Перайсці да зместу

Як выбіраць дэпутатоў у Гас. Думу (1912)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка

1912 год
Як выбіраюць дэпутатоў у Гасударственую Думу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Калі набліжаецца час выбароў дэпутатоў у Гасударственую Думу, каторые там — у Пецербурзі — перад усей Расеей павінны выказаць усе патрэбы і жаданьня паслаўшаго іх народу, — кожын пачынае сур’ёзна абдумываць пытаньне: каго выбіраць?

Пытаньне гэтае звязано з другім: хто захочэ і патрапіць бараніць беларускі народ, хто будзе стаяць у Думе за тое, каб патрэбы душы і цела беларуса былі здаволены павэдлуг сумленьня, каму ляжыць на сэрцы доля нашаго краю?

Практыка мінулых Дум, асабліва апошняй, паказвае, што дэпутаты, якіх выбіралі ў нашай старонцы, мала, або і зусім не клапоціліся аб нашу карысць. (С паміж тутэйшых расейцоў папалі ў дэпутаты адно толькі „правые“ і „націоналісты“, ды рабілі тое, што загадывалі камандзеры іх партій; а ведама ўсім, якіе мэты маюць гэтые партіі: стараючыся запыніць тые вялікіе перамены ў жыцьці Расейскай дзержавы, каторые, хаця памалу, ўсё-ж такі робяцца на нашых вачах, — яны, замест таго, каб падыймаць культурнае і экономічнае жыцьцё ўсяе Расеі і нашай старонкі, замест працаваць дзеля палепшэньня долі селян, займаліся ў Думе адно толькі змаганьнем з уселякімі „інородцамі“ і „іноверцамі“. Ізноў-жэ польскіе націоналісты з нашых губэрній, між каторымі былі адны памешчыкі, баранілі інтэрэсы палякоў і свайго стану, паслаўшаго іх у Думу.

Што-ж рабілі дэпутаты-беларусы? А перш-наперш паседалі разам с „правымі“ і „націоналістамі“ ды рабілі тое, што тые ім загадывалі, хаця нічога супольнаго з імі ні па націі ні па стану ня мелі. Калі-ж паднялася справа аб навуцы ў беларускіх народных школах па беларуску — ў тай мове, каторую нашы дзеці найлепей разумеюць, дык беларускіе дэпутаты-селяне нават падалі свае галасы проці гэтаго.

З усяго гэтаго выйшло тое, што аб справах беларусоў і аб патрэбах нашых селян гаварылі у Думе не нашы дэпутаты, а поступовые (прогрэсіўные) расейцы, літвіны, ды каўказкіе людзі. Ці гэта ня сорам і ня крыўда для дзевяцімільённаго беларускаго народу?

Такім парадкам бачым, што дагэтуль беларусы рабілі вялікую абмылку: мы павінны выбраць у Думу перш-наперш сваіх сьведомых беларусоу, ды такіх, каторые ня пойдуць пад каманду чужых людзей, а цьвёрда будуць бараніць свой край, свой народ, сваю родную мову. Мы павінны падаваць свой голас і за людзей іншых націй, але толькі тады, калі добра ведаем, што яны, дабіваючыся правоў для сябе, роўна шануюць усе націі, ў тым ліку і беларускую, ня гледзячы на тое, хто да якой веры належыць. Мы павінны добра пілнавацца, каб нашымі галасамі не пападалі ў Думу людзі, каторых ня рупіць карысць усяе нашай старонкі. Нашы дэпутаты павінны цьвёрда дабівацца права вольна развіваць сваю культуру для ўсіх націй, што жывуць на беларускай зямлі, і правадзіць такіе законы, пры каторых народ наш, маючы вольны доступ к прасьвеці, здалеў-бы сваімі сіламі палепшыць свае жыцьцё, а ўвесь край мог-бы багацець і ўсестаронна развівацца.

І калі ўсе беларусы пададуць свае галасы на выбарах за такіх людзей, яны будуць мець спакойнае сумленьне, што добра споўнілі сваю грамадзкую павіннасць на карысць свайго народу і роднай старонкі.

Ня ўсе ведаюць, як павінны рабіцца выбары дэпутатоў у Гасударственую Думу, хто карыстае з выбарнаго права, значыць, хто можэ быць выбаршчыкам і дэпутатам. Закон аб выбарах досі паблутаны, і мы, атказаўшы на пытаньне: каго выбіраць? — разбярэм у гэтай кніжцы акуратна, хто і як можэ выбіраць і быць выбраным дэпутатам у Думу.