Перайсці да зместу

Як я пазнаёміўся з Якубам Коласам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як я пазнаёміўся з Якубам Коласам
Аўтар: Янка Маўр
1952
Крыніца: Беларуская палічка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэта было ў 1905—1906 гадах. Я быў вясковым настаўнікам і на канікулы часам прыязджаў да сваіх знаёмых у сяло Верхмен, каля Смалявіч. Там мне расказвалі пра іхняга настаўніка Канстанціна Міцкевіча.

— Цікавы чалавек. Малады, а такі сур’ёзны, усё бачыць і заўважае. А калі што скажа, дык так трапна, што толькі дзіву даешся.— Потым расказчык азіраўся і казаў ужо ціханька: — Ён — рэвалюцыянер. Па начах доўга сядзіць, чытае і піша. Відаць, мае сувязь з сацыялістамі, атрымлівае пракламацыі, у бога не верыць. У царкву не ходзіць. А таварыш добры, усе яго любяць.

Усё гэта мяне вельмі зацікавіла, бо і сам я быў „бязбожнікам“ і лічыўся „неблаганадзейным“ (так называлі тады ўсіх тых, каго начальства падазравала ў рэвалюцыйнасці).

Яшчэ больш зацікавіў мяне верхменскі настаўнік, калі я пачуў, што ён паэт.

— Вершы піша,— казалі мне знаёмыя,— ды на беларускай, народнай мове. Падпісваецца: „Якуб Колас“.

У той час на беларускай мове мала хто пісаў: царская ўлада друкаваць на роднай мове кнігі і газеты забараняла. Друкаваных вершаў Якуба Коласа тады яшчэ не было. Яны хадзілі па руках перапісаныя. А многія ўрыўкі, найбольш трапныя радкі, маленькія вершы-эпіграмы перадаваліся адзін аднаму на памяць.

Але ж і калючыя былі гэтыя вершы! Даставалася ў іх і памешчыку, і ўрадніку, і прыставу, і валасному старшыні ці пісару, і самому цару з яго міністрамі. І такой сакавітай мовай былі напісаны яны, што не толькі сяляне, але і тыя служачыя, якія не цікавіліся „мужыцкай“ мовай, захапляліся яе хараством.

Можна сабе ўявіць, як мне хацелася пабачыць гэтага „таемнага“ настаўніка, пазнаёміцца з ім. Але выпадку такога ніяк не траплялася, хоць я некалькі разоў прыязджаў у Верхмен і жыў там многа дзён. Справа ў тым, што мы абодва, як настаўнікі, мелі аднолькавы вольны час. І вось калі я пасля заняткаў прыязджаў у Верхмен на канікулы, Якуб Колас выязджаў на сваю радзіму, у Мікалаеўшчыну. А калі ён вяртаўся ў Верхмен, то я выязджаў з Верхмена ў сваю школу. Але праз нашых агульных знаёмых мы адзін аднаго ведалі і былі „завочнымі знаёмымі“.

Летам 1906 года група маладых настаўнікаў у Мікалаеўшчыне на чале з Якубам Коласам пастанавіла склікаць з’езд рэвалюцыйных вясковых настаўнікаў Міншчыны.

Гэта быў час, калі рэвалюцыя 1905 года была задушана, калі царскі міністр Сталыпін заліваў рэшткі пажару крывёю рабочых. У такі час склікаць людзей на нелегальны з’езд было нялёгка. Запрашалі толькі знаёмых, надзейных таварышаў. Вось тут і выявілася наша завочнае знаёмства з Якубам Коласам: праз верных людзей ён перадаў мне запрашэнне на з’езд у Мікалаеўшчыне 9 ліпеня 1906 года.

Ад станцыі Стоўбцы я ехаў на веласіпедзе, па дарозе спыняўся, адпачываў і зусім не думаў, што за мной і за іншымі, што ідуць і едуць гэтыя дні ў Мікалаеўшчыну, нехта ўжо сочыць.

У Мікалаеўшчынскай школе я знайшоў многа таварышаў, незнаёмых і блізкіх. Сярод іх быў і Якуб Колас.

— Вось ты які! — сказалі мы адзін аднаму, калі нарэшце пабачыліся і пазнаёміліся.

Сярэдняга росту, сухарлявы, моцны, з высокім ілбом, чорнымі густымі валасамі, чорнымі вусікамі і чорнай лапінкай барады пад губой — такім ён быў на працягу многіх дзесяткаў год. Глядзеў ён на чалавека так, што кожнаму здавалася, нібы ён яго наскрозь бачыць. Заўсёды быў спакойны, разважлівы, не крычаў, не рагатаў і не балбатаў, як мы ўсе. Нездарма таварышы называлі яго „дзедам“. Але гэты дваццацітрохгадовы „дзед“ ні ў чым не адставаў ад усіх іншых таварышаў. А яго гарачыя, гнеўныя вершы сведчылі, што ён і не такі ўжо спакойны, як здаецца.

Наш сход мы перанеслі на бераг Нёмана. Па дарозе з маладым запалам спявалі рэвалюцыйныя песні, і сярод іх былі песні нашага „ўласнага“ песняра Якуба Коласа. Тут, на радзіме, яго творчасць ведалі больш, чым у Верхмене.

Размясціліся мы на цудоўным беразе Нёмана. Прэзідыум сядзеў на дубовай калодзе, сакратар са сваімі паперамі прыладзіўся на пні, а дэлегаты паселі на траву…

Хвалюючае было паседжанне. Мы пастанавілі аб’яднацца ў настаўніцкім саюзе і прыцягнуць у саюз усіх настаўнікаў, з якімі нам прыйдзецца сустракацца: мы паставілі сваёй задачай вакол кожнай школы стварыць рэвалюцыйны актыў з народа. Але бяда наша была ў тым, што мы не мелі сувязі з партыяй рабочага класа, без чаго на поспех было мала надзеі…

Калі пасля паседжання мы вярнуліся ў школу, то праз некаторы час нас акружылі сорак стражнікаў пад камандай прыстава. Пакуль што нас толькі перапісалі і адабралі пашпарты. А калі мы вярнуліся на свае месцы, то атрымалі загады аб звальненні і аддачы пад суд.

Следства цягнулася гады два, бо мы ўсяляк стараліся заблытаць справу. Тут вельмі дапамог Якуб Колас. Так да суда наша справа і не дайшла. Толькі нідзе нас не прымалі на работу…

А сам Якуб Колас усё-такі трапіў пад суд і ў турму. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пісаў і рассылаў пракламацыі. Знайшліся „эксперты“, якія прызналі яго почырк. А ў сапраўднасці пісаў не ён. Якуб Колас ведаў, хто пісаў, але не сказаў гэтага ні на следстве, ні на судзе.

Так ён і пайшоў у турму за другога. І адседзеў тры гады.