Перайсці да зместу

Якубу Коласу (Грамыка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Якубу Коласу
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1926
Крыніца: Чырвоны сейбіт, 1926 - №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




у дзень 20-годзьдзя творчасьці

Ты Колас сьпелы з нашай Нівы
З асьцём карыснага насеньня
З карэньнем ўскопанае глебы,
З сьцяблом высокім, вузлаватым.

Ты нарадзіўся у час імглівы
Пад сьпевы смутку і цярпеньня,
Ды увабраў у сябе патрэбы
Братоў сваіх з пахілай хаты...

Падзячны сын працоўнай гушчы
Ты гушчай быў вясковых думак.
Як пушчы нашыя таемных,
Глыбокіх, як віры на Нёмне...

На крыўду ты вачэй ня плюшчыў,
А праўду нёс у свой творчы клунак
І ад старонак Гушчы, кемных
Ідзе нейкі цёплы дух пазёмны...

Сачыла пільна тваё вока
За самай дробнаю драбніцай,—
За тое людзі з тваіх твораў
Нясуць па жылах кроў жывую,

За тое ў кут глухі, далёкі
На самадзельную паліцу
Пасталі слоў тваіх узоры
Каб плынь аздобіць бытавую.

У твае пясьнярскія абыймы
Ўвайшла журба тваіх палёў,
І хмарак нашых краявыймы,
І гул працуючых вульлёў.

І першы гром, і расставаньне,
І песьня - гора батрака,
І адзінотнае стагнаньне,
І жарцік дзядзькі - рыбака.

Васьпеў ты ноч прад навальніцай
Яшчэ задоўга да яе.
І ў песьні месяц "круглаліцы"
Як сьцяг паўстаньня "чырванеў".

Ты паказаў на ўласнай працы,
Што зможа даць бядняцкі сын,
Так. Так. Ты колас з нівы нашай
Пясьняр Народны ў тым краі,

Дзе песьня працы гарапашнай
Узьняла моцныя раі,
Дзе песьня вечна іграе ролю,
Гарыць, як вогнішчаў стажар,
Ды асьвятляе шлях і долю, -
Ты з двох адзін у нас пясьняр!