Перайсці да зместу

Якуб Колас як нацыянальны беларускі поэта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Якуб Колас як нацыянальны беларускі поэта
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
12/VI/1922 г.
Крыніца: Адраджэньне, 1922 №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якуб Колас як нацыянальны беларускі поэта.[1]

Гісторыя кожнага народу ёсьць выяўленьне нацыянальнага характару з боку валявога; літаратура ёсьць выяўленьне гэтага характару з боку інтэлектуальнага і галоўным чынам эмоцыяльнага: у літаратуры адбіваецца складаны комплекс думак і пачуцьцяў народу, гэта люстра яго ўнутранага жыцьця, яго псыхікі.

Старая ісьціна, што псыхіка кожнага народу мае свае спэцыфічныя адзнакі, свае асаблівасьці. Наколькі ў літаратуры адбіваюцца гэтыя асаблівасьці, пастолькі літаратура набывае нацыянальны характар. Часта бывае, што краснае пісьменства доўгі час дае толькі перапевы чужога, так сказаць, коўзаецца толькі на паверхні жыцьця, перш чым закрануць яго глыбіню, ускрыць багацьце душы народу. Расейская літаратура павінна была перажыць доўгі пэрыад нэоклясыцызму, сантыменталізму і романтызму―напрамкаў выключна навесных заходня-эўрапэйскімі ўзорамі―перш чым яна здужала ўзайсьці на самастойны шлях і ў асобах Пушкіна і Гоголя выявіла свой нацыянальны гэні.

Інакш стаіць справа у беларускай літаратуры. Маладое беларускае пісьменства ня ведала кабалы чужога. Былі, праўда, надворныя уплывы, але ня поўная залежнасьць, ня страта самастойнасьці. Ня гледзячы на параўнальна кароткі час свайго істнаваньня, новая беларуская літаратура здужала ўжо стаць на пэўны нацыянальны шлях, выявіць жыцьцё і душу беларуса.

Чым растлумачыць гэтае выключэньне, мала знаходзячае сабе прыкладаў у гісторыі іншых літаратур? Змуста пайсьці па шляху чужога была вялікая і для песьняроў Беларусі. Самыя буйныя нашы таленты выступалі на літаратурную ніву тады, калі літаратуры суседніх народаў затаплялі хвалі дэкадэнства, але беларускае пісьменства―ведаем мы―і у той час супакойна йшло на свайму шляху здаровага рэалізму; яно ня ведала порнаграфіі, ня ведала палавой праблемы ў стылю Арцыбашава і А. Каменскага.

Што-ж ратавала беларускую музу, што-ж дапамагала ёй да канца пранесьці свае сьветлыя шаты чыстымі і не запляменымі? Нам думаецца, ратавала яе блізкасьць да народнае глебы, кроўнае радство з гэтай глебай.

Гістарычны лёс беларускага пляменьня склаўся так, што гэтае племя ня ведае моднай дыфэрэнцыяцыі. Вышэйшыя клясы даўно зрадзілі яму і пашлі па іншых шляхох чужой культуры. Доўгі час беларускі народ зусім ня меў сваёй інтэлігенцыі. Паняцьце «нацыя» тут зусім саўпала з паняцьцем «просты люд». Толькі ўжо ў апошнія дзесяцілецьці, амаль што на нашых вачох, пад сьветлым сьцягам адраджэньня многапакутнае бацькаўшчыны пачала пакрыху нараджацца і маладая беларуская інтэлігэнцыя: плоць ад плоці народу і кроў ад крывы яго.

Правадары гэтае інтэлігэнцыі―песьняры Беларусі―гэтак сама ў большай частцы сваей зьяўляюцца сынамі простага народу. Будучы цесна зьвязаны з роднай глебай, яны не маглі ўпасьці ў поўную залежнасьць ад чужого: ў іх былі свае тэмы і свае настроі, якія давалі ім шчырае поэтычнае натхненьне, зьяўляліся глыбокаю і чыстаю крыніцаю творчасьці. Адбуджэньне роднага краю ад вякавога сну, родная прырода, жыцьцё беларуса і яго псыхіка―вось гэтыя тэмы і настроі, якія чырвонаю ніткаю праходзяць праз усё беларускае пісьменства, гэтыя матывы вы знойдзеце ў творчасьці амаль што кожнага беларускага мастака.

