Перайсці да зместу

Язэп Крушынскі. Кніга I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Язэп Крушынскі. Кніга I
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: https://knihi.com/Zmitrok_Biadula/Jazep_Krusynski_Kniha_I_1987.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1. ПАСАЖЫР

[правіць]

Злажы пальцы ў кружок, пастаў перад вокам, як шкелка з акуляр, і зірні.

Усё вакол нібы намалявана. Лес, стромкі, густы, застылай грамадою кучаравіцца на краі мутнаватай бляхі неба. Воддаль шырачэзнай посцілкай расплылося жаўтаватае жытняе поле. Свежай зелянінаю, нібы густая мяккая шэрсць, разгарнуліся вузкія палоскі аўса. Бліжэй да вёскі па шараватых агародах раскінуўся нэндзны бульбоўнік, ён, здаецца, толькі нядаўна, пасля дажджу, выскачыў з глебы. Хаткі невялічкай вёскі абтрушаны зверху бруднаватай саломай. Над імі кружацца вераб’і, крычаць на розныя галасы і часта апускаюцца па зямлю шукаць спажывы.

На дарозе стаіць селянін.

Такога часам можна бачыць па малюнках. Вочы — вузенькія, завостраныя, бліскучыя льдзінкі. Барада — прыклеены жмуток пакулля. Чупрына — насунуты кавалак аўчыны. Яна брындзялямі вісіць з-пад старой барашкавай кучмы. Кажуронак — замыцганы, у дзірках рознага выгляду і памеру. З гэтых дзірак вылазяць, як мышы, каўтуны сіваватай шэрсці. Старому і ўлетку холадна пасля вялікага дажджу. Ён дрыжыць і ў кажуху. Часта прыціскае руку да правай шчакі, нібы яму баляць зубы.

Дарога прарэзана каляінамі, патузгана і пакалечана калёсамі, у глыбокіх выбоінах. Яна звязвае селяніна, як вяроўкай, з усім светам, далёкім ад гэтай глухой мясціны, нібы няясны сон.

Чаго-чаго не бачыў тут стары за капу гадоў! Усё-ўсё запісана ў яго памяці, нібы выразана сцізорыкам на гладкай бярэзіне. Дарога для старога — газета, кніга, універсітэт, тэатр. Вельмі часта тут можна бачыць падарожнікаў. Кожны са знаёмых і незнаёмых баіць старому аб усім, што на свеце дзеецца. Кожны з іншага рэшата прасейвае сваю гутарку. Стары збірае думкі людскія, як жабрак скарынкі. Ён убірае іх у сябе, нібы сухое поле свежы дожджык.

Многа дзесяткаў гадоў ведае селянін гэту дарогу. Тут жыў яго бацька, дзед. Тое, што стары бачыў і чуў тутака да гэтага лета 1924 года, не змясцілася б у вялікай кнізе. І цяпер селянін чакае, можа, хто праедзе, можа, хто наведаецца... А то нуда, як моль, заела. Суседзі даўно ўжо надакучылі. У кожным з іх ён бачыць, як у люстэрцы, самога сябе. У іхняй гутарцы чуе подгаласак уласных слоў і думак.

Стары паставіў вушы, як дзве трубкі, схіліў галаву ў бок дарожнага бязбрэжжа — і давай прыслухоўвацца з вялікай рупнасцю да далёкіх гукаў, да ледзь прыкметнага шуму.

Здавалася, што гэта доктар прыслухоўваецца да стукатаў сэрца хворага чалавека.

Селяніна ахапіла вялікая смага — паслухаць рэха не то блізкага, не то далёкага свету...

Ён стаяў, як анямелы. Не рухаўся з месца.

Прыслухоўваўся.

Нарэшце нешта ўлавіў...

Няясныя гукі людскога голасу. Хлюпат конскіх ног па топкай грэблі. Рупатлівае чопканне па гразі. Па старым твары, між пісанінай глыбокіх зморшчын, зацвіла, расплылася ледзь прыкметная ўсмешка. Няясныя гукі жывых істот здаваліся яму надзвычайна прыемнай музыкай, невідочным канцэртам з замураваных туманнай вільгаццю далячынь.

Нядоўга разважаючы, стары пабрыў туды — на гукі і галасы. Адняў руку ад твару. Забыўся, што зубы ныюць. Ногі ў прасторных атопках рухаліся лёгка і мерна. Нібы поўным крокам за сахою дыбае араты. З кожным крокам голас з далячынь рос яму насустрач.

На выгане біліся два пеўні. Яны ўвайшлі ў такі азарт бітвы, ажно пер’е з іх сыпалася ва ўсе бакі, нібы з парванай падушкі. Разыдуцца, наскочаць адзін на аднаго, стукнуцца моцнымі дзюбамі і давай скубці. У іх адна мэта — павырываць адзін у аднаго пер’е-вопратку, каб голымі гуляць-спацыраваць па нудным выгане. У іншы раз стары спыніўся б і сачыў за гэтай петушынай бітвай з вялікай зацікаўленасцю, са смакаваннем, з крытыкай, падбухторваннем. Цяпер нават увагі не звярнуў на дармовае прадстаўленне: ён бачыў сягоння гэты бой ужо тры разы...

Ён шыбаў наперад на людскія галасы, на паратунак ад маркоты. Спачатку пабачыў няясную плямку. Пасля высоўваўся конь, каламажка, чалавек на высокім сядзенні ў каламажцы, другі — пры кані.

Стары працёр вочы, каб пільней углядацца, каб яшчэ здалёку пабачыць, каго сустрэне на сваю пацеху. Яшчэ ярчэй выступалі перад яго вачыма на гразкай грэблі каламажка і двое людзей. Часам так у сне паўстаюць вобразы — спачатку мутныя, неакрэсленыя, а пасля такія жывыя і яркія, што на доўгі час не забываюцца.

Ён падышоў блізка, як гаспадар, як уладар гэтай мясцовасці.

— Во то-та ж!

Яму здавалася, што сказаў вельмі ціха, але выйшла так гулка, ажно чуваць было на сто крокаў вакол.

Гэтыя словы былі сказаны з такою пэўнасцю і рашучасцю, нібы ён вырашыў неразгаданую цікавую загадку.

— Во то-та ж! — перадразніў яго фурман, які трымаў каня за аброць, чырвоны здаравяка, гадоў пад трыццаць,— чаго крычыш!

— Я не крычу, а кажу! — апраўдваўся селянін яшчэ галасней.

— Чаму грэблю не правіце?

— А я тут адзін рукі пад яе падлажу, ці што?

Конь па бруха ўграз і не мог выцягнуць каламажкі.

Стары гэтаму не здзівіўся. Застаўся вельмі спакойным. На гэтым месцы ён бачыў такія прыгоды тысячы разоў. Гэта для яго было старой, надакучлівай справай.

Ва ўсіх тутэйшых коней ногі і бруха назаўсёды абраслі карою гразі, што служыць жывёле як бы мясцовай адзнакай. Грэбля цёнгля ладзіць такія кпіны і над сваімі, і над падарожнікамі без усялякай розніцы.

Фурман ляскаў па кані пугаўём, замарыўся, спацеў. Конь тузгаўся, ірваўся, вочы крывёй наліліся. Нарэшце ён прысеў задам у балотнай кашы, нібы кот на падушцы, і не мог выбрацца з топкага месца. Цяжка соп і азіраўся навакол вільготнымі вачыма, шукаючы паратунку.

Тут стары выйшаў з раўнавагі супакоенасці:

— Гэй, чалавеча, ачмурэў, ці што? Навошта жывёліну мардуеш?

— А што? — ажывіўся фурман,— мо паможаш? Ты вазьмі каня пад аброць, а я па ім — пугай!

— Э-гэ-гэ-гэ-э-э! Вучоных вучыць? Дык ты тут першы раз ездзіш, ці што? А калы навошта ляжаць — во! Гэта ж нашы струменты!

Стары паказаў на кучу жэрдак, што ляжалі воддаль. Яны былі таксама, як і тутэйшая жывёла, да паловы ў гразі: спецыяльна для выцягвання вазоў з балота. Селянін з гордай усмешкай глядзеў на «струменты».

Фурман спачатку не разумеў, а пасля стрэльнуў сабе заскарузлым пальцам у не менш заскарузлы лоб.

— Ах ты, чорт! Не дагадаўся!

Стары жыва ўзяўся за камандаванне — не ўпершыню:

— Вось трэба папрасіць дзядзьку, каб з воза злез, ці што. А то каню цяжка.

«Дзядзька», які ціха сядзеў па возе, заёрзаў на месцы, але нічога не сказаў.

За яго загаварыў фурман:

— Ды яны запэцкаюцца ў гразі.

— Нічагуткі. Можна «іх» вынесці з гэтай жыжы, ці што.— Стары зарупіўся і з захованай няпрыязню зірнуў у бок седака.

— Не, не, таварышы, што вы?! — запратэставаў «дзядзька» на возе.

— Так як вы мой пасажыр,— загаварыў фурман да седака,— я вас далжон даставіць сухім.

Пры гэтых словах фурман рашуча падышоў шчыльна да каламажкі.

«Дзядзьку», відаць, пераканаў просты довад фурмана. Абапёрся рукамі аб сядзенне і падняўся.

Фурман схапіў яго на рукі і вынес на сухое месца, паставіў асцярожна, нібы вялізную шкляную бутлю, і непрыкметна для старога плюнуў у лужыну.

«Пасажыр» быў гадоў пад сорак. Круглы твар калераваўся бліскучым сінім дымком у тых месцах, дзе шмаравалі па ім брытвай. Вызначаліся пульхныя губы. Вочы былі зацягнуты павалокай лянівай рахманасці. У руцэ трымаў новы партфель. Стаяў на сухім месцы, як на востраве ў моры. Паглядаў навакол з тупою нудою.

Селянін і фурман падсунулі калы пад каламажку, прыпаднялі яе і крыкнулі:

— Гэй, косю! Но-о! Каб цябе ваўкі! Па-а-дла! Но-о-о!

Конь выбраўся з гразкага месца.

Слова «пасажыр» глыбока ўрэзалася селяніну ў памяць.

— Значыць, па-са-жыр! А-га-а-а!

У думках стары паўтараў гэтае слова шмат разоў, аж пакуль не дабраўся да яго «праўдзівага» сэнсу:

...Паса-жыр! Лоўка! Зноў з’явіліся ў нас такога роду людзі, ці што? Няйначай — панок.

Селянін зірнуў на «пасажыра» з асаблівай зацікаўленасцю, але ўбачыўшы ў яго руцэ партфель, супакоіўся.

Людзей з партфелямі ён за апошнія гады наглядзеўся шмат, бо часта хадзіў на сходы ў сельсавет. Гэтыя людзі самыя цікавыя штукі гавораць. Некаторыя з іх сыплюць такімі мудронымі словамі, ажно галава хадыром ходзіць.

Старому заўсёды здавалася, што ўвесь спрыт іх гутарак, уся моц іхніх дзеяў звязана з партфелямі ў адно, нібы лапці з аборамі.

Наглядзеўся ён іх многа і людзей і партфеляў: рознага выгляду, гатунку і колеру.

— Усе яны (людзі, а не партфелі) па-рознаму гаварылі.

Усе яны (партфелі, а не людзі) былі рознай таўшчыні — і пузатыя, і худыя. Іх выгляд гаварыў аб змесце, аб значнасці сваіх гаспадароў.

Гаварылі людзі з партфелямі аб такім жыцці, аб якім дзяды толькі ў байках калісьці чулі.

Селянін пачаў лічыць па пальцах:

Уначы будзе светла, як удзень — «лектрафікацыя». Аб такіх жар-птухах, як быў яшчэ малым, ад бабулькі чуў.

Самалёты будуць людзей насіць над воблакамі — ёсць такі Кашчэй-чараўнік, які ў байцы каршаком лунае над зямлёю.

Нейкія «тарарахтары» будуць поле араць, а селянін толькі паглядай ды пагульвай, ды люльку піпкай. Такія фокусы таксама ў байках дзеюцца. Вось «агромон» прывёз бы нам такі «тарарахтар»!

Часам чалавек з пяці скур вылязае, як певень змокне, пакуль усё растлумачыць.

Стары ўяўляе сабе — нібы бачыць, як гарадскі «раратай» скідае з сябе скуру за скурай, гаворачы перад вяскоўцамі надзіва мудроныя штукі.

Калі ён, стары, аднаго разу «раратаю» казаў, што аб гэтым усім у старасвецкіх байках даўно ўжо гаворыцца, дык той адказаў: «байкі — гэта людская хвантазія, а тут рэальна, матэрыялізма!»

Стары тады ажно спалохаўся гэтых слоў. Яны здаваліся яму назвамі страшных невідочных звяроў.

Аднаго разу такі самы «раратай» прывёз некалькі вазоў добрага насення, дык у таго ў партфелі былі якраз не мудроныя рэчы, а рукавіцы.

Той гаварыў зусім проста — без «хваптазіі», без «рэальна» і без «матэрыялізмы».

А другі з гэтых самых, які малодшага сына селяніна ў нейкі рабфак забраў (дай яму, бог, здароўе, бо дзяцюк вучыцца), дык зусім партфеля не меў.

Думкі аб людзях і партфелях мільганулі ў галаве селяніна раптоўна — як маланка ў рабінавую ноч. Хутка ён адарваўся ад іх — глядзеў на «пасажыра» з партфелем, як на сваю новую кнігу, якую будзе сягоння чытаць. Ён будзе ўдумвацца ў кожнае слова «пасажыра», будзе лавіць гукі голасу, кожны рух рукі, жмуранне вачэй і ўсе мнагазначныя мігапісы на твары гарадскога чалавека.

Аднак, нягледзячы на такую зацікаўленасць, стары глядзеў на «пасажыра» з апаскай:

...Ці можна яму верыць?..

Зноў занылі зубы.

Ён крутнуў галавою, адганяючы ад сябе зубны боль, як надакучлівага авадня. Пачаў сваім камертонам спрабаваць новы інструмент:

— Пэўна, дзядзька заначуе ў нас?

— Можна! — сказаў «пасажыр» лагодным аксамітным тонам.

Фурманка пад’ехала да «пасажыра». Ён асцярожна ўлез у каламажку.

Фурман сцебануў каня.

Сонца вырвалася з-пад ваўняных хмар і накасурылася на ваколіцу загарэлым тварам. Полымя заходу заяскравілася на вяршынах лесу, запаліла салому на хатках і агністымі скурамі невядомых звяроў рассцілалася па зямлі. Паветра паружавела, пералівалася празрыстым віном. Па гразі ішло з поля невялічкае вясковае стада — таксама ружовае ад заходняга сонца. Усе каровы былі па бруха ў закарэлай гразі.

— Ну й гаспадары! — здзівіўся фурман.— У вас асобная парода жывёл. А з гэтай гразі вы, мабыць, спецыяльны сыр на продаж робіце.

— Ат! Досыць жартаваць, ці што?

Золата заходу бліснула па спінах кароў і заіграла на твары і партфелі «пасажыра» апошнім ззяннем.

Надыходзілі змрокі. Яны павольна насоўваліся на ваколіцу, сіняватымі пластамі нагортваліся пад лесам. Раслі цені, выцягваліся ўздоўж па абшарах лугоў і палёў. Паўставала цішыня вечара. Задумёнасць адзіноты лунала над палямі. Тупат стада і скрыпы каламажкі як бы зусім не перашкаджалі гэтай цішыні — яшчэ больш вызначалі яе.

Селянін ішоў побач з каламажкай і вёў гутарку пакуль што толькі з фурманам: скуль і куды едуць.

«Пасажыр» наставіў каўнер і скомкаўся ў новым паліце.

Селянін час ад часу касурыўся на профіль «пасажыра».

Цямнела з кожнай хвілінай.

Каля сваёй хаты стары спыніў фурманку і адчыніў скрыпучыя вароты двара. Фурман пакіраваў у браму.

З хаты на двор высунулася старая гаспадыня.

— Гэй, маці! — заклапаціўся гаспадар,— запалі лучыну, ці што?

З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі.

З вуснаў у вусны вандравала навіна:

— Нехта прыехаў да Цыпрука Ярэмчыка!

Цыпрук не ведаў, дзе дзецца з сваёй шчырай гасціннасцю. Гасцей было трое: «пасажыр», фурман і конь.

Першым чынам ён падышоў да каня. Пагладзіў яго, падсунуў руку пад хамут, памацаў, ці не спацеў, памог фурману распрэгчы і бягом кінуўся пад гумно. Прынёс ахапак свежага сена. На людзей звярнуў увагу ўжо толькі тады, калі конь стаяў пад паветкай недалёка ад дрывотні і спакойна хрумсціў пахучае сена.

«Пасажыр» яшчэ сядзеў дрымотны на каламажцы. Цыпрук звярнуўся да яго нясмелым голасам:

— Калі ласка, у хату пойдзем, ці што? Пане таварыш!

— М... м... б... к...— штосьці мэкнуў «пасажыр» невыразнае і паволі злез з каламажкі.

Фурман схапіў за ім жоўты чамаданчык.

Пайшлі ў хату.

— У вас праўдзівая электрыфікацыя,— пажартаваў «пасажыр». Цыпрукова «электрыфікацыя» чадзіла і дыміла.

На чорных сценах і на столі мільгалі фантастычныя цені. Малы светлагаловы хлопчык, унук Цыпрука, стаяў каля стала і трымаў у руцэ запаленую лучыну.

Звычайнае месца лучыны было пад прыпечкам у шчыліне, спецыяльна выкалупанай для гэтага. Але ў чэсць гасцей хлопчык свяціў пры стале.

Каля печы дыміла другая лучына. Асветленае месца выглядала патаемным падзямеллем. Куты хаты трохі скрадваліся. Іх у ценю не відаць было. Здавалася, што тут вялікі прастор, што ён разыходзіцца ў невідочнай далі, а толькі маленькія часткі яго асветлены лучынамі, нібы пры вогнішчы на полі ўночы.

Хлопчык, акружаны яркім златаблескам лучыны, выглядаў напружным і ўрачыстым. Вызначаліся яго льняныя валасы, сінія, спалоханыя вочы з пашыранымі зрэнкамі. Уся ўважлівасць хлопчыка была скіравана на агонь лучыны. Ён цікаваў за пералівамі аганька, за маленькімі змейкамі полымя з такой павагаю, нібы ад гэтага залежаў лёс усяе хаты. Як толькі лучына абвугліцца трохі, хлопчык зараз жа сціраў вуголле другой лучынай і стараўся трымаць яе так, каб агонь свяціў роўна — без перабояў.

Увайшоўшы ў хату, «пасажыр» спачатку заўважыў толькі гэтага хлопчыка і невялікія дзве пляміны святла. Густое, душнае паветра біла ў нос моцным пахам свежага кажуха, чалавечага поту і кісляціны ад астаткаў яды, якія збіраліся ў цэбры каля печы. «Пасажыр» паморшчыўся, пакруціў носам і стаў сярод хаты. Нібы ён заблудзіўся і не ведаў, дзе спыніцца.

Цыпрук рупліва падскочыў:

— Садзіцеся вось тут!

Стары паказаў на шырокі тапчан каля стала. Госць азірнуўся па баках, сеў і палажыў партфель каля сябе. Звыкшыся трохі з асвятленнем хаты, «пасажыр» заўважыў, што на ложках і каля печы сядзяць і стаяць у цяні рознага ўзросту і выгляду члены вялікай сям’і селяніна — дзеці і ўнукі. Яны маўчаць і ў напружанай зацікаўленасці глядзяць на яго з цёмных куткоў.

Фурман паставіў перад «пасажырам» на лаве дарожны чамадан.

— Трэба павячэраць і — спаць! — казаў «пасажыр».— Заўтра чуць свет паедзем у Курганішча да Крушынскага.

Стары Цыпрук лавіў кожнае слова негутарлівага «пасажыра», каб зразумець, па якіх справах едзе.

«Якраз гэтымі днямі сюды павінен прыехаць з горада таварыш наконт дзяльбы лесу на будову. Не той, ці што? Мабыць, у часе вячэры што-кольвечы выведаю ў яго».

— Маці! Маці! — крыкнуў стары да жонкі,— можа, тав... пану таварышу свежага малачка дасі, ці што?

— Дзякую! У мяне свае харчы з сабою,— адказаў «пасажыр» і давай распакоўваць чамадан.

Ён раскладваў на стале розныя пакуначкі, бутэлечкі, нож і відэлец, белую сарвэтку, маленькую сарвэтачку і іншыя рэчы. Усё гэта рабілася паволі, у строгім парадку. Можна было падумаць, што «пасажыр» рыхтуецца наладзіць тут балюшку на чалавек дзесяць.

Ён зняў з сябе паліто, палажыў на тапчан і давай разварочваць пакуначкі з такой павагай і асцярожнасцю, нібы з сваіх пестуноў-дзяцей здымае дарожную вопратку: і закрасаваліся па белай сарвэце смажаная курыца, сыр, масла, яйкі, радыска, соль і перац у пудэлачках, булкі, булачкі, бутэлька з наліўкамі, бутэлька нарзану і нават бутэлька з малаком.

Усё гэта стаяла абцёртае і бліскучае. «Пасажыр» зірнуў з захапленнем на свой дарожны буфет. Ён нават забыў, што многа пар вачэй пільна паглядаюць на яго з розных куткоў хаты. Адпала ранейшая застыгласць і замкнёнасць яго твару. У вачах з’явіўся жывы бляск. Увесь ён стаў паваротлівым, рухавым. Прытульнасць стала, нібы ў люстэрцы, адбілася на яго круглым твары. Нават адценне дабрадушша і гуллівасці замільгала ў яго вачах. Здавалася, што хоча расказаць смехатлівы анекдот, але чамусьці стрымліваецца.

Меншую сарвэтку ён прыладзіў пад бараду да шыі і грудзей, нібы рыхтаваўся галіцца. Прыняўся за яду.

— Я вось аграном,— адрэкамендаваўся ён перад гаспадаром,— а аграномы любяць пад’есці!

— Аг-ра-мон! — нібы паправіў няправільнасць вымовы «пасажыра» стары Цыпрук,— аг-ра-мон, вось што! ага-а!

Стары як бы ўрэшце дагадаўся, у чым рэч. Кплівым вокам зірнуў на «агранома». Наслухаўся і «аграмонаў» за апошнюю пару гадоў. Ведае ён пра мнагаполлі, лубін, канюшыну.

«Сярод аграмонаў ёсць такія, што не сеюць і не жнуць, а хлеб смачны ядуць»,— падумаў стары і схапіўся рукою за шчаку: ныў зуб.

У адказ на яго думку аграном накінуўся на смажаную курыцу і наліўкі. Рупнасць яго была надзвычайная.

Хлопчык-электрыфікацыя мяняў лучыну за лучынай. Аграномаўскі вандроўны буфет быў увесь час асвечаны роўным святлом.

На гэты раз на стале старога Цыпрука, як на экране ў кіно, паказвалася сытасць і здаволенасць.

Аграном еў, мяняў пакуначкі і пасудзінкі адно за адным з метадычнай акуратнасцю і стараннасцю. Пры гэтым чытаў цэлую лекцыю па сельскай гаспадарцы.

Хлопчык-электрыфікацыя, як зачарованы, глядзеў яму ў самы рот, аблізваўся, глытаў сліну...

Не лекцыя агранома яго захапляла, а тыя смачныя кавалкі, што «дзядзя» глытаў з прагнасцю чалавека, які тры дні галадаў.

— Мама! булачку! — застагнала ў поцемках малое дзіцё.

— Ціха ты!

Дзіцё залівалася ў плачу, а кабета біла яго, прыгаварваючы:

— Во табе... во табе! во табе!!

Аграном у гэты час распісваў перад гаспадаром трактар і высмейваў старасвецкую саху.

— Але як жа ты яго купіш? — пытаўся селянін.

— Грамадою, цэлай грамадою! — казаў аграном запэўняючым тонам, запіваючы гэтыя словы малаком,— трэба весці гаспадарку так, як хутаранін Язэп Крушынскі. У яго культурная гаспадарка. Я цяпер туды еду.

— Трактар, адборнае насенне, многа жывёлы, шматполле — вось адзіны паратунак для сялянства! — рэзюмаваў сваю лекцыю аграном. Ён выціраў губы сарвэткай.

— Усё гэта святая праўда! — згадзіўся стары Цыпрук,— але сіл на гэта няма. А нашы мужыкі яшчэ вельмі ўпарты народ. Вось што! А хто ж ён, гэты Язэп Крушынскі?

— Селянін, як усе сяляне, але разумны чалавек!

Аграном прыбіраў са стала пустыя бутэлькі і пасудзіны. Гэта ўсё зноў заварочваў у паперу і клаў у чамадан з ранейшай акуратнасцю.

Увесь час каля маленькага акенца на дварэ мітусіліся зацікаўленыя суседзі. Калі-нікалі якая-колечы з іх прыклейвалася носам да шкла і паглядала ў хатку.

— А цяпер спаць! — кончыў аграном сваю гутарку.

— Можна вот тут на лаве, а то і на сене, ці што?

— Лепш на сене!

— Маці, дай кажух і пасцілку! — закамандаваў гаспадар.

Аграном адзеў паліто. Узяў у рукі партфель і чамадан.

Гаспадар павёў яго на сена і хутка вярнуўся. Фурман агранома зірнуў на яго і засмяяўся шчырым смехам.

А цьфу! ці што? — плюнуў стары Цыпрук,— такога агранома першы раз у жыцці бачу. Гэта ж дзіцё плача булачку, а ён хоць бы што, ну і свіння!

— А хвор быў гаспадара гарэлкай пачаставаць! — падбухторваў фурман.

— Ліха яго бяры з яго гарэлкай! Чаму ён цябе, свайго фурмана, не пачаставаў?

— Ён сам толькі з пачастункаў жыве. Па ўсіх кулацкіх хутарах і фальварках яго частуюць.

— Так. Хто бярэ, той не дае,— па-філасофску сказаў гаспадар.

— Няўжо ж не бачыш, што гэта панок панскай косткі? — як бы апраўдваў агранома фурман.

— А навошта ты яго на руках вынес з балота, гэтага кабана?

— Вось здуру сваю далікатнасць паказаў. Мне пасля і самому прыкра стала... а потым аж плюнуў ад злосці... Каня шкадаваў...

— Вось бачыш...

Стары махнуў рукой.

— Маці! — крыкнуў ён,— дай вячэраць! Хоць з чалавекам пагутарым, ці што!




2. ВОСЬ ЁН... ВОСЬ ЁН...

[правіць]

Аграному кепска спалася.

Ён часта абуджаўся, кідаўся з боку па бок. Нешта кусала яго.

«Няўжо блохі ў сене? Як гэта «мужыччо» ўмудраецца апаганіць такое мурожнае пахучае сена?»

Але хутка дагадаўся, у чым рэч. Блохі былі ў сялянскай пасцілцы і кажуху. Ён адкінуў набок гэтыя рэчы, лёг проста на сена і прыкрыўся сваім палітом. Спаць усё роўна не мог. Аглядаўся па баках. Цёмна. Нават не можа сабе ўявіць, як выглядае пуня. Яму пачало здавацца, што, як у хаце, і тут з усіх куткоў на яго глядзяць мужыцкія вочы — прыкрыя, пранізваючыя...

«Чаго добрага, чамадан нехта ўкрадзе. І што мяне накруціла тут начаваць?»

Занепакоены аграном ускочыў, памацаў чамадан і палажыў побач з сабою разам з партфелем. Аднак месца сабе не знаходзіў. Падлажыў левую руку пад галаву. У самае вуха затуркаў гадзіннік. Ён быў прышпілены да рукі вузкім раменьчыкам. Стукат металёвага сэрца гадзінніка вельмі непакоіў:

— Тур-тур-тур-тур.

У гэтым аднагуковым слове тоненькіх спружын адчувалася маленькая хрыпотка: нібы ў чалавека, які застудзіў горла. Хрыпотка надавала таемны сэнс безупыннаму турканню. Здавалася аграному, што часы яго дабрабыту лічаныя. Нехта невідочны бязлітасна за ім цікуе, вядзе падрахунак усім яго дзеям і ўчынкам. «Нехта» выкрые яго перад людзьмі. У яго зменіцца постаць, твар, голас. Ён стане не тым, якім ёсць цяпер. Вельмі палохаўся аграном гэтага «нехта», ненавідзеў усёй істотай. Сарваў гадзіннік з рукі і палажыў у кішэнь штаноў. Турканне, хоць заглушанае, але чуваць было. У змрочнай цішыні гадзіннік гаварыў:

— Ён... ён... ён... ён...

З лёгкім стогнам, з ледзь прыкметным водгаласкам раздавалася гэтае слова, калола вострым шылам. Аграному пачало здавацца, што ён сам маленечкі, як саломінка, як травінка, а слова «ён» расце, пераходзіць у гучны крык, у звон, аглушае, чаруе, гіпнатызуе, запаўняе сабою ўсе куткі цёмнай пуні. Можна ўтапіцца ў гэтым крыку, нібы ў глыбокім возеры. Ён падняўся ў другі раз, выняў гадзіннік з кішэні, палажыў у чаравік і зарыў яго глыбока ў сене. Тады ў паўдрымоце пачало яму здавацца, што сам расце; ад галавы да ног — некалькі сажняў. Прыкра ад такога казачнага росту. Яшчэ болей спалохаўся; у яго раптоўна пачала расці барада — калматая, чорная, здрадная. Мацае рукою гладка выгалены твар, знімае з яго валасінкі калючага сена.

Заснуў. Хутка зноў прачнуўся ад непрыемнага сну.

«Мабыць, замнога еў перад сном».

Ён сніў, што вакол яго шэпчуць:

— Вось ён... вось ён... вось ён...

Адусюль тыкаюць на яго пальцамі. Людзей ён не бачыць. Толькі паадзіночныя пальцы мільгаюць у паветры ў яго бок. Блішчаць вочы.

Кідаецца з боку на бок. Сена шорхаецца пад ім.

— Вось ён... вось ён...

«Няўжо ж баяцца гэтых двух слоў? Ці ж яны такія страшныя?»

Першым чынам пасля рэвалюцыі ён згаліў бараду. Ніхто яго не пазнае. Па-другое, гэта было далёка ад Беларусі. Ранейшыя знаёмыя яго тут не сустрэнуць. Даўно гэта было — у завірусе 1905 года. Але, нягледзячы на ўсё гэта, вось ужо некалькі гадоў як часта над настарожаным вухам чуе шэпт:

— Вось ён... вось ён...

Пасля рэвалюцыі 1917 года ён выехаў далёка з роднага горада М... і жыве пад чужым прозвішчам. Удалося набыць фальшывы пашпарт, дзе запісана — Іван Мацвеевіч Шапавалаў.

Ён доўга не жыве ў адным месцы. Дзе знаходзіцца на кватэры, рознымі хітрыкамі стараецца не прыпісвацца. Ні з кім не вядзе перапіскі. Калі прыходзіцца мець справу з дакументамі для даставання прадуктаў у кааперацыі ці што іншае, дык заўсёды робіць гэта сам, без дапамогі жонкі.

Аднак яшчэ па сённяшні дзень ён добра памятае сваё праўдзівае імя і прозвішча: Антон Сяргеевіч Мятлоў.

— Вось ён... вось ён...

Гэта значыць, не цяперашні Іван Мацвеевіч Шапавалаў (голены, круглы аграном), але Антон Сяргеевіч Мятлоў (малады чалавек з чорнай аксамітнай бародкай) .

Цяжка было спачатку з новым дакументам і новым абліччам. Як ад цырульніка прыйшоў дахаты, дык Аграфена Макараўна (яго жонка) спалохалася, у роспачы рукі заламала:

— Ты, Анцік, звар’яцеў? Гэта ж цябе не пазнаць. Нашто бараду згаліў?

Яго вельмі ўзрадавалі словы: «гэта ж цябе не пазнаць!» Але разам з радасцю была і непрыемнасць. Жонка прыставала да яго, навошта гэта зрабіў, калі з бародкай ён прыгажэйшы.

Некалькі тыдняў жонка лямантавала над ім, шкадавала згінуўшую бародку. Шмат было ўжыта красамоўства, пакуль угаварыў жонку, што барада была не да твару. [. . .]

Прайшло трохі часу, і жонка звыклася бачыць мужа з голеным тварам.

— Ты, Анцік, падобен цяпер да актора. Усе акторы безбародыя!

З барадою справа была наладжана добра. Тады вылезла наверх яшчэ цяжэйшая бяда: жонка яго называла «Анцік» у той час, калі (паводле дакумента) павінна называць «Ванька».

Аграному прыходзілася дваіцца: ва ўстановах, на вуліцы, з новымі знаёмымі ён быў Іванам Мацвеевічам, а дома перад жонкай — Антонам Сяргеевічам.

Трэба было мець вялікую напружанасць думкі, каб часта ператварацца ў іншую асобу. Часам сярод новых знаёмых, калі хтосьці скажа «Іван» — ён адварочваўся, думаючы, што гэта адносіцца да яго. А дома, бывала, часам як жонка скажа «Антон», дык не звяртаў увагі, нібы не яго завуць.

— Што ты, Анцік, аглух? — дзівілася жонка.— Рэвалюцыя на цябе кепскі ўплыў зрабіла. Ты стаў нейкім грубым. Я цябе заву, а ты не адклікаешся.

— Выбачай, дарагая, я задумаўся і не чуў.

— Над чым ты думаеш, калі без цябе ўсё абдумана? Кепская ў цябе, Анцік, прывычка так задумвацца. Гэта ўжо не ўпершыню. Ты, Анцік, меланхолікам зрабіўся.

Ён стараўся рознымі жартлівымі слоўцамі затушоўваць жончыны заўвагі, пачынаў гутарку на іншую тэму.

Жончына слова «Анцік» калола яго невідочнымі галкамі, пранізвала сэрца, торгала нервы. Ён кожны раз пры гэтым слове імпэтна адварочваўся, ці няма чужога ў пакоі.

Выходзячы з хаты, ён пакідаў «Анціка» ў сценах кватэры, нібы хатнюю світку. На вуліцы быў Іванам.

— Я — Іван, Іван Мацвеевіч! — кожны раз паўтараў ён у думках некалькі разоў, паглядаў з апаскай па баках, каб часам не натрапіць на знаёмага з таго горада, дзе быў Антонам Сяргеевічам... Мацаў рукой свой голены твар.

...Ніхто не пазнае... Сама жонка ледзь пазнала, калі першы раз агаліў бараду...

Па-за сценамі сваёй кватэры ён стараўся мяняць паходку, манеры, жэсты. Ва ўстановах нават голас перайначваў: гаварыў гарлавым басам, выціскаў словы адрывіста, ненатуральна, нібы вечна трымаў у роце неразжаваныя гарошыны.

Заўсёды пры знаёмстве выразна выгаварваў: «Іван Мацвеевіч Шапавалаў!» і такім тонам, нібы кліча Шапавалава сабе на дапамогу ад невідочных ворагаў, якія яго апанавалі.

А спачатку сваё новае імя і прозвішча гаварыў хутка, мармычучы пад нос, як бы саромеўся непрывычных слоў. Бывала, што новы знаёмы не пачуе і пытаецца ў другі раз:

— Як? Як? Выбачайце, недачуў.

На такога чалавека ён глядзеў з падазронасцю і прывучаўся гаварыць сваё імя заўсёды голасна.

