае ўлады, а сын Сама — за час пакутаваньня бацькі на катарзе — прыстае на царскую службу і выракаецца нават роднае мовы. Так расплачваецца Чорны за жаданьне Сама вырваць свой народ зпад цямрычнае ўлады. — У аналягічным палажэньні апынуўся і герой Купалы з паэмкі яго «У Купальскую ночку». Дух Пушчы — Дух Цемры — заступае дарогу чалавеку, каторы шукае купальскае кветкі, каб даць шчасьце свайму народу. Калі ж чалавек перамагае ўсе перашкоды і выцягвае ўжо руку, каб сарваць заклятую кветку, — у гэты мамэнт, ізноў жа ў выніку інтэрвэнцыі ўсемагутнага Духа Пушчы, пяе певень у вёсцы — «у роднай вёсцы», і канчаецца Купальская ночка зь яе цудоўнай зьявай. Падчырківаючы адно гэтае слова «роднай» вёсцы, Купала агульналюдзкае шуканьне шчасьця ў пастаці цудоўнае кветкі папараці — лякалізуе, беларушчыць, сьцьвярджаючы яшчэ раз, да чаго даводзе наш народ чужацкая ўлада. І калі да народу гэтага прыходзе Прарок (— сам Купала) і стараецца збудзіць людзкія пачуцьці ў грамадзе нявольнікаў, збудзіць нацыянальную і сацыяльную сьведамасьць ды павясьці масы на шлях барацьбы за вызваленьне іх, — людзі гэткі «адказ казалі грамадой»:
— Па сколькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
І ўсё ж такі ўкрытыя ў душы беларускага народу творчыя сілы, перахаваныя ад вякоў, не загінулі, як і сьцьвярдзіў гэта наш паэта ў паэме «На Куцьцю». І вера Купалы — апраўдалася: настаў час прабуджэньня і для беларусаў.
Прабуджэньне беларускага народу Купала дагледзеў ужо ў 1905 годзе, калі беларускія сяляне й работнікі — разам з працоўнымі масамі ўсяе Расеі — першы раз узварухнуліся і зажадалі для сябе людзкіх правоў. Рэвалюцыя 1905 году і яе вонкавыя праявы — мнагатысячныя мітынгі й паходы на вуліцах вялікшых местаў — вельмі крэпка дзеюць на выабражэньне Купалы. І той беларускі народны рух, пачатак якога бачыць у гэны час наш паэта, рысуецца яму ў пастаці таксама нейкага вялізарнага паходу масаў. Пад уплывам гэтага Купала і творыць свой верш-гімн «А хто там ідзе?»
А хто там ідзе, а хто там ідзе?
У вагромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А што яны нясуць на сваіх плячах,
На ў лапцях нагах, на ў крыві руках?
— Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
— На сьвет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Купала дагледзеў, што ў беларусе будзіцца Чалавек — з усімі людзкімі патрэбамі душы і цела. І прабуджэньне гэтае сьцьвярджаюць шматлікія, разнародныя праявы, якія адбіваюцца ў творах Купалы: бо ён бачыць, як разьвіваецца працэс адраджэньня роднага пісьменства; бачыць, як будзіцца вёска і шукае новых шляхоў для сябе; бачыць, як нарастае беларуская народная інтэлігэнцыя, глыбака захопленая ідэяй Адраджэньня, гатовая на алтар яе пакласьці ўсе свае творчыя сілы і свае жыцьцё. «Ужо днее» — вось формула, у якой сьцьвярджае наш паэта факт прабуджэньня беларускага народу. А ў сваіх драматычных творах Купала дае абраз паступовае эвалюцыі беларускае вёскі. У «Паўлінцы» Якім Сарока робіць яшчэ толькі першую спробу ўнесьці ў вёску новыя думкі, новыя ідэі, і — вёска аддае яго ў рукі варожае да нашага народу сілы — царскае паліцыі, гэтаксама, як сталася і з героем драматычнае паэмы Купалы «Сон на кургане». Але ў пазьнейшым сцэнічным абразку «На папасе» сустракаем ужо нейкіх іншых сялян: яны — пад уплывам слоў песьні аб Лявоне, які сымбалізуе збуджанага нясьведамага асілка — народ беларускі, — ня толькі ўкрываюць ад паліцыі факт бытнасьці зь імі Незнаёмага — рэвалюцыянэра, але, разыходзячыся, дакляруюць схаваць, накарміць і апрануць яго, калі б прыйшоў да іх у хату. Гэта ўжо — вялікі крок наперад у прабуджэньні сьвядомасьці ў масах; гэта — падгатоўка да таго Вялікага Сходу ўсенароднага, на які ў «Раскіданым гнязьдзе» (у 1913 годзе) ідуць Сымон Зяблік зь сястрой сваёй Зоськай, каб «выганяць смока».