Але з гэтых матываў ня кожны адначасна становіць сабою пераважны элемент у творчасьці беларускага поэты: звычайна адзін з іх уяўляе сабой галоўны матыў творчасьці, дае ёй, так сказаць, аснаўны тон, а іншыя зьяўляюцца матывамі другараднымі, так сказаць, обэртонамі. Матыў адбуджэньня беларускага народу найбольш поўна ёсьць выяўлены ў творчасьці Я. Купалы: ён прарок беларускага адраджэньня, ён яго ідэёвы правадыр. Жыцьцё беларускай вёскі з яе матэрыяльнай нуждой, малазямельлем і духоўнай цемрай найбольш поўна і красачна, здаецца нам, адбіта ў творчасьці Зьмітрака Бядулі. Нарэшце ў Я. Коласа мы знаходзім найбольш поўнае мастацкае выяўленьне псыхікі беларуса, складу яго вума і сэрца.

Усім вядомы кароткія агульныя азначаньні псыхікі некаторых эўрапэйскіх народаў. Досыць замацавалася думка, што глыбіня і цяжкаватасьць мысьлі ― гэта істотныя рысы немцаў, вастрата вума і экспансыўнасьць ― тыповыя рысы французаў, містыцызм і месыянізм―характэрныя адзнакі славянскай псыхікі наогул. Калі супраўды ў такіх ляпідарных выразах магчыма азначыць сутнасьць псыхікі таго ці іншага народу, дык, па нашай думцы, дзьве адзнакі зьяўляюцца характэрнымі і тыповымі рысамі псыкікі беларускай: гэта лірызм і філёзофская рэфлексыя, задумленасьць.

Не выпадковае зьявішча прадстаўляе сабой той факт, што беларускі народ стварыў вусную поэзію, якая сваім багацьцем і хараством зьдзіўляе самых бесстаронных крытыкаў і бадачоў. Вось што, напрыклад: гаворыць малады кіеўскі вучоны Саўчанка: перечитав все русские сказки, мы можем смело утверждать, что по живописи и красоте разсказа белорусские сказки не имеют себе равных.[2] Акад. Карскі сьведчыць, што хоць казкі займаюць адно з віднейшых мейсц сярод твораў усіх галін рускага народу, але асабліва багаты імі беларусы[3]. Гэтак сама сваёй пекнасьцю і багацьцем вызначаюцца і беларускія песьні. Гэты факт істнаваньня ў беларусоў багатай вуснай поэзіі сьведчыць аб тым, што беларускі народ мае ўнутраную патрэбу ў гуках выяўляць сваю душу: глыбока лірычны па сутнасьці сваей псыхікі беларускі народ у сваіх песьнях вылівае свае настроі і пачуцьці, у казках і легэндах ён выказывае свае думы аб жыцьці.

Гэтую ўласьцівасьць мае і творчасьць Я. Коласа: ён пераважна поэта-лірык. Глыбокім захапляючым лірызмам агорнуты ня толькі яго «Песьні жальбы», а нават і эпічныя творы. Яго поэма «Сымон Музыка», уся саткана з нітак найтанчэйшага лірызму, лірычныя адступленьні трапляюцца на кожным кроку і ў «Родных зьявах» Тараса Гушчы (другі псэўдонім Канстантына Міцкевіча).

Падабенства паміж народнай творчасьцю і творчасьцю Я. Коласа заўважываецца ня толькі ў гэтай агульнай ласьцівасьці лірызму, але і ў прыватнасьцях: у самых крыніцах лірызму.