Паходку і манеры раз назаўсёды змяніў пасля аднаго прыкрага выпадку: ён ішоў па вуліцы зусім спакойна і забыўся пра сваё новае імя, ажно нехта ззаду крыкнуў:

— Пачакайце, Антон Сяргеевіч!

Ён уздрыгануўся і хацеў ужо спыніцца, але ўспомніў, што ён Іван Мацвеевіч, і пасунуўся далей.

Зямляк (гэта быў блізкі сусед з роднага горада) нагнаў яго і па-сяброўску палажыў яму руку па плячо, але як глянуў яму ў твар, дык папрасіў прабачэння.

— Выбачайце, паходка так напомніла мне аднаго знаёмага, Антона Сяргеевіча, ажно я аклікнуў вас, але ў таго барада.

— Бываюць памылкі,— сказаў аграном змененым голасам і ўвесь пакрыўся халодным потам.

З таго часу ён змяніў увесь ранейшы надворны выгляд.

Ён стараўся перайначыцца да таго, каб родны бацька не мог яго, Івана Мацвеевіча, зблытаць з Антонам Сяргеевічам.

Ён пачаў зварочваць увагу на самыя драбніцы свайго абыходу: трэба зрабіць так, каб нічым не быць падобным да ранейшага сябе. Насіў іншую вопратку. Змяніў характар пісьма. Дзеля гэтага пачаў пісаць пяром «рандо». Падпісваўся раней неразборліва: «А. С. Мят...» з рознымі круцёлкамі, а цяпер — «Іван Мацвеевіч Шапавалаў» — поўнасцю, выразна, літара ў літару, дзіцё магло чытаць.

У канцылярыі ўсе дзівіліся на яго «почырк», які выглядаў арыгінальным і харашэйшым за друкаванае. Почырк Івана Мацвеевіча служыў прыкладам для дробных чыноўнікаў.

Гэта ўсё было па-за сценамі сваёй кватэры.

Пры жонцы ён зноў накіроўваў усю сілу, каб стаць дарэвалюцыйным «Анцікам». Трэба было ў сваёй кватэры быць ранейшай істотай, з ранейшым голасам, манерамі і ўсімі іншымі адзнакамі Антона Сяргеевіча.

Такая дваіснасць даводзіла яго да таго, што пачаў марнець, сохнуць і нідзе сабе месца не знаходзіў. Ён не меў магчымасці прасіць да сябе гасцей або пайсці куды-колечы з жонкаю ў госці ці ў тэатр, бо магла здарыцца непрыемная блытаніна між «Антонам Сяргеевічам» і «Іванам Мацвеевічам».

Жонка заўважыла, што яе «Анцік» стаў нейкім дзіўным чалавекам, што з ім чыніцца нешта благое.

Колькі яна ні наракала на сваё замкнёнае жыццё, на тое, што жыве, як у астрозе, што нават мінскія сваякі да яе не прыязджаюць,— нічога не памагала. Муж быў вельмі ўпарты. Нават роднай жонцы баяўся адкрыць сакрэт, што ён цяпер не Антон Сяргеевіч, а Іван Мацвеевіч: яна не ведала адной яго сакрэтнай дзейнасці да рэвалюцыі. Апрача таго, пры малых дзецях гэтага нельга было рабіць. Яны вельмі здзівіліся б, калі б маці яго называла новым імем.

Даходзіла ў іх да вельмі прыкрых гутарак, да сварак. Жонка не пазнавала свайго ранейшага любага «Анціка». Як бы хто яго падмяніў.

— Можа, ты тут каханку маеш? Дык кажы. Навошта таіць?

— Якія ў мяне могуць быць каханкі? Я ж па вечарах заўсёды дома бываю. У Мінск езджу толькі па пільных справах. Нават няма калі да тваёй сястры заходзіць, каб іх сюды ў госці прасіць. А туды ехаць не можаш дзеля дзяцей. Браць іх з сабою — цэлы тарарам. Пішы, каб Стэфка, пляменніца наша, сюды прыехала!

Жонка не ведала, што калі ён бярэ яе лісты ў Мінск, каб кінуць у паштовую скрынку, дык нішчыць іх...

Жонка на яго недаверліва паглядала.

— Мала стрыжаных машыністак! Нешта з Мінска мне нічога не пішуць. Ці не злуюцца яны на нас. Слухай, Анцік, нам трэба сур’ёзна пагаварыць.

Гэтае «сур’ёзна пагаварыць» паўтаралася бадай кожны дзень. Але ён заўсёды адкладваў «сур’ёзную» гутарку.

У той жа час новыя знаёмыя, таварышы па службе, часта прыставалі да яго:

— Ванька, чаму не ходзіш да нас у госці і чаму да сябе не просіш?

«Ванька» чырванеў, бянтэжыўся.

— Бачыце, у цяперашнія часы, калі рэвалюцыя толькі заваёўваецца, калі многа крыві льецца, не да гасцявання.

Пры гэтым ён рабіў кожны раз такі посны выгляд, што знаёмыя адставалі.

Горш было з жонкай.

Аднаго разу пасля «сур’ёзнай гутаркі» з ім яна паехала з дзецьмі ў глыб Расіі да сваіх старых бацькоў на некалькі месяцаў, абяцала часта пісаць адтуль лісты.

На другі дзень пасля гэтага ў яго з’явілася новае занепакоенне: лісты.

...Прозвішча Мятлоў будзе красавацца на канвертах яе лістоў. Паштавік якраз прыходзіць сюды з газетай на імя жонкі, а гадзіне адзінаццатай раніцы, калі мяне, былога Мятлова, няма дома. Вось тут і пачнецца новая блытаніна. Паштавіку скажуць, што ў гэтай кватэры жыве не Антон Сяргеевіч Мятлоў, а Іван Мацвеевіч Шапавалаў.

«Небяспечна блытаць гэтыя імёны і прозвішчы, небяспечна ставіць іх побач.

...Трэба, каб Антон Сяргеевіч Мятлоў быў выкраслены на векі вечныя з памяці людзей, нібы такі ніколі і не радзіўся. А то колькі людзей будзе чытаць гэты адрас. Чаго добрага, патрапіцца такі, хто дасканала ведае маё мінулае».

Мароз праходзіў па спіне.

«А калі жонка пачне ва ўстанову пасылаць лісты з запытаннем, дзе дзеўся Антон Сяргеевіч Мятлоў, які займаў такую-та пасаду? Яшчэ падазронасць з’явіцца ў таварышаў. Пачнуць шукаць гэтага нібыта незнаёмага чалавека».

Галава хадыром хадзіла.

«Што рабіць? Навошта адпусціў жонку? Няхай бы тут сядзела. Гэта ж ад раптоўнай радасці вызваліцца на некалькі месяцаў ад цяжкай ролі быць падзеленым на дзве асобы я забыўся аб сітуацыі з лістамі».

Цяпер яшчэ болей жыва, чым да гэтага часу, ён бачыў у сваім уяўленні бурны 1905 год. Ён тады — малады студэнт, Антон Сяргеевіч Мятлоў, быў арыштаваны з іншымі таварышамі з сакрэтнага сходу сацыялістаў-рэвалюцыянераў. На допытах жандарскі афіцэр абыходзіўся з ім вельмі ветла, проста, як родны бацька. Пачаў яго, студэнта, шкадаваць, што такі малады чалавек назаўсёды можа загубіць сябе. Дзіўна зрабілася тады на душы Антона Сяргеевіча.

«Жандар мяне шкадуе, а я сам сябе не шкадую...»

Таварышаў выслалі на вечную ссылку ў Сібір. Ён застаўся дома.

Да высылкі сядзеў у турме разам з імі. Між іншымі таварышамі быў брат яго цяперашняй жонкі, Аграфены Макараўны, які раптоўна памёр яшчэ ў турме.

— Між намі ёсць здраднік...— часта шапталіся яго таварышы.— Следчы ведае такія рэчы, аб якіх мог дазнацца толькі ад члена пашай партыі...

Усе паглядалі тады адзін на аднаго з падазронасцю, пранізвалі недаверліва вачыма. І ён, Антон Сяргеевіч, рабіў падазроныя вочы і горача, абураны, пытаўся:

— Хто? Дзе ён?

На яго выкрыкі таварышы адказвалі стрыманым смехам. У гэтым смеху адчувалася такая агіда (яму здавалася, што да яго), якой ён ніколі ў жыцці не забудзе... Нават і цяпер, калі хто так сабе засмяецца пры ім, яму робіцца прыкра.

Усё гэта ён успомніў пры паездцы жонкі.

...Што рабіць?

І ў яго з’явіўся раптоўны план.

Зліквідаваў свае справы, папрасіў водпуск, сабраў хатнія рэчы, вопратку і бялізну да апошняга шматка, запакаваў у скрынкі і паслаў да жонкі. У дадатак тэлеграма пад прыдуманым прозвішчам:

«Антон Сяргеевіч раптоўна памёр ад запалення мазгоў. Мы яго праз дзень пахавалі. Пасылаю вам яго рэчы. Шчыра выказваю свой жаль. Сідараў».

...Цяпер жонка сюды не прыедзе і не будзе мяне шукаць...

Жудасна стала тады на сэрцы Івану Мацвеевічу. Да вечара (да адыходу цягніка, на якім яму трэба было абавязкова кудысьці паехаць) ён сядзеў у апусцелай кватэры. Швэндаўся з кута ў кут і меркаваў: вось хутка жонка атрымае тэлеграму...

...«Ён памёр ад запалення мазгоў»,— будзе думаць яна.— Вось чаму ён апошнія часы быў нейкім дзіваком і меланхолікам. Мазгі яшчэ тады былі ў яго не ў парадку,— дагадаецца яна і пачне сваім бацькам апавядаць, як ён трымаўся ўвесь час, якім быў заўсёды ўстрывожаным, збянтэжаным. «А я сварылася з ім, а я падазравала, што ён вядзе шашні з машыністкамі, а я... такая благая: паехала ў госці ў той час, калі трэба было быць пры ім...» Жонка будзе рукі ламаць да хрусту пальцаў. У яе вачах затуманіцца вялікае гора і роспач.

Жаль агарнуў Івана Мацвеевіча да Антона Сяргеевіча.

Ён ціха заплакаў.

«Не. Будзе не так. У такім выглядзе жонка будзе выяўляць сваё гора пазней, калі страшны боль усцішыцца. Спачатку будзе вось як: жонка прачытае першыя словы тэлеграмы. Яна выпадзе з яе дрыжачых пальцаў...» (Ён жыва ўяўляў яе ружовыя дрыжачыя пальцы.)

«Жонка бухнецца на падлогу. Падбяжыць маленькі хлопчык Мішка, здзівіцца, што мама раптам заснула па падлозе. У пакоі пачнецца беганіна, перапалох. Усе даведаюцца, што я памёр. Жонка будзе ляжаць на ложку ў непрытомнасці. Яе пачнуць паіць рознымі кроплямі, валяр’янкай. Ва ўсіх кутках кватэры падымецца плач. Маленькая, пухленькая Люська пачне пляскаць у ладкі і кожнаму гаварыць: «Папка памёль... папка памёль... Ён цяпер у бозенькі...» Так дзед ёй растлумачыць аб маёй смерці».

Іван Мацвеевіч жыва бачыў перад нутраным зрокам усё гэта. Яму тады здавалася, што чуе прыглушаны плач сваіх родных і блізкіх.

Ён закусваў губы. Стараўся сціскаць зубы так шчыльна, каб яны прыкра не барабанілі адзін аб адзін. Ком падступіў пад горла. Аграном прыціснуўся лобам да шкла акна, каб трохі ахаладзіцца.

Сонечная вуліца выглядала мутнай.

«Чаму людзі такія туманныя, як бы пад вадою?»

Ён доўга стаяў нерухомым ля акна.

«Ці не лепш будзе, калі цяпер паеду да жонкі і аб усім ёй раскажу.

...Не! Не можа быць! Яна тады адрачэцца ад мяне. Успомніць брата, таварышаў. Будзе яшчэ горш. Мне прыйдзецца яшчэ болей асцерагацца яе. Усё роўна страціў жонку. Мы памёрлі адзін для аднаго.

...Няможна... няможна...»

Іван Мацвеевіч у той жа дзень вечарам паехаў на новае месца. Там зараз жа лёг у шпіталь. Хварэў на гарачку.

— Антон Сяргеевіч памёр! Жыве Іван Мацвеевіч! — крычаў ён у непрытомнасці на ўсю палату.

Як ачуняў, дастаў новую пасаду раённага агранома ў глухім мястэчку Шапалевічы, недалёка ад граніцы. На гэтай пасадзе знаходзіцца ўжо некалькі год. Увесь час стараецца ўвасабляцца ў новага чалавека — Івана Мацвеевіча. Цяпер гэта яму шмат лягчэй, чым тады, калі жыў з жонкай, і яму трэба было дзяліць сябе на дзве часткі паміж Іванам Мацвеевічам і Антонам Сяргеевічам.

Цяпер ён цалкам Іван Мацвеевіч!

Дзеля гэтай мэты ён спакойна абдумаў новы метад працы над сабою.

...Тут патрэбна мастацкая творчасць. Трэба стварыць новага чалавека, навюткага, якога яшчэ не знаў да гэтага часу.

Іван Мацвеевіч захапіўся гэтай ідэяй. Тое, што раней было яму непрыемна і цяжка, цяпер зрабілася надзвычайна цікавым. Гэта не толькі з практычнага боку, а нават з погляду псіхалагічна-мастацкага эксперымепта.

«Пісьменнікі пішуць раманы, аповесці. Маляры і скульптары даюць вакольнае, прапушчанае праз прызму сваёй мыслі і эмоцыі. Тое самае робяць акторы на сцэне. А я вось папрабую новую форму мастацтва: тварыць новага чалавека з самога сябе, з той самай жывой гліны ляпіць новую фігуру...»

Іван Мацвеевіч над гэтай праблемай доўга думаў. Зусім па-інакшаму пачаў чытаць мастацкую літаратуру, па-новаму прыглядацца да людзей, вывучаць драбнейшыя рыскі іх характараў, выгляду, учынкаў.

Ён збіраў, такім чынам, матэрыял для свайго новага чалавека, для яшчэ не зусім аформленага Івана Мацвеевіча.

Ён вёў арыгінальны дзённік: не ў запісах на паперы, а ў памяці. У дзённіку канцэнтраваў у адно ўсе раскіданыя часткі свайго твора — новага чалавека.

1. Выкінуць з памяці ўсё мінулае. Ён толькі цяпер нарадзіўся.

2. Змяніць свой выгляд і характар.

Вось асноўны сэнс дзённіка Івана Мацвеевіча.

Вакол асноўнага сэнсу, нібы мяса вакол шкілета, было густое пляценне розных падрабязгаў і рысаў новага чалавека. Усё гэта разгалінавалася ў пэўную тэорыю, якую ён пачаў ужываць да сябе са строгай акуратнасцю.

Першым чынам, каб забыць аб усім мінулым, трэба жыць у новай мясцовасці, у новых абставінах рэчаў і людзей, з новым нутраным зместам.

Па-другое, каб змяніць свой выгляд, ён насіў іншага пакрою вопратку, іншы фасон шапкі і абуцця. Апрача таго, стараўся растаўсцець. (Ён быў да гэтага часу вельмі худы.)

Каб забыць аб жонцы і дзецях, аб якіх міжволі часта думаў, ён стараўся запоўніць мозг і пачуцці новымі ідэямі. Ужо адна думка аб стварэнні новага чалавека патроху выпіхала з яго нутра ўсё ранейшае. Але паколькі гэта было звязана з «ранейшым» праз ланцуг кантрастаў, дзе для ўзмацнення новай тэорыі прыходзілася ставіць перад фокусам вачэй на адным пункце сваё жыццё і «да» і «пасля» гэтага часу,— ён прымушаны быў выклікаць у сваім уяўленні «ранейшае».

Прайшоў першую стадыю новатворчасці і пачаў прыдумваць наркатычны спосаб затуманення ў памяці ўсяго таго, што там жыло да гэтай апошняй мяжы.

Спосаб быў хутка знойдзены: ён даў мазгам новую працу — сучасныя анекдоты. Збіраць і прыдумваць анекдоты на тэму дня, на кожную новую палітычную падзею, на ўсе галіны савецкага будаўніцтва, на вядомых правадыроў партыі. Тут было вялікае поле для своеасаблівай творчасці.

Анекдоты былі ў пэўнай афарбоўцы: у выяўленні ўсіх «слабых бакоў» савецкага ладу, быту, дасягненняў. Анекдоты былі свайго роду эпапеяй паслякастрычнікавых часоў, але ў праламленні — абразкі ў крывым люстэрку. Высмейванне ўсяго існуючага, новага ў гэтых анекдотах было ўзброена вострымі шпілечкамі гумару, было аздоблена пахабнымі рыскамі. Пахабшчына была ў анекдотах тым стрыжнем, якім у амерыканскіх кінафільмах з’яўляюцца акрабатычныя трукі і каханне між «ім» і «ёю». Без такога стрыжня, паводле Івана Мацвеевіча, анекдоты не мелі б душы, былі б нуднымі.

Іван Мацвеевіч расказваў свае анекдоты па-мастацку, артыстычна. Сам ніколі не ўсміхаўся пры гэтым, а вакол — рогат. Слухачы — у захапленні.

Усё вакольнае, усю працу ва ўстановах, савецкае будаўніцтва Іван Мацвеевіч уяўляў сабе, як адзін доўгі-доўгі анекдот.

Яго анекдоты, як асаблівага роду вусная творчасць, вельмі хутка распаўсюджваліся па ўсіх канцылярыях і ўстановах, на невідочным самалёце пераплывалі тысячы вёрст, запаўнялі ўсе гарады СССР. Часам у прыемнай нечаканасці варочаліся назад да Івана Мацвеевіча новыя, палепшаныя варыянты яго ўласнай творчасці.

Па ўсім Саюзе яны карэктаваліся; шліфаваліся да мастацкай вастраты і спецыфічнай зграбнасці.

Гэтая жывая ўсесаюзная школа апрацоўкі падавала ахвоты да тварэння новых анекдотаў. Іван Мацвеевіч сыпаў іх цэлымі тамамі. Аднак, баючыся, каб анекдоты не скіроўвалі ўвагу на яго, як на непрыхільніка савецкай улады, ён расказваў іх не ад сябе, але ад трэцяй асобы («ад нейкага чуў»), расказваў толькі добрым знаёмым.

Дзякуючы такой гумарыстычнай творчасці, у яго з’явіўся апетыт. Ён пачаў прыкметна таўсцець, расці ўшыркі.

Анекдатыст часта глядзеў на сябе ў люстэрка і цешыўся: твар круглы, ружовы, грудзі выпукліліся, рукі зрабіліся пухкія, з ямачкамі, як у кабеты. Змяніўся выраз вачэй, губ. Рухі яго набылі павольнасць, паважную марудлівасць.

Іван Мацвеевіч ператварыўся ў дабрадушнага «дзядзьку» з партфелем, зрабіўся чалавекам нібыта адкрытым, шчырым, якога ўсе любяць, паважаюць, сябруюць з ім, надакучаюць рознымі справамі, патрэбнымі і непатрэбнымі.

Тут з’явілася ў Івана Мацвеевіча новае пытанне: з якімі людзьмі весці знаёмства і сяброўства?

Гэтае пытанне стала ў яго (пасля такой метамарфозы) рубам і нечакана. Ён — папепька і маменька нованароджанага Івана Мацвеевіча — задумваецца аб тым, як прабіць шлях у жыцці свайму пестуну.

Тут патрэбны добрыя педагогі, якія вымуштравалі б Івана Мацвеевіча, паказалі б яму новы шлях жыцця, увялі б у новую эпоху падрыхтаванага, спрактыкаванага, шустрага і кемнага, каб ён не загубіўся ў новым бурлівым жыцці, нібы пылінка пад ветрам.

Перад ім паўстала вельмі цяжкая задача.

Трэба быць і непрыкметным, а разам з тым арыгінальным, выдатным, расці ўгару, павышацца па службовай лесвіцы. Гэта значыць, забяспечыць дабрабыт Івана Мацвеевіча. Трэба, не нажываючы ворагаў, быць цвёрдым у працы і рабіць кар’еру трапна і спрытна.

...Гэта ўсё залежыць ад таго, з кім ты знаёмы, з кім вядзеш сяброўства.

Спачатку ён думаў выходзіць у людзі па «пралетарскай» лініі — думаў набыць пралетарскую вопратку, абшарпаную, ірваную (па вопратцы сустракаюць) і, такім чынам, пачаць выслужванне перад начальствам. Аднак хутка раздумаў.

«Гэта выглядала б, што я маскуюся, што я фальшывы чалавек. Я магу такім спосабам выклікаць да сябе недавер’е. Гэта не гадзіцца. Так многія робяць. Лепш, калі я буду адзетым па-еўрапейску. Падумаюць, што я з-за межаў прыехаў. Напрыклад, з Амерыкі, дзе працаваў у падпольным рэвалюцыйным гуртку, і адтуль выслалі ў Расію пасля рэвалюцыі».

Аб гэтым ён не раз у анкетах пісаў (нават трохі ангельскую мову ведае).

...А галоўнае (Іван Мацвеевіч доўга разважаў аб «галоўным») — трэба ўмець ладзіць з начальствам.

Начальства — усёмагутна. Начальства можа ўмагіліць, можа і падняць чалавека на вышэйшую ступень радасці і дабрабыту.

Але ў даным выпадку цяперашняму Івану Мацвеевічу цяжэй было шмат, чым ранейшаму Антону Сяргеевічу, чыёй практыкай «новы чалавек» карыстаўся.

Даўней начальства было моцнае, нерухомае, нібы скала, не мянялася дзесяткамі гадоў. А цяперашняе начальства — няпэўнае, будынак на пяску: ускалатне бура з’ездаў і выбараў — і няма старога, прыручанага начальства. Ты працаваў, стараўся, а раптам — пачні спачатку! Увіхайся перад новым начальствам.

Ігра з начальствам была ў Івана Мацвеевіча надзвычайна «тонкая», «далікатная» (як яму здавалася).

Ён стараўся вывучаць нораў начальства ва ўсіх падрабязгах, выведваў слабыя струны яго, каб граць, як добры музыка, на гэтых струнах, ці яны палітычнага, ці іншага характару. Напрыклад, калі начальнік быў сем’янінам, ён абавязкова знаёміўся з сям’ёю начальніка, вывучаў тады і капрызы і слабасці яго жонкі, каб часам тут дапамагчы, чым трэба. Калі начальнік быў ярым палітыкам, ён сам стараўся быць у курсе палітычных спраў, каб умець з ім гутарыць на палітычныя тэмы. Калі ў паветры ўстановы адчувалася, што начальнік моцна трымаецца, тады кожнае слова і паўслова начальніка былі для яго законам. А калі начальства мянялася — перад новым начальствам востра крытыкаваў старое, папярэдняе, і гэтым заўсёды выйграваў, трапляў у тон.

З начальствам гаварыў зусім па-інакшаму, чым са сваімі звычайнымі саслужыўцамі і знаёмымі. Гутарыць з начальствам было яго асобным талентам. Як толькі ўваходзіў Іван Мацвеевіч у кабінет начальніка, дык адразу ўвесь мяняўся, мяняўся да апошняга ледзь прыкметнага руху. Ён тады пачынаў гаварыць таемнымі шаптушачкамі і ўсё аглядаўся па баках, на сцены і на дзверы, як бы баючыся няпрошанага вуха, і ў той жа самы час відаць было, што хоча, каб гэтае «няпрошанае вуха» абавязкова прыслухоўвалася да яго гутаркі з начальствам:

«Няхай усе бачаць, што я з начальнікам за панібрата, трымаюся з ім, як роўны з роўным».

Пры гэтым выразы яго круглага, заплыўшага твару мяняліся з кожным словам: чаргаваліся,— нібы рознакаляровыя электрычныя лямпачкі,— сполах, пашана, здзіўленне, здаволенне, роспач, шчасце і іншыя самыя процілеглыя адчуванні. Міміка была надзіва багатая. Рукі спрытна хадзілі ў розныя бакі, выраблялі свае арыгінальныя круць-верці. Нягледзячы на таўшчыню, цела яго хісталася, гнулася нібы гумалястыкавае. Здавалася, што Іван Мацвеевіч адносіцца з бязмежнай пашанай, з шчырай адданасцю нават і да нежывых рэчаў, нават да паветра ў кабінеце начальства.

Вітаўся з начальствам вельмі дыпламатычна, рабіў сваім тулавам у адзін і той самы час дзве замыславатыя фігуры на падабенства пытальніка і клічніка — вось так «?!». Гэтым ён даваў зразумець сімвалічна наступнае:

— Што ў вас чуваць? Маю гонар апавядаць вам нешта надта цікавае!

Калі начальнік лічыў сябе беларусам, тады Іван Мацвеевіч ужываў свой беларускі слоўнік: «як», «добра», «дзякую» і «выбачайце». Гэтыя чатыры словы аздаблялі яго рускую гаворку, нібы замыславатыя ўзоры шырокі кілім.

Калі начальнік не меў прыхільнасці да «белмовы», тады Іван Мацвеевіч стараўся высмейваць гэту «тарабаршчыну».

Яго голас рабіўся надзвычайна меладычным з багатымі вібрацыямі. Кожны сказ закругляўся трыма ломамі-клічнікамі на такі лад: «!!!», трыма качаргамі-пытальнікамі — «???». На словы начальства ён адказваў таемным паяском мнагакроп’я: « ».

Гмыкаў невыразна, калі не ведаў добра погляду начальніка аб гэтай рэчы.

У канцы гутаркі ён заўсёды акцэптаваў кропку велічынёю ў стог і пасля мнагазначнага рэверансу, ціхенька, як мыш, высоўваўся з кабінета начальніка.

Іван Мацвеевіч умеў абыходзіцца з начальствам, а таксама ўмеў трымацца і з звычайнымі людзьмі. У апошнім выпадку ён прымаў вельмі паважны выгляд: мала ўжываў рухаў, міміка на твары замірала, вочы рабіліся невыразнымі, а гутарка, без усялякіх знакаў прыпынку, пачыналася без пачатку і канчалася без канца. Толькі анекдоты свае расказваў без розніцы між начальствам і звычайнымі людзьмі. Аднак для начальства падбіраў анекдоты «ідэалагічна вытрыманыя».

Адносіны да кабет.

Гэта было адным з балючых пытанняў Івана Мацвеевіча. Справа ў тым, што жонку сваю ён і цяпер любіў, а каб забыць яе, трэба было звязацца з іншымі кабетамі. «Кабетай ад кабеты лячыся»,— разважаў Іван Мацвеевіч. Але... (тут было маленькае «але») кожная жанчына, як наўмысне, напамінала аб жонцы і выклікала непажаданыя ўспаміны. Дзеля гэтага ён адклаў гэту справу на нявызначаны час.

І вось такім чынам афармляўся патроху новы чалавек Іван Мацвеевіч — мастацкі твор Антона Сяргеевіча.

Хоць вельмі рэдка, але здаралася, калі ён сядзеў задумёны адзін у пакоі, да яго наведваўся стары знаёмы.

«Той» меў, прыблізна, такі выгляд: худы, стройны, з палкімі чорнымі вачыма, з чорнай бародкай. «Той» заглядаў Івану Мацвеевічу ў вочы з вялікай скаргай і нема маўчаў. У таемнай маўклівасці госця Іван Мацвеевіч чытаў:

— Каін, дзе твой брат Авель?

Тады з глыбіні істоты падымалася жудасць, расла, як вільготны туман над балотам у цёплы дзень.

— Вось ён... вось ён...— шэпчуцца знаёмыя.

Так яму здавалася.

Калі ў такія хвіліны да яго хто-колеч раптоўна заходзіў, ён уздрыгваў усім целам і чакаў нечаканай катастрофы.

— Што? Як?

— Ну, і нервовы ж вы чалавек, Іван Мацвеевіч!

Яго вочы былі яшчэ затуманены непрыемным нутраным відовішчам. Ён выціраў іх беленькай хустачкай і, убачыўшы, што гэта сябра з цяперашніх знаёмых, спакойна казаў:

— А, гэта вы, просіма, калі ласка!

— Я чуў, што ў вас, Іван Мацвеевіч, новы запас анекдотаў.

І анекдотамі ён заглушаў таемнае запытанне:

— Каін, дзе твой брат Авель?



3. ДРАЗДЫ І ДЗЯТЛЫ

[правіць]

Праз шчыліны пуні прабіваліся залатым дротам праменні сонца. Аграном прачнуўся на сене, ускочыў, дастаў з чамадана ручнік і мыла. Выйшаў.

Цёплая, летняя раніца.

Ад учарашняга пахмурнага дажджлівага надвор’я і знаку няма. Неба чыстае — без адзінай хмаркі, нібы з сіняватага празрыстага шоўку. На розныя лады звіняць птушкі. Шостая гадзіна.

«Заспаў я. Далёка яшчэ, пакуль дабяруся да Крушынскага, гадзіны 3—4 язды. Прыйдзецца доўга галадаць, бо чамадан пусты».

Каляровы, бліскучы матылёк шчакатаў яму лоб. Заспаны аграном хацеў яго злавіць, але матылёк выслізгнуў паміж яго пухкіх пальцаў і замільгаў высока над яго галавою.

Усё вакол выглядала не так, як учора вечарам.

Сялянскія хаткі былі прыветны, прытульны. На блізкай лагчыне яшчэ клубіўся туман. Пахла свежай травою і сялянскім дваром. Спецыфічны пах біў у ноздры агранома. Ён моршчыўся і праклінаў у душы «мужыцкую цемнату». Загадаў фурману запрэгчы каня і падышоў да студні мыцца.

Гаспадыня прынесла драўлянае вядро, абросшае ўнутры цвіллю. Нават вядро пахла «тым самым», што так дразніла чулыя ноздры агранома.

Мыўся хутка, фыркаўся, цёр са злосцю далонямі гладкі твар. Быў нездаволены:

«Без снядання паеду».

Фурман запрог каня.

Аграном накінуў на плечы паліто, забраў партфель і чамадан, на хаду развітаўся з гаспадыняй (стары ўжо на полі працаваў) і сеў у каламажку.

Рыпнулі калёсы па вуліцы маленькай вёскі. Пара сабак хрыпла брахнулі і адрывіста змоўклі.

Фурманка апынулася сярод поля і лесу.

Якраз такую летнюю раніцу Іван Мацвеевіч бачыў шмат гадоў таму назад зусім у іншым месцы.

Тыя самыя старыя бярозы віселі зялёнымі галінамі над вузкай лясной дарогаю дзівоснаю аркай. Той самы вільготны пах, змешаны з водырам траў, шчакатаў нос і горла. Тое самае чыліканне невідочных птушак у лясной гушчэчы. Тая самая паласа неба над галавою. Падобна ўсё — да драбнейшых рысак пейзажа. Нават і цені па дарозе на тлустай сакавітай траве. Нават кветкі-дмухаўкі пульхнымі белымі галоўкамі растуць на гасцінцы між калюгамі, і дзікая канюшына пахне мёдам. Тыя самыя «сабачыя грыбы» тырчаць бледна-жоўтыя на кволых высокіх сцяблах.

Як цяпер — і тады тарахцелі калёсы па карчах на лясной дарозе, кідалася і стагнала драўляная каламажка па жылістых бурых карэннях спілаваных дрэў.

І тут на некаторых пнях, якія стаяць каля самай дарогі, сцёрта паласа кары да самага белага мяса. Дубовая вось трэцца аб гэтыя незагоеныя раны дрэва, вырывае адтуль ледзь прыкметны свежы пах, замешаны з пахам калёснай мазі.

Тая далёкая раніца стаяла цяпер жыва перад яго вачыма, уваскрэсіла настроі і пачуцці маладога тады студэнта Антона Сяргеевіча. Ён гасціў у таварыша на дачы (той самы таварыш памёр у турме).

Аграфена Макараўна, сястра таварыша (якая потым выйшла за яго замуж), называла яго Анцікам, гладзіла пальчыкамі яго чорную чупрыну, жартаўліва шчыпала яго за маленькую чорную студэнцкую бародку.

Чуласці дзяўчыны былі яму прыкры. Ён стараўся не заставацца адзін на адзін з гэтай тонкаю, як сцябло маладога жытняга коласа, дзяўчынаю.

...А пасля...

Івану Мацвеевічу было цяжка, балюча ад гэтых успамінаў моладасці Антона Сяргеевіча...

Ён ехаў з ёю да чыгуначнай станцыі за пяць вёрст ад дачы.

Такая была дарога, як цяпер...

Яму тады было прыемна ад трасяніны каламажкі па лясных карчах і карэннях, бо Аграфена Макараўна моцна трымалася за яго левай рукою. Агонь пранізваў яго цела. Ён хваляваўся, хацеў адціснуць яе ад сябе. Аграфена Макараўна ўсю дарогу да станцыі жартавала, смяялася, называла яго «сацыялістам». Вочы яе вабілі сінім бяздоннем.

Іван Мацвеевіч уздрыгануўся і трывожна запытаўся ў фурмана:

— Ці хутка мінём гэты лес?

— Яшчэ вярсты тры з гакам.

Каб затушаваць успаміны, Іван Мацвеевіч уставіўся вачыма ў шырокую спіну фурмана. Глядзеў на яго шэрую світку з самадзялковага цвёрдага сукна і сачыў за «божай кароўкай», якая поўзала марудна па світцы, нібы па нейкай шэрай пустэчы.

Сонца расло ўгару.

Цені на дарозе вузелі, знікалі. Бліскучыя кроплі расы на траве высыхалі.

Іван Мацвеевіч пачаў адчуваць голад. Шчыра гэтаму абрадаваўся: адчуванне голаду прагоніць няпрошаныя ўспаміны.

Як мінулі лес і выехалі ў поле, яму зусім весела стала.

Дарога была гладкая. Не трасло.

Мітусіўся ледзь прыкметны ружовы пылок. Моцна пахла канюшынай. Сонца сляпіла вочы. У небе звінелі жаўранкі. Ваколічная радасць летняга дня запаланіла настроі агранома. Ён зняў паліто і палажыў на калені.

— А каб учора не было дажджу, дык тут пылу, пылу, проста дзецца няма дзе! — выказаў фурман уголас сваю думку.

— Так, так...

Фурманка ехала спешна на хутар Крушынскага, пад назваю «Курганішча».

Хутар знаходзіцца на баку ад шырокага з кацярынінскімі бярозавымі прысадамі гасцінца за дзве вярсты ад Драздоў і Дзятлаў.

Іван Мацвеевіч задумаўся аб Драздах і Дзятлах, якіх ён добра ведаў з гутарак Язэпа Крушынскага.

Дразды і Дзятлы не птушкі, а людзі пад прозвішчамі Драздовічы і Дзятловічы. Там не то адна вёска, не то дзве.

Паводле паданняў сівых дзядоў, калісьці прыехалі туды ў непраходны векавы лес два чалавекі — адзін Драздовіч, другі Дзятловіч. Яны пабудавалі ў лесе хаты і давай вакол выкарчоўваць месца пад пахату.

Ішло пакаленне за пакаленнем. Не агледзеліся ўнукі і праўнукі, як памёрлі іхныя дзяды, першыя насельнікі глухой лясістай мясцовасці, як лес расчысціўся і даў прастор на цэлую вёску. Людзі перамаглі гэты лес, і ад яго гнілых карчоў нават знаку не засталося: над мурожнымі сенажацямі спявалі птушкі, гучалі песні дзяўчат. На пахаці лаяліся між сабой мужыкі. На некаторых выкарчаваных месцах пачынаў расці новы лес — ельнічак-маладняк.

