Як неба рассякла ракета...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як неба рассякла ракета...
Аўтар: Мікола Сурначоў
17 кастрычніка 1942 г.
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як неба рассякла ракета
Узмахам вогненнай дугі,
І над прыціхшым сельсаветам
Узвіўся раптам залп, другі,
І ў дружбе не маглі адмовіць
Сто дальнабойных за мастом,
І стаў атаку славасловіць
«Кацюшы» нашай рускі гром,
І на асвечанай лагчыне
Пайшоў па стоптаным аўсе
На выручку сваёй айчыне
Строй важкіх танкаў пакрысе,
І «ястрабкі», што мужна летась
Над Свіслаччу трымалі бой,
Сабой прыкрылі поле гэта
Усё трывалаю бранёй, —
Ускінуўшы штыкі, пяхота
Пайшла на прыступ, як вясной
Ідзе на штурм рачная слота,
Ўраз крыгі крышачы сабой.
Паспробуй загадай спыніцца:
І, быццам вал стаў нем і глух,
Пакуль надзейна сэрцу біцца,
Жыцця струменьчык не патух.
Яна, дзе крокам,
Дзе трушочкам,
Дзе проста цераз рэчку ўброд,
Дрыгвой ці высахшым пясочкам
Упэўнена ідзе ўпярод.
І, можа быць, наш шлях не просты
І абарвецца тут парой,
Але мы горад той, дзе рос ты,
Дзе ты кахаў, таварыш мой,
Той горад, дзе з табой кахалі,
Дзе мы раслі, таварыш мой,
Хоць жарка нам было, — не здалі
І, вер, ніколі не здамо.