Першай гэткай крыніцай для беларускага народу зьяўляецца прырода. Беларус пры ўсёй сваёй цемры і духоўнай неразьвітасьці ёсьць даступны эстэтычным эмоцыям; ён ёсьць здольны адчуваць хараство і цеснасьць Божага сьвету. Уся сымболіка народнай поэзіі пабудована з вобразаў, узятых з сьвета прыроды. Явар і бяроза, або каліна, голуб і галубка, салавей і зязюля ― гэткія і ім падобныя сымбалі рысуюць у вясельных песьнях адносіны паміж маладым і маладой. Народ падслухаў, як у саду шуміць усю ночку ліпушка зялёная, як жаласна кукуе ў гаю шэрая зязюля, і гэтыя малюнкі ён бяро, як сымбалі цяжкога задумленьня і гора. Перадаючы ў форме фантастычнай казкі свае ўражаньні ад зацьменьня сонца, народ з захапленьнем апісвае момант, калі спынілася гэта зьявішча прыроды: «и давъ Богъ на дворѣ вясёлосць, видносць на свѣци и цёплосць: што мѣсичакъ у начьчу свѣциць, у дзень совчушко грѣець»[4].

Апроч прыроды, вялікі ўплыў на народную душу робіць мастацтва. У канцы «Музыка і чарці» ў высока талянавітай форме перададзена ўся складаная гама пачуцьцяў і настрояў, вынікаючых пад уражаньнем музыкі: «От им здаецца, што якаясь слодыч улилася им у сэрца, а якаясь сила ухвацила на плечы й несе усе угору, и угору, к яспым зоркам, у чыстае небо, у чыстае сіняе шырокае небо»[5].

Так тонка беларускі народ рысуе сваё эстэтычнае пачуцьцё.

Гэта пачуцьцё становіць адзін з галоўных элемэнтаў і творчасьці Я. Коласа. Ён любіць прывольле -

Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў

.[6]

Любіць ён падслуховываць як:

Калышыцца жыта,
Радамі бяжыць,
Плыве без прастанку
І ціха шуміць.[7]

У асобе Коласа прырода Беларусі знайшла свайго тонкага і бесстароннага мастака: поэта рысуець ня толькі пекныя, вабячыя вока пэйзажыў яго знаходзім мы і іншыя малюнкі, ад якіх сорца сьціскаецца ад болю і жалю.

Гразь, балота ды пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны..
Хвойнік, мох ды верасок...
Крыж хваёвы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх...
Сьцішна, нудна, як ў вастрозе,
Як на могілках якіх.[8]

Сам маючы тонкае пачуцьцё прыроды, Я. Колас і сваіх гэрояў надзяляе гэтым пачуцьцём. Яго Сымон Музыка ў гэтых адносінах тыповы беларус: ён мае душу надта чулую да хараства наогул і асабліва да хараства прыроды: на ўлоньні прыроды ён шукае сабе супакою, адпачынку:

Пойдзе з хаты ў поле, у луг,―
Цёпла ўсюды і прывольна.―
Грае сэрца, грае дух.
Сядзе ён на камень ў збожжы.
Ні cxіcьнецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам сьпеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як заввонюць і заграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць.
Засьмяюцца васількі.[9]

Кастусь з поэмы «Новая зямля» гэтак сам зьяўляецца другам прыроды: ён любіць рэчку ўзімку; там:

Расьце, гарыць душа дзяціна
І ўсе на сьвеце забывае,
І шчасьце, радасьць спажывае.[10]

Юрка з апавяданьня «Злучыліся» адзінокай хвойцы павярае свае думкі і гора сіраты.[11]

У псыхічным складзе беларуса рэзка вызначаецца адна рыса: надзвычайная пяшчотнасьць душы. Каб праканацца ў гэтым, досыць зьвярнуць увагу на тыя эпітэты, якія народ ужывае ў сваіх прычытаньнях: галубчык сізенькі, саколік ясьненькі, лябедачка беленькая, галубчык пралесачка, птушачка няпрыютная і гэтак далей[12], усё ў гэтым родзе, народ выяўляе сваё пяшчотнае, тонкае сэрца.