Бясспрэчна, у тэй эвалюцыі, якую перажыў беларускі народ, ёсьць значная доля працы й самога Янкі Купалы. Бо ж гэта — натуральная місія песьняра, як сьцьвярджае Купала ў вельмі цікаўным праграмным вершу ў зборніку «Гусьляр»:
Гэй, гусьляр, гусьляр!
Ты удар, удар
Па струнах-званах,
Дай нам зь песень дар,
Дум вялікіх чар,
К сонцу зорны шлях
Дай, гусьляр, гусьляр!
Дзе залёг абшар
Курганоў-ахвяр,
Сей, засей прасьвет.
Ты, слуга і цар,
Ты дудар-званар, —
Чуе, знае сьвет...
Эй, гусьляр, гусьляр!
Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
Выжый звонам струн;
Як вялік і стар
Сьвет, зямлі папар,
Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусьляр!
Дай паходням жар,
Лінь жыцьцё ў бор-яр,
Не мінай вакон;
Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён...
Грай, будзі, гусьляр!
Сказ «новых дзён» і нясе Купала ў сваіх творах. Ён — будзіцель народу, павадыр яго ў барацьбе за лепшую будучыну. Ён прабуджае любоў да роднага слова, да роднае песьні, у якой бачыць магутны фактар нацыянальнага адраджэньня. Сьветлымі абразамі мінулага Купала будзіць у масах веру, што такой жа сьветлай можа і мусіць быць і будучына. У паэме «Курган» Купала апатэазуе духа волі, увасабленьнем якога зьяўляецца стары гусьляр-паэта: мукі і сьмерць лютая ня могуць зламаць яго і прымусіць скарыцца перад князем-ліхадзеем. Сваімі ўзьлётамі «да сонца, да зор» Купала цягне за сабой і масы ў краіну ідэалу:
Гэй, наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй да сонца! гэй да зор!
І такіх заклікаў у Купалы вельмі многа: яны скрозь рассыпаны ў ягоных зборніках, пачынаючы ад «Жалейкі» і канчаючы «Безназоўным».
Але гэтым не вычэрпваюцца функцыі Прарока-Павадыра, якія узяў на сябе Купала: ён, шчыры спагаднік усіх прыгнечаных народаў, выступае ў абароне і свайго народу проці кожнага, хто нягодна ўціскае беларусаў на грунце нацыянальным ці на сацыяльным:
Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча
Вашу нам шкоду:
Зьліча праступкі... к суду пакліча
Крыўда народу.
І ня толькі перад людзьмі бароніць свой народ Купала: ён даходзе да богазмаганьня, бо бачыць, што і тая найвышэйшая сіла, каторая, кіруючы сусьветам, павінна мець і атрыбуты найвышайшае справядлівасьці, у адносінах да беларусаў не пільнуецца справядлівасьці. У вершу «Цару неба й зямлі» з патасам роспачы зварачаецца Купала да Бога, дакарае Яго, што Ён глух на мальбу белаpyсаў, і заканчвае свой твор клічам:
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты цар і неба, і зямлі!
А калі кліч гэты астаецца бяз водгуку, Купала ў далейшым адкідае і самую сваю старую веру ў Бога і голасна абвяшчае сваё новае credo:
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.
Купала ня толькі клікаў свой народ да адраджэньня, да барацьбы, але й 'чыў будучыну, прадбачыў трыюмф беларускае адраджэнскае ідэі, трыюмф беларускіх працоўных масаў.
Ужо ў «Жалейцы» — сярод першых твораў Купалы — бачым верш, які мае ў сабе прароцтва. Гэта — верш «Пажалей» , напісаны ў 1906 ці 1907 годзе. Узіраючыся на «Не чурайся» Мацея Бурачка, і Купала зварачаецца да тых, хто «адзеты і сыты», з заклікам падаць руку гаротніку-мужыку і вывесьці яго на шлях да лепшага жыцьця; але пры гэтым Купала дае і перасьцярогу, прадвяшчаючы пазьнейшыя крывавыя падзеі:
Пашкадуй ты яго, сіраты, —
Бо на сьвет многа прыйдзе бяды.
Бо за крыўду сваю адамсьціць,
Сьвіньням будзе крыві не пабраць! —
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.
А праз колькі гадоў пазьней — у зборніку «Шляхам жыцьця» — Купала прадвяшчае:
Глядзі — ўскалышацца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ...
і яшчэ:
К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед!
Таксама і раней у «Гусьляры»:
Шлях залаты працярэбім,
Зорна ўзьнясёмся ў высоты
Вышай няпраўды, няславы,
Вышай пакутных балотаў.
Заклінаньні народныя напамінае нам верш Купалы «Песьня-байка», у каторым паэта прадвяшчае прыход новых дзён:
З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду,
Байкі сее маладыя;
Думка чуе, думка ные...
