Перайсці да зместу

Янка Купала: К 25-лецьцю яго літаратурнае працы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янка Купала: К 25-лецьцю яго літаратурнае працы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1930
Крыніца: Наперад! 1930. 3 кастр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дваццаць пяць гадоў таму назад, калі па ўсенькай Расеі ўздымаліся магутныя хвалі рэвалюцыйнага руху, захапляючы і беларускія працоўныя масы, — пачуліся нясьмелыя гукі беларускае жалейкі. Хоць ціхія былі яны, хоць іграў на ёй такі сабе «просты», «зь вёскі» Янка Купала, ды родная песьня выбілася з грымотнага гулу рэвалюцыі: бо сэрцам пачулі яе сыны Беларускай Зямлі, бо дзіўныя чары мела яна для душы беларускай.

І акрыяў наш Пясьняр: сілу мільёнаў пачуў за сабою. І голас яго з кожным годам мацней гучэць пачынае і кліча-вядзе наш народ да яснага сонца, да зораў бліскучых, за долю і волю змагацца заве ўсіх гаротных сыноў Беларусі.

За магутным парывам да волі, які першы раз падняў масы сялян і рабочых рознапляменнай дзяржавы маскоўскіх цароў чвэрць веку назад, пайшлі даўгія, страшныя гады палітычнай рэакцыі. Але і ў найчарнейшыя дні голас голас прарочы Купалы ні на часіну не заціхае: ён стаецца ўсё больш гучным, яго лёзунгі — усё больш яркімі, усё далей сягаючымі. І прыгнечаныя, закаваныя беларускія масы, слухаючы песьні Купалавы, скрозь цемру ночы бачаць далёкі абраз ясьнейшае будучыні, маляваны рукой вялікага мастака слова.

Веру й надзею на лепшую будучыну ўліваў Купала ў душы беларускія, распаляў у іх вагонь барацьбы за вялікія ідэалы чалавецтва і народу Беларускага. І калі сягоньня народ наш скідае путы духовай няволі, калі рве ланцугі сацыяльнага рабства і сьмелай рукой будаваць пачынае сваю Бацькаўшчыну, — дык у гэтым вялікую частку заслугі мае Купала.

І ня толькі ў гэтым. Бо Купала ў родным слове творыць вялікія мастацкія цэннасьці, бо літаратуру ледзь збудзіўшагася «мужыцкага» народу падымае на ровень літаратур старых культурных народаў, бо ўсяму сьвету паказуе, што жыве Беларусь, што мае ў сабе вялікія творчыя сілы і мае права на жыцьцё. І той уклад у скарбніцу беларускае культуры, які зрабіў Купала, тым большую вартасьць мае для нас, што ён — незьнішчальны. Пройдуць дзясяткі гадоў, зьменяцца нашыя цяжкія варункі жыцьця, народзяцца новыя песьняры-мастакі, але творчасьць Купалы ня будзе забыта: бо не ўмірае праўдзівая краса, бо не губляюць сваей вагі вечныя агульналюдзкія ідэалы Волі, Роўнасьці і Брацтва людзей і народаў, якія ў творах сваіх абвяшчае Купала.

За «чырвоным» Менскам у чвэрцьвяковы юбілей творчае працы Купалы і «белая» Вільня скланіла сваю галаву перад вялікім сынам Зямлі Беларускае. Хай жа да агульнага выяўленьня пашаны яму далучацца сяньня і гэтыя нашыя словы.