Гэтак сама ў пяшчотных вобразах народ рысуе каханьне, яго радасьці і мукі.

Травушка-муравушка, трава зелена.
Я по табе травушка не нахажуся,
Каго верна люблю, не нагляжуся.[13]

Умее народ тонка апісаць і ўсю трагэдыю разлукі:

По садочку похажала
По зялёнумъ дзервиночку.
Ой, ходзила; похожала,
Нима того, кого кохала...
Ой, ты ворле сизо-крылы!
Скажы ты правду, гдѣ мой милы?
Дала-б таби серца сваго,
Каб ты занес до милого...
Повѣнь вѣтру зъ того краю,
Дзе мой милы, што кохаю:
Нихай-жа я буду знаци,
Зкуль яго приждаци.[14]

З асаблівай пяшчотнасьцю, з глыбокім спагаданьнем чужому гору рысуе народ долю сіраты:

Ой, ходзила малая сиротка
По широкому полю,
Ой шукала малая сиротка
Своиго родного татку.
Ни нашла ни своиго родного татки,
Ни своей родной мамки,
Только нашла ключевую водзицу
Ў глыбоким колодзисѣ.
Одгукнися, моя родная мамка.
На чужой сторонцѣ.
Ни сплеснулася криница водзица
Ў глыбокомъ колодзисе,
Ни одгукналась моя родная мамка
На чужой сторонцѣ.)

Пяшчотныя, мяккія тоны пераважаюць і ў поэзіі Я. Коласа. Сэрца поэты як-бы вабрала, ўпітала ў сябе ўсю тую пяшчотнасьць і мяккасьць якая захована ў душы беларуса, якая разьліта у вабячых вока хварбах і тонах беларускай прыроды. Поэта, напр., рысуе вясну, і ў яго:

Глядзіць прыветна з неба сонца,
Як-бы матулька на дзяцей.[15]

Кожны самы дробны прадмет прыроды ўзварушывае ў сэрцы поэты настроі, поўныя ласкі і пяшчотнасьці. Для краскі, адзінока растучай у глушы, усімі забытай, у поэта находзіцца ласкавае, шчырае слова прывітаньня:

Краска мілая мая,
Госьця веснавая!
Як ты хораша цьвіцеш
Тут, ў глушы, любая...
Краска, красачка мая,
Mілae стварэньне!
Што-ж на тварыку тваім
Легла задумленьне?...[16]

Адзінока растучы на ніве жытні колас ускалыхівае ў душы поэты цэлы рой думак і пачуцьцяў: гэты колас для яго сымболь сіроцтва, трагэдыі пяшчотнага сэрца, якое мае патрэбу ў супольнасьці і не сустракае гэтай супольнасьці:

Ные сірацінка,
Плача каласок,
Плача, што няма з кім
Думку разьдзяліць,
Нудную галоўку
Ціха прыхіліць
Да другой галоўкі,
Да другіх грудзей,
Без канца шаптацца
Ў цішыне начэй.[17]

