Перайсці да зместу

Як вядзьмар на зоры глядзеў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як вядзьмар на зоры глядзеў
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-062

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў у адным сяле вядзьмар. Звалі яго Нічыпар.

Слава і пагалоска пра яго ішлі далёка. Адкуль толькі не прыязджалі ды не прыходзілі да яго людзі! Ведама, людзі без бяды не жывуць. Аднаго хвароба апанавала, у другога з жывёлай не ладзіцца, на трэцяга злы сусед ці суседка залом заламала або ліхім словам наклікалі порчу на яго самога ці на яго род і плод. Адным словам, клопату людзям хапае. А вядзьмар — той усё мог зрабіць: ён і заломы вырываў, і ад розных хваробаў лячыў, і порчу адрабляў. Ды і не дзіва! Ён, казалі, не толькі з багамі, а і з самімі чарцямі мог гаманіць. А як гляне ўночы на зоры, дык адразу пазнае, чаму ў суседа авечка або вол здохлі. Быццам там на тых зорах так і напісана: на авечку ў суседа Саўкі наслаў порчу сусед Сымон, а на Сымонавага вала — сусед Лявон…

Ды да пары збан ваду носіць.

Было яно так. Заняпала ў аднаго чалавека карова.

— Пакліч, Сцяпанка, ведзьмара, — кажа жонка мужыку, — няхай пашэпча, мо яна і паправіцца.

— Вядзьмар дарэмна шаптаць не будзе, — адказаў мужык, — пачакаем, можа, сама ўстане.

Але карова не ўстала.

Жонка ў плач: апошняя кароўка загінула. А купіць другую — не купіш: на гэта грошы патрэбны. А дзе тыя грошы ў бедняка!

Выйшаў засмучаны Сцяпан на вуліцу, каб не слухаць жончынага ляманту. Тут бачыць: вядзьмар Нічыпар ідзе.

— Што, — кажа вядзьмар, — няшчасце ў цябе, Сцяпане?

— Але ж, няшчасце.

— Гэта, відаць, нейкі злы чалавек табе зрабіў. Трэба на зоры паглядзець.

— Паглядзі, Нічыпарка, — просіць Сцяпан ведзьмара. — Нічога не пашкадую. Зрабі, братка, так, каб і мой ліхадзей плакаў, як я.

— Гэта можна, — адказвае Нічыпар.

Павёў Сцяпан ведзьмара ў хату. Паіў і карміў яго да позняга вечара. Напіўся, наеўся вядзьмар і лёг спаць. У поўнач устаў і пытаецца ў гаспадара:

— Ты спіш?

— Не, — адказвае гаспадар, — сон не бярэ.

— Нічога, спі спакойна. А я пайду на зоры глядзець. Вось пабачыш, заўтра ж не будзе каровы ў таго, хто на тваю скаціну порчу напусціў.

Сабраўся Нічыпар і пайшоў на зоры глядзець.

А назаўтра чуць свет чуе Сцяпан, як на суседнім двары бабы загаласілі: самая лепшая карова іх прапала. Увечары зусім здаровая была, а тут ні з таго ні з сяго і ногі выпруціла.

— Ну, цяпер бачыш, — хваліцца вядзьмар Сцяпану, — хто тваю кароўку са свету звёў. Як паглядзеў я на зоры, дык усё і ўгадаў. А потым як шапнуў святому Ягору — заступніку скацінкі, адно-два слоўцы, то ліхому суседу і сталася тое, што ён табе зрабіў. Але ты, Сцяпане, не кажы яму пра гэта. Чуеш? Так святы Ягор хоча.

Ну, калі сам святы Ягор так хоча, то трэба маўчаць пра такое дзіва.

Пайшоў вядзьмар да Сцяпанавага суседа Лявона.

— Гэта, — кажа, — няйначай, як нехта наваражыў на тваю карову. Хочаш — пагляджу на зоры і адраблю ліха.

— Адрабі, даражэнькі! — просіць ведзьмара Сцяпанаў сусед. — У даўгу не застануся.

Вось пасля добрай выпіўкі і закускі вядзьмар гэтак жа ўстаў у поўнач і пытаецца ў гаспадара:

— Ты спіш?

— Не, не сплю.

— Спі, спі спакойна, а я пайду на зоры глядзець.

І пайшоў з хаты.

Пачуў гэта гаспадароў сын Пятрок, хлапчук так гадоў дванаццаці. Цікавасць яго ўзяла, як гэта вядзьмар Нічыпар будзе на зоры глядзець.

Устаў Пятрок ды падаўся цішком з хаты. Прытуліўся за вуглом і цікуе, што будзе вядзьмар рабіць. Бачыць: вядзьмар пастаяў на вуліцы, а потым, азіраючыся, пасунуўся на двор суседа Мікіты. І знік там.

Толькі хацеў ужо вярнуцца Пятрок у хату, як раптам чуе: нешта вельмі ж моцна загрукала ў суседа ў хляве.

«Ці не воўк авечак душыць? — падумаў сам сабе Пятрок. — Трэба дзядзьку Мікіту сказаць».

Падбег ён да акна і забарабаніў у шыбу:

— Дзядзька Мікіта, а дзядзька Мікіта!

— Хто там? — пытаецца Мікіта.

— Гэта я — Лявонаў Пятрок. У вашым хляве нешта моцна стукае. Ці не воўк там?

Запаліў Мікіта ліхтар і пабег у хлеў. Бачыць: аж там вядзьмар Нічыпар… Сядзіць на валу і душыць яго пятлёю. Вол ужо і не храпе, толькі нагамі дрыгае.

— Што ж гэта ты, гад, робіш? — закрычаў гаспадар. — Я ж цябе зараз самога задушу!

Схапіў ён добрую паплеціну ды давай лупіць ведзьмара па чым папала.

На крык збегліся людзі. Насілу адратавалі вала, а ведзьмара так прыбілі, што думалі, ён ужо больш і не ўстане. Ажно жывучы быў вядзьмар: паваляўся трохі ды ачухаўся. Але з таго часу годзе ўжо на зоры глядзець.