Перайсці да зместу

Якубу Коласу (Дарожны)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Якубу Коласу
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926
Крыніца: Чырвоная зьмена, 1926 - №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дваццаць год,
Роўна дваццаць год
Шалясьцела над краем песьня,—
Там ня раз сумавала сяло
І шумелі вятры над лесам,
Шумелі, шумелі—песьню.

Глуш ды ціш і палі зялёныя,
Толькі месяц там ды вятры..
У тым сяле было
Дваццаць клёнаў
і бруілася срэбная крынь.
Там у маці радзіўся сын.

Ён хадзіў у кашулі простай,
Што сяляне яму надзелі:
Тады часта
Палі зарагалі
Палынамі і дзікім зельлем.
Хто тыя помніць дні,
З васільковаю скаргаю ніў?!

Але прышла ўдача
І каласы зазьвінелі—
Кожнаму стала іначай...
Ё кожнага слоў каласеньне.
Ён сьпяваў і зьвінелі клёны
Шалясьцістым зялёным звонам.

Можа скажуць інакш другія
І завіюць у карункі слоў:
З песьняю праўда век не загіне
З ёю жыло і журыла сяло.
Там, у сяле тым,
Схіліўся тын,
Там шалясьцелі калісьці жыты.

Увечары там дагараюць агні,
а раньнем румяніцца рунь
. . . . . . . . . . . . .
Ціха калышуцца вобдымкі ніў
Пад каласеньне ласкавае струн.
Там і цяпер палыхае зара
І ўсе шляхі ў радзімы край.

Клёны цяпер асыпацца сталі,
Вецер у долах лісты расьсеяў.
Роднаю песьняй папросту вітаю,
Роднаю песьняй сівых аселіц.

Песьням на тое дваццаць гадоў,
Многа сьцяжынак было і сьлядоў.
Гэтых сьлядоў не засыпаць пяскамі,
Гэтых сьлядоў не завеяць лістамі.

21-ХІ 26 г.