Падобна народнай поэзіі, муза Я. Коласа з асаблівай пяшчотнасьцю спагаданьнем ня раз у іншых мейсцах вяртаецца да гэтай тэмы: поэта любіць рысаваць сіроцтва душы, не знаходзячай сабе ласкі і прывітаньня сярод людзей. Успомнім Сымона Музыку, Кастуся з «Новай зямлі», Юрку з апавяданьня «Злучыліся». У прыродзе ўвагу поэты гэтак сама асабліва спыняюць на сабе прадметы адзінокія: адзінокая хвоя[18], закіданае трэва[19]. адзінока растучая вярба[20], апошні лісток[21]. Усё гэта для поэты сымбалі духоўнага адзіноцтва, сіроцтва. Але ня толькі мукі закінутасьці і не падзеленых думак і пачуцьцяў рысуе беларускі пясьняр. Яго сэрца шырока раскрываецца і для радасьці супольных шчасьлівых перажываньняў. Але муза Коласа і тут застаецца пэўнай сама сабе: поэта рысуе нам каханьне Сымона і Ганулі, і гэты рысунак яго ўвесь вытрыманы у пяшчотных, мяккіх танох. Каханьне ў Коласа мае ідэалістычную аснову: Гануля, дачка багатага гаспадара, пакахала жабрака-музыку, захапіўшыся яго ігрою на скрыпцы, прыняўшы блізка да сэрца яго долю небаракі. Не дарэмна сам аўтар ня даў свой твор казкай жыцьця. Як у супраўднай казцы, тут усё апавяданьне агорнута пекнай дымкай романтызму, далёка ад супраўднага жыцьця. Як сярэдне-вяковы трубадур, заводзіць Сымон сваю сэрэнаду на скрыпцы, гукі скрынкі вабяць Ганулю, ўначы адбываецца першае спатканьне. Поэта саромліва і пяшчотна апісвае гэта спатканьне, гэта першае дрыжаньне маладых сэрцаў, першы пацалунак каханьня:

Скончыў хлопчык казку гора
І галоўку пахінуў...
Зноў Сымонку, як ўчора,
Жаль вялікі агарнуў.
Ганна слоўца ні ўраніла,
Ўся замёрла, як і ён,
Бы жуда іх ахапіла,
Надышла з ўсіх старон.
І зьнячэўку Ганна ўстала.
Ўсім падхнуласа нутром.
Ў твар яго пацалавала
Крэпка-крэпка! І прапала
Дзесь ў саду за вішняком.[22]

Але за гэтым кароткім мігам шчасьця пацягнулася цяжкая штодзеннасьць разлукі, якую гэтак сама поэта ўмее рысаваць у мяккіх акварэльных танох:

З таго часу, як музыка
Тут убогі пабываў,
Зьмена з Ганнаю вяліка:
Бы яе прычараваў.
То разыдзецца, сьмяецца.
Бяспрычынна, весяла,
Песьня так яе і льецца.
І прыветна, і міла.
То маўчыць, людзей дзічыцца
І туляецца адна—
Трудна гутаркі дабіцца,
Маўчаліва і дзіўна...
З дзяцюкамі яна лёд,
І часамі ёй ня люба
Ні гульня, ні карагод.[23]

У складанай гаме настрояў і пачуцьцяў беларускага народу мало мажорных тонаў: пераважаюць мінорныя, сумныя, у якіх чуецца бясконца жаласная журба і смутак, адвечная скарга народу на свой незадачлівы лёс. Досыць прыпомніць нам сумныя беларускія песьні аб долі кабеты: гэта ня песьні, а сплашны плач набалеўшага сэрца.

Муза Я. Коласа гэтак сама большаю часткаю зьяўляецца перад намі ў жалобнай вопратцы смутку і гора. У яго лірыцы мала вясёлых матываў, характар музы сваёй сам поэта добра адзначае у ўступным вершы зборніка «Песьні жальбы».

Ня пытайце, не прасіце
Сьветлых песень у мяне,
Бо як песьню засьпяваю,
Жаль ўсю душу скалыхне.
Нешчасьліва наша доля
Нам нічога не дала.
Ня шукайце кветак ў полі,
Як вясна к нам ня прыйшла.[24]

Смутак і гора беларускага народу ніколі не даходзе да адчаю; ад гэтага адчаю ратуе яго прыродны гумар. Народ часта сваё уласнае горкае жыцьцё і жыцьцё іншых любіць прадстаўляць у гумарыстычным асьвятленьні, і гэты гумар уносіць рознастайнасьць у настрой, скрашывае сумныя тоны. У беларускай вуснай творчасьці ёсць цэлы шэраг гумарыстычных і жартлівых песьняў. Досыць вядомы, напр., песьні «Чаму-ж мне пя нець, чаму ня гудзець»..., «Чачотка», «Было ў бацькі да восем сыночкаў» і інш.