Адну палову вёскі займалі Драздовічы, а другую — Дзятловічы. А звалі і людзей, і вёску проста: «Дразды і Дзятлы».

Гэта было, як кажуць старыя дзяды, яшчэ пры паншчыне. Драздовічы і Дзятловічы ў аднаго пана (яго ўнук пан Семашкевіч цяпер жыве ў Варшаве) адбывалі прыгон.

А калі, яшчэ ў тыя старасвецкія часы, вёску трэба было запісаць у воласці толькі адной назвай, дык выйшлі вялікія спрэчкі.

— Няхай вёска завецца Драздоўшчына! — казалі Дразды.

— Няхай вёска завецца Дзятлоўшчына! — казалі Дзятлы.

Пісар на гэта не даўся:

— Трэба, каб абодва прозвішчы былі склеены ў адно слова. Гэта штука сур’ёзная і мудроная. Што напішаш пяром, не вырубіш тапаром!

Думалі абодва плямёны, Дразды і Дзятлы, і дадумаліся:

— Няхай вёска завецца Дроздадзятлаўшчынай! — казалі Дразды.

— Няхай вёска завецца Дзятладраздоўшчынай! — казалі Дзятлы.

На бяду Дразды і Дзятлы былі вельмі ўпартыя людзі. Кожны стаяў на сваім.

Справа пачынала высвятляцца пры кулачнай бойцы. На шчасце знайшоўся паратунак ад бяды.

Пісар, накінуўшы на іх гэту бяду, прыдумаў і паратунак.

Справа ў тым, што хаты Драздоў і Дзятлаў былі аддзелены між сабою прыроднай мяжою — бурлівай рэчкаю без назвы.

— Дык няхай,— казаў пісар,— па адным баку рэчкі завецца «Дразды», а па другім «Дзятлы».

Выйграў ад гэтай Саламонавай мудрасці і пісар, бо піў гарэлку ўдвойчы — ад Драздоў і ад Дзятлаў — і меў іншыя пачастункі ўдвойчы.

А двое плямён, нібы гусакі, пазіралі адны на адных — Дразды на Дзятлаў, Дзятлы на Драздоў. (Урачысты падзел іхняй мясцовасці на валасной паперы пісарскім пяром іх яшчэ болей разрозніў.) Яны жылі сабе паасобку шмат гадоў. Між сабою ніколі не радніліся, вечарынак разам не ладзілі, а толькі служылі па ўсёй ваколіцы жывым календаром:

— Пятроўка, дзякаваць богу! — гаварылі людзі,— Дразды з Дзятлякамі на кірмашы пабіліся.

— Пара жыта жаць! Драздзіхі і Дзятліхі сярпамі парэзаліся!

У воласці на сходах яны таксама шыпелі адны на адных:

— Драздухі! — дражніліся Дзятлы.

— Дзятлухі! — адгукаліся Дразды.

З аднаго канца вёскі быў выган Драздоў, з другога канца — Дзятлаў. Скаціну яны не пасвілі разам: мелі двух пастухоў.

Асаблівасць іх плямённых адзнак можна было прыкмячаць і па іхнім выглядзе. Дзятлы ў большасці былі высокія, ценькія, цёмнавалосыя і каравокія, а Дразды — невысокія, плячыстыя, русавалосыя і сінявокія. Але, не гледзячы на гэтую надворную розніцу, яны былі вельмі падобныя адны на адных у складзе жыцця, у пачуццях непрыхільнасці між сабою.

У кожнага з гэтых плямён быў свой правадыр, які лічыўся нават суддзёю ў воласці.

— Нашыя разумнікі! — гардзіліся Дразды і Дзятлы пакрасаю сваіх вёсак — роданачальнікамі.

Дразды мелі свайго Пранука. Клічка яго была Галава, бо ён быў кароценькі, тоўсценькі і насіў заўсёды, і ўлетку, і ўзімку, вялікую шапку-«сібірку» з кудлатай авечкі. Ён быў агульным бацькам Драздоў. Трэба было купіць на кірмашы каня, карову, парсюка, дык не абыходзілася без Галавы. А калі ён што-колечы казаў, дык ужо было аман: ніхто супроць яго не адважваўся і пікнуць. Меў ён ад сваіх Драздоў вялікую павагу і не меншую выпіўку: то хрэсьбіны, то хаўтуры, тут ён кумам, там — сватам, а ўсюды — свой ды яшчэ самы першы з сваіх.

— Каму па каму, а мне два камы! — гаварыў ён часта, седзячы на прызбе суседа, плюючы ўбок.

Дзятлы мелі свайго Сымона. Яго клічка — Сухарукі. Левую руку яму адціснула калода ў лесе. У Дзятлаў граў ён тую самую ролю, што Галава ў Драздоў. Ён быў доўгі, як жэрдка, і худы. Меў і ён сваю пастаянную прыказку: «Альбо рыбка, альбо піпка».

Сухарукі розніўся ад Галавы тым, што гарэлкі зусім не каштаваў, за што Дзятлы, не беручы пад увагу і яго мудрасць, лічылі яго яшчэ большым калекай, чым за пакалечаную руку...

Дзіўна было тое, што Галава з Сухарукім, якім трэба было быць найгоршымі ворагамі, былі, наадварот, найлепшымі прыяцелямі.

Вясковыя іх не маглі зразумець.

— Чорт злучыў нашага Галаву з гэным дзятлішчам! — бурчэлі Дразды.

— Нехрысць ажаніў нашага Сухарукага з тым драздзюком! — скардзіліся Дзятлы.

Але ні першыя, ні другія не маглі іх разлучыць.

— Пішы «прапала»! — казалі Дразды.

— Вышэй пупа не падскочыш! — гаварылі Дзятлы.

Абодва плямёны паставілі крыжык на гэтай справе. Іхнія роданачальнікі заставаліся шчырымі прыяцелямі.

Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў.

— Чаго ў іх няма (у паперках і ў гузіках) — падаткі, нядоімкі, праўка дарог і мастоў, рэкрутчына, суды і яшчэ гібель такіх прысмакаў.

Так роданачальнікі Драздоў і Дзятлаў часта характарызавалі паперкі і гузікі.

Роўныя былі абодва роданачальнікі і па сваёй адукацыі: на страшных паперках падпісваліся крыжыкамі. Таксама абодва сыпалі прыказкамі, нібы гарохам, і вельмі любілі на начлегах баяць байкі.

Начлегі заўсёды пачыналіся пасля касьбы на балоце. У цёплую летнюю ноч звычайна блішчэлі на лузе два вогнішчы. На адным беразе рэчкі (яна прарэзвала як вёску, таксама і вялізны балотны луг) начавалі Дразды, на другім Дзятлы. Пры вогнішчах начлежнікі спявалі песні. У песнях на баку Дзятлаў выкпіваліся Дразды, на баку Драздоў высмейваліся Дзятлы.

Але як толькі Галава або Сухарукі пачыналі казку, рабілася ціха. Хрыплая «тальянка» спыняла свае мізэрныя тоны, змаўкалі працяглыя спевы дзяўчат.

У слухачоў пры вогнішчах цямнелі вочы. Пры спынках баячнікаў чуваць было, як прагавітыя коні тупалі па мокрай лагчыне путанымі нагамі, як шчыпалі траву.

Часам ветрык дзьмухаў па вогнішчах, мігцелі галавешкі цэлымі снапамі іскраў, палалі смалістыя карчы, шыпелі, як жывыя. Полымя рассцілалася па баках чырвонымі абрусамі і асвятляла на момант доўгую паласу сумнага скошанага лугу, волава рэчкі, густыя лазнякі і калматыя вольхі.

Доўга пасля казак начлежнікі не маглі спаць пад цёплымі кажухамі. Ледзь не да самай раніцы пазіралі па паўночнае сіта зорак у небе...

Вызначаліся Дразды і Дзятлы мянушкамі, якія давалі адны адным: Арцём Рабы, Міхась Кудлаты, Марыля Крывая, Змітро Дзярыгорла, Баўтрук Нюхайла.

Каляндарнае імя заўсёды вісела на калку, як лішняя хамуціна, а мянушка, дадзеная спрытным брахуном, ужывалася да самай доўбні. Кемнае слаўцо, надзетае на галаву чалавека, як новая шапка, характарызавала яго вельмі трапна. Некаторыя з сялян так прывыклі да сваіх мянушак, што лічылі за абразу, калі хто іх называў хрышчоным імем.

Гэтыя плямёны не былі між сабою смярцельнымі ворагамі. Няхай хто чужы закране на рынку Дзятла пры Драздах ці Дразда пры Дзятлах, дык вочы выдзеруць за суседа. Галоўным чынам яны не дружылі з суседняй вёскай Гайдачаны.



4. НЕ ДРОЗД І НЕ ДЗЯЦЕЛ

[правіць]

Недалёка ад Драздоў і Дзятлаў жыла яшчэ адна асоба — Сымон Чарнюк, і тут суседзі мелі вечную прычэпку за што сварыцца: Дразды казалі, што Сымон Чарнюк да іхняй вёскі належыць, а Дзятлы ўпіраліся, што да іхняй.

— Сымонка, — часам пыталіся Дразды, — скажы па чыстай праўдзе, чаго варты гэтыя дохлыя дзятлугі? Шальмяцы, дый толькі!

— Да каго вы сябе раўнуеце? Вы іх за падпярэзіну падаткнеце! — гаварыў па «чыстай праўдзе» Сымон Чарнюк.

Радаваліся Дразды.

— Чарнючок, — казалі Дзятлы, — ты ж не абы-хто! Гукні нам па шчырым сумленні, ці ж недарма жуюць хлеб на зямлі гэтыя паскуднікі — драздзюкі? Гадзюкі яны, каб перадавіліся, дай божанька!

— Яны вам раўня, як свіння да каня! — сыпаў Сымон Чарнюк па «шчырым сумленні».

Цешыліся Дзятлы.

Сымон Чарнюк меў здольнасць задавольваць усіх.

Сымон Чарнюк жыў у маленькай хатцы ў ельнічку — у нейтральным месцы між Драздамі і Дзятламі.

Узіму хатка Чарнюка была завалена вялікай гурбай снегу, і яе бадай не відаць было. Улетку яна аздаблялася ў зяленіва, як маладуха. Чаго-чаго толькі не было на дзядзінцы: палын, мак, крапіва, мухаморы, маліннік, свіныя яблычкі, а на страсе — на пагніўшых мялінах, нейкім дзівам буяў рэдкі авёс.

Зваўся Сымон «Чарнюком» таму, што быў заўсёды запэцканы сажай. Відаць, не мыўся з таго часу, калі бабулька маленечкага выкупала ў начоўках.

Яго праўдзівае прозвішча было Крушынскі. Ён быў высокі, ценкі, з кручкаватым носам, з чорнымі, як вішні, вачыма, без барады і вусоў. Яму можна было даць і сорак, і шэсцьдзесят год. Сваю абсмаленую бравэрку ён ніколі не здымаў з плеч. На яго раменнай каліце заўсёды вісеў сцізорык. Быў Крушынскі-Чарнюк бондарам і варажбітам. Любіў прарочыць благое:

Курыца запяяла — нядобрае нешта будзе.

Заяц дарогу перабег — няўдача.

Віхор круціцца ў полі — ліха надыходзіць.

Крушынскі-Чарнюк часта гаварыў пра гібель, голад і канец свету.

Сам ён сур’ёзна рыхтаваўся да «сканчэння свету» і голаду: спаў у труне, якую змайстраваў сабе на смерць. Хатка і сенцы былі ў яго завалены розным запасам: мукою, хлебнымі сухарамі, сушанай бульбай, сушанымі яблыкамі, гарохам, грыбамі і іншымі харчамі. Усё гэта было насыпана ў кублах, скрынках, цабэрках, начоўках, карытах, гаршках, гладышах. Толькі каля печы быў пусты куток.

Гэтыя запасы, як Дразды і Дзятлы памятаюць, ён збіраў дзесяткамі гадоў.

— Запас бяды не чыне,— казалі адны.

— На чорны дзень,— казалі другія.

У апошнія гады, калі не лічыць калматага злога сабакі і галагуцкага пеўня, які быў каралём усіх курыц Драздоў і Дзятлаў, без розніцы плямён, у Чарнюка ніякай сям’і не было.

Жонка ў яго памерла маладою. Застаўся жвавы чорненькі сынок Язэпка. Малога забраў да сябе багаты дзядзька, які меў у Мінску свой дом і вялікі рэстаран. Для васьмігадовага хлопчыка пачалося тады зусім новае жыццё. Спачатку горад яго вельмі напалохаў сваім выглядам і грукатам. Нават аднаго разу пехатою да бацькі ўцёк. Бацька завёз яго назад у горад, прыгразіў, што калі ўцячэ ад дзядзькі, дык кіне яго сабакам.

Язэпка прымірыўся. Пачаў звыкацца з новымі абставінамі жыцця. Дзядзька аддаў яго ў школу вучыцца. Пры гэтым казаў:

— Падвучышся чытаць і пісаць, а пасля ў рэстаране рахункаводам зраблю. Галоўным чынам, напірай на рахункі. Лічбы — гэта ўсё на свеце. Без лічбаў чалавек — не чалавек. З лічбамі, калі яны ў тваёй галаве будуць лётаць і гудзець, як камары, зажывеш, братку, па-панску.

Бадай кожны дзень дзядзька праводзіў перад ім філасофію лічбаў. Часта экзаменаваў:

— Кажы, братку, калі ў маім рэстаране чалавек з’еў абед, які каштуе 40 капеек, а госць даў 50 капеек, дык колькі трэба даць рэшты?

Язэпка маўчаў.

— Эх, братку, ты яшчэ зусім дурны.

Калі дзядзька праз некаторы час пытаў тое самае ў другі раз, Язэпка асмялеў і адказаў толькі два словы:

— Не ведаю.

Калі праз некаторы час гэтае самае гаварыў, Язэпка глядзеў на дзядзьку і ўсміхаўся.

— Чаго?

— Кхі-кхі,— душыўся смехам Язэпка,— паабедаў чалавек, а плаціць павінен госць. Няхай чалавек і плаціць.

— Чалавек і госць — адно і тое самае. Той чалавек, хто прыходзіць у мой рэстаран паабедаць, ёсць мой госць.

— Калі ён дзядзькаў госць, дык зусім не павінен плаціць за абед.

— Не, братку, гэта там, у вас на вёсцы, госці не плацяць за яду. У горадзе ў рэстаране плацяць. У мяне, братку, дваякага роду госці. Хто прыходзіць у мой рэстаран — плаціць за яду. А хто прыходзіць у мой дом, той не плаціць.

— Такія госці, што павінны плаціць,— скрытыкаваў Язэпка рэстаранных гасцей,— зусім не госці, а чалавекі.

— Востры ты хлапчук! — пахваліў дзядзька Язэпку,— але ў горадзе па-далікатнаму абыходзяцца. У нас кожны чалавек, які заходзіць у рэстаран, называецца госцем.

— Дзякую за такую далікатнасць і гасцёвасць,— зазлаваўся па-дзіцячаму Язэпка.

— Гэта ўсё лічбы, братку, лічбы! — смяяўся дзядзька.— Аднак колькі трэба даць госцю або чалавеку рэшты з 50 кап., калі ён з’еў на 40?

— Вядома, дзесяць!

— Во! З цябе будзе толк.

Дзядзька радаваўся і купіў за гэта Язэпку новую шапку.

Пасля такіх рэчавых доказаў сваіх поспехаў Язэпка шчыра налягаў на «лічбы». Ён яшчэ слаба ўмеў чытаць, а па «лічбавых справах» быў першым у класе.

З дзецьмі дзядзькі ён нічога супольнага не меў. Яны вучыліся зусім у іншых школах. А ён вучыўся спецыяльна для рэстарана.

Язэпка нават спаў асобна ў нейкай цёмнай каморцы, еў на кухні. Маючы трынаццаць гадоў, ужо быў пры рэстаране. У васемнаццаць — галоўным бухгалтарам у дзядзькавым рэстаране.

Дзядзька быў надзвычайна здаволены сваім спрытным пляменнікам.

— Ты, братку, якраз у мяне ўдаўся!

Як падышла вайна, дзядзька прымасціў пляменніка дзесятнікам у дарожным атрадзе.

Язэп Крушынскі насіў дзесятніцкія срэбныя пагоны на плячах яшчэ пры Керанскім. Увесь час вайны гэты дарожны атрад будаваў масты і правіў дарогу якраз у ваколіцы Драздоў і Дзятлаў. Ён быў там сваім чалавекам. Яго землякі працавалі на дарозе, вазілі калоды з лесу, капалі падзённа зямлю і вельмі радаваліся:

— Свой начальнік! Сымона Чарнюка сын!

Пры першых бальшавіках Язэп Крушынскі (ужо без срэбных пагонаў) ажаніўся з дачкою ляснічага, паннай Ганнаю, у маёнтку Курганішчы пана Семашкевіча, недалёка ад Драздоў і Дзятлаў.

Яго бацька, Сымон Чарнюк, нават на вяселлі не быў. Ён жыў сваім ранейшым, адзінокім і дзівосным жыццём чалавека, які «ведаецца з нячыстай сілай».

Крушынскі багата пачаставаў на вяселлі Драздоў і Дзятлаў. Трое сутак яны гулялі на яго грошы і пасля вяселля.

— Вы ж мае бацькі! Я ж на вашых руках выгадаваўся. З кім мне весяліцца, калі не з вамі?

Крушынскі быў з імі запанібрата.

За ўвесь час завірухі розных акупацый, розных уладаў ён быў як бы апекуном Драздоў і Дзятлаў, іхнім адвакатам пры немцах, пры паляках.

Пры паляках ён адкупіў маёнтак Курганішча ў пана Семашкевіча за многа пачак новенькіх мікалаеўскіх пяцісотак — «кнак».

Пан Семашкевіч зараз жа паехаў у Варшаву, а Крушынскі зрабіўся гаспадаром Курганішча.

Маёнтак, праўда, быў за часы вайны вельмі запушчаны і абяднелы. Жывёлы ў ім было мала. Лепшы лес пайшоў на будаванне мастоў. Курганішча мела выгляд не маёнтка, а фальварка.

Крушынскі быў і здаволены сваёй купляй, і нездаволены. Ён адчуваў, што быць цяпер гаспадаром вялікага абшару зямлі — тое самае, што быць гаспадаром ветру ў полі. Курганішча было і яго ўласнасцю, і не яго.

Яшчэ пры першых бальшавіках Дразды і Дзятлы, якія разрасліся ў вялікую вёску, адчувалі недахоп зямлі і лесу. Яшчэ тады векавечны плямённы падзел трошачку адышоў на задні план, а на першы ледзь прыкметна выступіў новы падзел — на багатых і бедных.

Гэта трывожыла Крушынскага.

Ён часта ездзіў у Мінск: «што там чуваць?»

Толькі ў гэты час ён зрадніўся з дзецьмі апекуна-дзядзькі, які памёр пры немцах. Часта з імі гутарыў на тэму: «Што чуваць?»

Стрыечныя браты, адзін доктар, а другі адвакат, таксама цікавіліся гэтым пытаннем.

— Што газеты пішуць? — пытаўся ён у сваякоў.

— Мы ў газеты не верым. Што ў вас там на вёсцы гавораць?

Аднаго разу пасля такога «што чуваць» Крушынскі адважыўся на вельмі круты і арыгінальны ўчынак. Ён пайшоў да Драздоў і Дзятлаў (да самых бедных і беззямельных) і заявіў ім:

— Вы можаце ісці ў мой лес і выбіраць пні на новыя хаты! Заворвайце маю зямлю, як сваю ўласную! Забярыце Курганішча, а мне пакіньце вакол будынкаў плошчу толькі ў 50—60 дзесяцін і кавалак лесу! Ведайце, што я стаю за савецкую ўладу! Палякаў выганім!

Сяляне паднялі Крушынскага на «ўра». Пачалася праца: паехалі ў лес і на поле.

Пры дзяльбе зямлі Крушынскі стараўся ўраўняць усіх, каб не было бяднейшых і багацейшых.

Учынак новага ўладара вялікага абшару зямлі хутка дайшоў да польскай улады. Сялянам забаранілі карыстацца зямлёю і лесам Курганішча. Некаторых добра адлупцавалі.

Да Крушынскага пайшлі з вобыскам і арыштавалі як «бальшавіка». Двое паліцыянтаў павялі арыштаванага ў Мінск.

Аднак па дарозе яму ўдалося ўцячы.

Некалькі месяцаў ён хаваўся ў лясах і часам уночы наведваўся да сваіх Драздоў і Дзятлаў, у якіх быў вялікім героем і сваім чалавекам.

Пры савецкай уладзе, пасля ўцёкаў польскага войска, ён застаўся на лепшай зямлі Курганішча, і ад вялікай прыязні Дразды і Дзятлы выбралі яго ў сельсавет, дзе ён быў сакратаром. Беднякі забудаваліся на зямлі Курганішча. Вырасла тут некалькі хутароў.

Крушынскі, ніколі не працаваўшы на сельскай гаспадарцы, за адно лета налаўчыўся працаваць не горш за суседзяў. Спачатку надзвычайна захапіўся гэтай працай. Але хоць у яго было некалькі работнікаў, не мог здолець заворваць усю зямлю і зрабіў новы падзел зямлі сярод сялян — аддаў ім яшчэ з дваццаць дзесяцін. Ён пакінуў сабе самы лепшы кавалак. Яго гаспадарка карысталася вялікімі льготамі і розным падтрыманнем мясцовай улады, як «культурная».



5. НА СЕНАКОСЕ Ў КУРГАНІШЧЫ

[правіць]

Касьба ў Крушынскага была кожны раз святам для Драздоў і Дзятлаў. Тут табе і смачная яда з выпіўкай і плата чым хочаш — збожжам, грашыма. Яны свае лужкі няскошанымі пакідалі, а з вялікай ахвотай ішлі з косамі і граблямі ў Курганішча. Праца заўсёды адбывалася пры паднятым настроі: спявалі песні, перакідваліся жартамі і адчувалі сябе не як на падзённай рабоце, а нібы ў гасцях. Пасілкавацца ім прыносіла на поле сама гаспадыня пры дапамозе дзяўчат-служак. Насілі ў спарышах, гладышах і кошыках. Тры разы елі на сенакосе: абед, полудзень і падвячорак, сняданне і вячэру — у хаце гаспадара.

За доўгімі шнурамі жыта, за шырачэзным полем канюшыны, упярэмежку з палосамі аўсоў, цягнуўся мурожны луг далёка ўшыркі і ў даўжыню аж да самага альхоўніку ў лагчыне.

На гэты раз касіў і сам Крушынскі. Ён прыходзіў заўсёды на работу з мэтаю паказваць падзённікам добры прыклад у працы. Гаспадар у расхрыстанай кашулі, без шапкі стаяў на гэты раз самым апошнім у лініі касцоў.

— Асцярожна, ногі парэжу! Хутчэй! Хутчэй! — крычаў ён заліхвацкім голасам, наганяючы касца.

А касец жартаваў:

— Хлопцы! шыбчэй! а то гаспадар нам усім ногі парэжа. Ён лепш за ўсіх косіць!

Касцы пусціліся навыперадкі. Праца пайшла шпарка. Праз некалькі хвілін гаспадар спацеў, пачаў адставаць.

Раздаўся гучны рогат касцоў.

— Перадышка! — закамандаваў гаспадар.— Хлопцы, курыць! У мяне мінскія папяросы!

Касцы абступілі яго цесным колцам.

Ён частаваў усіх «мінскімі папяросамі». З яго пот цурком ліў. Касцы жартавалі.

— Гэта з непрывычкі! — казаў касец гадоў трыццаці, сухарлявы, з зажмуранымі ад сонца вачыма.

Яго голас быў упэўнены, аўтарытэтны. Ён славіўся як першы касец па ўсёй ваколіцы.

— Да касьбы трэба прылаўчацца змалку,— казаў ён тонам настаўніка.— Я добра касіў, калі быў яшчэ пятнаццацігадовым хлопцам. І бацька мой быў першым касцом у вёсцы, і дзед. Гэта лоўкасць вялікая — касіць гладка, хутка, ды каб яшчэ не змарыцца! О-го! Дайце мне яшчэ двух касцоў, як я, дык мы ўвесь луг за два дні скосім!

— Ну, ты не мані! Лопнеш хіба, а не скосіш! — пакрыўдзіўся адзін пажылы селянін, нізенькі, шыракаплечы, з калматай рыжай бародкай.

— А-я-яй! Так і скосіш за два дні! — падхапілі ўсе.

Загаварыў касецкі гонар і ў іх.

Першы касец кпліва звузіў вочы на грамаду касцоў і зноў сказаў спакойным тонам:

— Я касою граю, як пісар пяром усё роўна. Мне толькі добрая каса патрэбна! Ужо некалькі год як збіўся з добрай касы — укралі. Каб вы ведалі, што гэта была за каса! Каб вы ведалі!

Касец зірнуў на альхоўнік насупроць сонца, потым адвярнуўся і расшырыў вочы. У іх адбіваўся шчыры сум і ўглыбленне ў думках ад гэтага непрыемнага ўспаміну.

— Што гэта была за каса...— паўтарыў ён аслабленым голасам,— што за каса...

Голас яго перайшоў у шэпт, у жальбу.

— Яна, бывала, проста маслам мажа па траве. Яе і не чуваць, як косіць.

— Годзе табе маніць! — артачыўся той жа селянін з рыжай бародкай.

Касец, не звярнуўшы на гэта ўвагі, гаварыў далей тым жа жалабным тонам:

— Яна (каса), бывала, рэжа траву ціха-ціха. Вось як муха праляціць. Табе здаецца, што не косіш, а так сабе — забаўляешся. Яе, бадай, і вастрыць ніколі не прыходзілася. Чым больш косіш, тым больш вострай робіцца яна.

Касец гаварыў аб «ёй», як аб нейкай мары — недасяжнай і замілаванай. Голас яго быў кволы і ціхі:

— Яна, бывала, у чужых руках ані не касіла, ну, як трэска ўсё роўна. Шморг, шморг, а яна хоць бы што. Не бярэ, дый годзе!

— Маніш! — крыкнулі з грамады.

Тут касец павесялеў і загаварыў зноў упэўненым, урачыстым тонам:

— Каса, як той конь. Мае свае норавы. Трэба яе добра ведаць. Трэба прылаўчацца да яе, трэба ўмець абыходзіцца з ёю. А то ў дзесяты пот яна цябе загоніць. Аднаго разу, пасля вечарынкі, я позна спаў. Раптам нехта штурх мяне ў бок. «Уставай! — крычыць бацька,— схадзі на луг, пакасі трохі!» А мне спаць да зарэзу хочацца. «Зараз, кажу, пайду!» і зноў сплю. Бацька сцягнуў мяне з ложка. Я зазлаваўся, схапіў касу (тую самую, што ўкралі) ды на луг. Да абеду скасіў увесь луг. Прыходжу дахаты. «Тата, кажу, гатова!» — «Што гатова?» — пытаецца ён. «Луг, кажу, скасіў!» А луг гэты на добрых трох касцоў, а то і чатыры павінны касіць ад цямна да цямна. «Што ты, апундырыўся?! — здзівіўся бацька.— Не можа быць!» Бацька пабег на луг — пракосы ляжаць свяжуткія, роўненькія, скасіў так, што проста выгаліў. «Ну, і чэрці ў тваіх руках!» — пахваліў бацька. «Не чэрці, а каса добрая!» — кажу я. Ніколі яе не забуду, гэтай касы! Укралі, зладзеі!

Касец зноў стаў сумны і задумёны.

— Маніш! — крыкнуў рыжабароды.

Касец не звяртаў увагі. Маўчаў.

— Яно-то праўда,— згадзіўся, нарэшце, рыжабароды,— касу трэба ўмець шанаваць. Але больш за ўсё трэба ўмець выбіраць касу.

Уся ўвага была цяпер звернута на рыжабародага.

Ён пагладзіў паважна бараду і пачаў апавядаць:

— Гэта было ўжо даўно. Некалькі гадоў мне ўсё не шанцавала на косы. Што ні купіш — дрэнь! Ламака, а не каса! Пасля касьбы плечы баляць: то яна тупая, гэтая каса, то цяжкая нейкая! Вось ніяк не мог узбіцца на добрую касу. Неяк зімой аб гэтым забудзеш, а як надыходзіць вясна, дык нешта ўсярэдзіне цябе ўжо сасе. А як ужо тыдні два да Пятроўкі, дык галава — хадыром! Бяда мне з касою. Хоць ты ваўком завый. Зазлаваўся я і пайшоў пехатой (кабыла ў той дзень ажарабілася) у Радашковічы да Бэркі. Трасца тваёй мацеры! — кажу яму,— хоць лопнеш, хоць здырдзішся, а дасі мне добрую касу, бо жыцця няма. Хоць ты галавою ў пятлю лезь! Таргавацца з табою не буду, дам на дзесяць, ну на пятнаццаць капеек даражэй. «Рэхт! — сказаў Бэрка.— Дам табе касу. Доўга будзеш Бэрку помніць. Рэхт!» Выкінуў ён мне цэлы жмут кос і давай сам выбіраць. Дык ліха яго ведае, гэтага Бэрку! На глянц глядзеў, дзьмухаў, выбіраў, пробаваў на звон. Урэшце, выбраў адну. Кажа: «На!» Я — туды, я — сюды. Хачу сам пробаваць. «Не трэба пробаваць,— кажа Бэрка,— а вазьмі! Хочаш — плаці, хочаш — не плаці! Ты на Бэрку,— кажа Бэрка,— кепскага слова не скажаш!»

Селянін трохі спыніўся. Зацмокаў губамі, нібы толькі што нешта смачнае з’еў.

— Браткі мае! Што гэта была за каса! Да магілы памятаць буду! Ну, каб мне далі за яе пяць рублёў, ну дзесяць, яй-права, не аддаў бы. А думаеце ахвотнікаў не было? О-го-го! Гэта была не каса, а чорт ведае што! Праўда, яна любіла нейкія спецыяльныя мянташкі. Бэрка заўсёды дастаўляў. Касіла яна ў мяне нешта гадоў дзесяць. Аж пакуль зрабілася вузенькай, ну як сярпок. А ўсё роўна — бярэ і бярэ! Вось люба ёй рэзаць густую траву. Косіш, а нават не думаеш, што нейкую работу робіш. Аднаго разу касіў так, задумаўся, пачаў вачыма, як той кажа, мух лавіць, ажно раптам — дзынк! Рассыпалася каса на тры кавалкі... На камень трапіла. У мяне тады, паверыце, у сэрцы нешта дзынкнула ад болю. Тады, трасца яго мацеры, як зазлуюся я на гэты камень, як бэнцну яго босай нагою, так бэнцнуў, ажно ў мяне ў вачах пацямнела. Пасля гэтага цэлы тыдзень кульгаў. Сабраў я кавалачкі касы і панёс дахаты. Вось Яўхім тут, не дасць зманіць. Ён яшчэ цяпер голіцца абломкам той самай касы.

Яўхім пагладзіў свой твар і сказаў:

— Скрабуся, як бачыш, дачушкай тваёй дзесяцігадовай касы!

Рыжабароды ўздыхнуў ад усяго сэрца:

— З таго часу не магу ўзбіцца на людскую касу!

Тут умяшаўся Яўхім:

— Вось мне дык сапраўды ніколі на косы не шанцавала, ажно пакуль не дайшоў да розуму: пазычу касу ў чалавека, якому шанцавала. Касіў я гэтай пазычанай касою нешта гады тры. Потым (каб таго воўк зарэзаў) нехта ўкраў у мяне гэту касу.

— Ну?! — усхапіўся адзін з касцоў спачуваючым голасам,— і ў цябе ўкралі?

— Вось табе і «ну», вось табе і «тпру», і ў мяне ўкралі,— паўтарыў Яўхім і хітра ўсміхнуўся.

— Але, як жа ж ты,— запытаўся першы,— касіў пазычанай касою аж тры леты.

— Рукамі касіў. Бач, пазычыў тады, калі гаспадар не бачыў.

— Вось як! — усхапіўся першы.— Ці не ты гэта ў мяне ўкраў?

— Што?!

— То!

— Драздзюк!

— Дзятлюк!

У адзін міг Дразды і Дзятлы падзяліліся на два фронты і хацелі прадэманстраваць тут жа на сенажаці сваю традыцыйную кулачную бойку.

Крушынскі іх ледзь супакоіў, паабяцаўшы чуць не для ўсіх Драздоў і Дзятлаў купіць новыя косы, пакуль касілку-машыну купіць.

Балада аб косах скончылася мірна. Касцы зноў узяліся за працу. Сонца пякло патыліцы. Скошаная трава выдавала хмельны пах. Аб касілцы пайшлі новыя гутаркі. Хто радаваўся гэтаму новаму спосабу працы, а хто крытыкаваў: «Не чыста касіць будзе». «Машына толькі для гультаёў».

— Мо хутка прыдумаюць машыну, якая клёцкі гарачыя будзе нам у ляпы кідаць? — сказаў рыжабароды.

Усе зарагаталі.

— Ды няма чаго смяяцца! — пакрыўдзіўся адзін з касцоў.— Бачыў я такую машыну. Лоўка траву бярэ, і плечы не баляць, і важданіны з касою няма.

— Не чакай машыны, а пакуль што працуй! — сказаў рыжабароды.

Крушынскі хутка пабег на гумно. Яму трэба было ўсюды паспяваць: і на сенажаці, і на полі, і на гумне, і ў хаце.

Сягоння ў яго быў сапсаваны настрой. Ён пачаў успамінаць, што гэтаму паслужыла прычынай.

...Ага! Учора з бацькам родным, з Чарнюком, пасварыўся.

Колькі разоў ён гаварыў бацьку, каб кінуў сваю закураную хатку, каб яму, сыну, сораму не рабіў варажбою, каб перабраўся ў Курганішча. Упарты стары. Не хоча і думаць аб гэтым. Бацька напрарочыў яму такога ліха, аж страх.

Ад таго самага часу, калі ён яшчэ малым хлопчыкам застаўся жыць у багатага дзядзькі ў Мінску, дык бадай парваў усялякія зносіны з бацькам. Праўда, спачатку засумаваў у Мінску і пехатой уцёк дахаты. Але яго пацягнула тады не да бацькі, а да месца, дзе была матка, дзе ён жыў у дзівосных абставінах бацькавых запасаў на «чорны дзень».

Маці — ціхая, напалоханая кабета — вельмі песціла Язэпку. Ціхачом ад бацькі брала з патаемных кублаў сушаныя яблыкі для сынка. Язэпку тады здавалася, што смачнейшых рэчаў на свеце няма. Смак гэтых сушаных яблык, назапашаных бацькам к дню «сканчэння свету», ён яшчэ і цяпер памятае. Увесь час у Мінску ў рэстаране дзядзькі, дзе было многа гарадскіх смачных цястак, цукерак, крымскай і загранічнай садавіны, Язэп памятаў сушаныя яблыкі. І цяпер іх любіць. Жонка спецыяльна для яго сушыць.

Паводзіны сына не вельмі падабаюцца Сымону Чарнюку. Па-ягоным, сын павінен быў рабіць запасы на «чорны дзень», а то ніякага толку няма.

