Перайсці да зместу

Як вясну гукалі (1927)/Буй-Вецер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сяльчане Буй-Вецер
Апавяданьне
Аўтар: Васіль Каваль
1927 год
Пра кветку „брат-сястра“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буй-вецер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУЙ-ВЕЦЕР
(народныя легенды)

БУЙ-ВЕЦЕР

Было даўно.

Можа й ня так даўно, калі стагодзьдзі лічыць-гадзінамі, а можа чалавечы розум страціў магутнасьць і сілу, каб пазнаць далёкае і роднае, — толькі старыя ня помняць пра гэта. А ходзіць-жа ў казках ды пяе пра гэта песьня. І песенная мэлёдыя, чароўнай сілай цягне з нутра пачуцьці-мотывы, нясе ў канец край пазбытага жыцьця, абветранага пры дарожных праслах.

Зарасьлі грудзі зямлі плакучымі хмызьнякамі — імшарамі; пацяклі з вачэй журавінна-жалобныя сьлёзы — галосіць маці-зямля аб няўдалых сынох, што спавілі сябе пакутамі, што з маленства да сівой старасьці расьлі ў крыўдах.

Ну, і плачыць родная, замальвае грахі людзкія перад небам…

І шуміць шумам-гудам зямля, гарачым дыханьнем акутвае заснуўшую плынь у грудзёх людзей.

Песьня тады была такая, што не загойвала людзкіх ран на сэрцы, а сумотна, як псальма, перад якой згібаюць людзі калены ў чорным змроку.

Мужыкі — земляная моц — гартавалі цела ў зямлі, жылі яе літасьцю; за чаркай буйна-размашыстай сілушкай хвасталіся і гаравалі, заліваючы нядолю брагаю.

Хадзілі асілкі ад чорнай зямлі ды білі нечысьць, што не давала жыцьця замардаваным людзём…

А было даўно.

Старыя ня помняць.


∗     ∗

… Жыў гарапашнік мужык. А ў яго была гуляшчая дачка. Красавала, як зялёная кветка ў восень сярод жоўтай дубровы.

Зрабіў мужык гуляшчай дачцы сваёй мураваны склеп і пасадзіў яе туды.

— Будзеш сядзець, грэшная дачка мая, каб вока людзкое цябе ня бачыла.

І сонца не глядзела ў склеп, і трава жаўцела за мураванай сьцяною.

А ў гуляшчай дачкі той сын радзіўся і вырас ён вялізным, асілкам, прыгожым з твару. А маці дала яму імя — Буй-Вецер.

Разьбіў ён той склеп з двох разоў кулаком, а сам пашоў к гарапашніку-мужыку ды ў ногі старому, і кажа:

— Ёсьць у мяне сілушка і зраблю я пустазельле зямлі на пахань…

Пра сілу волата ходзіць далёкая слава.

Тады захацелася Буй-Ветру буйнай сілай памерацца і пашоў з булавою ў сорак пудоў хадзіць па зямлі — ды сьцежкамі простымі, не расьцярэблянымі нікім — глуміць зло, карчаваць пянеўе на пахань…

… І жыў тады на зямлі зьмей а дванаццаці галовах у залатых палацах, наймацнейшы з людзей тым, што піў чалавечую кроў, цмактаў яе кожны дзень… І пачалі прыгнечаныя людзі паўставаць супроць таго зьмея, а зрабіць нічога не маглі.

Была-ж зямля напоена буйнымі сьлязьмі ды чырвонай крывёю.

Буй-Вецер — сын земляное сілы — пашоў бадзёра, з усёй грамадою зьняволеных, пашоў спраўляць перамогу.

Доўга біліся дзьве сілы, абцякалі крывёю: сіла зямлі і працы і сіла прыгнечаньня. — І сіла зьняволеных перамагла дзікую сілу на полі з пахіленымі крыжамі.

Гусьляры бацькаўшчыны складалі пра гэта родныя песьні, занясьліся яны далёка далёка. Пачулі-ж — вольную — другія прыгнечаныя народы, а яна падказала ім праўду перамогі і пацягнула ў нязьведаную даль, шукаць на гаротнай зямлі праўды другой, шчасьця другога. А людзі-браты вольна ішлі новымі сьцежкамі, ім вольна цягнуўся новы, шырокі шлях. Зямля перастала раняць сьлёзы, бо зажылі яе раненыя грудзі.

Стала людзём вольна жыць.

Пачуліся песьні з другімі мотывамі.

Ласкавей заграла промнямі сонца, бо цёмныя людзі ў барацьбе грамадою знайшлі яго.

А пра асілка Буй-Ветра — роднага сына сваёй зямлі — на сівых кроснах стагодзьдзяў саткалі легенду ў маладую пару

І ня казка будзе, не легенда, а быль - і было, здаецца, не стагодзьдзі назад, а ўчора.