Гэты народны гумар адбіваецца і ў творчасьці Я. Коласа. У яго, як і ў народу, гумар ніколі не пераходзіць у злую сатыру або ў сарказм: гэта дабрадушныя кпіны над тым ці іншым зьявішчам жыцьця. У апавяданьні «Недаступны» ў гумарыстычным асьвятленьні прадстаўлена адвечнае народнае зло—п'янства: тут рысуецца падвіпіўшы селянін, які ў жаркі дзень хаваецца ад сваёй жонкі ў студыі; на гэтым грунце тут разыгрываецца шэраг забаўных сцэн.[25] У апавяданьні «Стараста» у гумарыстычным асьвятленьні прадстаўлена асоба гэтага вясковага адміністратара, поўнага пыхі і самамненьня.

У творчасьці Я. Коласа знайшла сабе адбітак ня толькі эмацыяльная старына псыхалёгіі беларускага народу, але і старына інтэлектуальная.

Беларускі народ, пры агульным сазярцальным складзе сваёй натуры, вызначаецца, як было ўжо заўважана вышэй, філёзофскай рэфлексыяй, глыбокай пытлівасьцю свайго вума. Вялізную частку беларускіх казак складаюць казкі космогонічныя і біолегічныя, якія і зьяўляюцца спробай задаволіць гэтую пытлівасьць, даць адказ на пытаньні аб пахаджэньні сьвету і розных жывых істотаў. Апроч таго, больш характэрнымі для акрасьленьня народнага сьветагляду зьяўляюцца легэнды філёзофскага зьместу. Напр., у легэндзе „Мудры Салямон» закранута філёзофскае пытаньне а дамэтнасьці істнуючага. У сваім цэлым гэта легэнда ўяўляе сабой поэтычную тэодыцэю; тут выказваецца і ілюструецца глыбокая думка аб тым, «што усе на свѣце патрэбно, бо свѣт не можэ стаяць, калі-б не было й таго, што нам здаецца лихим. Праўду кажуць, што без лиха нема и дабра".[26] У апавяданьні «Круци, не круци, а трэ' ўмерци» народны розум спыняецца па думцы а нязьбежнасьці сьмерці, на што ўказывае і самая назва яго.[27] У легэндзе «З чаго ліхо на сьвеце» робіцца філёзофскі аналіз сацыяльных адносінаў. Сьвет у яго сучасным стане—гэта царства шатана, які выклікаў падзел людзей на рожныя клясы. «Убачыў ён, што Бог атступиуса ат людзей и пакинуу землю, давай гэта падбиваць дужэйшых, каб ены брали ўладзу над слабѣйшыми. Давай гэта дужэйшые атбираць ат слабейшых, што тые зробляць, давай их прымушаць рабиць на себе, давай ими ўладаць, бы сваім дабром».[28] Як выпік гэтага падзелу зьявілася барацьба, на якую ўходзяць усе сілы людзей. «И затрацили людзи ўсе свае силы тольки на тое, каб адалѣць сваих варагоў—таких самых людзей, як и ены. Так спрадвѣку билиса людзи, нищылі адны других. От атчаго лихо на свѣце».[29] Гэта змаганьне—нармальнае зьявішча. Сіла ў салідарнасьці. «Толькі тагды чалавек моцны, як ён не адзин, а жыве з другими людзьмі ўзгодзе да ў ладу. И чаго тольки не зробляць людзи, кали возьмутца за дзѣло грамадаю, бы адзин чалавек».[30] І гэта выдатная легэнда, сваімі ідэямі ў некаторых адносінах напамінаючая ідэі Аўгустына, выказаныя ім у творы «De cіwіtate Deі» канчаецца сьветлым аккордам: выразам веры ў тое, што царства шатана, грунтуючаеся на эксплюатацыі адных людзей другімі і на крывавым змаганьні, уступіць свае мейсца царству, гдзе будзе панаваць салідарнасьць. «Жывуць людзи, бы вада цячэ ў рацэ. А розум хоць цихо, памалечку, да ўсе расце, расце й паднимаецца на ноги. От як вырасце той, ясны бы сонейко розум да пачне свеціць людзям ў вочы, та тагды ўсе пазнаюць, с чаго лихо на свеце, пазнаюць праўду, паднимуцца ў згодзе, бы адзин чалавек прагоняць паганую нечысьць и зажывуць на земли, бы у раю».[31]