Успомніўшы сварку з бацькам, Крушынскі трохі паморшчыўся.

«Нічым бацьку задабрыць нельга: не хоча стары пакідаць сваіх «запасаў». У Курганішчы жыць ніколі не згодзіцца».

Ён пусціўся бягом у гумно.

«Гэтымі днямі прыйдзецца быць у Мінску. Куплю для Драздоў і Дзятлаў паабяцаныя косы».

Ужо другі год, як у яго працуе ваўначоска. Зімой стаіць у маленькай хатцы побач з лазняй, а летам яyа прымайстрована да малатарні. Паглядзеў, як ідзе праца. На гумне стаяла некалькі фурманак з воўнай. Каля вазоў тупаліся бабы. Ваўначоска гудзела манатонным прыдушаным гудам. Гэты шум быў для яго вуха прыемнай музыкай. Крушынскі любіў «фабрыку». У яго галаве ўвесь час, бы пчолы, роіліся мары аб «фабрыках». Ён марыў аб тым, каб пабудаваць у Курганішчы паравы млын разам з невялічкім тартаком1.

Ён ускочыў у будыніну паглядзець, як працуе машына, і нарабіў крыку на баб:

Чаму вы мне не казалі? Машыну трэба пачысціць! Стойце!

Спынілі працу. Ён сам узяўся за чыстку машыны спецыяльнымі шчоткамі. Кончыўшы з гэтым, пайшоў у другі будынак, дзе поўным ходам працавала другая «машына». Яе металёвы рытмічны стукат яшчэ здалёку чуваць было. Тут працаваў ужо другі дзень местачковы кравец Мотка. Хаця ён жыў у мястэчку, але быў сялянскім краўцом. Хадзіў ад вёскі да вёскі з машынай за плячыма і з вялікімі ножніцамі ў руках. Тоўстым драўляным самадзялковым аршынам Мотка вельмі спрытна бараніўся ад сабак.

Цяпер Мотка спыніўся на некалькі дзён у Крушынскага, дзе шыў вопратку для аднаго з рабочых Курганішча.

Яшчэ месяцы два таму назад сам Крушынскі ездзіў у сваты з сваім рабочым да адной дзяўчыны. Трэба было яшчэ да жніва наладзіць вяселле.

Крушынскі апекаваўся над сваімі рабочымі. Сам прымаў удзел у наладжванні іхняга сямейнага дабрабыту.

— Чаму, Мотка, у пакоях не працуеш? — запытаўся Крушынскі.

— Там спякота вялікая.

— Працуй тут! — даў яму Крушынскі спознены дазвол і прылёг у цяньку на кулях леташняй саломы.

Мотка шыў для рабочага шлюбны гарнітур — фрэнч і «філігэй» (галіфэ).

Рыгор (жаніх) часта заходзіў да яго на прымерку і на «вайну».

Ён вёў з старым краўцом бязлітасную вайну за кішэні.

Яму вельмі хацелася, каб у «хрэнчы» былі кішэні. Мотка артачыўся і ўсялякімі стратэгічнымі спосабамі адгаварваў Рыгора ад кішэнь — ад гэтага «гарадскога баламуцтва».

Мотка ўжо дваццаць пяць гадоў краўцом. Славіцца па ўсёй ваколіцы як добры майстар. Але ў яго прафесіі ёсць адна маленькая трагедыя — ніяк не налаўчыўся рабіць кішэнь. Гэтая мудроная штука па сягонняшні дзень засталася па-за межамі яго мастацкасці. Дзеля гэтага ў Моткі з кожны годам расце і павялічваецца шчырая нянавісць да кішэняў. Ён іх крытыкуе рознымі спосабамі, з надзвычайнай злосцю.

— Ну, на якое ліха табе патрэбны кішэні? — пытаецца Мотка ў Рыгора.

— Як на якое ліха? Усе цяпер носяць кішэні. Так палагаецца!

— Што? Па закону палагаецца?

Мотка ўваходзіць у злосць і пачынае даводзіць Рыгору непатрэбнасць гэтых абрыдлых, паганых, чуць не контррэвалюцыйных кішэняў.

— Скажы мне, Рыгорка, такую штуку! Ну, навошта табе гэтыя кішэні даліся? Навошта? Ідзеш працаваць на поле — бярэш торбачку! Едзеш на кірмаш — бярэш торбачку з харчамі! Навошта табе кішэні?

З застыглым запытаннем у вачах Мотка глядзіць на збітага з панталыку Рыгора.

— Навошта табе кішэні?

І Мотка дае адказ на сваё запытанне:

— Хіба красці думаеш і крадзенае ў кішэні хаваць?..

— Я — не злодзей. Хавай, божа, я — не злодзей.

Голас Рыгора сарамлівы.

Мотка ўсміхаецца ў сваю рэдзенькую казліную бародку. Ён перамог сваімі довадамі.

Пад рытмічны стукат краўцовай машыны Крушынскі заснуў на пругкай саломе. Але не паспеў праспаць і пяці хвілін, як прыбегла яго маленькая дачушка і давай тармашыць абедзвюма ручкамі:

— Татка! Татка! уставай!!

Крушынскі ўскочыў.

— Што, Настачка, трэба?

— Аграном прыехаў. Пытаецца, дзе татка.

— Аг-ра-но-о-ом! Вось як!

Спешнымі крокамі ён пайшоў дахаты.

За ім пабегла, падскокваючы на адной назе, маленькая дзяўчынка.



1 Лесапілкай.

6. ЧЫРВОНАЯ ШАПАЧКА

[правіць]

Аграном тут бываў часта.

У яго зрокавай памяці, з кожным новым прыездам у Курганішча, і вонкавы, і нутраны выгляд панскага дома адлюстроўваўся ўсё ярчэй і ярчэй. Усе драбніцы і ледзь прыкметныя асаблівасці дома жыва маляваліся перад яго вачыма.

Іван Мацвеевіч, каб затушоўваць сваё ранейшае жыццё (перыяду бытавання Антона Сяргеевіча), стараўся набірацца новых думак і ўражанняў. Такім метадам ён выкрэсліваў з сваёй памяці ўсё старое. З гэтай мэтай ён углыблёна ўзіраўся ва ўсё вакольнае, уважна і пільна прыслухоўваўся да гутарак людзей. Навастрыў свае пачуцці да таго, што яны былі падобны да надзвычайна чулых шаляў, якія ўмелі паказваць розніцу вагі паміж двума валаскамі.

Вонкавы выгляд дома яшчэ і цяпер навяваў лірызм шляхецкай старасветчыны. Высокі дах з двума белымі комінамі, гладка абцёсаныя сцены з «нямецкімі вугламі», вялікія вокны, ганак з дубовымі габляванымі слупамі-калонамі гаварылі аб старадаўным камфорце збяднелага пана або ўзбагацелага шляхціца.

Дом высіўся па пагорку ў цэнтры абшырнага дзядзінца. Сасновыя сцены, нягледзячы на пяцідзесяцігадовы век, былі яшчэ моцныя. У шчылінках крышылася, нібы сухі воск, сасновая смала, якая не выдавала паху ўжо некалькі дзесяткаў год. У некаторых вокнах яшчэ цэлы былі старыя шыбы. Калісьці празрыстае шкло цяпер зацягнута тоненькай рознакаляровай плеўкай. Такія колеры можна часта бачыць на стаячай вадзе балотных рудавак. Ганкам дом пільна ўзіраўся ў службовыя будынкі, якія ў форме падковы стаялі на краі дзядзінца ў застылым драўляным сутулым паклоне. З другога боку дом быў затулены старым запушчаным садам.

Душа панскага дома болей за ўсё адчувалася ўнутры — у пакоях.

«Салон» для гасцей быў у тым выглядзе, як пакінуў яго колькі год таму назад пан Семашкевіч, і, мабыць, не змяняўся зусім у працягу апошніх хоць бы дзесяці год да выезду пана.

На сценах віселі шматкамі старыя шпалеры з выцвілымі кветкамі. У куце стаяў у высокай, ад падлогі да столі, ясянёвай шафе стары гадзіннік. Шафа напамінала сабою вежу ў мініяцюры, мела багатую разьбу змешаных стыляў. Цыферблат гадзінніка быў патрэсканы, і адзіная ўцалелая стрэлка заўсёды паказвала шэсць гадзін.

Гадзіннік служыў цікавай забавай для дзяцей Крушынскага. Яны хаваліся ў шафе, нацягвалі ўверх масяндзовыя гіры, што віселі на моцных ланцугах з тоўстага дроту, і пускалі ў ход цяжкі маятнік.

Астатнім старэцкім форсам гадзінніка было званіць заўсёды дванаццаць разоў. Яго матэматычная здольнасць застыгла ў такой апостальскай лічбе.

Гэта вельмі весяліла дзяцей.

Працяглы меланхалічны звон з ноткай захаванай урачыстасці расплываўся па ўсім вялікім дзядзінцы Курганішча. Да звону прыслухоўваўся вельмі ўважліва і маўкліва рымскі папа Пій Х, які езуіцкімі ўглыблёнымі вачыма глядзеў з старога пажоўклага партрэта. Бронзавыя барэльефы Касцюшкі і Адама Міцкевіча аздаблялі сцяну па абодвух баках Пія Х у строгай сіметрыі. Яны не зварочвалі жаднай увагі на цырыманіял гадзінніка. У мэталёвых тварах не было жыцця, не адчувалася ілюзія рухаў. Барэльефы гэтых людзей нагадвалі мёртвыя маскі.

Невядомымі мастакамі выразна была нададзена маскам адна толькі веліч. Кожная бронзавая рыска падкрэслівала строгую веліч усяго твару да прымітыўнага шаржу. Мастак, відаць, хацеў такім чынам паказаць веліч польскага народа.

Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. На іх стаялі бронзавыя і гіпсавыя статуэткі пастушкоў, рыцараў і розных жывёл. Падаконнікі былі густа застаўлены вазонамі, і вокны затулены імі, нібы фіранкамі з раслін і кветак. У самы светлы сонечны дзень у «салоне» гойдаўся паўзмрок і адчуваўся халадок, змешаны з ледзь прыкметным прыкрым саладкаватым пахам.

Тут знаходзіліся яшчэ дзве рэліквіі панскай старасветчыны: вялізная канапа, з якой тырчалі ўверх праз парваны малінавы плюш вострыя спружыны, нібы механізм сапсутай машыны, і старое аблупленае фартэпіяна.

— І мы калісьці былі пышнымі і бліскучымі,— як бы гаварылі гэтыя рэліквіі.

Іван Мацвеевіч заўсёды любіў адпачываць у «салоне».

Як толькі з сонечнага дзядзінца ўваходзіў у гэты пакой, яму здавалася, што знаходзіцца ў нейкіх катакомбах. Містычны настрой заўладаў ім.

— Я тут адпачываю душою,— гаварыў ён Крушынскаму.

Тут Іван Мацвеевіч аддаваўся прыемнаму суму і велічы адвечнасці. У яго пачуццях расло, нібы ў маці да пакалечанага дзіцяці, хваравітае замілаванне да мізэрных абломкаў старых часоў. Гэтае адчуванне размякчала яго, рабіла яго чулым. Старасвецкія рэчы: разбітае фартэпіяна, дрындушкі на століках, арнаменты на гадзінніку, партрэт папы здаваліся яму надзвычайна прыгожымі. Ён адчуваў да іх нейкую крэўнасць. Ён вёў з імі спірытычныя гутаркі, забываючы пры гэтым аб сваім новым «я» — аб Іване Мацвеевічу. Тады над ім брала верх старое «я», навеянае паветрам і выглядам лірычнага «салона».

Яму неадступна кожны раз лез у памяць адзін старасвецкі вальс. Мелодыя вальса гіпнатызавала, уладала ім і даводзіла да нестрыманай жаласцівасці. Ён пачынаў ціхенька спяваць, перабіраць пальцамі, парываўся да сапсаванага музычнага інструмента, ледзь стрымліваўся. Нават на сапсаваным інструменце ён баяўся выклікаць гэту мелодыю да жыцця, баяўся нават аблупленых сцен. Калісьці яго жонка іграла гэты вальс...

«Не. Я павінен хоць раз, хоць тут, зноў пачуць захаваную балючасць, выклікаць мінулае. Я зараз кінуся да фартэпіяна»...

Але кожны раз жывыя істоты перабівалі яго настрой.

Яны як бы наўмысня не давалі доўга сядзець у самоце, доўга быць у палоне затаёных, нязнаных летуценняў. Гарэзлівыя людскія галасы разбівалі мары Івана Мацвеевіча, разрывалі іх у шматкі, нібы вецер тоненькую, кволую павуціну.

«Салон» запаўняўся жартамі, смехам. Гэта зусім не гарманавала з вакольнай абстаноўкай.

Дзеці Крушынскага пасля дванаццацізвоннай музыкі гадзінніка лічылі абавязковай гасціннасцю сыграць на разбітым фартэпіяна «марш» у чэсць гасця.

Дзве маленькія, вёрткія дзяўчынкі з заядлай стараннасцю барабанілі па клавішах. На гэтую дзікую какафонію заўсёды прыбягалі, нібы на пажар, усе хатнія: і старая матка пані Ганны, жонкі Крушынскага, і маладая гаспадыня, і хатнія працаўніцы, і пастух, калі гэта было ў гарачы поўдзень, і нават людзі з дзядзінца.

Крушынскі і Іван Мацвеевіч рагаталі да ўпаду.

Ад «музыкі» звінелі шыбы ў вокнах, і ў жудаснай прыемнасці напаміналася жыццё ранейшых паноў-уладароў былога маёнтка Курганішча.

У іншых пакоях гэтага дома ўжо адчуваўся дух новага гаспадара — Крушынскага. Стаяла новая мэбля, купленая нядаўна ў Мінску: сталы, ложкі, крэслы, шафы. Старыя шпалеры былі сарваны са сцен. Замест іх сцены ўжо другі год красаваліся белымі лучынамі, якія былі прыбіты для новага тынку. Ад лучын пахла маладым дрэвам. Пах свежага лесу ўліваў у гэтыя пакоі бадзёрасць аднаўлення і дашчэнту сціраў сляды былых жыльцоў. Усё часу не было Крушынскаму закончыць рамонт дома.

«Салон» быў пакінуты ў ранейшым выглядзе, дзякуючы Івану Мацвеевічу.

— Няхай салон застаецца маленькім панскім музеем! — гаварыў часта аграном.

Гэта, паводле яго погляду, уваходзіла ў план культурнай гаспадаркі Курганішча.

Назву «музей» ведалі ўсе хатнія, нават дзеці. Меншая дзяўчынка Крушынскага выгаварвала «мзей», што вельмі смяшыла Івана Мацвеевіча.

Ён і называў дзяўчынку «Мзей».

— Мзей! хадзі ка мне. Я пагушкаю цябе на назе!

Мзей за гэта вельмі крыўдзілася на «дзядзю».

— Мяне завуць Ейка (Лёлька), а не Мзей. Я мамцы сказу!

Дзяўчынка скардзілася маме:

— Мамка! дзядзя мяне заве Мзей. Я не хацу!

Усе смяяліся, а яна пачынала плакаць.

Тады «дзядзя» супакойваў яе цукеркамі.

Такія «дзядзькаўскія» адносіны да дзяцей вельмі чулілі Крушынскага і яго жонку. Сяброўства мацнела.

Не было выпадку, каб Іван Мацвеевіч выязджаў з Курганішча без «адрэзу» шэвіоту ці драпу самага лепшага загранічнага вырабу. Аграном заўсёды быў апрануты ў новыя вопраткі.

Па сваёй далікатнасці аграном не пытаўся ў Крушынскага, скуль ён гэта ўсё дастае, але гаспадар аднаго разу сам вытлумачыў:

— Мне дапаручана ў гэтым раёне лавіць кантрабанду. Я дастаю ад мытніцы ўзнагароду таварам кожны раз, калі мне ўдаецца цапнуць каго-небудзь з гэтай хеўры.

— Навошта вы мне аддаеце?

— Сам карыстацца гэтым не хачу. Я лаўлю кантрабанду толькі ў парадку грамадскага абавязку.

— Дык няхай бы не бралі гэтых нагарод, калі так справа стаіць?

— Бачыце, Іван Мацвеевіч, жонка прымушае. Часам жонка са свету зводзіць чалавека.

На гэта Іван Мацвеевіч расказаў цэлую серыю анекдотаў пра жонак камісараў.

— А кантрабандысты могуць вас забіць за такую дзейнасць.

— Не баюся іх,— усміхнуўся Крушынскі.

Іван Мацвеевіч, вывучаючы людзей, каб часам цікавую рыску іхніх характараў і манер надаць свайму новаму «я», нібы культурную прышчэпу да дзікай ігрушы, вельмі цікавіўся Крушынскім, як тыпам.

З кожным разам партрэт Крушынскага ў яго ўспрыманні станавіўся ярчэйшым: надаваліся новыя штрыхі, новыя фарбы.

Іван Мацвеевіч як бы піша партрэт свайго сябра па палатне. Стараецца запамінаць кожнае слова, сказанае Крушынскім, усе яго развагі, погляды на існуючы дзяржаўны лад, яго ўчынкі.

З гэтай мэтай часта «цягне за язык» гаспадара. Такім чынам, Іван Мацвеевіч мае яго поўную вусную анкету.

Крушынскі часта апавядаў Івану Мацвеевічу аб самім сабе, маляваў свае дзіцячыя гады. З урыўкаў склаўся поўны малюнак чалавека.

Урыўкі жыццёпісу Крушынскага заўсёды пачыналіся з трафарэта:

«Аднаго разу...»

«Часам бывала...»

«А то была такая гісторыя...»

З такіх кавалачкаў — не то споведзі, не то ўспамінаў,— нібы з валокнаў, ткаўся кілім з рознымі ўзорамі жыцця Крушынскага.

Ён апавядаў гладка, без ухабін. Відаць, не толькі Івану Мацвеевічу, а многім чытаў кнігу свайго быцця.

Праўда, ён жыў у багатага дзядзькі ў Мінску і мог набрацца буржуазных настрояў, мог сапсавацца, але багатыя людзі, калі знаходзішся пад іх апекай (тлумачыў Язэп Крушынскі), даводзяць да таго, што ты пачынаеш іх ненавідзець і набіраешся агіды да іх.

Іван Мацвеевіч добра памятае вусную анкету Крушынскага з урыўкаў гутаркі. Ён прыводзіць гэтыя ўрыўкі ў храналагічны парадак. Пры гэтым прапускае разнастайныя варыянты адных і тых самых прыгод.

«Аднаго разу — гэта было ў першыя дні майго прыезду ў Мінск — маёй цётцы не спадабалася, як я ем. Я тады сядзеў пры адным стале з усёй сям’ёю дзядзькі. Цётка ўвесь час скоса на мяне паглядала: моршчылася, нервавалася. Мяне збіла з панталыку абсталяванне пакоя: багатая дубовая мэбля, буфет, нібы хорам, белы, як снег, абрус на вялізным стале, талеркі з малюнкамі, срэбныя лыжкі і відэльцы, розныя міскі, місачкі і іншыя прылады да яды, прызначэння якіх я не ведаў. Я быў ашаломлены гэтым усім, забыўся пра голад і толькі думаў аб адным: як бы хутчэй вызваліцца ад гэтай мукі — есці пад поглядам цёткі ў такіх царскіх, як мне тады здавалася, абставінах. Я неяк сціснуўся ў камячок, каб менш месца займаць пры стале. Я стараўся хутчэй есці, думаў, што такім чынам зараз вызвалюся і пабягу ў іншы пакой. Гэтым я нарабіў сабе горшае ліха. На маю галаву пасыпаліся, як асенні дождж, цёткіны заўвагі:

— Не спяшы так: пажару няма ў хаце!

— Што так сёрбаеш? Ад вясковых свіней, мабыць, наўчыўся?

— Лыжку, як сякеру, не трымай!

— Не барабань відэльцам па талерцы!

Сваім злосным, пісклівым голасам цётка сыпнула мне адразу нешта з дзесяць запаведзяў аб тым, як трымацца пры ядзе, як есці.

Я разявіўся ад дзіва. Еў восем гадоў у сваіх бацькоў і не дрэнна еў, а зусім не ведаў, што есці не ўмею. Што называецца, быў непісьменным у ядзе. Я пачаў тады ўспамінаць пра абед у роднай закуранай хаце. Маці налье ў міску стравы, а мы чэбалдых дрыўлянымі лыжкамі ў адну міску. Я лічыў вышэйшым форсам барабаніць лыжкай аб міску. Я гэта рабіў так лоўка, што проста маршы іграў. Бацькі толькі цешыліся і смяяліся, гледзячы на сынка.

Успомніўшы гэта, мне проста плакаць захацелася. Такой смачнай здавалася мне посная матчына зацірка. Так прыемна было проста пальцамі браць у нядзелю блінцы з шырокага сасновага тапчана і глытаць-глытаць, як гусак усё роўна. Маці мяне пры гэтым зусім не муштравала, смяялася, падсоўвала самыя смачныя кавалкі.

А вось пад паглядам цёткі яда мне ў горла не лезла. Я дрыжэў ад страху і не ведаў, што рабіць. Не ведаў, што есці — вялікая навука. Я з зайздрасцю паглядаў, як ядуць мае стрыечныя браты — хлапчукі, бадай, адных гадоў са мною. Я іх пачаў малпаваць. Адзін хлопчык мяне так пры гэтым ушчыпнуў за нагу пад сталом, ажно я крыкнуў, падскочыў на месцы і... разбіў талерку.

Яшчэ цяпер памятаю гэту талерку з залатым абадком, з кветкамі па краях, а ўсярэдзіне кітаянка, у шырокіх нагавіцах з маленечкімі ножкамі, касавурыла на мяне вочы. У адной руцэ яна трымала веер, а ў другой — букет кветак. Вельмі ў памяць урэзалася. Я не так шкадаваў тады талерку, як гэту дзіўную кітаянку, якая мне вельмі спадабалася.

Я, разумеецца, адразу выскачыў на кухню. У той жа дзень я пехатой уцёк дахаты. Калі бацька мяне назад прывёз у дом дзядзькі, дык еў ужо на кухні, дзе мне было шмат лепей. Да кухаркі я адчуваў большае сваяцтва, чым да дзядзькавай сям'і. Яна мяне не муштравала. Яна мяне нават шкадавала, спачувала, называла сіратою. Нас радніла пралетарскасць. Я гэта толькі цяпер уцяміў».

Іван Мацвеевіч заўсёды даваў свае тлумачэнні ў такім сэнсе, што пралетарскасць Крушынскага ідзе ад самога маленства без крывых ліній, проста, як струна. Гэта пралетарскасць урасла карэннем у яго псіхалогію. Выхаванне ў доме багатага дзядзькі толькі загартавала яе.

Такімі заўвагамі ён паддаваў Крушынскаму ахвоты плясці далей свае ўспаміны, з якіх з кожным разам яшчэ ярчэй блішчала на яго галаве, паводле выразу Івана Мацвеевіча, «чырвоная пралетарская шапачка».

«Часам бывала так,— уваходзіў Крушынскі ў натхненне,— што проста жыць болей неўмагату было ў дзядзькі. Гэта было тады, калі я вучыўся ў школе. Дзядзька ахвотна купляў мне розныя кніжкі, даваў вопратку з плеч маіх стрыечных братоў. Ён паддаваў мне ахвоты добра вучыцца, падкупліваў смачнымі рэчамі з рэстарана. Вёў са мною гутаркі на розныя тэмы. Галоўным чынам расказваў аб сваіх дзіцячых гадах, калі сам быў вельмі бедны, аднак выйшаў у людзі, паступіў лёкаем у адзін рэстаран. «Пасля вунь якім багачом зрабіўся!» — хваліўся мне кожны раз дзядзька.

— Ты за мяне шчаслівейшы,— казаў часта дзядзька,— бо з малых год сыты, абуты, адзеты і вучышся. Старайся добра вучыцца.

Дзядзька часта мяне настаўляў, каб не браў кепскага прыкладу з яго дзяцей, якія галуздаюць і ніякай ахвоты не маюць да навукі. Дзядзька называў «навукай» і чытанне па складах, і «закон божы», і «чыстапісанне».

Спачатку я вельмі шчыра адносіўся да яго бясед і настаўленняў. Вельмі добры ў мяне дзядзька,— думаў я. Але хутка зразумеў, у чым справа. Дзядзька рыхтаваў мяне для свайго рэстарана. Ён хацеў як найхутчэй выгадаваць для сябе шчырага, таннага, адданага слугу. Сваіх дзяцей ён рыхтаваў у адвакаты і дактары. Вось чаму ён мне заўсёды гаварыў «не браць з іх кепскага прыкладу» і як найхутчэй «канчаць навуку».

Хочаш не хочаш, а мусіў я ісці па той дарозе, куды мяне накіроўваў дзядзька. Хутка я зразумеў розніцу між сабою і стрыечнымі братамі. Я скончыў гарадское вучылішча і застаўся ў дзядзькавым рэстаране, а яны вучыліся ў гімназіі і рыхтаваліся да універсітэта. Паміж намі была пракапана глыбокая канава. Я адчуваў, што яны — дзеці багатых бацькоў, а я жыву на ласцы. Ласка гэта была не толькі тады, калі я вучыўся ў школе, яна адчувалася нават у той час, калі я ўжо ад восьмай гадзіны раніцы да трэцяй уночы сядзеў над рахункамі ў рэстаране.

— Вось ты цяпер свой хлеб ясі,— часта гаварыў дзядзька,— ты ўжо самастойны чалавек, бо я цябе на ногі паставіў, адразу паставіў. Стукнуў балваном аб падлогу, а стаіць чалавек. Табе не трэба было раней быць лёкаем.

— А ці лёкай не свой хлеб есць? — пытаўся я ў дзядзькі.

— Свой-то свой, але не ганаровы, а лёкайскі хлеб,— гаварыў дзядзька.

— Ён жа таксама працуе. Нашто ганьбіць працу лёкая? — абураўся я.

— Як сам будзеш мець рэстаран і ў цябе будуць лёкаі, тады і ты будзеш ганьбіць іх,— сказаў дзядзька і паморшчыўся.

— Дык дзядзька самога сябе ганьбіць, бо дзядзька сам лёкаем быў. А ці ж цяпер дзядзька не лёкай свайго багацця? — пытаўся я.

— Глядзі, Язэп, ты праз меру разумны. Глядзі, з цябе нічога не выйдзе, калі ты гэтакі. Не ведаеш, што трэба ганьбіць, а што хваліць. Чым быць лёкаем у другога, лепш мець іх у сябе.— Пры гэтым дзядзька ківаў на мяне строга круглым і бліскучым, нібы сасіска, пальцам.

Я не ганьбіў лёкайскую працу, бо сам быў добрым лёкаем у дзядзькі. Я атрымліваў у яго мізэрную пенсію. А ён увесь час гаварыў, што я многа грошай яму каштаваў, пакуль вывеў у людзі. Цяпер павінен у яго рэстаране адпрацаваць. Ён быў вельмі хцівы на грошы.

«Я бліжэй быў з лёкаямі, чым з дзядзькавай сям’ёю. Так буржуазны дом дзядзькі быў мне агідным. Я выбраўся з цёмнай дзядзькавай каморкі і наняў сабе пакой у аднаго шаўца за пяць рублёў у месяц, а харчаваўся ў рэстаране. За харчы дзядзька ў мяне адлічваў палавіну пенсіі. З кожным годам службы ў дзядзькі я ўсё больш загартоўваўся ў сваіх поглядах аб буржуазіі. Я нават арганізаваў аднаго разу забастоўку ў дзядзькавым рэстаране».

Крушынскі з замілаваннем да самога сябе расказваў, як наладзіў калісьці забастоўку:

«Я абмеркаваў на нашым сакрэтным сходзе цэлы шэраг патрабаванняў. Як мы гэта падалі дзядзьку, дык ён раззлаваўся.

— Змяю грэў запазухай! Выгадаваў цябе, а вось як ты мне дзякуеш!

— І лёкаі таксама людзі! — артачыўся я.

Многа клопату нарабіў я тады. Ён прагнаў з рэстарану ўсіх служачых, як «сапсутых людзей», набраў новы штат. Быў я тады неспрактыкаваны ў такіх справах. Ранейшыя служачыя бадзяліся без службы. Галадалі. Ніхто не хацеў іх прыняць на працу. Яны мяне пракліналі. Я прасядзеў тады ў астрозе некалькі месяцаў. Сам дзядзька на мяне данос падаў. Ледзь упрасіў яго пасля гэтага зноў прыняць мяне на службу. Абяцаўся быць ціхім і адданым яго справе».

Гэтая частка вуснай анкеты Крушынскага была самай яркай. Тут яго «чырвоная шапачка» гераічна мітусілася. Гэты эпізод меў некалькі варыянтаў. Адзін пярэчыў другому. З прычыны такіх пярэчанняў Іван Мацвеевіч рабіў свае вывады аб пралетарскім выхаванні гаспадара Курганішча.

...Прыйдзе воўк і з’есць чырвоную шапачку,— жартаваў у думках Іван Мацвеевіч.

«А то была такая гісторыя»,— пачынаў Крушынскі новае апавяданне з свайго жыцця.

Ён з захапленнем апавядаў аб тым, як рабіў фокусы ў рахунках, быў вельмі спрытным у лічбах і краў грошы ў дзядзькі.

Я не краў,— апраўдваўся ён,— а браў, браў дзеля таго, каб раздаваць бедным. Быў я тады багаты на розныя фантазіі. Ладзіў такія балі на гэтыя грошы, ажна пыл дыміў. Жулікі і абадранцы гарадскія балявалі са мною.

— А чаму проста не раздавалі грошы бедным, чым частаваць іх выпіўкамі? — спытаўся ў яго Іван Мацвеевіч.

— Бачыце, Іван Мацвеевіч, каб я простым чынам раздаваў бедным людзям грошы, дык карысці не было б з гэтага. Яны прывучыліся б да гультайства. Гэта адно. А, па-другое, я хацеў паказаць ім нікчэмнасць жыцця багатых. Балюшкі я ладзіў з вялікім шыкам, каб адбіць у іх, у бедных, ахвоту да такога жыцця, да балявання. А разам з тым я будзіў іх такім чынам да бунтаў супраць буржуяў, супраць тых, якія вечна так балююць.

Арыгінальны спосаб прапаганды,— смяяўся Іван Мацвеевіч.

— Я калісьці быў здольны на такія штукі. Ого! Грошы так сабе не даваў. Гэта ж былі не дзядзькавыя грошы, а народныя. Дзядзька эксплуатаваў сваіх служачых, скуру лупіў з сваіх «гасцей» у рэстаране. Я не меў права так сабе раздаваць гэтых народных грошай, а балюшкі з мэтай прапаганды супраць буржуяў — калі ласка!

...Прыйдзе воўк і з’есць чырвоную шапачку,— жартаваў у думках Іван Мацвеевіч.

А бывала, часам, як накінешся на кнігі, дык глытаеш іх, усё роўна як смачныя клёцкі або п’яніца гарэлку. Многа я ў Мінску калісьці чытаў. Вельмі шмат. Трэба лічыць на пуды. Ад кніг розныя думкі з’яўляюцца. Фантазія расце ад іх, як цеста ад дражджэй.

— Што, напрыклад, вы чыталі, Язэп Сымонавіч? — зацікавіўся Іван Мацвеевіч інтэлектуальным багажом Крушынскага.

— Чытаў усё, што толькі ў рукі пападалася. Як быў малы, вельмі любіў казкі чытаць аб асілках, красунях, аб чараўніках і іншых дзівосных штуках. Як падрос, чытаў Майн-Рыда, Жуль Верна. Потым вельмі любіў Гогаля і Дастаеўскага. Чытаў усё, што пападалася пад рукі. Шмат чытаў рэвалюцыйных кніжачак.

— Што болей за ўсё вам у гэтых кнігах падабалася? — рабіў фармальны допыт Іван Мацвеевіч.

— Мне падабаліся ўсялякія прыгоды. Галоўным героем у кожным рамане я заўсёды лічыў самога сябе. Мне здавалася, што гэта я сам вандрую па розных трапічных лясах, страляю ў львоў, тыгрысаў, сланоў. А то я бываў лютым піратам на караблі, дзікім разбойнікам. Часам з'яўляўся рыцарам і царэўну вызваляў з зачараванага лесу, з спячага царства. Мне заўсёды здавалася, што прымаю самы чынны ўдзел ва ўсіх гэтых цікавых прыгодах, і сумаваў, калі прыгоды героя канчаліся няўдачна, радаваўся, калі герой браў верх. Наогул мяне захапляла кожная драбніца ў апісаннях. Часам цэлымі начамі чытаў. У стрыечных братоў у Мінску было многа кніг. Пад уражаннем цікавага рамана я знаходзіўся, бывала, некалькі дзён. Пераймаў манеры галоўнага героя. Аднаго разу купіў капялюш з шырокімі палямі толькі дзеля таго, што такі капялюш насіў адзін герой, які біўся з індзейцамі ў амерыканскіх прэрыях. Вывучаў на памяць мудроныя гутаркі прыдворных з «Тайн Мадрыцкага двара» і дзівіў часам сваіх таварышаў кніжнай, дзівоснай бяседай. Кіно таксама давала мне шмат духоўных харчоў. Цяпер я мала чытаю. Няма калі. Некалькі пудоў кніг у куфры запакавана. Дзеці падрастуць — няхай чытаюць.

Крушынскі папулярызаваў таксама сваю партызанскую чыннасць пры польскай акупацыі.

— Так, так, Язэп Сымонавіч,— згаджаўся з ім Іван Мацвеевіч,— у вашых руках вельмі добрая візітная картачка. Але трымайце яе на здароўечка, сабе на славу і гонар, а на страх людзям. Візітная картачка даражэй за грошы.

— Якая візітная картачка?!

— Пралетарская...

Іван Мацвеевіч хітра ўсміхнуўся.

Крушынскі смаліў папяросы адну за адной і з самазадаволенасцю глядзеў на агранома.

— Ну і заядлы вы курэц! Папяроскі з зубоў не выпускаеце.

— Прывычка.

— А вам знаёмы вагоны з надпісамі «для некуряших»?

— Паганыя вагоны, ліха на іх!

— Такія вагоны для заядлых курцоў, як вы, Язэп Сымонавіч, заўсёды з’яўляюцца нейкімі карцарамі, месцам пакуты на ўвесь час язды. У такіх вагонах жанчыны надзвычайна строгія, а большасць мужчын таксама дыму не пераносяць. Усе «некурящие» неміласэрна шпігуюць за тымі, хто курыць. Хай толькі ў купэ замітусіцца дымок, дык пачынаецца голас і гвалт на ўвесь вагон: «хто курыць?», «зараз кандуктара пазаву!», «будзеце штрафу плаціць!», «тут курыць няможна!», «вагон для некурящих!» і шмат іншых такіх выкрыкаў. Пачынаюцца вохі і ахі. Кашляюць нават тыя, хто ніколі не кашляў. Проста не вагон, а шпітальная палата, дзе ўсе хворыя атручаныя нікотынаю. Але курцы таксама народ упарты. Хоць у пятлю пойдзе, толькі з папяросай у зубах. За свой «опіум для народа» гатоў на любую ахвяру.

