Перайсці да зместу

Як учынілася рэвалюцыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як учынілася рэвалюцыя
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 28 мая 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рэвалюцыю чакалі даўно, і ўсе пэўны былі, што яна хутка прыйдзе. Тым часам паўстала яна саўсім неўспадзёўкі і загрымела, як пярун, знячэўку. «Ніхто не ведае ні дня, ні гадзіны, калі Сын Чалавечы зыдзе на зямлю судзіць людзей».

Ужо 1905 год расхістаў царскі трон, і з таго часу ён ледзьве ліпеў. Але патрабавалася 12 гадоў, каб народ праканаўся, што стары лад згніў, што ён усё псуе і валтузіць і што гэтак далей жыць нельга.

Ушчухалася страшэнная вайна. Лепшыя, багацейшыя часткі зямлі былі заваяваны немцамі. Армія адступалася, бо не было чым бараніцца. Паўстала дарагоўля. Пазнікалі тавары з крамаў, не стала хлеба на рынку. Дзяржава руйнавалася і сунулася ў багну…

З лямантам «Хлеба, хлеба» натоўп выйшаў на вуліцы ў Петраградзе. Да яго прылучыліся рабочыя, да рабочых салдаты. Усе бачылі, што, не скінуўшы цара і самадзяржаўнага панавання, нічога не зробіш. Дзяржава зруйнуецца, і ўсіх чакае безгалоў’е.

Палітычная вольнасць патрэбна ўсім: і рабочым, і сялянам, багатым і бедным. Усе класы і станы злучыліся разам і — мур царызму не стрымаўся. Што будавалася сотні гадоў — развярнулася ў колькі гадзін. Недарма ж за граніцаю ахрысцілі нашу рэвалюцыю цудам.

23 лютага ў Петраградзе натоўп выйшаў на вуліцу з крыкам «хлеба». На галодных людзей нацкавалі паліцыю. Але паліцыя не магла запыніць магутнага руху людзей. Пачаліся мітынгі, дэманстрацыі. Супыніліся фабрыкі, заводы. Рух нарастаў. Паліцыя і жандармы пачалі страляць, салдаты адмовіліся. Рэвалюцыйны рух пачаўся ў войску.

26 лютага старшыня Г. Думы Радзянка звярнуўся да цара з тэлеграмай, у каторай раіў яму скінуць зненавідзеных народам міністраў і скласці адпавядальны ўрад. Цар не паслухаў ды загадаў нават распусціць Думу.

27 лютага салдаты сталі злучацца з паўстаўшым народам. Каля 26 тысяч войска пайшло бараніць Думу. Іх не пушчалі салдаты, каторыя яшчэ трымаліся за цара. Пачаліся бойкі. Былі страты людзьмі. Але ўсё ж такі салдаты трапілі да Думы. Дума, угледзеўшы, што народ яе падтрымае, ухваліла не слухаць царскага прыказання, не разыходзіцца.

А рух рос і шырыўся. Народ захапіў арсенал, адчыніў турмы ды вызваліў палітычных вязняў. Стары лад затрашчаў, захістаўся і паваліўся. Заміж яго, з агню рэвалюцыі, паўстаў новы лад…

Гасуд. Дума выбрала Выканаўчы Камітэт, каторы ўзяў кіраўніцтва і ўладу ў свае рукі. У той жа дзень рабочыя склалі ўласную арганізацыю. На фабрыках і заводах былі выбраны Рады рабочых дэпутатаў, каторыя моцна сталі на варце патрэб працоўнага народу, падбіваючы новы ўрад змагацца дарэшты са старым рэжымам.

28 лютага ўсё войска прылучылася да народу. Былі арыштаваны міністры ды пасаджаны ў вастрог, дзе сядзяць да гэтага часу, чакаючы суду і кары за зладзейскія ўчынкі свае.

Тым часам паліцыя яшчэ змагалася з народам, баронячы стары парадак. Па ранейшаму загаду міністра Пратапопава, на будынках, у падвалах, паграбах былі пастаўлены кулямёты, і паліцэйскія, схаваўшыся, стралялі ў народ. Але гэта былі апошнія сударгі канаючага царызму.

1 марта салдаты выбралі сваіх дэпутатаў, і склалася вядомая ўсім Рада Раб. і Салд. Дэпутатаў. Паліцыя была скасавана; заміж яе паставілі варту з народу, так званую міліцыю. 2 марта пачалі прыходзіць весткі ў Петраград, што Масква і іншыя вялікія гарады гэтаксама паўсталі.

Выканаўчы Камітэт Гасуд. Думы, парадзіўшыся з Рабоч. і Салдац. Дэпутатамі, выбраў новае міністэрства, або ўрад. Гэты новы ўрад — часовы. Ён будзе кіраваць дзяржавай і трымаць уладу да таго часу, покі збярэцца Устаноўчы Сойм. Устаноўчы Сойм, атрымаўшы паўнамоцтва ад усяго народу, ужо сам разважыць пытанне, які парадак у нас запануе і кім будзе кіравацца. Часовы Урад пакляўся даць амністыю за ўсе палітычныя і рэлігійныя справы, свабоду прамовы, друку, хаўрусаў і сходак, скасаваць рэлігійныя і панскія прывілеі, замяніць паліцыю народнай міліцыяй ды як найхутчэй склікаць Устаноўчы Сойм.

Старога ўладарства ўжо не існавала. Мікалай ІІ мусіў зрачыся прастолу на карысць, як ён пісаў, свайго брата Міхаіла. Але і той, перапалоханы народным гневам, не адважыўся ўзлажыць на сябе царскай кароны ды гэтаксама зрокся. Уся ўлада перайшла да рук самаго народу. Народ сам стаў царом сваім і гаспадаром жыцця свайго. Вось што заваяваў народ у буры рэвалюцыйнага дзейства!

Першай прылучылася да новага парадку Масква. Там войска адразу пайшло за народам, і моцныя муры царызму былі хутка паламаны. Рэвалюцыйны віхар шпарка паімчаўся па ўсёй Расіі, усё пазмятаў, счысціў і над Расіяй узышло Слонца свабоды.

Цяпер Расія вольна, але многа працы наперадзе, покі адбудуецца новае лепшае жыццё.