З асаблівай напружанасьцю народны вум пакірованы на разьвязываньне маральных пытаньняў. Этычны крытэрый народ прыкладывае к разьвязываньню самых хваравітых для яго сацыяльна-эканамічных пытаньняў. Праф. Сумцоў па гэтаму поваду заўважывае: «Белоруссия в нравственном отношении выдвигает не обилие мифических сказок на шаблонные мотивы о борьбе со змеями и т.п., а обилие мягких и гуманных легенд, в которых социально-экономические вопросы разрешаются в духе христианской любви и кротости».[32]

Якубу Коласу неўлясьціва гэта хрыстыянская кротасьць пры разьвязаньні сацыяльна-эканамічных пытаньняў: ён сын свайго веку, у яго поэвіі ёсьць заклік да барацьбы, да змаганьня, ёсьць рэвалюцыйны пафос. Але згодна з народнай псыхолёгіей у яго творчасьці мы сустракаем гэрояў, надзеленых глыбокай пытлівасьцю розуму, гэрояў з філёзофскай рэфлексыяй.

Такім гэроем зьяўляецца Сымон Музыка: усё цікавіць гэтага вясковага хлопчыка: дзеда пастуха ён літаральна засыпае рознымі пытаньнямі.

Сядуць, часам, ў дзень пад грушу
І гаворку распачнуць.
Распытаць пра сёе, тое,
Што займала яго вум,
Бо Сымон ні меў спакою
Ад сваіх трывожных дум[33]

На грунце сваёй пытлівасьці Сымон стварае філёзофію панпсыхізму. У яго вусны аўтар укладае пракананьне:

Усё жыве, ўсё душу мае,
Нават камень і пясок
Мае думкі і настроі.[34]

Гэрой аповесьці «У Палескай Глушы» гэтак-сама ахоплены філезофскім задумленьнем. Яго асабліва мучаць мысьлі аб сьмерці... Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што я памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачаткі жыцьця, падлягаю сьмерці, бо ўсё на сьвеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцьця, ужо мае у сабе адзнакі і пячаць сьмерці».[35] У творах Я. Коласа часта трапляюцца развагі ад асобы самога аўтара. Напр., у творы «Думкі у дарозе» у гэтых развагах зачэпліваюцца розныя філёзофскія і соцыяльныя пытаньні: «Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на наша блуканьне? Чаму не асушыш нашы горкія сьлёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога зьвера, што сее здраду, топча праўду і носіць няшчасьце на нашай зямлі? О, мой край! Поруч з галітвою ходзіць роскаш і багацьце, разам з людзкімі сьлёзамі мяшаюцца панскія вальцы, льюцца вясёлыя галасы песень, грыміць музыка з панскага саду, разам з мужыцкім потам цякуць дарагія віна».[36]

Народны вум, як мы бачылі, з асабліваю напружаннасьцю спыняецца ў легэндах на разьвязньні маральных пытаньняў. Тым выводзяцца людзі з чулым і чыстым сумленьнем, з волей, накірованай на дабро. Гэткі ёсьць бядняк у легэндзе «Жестокі пан»[37], Хрыстоў брат у легэндзе пад той-жа назвай[38], Петра Хлебапек[39] і г. д.