— Ого! — узбудзіўся Язэп Крушынскі,— я сам колькі разоў трошніцы плаціў за курэнне ў такіх вагонах! Пралетарскай жалезнай мятлой трэба вымятаць з нашай рэспублікі вагоны з дошчачкай «для некурящих».

— Дык вось,— усміхнуўся Іван Мацвеевіч,— быў раз такі выпадак. У вагоне «для некурящих» сядзеў заядлы курэц, вось як вы. Смаліў у засос папяроску за папяроскай. Ніякай увагі на пратэсты пасажыраў.

— І я заўсёды так раблю!

— Паслухайце, Язэп Сымонавіч, што далей было.

— Пэўна, нарваўся на штраф?

— Пачакайце. Насупроць курца сядзеў чалавек сярэдніх гадоў, з густой шавялюрай сіваватых валасоў, з маленькай бародкай. Гэты пасажыр паглядаў на курца і бліскаў вачыма ад злосці, нарэшце не вытрымаў і звярнуўся да курца з просьбай не курыць. Курэц хоць бы што. «Прашу не курыць!» — звярнуўся той у другі раз. Курэц ані мірг! Яшчэ з большай стараннасцю пускае круцёлкі дыму, фарсіць, вырабляецца. Тады той нервовы пасажыр, выведзены з цярплівасці, са злосцю палез рукой у кішэнь, палез з такой мінай, нібы зараз застрэліць пасажыра...

— Выхваціў браўнінг? — зацікавіўся Язэп Крушынскі.

— Выхваціў адтуль візітную картачку і падаў курцу. Курэц, смокчучы папяроску, зірнуў адным вокам на картачку. На ёй было надрукавана «Леў Давідавіч Троцкі».

— Ой,— крыкнуў Язэп Крушынскі,— ну, і папаўся няшчасны курэц!

— Пачакайце. Курэц палажыў картачку ў кішэнь камізэлькі і спакойна закурыў новую папяроску. Тут таварыш Троцкі не сцярпеў і паклікаў кандуктара. Строгі кандуктар падышоў да курца. Курэц горда выняў з кішэні візітную картачку таварыша Троцкага і тыкнуў кандуктару ў самыя вочы. Кандуктар спалохаўся, па-вайсковаму выцягнуўся, аддаў чэсць і папрасіў прабачэння. «Я пакажу яму гэ...гэ... гэнаму з бародкай, які вас непакоіць!» — сказаў бравы служака. «Не трэба! Ну яго...» — велікадушна махнуў рукою курэц і запаліў новую папяроску.

— Лоўка!

— Вось і візітная картачка, бледнатвары брат мой! — сказаў Іван Мацвеевіч і зірнуў у чырвоны твар Язэпа Крушынскага з хітрай усмешкай.

Такой жа хітрай усмешкай адказаў Крушынскі Івану Мацвеевічу.



7. ТРЭБА СВЯНЦІЦЬ ПАРТРЭТ

[правіць]

— Іван Мацвеевіч!

— Язэп Сымонавіч!

І два прыяцелі траслі рукі адзін аднаму з імпэтам цыркавых барцоў. Зазіралі адзін аднаму ў вочы, ветла, горача, з дабрадушнай хітрыкамі, з нямым запытаннем «што чуваць?».

Гаспадыня тупалася каля стала, рыхтавала сняданне: шчупленькая, тоненькая, рухавая, яна ставіла на стол сыр, масла, яйкі, малако, вяндліну, каўбасы, бліны з верашчакай і іншыя вясковыя прадукты. Выбягала з пакоя, зноў прыбягала, клапацілася, спяшыла. Яна рыхтавала сняданне для госця. Яна была збянтэжана.

— Іван Мацвеевіч галодны! — сказала яна мужу з дакорам і бліснула на яго заклапочанымі вачыма.

Голад Івана Мацвеевіча заўсёды надаваў жывой рупнасці жонцы Крушынскага.

— Гэта не навіна, што я галодны, чаго непакоіцца? Я заўсёды галодны, прыблізна гадоў сорак. У мяне галоўны лозунг — есці, есці і яшчэ раз есці!

— Вы пакуль што, Іван Мацвеевіч, сілкуйцеся! А я — зараз!

Гаспадар шырока махнуў рукой перад сталом, як бы знаёміў госця са сваім сталом, і бомбай выскачыў за дзверы.

— Я сапраўды галодны, ой, галодны! — прастагнаў Івап Мацвеевіч,— і гаспадара не дачакаюся.

— Не чакайце! снедайце, калі ласка! Выбачайце, што не зрабіла для вас лепшага снядання! — сказала гаспадыня ў роспачы,— выбачайце за вясковыя простыя пачастункі!

Іван Мацвеевіч не чакаў. Ён пачаў частавацца яшчэ за паўхвіліны да яе запрашэння.

Гаспадыня глядзела на яго з рэлігійным захапленнем, з замілаваннем маткі, якая корміць сваё любае дзіця.

— Ешце! Ешце! — уторыла яна сардэчны акампанемент да яго шчырага чвакання.

— Ешце! Ешце!

Іван Мацвеевіч еў. З кожным кавалкам яды ў яго павялічваўся апетыт, вырастаў у надмерную велічыню. Еў моўчкі з такім відам, што, здаецца, каб цяпер хто пад акном з гарматы страляў, дык не звярнуў бы ўвагі, можа, нават і не чуў бы.

Гаспадыня падсоўвала яму смачнейшыя кавалкі, з пяшчотай заглядала ў твар, як на хворага, якому дае лякарства, і ўсё паўтарала ў розных пералівах голасу:

— Ешце! Ешце!

— Во гэта вазьмеце! Во тое!

Яна радзіла, што браць, літасці прасіла.

У Івана Мацвеевіча рот напханы і тым, і другім.

Гаспадыня гардзілася, што яе прадукты, яе вырабы яму да смаку. Яна разумела, што ён рассыпаўся б у пахвалу яе таленту, але рот заняты блінцамі...

— А во папробуйце сала! Сала пакаштуйце...

Сала парэзана вострым нажом у шырокія лісткі — ружовыя, празрыстыя, прыемна пахучыя.

Гаспадыня падсунула сала бліжэй да Івана Мацвеевіча, села насупроць яго, паставіла вострыя локці на стол, ушчаміла галаву рукамі ў сумнай задумёнасці і давай ціхім голасам апавядаць госцю эпапею пра япрука:

— Япрук важыў дзесяць пудоў. Я кажу гаспадару — шкада калоць. Няхай яшчэ трохі адкорміцца. Няхай яшчэ... А божа ж мой, дзе ж гэта мой запрапасціўся? Чаму не нясе? Дык мы думалі гэтага япрука...

Гаспадыня раптам ускочыла з месца і замітусілася па хаце.

Крушынскі паказаўся ў дзвярах. Нёс бутэльку «Пілсудчыны».

— Заўсёды спознішся! — не выцерпела гаспадыня,— эх, ты!

У гэты час на стале былі толькі ўбогія астаткі яды.

Іван Мацвеевіч паглядзеў на гарэлку і войкнуў:

— Ёсць закуска — гарэлкі няма. Прынеслі гарэлку — няма закускі. Самаарганізавацца трэба, Язэп Сымонавіч!

— Заўсёды з самага пачатку трэба гарэлку прынесці! — уставіла педагагічную параду гаспадыня.

— Калі я не мог,— апраўдваўся Крушынскі.— Ведаеш, што далёка схавана. А якраз там круціліся чужыя людзі. Трэба было асцерагацца. У мяне цяпер ёсць цікавы план. Няхай гаспадыня прынясе новыя закускі. Вось мой план!

— План! План! — жартаваў Іван Мацвеевіч.— Цяпер у дзяцей ёсць новая забава. Гульня ў план.

— Што гэта за гульня! — зацікавіўся гаспадар.

— Гульня такая: дзеці складаюць план.

— Ну, а пасля?

— А пасля яго не выконваюць.

— Мы выканаем,— смяяўся Крушынскі, наліваючы з другой бутэлькі.

— Не! — артачыўся Іван Мацвеевіч,— пакуль гаспадыня прынясе закускі, гарэлкі не будзе. А потым, пакуль вы яшчэ гарэлкі прынясеце, Язэп Сымонавіч, зноў не будзе закускі, бо я ж не дачакаюся... І так на доўгі час, на многія гады, аж да прыбыцця пазакласавага чалавека на нашу грэшную планету.

Крушынскі наліваў спешна ў шклянкі.

Спешна пілі.

Гаспадыня бягом пусцілася па закускі.

Праз некалькі хвілін вярнулася гаспадыня. Зірнула на стол і спалохалася:

— А божачка! Калі справіліся выпіць? Без закускі?

— Калі я закусваў без выпіўкі, дык чаму не выпіць без закускі? Такая бессістэмнасць у мяне ўвайшла ў сістэму. Стаўце, гаспадыня, закуску на стол! — бравым голасам скамандаваў Іван Мацвеевіч.

Гаспадыня зноў ставіла на стол, а гаспадар зноў пайшоў у патаемнае месца па гарэлку...

Іван Мацвеевіч закусваў з ранейшай рупнасцю. Кроплі поту блішчэлі па яго лобе.

Гаспадыня тут жа перад ім разрэзала на тоненькія лісточкі тоўсты кавалак сала і складвала акуратненька ў стопку.

Іван Мацвеевіч меланхалічна зірнуў на гэту работу і клаў у рот лісток за лістком.

— Ведаеце, пані гаспадыня,— сказаў ён лагодным голасам,— гэтая бела-ружовая стопка нарэзанага сала нагадвае мне прыгожанькі томік паэзіі, лірычнай старасвецкай паэзіі. Ну, напрыклад, томік санетаў Петраркі. Гэта так прывабна, так хораша, так смачна, што проста аблізваешся.

— А хто такі Пятрок? — зацікавілася гаспадыня,— камісар які?

— Не,— засмяяўся ціха Іван Мацвеевіч,— гэта ў Італіі быў калісьці такі чалавек. Ён любіў чужую жонку, жонку аднаго купца, буржуйку пекную любіў. І вось у чэсць гэтай жанчыны ён пісаў санеты — вершы такія. Ведаеце: траля-ля-ля-ля, траля-ля-ля-ля! І так чатырнаццаць разоў!

— Чатырнаццаць разоў?! Гэты Пятрок чатырнаццаць чужых жонак любіў, чатырнаццаць купчых! Іван Мацвеевіч, вы не такі сапсуты чалавек, як той італьянскі Пятрок...

— Не Пятрок, а Петрарка,— смяяўся шчыра Іван Мацвеевіч,— і не чатырнаццаць жонак ён любіў, а пісаў вершы. Кожны верш у чатырнаццаць радкоў. А гэткіх вершаў напісаў многа, многа!

— Вось бедненькі,— шчыра пашкадавала гаспадыня.— Каб я пачаставала яго салам з Курганішча, дык ён бы не вар'яцеў. Жартачкі, так многа пісаць! А божанька! Гэта ж проста страх бярэ!

— Каб частавалі яго такім салам, дык сапраўды быў бы здольным чатырнаццаць чужых жонак палюбіць,— падміргнуў да гаспадыні аграном гуллівымі п'янымі вачыма.

— Ой,— спалохалася гаспадыня,— я вас пачынаю баяцца.

— Няма чаго баяцца,— смяяўся Іван Мацвеевіч,— вось Язэп Сымонавіч кулямёт нясе!

У дзвярах паказаўся гаспадар, і бутэлька тырчала з яго кішэні.

— Што? Зноў закускі няма?

— Мы будзем закусваць вершамі,— сказаў Іван Мацвеевіч, паказваючы на сала.

— А гарэлка па-вашаму проза?

— Гарэлка таксама — вершы, таксама — паэзія, ого!

— Па-вашаму, Іван Мацвеевіч, і сала — вершы, і гарэлка — вершы. Мабыць, трохі не так. У беларускім тэатры ў Мінску я чуў, што вершы гэта не проза, а проза гэта не вершы.

— Пасля такіх навуковых доказаў,— сказаў пакорліва Іван Мацвеевіч,— згаджаюся прызнаць гарэлку — паэзіяй, а сала — прозай. Вось вам, Язэп Сымонавіч, і першая тэорыя літаратуры на беларускай мове!

— Ого! які вучоны! — здзівілася гаспадыня.

— Яшчэ прафесарскі тытул у Мінску дадуць вам,— жартаваў Крушынскі.— Гэта ж мой стрыечны брат улажыў кніжачку для дзяцей, і яго цяпер усе завуць «прафесарам». Нават у газеце чытаў: «Прафесар Крушынскі». Гэта сын майго дзядзькі.

— Прафесарам дык не, але крытыкам зраблюся! — сказаў Іван Мацвеевіч.

— На гэта, выбачайце мяне, Іван Мацвеевіч, у вас здольнасці не хопіць. Вы не ўмееце лаяцца. Другі мой стрыечны брат пачаў вершы пісаць, дык скардзіцца на крытыку. Кажа, што вельмі лаюцца, ну, як апошнія хуліганы.

— І гэтаму можна навучыцца,— не паддаваўся Іван Мацвеевіч.— Дарэчы казаць, я ўжо трохі сапраўды літаратурай займаюся.

Іван Мацвеевіч цяжкім крокам пасунуўся ў «салон», прынёс адтуль свой партфель і дастаў з яго газету.

— Якія ж навіны хочаце чытаць? — апатычна запытаўся Крушынскі.

— Навіны цікавыя. Глядзеце!

Іван Мацвеевіч разгарнуў газету і паказаў здалёк Крушынскаму.

Гаспадар доўга ўглядаўся асалавелымі ад дзіва вачыма. Між петытным густым слупком тэкста красаваўся невялікі партрэт круглага дзядзькі з лысінай, з вусамі.

— Лысіна якраз мая! — крыкнуў Крушынскі.

— Усе лысіны адна да адной падобны, як галоўкі капусты,— уставіла сваё крытычнае слова гаспадыня.— Хто чым, а ён заўсёды сваёй лысінай хваліцца.

— На жаль, у нас лысіна не выкарыстоўваецца,— сказаў Іван Мацвеевіч.— У Амерыцы на лысінах рэкламы наклейваюцца.

Крушынскі, як зачарованы, падсунуўся бліжэй да газеты.

— І падпісана «Язэп Крушынскі», і мае вусы! Глядзі, жонка, мае вусы!

— Няўжо ж?! — здзівілася гаспадыня.— За якія ласкі боскія? Можа, верш напісаў?

— А за такія ласкі, што Язэп Сымонавіч вядзе культурную гаспадарку! — сказаў аўтарытэтна Іван Мацвеевіч.— Гэта вам не верш, а проза. Без такой хлебнай сельскагаспадарчай прозы не пісаліся б і вершы! Ну вось, скажам, хоць бы такі твор.

Іван Мацвеевіч чытае на спеўны лад:

«Гаспадарка Язэпа Крушынскага знаходзіцца ў 45 вярстах ад Мінска, у былым маёнтку Курганішчы. Крушынскі — селянін, які прымаў чынны ўдзел у партызанскім руху пры белапольскай акупацыі. Ён яшчэ ў 1905 годзе распаўсюджваў рэвалюцыйныя пракламацыі і быў ранены ў Мінску на барыкадах, сядзеў у турме за арганізаванне забастовак на фабрыках і заводах. Наогул рэвалюцыйнае мінулае Крушынскага досыць яскравае».

— Правільна! — узрадаваўся Крушынскі.— Так яно і ёсць, Іван Мацвеевіч.

Іван Мацвеевіч пераходзіць на мінорны тон, чытае хітрамудрыя табліцы аб размеркаванні зямлі па ўжытках, севазвароце, будоўлях, сельскагаспадарчых машынах, жывёле і іншае.

У канцы ён задэкламаваў з пафасам, з багатай мімікай твару, з выкрутаснымі смешнымі жэстамі і крыўляннямі.

«Язэп Крушынскі прымае ўдзел у грамадска-культурным жыцці суседняй вёскі «Драздоў і Дзятлаў», з’яўляецца сябрам сельсавета і розных культурных арганізацый ваколіцы. Гаспадарка Курганішча носіць характар культуры і з’яўляецца прыкладам для вакольнага насельніцтва. Узорную культурную гаспадарку вядзе пад кіраўніцтвам агранома Івана Мацвеевіча Шапавалава».

З кожным новым словам, якое дэкламаваў Іван Мацвеевіч з друкаванага тэксту, Крушынскі рос, вырастаў у сваіх вачах да небывалых памераў.

— Жонка! Трэба свянціць партрэт! Прынясі яшчэ бутэльку!

— Досыць! Хіба вечарам, Язэп Сымонавіч! — запратэставаў Іван Мацвеевіч, — не магу болей.

— Можа, вы нездаровы, Іван Мацвеевіч? — шчыра занепакоіўся Крушынскі.— Чаму адмаўляецеся?

— У мяне такая хвароба, як у таго чалавека, які з’ядаў за сняданне па тры фунты хлеба. Аднаго разу яму падалі на стол акраец хлеба. Ад снядання засталося з паўфунта хлеба. Чалавек спалохаўся: падумаў, што нездароў, бо не мог сваёй звычайнай порцыі з’есці. Ён лёг у пасцель і стагнаў. Падняўся з ложка толькі тады, калі гаспадыня паведаміла, што памылкова, замест трох фунтаў, палажыла пяць.

— Але ж трэба партрэт свянціць! — не адставаў Крушынскі.— Гэту газету выпішу з Мінска аж сто экземпляраў. Буду раздаваць суседзям. Дайце мне газету, Іван Мацвеевіч! Я выражу артыкул з маім партрэтам і ў салоне на сцяне наклею.

— Вазьміце, калі ласка. А я пайду іграць на вашым старым інструменце. Пасля снедання душа музыкі захацела. Калісьці добра іграў! Трэба ўспомніць старое.

Іван Мацвеевіч гэта прагаварыў з такой рашучасцю і адвагай, нібы ён казаў, што калісьці добра рэзаў людзей або краў коней з стайні, нібы «ўспомніць старое» было вялікім злоўчынкам...

Ён пайшоў у «салон».

Хутка пачулася адтуль гучная музыка. Сапсутае фартэпіяна мучылася-стагнала. Аграном пачаў іграць нейкі старасвецкі вальс. Струны інструмента былі расстроеныя, дзеля чаго вальс меў вялікія перапынкі ў форме нязвязных гукаў, якія рэзалі слух і непрыемна білі па нервах. Але прыкрае ўражанне было ўзнагароджана вельмі прыемнымі ўрыўкамі мелодыі. Мілагучныя, вабныя і стройныя ўрыўкі вырываліся з хаосу бязладу на волю як бы з ланцугоў. Дысгармонія і гармонія дапаўнялі адна адну, служылі адной мэце, каб разумець розніцу між імі. Кожны музычны сказ, вырваны такім чынам з какафоніі, нібы залатая макавінка з груды пяску, яскравіўся, набываў захаваны глыбакадумны трагізм, быў лёгкі для ўспрымання і вабіў самога музыку.

Крушынскі з жонкай, дзеці і ўсе хатнія сабраліся ў «салоне» і ўважна слухалі.

Відаць было, што пальцы агранома маюць навык да музыкі. Ніхто з хатніх не ведаў гэтага старасвецкага інструмента ў часы яго бляску. Ён служыў на забаву для малых дзяцей. Толькі цяпер жартаўлівы інструмент хоць страшна заікаўся, але вырабляў зусім нежартаўлівыя штукі пад пальцамі Івана Мацвеевіча.

Нешта падобнае да гэтага інструмента ўсе заўважылі і ў самога Івана Мацвеевіча. Змяніўся і ён увесь. Такім яго тут ніхто не бачыў. Твар бляднеў. Вочы мелі зусім новы выраз. Здавалася, што ён глядзіць кудысьці далёка-далёка, бачыць перад сабою зусім не папу рымскага на сцяне, а нешта невідочнае, на многа міль адгэтуль. На яго твары ў гэтыя хвіліны з’явіліся такія зморшчыны, якіх раней ніхто не бачыў. Ва ўсім целе адчувалася захаваная напружанасць.

Здавалася, што чалавек хоча выскачыць з непрыемнай чужой скуры, хоча вырвацца з нейчых моцных рук — і не можа. На твары яго напісана пакута і боль.

А пальцы выраблялі свае выкрутасы, па-вар’яцкаму скакалі па клавішах — часам па касцяных, а часам па аблупленых брудна-драўляных, якія тырчалі, як гнілыя зубы паміж здаровымі і бліскучымі.

Іван Мацвеевіч быў так захоплены нечым сваім унутраным, што не зварочваў увагі на расстроеныя струны.

«Аднак шуміць у галаве,— падумаў ён,— замнога выпіў». Але хутка кантрольны цэнтр мазгоў і нерваў размяк, расплыўся, як дым. Па арганізме прайшлі наскрозь гарачыя іголкі. Іван Мацвеевіч устрапянуўся. Нехта накіроўваў яго думкі і настроі ў захаваны куток, куды ён даўным-даўно не заглядваў.

...Дзеці, мабыць, падраслі, жонка пастарэла. Няўжо ж яны забылі аба мне — аб «нябожчыку» пад назваю Антон Сяргеевіч?

— Анцік...— пачуў ён далёкі голас да болю роднай жанчыны.

— Папка...— раздаваўся дзіцячы кліч, мілагучны, жаласлівы. У яго слыхавой памяці ясна зычэлі знаёмыя галасы — жонкі і дзяцей. Нехта круціў перад ім кінастужку з карцінамі, нехта злы і ўпарты. Іван Мацвеевіч жмурыў вочы, моршчыўся, комкаўся і не ведаў, дзе дзецца. А ў гэты час пальцы скакалі па клавіятуры...

«...Гэты вальс калісьці жонка іграла, Аграфена Макараўна...»

Ком падступіў да горла. Хацелася выць, падняць дзікі, вар’яцкі крык.

«Трымайся, Іван Мацвеевіч. Выкінь з галавы Антона Сяргеевіча...» — Так крыкнуў у думках да самога сябе.

Ірвануўся з месца. Адскочыў ад фартэпіяна, як ад накаленага да чырвона жалеза.

Выцер белай хустачкай пот з твару.

— Ну, і граеце, Іван Мацвеевіч!

— Вось музыка!

— Дальбог, любата!

— А я чуць не забыўся. Маю для вас, Язэп Сымонавіч, новы цікавы анекдот!

Ён азірнуўся па баках з апаскаю, з жулікаватай усмешкай:

— Пры кабетах не выпадае.

Іван Мацвеевіч і Крушынскі выйшлі ў другі пакой.

Пасля кароткага шушукання пачуўся гучны, здаровы рогат Крушынскага.

— Го-го-го! Ну, і ліха ж яго ведае! Го-го-го!



8. «РЭСПУБЛІКА» ЯЗЭПА КРУШЫНСКАГА

[правіць]

У той час, калі Іван Мацвеевіч расказваў гаспадару вясёлыя анекдоты, ускочылі ў «салон» адзін за адным два чалавекі, адзін высокі, другі нізкі — Галава і Сухарукі, старэйшыя з плямён Драздоў і Дзятлаў. Яны былі вельмі ўстрывожаныя, збянтэжаныя, шукалі вачыма кагосьці.

— Дзе гаспадар? — сказаў Галава.

— Пане Язэпе! — крыкнуў Сухарукі.

Крушынскі выйшаў да іх.

— У чым справа, суседзі?

— Каму па каму, а мне два камы! — адрапартаваўся Галава.— Дзятлы Драздоў забіваюць.

— Дразды Дзятлаў перадушаць! — паведаміў у сваю чаргу Сухарукі.— Мне што ж: альбо рыбка, альбо піпка!

Галава і Сухарукі з роспачы не ведалі, што рабіць, зірнулі адзін на аднаго, потым на ўсіх хатніх і спынілі вочы на Крушынскім.

Яны шукалі ратунку.

— Ліха не возьме іх! Сто гадоў да рэвалюцыі нашы Дразды і Дзятлы біліся, яшчэ сто гадоў біцца будуць. А біццё ім толькі на здароўе памагае!

— Ой, пане суседзе, каламі б’юцца! — застагнаў Галава.

— Глузды выпусцяць, кішкі вытрыбушаць,— войкнуў Сухарукі.

— За што б’юцца? — зацікавіўся гаспадар.

— За сенакос! — сказаў Галава.

— За панскі лужок каля плёсы! — дадаў Сухарукі.

— Іван Мацвеевіч! — крыкнуў Крушынскі.

З другога пакоя высунуўся аграном.

— Вы трохі паспіце пакуль што, а я пайду мірыць Драздоў і Дзятлаў!

Крушынскі выйшаў на дзядзінец.

За ім пайшлі Галава і Сухарукі.

Яны накіраваліся нацянькі праз хмызняк да таго лужка ля рэчкі, дзе цяпер біліся Дразды і Дзятлы.

Дразды і Дзятлы хоць не так часта, як даўней, але не пакідалі старадаўняй традыцыі — біцца. Без гэтага было б вельмі нудна, без гэтага жыццё застоілася б, як вада ў сажалцы. А за што біцца заўсёды было: дзяльба лесу, сенакос, паша, патрава, карова чыя шкоду наробіць. Але, галоўным чынам, яны біліся за гонар. Прычыны былі толькі пацеркамі, якія нанізваліся на нітку гонару, хмельнага, як старое віно. Калі зірнуць глыбей, дык яшчэ па-за гонарам хаваўся галоўны дурнап’ян вечных боек паміж двума плямёнамі. Называць гэта можна хіба мастацтвам для мастацтва — змаганне для самога змагання. Самы працэс бойкі хутчэй за ўсё служыў і мэтай. Гэта было як бы лазняй, у якой Дразды і Дзятлы парыліся, мыліся і мелі вялікую прыемнасць. Бойка асвяжала кроў, улівала бадзёрасць.

Праўда, пасля Кастрычніка пачаўся быў у ваколіцы падзел на багатых і бедных, і бойкі набывалі новы сэнс: ад плямённай розніцы яны перайшлі ў новыя формы непрыязні — эканамічнага характару, але класавае пачуццё ў іх не мела патрэбнага развіцця. На гэта былі розныя прычыны і перашкоды. Мудрагельны, сплецены ланцуг крэўнасці (дзядзькі, браты, кумы і іншага роду сваяцтва) быў гэтаму адной з галоўных перашкод. Кулак дзядзька ўціхамірыць часам злосць пляменніка-бедняка пудам жыта ці асмінай бульбы. Багаты кум заткне глотку беднага кума тым, што дасць яму каня на дзень, каб гной вывозіць на поле. Такія ўчынкі былі як бы падсвядомым (а можа, нават і свядомым) спосабам самаабароны ў багатых. Гэта памагала.

Але самым галоўным у імкненні да роўнасці, у стушоўванні кулакоў і беднякоў, у стварэнні бескласавасці была палітыка Крушынскага ў сельсавеце. Рознымі спосабамі ён стараўся даводзіць, што тут няма ні багатых, ні бедных, а ёсць адзін працоўны люд...

Сельсавет знаходзіўся пад яго ўплывам увесь час. Крушынскі стараўся даваць усім заробкі, як і чым толькі мог. Па-ягонаму выходзіла, што беднякі — гэта тыя з сялян, якія не стараюцца, не дбаюць аб сабе, запушчаюць гаспадарку. «Беднасць,— гаварыў ён,— цягне да гультайства, абібоцтва. Бядняк і апошнюю сваю капейку гатоў прапіць, не шануе яе. Чым больш грошай хто мае, тым больш дрыжыць над рублём. Трэба быць багатым, каб шанаваць грошы».

Такая тэорыя была ў Крушынскага ў адносінах да іншых. Што тычыцца самога сябе (ён раскідваўся грашыма), дык ён гэта рабіў «на карысць працоўнага люду».

Ён стараўся выхоўваць у беднякоў пашану да грошай. Толькі тады яны перастануць быць беднякамі. Але каб наладзіць дабрабыт, роўны для ўсіх, зноў жа патрэбны грошы. Для гэтай справы варта і трэба папрацаваць. Спосаб здабывання грошай? Дзеля такой важнай сацыяльна-эканамічнай мэты ўсе спосабы магчымы. Патрэбна толькі моцная спайка, каб гэтыя спосабы былі вялікім сакрэтам.

Крушынскі абкружыў сваю «маленькую рэспубліку» (так ён называў той кавалачак тэрыторыі, які знаходзіўся пад яго ўплывам) мяжою сакрэту. Калі ўсё будзе наладжана тут паводле яго плана, калі роўнасць паміж людзей ваколіцы Курганішча будзе даведзена да ідэалу, тады ён паднясе «сваю рэспубліку» ў падарунак савецкай уладзе. «Яго рэспубліка» будзе маленькаю мадэллю вялікай рэспублікі будучыні, як маленькая мадэль новай машыны, новай вынаходкі.

«Мяжа сакрэту» вакол «рэспублікі» Крушынскага была досыць моцная. Не было, разумеецца, ні слупоў, ні капцоў на гэтай мяжы, ні ўзброенай варты, а нешта, як яму здавалася, мацнейшае, больш пэўнае і сталае. Ён так абставіў справу, што хто б «з-за мяжы» не апынуўся на абшары зямлі гэтай «рэспублікі» — той пападаў пад уплыў яго тэорыі... Крушынскі так увіваўся каля «замежніка», так яго агітаваў, што «замежніку» ўжо не было выгады выкрываць сакрэтаў «рэспублікі», бо гэтым нашкодзіў бы самому сабе.

Такім чынам была створана як бы свая «замежная палітыка», сваё «міжнароднае становішча» — у раённым цэнтры, у акруговым. Нават у самой сталіцы — у Мінску былі яго людзі, яго прыяцелі, якія дапамагалі ў справах «рэспублікі», працавалі на яе карысць.

У «палітграмаце» Крушынскага галоўнай, самай яркай тэзай было:

...Змаганне.

...Каб змагацца, трэба быць рэвалюцыянерам.

...Рэвалюцыянеры зробяць рэвалюцыю.

...Рэвалюцыя давядзе людзей да шчасця.

Адно слова «рэвалюцыя» давала Крушынскаму натхненне ва ўсіх яго дзеях і ўчынках. Яно служыла як бы жалезнай воссю, на якой трымаліся калёсы рэспублікі.

Слова «рэвалюцыя» было ў яго нейкім ясным сонцам, у праменнях якога ён даўно грэўся. Яно было атулена паэтычнай традыцыяй пятага года. Крушынскі пашыраў яскравыя легенды аб тым, як у 1905 годзе ён раздаваў пракламацыі, як быў падстрэлены каля вакзала ў Мінску, калі мнагатысячная грамада чакала царскага маніфеста.

Знак на левай руцэ яшчэ і цяпер застаўся ў яго ад гэтага стрэлу. Івану Мацвеевічу — аднаму з самых таленавітых сваіх паслоў «па-за межамі рэспублікі» — ён аж тры разы паказваў сваю рану, «заслужанасць перад рэвалюцыяй». Гэтую эмблему рэвалюцыянера ён папулярызаваў, шмат каму паказваў.

— Каб на адзін вяршок правей папала куля, дык трапіла б у самае сэрца, і мяне даўно на свеце не было б!

З гэтага трэба было ўжо дагадвацца, што адзін вяршок выратаваў цэлую «рэспубліку». Такі нязначны выпадак, смешны капрыз лёсу, а мае вялікае гістарычнае значэнне.



9. НА АРЭНЕ БОЙКІ

[правіць]

— Хутчэй, суседзе, а то перарэжуцца, перадушацца! — сказаў Галава.

— Чуеце? Чуеце? — спытаўся Сухарукі і тармашыў Крушынскага за руку.

На хвіліну ён з двума бацькамі Драздоў і Дзятлаў спыніўся ў невялічкім густым бярэзніку.

Усе наставілі вушы.

У цень, у вільгаць бярэзніку прыносіліся глухія чалавечыя крыкі. Паміж мужчынскімі басавымі галасамі чуваць былі жаночыя пісклівыя лаянкі.

— Мабыць, Дразды натаўкуць Дзятлаў,— сказаў Галава.

— Пэўна, Дзятлы выпусцяць юху Драздам,— дадаў Сухарукі.

— Усе цэлыя застануцца. Няхай трохі пацярэбяць косці! — па-філасофску ацаніў гэту падзею ў сваёй «рэспубліцы» Крушынскі. Рэвалюцыянеры павінны змагацца!

— Я чытаў калісьці ў нейкіх пракламацыях такія словы: «Змагайся — зможаш!» Правільна было там напісана.

Яны выйшлі з бярэзніку ў сонечны прастор лугу. Птушкі спявалі, як заўсёды. Сонца па-звычайнаму свяціла. Рэчка блішчэла. Але на сенажаці адбывалася сур’ёзная падзея: поле бітвы разгортвалася ва ўсёй красе і магутнасці.

Спачатку, на свежае вока, здавалася, што гэта ідзе нейкая гульня. Чалавек за чалавекам гоніцца. Некаторыя на жарт дужацца. Мігцяць у паветры калкі. Бабы адцягваюць мужчын. Дзве грамады людзей то разыдуцца адны ад адных, то сыдуцца, сплятуцца, змяшаюцца ў жывую чалавечую кашу.

Не, гэта не гульня. Гэта Дразды з Дзятламі б’юцца.

Не, гэта не гульня. Бабы войкаюць. Мужчыны лаюцца.

Не, гэта не гульня. Вочы ў людзей дзікія, валасы ўскудлачаныя, грудзі расхрыстаныя.

Косы тырчаць воддаль, блішчаць на сонцы ў два шэрагі сталёвых вастрадзюбых істот.

З аднаго боку косы Драздоў, з другога — Дзятлаў.

Косамі, праўда, хутчэй можна было б вырашыць пытанне: «хто каго», але кос шкода. Чаго добрага, ні за што ні пра што і каса на кавалачкі раздасца. А Дразды і Дзятлы гаспадары не абы-якія — шануюць сваё дабро.

Калы, а болей за ўсё кулакі — самая ганаровая зброя ў Драздоў і Дзятлаў.

Гэта зброя засталася ім у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў. Яна з’яўляецца неафіцыйным гербам і цяперашняй невялічкай «рэспублікі».

Арэна бойкі з прыходам Крушынскага з двума бацькамі плямёнаў ажывілася.

Удзельнікі бойкі заўважылі іх і лічылі патрэбным не паканфузіць сябе перад людзьмі.

Важна было не тое, за што біцца, але як біцца.

«Як біцца» было старым мастацтвам Драздоў і Дзятлаў.

Лужок быў кавалачкам сенакосу ў паўдзесяціны паміж сенажацямі Драздоў і Дзятлаў. Ён урэзаўся клінам у іхнюю зямлю яшчэ з старых часоў. Ён лічыўся раней уласнасцю пана Семашкевіча.

Доўгія гады Дразды і Дзятлы судзіліся з Семашкевічамі за гэты кавалак. Тады палітыка вымагала, каб яны разам адстойвалі сваё права. А цяпер, калі новы гаспадар Курганішча некалькі год таму назад падзяліў ім большую частку зямельных абшараў Семашкевіча, дык не зусім ясна вызначыў гэты лужок, пакінуў спрэчным. «Маленькае спрэчнае пытанне ў рэспубліцы не шкодзіць,— меркаваў ён.— Спрэчка не дае людзям драмаць. Улівае ажыўленне ў застыглую кроў мірнага жыцця».

За гэты лужок Дразды і Дзятлы штогод б’юцца.

Крушынскі заўсёды прысутнічае пры гэтым плямённым рытуале і захапляецца хараством жыцця...

Пасля ён іх мірыць.