...Ціха. — Бачце: штось віднее,
Льецца нейкая надзея,
Штосьці едзе з новым сватам,
З новым шлюбам з хаты ў хату...
Скінь лахманец непазорны,
Пыл згані з ваконцаў чорны,
Пыл зьмяці хутчэй з ваконца, —
Шэпні-клікні: сонца! сонца!..
Быццам зь песьняй, быццам з ласкай,
З чараўніцкай нейкай казкай
З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду...
А ведамы верш-гімн Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе» — гэта ўжо запраўдны «акт веры й надзеі», што ня толькі «не загіне край забраны», але
Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
і Беларусь
Зацьвіце..., як сонца
Пасьля непагоды,
Ў роўнай долі, роўным стане
Між усіх народаў.
Як жа рэальна ўяўляе сабе наш паэта зьдзейсьненьне ягоных прароцтваў? Купала мамэнт рэалізацыі адраджэнскіх ідэалаў уяўляе сабе, як і пачатак беларускага руху ў рэвалюцыйным 1905 годзе, у абразе Вялікага Сходу, усенароднага, масавага руху. На гэты «Вялікі Сход» ужо у 1913 г. вёў маладых Зяблікаў у «Раскіданым гнязьдзе» — Незнаёмы. Аб гэтым Вялікім Сходзе гаворыць Купала і пазьней, калі словы яго пачынаюць ператварацца ў дзела: у 1917—1918 гадох.
На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў.
Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы
І пакажы на курганы і на крыжы.
І аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косьці рвуць.
Як гналі пот зь цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.
І як крываўлюць раскаваныя рабы,
Як ты ўпадаеш зь непасільнай барацьбы.
Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі, —
Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Падобны ж па зьместу й верш Купалы «Час!»:
Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
І мы бачылі, як усё гэтае зьдзяйсьняецца. Абразы, твораныя фантазіяй паэты, рэалізуюцца. Бо і Вялікую Рэвалюцыю ў Расеі, і сацыяльны пераварот, і стварэньне ўлады працоўных, і той магутны ўздым беларускіх масаў пад незалежніцкім сьцягам, які знайшоў найбольш яркае сваё выяўленьне ў Усебеларускім Кангрэсе ў Менску ў канцы 1917 году, — усё гэта вешчым духам сваім напрарочыў Купала. Прарок-павадыр аказаўся адначасна і прарокам-вешчуном. І вось у зборніку «Безназоўнае», каторы выйшаў у сьвет у 1924 годзе і абыймае пераважна тыя творы Купалы, якія напісаны пасьля Вялікае Рэвалюцыі ў Расеі, мы знаходзім дужа цікаўную падсумоўку таго, што зьдзейсьнена ў беларускім адраджэньні. Гэта — верш пад загалоўным тытулам зборніку — «Безназоўнае»: тут у радзе яркіх, як заўсёды, абразоў Купала рысуе, як «збудзіўся гаспадар» зямлі Беларускай, як магутнай рукой — у цяжкім змаганьні — будуе новае жыцьцё сваёй старонкі.
Мо ў каго ўзьнімецца пытаньне: ці ў гэты мамэнт сваю місію Прарока беларускага Адраджэньня Купала лічыць ужо закончанай?
О, не! Дасягнуўшы зьдзяйсьненьня ідэалу сацыяльнага вызваленьня для часткі Беларусі, прыждаўшы і частковае рэалізацыі ідэалу нацыянальнага, Купала бачыць, што барацьба яшчэ ня скончана, а праца над будаваньнем новага жыцьця толькі пачалася. І гэту думку ў зборніку «Безназоўнае» пясьняр наш выказвае ў пачаткавым вершу «Я пралетар»:
...О так! Я — пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны —
Сягоньня я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!
Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!
Як жа красамоўныя гэтыя «сны аб Беларусі»! Купала — сябра інтэрнацыянальнага грамадзянства, якое творыцца на нашых вачох, — ня лічыць сваей нацыянальнай місіі закончанай. Пасьля чвэрцьвяковае безупыннае творчае працы ён яшчэ ня можа спакойна су[па]чыць на заслужаных ляўрах. Яго трывожаць «сны аб Беларусі», якая і ў гэтым новым грамадзянстве Інтэрнацыяналу астаецца нейкім пасынкам сярод родных дзяцей. Дык і мусяць сьніцца Купале абразы поўнага зьдзейсьненьня яго ідэалу Адраджэньня, — зьдзейсьненьня да канца. Але — на паперу яны ўжо не выліваюцца і — здаецца — ня выльюцца. Іх дасьпявае хіба новае, маладое пакаленьне песьняроў беларускіх, аб якіх маем поўнае права сказаць, што яны ўсе — у большай ці меншай меры — духоўныя дзеці Янкі Купалы. Слова за імі!