Згодна з народнай псыхалёгіяй, падобныя маральна здаровыя тыпы выводзяцца і ў творчасьці Коласа. Напр., у апавяданьні «Малады дубок» мы бачым селяніна, які ўпаў у змусту: сьсек у чыжым лесе малады дубок, але гэтае злачынства прычыняе яму вялікія мукі сумленьня, урэшце ён ня вытрымлівае гэтых мук і сам дабрахвотна прызнаецца ў сваім злачынстве[40].

Taкім чынам у творчасьці Я. Коласа знайшлі сабе адбітак галоўныя рысы беларускага народу: яго чуласьць да хараства, пяшчотнасьць душы, смутны настрой, які скрашываецца гумарам; і нарэшце філёзофская пытлівасьць вума і здаровае сумленьне. Якуб Колас такім чынам супраўдны нацыянальны беларускі поэта: яго творчасьць—гэта люстра народнай душы, і мы пэўны, што к гэтаму яго нерукатворнаму помніку ніколі не зарасьце народная трапа.

М. Піотуховіч.

12/VI/1922 г.


  1. Даклад, чытаны 30 красавіка г. г. ва ўрачыстым пасяджэньні Фода Б.Д.У. пасьвячовым Я. Коласу.
  2. Русская народная сказка. Кіев, 1914, стр. 245-246.
  3. Карскій. Бѣлоруссы. Т. ІІІ. выпуск 1. Москва 1916 г. стр. 118
  4. Романов. Белорусский сборник т. ІІІ. стр. 127.
  5. Сержпутовский. Сказки и разсказы белоруссов-водгуков СПБ. 1911 г.
  6. Песьні жальбы. Вільня, 1910 г. стр. 14.
  7. Песьні жальбы. Вільня. 1910 г. стр. 15.
  8. Я. Колас. Песьні жалобы, Вільня 1910 г. Стр. 34.
  9. "Сымон музыка" Менск, 1918 г. стр. б.
  10. "Вольны сьцяг" 1921 г. № 2 (4), стр. 5.
  11. Тарас Гушча. Родныя зьявы. Вільня 1914 г. стр. 213-216.
  12. Карский. Белоруссы: т. ІІІ. вып. І. Масква 1916 г. стр. 311 і 312.
  13. Шэйн, т. І стр. 291.
  14. іbіdem стр. 297 і 298.
  15. Песьні жальбы. Вільня 1910, стр. 13.
  16. Я. Колас. Водгулье. Менск. 1922, стр. 43 і 44.
  17. Песьні жальбы. Вільня 1910, стр. 42.
  18. Родныя зьявы. Вільня 1914, стр. 213 і 214
  19. іbldem, стр. 233.
  20. Водгульле. Менск 1922, стр. 48.
  21. іbіdem, 46.
  22. Сымон Музыка, Менск 1918. стр. 104 і 105.
  23. Сымон Музыка "Вольны Сьцяг", 1921 г, № 3 (5), стр. 9.
  24. Стр. 3.
  25. Родныя зьявы. Вільня, 1914 г. стр. 126-136.
  26. Сержпутовский. Сказки и разсказы белорусов полешуков. СПБ. 1911 г. стр. 80.
  27. іbіdem, стр. 34—37.
  28. іbіdem, стр. 124
  29. іbіdem, стр. 126.
  30. іbіdem
  31. іbіdem
  32. Карский. Белоруссы т. ІІІ вып. 1. стр. 175.
  33. Сымон Музыка. Менск 1918 г. стр. 9.
  34. Гл. па гэтаму пытаньню наш артыкул «Прырода ў творчасьці Я. Коласа»
    Вольны Сьцяг, 1921 г. №6 (8).
  35. Вольны Сьцяг, 1921 г. № 6 (8).
  36. Тарас Гушча. Родныя зьявы. Вільня 1911 г. стр. 4 і 6.
  37. Романов. Белорусский сборник: IV, 30
  38. Іbіdem ІV, 32.
  39. Іbіdem ІV, 40
  40. Родныя зьявы. Вільня 1914 г. стр. 55-90

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.