Усё канчаецца лагодна. Усе здаволены яго пастановай.

З няменшым захапленнем глядзяць на бітву Галава і Сухарукі.

Як адстаўныя генералы, яны ўспамінаюць старыя часы, калі яшчэ іхнія равеснікі біліся за гонар плямёнаў.

А равеснікі іхнія — сівенькія дзяды — цяпер воддаль стаяць з аднаго і з другога боку. Стаяць і крычаць старчымі слабымі галаскамі:

— Ты яго ў бок! У бок!

— Во так! Во гэтак! Во! Во!

— У вока не бі, сабачы сын! Выб’еш!

— У патыліцу не можна, разбойнік! Заб’еш!

У іх існуюць адвечныя правілы аб тым, як біцца. Аднак, нягледзячы на старыя законы Драздоў і Дзятлаў: адны адных не пакалечыць, заўсёды з поля бітвы яны выходзяць з лаўрамі гераізму — заплыўшыя вочы, паломаная рабрына, выкручаны палец і апухлыя твары. Таксама некалькі кварт «чырвонай юшкі» застаецца на полі бітвы.

Галава і Сухарукі глядзяць на «тэатр ваенных чыннасцей» і ад перапоўненага настрою частуюць адзін аднаго тытуном...

— Ты майго тытуну папробуй! — кажа Галава.

— А чым мой горшы? — артачыцца Сухарукі.

— Не! Ты майго папробуй!

— Ты раней майго пакаштуй!

Тыцкаюць тытун адзін аднаму ў самыя грудзі.

— Ну, сып у люльку!

— Я ж цябе частую!

У Галавы загарэліся вочы, сыплюць маланкамі ў бок Сухарукага.

У Сухарукага зазвінелі ноткі злосці ў голасе.

Урэшце, яны абмяняліся тытуном. Задымілі люлькі.

Крушынскі смаліць папяроску за папяроскай. Не ведае, што з сабою рабіць, дзе дзецца ад вялікай радасці.

...Дзятлы і Дразды яшчэ добра біцца ўмеюць. У яго «рэспубліцы» люд жыве кіпучым жыццём...

— Во-о-ох! Во-о-ох! — стогне зямля.

— Гэ-э-э! Гэ-э-э! — зліваюцца ўсе крыкі ў нешта адно звярынае, дзікае.

Ва ўсіх звярэлыя твары. І ў тых, хто прымае гарачы, чынны ўдзел, і ў тых, хто наглядае і паддае ахвоты падбухторваннем.

Гараць раз’юшаныя твары. Вочы запалены дзікім агнём першабытных людзей.

І ў Крушынскага такі самы выраз твару. Ход бітвы адлюстроўваецца і на ім.

Бабы — Драздзіхі — Дзятліхі — аддзяліліся ад мужчын і давай весці змаганне між сабою «духоўнымі мячамі»; пачалі сыпаць адны на адных кулямётамі лаянак. Тэкст лаянак вельмі багаты. Па камандзе яны пачалі ілюстраваць свой тэкст: авангарды бабскага войска і з аднаго, і з другога боку адвярнуліся адны да адных спінамі ў адзін міг, у мігаценне вока (у гэтай стратэгіі вялікае значэнне мае «хто раней»), і нагнуліся...

— На! — раздаўся ліхі крык Дзятліх.

— На! — войкнулі ў гэты самы час і Драздзіхі.

Адваротныя бакі медаляў Драздзіх і Дзятліх гарэзліва бліснулі на сонцы...

Адно і тое самае з абодвух бакоў.

Гэта не здавальняла. Драздзіхі і Дзятліхі выгукнулі ў стылі «здрам-жалам» адзін магутны дзеяслоў...

Пажарышча твараў, пагрозы, крыкі, ляманты.

Два плямёны — Дразды і Дзятлы — выйшлі з раўнавагі жыцця, скінулі з сябе вопратку штодзёншчыны. Паветра, здавалася, было накалена, пагрэта да кіпення ад такога настрою, ад такіх учынкаў.

Нарэшце з абодвух фронтаў пачыналі як бы «выбываць з строю».

Людзі змарыліся, засапліся. Глядзелі адны на адных і выдавалі нейкія хрыплыя гукі:

— Гу-у-у!

— Гэ-э-э!

Ад вялікай злосці аднялася ў людзей мова.

Дразды і Дзятлы вярнуліся да становішча сваіх дагістарычных прапрапрадзедаў.

— Гу-у-у!

— Гэ-э-э!

Трохі адсапліся, і гісторыя чалавецтва зрабіла скок ад часоў пячэрнага чалавека да эпохі казачных былін.

Выйшлі, высунуліся наперад два асілкі.

Адзін з боку Драздоў — плячысты і кароткі. Звалі яго Міхась Бочка. Другі з боку Дзятлаў — высокі і тонкі. Звалі яго Арцём Слуп.

— Во-во-во! — казалі Дразды.

— Так-так-так! — згадзіліся Дзятлы.

Пакуль што, апрача аднагукавых слоў, у іх яшчэ не было іншых сродкаў выказваць сваю згоду на такі спосаб вырашэння спрэчнага пытання.

Кожны год, калі вялася ў іх спрэчка, каму касіць лужок, дык вырашэння пачыналася масавай чыннасцю і канчалася індывідуальнай. Ход гістарычных падзей развіваўся тут у адваротнай форме.

Кожны год яны прыдумвалі новыя спосабы бойкі, новыя метады. Эвалюцыйны год развіцця паказваў тут свае неадменныя законы.

Бывала так.

Калі перамагаў Плячысты і Кароткі, Дзятлы хадзілі цэлы год панурыя і маўклівыя. Дразды святкавалі перамогу.

Калі браў верх на полі бітвы Высокі і Тонкі, Дразды апускалі галовы. Дзятлам было цэлы год мора па калена.

І вось...

Сёлета...

— Хто каго?

Міхась Бочка сунуўся на Арцёма Слупа.

Арцём Слуп лез на Міхася Бочку.

— Хто каго?

Пагрозна блішчэлі цёмныя вочы ў Арцёма Слупа. Ён змераў імі ворага зверху ўніз — з галавы да ног.

Жудасна лыпаў светлымі бірузовымі вачыма Міхась Бочка. Ён зірнуў на ворага знізу ўверх — з ног да галавы.

— Наш маху не дасць! — думалі Дразды.— Шыракаплечы Бочка на тры кавалачкі разаб’е, як змяю, гэтага дзятлюка!

— Наш возьме верх! — разважаў у думках кожны з Дзятлаў.— Высокі Слуп закоціць драздоўскую Бочку на край свету!

На арэну бітвы прыбеглі і тыя Дразды і Дзятлы, якія працавалі на сенакосе Крушынскага.

Яны трапілі якраз на самае цікавае, як бы на смачную закуску бітвы.

— Хто каго?

— Ці Бочка Слупа, ці Слуп Бочку?

Слуп і Бочка змагаліся «па-божаму»: на кулакі.

Надыходзілі.

Разыходзіліся.

Елі вачыма адзін аднаго.

— Сцеражыся, Бочка!

— Глядзі, Слуп!

Гонар двух плямёнаў залежаў цяпер ад асілкаў.

Два чалавекі трымалі ў сваіх кулаках славу двух плямёнаў і гордасць маленькай «рэспублікі».

Крушынскі падышоў бліжэй.

Шалі справядлівасці ён павінен трымаць у сваіх руках моцна і строга.

Тут павінна быць аб'ектыўная крытыка — справядлівая, чэсная. Нельга прымаць пад увагу абліванне балотам гарачых крытыкаў з лагераў зацікаўленых бакоў.

Ні Дразды, пі Дзятлы не могуць быць шчырымі суддзямі ў пытанні «хто каго?». Дразды цягнуць у свой бок, а Дзятлы — у свой.

— Хто каго?

Ад гэтага «хто каго?» зноў стагнала зямля, войкала больш, чым раней, калі біліся грамадою, бо цяпер уся ўвага была звернута на Бочку і Слупа.

Кожны грук кулака здаваўся гарматным стрэлам. Тупат ног аддаваўся ў вушах вялікім стукатам.

Бітва двух асілкаў доўга цягнулася. Няроўны рост праціўнікаў гэтаму быў прычынай.

Бочка мерыўся даць па галаве Слупу, а трапіў у жывот.

Слуп рыхтаваўся сыпнуць Бочцы па мазгаўніцы, а яго кулак гудзеў у пустым паветры.

Каб «пудлу не даць», кожны з іх павялічваў свой спрыт. Кожны стараўся сцерці свой фізічны мінус у гэтай справе тэхнічным плюсам. Каб згладзіць розніцу росту, Бочка падскокваў угару, а Слуп згібаўся.

Кожны з іх пры гэтым перахапляў мерку і не пападаў у прыцэл.

Бочка падскокваў, і яго кулак жаўранкам круціўся над галавою Слупа. Слуп згібаўся, і яго рука хлюпалася аб моцны жывот Бочкі.

— Го-го-го! — рагаталі Дразды.

— Га-га-га! — смяяліся Дзятлы.

Яны зусім страцілі сур’ёзнасць.

Не тое было з Крушынскім. Ён быў сур’ёзным арбітрам.

— Ціха! — крыкнуў ён на грамаду.

Слуп скрыгатаў зубамі.

Бочка пыхцеў, як паравоз.

Яны глядзелі адзін па аднаго непрытомнымі, палітымі крывёю вачыма.

На момант абодва сціхлі, як бы аб нечым пабочным задумаліся.

А раптам...

Раптам яны змянілі тактыку бою.

Сашчапіліся ў адно.

Ніхто і не заўважыў, як гэта здарылася.

Бочка абхапіў Слупа за бакі, сціснуў яго магутнымі рукамі, як жалезнымі абцугамі.

Слуп сашчапіў жылістымі рукамі галаву Бочкі.

Гэта былі страшныя абоймы. Не то абоймы вялізнай дружбы і прыязні, калі зараз людзі добрыя пачнуць цалавацца, не то абоймы страшнай нянавісці і смерці.

Але шыя Бочкі была як дубовая калода, а бакі Слупа — як з чыгуну вылітыя.

Ніхто не паддаваўся.

— Душы, душы яго! — крычалі Дзятлы.

— Валі яго, валі! — раўлі Дразды.

— Г-г-гэ!

— Г-г-гэ!

І Слуп, і Бочка выдавалі адзін і той самы гук.

— Г-гэ-э! — ірвалася з глыбіні моцных грудзей двух асілкаў.

Доўга кружылі карагод на адным месцы.

Нарэшце...

Крутнуў сваёй моцнай галавой Бочка, вырваў яе з рук Слупа, тузгануўся ў адзін і другі бок і... т-р-р-ах!

Слуп, нібы крыло ветранага млына, закружыўся і грукнуўся вобземлю.

— Ой! — застагналі Дзятлы.

— Ага! ага! — узрадаваліся Дразды.

Слуп, як спружына, зноў ускочыў на ногі.

— Во! во! во! — паддавалі Дзятлы бадзёрасці Слупу.

Напружанасць дайшла ва ўсіх да таго, што жылы, як вяроўкі, выступалі на чырвоных ілбах.

— Го-о-оп! — паднялі Дразды трубны крык перамогі.

Бочка трапіў якраз кулаком у вісок Слупа.

Асілак паваліўся і як бы адразу заснуў, раскінуўся рукамі і нагамі, нібы на шырокай пасцелі пасля цяжкай працы.

Фінал бітвы выйшаў яскравы і драматычны.

У мінулым годзе перамога была на баку Дзятлаў.

Сёлета пяршынства заваявалі Дразды.

Сам «лёс» справядліва дзеліць гонар паміж плямёнамі. Ён дзеліць гэты гонар па чарзе паміж Драздамі і Дзятламі.

Чэмпіёнам «рэспублікі» застаўся Бочка.

— Арцёма забілі! Забілі Арцёма! Людцы, ратуйце!

Туды і сюды, нібы кавалкі снегу, мітусіліся белыя хусткі ўстрывожаных баб.

Арцём Слуп ляжаў на стоптанай траве ў цэнтры грамады. Рукі раскіданы крыжам, далоні з растапыранымі крывымі мазолістымі пальцамі. Ногі разняты цыркулем. Адшліфаваныя пяткі колеру чыгуну тырчалі людзям напаказ. Выгляд Слупа без слоў гаварыў Драздам і Дзятлам аб мізэрнасці і хвілёвасці адзіночнай чалавечай сілы.

Галава Арцёма Слупа была ўскінута. Выпуклялася цёмна-жоўтая шыя, нібы падстаўленая пад нож разніка. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Пад сонцам пёкся твар — бледны, з зачыненымі вачыма. Па твары была разліта надзвычайная супакойнасць і незацікаўленасць да ўсяго, што робіцца вакол. На лоб апусціўся блакітны, кволы матылёк...

Мужчыны адразу абмяклі, апусцілі рукі і адной грамадой (і Дразды, і Дзятлы) стоўпіліся вакол Арцёма Слупа. Яны былі цяпер збянтэжаныя, сарамлівыя, маўклівыя і не ведалі, што рабіць.

Чалавечы выгляд і чалавечае пачуццё зноў відаць у абліччах Драздоў і Дзятлаў. Няма ніводнага злоснага твару. З вачэй свеціцца дабрата, празмерная чуласць.

Над лугам спяваюць птушкі, звіняць з нейкім захапленнем. Пахне трава. Толькі цяпер Дразды і Дзятлы гэта заўважылі.

Арцёміха прычытвае пад мужам, галосіць у поўны голас:

— А божа ж мой! А людцы добрыя! Што ж гэта сталася?

Дразды і Дзятлы маўчаць.

— На каго ж ты, Арцёмка, пакідаеш мяне з дробнымі дзеткамі?

Арцём Слуп ляжыць спакойна без усялякага спачування да лямантаў жонкі.

Толькі бабы ў знак згоды выціраюць вочы хусткамі і праклінаюць луг:

— Каб ён скрозь зямлю праваліўся гэты чортаў луг!

— Вечна кроў людская льецца на ім!

— Каб яго сухавеі завеялі!

— Ціха вы, сарокі! — крыкнуў Крушынскі.— Прынясіце скарэй вады!

Па ваду пабег Міхась Бочка.

Ён прынёс поўную шапку вады і бухнуў на галаву Арцёма Слупа.

Арцём Слуп скрывіў губы і расплюснуў вочы. Блакітны матылёк паспеў выратавацца, узняўся, закружыўся на месцы і плаўна замільгаў над галовамі Драздоў і Дзятлаў...

Міхась Бочка шчыра засмяяўся:

— Го-го-го! Што чуваць на тым свеце?

Арцём Слуп лупіў вачыма ва ўсе бакі і сапраўды не ведаў, дзе ён і што з ім. У вушах звініць. Неба падае на яго галаву лёгкай пасцілкай. Недзе высока-высока над ім, вышэй летняга неба, стаіць грамада людзей.

— Яшчэ вады! — закамандаваў Крушынскі.

Зноў па ваду пабег Міхась Бочка. Ён гэта рабіў вельмі рупна і ахвотна.

Арцём Слуп глядзіць вакол сябе асалавелымі вачыма.

Міхась Бочка прынёс вады ў жбанку, напаіў Арцёма Слупа і зноў запытаўся:

— Што чуваць на тым свеце?

Толькі цяпер Арцём Слуп апамятаўся і сеў.

Успомніў, што тут здарылася, пачырванеў і мармытнуў сабе пад нос брыдкую лаянку.

— Што чуваць на тым свеце? — не адстае Бочка.

— На тым свеце мой бацька на тваім смалу возіць! — злосна сказаў Слуп і, як ні ў чым не бывала, ускочыў на ногі...

Дразды і Дзятлы дружна гутараць між сабою, нібы нічога не здарылася.

Усе глядзяць на здратаваны лужок.

— Шкада, дабро змарнавалася,— кажа Галава.

— Пэўна на два вазы сена стапталі,— дадае Сухарукі.

Яны зноў абменьваюцца тытуном.

Хвала пераможнікам!

Гора пацярпеўшым!

Вось выкрыкі, якія, нібы вострыя стрэлы, пранізваюць сівыя тысячагоддзі і б’юць у самае сэрца юнага «сягоння».

Іншых законаў, здаецца, нельга спадзявацца і ў «рэспубліцы» Крушынскага.

Але ў гэтай «рэспубліцы» ўмеюць накіроўваць плынь у адваротны бок, адважваюцца выступаць супраць законаў прыроды: слабейшы застаецца правым.

Трэба ўмець быць моцным, каб аддаць у падарунак правату слабаму. Трэба ўмець заўважаць праз грубасці жыцця хараство дабраты і чуласці.

Крушынскі ўмее.

Урачыстым голасам ён гаворыць Драздам і Дзятлам:

— Луг вы, суседзі, зараз жа скасіце, а сена трэба аддаць Арцёму Слупу! Два гарцы самагону на гэту справу я даю.

— А ўсё ж мы такі перамаглі,— кажуць Дразды.

— Эх, вы! Для каго сена косіце? Для нашага! — адказваюць ім на гэта Дзятлы.

Зазвінелі косы, зашорхалі па траве. Пачалі касіць лужок...

Арцём Слуп камандуе ўсімі. Ён на гэты раз гаспадаром. Міхась Бочка, як вінаваты, працуе пад камандай Слупа болей за ўсіх іншых касцоў старанна і паслухмяна.

У часе касьбы, нягледзячы на тое, што Дразды і Дзятлы працуюць навыперадкі, аднак, не змаўкае гамонка аб нядаўняй бойцы.

Цяпер загаварылі ваўсю пустыя брахуны.

Гэтага гатунку людзей у Драздоў і Дзятлаў многа.

Брахуны-Дразды даказвалі сваю правату, а брахуны-Дзятлы — сваю.

Брахунамі ў большасці былі тыя, хто рукамі ніякага ўдзелу ў бойцы не прымаў, а былі так сабе — з боку прыпёку. Яны займаліся толькі «тэорыяй».

Адны гаварылі, што бойка павінна адбывацца чэсна, без падвохаў.

Другія казалі, што ў бойках галоўную ролю іграе спрыт, а не сіла.

Кожны з брахуноў даводзіў:

— Каб я камандаваў бойкай, дык вельмі добра ўсё скончылася б.

Як гэта «добра ўсё скончылася б» і чаму цяпер кепска скончана, ніхто з брахуноў не тлумачыў. У душы кожны з іх зайздросціў Арцёму Слупу.

— Немаведама за якія «пралетарскія» заслугі яму застаўся гэты лужок.

Два брахуны (адзін Дзяцел, другі Дрозд) вялі цяпер між сабою слоўны турнір:

— Ты цецярук!

— А ты мышыны хвост!

— Контррэвалюцыянер!

— Ад такога чую!

Не кулакамі і не каламі біліся яны.

Языкі — самая прыстойная зброя.

Дразды і Дзятлы падбухторвалі да лаянкі сваіх брахуноў.

Галава і Сухарукі дазваляюць брахунам не касіць.

Брахуны вызвалены ад «грамадскай працы», каб выконваць гэты ж абавязак лаянкай.

Гэта вяселіць касцоў абодвух лагераў.

Вясёласць дапамагае ў працы.



10. ВЯЛІКІ ГРЭХ

[правіць]

У «рэспубліцы» Крушынскага ёсць і «нацменшасць».

Гады два таму назад пераехаў сюды стары каваль Лейба з сям’ёю. Раней Лейба жыў у мястэчку, але Дразды і Дзятлы хацелі мець свайго каваля. Каваль патрэбен быў і ў Курганішчы, бо там «машынабудаўніцтва» з кожным годам павялічвалася.

Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі; далі лесу на будоўлю, талакою пабудавалі хату, кузню, і «рэспубліка» ажыла. Ваколіца Драздоў і Дзятлаў аздобілася новым музычным інструментам; звон малаткоў аб жалеза.

Ажыўляліся вечарынкі ў Драздоў і Дзятлаў, бо ў каваля былі дарослыя дзеці — сын Рахмілька і дачка Мэра. Яны акуратна хадзілі на ўсе вечарынкі і забаўляліся разам з вясковай моладдзю. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру.

Стары каваль з сынам часам месяцамі працавалі ў Курганішчы. У Крушынскага была свая кузня як для ўласнай гаспадаркі, таксама для заробкаў. Ён прадаваў сялянам павозкі на жалезных восях; гаварыў, што робіць гэта не для гандлю, а з тэй мэтай, каб суседзі мелі добрыя павозкі.

Кончыўшы справу з лужком, Крушынскі накіраваўся да каваля. Трэба было нарыхтаваць сярпы да жніва і паправіць пару панарадаў для возкі сена.

Кузня Лейбы стаяла насупраць хаты на пагорку. І кузня, і хата былі беленькія, новыя. Яшчэ пахлі свежай смалою.

Крушынскі быў здзіўлены, што з кузні не раздаецца звычайнага звону. Падышоў бліжэй — кузня зачынена. Прайшоўшы праз невялічкі, неабгароджаны дзядзінец, абросшы густа крапівою і палыном, ён увайшоў у хату.

І пабачыў незвычайны, дзівосны абразок. Каваль Лейба качаўся па зямлі і стагнаў. Сівая барада была ўскудлачана. Вочы — непрытомныя, дзікія. Вакол старога бянтэжылася ўся сям’я. Жонка плакала і ў роспачы рукі ламала. Дзеці глядзелі спалоханыя і стрывожаныя. Толькі старшы сын, Рахмілька, спакойна сядзеў на лаве і маўчаў.

Мэры не было ў хаце.

— Што такое? Што здарылася? — шчыра занепакоіўся Крушынскі.

Стары Лейба сеў на падлозе і ўтаропіўся заплаканымі вачыма ў Крушынскага.

— Лейба, што з табою? Якая бяда?

— Каб я лепш галаву сваю скруціў у той дзень, калі перабраўся ў гэту хату! Няхай той дзень будзе чорным днём у маім жыцці! Няхай той дзень будзе праклятым на векі вечныя! Гэты дзень напоўніў мае вочы егіпецкай страшнай цемрай. Ужо не будзе для мяне светлага дня! Не будзе... не будзе... Божы гнеў над маёй галавою вісіць... божы гнеў...

Стары гаварыў з біблійным пафасам. Пералівы голасу аддавалі трагізм прарока Езакіэля, які аплакваў зруйнаваны хорам Саламонавы.

Усе хатнія анямелі ад страху.

Вочы Лейбы блукалі па сценах хаты, глядзелі насупраць і нічога не бачылі.

— Што? Якое няшчасце?

Каваль не адказаў па запытанне. Ён грозна крыкнуў на жонку:

— Ты, ты ва ўсім вінавата! Матка павінна глядзець за дзецьмі. Я ж казаў, што вечарынкі да дабра не давядуць!

— Ці ж я загадвала ім па вечарынках цягацца? Ці ж я іх выпраўляла? Ці ж я...

Старая заплакала, прыперлася галавою да чалеснікаў і білася ў канвульсіях.

— Мама... мама...— крычалі спалоханыя дзеці.

Крушынскі стаяў на адным месцы і не ведаў, што рабіць.

— Якое няшчасце здарылася ў вашай хаце? — зноў запытаўся ён.

Каваль падняўся на ногі. Стаяў высокі і грозны. Непрыязна зірнуў на Крушынскага, нават нянавісць мільганула ў яго вачах.

— Няшчасце! Няшчасце! — перадражніў ён Крушынскага.

Крушынскі яшчэ больш здзівіўся і адступіў на крок ад старога.

Лейба падышоў бліжэй, схваціў яго абедзвюма рукамі за правую руку і пачаў трасці.

— Няшчасце! Няшчасце! Каб усе няшчасці, якія толькі ёсць на свеце, скласці ў адно, дык маё ўсё роўна пераважыць...

— Кажы, Лейба, толкам, у чым справа? Дачка памёрла?

— Горш!

— Атруцілася?

— Яшчэ горш.

— Можа, зацяжарыла ад якога хлапца?

— Яшчэ горш...

— ???

— Яна... яна жэніцца з Марцінам Драздзюком. Вечарынкі ўсё гэта нарабілі. Мэра да яго сягоння ўцякла. Я толькі рвануў яе за валасы. Уцякла.

— А нашто было рваць за валасы?

— Як нашто? За гэтае самае? Гэта ж вялікі грэх. Шкадую, што малатком па галаве не даў, шкадую, што насмерць не забіў. Менш грэху было б.

— Суседзе, нашто глупства пляцеш? Лепш вяселле гуляць будзем! Запішам іх у сельсавеце, і няхай жывуць!

— І я тое самае кажу! — засмяяўся Рахмілька.

— Ціха ты! Чорт! Шэйгец! Гой!

Стары затупаў нагамі і кінуўся было з кулакамі да Рахмількі.

— Заб’ю! Ты яшчэ зубы шчэрыш?

Рахмілька адскочыў убок.

— Каму вяселле, а мне хаўтуры! Гадуеш дзяцей, няньчыш, а потым яны ад цябе адыходзяць. Віхор-вецер з карэннямі дрэвы вырывае, далёка-далёка ўносіць.

Стары Лейба давай ірваць сівыя валасы, пачаў войкаць без слоў.

— Вось так ад раніцы...— заплакала старая.— Звар’яцець можна.

— Ціха, Лейба,— пачаў лагодным голасам Крушынскі.— Няшчасце не такое вялікае. Гэта ж цяпер зусім новы свет настаў, новыя парадкі пайшлі. Мэра звязалася з добрым хлапцом. Будуць слаўна жыць. Гэта ж другі бацька на тваім месцы радаваўся б.

— Ай... ай... Не гавары... На літасць боскую не гавары...

— Твая дачка не першая і не апошняя. Сотні цяпер такіх. Ды што я кажу сотні — тысячы, дзесяткі тысяч.

— Але мне, бацьку, ад гэтага не лягчэй,— стагнаў Лейба.

Аднак ён пачаў патроху супакойвацца. Сеў на лаву, папрасіў сесці побач з сабою Крушынскага, і вочы яго трохі палагаднелі. Пагладзіў бараду, хацеў нешта сказаць, але стрымаўся. Некалькі разоў усё парываўся гаварыць. Кожны раз скоса зірне на Крушынскага і нічога казаць не адважыцца. Потым палажыў руку на плячо Крушынскага.

— Язэп...

— Што, суседзе?

— Можа, ты б мне памог... Я і пасагу шкадаваць не буду... Маю дзвесце рублёў... Аддам Марціну... Ты, Язэп, з ім пагавары... Тады сораму мець не буду...

Ён шапнуў Крушынскаму на вуха некалькі слоў:

— Няхай толькі Марцін не баіцца. Рапарацыя лёгкая... Тады родным сынам будзе мне, бліжэй за роднага. Ведаеш, такія яўрэйскія хрэсьбіны наладзім.

Лейба паглядзеў на Язэпа і чакаў паратунку.

Доўга Крушынскі стрымліваўся.

Зірнуў на Рахмільку. Рахмілька міргнуў да яго.

І гучны рогат пакаціўся ад сцяны да сцяны.

Смяяліся і Рахмілька і Крушынскі.

Стары анямеў на месцы ў сваім, ні для каго незразумелым, вялікім горы. Ён сядзеў як аглушаны доўбняй па галаве. Здавалася, што гучны смех не даходзіў да яго вушэй...

Нейк не па сабе зрабілася Крушынскаму ад такога выгляду старога. Ён змоўк. Твар яго зрабіўся сур’ёзным. Кіўнуў галавой да дзецюка і выйшаў з хаты. Рахмілька выскачыў зараз жа за ім.

— Вось што, Рахмілька, глупства гэта ўсё. Бацька супакоіцца. Ты мне сягоння ўночы патрэбен. Як сцямнее, будзеш мяне чакаць там, пад гумном.

— Добра.

Рахмілька быў адным з «дыпламатычных кур’ераў» Крушынскага. Свае сакрэтныя справы Крушынскі заўсёды праводзіў праз спрытнага Рахмільку.

«Нацменшасць» прымала чынны ўдзел у самых сур’ёзных справах «рэспублікі».

— Значыць да вечара?

— Вечарам пабачымся!

Крушынскі пайшоў пыльнай вуліцай.

З-за вугла Марцінавай хаты паказалася кавалёва дачка Мэра.

Яна сярэдняга росту, тонкая і лёгкая. Чорныя валасы «стрыжка» роўнай лініяй вызначаюць зграбную шыю. Кантраст колераў шыі і валасоў вельмі рэзкі, ад чаго Крушынскаму валасы Мэры здаюцца яшчэ болей чорнымі, а шыя болей белая. Чорнае з белым заўважалася і ў вопратцы Мэры. Яе твар таксама нейкае дзіўнае злучэнне чорнага з белым. На бледным твары вызначаюцца чорныя бровы і вочы. Тонкія губкі так сціснуты, што замест іх — толькі вузенькі шрам.

Мэра падбегла да Крушынскага.

— Вы былі ў бацькоў?

— Быў.

Ён зірнуў ёй глыбока ў вочы.

— У яе вачах столькі жальбы і такі выраз болю, ажна нешта кранула яго за сэрца.

— Як яны там, бацькі?..

Мэра глядзіць на яго з доўгім запытаннем. У яе вачах блішчаць слёзы.

— Нічога, супакояцца.

Тон Крушынскага лагодны, бацькоўскі.

— Мне іх так шкода...

— Перамелецца ўсё гэта — мука будзе. Выжывуць.

— Я іначай рабіць не магла...

— І вельмі добра зрабіла, Марцін лоўкі хлопец. Але бацька хоча, каб Марцін наладзіў сабе хрэсьбіны па-яўрэйску.

Крушынскі ўсміхнуўся.

Мэра пачырванела.

— Бацькі мае хочуць свой гонар абараніць. Яны толькі сябе шкадуюць.

— А ты сябе шкадуй. І ўсё будзе добра.

Крушынскі вельмі цікавіўся жыццём «нацменшасці» ў сваёй «рэспубліцы». Ён вёў барацьбу з дробнымі праявамі антысемітызму, што калі-нікалі адчуваліся сярод старых сялян. Ён даводзіў кожны раз пры выпадку, што ніякай розніцы няма паміж яўрэямі і хрысціянамі. Але праз некаторы час ён зразумеў, што такой гутаркай толькі робіць адваротны ўплыў — розніца павялічваецца... Тады ён аб гэтым зусім кінуў гаварыць. «Лепш абмінаць гэтае пытанне,— падумаў ён,— тады яно само сабою знікне».

Часам ён рабіў заўвагі суседзям, калі чуў ад іх выраз «горш жыда», калі іхнія дзеці лаяліся словамі «жыд-халамід». Ён гэта стараўся тлумачыць мякка, асцярожна, каб не ўгнявіць. Пры гэтым вёў прапаганду ў тым сэнсе, што «жыд» такі самы чалавек, як усе іншыя.

Зверху такім чынам было гладка. Крушынскі адчуваў прыёмнасць для самога сябе ад уласных слоў. Але, калі ён пачынаў капацца ўнутры гэтага пачуцця, дык заўсёды выплывалі на ўзверх: «а ўсё ж такі»... Усё ж такі такой блізкасці да Лейбы ў мяне няма, як да якога-колечы Дразда або Дзятла. Нават да Рахмількі няма, хоць апошні ведае ўсе мае сакрэты.

Крушынскі адкрыў у сябе выпадкова гэта пачуццё, калі аднаго разу казаў сыну каваля: «Ты, Рахмілька, да жыда не падобны». Гэтым ён шчыра хацеў пахваліць Рахмільку, аднак заўважыў па вачах Рахмількі, што той пакрыўджаны. Тады Крушынскі задумаўся над гэтай пахвальбою — над сваімі словамі і зразумеў, што гэтым зганіў «жыдоў». Як бы ён, Крушынскі, ні агітаваў супроць антысемітызму, аднак у яго глыбока ўнутры ёсць гэтае «а ўсё ж такі...» [. . .]



11. «ЛЕЎ ТАЛСТОЙ»

[правіць]

Крушынскі вярнуўся дахаты. Івана Мацвеевіча сустрэў на дзядзінцы. Твар у агранома быў заспаны. Ён сам нёс з лядоўні збан халоднага квасу.

— А я да гэтага часу спаў, Язэп Сымонавіч.

— Па твары відаць, Іван Мацвеевіч. І вельмі шкадую, што не пайшлі са мною. Шмат цікавага пабачылі б.

Іван Мацвеевіч піў квас з збана і на момант закрыў гліняным збанам свой твар ад Крушынскага.

Адсапнуўся.

— Ой, добры квас. Па майму рэцэпту зроблены. Цікавае, кажаце?

— Зноў Дразды і Дзятлы пабіліся.

— Гэта нецікава. Вечна адно і тое самае. Я ж сам тры разы бачыў.

— А мне вельмі падабаецца. За такое прадстаўленне два гарцы самагону абяцаўся даць. Няхай балююць.

— І бойка, і самагон — гэта ўсё гнілы, стары быт. Чаму вы гэтым захапляецеся, Язэп Сымонавіч?

— Вось вам побач і новы быт. Жыдовачка, дачка Лейбы-каваля, пабралася з адным хлапцом — з Драздоў.

— Чаго добрага, Дразды і Дзятлы і за гэта біцца пачнуць, як старажытныя грэкі за прыгожую Елену,— сказаў Іван Мацвеевіч і зноў прыгарнуўся да збана з халодным квасам.

— Мабыць, да гэтага не дойдзе,— засмяяўся Крушынскі.— У каваля падрастае другая дачка. Тая пажэніцца з Дзятлам.

Іван Мацвеевіч выпіў квас да дна і з заклапочаным відам зноў пайшоў у лядоўню.

— Я зараз, Язэп Сымонавіч. Пачакайце!

Іван Мацвеевіч хутка вярнуўся з новым запасам квасу.

— Ага, ледзь не забыўся, Язэп Сымонавіч. Гэта ж вунь на ганку свайго новага знаёмага пакінуў. Адзін стары. Вельмі падобны да Льва Талстога.

— Гэта і ёсць наш «Леў Талстой»! Вы, Іван Мацвеевіч, да абеду з ім паталкуйце, а я пайду да касцоў. Пагаварыце з ім. Ён нават кнігі піша. Пасылае ва ўсе рэдакцыі, толькі нідзе не друкуюць.

Крушынскі пабег на сенакос.

Іван Мацвеевіч сеў на ганку каля старога дзеда, які ветліва ў яго запытаўся:

— Напіліся кваску?

— Выпіў і вам прынёс.

Іван Мацвеевіч паставіў збан на ганку, дзе на газеце стаялі дзве шклянкі.

Стары з сур’ёзнай паважнасцю наліў з збана квасу ў абедзве шклянкі.

Яму па выгляду было гадоў за шэсцьдзесят. Сівыя валасы на галаве, доўгая жаўтавата-белая барада, сіваватыя бровы над маленькімі шэрымі вачыма надавалі старому выгляд патрыярха. Суцэльнаму ўражанню перашкаджалі сялянскі кароткі пінжак, з шэрага самадзялковага сукна, і старыя боты.

Іван Мацвеевіч, аглядаючы сівога дзеда, дваіўся ў сваіх пачуццях і адносінах да яго.

Зірне на твар дзеда, поўны старасвецкай адухоўленасці, і пачынае да яго зварочвацца на «вы» з павагай, з сваёй прывычнай далікатнасцю і ўслужлівай чуласцю. Гляне на вопратку старога і пачынае казаць яму «ты», робіцца апатычным, незацікаўленым, і нават стыль гутаркі ў яго мяняецца. З складанай інтэлігенцкай формы сказаў ён пераходзіць на больш простыя словы. То падымаецца ў настроі, то апускаецца.

Глядзіць старому ў твар і пачынае гутарку:

— Дык вы кажаце, вандраваць любіце, маеце прывычку наглядаць над жыццём. Так. Чалавек вышэйшага калібру,— ну, скажам, надчалавек па Фрыдрыху Ніцшэ,— толькі так і павінен рабіць. Трэба стаяць вышэй дабра і зла. Дабро і зло існуе толькі ў агульным чалавечым стадзе. Праўда, гэта не па-марксісцку, але...

Раптам зірнуў на сялянскую вопратку «Льва Талстога».

— Але ведаеш, дзядзя, дай, вып’ем квасу!

А вось далікатна, элегантна чокаецца з «Львом Талстым». У Івана Мацвеевіча з’явілася такая ўрачыстасць на твары, нібы яны п’юць шампанскае.

Гэта было выклікана прыгожай барадой старога, на якую аграном выпадкова зірнуў у гэтую хвіліну.

— Вашы словы няясныя,— пачаў «Леў Талстой», паважна выціраючы вусы пасля квасу,— тоісь, я хацеў сказаць, ваша гутарка наконт дабра і зла і аб стадзе (я разумею людскім) адвакацкая, гэта значыць — мудрая. Наслухаўся я многа ізмаў. Але ўсё гэта адзін папізм! Так.

— Як гэта так! — вытарашчыў вочы Іван Мацвеевіч.

— А так, папізм!

«Леў Талстой» пагладзіў бараду і глыбакадумна ўсміхнуўся.

— Ну проста! папізм! ад слова поп! рэлігія! вера!

«Леў Талстой» блішчэў вачыма і казаў далей:

— Вера вышэй за ўсё на свеце! Я хацеў сказаць, што людзі ўсе моляцца богу. Тоісь, нават і нерэлігійныя моляцца. Я сам папам не веру! Не прызнаю папізму!

Ноткі злосці чуліся ў яго голасе.

Іван Мацвеевіч лыпаў вачыма. Ён акінуў «Льва Талстога» выпытваючым поглядам з ног да галавы, паціснуў плячыма і сказаў:

— Вельмі блытана гаворыш. Я не ўцяміў сэнсу вашых слоў.

— Бяда ў мяне! — усхапіўся «Леў Талстой».

— Якая бяда? — спачуваюча запытаўся Іван Мацвеевіч.

— Бяда ў тым, што я думаю адно, а гавару другое.

— Як гэта так? Вы не шчыры?!

— Не, не тое! проста не магу выказваць сваіх думак. Прывык усё на паперы пісаць. Дваццаць гадоў быў пісарам у земскага начальніка.

— Вось як! Гэта зусім іншае! А як вы аб веры сказалі? Я там не ўсё зразумеў з тваіх разважанняў.

— Я сказаў, тоісь, я хацеў сказаць, што рэлігія ў чалавека жыве і па сягонняшні дзень. Ці ён поп, ці ён рэвалюцыянер. Кожны з нас камусьці моліцца, перад нечым і нейкім на каленях стаіць.

— Так... цяпер разумею. А я чуў, што вы наогул пішаце, нават у рэдакцыі пасылаеш свае творы.

— Ёсць гэты грэх у мяне...— уздыхнуў «Леў Талстой».— Чытаў я Льва Талстога, Дастаеўскага. Ёсць шмат чаго такога ў іх, тоісь, я хацеў сказаць, разумныя былі людзі. А я — так! Я пішу. Вось трэба будзе калі з’ездзіць у Мінск у рэдакцыю і запытацца, чаму яны не друкуюць.

— А што вы тут робіце?

— На ваўначоску прыехаў. Тоісь, баба мая, я хацеў сказаць, прыехала. А я — так сабе. Тоісь, не баба прыехала на ваўначоску, а прывезла воўну на ваўначоску. А я вось, прыкладам, маю тут свой альбом. Думаў, розныя людзі бываюць у Курганішчы, часам не горш рэдакцыі якой. Я вам зараз прынясу свой альбом.

«Леў Талстой» падняўся з ганка і пайшоў на гумно. Праз некалькі хвілін ён нёс адтуль вялікую тоўстую кнігу паўаркушнага фармата.

— Вось мой альбом. Вазьміце з сабою ў Мінск. Друкуйце там. Тоісь, я хацеў сказаць, не друкуйце. Гэта значыць, перадайце там у рэдакцыю. Так. Можа, што надрукуюць. А я цяпер вельмі заняты. Тоісь, баба мая вельмі занятая. Гэта значыць, што баба лаецца. Я хацеў сказаць, мне трэба ехаць. Так. Бывайце здаровы!

— Бывай! Бывайце здаровы!

«Леў Талстой» хутка пабег на гумно.

Адтуль чуваць быў жаночы крык:

— Не марудзь там, памяло сівое! Каб ты здырдзіўся, дай божанька! каб ты...

Іван Мацвеевіч з зацікаўленасцю разгарнуў на ганку альбом «Льва Талстога».

Верх кожнай старонкі альбома меў такі друкаваны тэкст:


Время посещения

Земским Начальником

Волостного Правления



Замечания Земского

Начальника при посещении

Отметки Волостного Правления



На першай старонцы было напісана:


АЛЬБОМ

Красный сон мужика

Н. Н. К.


Я был богат —

Щитал на миллионы;

Я был не рад;

Глупее быть вороны.

Но как мужик

Я думал так:


Я попривык

Жить на пятак,

Ворочай миллионы

Рабочий, пиши законы,

Мужик глупее вороны.

Нет...


— І вершы піша,— усміхнуўся Іван Мацвеевіч,— а здаецца, з кулацкім душком. Пабачым, што далей напісана.

Іван Мацвеевіч перагортваў старонку за старонкай.

— І пчалярствам чалавек займаецца. Некалькі старонак аб пчолах напісана.

— А вось цэлая калекцыя грашовых знакаў ад мікалаеўскіх марак часоў вайны аж да апошніх — савецкіх.

— А вось хроніка падзей ваколіцы «Льва Талстога».

— А вось нейкія прытчы ў евангельскім стылі.

— Разважанні аб папізме.

— Цэлы спіс лекавых траў. Да некаторых і лацінская тэрміналогія прыпісана.

— Многа старонак пра Язэпа Крушынскага.

Іван Мацвеевіч пералістваў альбом і надзвычайна цешыўся.

— Гладкі канцылярскі почырк, але вельмі непісьменна пісана. Відаць, «Леў Талстой» быў простым перапісчыкам у земскага начальніка. Часам недрукаванае вартней за друкаванае. Вельмі арыгінальны чалавечы дакумент. Тут сказы, аднак, не такія блытаныя, як у жывой гутарцы «Льва Талстога».

— Можа, што і для сябе карыснага знайду ў гэтым альбоме.

З поля ішоў Крушынскі. Іван Мацвеевіч яго заўважыў, падняўся з ганка, панёс кнігу ў дом і схаваў у сваім чамадане.

— У вольны час буду чытаць.

У дзвярах паказаўся Крушынскі.

— Давайце абедаць, Іван Мацвеевіч! Агляд гаспадаркі будзеце заўтра рабіць!

— Так. Гаспадарка ваша не каза — ад мяне не пабяжыць. Паспеем і заўтра.



12. «РЭСПУБЛІЦЫ» ПАТРЭБНА ПРЫГОЖАЯ ЖАНЧЫНА»

[правіць]

Дзяўчаткі Крушынскага, Настачка і Мзей, займаліся рыбацтвам. У апошнія дні гэта было галоўнай забаўкай.

Праўда, рыбацтва — хлапцоўскі промысел, але сямігадовая Настачка і чатырохгадовая Мзей увесь час забаўляліся з хлопчыкамі і перанялі ўсе іх манеры, усю кемнасць і спрыт маленькіх мужычкоў. Разам лазілі на дрэвы, разам разбівалі птушыныя гнёзды, пільнавалі дробных куранятак і качак ад каршуноў і наогул знаходзіліся ўвесь час у кампаніі хлопчыкаў.

Пасля вялікага працоўнага дня дзяўчаткі Крушынскага заўсёды варочаліся дахаты падрапаныя, параненыя, мокрыя, запэцканыя ў рудаўках і лужах. Прыносілі з сабою жаб, яшчарак, птушак, вожыкаў.

Часам кідалі на матку гэтым дабром, каб паглядзець, «як мамка пужаецца».

Пані Ганна пішчала ад страху. Дзеці смяяліся.

Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бывала, на цэлы дзень не адпускала іх ад сябе, каб яны не сябравалі з вясковымі «хамамі», каб не навучаліся ад «іх» брыдкіх слоў і ўчынкаў.

У часы такіх «арыштаў» дзяўчаткі вельмі сумавалі, плакалі і адмаўляліся ад яды. Галадоўкай ламалі ўпартасць маці. Пані Ганна не магла даць рады. Скардзілася мужу. Ён смяяўся, радаваўся, што ў яго дачушак хлапцоўскі нораў.

— Якраз у мяне пайшлі. І я такім у маленстве быў.

— Але ж яны дзяўчаткі!

— Я ў гэтым невінаваты. Калі няма хлапцоў, дык няхай дзяўчаткі гадуюцца як хлопцы.

— Сапсуюцца дзеці. Што з іх будзе? Што з іх будзе?

— Нічога кепскага не станецца. Трэба толькі даць ім волю, тады будзе добра.

— Волю, волю! — перадражніла яна мужа пісклівым галаском.— Ліха наробіш гэтай воляй. Нават дарослыя людзі распусціліся ад тваёй волі. Табе на галаву лезуць. Зараз курам і індыкам волю дасі.

— Захачу — і дам. Не твая бабская справа.

Так заўсёды канчалася гутарка паміж Крушынскім і жонкай аб выхаванні дзяцей і волі.

Гэтае пытанне паднеслі на грамадскі суд Івана Мацвеевіча.

— Цікава, што скажа Іван Мацвеевіч: ці мая праўда, ці твая? — гаварыла пані Ганна.

Пры гэтым яна пазірала на Івана Мацвеевіча, як на збаўцу, як на чалавека шляхетнага, вучонага, які добра разумее, што яна, пані Ганна, мае рацыю.

— А праўда, няхай Іван Мацвеевіч вытлумачыць табе, што ты дура, што ты нічога не цяміш у выхаванні дзяцей, ні белмэса не разумееш.

Сказаўшы гэта, Крушынскі хітра міргнуў Івану Мацвеевічу.

Аграном павінен быў вырашыць вельмі цяжкую праблему, нават не адну, а некалькі.

Ён разважаў сам з сабою:

«Калі, паводле майго вырашэння, права будзе за гаспадаром, тады гаспадыня пачне на мяне касавурыцца. А гэта справа невыгодная, бо ніхто, як пані Ганна, так не ўмее карміць смачнай і сытнай ежай. Калі яна возьме перавагу, паводле майго прысуду, тады Язэп Сымонавіч не будзе мець на мяне добрага вока. Гэта будзе яшчэ горш. Калі іх абодвух вінаваціць і зрабіць так, каб я асудзіў іх,— гэта зусім не гадзіцца. Саб’еш іхны гонар — і мой пацерпіць».

Такія развагі прамільгнулі ў думках Івана Мацвеевіча хутка, у мігаценне вока.

— Па-мойму,— сказаў ён павольна, расцягнута і кожнае слова шліфаваў, нібы дарагі камень, і спынкі між словамі цадзіў, як малако праз цадзілку,— па-мойму, Язэп Сымонавіч гаворыць праўду.

Пані Ганна выставіла на яго пару здзіўленых і пакрыўджаных вачэй.

Крушынскі заззяў ад радасці і ківаў галавою ў знак згоды.

— Справа ў тым,— гаварыў далей Іван Мацвеевіч,— што дзецям, безумоўна, патрэбна воля. Гэта раз. А па-другое, нельга іх адрозніваць ад іншых дзяцей. Трэба выхоўваць у іх ад маленства пачуццё калектыву, сяброўства, бойкасці, адвагі. Трэба, каб дзеці, ці хлопчыкі, ці дзяўчынкі, загартоўваліся і целам, і думкамі. Словам, Язэп Сымонавіч у даным выпадку разумна разважае.

Пані Ганна стрэльнула на Івана Мацвеевіча атрутаю злосных вачэй.

Крушынскі спагадліва кіўнуў аграному і пальцамі правай рукі зрабіў жонцы доўгі нос у знак перамогі, сказаўшы адно толькі слова — кплівае, абражаючае, атрутнае:

— А-г-га!

Іван Мацвеевіч спакойным даследчым вокам зірнуў у адзін і другі бок: правяраў па практыцы эфект сваіх слоў, праўдзівасць сваёй тэорыі.

«Так. Я не памыліўся».

І дзеля таго, што не памыліўся, яму стала вельмі прыемна. Яшчэ раз зірнуў на Крушынскага і на паню Ганну, яшчэ раз упэўніўся, што яго тэорыя правільная: выразы іхніх твараў застыглі ў тых характэрных масках, якія ён на іх насунуў сваімі развагамі.

Яму было вельмі цікава глядзець цяпер на Крушынскіх. Нібы гэта ён сваёю рукою намаляваў два партрэты. Нібы пані Ганна і Язэп Сымонавіч — яго ўласныя творы.

Гэты дослед заняў у яго зноў жа толькі частку хвіліны. Ніякіх спынкаў у гутарцы не было.

І вось ён пачаў гнуць кій у другі бок:

— Але калі мы будзем разважаць глыбей, калі мы ўнікнем у самую істоту справы выхавання дзяцей, дык выйдзе, што пані Ганна дарэчы гаварыла. Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Дзіцё за свае ўчынкі не адказвае. Цяпер наконт сяброўства з іншымі дзецьмі, у даным выпадку з дзецьмі суседніх сялян. Факт, што сялянскія дзеці гавораць брыдкія словы. Яны заўсёды запэцканыя, брудныя. Факт, што яны не раўня да вашых дзяцей. А кепскаму заўсёды лягчэй навучыцца, чым добраму. Кепскае сяброўства шкодна і для дарослых. На мой погляд, пані Ганна мае рацыю.

Іван Мацвеевіч зноў давай правяраць новы «эфект»: нібы граў на музычным інструменце і прыслухоўваўся пры гэтым, ці не фальшывіць.

«Не фальшывіць».

Муж з жонкаю памяняліся ролямі.

Ён паглядзеў на Івана Мацвеевіча як на здрадніка, як на шальмяца самага горшага гатунку.

Яна кінула спагадлівы ўзрок шчырай удзячнасці на Івана Мацвеевіча, а свайму мужу вярнула яго тавар удубальт: зрабіла яму нос доўгі-доўгі — не на пяць пальцаў, а на ўсе дзесяць...

Тут Іван Мацвеевіч у поўнай меры адчуваў сваю ўладарнасць над людзьмі: ён перарабляе чалавека паводле ўласнага хацення; надае двуногаму формы паводле свайго капрызу не менш таленавіта за бога, які стварыў Адама і Еву.

Гордасць блішчэла ў яго вачах.

Ён накіраваў шалі чалавечых пачуццяў у адзін бок, у другі; нацешыўся сваёй ігрою злосна, па-разбойніцку — і годзе. Цяпер трэба наладзіць раўнавагу. Раўнавага — гэта залаты якар жыцця. Раўнавага — жалезабетонны мост чалавечага дабрабыту.

Кароткія спынкі, якія Іван Мацвеевіч даў раней Язэпу Крушынскаму, а пасля — пані Ганне для таго, каб кожны з іх часова цешыўся сваёй перамогай над другім, хвілёвасцю займалі не больш часу, чым шыпенне гарачага папяроснага акурка, кінутага ў лужыну: акурак, акунуты ў вільгаць, пшыкне разок і змоўкне. Толькі бледны дымок пакружыцца над ім і рассеецца ў невідочнасць.

Ёп пачаў тушыць акуркі:

— Так. Але тут такая справа, што калі праў адзін, дык гэта яшчэ не значыць, што другі не праў. Правы і Язэп Сымонавіч і пані Ганна. Насы выстаўляць адзін аднаму, выбачайце, зусім лішняя турбота. Можна і без гэтага... І абодва вы няправы...

Крушынскі і яго жонка ў гэту хвіліну сапраўды выглядалі, як патушаныя папяросы. Напружнасць перамогі аднаго над адным аслабла ў халоднай вадзе разважанняў іхняга прыяцеля. Яны цяпер абодва непрыязна глядзелі на Івана Мацвеевіча. Ён збіў аўтарытэт кожнага з іх.

— Толькі не крыўдуйце на мяне, мае дарагія! — прасіў літасці аграном.

— Калі ласка, калі ласка!

— Проша, проша!

— Як муж без жонкі — не муж, а жонка без мужа — не жонка, бо адзін надае сабою годнасць і магчымасць другому, таксама і правата кожнага з вас, пані Ганна і Язэп Сымонавіч, можа быць праватою моцнай, практычнай і жыццёвай, калі яны будуць зложаны разам у адно. Як гэта зрабіць? А зусім проста. Язэп Сымонавіч кажа, што дзеці павінны мець волю, павінны гуляць разам з мужыцкімі дзецьмі, бо цяпер зусім іншы час настаў — вельмі правільна. Пані Ганна даводзіць, што ад сялянскіх дзяцей навучацца вашыя шляхетныя дзеці брыдкіх учынкаў, што лішняя воля сапсуе дзяцей — згодзен і з гэтым. Дык зноў жа, як зрабіць, каб усё было добра? А вось як: выбраць з сялянскіх дзяцей самых лепшых, ну, скажам, тых, якія маюць багацейшых бацькоў... Наняць для іх разам з вашымі настаўніцу (у Мінску многа такіх знойдзецца, якія да вас у Курганішча ахвотна паедуць), і яна зоймецца выхаваннем. Пад наглядам настаўніцы будуць не толькі вучыцца, але і забаўляцца ў пакоях або ў полі разумна і карысна.

Гэты праект спадабаўся і Крушынскаму і пані Ганне. Такое меркаванне перакінула кладку па канаве, пракопанай між імі частымі сваркамі аб выхаванні дзяцей.

Выбар настаўніцы зноў жа выклікаў цэлы шэраг пытанняў, меркаванняў і спрэчак. У сувязі з гэтым разгортваліся новыя кругавіды.

Першым чынам, настаўніца ў хаце — гэта не хатняя працаўніца, не кухарка, не жнейка і не пастушка. Мала таго што ёй трэба даць асобны пакой, а не куток у пакоі, прыйдзецца ўсім у хаце падцягнуцца, перайначыць хатні быт, глядзець зусім іншым вокам за сабою, каб не было сорамна перад гарадской дзяўчынай. Апрача таго, прыйдзецца пакласці трохі энергіі, пакуль яна зробіцца сваім чалавекам — шчырым сябрам сям’і.

І вось будучая настаўніца (кантроль сямейнага ладу Крушынскіх) прымусіла Язэпа Крушынскага, паню Ганну і Івана, Мацвеевіча аб многім думаць кожнаму паасобку і разважаць разам.

Язэп Крушынскі думаў.

— Які ў мяне густ? Ад гэтага залежыць выбар настаўніцы. Галоўным чынам, яна павінна быць маладою. Гэта — першая карысць ад жанчыны. Па-другое, яна павінна быць прыгожай. Гэта — добры дадатак да яе маладосці. Тут я мушу даць адказ па запытанне аб маім гусце: бландзінка, шатэнка, чарнявая, брунетка, бялявая, голас, манеры, фігура і гэтак далей, і гэтак далей.

Перад уяўленнем Язэпа Крушынскага праходзіла цэлая галерэя знаёмых дзяўчат, якія яму падабаліся. Некаторых, хоць яны былі для яго недаступнымі, ён кахаў. З іншымі меў прыязныя зносіны. З нямногімі былі ў яго самыя блізкія, самыя прыемныя хвіліны ў жыцці. Ён праверыў такім чынам свой мужчынскі густ і прыйшоў да пэўных вывадаў.

— Хараство кабет не аднолькавае і вельмі багата па сваёй разнастайнасці. У мяне ў гэтым пытанні погляды вельмі шырокія.

Ён круціў вусы і мнагазначна ўсміхаўся, думаў аб багатых перспектывах, якія чакаюць яго ў сувязі з настаўніцай.

Пані Ганна меркавала:

— Самае лепшае, калі настаўніца сярэдніх гадоў, непрыгожая, а то — павер мужчынам: мой Язэп вельмі легкадумны, зноў наробіць мне сораму, як у мінулым годзе са служанкай. Калі настаўніца сталая кабета, тады яна будзе вучыць дзяцей богу маліцца. А то прыходзіцца мне самой кожную раніцу з імі малітвы казаць. Абавязкова настаўніца павінна быць каталічкай.

Іван Мацвеевіч разважаў:

— Курганішча набудзе новыя прывабы. Мне куды прыемней стане часам пабыць тут некалькі дзён, калі фальварак аздобіцца маладой і прыгожай дзяўчынай.

Хоць побач з такой думкай яго трохі палохала будучая чараўніца палёў і лясоў Курганішча. Яна напомніць яму аб ранейшай жонцы. Але зусім магчыма, што якраз прыгожая дзяўчына будзе для яго душэўнай раны гаючымі лекамі.

Свае думкі ўголас выказвала адна пані Ганна (толькі частку думак).

— Настаўніца павінна быць сярэдніх гадоў і каталічкай, каб вучыла дзяцей богу маліцца.

Спрэчкі аб рэлігійным выхаванні былі кароткія. Язэп Крушынскі — бязбожнік.

— Апрача таго,— сказаў Язэп Крушынскі,— сярэдніх гадоў настаўніцу не дастанеш, бо яна або замужняя, або ўдава з дзецьмі. Такая, калі нават згодзіцца паехаць, дык толькі на некалькі месяцаў і то будзе вечна думаць аб сваёй сям’і. Гэта перашкодзіць заняткам.

— Няхай маладая дзяўчына,— згадзілася пані Ганна з мужчынскай логікай мужа,— але, прынамсі, трэба дастаць не лялечку, не прыгожанькую, а то...

Пані Ганна спынілася і паставіла пры слове «то» мнагакроп’е.

Язэп Крушынскі адчуў гэтае мнагакроп’е на сваёй спіне нібы калючы жвір.

Івану Мацвеевічу здалося, што пані Ганна ў гэтую хвіліну заглядае ва ўсе сакрэты яго душы, чытае яго грэшныя думкі і перачытвае, нібы стары дзяк псалтыр, надрукаваны буйнымі літарамі.

Толькі адну хвіліну пані Ганна зірнула на мужа і агранома. Яна давяла сваю думку да канца:

— ...а то настаўніцы ў галаву не палезе выхаванне дзяцей, бо адбою не будзе мець ад тутэйшых хлопцаў, ад пагранічных вайскоўцаў, якія часта ў нас бываюць.

Сваім важным довадам супроць прыгожай дзяўчыны пані Ганна пашкодзіла самой сабе, бо яна дала магчымасць Язэпу Крушынскаму зараз жа адкінуць гэты довад. Ён гэта зрабіў вельмі таленавіта, красамоўна і з вялікім натхненнем:

— Во, во, жонка, дзякую, што напомніла... Якраз такая дзяўчына і патрэбна. Яна павінна ўмець прывабліваць мужчын. Чытаў я калісьці «Тайны Мадрыцкага двара», «Шпіёнку кайзера Вільгельма» і многа іншых цікавых гісторый і зразумеў вялікую сілу прыгожых жанчын. Прыгожая жанчына — сталёвы кручок, на які бярэцца самая тлустая рыба. Прыгожая жанчына за кулісамі трону кіруе дзяржавай. Прыгожая жанчына адыгрывае вялікую ролю ў справах любой краіны. Прыгожая жанчына ахутвае залатой павуцінай самых разумных людзей.

Такое частае паўтарэнне слоў «прыгожая жанчына» вельмі прыкра адбівалася ў вушах пані Ганны, нібы шпількі калолі яе жаночае самалюбства. Яна часта папраўляла хустку, выбівала з-пад яе жмуток рэдкіх бялявых валасоў і станавілася ў позу. Гэтым без слоў гаварыла:

— А чым жа я не прыгожая жанчына?

Язэп Крушынскі ў хмелі красамоўства не заўважыў выразнай позы жонкі і развіваў далей думку аб прыгожай жанчыне. Ён перайшоў ад абстрактнага да канкрэтнага:

— І маёй маленькай рэспубліцы патрэбна прыгожая жанчына. Часам нейкае ліха здарыцца — выратуе прыгожая жанчына, наша будучая настаўніца... Часам... але што доўга аб гэтым гаварыць.

Дэталізаваць свае думкі Язэп Крушынскі лічыў нетактоўным перад гасцём.

Справа была вырашана.

У самы блізкі час трэба будзе знайсці ў Мінску маладую настаўніцу для дзяцей. У сувязі з гэтым кожны з удзельнікаў парады па-свойму маляваў перспектывы Курганішча.



13. НАСТАЧКА І МЗЕЙ

[правіць]

Дзеці былі на полі каля рэчкі. Гэта было пасля абеду. Крушынскі і Іван Мацвеевіч ляглі адпачыць.

Сонца знізілася. Да лесу прытуліўся густы цень. Настачка і Мзей забаўляліся каля рэчкі: разам з вясковымі дзецьмі «лавілі рыбу».

Мзей мела па гэту справу свой самастойны погляд: ракушак называла мянтузамі, «жабіны начовачкі» — плоткамі, а даўгаватыя каменьчыкі — шчупакамі. Маленькіх плотачак, якіх часам удавалася хлопчыкам злавіць у «невадзе» (у кашульцы), Мзей называла змейкамі.

Старшая сястрычка, Настачка, ёй не раз рабіла заўвагі голасам сталага чалавека:

— Дурненькая, гэта не змей, а плотачка!

— Змей,— артачылася Мзей.

— Плотачка.

— Змей.

— Плотачка, плотачка, плотачка!

— Змей, змей, змей!

Кожная заставалася пры сваіх поглядах. Спрэчкі гучэлі пустымі словамі.

— Я не хацу, каб п’ётачка,— настойвала Мзей,— я хацу, каб змей. Але гэты змей маенечкі, маенечкі. А вось змей вяікі, ст'яшны... уй...

Мзей называла «вялікім ст’яшным змеем» тонкі дубец. Яна махала ім у паветры і крычала:

— Змей, змей, ст’яшны...

Дубец гнуўся. Яна кінула яго на зямлю, адскочыла ўбок і давай шчыра крычаць:

— Настачка, баюся змея!

— Дурненькая, гэта ж не змей,— супакойвала Настачка матчыным голасам,— гэта ж кіёчак.

— П’яўда?

Мзей засмяялася і зноў узяла ў рукі тонкі дубец.

— Кінь, кінь! Гэта змей! — жартавалі хлопчыкі.

Мзей зноў кінула дубец з такім страхам, нібы трымала гарачы вугаль.

— Не палохайце малую! — залямантавала Настачка, тулячы да сябе Мзей,— а то я заплачу і мамцы скажу.

Кончыўся фокус фараонаўскіх жрацоў з кіем і змеем.

Хлопчыкі зноў браліся «лавіць рыбу». Пялёхкаліся ў вадзе і настаўлялі кашулькі, як рыбалоўныя сеткі.

— А цяпер будзем сушыць кашулі,— падаў адзін з кампаніі новы праект.

Дзеці пусціліся на ўзгорак, на даўно ўзораны курган.

— Будзем у пяску качацца, дык кашулькі хутка высахнуць! — параіла Настачка.

Усе доўга качаліся ў пяску.

— Ага, грошык знайшла! — узрадавалася Настачка.

Яна знайшла ў пяску старадаўнюю манетку.

— Давай, хлопцы, капацца ў пяску, знойдзем і мы! — сказаў галоўны «рыбалоў» Язэпка.

— Давайце, давайце! — узрадаваліся дзеці,— знойдзем скарб.

— Сымон Чарнюк казаў, што тут скарб захованы,— пацвердзіў Язэпка.

Дзеці старанна капаліся ў пяску. Знайшлі некалькі чарапкоў, пацеркі, заржавелыя масяндзовыя цацкі.

— А мой бацька,— пахваліўся Язэпка,— малаток каменны тут знайшоў. Усё тут ёсць!

Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску.

— Ой, маці біць будзе! — падняла трывогу Настачка.— Хадзем купацца. А тады пойдзем у лясок шукаць скарбаў. Дзед гаварыў, што і ў лесе многа скарбаў.

Дзеці з вялікім запасам розных цацак у руках зноў пайшлі купацца.

Пасля купання Настачка зрабіла «экспертызу» над вопраткамі дзяцей.

— Цяпер самая злосная мама не будзе мець да чаго прычапіцца! — сказала яна.

Усе накіраваліся ў лес.

— Дзеці, глядзіце! — задзівілася Мзей.— Вунь маенечкі конік, маенечкі, мае-енечкі... Вось гэстачкі, як паец.

Мзей паказала велічыню коніка — выставіла на паказ свой тоненькі пальчык.

Па сіўцы пасвілася кабыла з жарэбчыкам.

Дзеці пагналіся за «маенечкім конікам». Кабыла пачала злосна стрыгчы вушамі, кінулася на дзяцей.

Яны ўцяклі.

— Вось і лясок.

Маленькая Мзей яшчэ ні разу тут не была.

Яна ішла ціха, азіралася па баках з такой зацікаўленасцю, нібы ўваходзіла ў казачныя палацы або ў нязведаны, дзіўны край. Каб быць болей харобрай і адважнай, яна тулілася да «вялікай» Настачкі, якую лічыла надзвычайным аўтарытэтам:

«Настачка ўсё ведае»...

У ляску бялеюцца стромкія бярозкі. Дзе-нідзе, як стагі сена з завостранымі вярхамі, стаяць прысадзістыя елкі. Яны ледзь рухаюць цёмна-зялёнымі лапкамі. Месцамі дрэвы гуртуюцца шэрагамі. Між імі пратоптаны сцежкі, і лясок выглядае паркам з роўнымі прысадамі, насаджанымі людскімі рукамі. Месцамі, нібы шчаціна на аграмадным япруку, тырчаць маладыя зараснікі, красуюцца тоненькія дубочкі. Часам сустракаюцца гушчэчы. Там цёмна і ў вечным ценю пахне вільгаццю.

Самы адважны хлопчык, Язэпка, водзіць дзяцей па вытаптаных сцежках. Тлумачыць на кожным кроку:

— Вось бачыце — гэта муравельнік. Але мурашкі кусаюцца, блізка падыходзіць нельга. А вось зайцава шчаўе. Можна есці.

Дзеці прабуюць кіслую траўку.

— А вось гэта — мядовая кветка. Трэба смактаць.

Дзеці смокчуць дзяцельнік.

— Я вам пакажу месца, дзе сунічкі растуць і мухаморы,— хваліцца Язэпка.

Спяваюць птушкі. Дзе-нідзе мігацяцца матылькі, гудзяць мухі.

Дзеці з цікавасцю прыглядаюцца і прыслухоўваюцца. Раней яны толькі здалёк бачылі гэты лясок. Ён стаіць як бы адгароджаны ад лугу і ўсёй ваколіцы вабнай таямніцай, недаступным замчышчам, дзе, паводле казак старых бабулек, жыве калматы, страшны лясун з лютай ганнёю ваўкоў.

Дзеці шчыра вераць у гэтыя байкі.

Ніхто з іх не адважыўся б адзін пайсці. Але Язэпка не баяўся: часта тут бываў.

Лясная казка палохае і прываблівае да сябе дзяцей. Як маладыя звяркі, яны нюхаюць паветра. Пах лесу казыча ноздры і павялічвае настрой казачнасці.

Густыя папаратнікі, невядомыя ім расліны, з вялізнымі чырвонымі, як бы акрываўленымі, лістамі, чорныя карчы, падобныя здалёк да скорчаных звяроў, да людзей у розных позах, будзяць дзіцячую фантазію.

Дзесьці ў кустах ляшчыны плача птушка.

Дзеці прыслухоўваюцца да лясных галасоў, да шэпту і скрыпу дрэў, ідуць глыбей у лес — у самыя чароўныя куткі. Звычайны дубовы лісток, засохлае скрыдлачка матылька дзівіць іх тут сваімі цудамі і хараством. На дубовым лістку, нібы на руцэ чалавека, знаходзіцца цэлая пляцёнка жылак: многа-многа, дробненькіх-дробненькіх. Каб заплюшчыць вока і глядзець доўга на гэтыя жылкі (як робіць Настачка), дык яны нагадваюць вялізны густы лес... А то падобны да цікавай прыгожай тканіны.

Настачка рве лісткі.

А якая прыгожая цацка — скрыдлачка матылька. Гэтулькі колераў, столькі бліскучых залатых крапінак, сініх вочак і празрыстых галіначак на гэтым скрыдлачку — не надзівішся...

Тое, што дзеці каля сваіх хат на кожным кроку бачаць ды не заўважаюць, тут у лесе выпукляецца, набывае надзвычайную яркасць і прывабнасць. Цікавыя рэчы адганяюць страх, цягнуць у глыб лесу, у нябачаныя таямніцы...

Жаласліва стогне птушка. Шушукаецца лісцё на дрэвах.

«Шу-шу-шу»...— шапацяць тысячы вуснаў.

«Квох-квох-квох»,— квохча нешта у лужыне.

— Баюся,— ціха кажа Мзей.

— Не бойся, маленькая,— супакойвае Настачка.— На табе птушынае малако!

Настачка нагінаецца, адрывае траўку пад назваю «птушынае малако». З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок.

— Гэта маяко п’юць птушкі? — цікавіцца Мзей.

— Птушкі.

— І я хачу піць.

— Няможна — горка. Фэ!

Настачка вырывае траўку з рук Мзей.

— Тады я зноў буду баяцца!

— Не бойся, маленькая. Кажы малітву, як мамка вучыла, і не бойся.

— А як казаць малітву?

— Кажы: «мёйца, сына і духа святога...»— дыктуе Настачка.

Мзей пачынае гаварыць:

— Казы мёйца...

— Дурненькая! — перапыняе Настачка,— не кажы «казы мёйца», а кажы проста «мёйца».

— П’ёста мёйца...

Настачка торгае плечыкамі ад нецярплівасці:

— Не кажы «п’ёста мёйца», а кажы «мёйца».

Мзей тарашчыць на сястрычку спалоханыя вочы, складвае набожна ручкі і кажа тоненькім галаском.

— Не казы п'ёста мёйца, а казы...

Настачка тупнула ад злосці босай нагой і давай перадражніваць Мзей:

— Казы... казы... Тут няма коз, іх ваўкі з’елі ў лесе.

Мзей затраслася ад страху:

— Баюся ваўкоў... Хацу да мамы...

— Няможна да мамы. Трэба скарб шукаць у лесе! — строгім голасам крычыць Язэпка.— Не трэба маліцца, дык і страху не будзе. Мой старшы брат кажа, што цяпер няможна богу маліцца. Цяпер людзі не моляцца. Толькі чэрці моляцца...

— Чальцей баюся...— захныкала Мзей.

— Заплюшч вочкі, туліся да мяне і не будзеш баяцца! — раіць Настачка.

Мзей шчыльна туліцца да сястры і плюшчыць вочы.

— Цяпель не баюся...



14. СКАРБ

[правіць]

— А вось тут будзем шукаць скарб! — камандуе Язэпка і паказвае на кучу яловых лапак і хварасцінак.— Дзеці, усе за працу.

Пачалі рупна адкідаць калючыя лапкі.

— Мой татка часта ходзіць сюды! — кажа Настачка.— Ён яшчэ зазлуецца. Ён казаў, што дзецям няможна хадзіць у гэты лясок. Баюся таткі...

— А я таткі твайго не баюся! — супакойвае Язэпка. Дзеці раскідаюць лапкі ва ўсе бакі. Працуюць шчыра. Ад усіх лапак сыплюцца жоўтыя калючыя голкі, колюць цела праз вопратку, драпаюць твар, лезуць у валасы.

Лапкі бароняць захаваны ў гушчэчы скарб.

— Ой, колецца, кусае! — скардзяцца некаторыя.

— Няхай кусае! — супакойвае Язэпка.

Дзеці спацелі, расчырванеліся.

Таямніца і казачнасць лесу адсунуліся кудысьці, туляцца па далёкіх кутках. А тут, дзе вясковыя дзеці шукаюць скарб, пануе праца, будзённая, звычайная.

Вясёлыя, гарачыя вочы пранізваюць наскрозь вялікую кучу яловых лапак і старога падгнілага галля. Лапкі і лом ляжаць тут ужо некалькі год. Прэлы пах лезе ў нос, непрыемна казыча ноздры. Зусім нецікава. Ніхто з дарослых тут, мабыць, ніколі не бывае.

Дзеці топчуць пад ногі «сабачыя грыбы», якія растуць тут цэлымі сямейкамі — жаўтавата-бледныя, мізэрныя капялюшыкі на высокіх кволых тычках-сцяблах.

З-пад галля паказалася белая трава, нібы сівая шэрсць невядомых жывёлін. Трава пляцецца па зямлі, прыціснутая, змучаная, як нявольнік у цямніцы.

— Ды няма тут ніякіх скарбаў. Маніш, Язэп! — пачынае сумнявацца адзін з змораных хлапчукоў.— Пойдзем адгэтуль!

— Яшчэ трошачкі пашукаем! — загадвае Язэпка і выцірае рукавом спацелы чырвоны твар.

— Не хочам! Не хочам!

— Ну, яшчэ адзін разок, адзінюткі разочак...— моліцца-просіцца Язэпка.— Пасля гэтага я скіну вароніна гняздо. Потым трусоў пакажу...

— Хіба што пакажаш!

Зноў закіпела праца.

— Ай! — крыкнула Настачка,— а вунь нешта белае блішчыць пад лапкамі.

— Ага! што я казаў! — гарачыцца Язэпка.

Да дзяцей вяртаецца ранейшае імкненне да шукання скарбаў.

З-пад яловых лапак выныраюць тры белыя, новыя драўляныя скрынкі, замацаваныя з усіх бакоў дротам і цвікамі.

Дзіцячая вера ў байкі аб захаваных скарбах спраўдзілася.

Запанавала надзвычайная зацікаўленасць паглядзець, што ляжыць у гэтых скрынках. Узмацнілася вера ў байкі, вярнулася і пачуццё страху.

У тых байках гаворыцца, што «нячыстая сіла» перашкаджае людзям знаходзіць скарбы, палохае іх...

Нават і Язэпка, самы адважны, струсіў.

Дзеці аглядаюцца ва ўсе бакі, ці не ідзе па іх страхаццё.

Ціха ў лесе...

Толькі час ад часу з старой калматай елкі шышка стукнецца аб зямлю.

Але гэта нястрашна. Так і яблык падае з яблыні ў садзіку.

А во зашушукаліся бярозкі, задрыжэлі лісткамі, тоненькімі галінкамі.

«Ша-ша-ша... Няможна чапаць. Няможна...»

І гэта нястрашна. Так бярозка і на гумне, і каля хаты гаворыць пад ветрам.

Дзеці не баяцца і галасоў бярозак.

— Давай адну скрынку адчынім! — камандуе Язэпка.

Хто пачаў ламаць дрот, а хто кійком тоненькія дошчачкі калупае.

Удалося адарваць са скрынкі адну дошчачку. Рагожа і папера лёгка знімаецца.

У скрынцы ляжыць многа невялічкіх папяровых скрыначак. Малыя скрыначкі — дзеці вялікай скрынкі.

Гэта вельмі цікава...

— Скарб пароўну будзем дзяліць! — абвяшчае Язэпка.— Пакуль што, кожны няхай возьме па адной скрыначцы!

Дзеці расчыняюць скрыначкі.

— А во грабеньчыкі!

— А во панчохі!

— А во карункі!

— А во гузікі — бліскучыя, бліскучыя!

Дзеці ў непрытомнай радасці перакрыкваюць адны адных.

Пасля першага імпэту радасці яны пачынаюць з зайздрасцю заглядаць у чужыя скрынкі.

— А я не хачу грабеньчыкі!

— Мне дай карункі. Я не хачу гузікаў!

— На табе панчохі, а мне дай гузікі.

Пачынаецца вялікая сумяціца.

Дзеці рвуць часткі «скарбу» адны ў адных.

Кожнаму з іх падабаецца якраз тое, што ў руках другога. А калі памяняюцца, дык пачынаюць падабацца зноў тыя самыя рэчы, якія раней былі ў іх жа руках...

У вачах дзяцей, у рухах і ў голасе з’явілася нешта зусім новае, чаго не было да гэтага часу.

Дзеці ў некалькі хвілін, пад уплывам «скарбу», робяцца як бы сталымі людзьмі.

Калі ў маленькіх мужычкоў паспявае вялікая бойка з прычыны дзяльбы «скарбу», Язэпка, правадыр «экспедыцыі», пачынае адчуваць маральную адказнасць за ўсе ўчынкі грамады. Ён па-сталаму мяркуе, як выйсці з гэтага прыкрага становішча. Нарэшце прыдумаў — думку сваю кажа ўголас:

— У нас ёсць гузікі, грабеньчыкі, панчохі і карункі. Няхай кожны возьме патроху ўсяго. Давайце дзяліць гэта ўсё пароўну! Добра?

— Добра! — згаджаюцца дзеці.

— Добля! — чуваць і голас маленькай Мзей. Хоць яна мала разумее тонкасць такой сур’ёзнай справы, але калі «вялікая» Настачка, якая «ведае ўсё на свеце», кажа «добра», дык Мзей таксама хоча быць «вялікай» і казаць «добля».

У гэты час дзеці забываюць, што страхі могуць яшчэ з’явіцца, каб не даваць забіраць скарбу. Яны заняты дзяльбою.

І вось...

У самую гарачку дзяльбы дзеці (ці мо гэта ім здаецца) чуюць выццё невядомага звера.

Выццё раздаецца з блізкіх густых кустоў...

Дзеці палохаюцца.

Вочы ад страху выпучаны і блішчаць, нібы тыя гузікі са «скарбу». Скрыначкі выпадаюць з маленькіх загарэлых і замурзаных ручак.

Дзеці баяцца крануцца з месца.

І вось...

Чалавечы голас...

Голас бадай нечалавечы: нехта гудзіць, бурчыць, вые, войкае.

Словы чалавечыя:

— Кіньце вы ўсё гэта ды ўцякайце дахаты, а то я вас з’ем... Ні слова дома не кажэце аб тым, што бачылі ў лесе, а то я вас і дома з’ем. Вылезу з-пад ложка і з'ем. Выскачу з-пад печы — і з’ем. Выбегу з хлева — і з’ем... В-в-у-у-у! Ціхенька без крыку і плачу ўцякайце! В-в-у-у-у!

Дзеці дрыжаць.

Прыслухоўваюцца да кожнага слова невядомай баечнай істоты. Адкуль чуваць гэты голас?

— Не аглядайцеся! — строга кажа Невядомы.

Дзеці сціснуліся ў адзін камячок, нібы ў венік з тонкіх бярозавых галінак. Пусціліся наўцёкі з лесу — далі лататы.

Да разбуранага галля і яловых лапак падскоквае чалавек.

Ён збянтэжаны, з хітрай усмешкаю на твары, з аганькамі ў бліскучых вачах.

Рахмілька.

Ён аглядаецца ва ўсе бакі, прыслухоўваецца і хутка пачынае збіраць раскіданае дабро...

Запакоўвае ў драўляную скрынку і шпарка нясе ў іншае месца.

У працягу дваццаці хвілін забірае адгэтуль усе скрынкі. Разбураная куча яловых лапак і галля зноў ляжыць па-ранейшаму...

Нічога тут не здарылася...

Рахмілька, крадучыся, выходзіць з другога боку лесу. Абмінае сенажаць, поле. Вось ён на камяністым гасцінцы. Бяжыць дахаты, бярэ свой кавалёўскі раменны фартух і агародамі ідзе праз вёску ў кузню Язэпа Крушынскага.

Рахмілька раздзьмухвае агонь на горне.

Пані Ганна ў агародзе. Яна чуе звон малатка ў кузні, ідзе ў хату і будзіць мужа:

— Ідзі, Язэп, нешта Рахмілька майструе. Трэба сярпы прывесці да парадку. Жніво не за гарамі.

Язэп Крушынскі пабег у кузню.

— Што здарылася, Рахмілька? Ты лепш паспаў бы ўдзень. Сягоння ж усяночная будзе...

— То-то. Ліха здарылася. Нешта пацягнула мяне сягоння туды...

— Ну, і што там бачыў?

— Дзеці там гулялі...

— А каб іх ліха. Там?!

— Якраз трапіў на тое, як яны дзялілі між сабою скрынкі.

— Ну?!

— Знайшлі чэрці. Я перахітрыў іх. Завыў ваўком, зароў мядзведзем.

— Яны цябе не бачылі?

— Не. Я пад кустамі схаваўся. Напалохаў іх робленым голасам. Казаў, што я іх з’ем, калі дзе скажуць, што бачылі ў лесе. Дзеці ўцяклі, і я перанёс скрынкі.

— Пашанцавала на гэты раз. Ніхто дзецям не паверыць.

— Яны пабаяцца каму і гаварыць, каб я іх не з’еў.

Язэп Крушынскі засмяяўся:

— Ідзі дахаты, нячыстая сіла. Там і мае дзеці былі? Ну, і дам! Ну, і дам!

— Былі. Вы іх лепш не чапайце. Не рабіце скандалу.



15. СТАРЫЯ КУРГАНЫ

[правіць]

Вакол Курганішча многа курганоў.

Яны раскіданы і па сенажацях, і па некаторых агародах, і ў лесе.

Курганішча — ад курганоў. На некаторых выраслі сталетнія хвоі, іншыя ўзораны.

Часта сяляне знаходзілі тут старыя чарапкі з узорамі, пацеркі, нейкія абручыкі, каменныя стрэлы — «чортавы пальцы», каменныя, гладка адшліфаваныя тапары і чалавечыя косці. Каменныя тапары — добрая рэч у гаспадарцы — імі таўкуць соль.

Магілы старадаўняй, сівой мінуўшчыны ў Драздоў і Дзятлаў — звычайнае з’явішча ў штодзённым жыцці. Струхлелыя людскія косці, якія часам вычэсваюцца з рыхлай зямлі, нібы грэбенем, сялянскай сахою, не робяць на аратага цяжкага ўражання. Араты, праўда, закопвае чэрап на мяжы, але зараз жа аб ім забывае.

На курганах у непагодны час гралі вятры — старыя вандроўнікі. Яны спявалі на гэтым месцы і тысячу год таму назад.

Сярод старых людзей жывуць аб курганах цікавыя казкі і паданні: апоўначы тут розныя страхі паказваюцца.

Паводле казкі аднаго старога дзеда, яго дзед, нябожчык, ехаў уночы каля гэтых курганоў. На іх свяціліся нейкія сінія агеньчыкі. Раптам на адным з курганоў нешта замэкала. «Няйначай, авечка»,— падумаў ён. А дзед таго старога дзеда быў чалавек адважны. Ніякіх страхаў не баяўся. Ён спыніў каня і пайшоў на той курган. Так і ёсць: ляжыць баран, звязаны па нагах, і жаласліва мэкае: «мэ-ээ!» А дзед таго старога дзеда быў чалавек гаспадарны. Зараз жа абмацаў барана — тлусты; мо паўпуда сала на ім. А воўна ж, воўна! Ну, проста панскае хутра! Тады дзед таго старога дзеда давай барана на воз класці. Тузгаўся, тузгаўся, пацеў — і ткі ўскінуў па воз. Задыміў люльку і паехаў. Спачатку конь ірвануў, захроп і пабег з усяе сілы, як бы цэлая гання ваўкоў за імі гналася. Але хутка конь запеніўся, замыліўся і ні з месца. Дзед таго дзеда, калі лясне пугай — не ідзе конь. Як трахне пугаўём — ні з месца. А ў дзеда ляжалі граблі на возе. Тады як возьме малаціць грабільнам па крыжы каня. Конь толькі азадкам круць-верць і хоць бы што. Бяда! Баран такі цяжкі... Дзед таго дзеда дзівіцца, што такі баран, але радасць яго бярэ: затое ні ў кога з суседзей гэткага не будзе... А ноч зрабілася цёмная — страх. Хоць вочы выкалі — нічога не відаць. Дзед пагладзіў барана па мяккай шэрсці. І дзівіцца: дзе правядзе рукою па спіне барана — там іскры сыплюцца. Мігацяць па шэрсці агнёвымі палосачкамі, замільгаюць яркімі, дробненькімі, як шрот, чырвонымі вугольчыкамі — і знікнуць... Тады дзед таго дзеда трохі спалохаўся. Непрыкметна для самога сябе рука яго зрабіла ў паветры крыжык над баранам. Тады баран як зарагоча чалавечым голасам: «о-го-го-го-го-о!», ажно рэха пасыпалася з усіх бакоў: «о-го-го-го-го-о!», і знік. Толькі дымок застаўся на возе. Серкай засмярдзела. А конь як ірвануў, як пабег, як панёс, ды скуль толькі ў яго ногі! Тарахцелі калёсы па пнях, па карчах, ледзь косці не растрэсліся ў дзеда. А ў дзеда валасы цвярдзеюць, як дрот, растуць уверх, шапку падымаюць. Дзед вярнуўся дахаты ледзь жывы.

Шмат такіх казак ведаюць Дразды і Дзятлы аб курганах.

Абраслі курганы страхоццямі, нібы каменні мохам.

Так было даўней.

Цяпер страхі зніклі.

Год таму назад з горада прыехалі людзі. Раскопвалі некаторыя курганы.

Дразды і Дзятлы смяяліся з гарадскіх забаўнікаў: як малыя дзеці, тыя збіралі чарапкі, каменныя і металёвыя заржавелыя цацкі. Усё гэта запакоўвалі ў скрынкі, нешта мералі, вылічалі і доўга запісвалі. Глянуць вакол — і пішуць, малююць.

Абегалі гарадскія людзі ўсе курганы. Строга загадалі сялянам не раскопваць іх, не чапаць. А то штраф плаціць будуць, у турму пасадзяць...

Пляваліся Дразды і Дзятлы.

— Што мы канакрады якія! — дзівіўся Галава.

— За што турма? Завошта штрафы плаціць? — гарачыўся Сухарукі.

Набралі гарадскія людзі «цацак» з курганоў і паехалі.

Усё зноў супакоілася.

Дразды і Дзятлы па-ранейшаму абыходзіліся з курганамі. Ніхто па турмах не сядзеў і штрафаў не плаціў.

— Гарадскія жулікі выдумалі,— тлумачыў Галава.

— Хацелі нас напалохаць,— казаў Сухарукі.

А часам сухавеі кружыліся над курганамі.

Там, дзе курганы абрасталі сталетняй хваёвай чупрынаю, дрэвы выгіналіся ва ўсе бакі, траслі веццем, скрыпелі адно аб адно, нібы каналі, нібы маліліся. А вецер свістаў на розныя лады, гойсаў па вершалінах, ламаў іх, крышыў і адарванае лісце перасыпаў у сваіх невідочных далонях.

Лягчэй было разгульваць ветру па тых курганах, дзе дрэў не было, дзе рыхлы пясок быў раскапаны лапатамі ці разораны сахою. Там цэлыя слупы пяску круціліся высока-высока, круціліся ўгару і зноў рассыпаліся. Вецер раздзьмухваў пясок, пытляваў земляную цёмна-шэрую муку. З гэтай мукі дзеці ў спакойны час пяклі булачкі, аладкі, печачкі рабілі. Часамі, калі сонца мёдам фарбавала летні дзень, дзеці дзеля забавы самі закопваліся па пояс у пясок, насыпаны старадаўнімі прапрадзедамі...

Зычэлі дзіцячыя галаскі.

А сівыя дзяды гаварылі, што сухавеі,— гэта не сухавеі, а «чортава вяселле».

«...каб апусціць нож у свянцоную ваду, а потым кінуць яго ў гэты сухавей, дык на тым нажы відаць будзе кроў...»

Ніхто так і не пробаваў гэтага фокуса з нажом, каб упэўніцца, што сапраўды гэта не вецер, а «чортава вяселле».

Дразды і Дзятлы і так верылі...

Удзень людзі і сонца супакою не давалі старым курганам.

Увечары людзі адпачывалі па хатах, а сонца, акрываўленае, памірала. Тады курганы ў неба глядзелі, моўчкі выстаўлялі зоркам напаказ свае абскубаныя людзьмі спіны.

Зоркі глядзелі ўніз, нібы тысячы зрэнкаў, кідалі на курганы ледзь прыкметныя сіняватыя ніткі праменняў і апляталі зямлю, як павуцінай, жоўта-сінім ззяннем.

Зоркі памятаюць той час, калі яшчэ тут курганоў не было, калі палалі вялізныя агні, якія чырвонымі языкамі лізалі паветра, ператвараліся ў сіва-чорны дым. Патаемныя знакі пісаў на небе гэты дым, братаўся з воблакамі, расплываўся ва ўсе бакі і знікаў, як госць, што ўжо ніколі назад не вернецца.

Часам над курганамі кугатала сава. Засмяецца дзіка-дзіка — па-вар’яцку, заплача жаласна-жаласна, па-дзіцячаму, і давай плысці над курганамі на растапыраных крыллях.

А калі месяц бываў поўны, круглы і ярка-жоўты, як дачырвана нагрэтая скаварада, тады пад яго бледным водблескам плаваў па курганах цень савы, соваўся ціха і хутка, нібы праводзіў па зямлі чорную паласу... Запісваліся на грудзях зямлі галасы поўначы; гукі раслі з задумёнай цішыні і тапіліся ў нямых і гучных абшарах. Ноч не траціла ніводнага гуку. Шолах травы, піск дрымотнай птушкі, якая нешта радаснае ці смутнае бачыла ў сне, хрып дрэва — усё гэта зычэла апоўначы, вызначалася ў хвалях цішыні і ўдаралася аб дрымотныя прасторы, нібы аб шаўковыя загарадкі.

Язэп Крушынскі даведаўся аб значэнні гэтых курганоў, аб іх паходжанні ад Івана Мацвеевіча. Аграном апавядаў яму аб жыцці старадаўніх славянскіх плямёнаў, аб пышных хаўтурах і пахаванні. Аграном тлумачыў Крушынскаму значэнне чарапкоў, пацерак, караляў, каменных тапароў і іншых «цацак», знойдзеных у курганах.

— Мой бацька,— гаварыў Язэп Крушынскі,— яшчэ і цяпер зёлкі збірае па курганах. Праўда, цяпер ён многа перайначыўся. Але памятаю, як яшчэ я быў малы, дык бацька вырабляў такія рэчы, што і цяпер дзіўлюся. Гэта бывала пасля Вялікадня. Мой бацька і яшчэ адзінаццаць чалавек хадзілі ў лес. У гэты дзень раніцою, яшчэ да ўсходу сонца, тушылі агонь па ўсіх хатах. У лесе людзі зрубалі ясень, калолі яго на чатыры плашкі і доўга цёрлі плашкай аб плашку, пакуль не задыміцца дрэва. Тады прыкладалі губку і прыносілі агонь у вёску. Бабы запальвалі ў печы ад гэтага агню. Так рабілася штогод.

— Гэта і ёсць першабытны спосаб здабывання агню. Калі ў вас, Язэп Сымонавіч, будзе паравы млын, тады зробіце электрычнасць для Драздоў і Дзятлаў. Вось і будзе пераскок ад першабытнага вечнага агню да новага вечнага агню. У вашай культурнай гаспадарцы электрычнасць будзе новай прычынай для праслаўлення вашай асобы ў газетах. Яшчэ раз надрукуем ваш партрэт, Язэп Сымонавіч.

Яны сядзелі на ганку.

Над Курганішчам апусцілася ноч. Свяцілі зоркі.

Іван Мацвевіч развіваў далей свае праекты:

— Як хораша будзе, калі ў Курганішчы засвецяцца электрычныя лямпачкі.

— Хоць аб электрычнасці гаворыце, Іван Мацвеевіч, і не верыце ў забабоны, аднак пад святлом зорак схадзіце цяпер на курган і прынясіце сюды чалавечы чэрап. Якраз бачыў сягоння. Ляжыць там зверху ў пяску.

— Не, не пайду. Дзівацкая ў мяне натура. Удзень я ніякіх страхаў не баюся. Жартую з іх. А як толькі надыдзе ноч, дык нешта такое з глыбіні душы лезе наверх. Прабуджаецца дух маіх прадзедаў, і я, чалавек з вышэйшай адукацыяй, раблюся пужлівым, як дзіцё або як вясковая, цёмная баба.

— А я пайду і прынясу чэрап,— пахваліўся Язэп Крушынскі.— Гэта каля самага лесу.

— А вось не пойдзеце?

— Пайду!

— Не пойдзеце!

— Пайду! Толькі вы не чакайце тут, а ідзіце, Іван Мацвеевіч, у пакоі, бо я трохі забаўлюся там. Курган далёка адгэтуль.

— Добра!

Іван Мацвеевіч пайшоў у хату. Крушынскі хуткімі крокамі пусціўся за гумно. Там стаяў Рахмілька.

— Я даўно чакаю,— шапнуў Рахмілька ўстрывожаным голасам.— Перанёс сюды...

Каля сцяны ляжала шэсць белых скрынак.

— Я ледзь адвязаўся ад агранома. Абяцаўся яму чалавечы чэрап прынесці з курганоў. Гэта ўсё глупства, Рахмілька. Але небяспечна тут ля сцяны...

— Нічога. Зараз людзі забяруць.

— А людзі свае?

— Тыя самыя. Пэўныя. Тры Дразды і тры Дзятлы.

— На той раз удалося. Можа, і на гэты ўдасца. Ты, Рахмілька, угаварыўся з імі?

— А як жа. Трое павязуць сена, а трое дровы.

— Толькі каб не ехалі разам. Няхай рассыпяцца па дарозе паміж іншых фурманак. Заўтра будзе вялікі кірмаш у Мінску. На гасцінцы павінна быць многа фурманак.

— Усё будзе добра, пане Крушынскі. Зараз людзі прыйдуць. Ідзіце сабе па чэрап і трахніце ім аб дурны чэрап агранома.

— Ды што ты, Рахмілька,— засмяяўся Крушынскі,— ён разумны і добры чалавек. Ты будзеш ехаць на маім кані далёка ззаду, а пад Мінскам наперад паедзеш. Каля Шмуйлы Заменскага міліцыі няма. У Шмуйлы на дварэ схаваеш, у шпіхляры пад жэрдкамі. Потым пойдзеш на Пярэспу да Зэліка. Яму толькі скажаш, дзе ляжыць. Ён сам забярэ. Пагуляеш у Мінску і паедзеш дамоў. А праз дзень-два я сам буду.

— Ідзіце на курган, пане Крушынскі, а то людзі сюды не падыдуць. Яны ж не ведаюць, чый тавар.

— Бывай здароў, Рахмілька! Будзь малайцом!

Развіталіся.

Крушынскі пайшоў на поле.

Ён спыніўся на мяжы. Лёг. Глядзеў у бок гумна.

Ціха было вакол. Пахла свежым сенам. Цвіркалі конікі. Нібы пілавалі па невідочных трухлявых дрэвах сотнямі піл. Аднак гэты шум як бы тапіўся ў цішыні ночы.

— Тавару на тры тысячы золатам. Калі ўсё пройдзе гладка, будзе на гэты раз дзве тысячы заробку. Тры тысячы засталося з таго разу. У шчаціну ўлажыў пяць тысяч. Зэлік прапануе некалькі зліткаў золата. Ад каратаў адмоўлюся. Ну іх да д’ябла! Вельмі далікатная для мяне рэч. Я ў гэтым сляпы, бы крот.

Крушынскі спыніў вусную матэматыку. Наставіў вушы.

Тупат ног...

Да пуні падышло шэсць чалавек.

«Ліха на іх. Як жарабцы тупаюць і ўсе разам...»

Людзі ўсунулі скрынкі ў мяшкі, ускінулі на плечы і панеслі па гародах у бок вёскі. Рассыпаліся хто куды. Кожны, відаць, меркаваў несці на сваё гумно, да фурманкі.

Пакуль не пачуў, як вазы выехалі з варот, Крушынскі не мог супакоіцца. Яго сэрца было падзелена на шэсць кавалкаў. Кожны кавалак знаходзіўся цяпер на сялянскім возе разам са скрынкамі пад сенам і дрывамі...

— Ці патрапяць добра захаваць? Часам пагранічнікі прабуюць штыхамі...

З лесу падзьмуў свежы ветрык. Прыемны халадок песціў гладкую шліфаваную лысіну Крушынскага.

— Эт,— махнуў рукой,— чаго непакоюся? Не ўдасца на гэты раз, прыдумаем нешта новае на другі. Удавалася ж мне браць процанты з сваёй жа кантрабанды, якую нібыта лавіў. Калі заарыштуюць коней, адкуплю Драздам і Дзятлам новыя.

З лёгкім настроем Крушынскі падняўся з месца. Пайшоў да кургана. Там удзень блішчэў у пяску адшліфаваны ветрам жоўты чалавечы чэрап.

...Трэба прынесці Івану Мацвеевічу падарунак...

Падышоў.

Зірнуў у бок лесу.

Чорным высокім тынам стаяў застыглы, нерухомы хвойнік. Нізка над вершалінамі была прышпілена да неба бліскучая вышыўка зорак.

Язэпу Крушынскаму здавалася, што на гэты раз хвойнік па-інакшаму глядзіць, што нехта туліцца паміж дрэў і цікуе за ім, за Крушынскім...

Шум вершалін сцелецца па разрытым кургане ціхім, працяглым, нібы чалавечым, стогнам.

«Мала што Іван Мацвеевіч баіцца. Я ж тут праходзіў уночы дзесяткі разоў...»

Разважаў:

«Глупства. Забабоны. Мы не аграномы, каб уночы баяцца...»

Адзінокі дуб, які стаяў недалёка на мяжы, быў відаць на фоне цёмна-сіняга неба ўсімі галінамі. Выразы кожнага паадзіночнага лістка прыкметны былі, нібы наклееныя папяровыя ўзоры чорным на сінім. Калісьці людзі маліліся дубам...

Павеяла сумам вякоў.

Жальба і смутак адзіноцтва панавалі ў начным полі...

«І трэба ж было прыдумаць мне такое глупства — чэрап, каб на хвіліну пакінуць аднаго Івана Мацвеевіча.

Сказаў бы проста: «выбачайце, я зараз вярнуся...» Насі цяпер трухляціну дахаты...»

Пачаў сябе ўгаварваць:

— Гэта ж звычайная косць. За гумном вунь колькі конскіх чарапоў бадзяецца. І коні — жывыя істоты.

Плюнуў, падышоў да таго месца, дзе ўдзень бачыў чэрап. Падняў з зямлі. Атрос пясок...

Чэрап глядзеў на яго пустымі ямінамі вачэй. Усміхаўся нахабнай усмешкай...

Гэтая ўсмешка смерці таілася ў зямлі многа сот гадоў...

...Агідна...

Крушынскі прынёс трафею дахаты.

Аграном ляжаў у ложку.

— Ну што, прынеслі, Язэп Сымонавіч?

— Не...

— Ага! Я так і ведаў.

— Вось вам!

Крушынскі выняў чэрап з-пад палы і паставіў супроць твару Івана Мацвеевіча.

Усмешка чэрапа адразу кінулася ў вочы аграному.

— Фу... Агідная штука...— знерваваным голасам сказаў ён,— цікава глядзець і неяк прыкра. Вось гляджу на гэты чэрап, і мне здаецца, як бы роднага бацьку абакраў. Ну, і малайчына вы, Язэп Сымонавіч! Я нізашто не прынёс бы, каб вы мне хоць тысячу рублёў далі!

— А я вось не баюся.

— Ведаеце, Язэп Сымонавіч, трэба будзе вам закапаць зноў гэты чэрап. Такімі ўчынкамі мы саміх сябе не шануем. Некалі і нашы чэрапы будуць так валяцца, як каменне ў полі. Смерць не любіць, каб выкрывалі яе інтымнасць, каб не шанавалі яе саромлівасць. Яна самая агідная штука на свеце. У мяне цяпер такое адчуванне, нібы мне хтосьці плюнуў у твар. Як вы, Язэп Сымонавіч?

— Нібы нешта нясмачнае глынуў.

— За час імперыялістычнай і грамадзянскай вайны аголілася смерць. Сарвалі вопратку з гэтай старой, брыдкай жанчыны. Яна зрабілася нецікавай, будзённай, без паэтычнай чорнай мантыі на касцяку.

Іван Мацвеевіч спыніў філасофію на гэту тэму і пачаў прыслухоўвацца.

— Нехта пад акном шастае ці якое там ліха?

Голас яго спалоханы.

— Гэта рабіна. Галінамі ў шыбіны барабаніць,— вытлумачыў Крушынскі.

Аграном супакоіўся і давай развіваць далей сваю філасофію.

— Нават у акопах, дзе людзі прывыклі да смерці, як да сваіх агідных вошай, і то баяліся яе. Баяліся не звычайнага працэсу смерці, але ў салдат жыў містычны страх уяўлення аб ёй. Гэты страх людзі носяць з сабою, як спадчыну тысячагоддзя. Гэты страх ідзе з глыбіні чалавечай фантазіі. Адзін знаёмы афіцэр расказаў мне на гэту тэму цікавую гісторыю. Гэта было ў 1915 годзе на расійска-нямецкім фронце. У нашых быў агентам адзін кітаец. Часта прабіраўся праз фронт на нямецкі бок, прыносіў адтуль вельмі каштоўныя весткі аб размяшчэнні іхняга войска. Нашыя атрады падсоўваліся наперад толькі дзякуючы гэтаму кітайцу. Так цягнулася некалькі дзён. Але вось неспадзявана перастала шанцаваць. Немцы пачалі біць нашых. І так трапна — як бы ведалі, дзе знаходзіцца кожны наш узвод, кожны паадзіночны салдат. Падазравалі кітайца. Давай сачыць за ім. Так яно і выйшла. Цапнулі яго аднаго разу якраз тады, калі ён сядзеў пад пнём і самым спакойным чынам здымаў план размяшчэння нашага войска. Праз некалькі гадзін яго павесілі і закапалі. Аб гэтым ведалі ўсе салдаты. Дык што вы скажаце, Язэп Сымонавіч, назаўтра салдаты заўважылі, што гэты самы кітаец, як ні ў чым не бывала, разгульвае каля акопаў... Сярод салдат пачаўся перапалох. Валасы дыбам паднімаліся. Жартачкі — мярцвяк разгульвае! Да каго б кітаец ні пасунуўся, усе ў гвалт і наўцёкі. Даведаліся афіцэры. Такі ж самы страх і на іх напаў. Але знайшоўся адзін адважнік. Ён з рэвальверам у руках пайшоў на кітайца. Кітаец спалохаўся: «У чым справа? За што яго страляць?» Пасля доўгіх гутарак і тлумачэнняў выявілася, што гэта быў павешаны не ён, а яго родны брат, які служыў такім жа самым агентам у немцаў. Брат быў вельмі падобны да яго. Дык вось што часам бывае. Людзі, якія не баяліся куляў і шрапнеляў, спалохаліся здані павешанага няшчаснага кітайца...

— Цікавая гісторыя,— сказаў Язэп Крушынскі.— Чэрап вынесу ў сад і заўтра закапаю, а то вы спаць не будзеце.

Яны развіталіся і разышліся спаць.

Язэп Крушынскі цяпер думаў адно:

— Трэба пільнавацца гайдачан...

Сяляне з блізкай вёскі Гайдачаны былі па-за межамі яго «рэспублікі», былі зусім чужымі людзьмі, нягледзячы на такое блізкае суседства. Крушынскі іх заўсёды асцерагаўся. Што б ён ні рабіў, аб якіх планах ні меркаваў, заўсёды лёгкай чарвяточынай мучыў непакой:

— Трэба пільнавацца гайдачан...

Каб улабуніць гайдачан, каб прывабіць іх да сябе, Крушынскі ўжываў розныя спосабы: пасылаў па перагаворы самых пэўных з Драздоў і Дзятлаў, да сябе запрашваў і гарэлкай паіў «лепшых» гайдачан — самых гаспадарных,— усё не клеілася... і дабром пробаваў, і страшункамі — нічога не памагала... Вечна вісеў над ім дамоклаў меч:

— Трэба пільнавацца гайдачан...

«Я зрабіў колькі год таму назад вялікую памылку: пры раздачы сваёй зямлі не заткнуў глотак некаторых гайдачанскіх крыкуноў-абібокаў кавалкамі зямлі. Аддаліўся ад іх. А ніколі не можна ад людзей аддаляцца, якімі б яны ні былі. Цяпер цёнгля трэба стрыгчы вушамі і лавіць носам гайдачанскае паветра. Вось і сягоння, каб гайдачанскія халеры Рахмільку з таварамі не пранюхалі... Галоўнае, Антось Драчык...

Трэба пільнавацца гайдачан...»



16. ГУТ МОРГН, РЭБ ШМУЭЛ!

[правіць]

Па гасцінцы ў Мінск едзе шмат фурманак.

Спяшаюцца на кірмаш. Тарахтаюць калёсы. Людскі гоман. Хто крытыкуе каня свайго суседа. Хто сцёбае ўласнага каня, б’е са смакам, з моцнай лаянкай. Некаторыя кураць. На вазах крычаць куры ў клетках, верашчаць парасяты.

Шмат вазоў з дрывамі, з сенам, з цабэркамі, з мяшкамі; у кублах і пасудзінах — масла, сыр і іншае вясковае дабро.

Бадай на кожным возе — баба. Гаспадар — пехатой.

Пры дарознпа разасланай тканіне сілкуюцца людзі.

Толькі што пачынае віднець. Над ляском шапаціць ранічны халодны ветрык, перабірае па вазах паадзіночныя калівы сена, трасе сівымі бародамі дзядоў. Нясе з дарогі на спелае жыта, на свежа-зялёныя аўсы пах кірмашовага гасцінца; сена, калёсная мазь і конскі пот змешаны ў адзін востры пах.

Пад ружовай паласою ўсходняга неба над завялым густым бульбянікам крычаць вароны. Цёмна-шэрымі плямамі яны кружацца над адзінокімі бярозамі, вызначаюцца на ружовым фоне паветра вострыя канцы іхніх крылляў і дзюбаў.

Рахмілька едзе на адной з лёгкіх калясак Язэпа Крушынскага.

Яго абоз з трох вазоў сена і трох вазоў дроў рассеяны ў адзіночкі між іншымі вазамі сена і дроў.

Па яго камандзе Дразды і Дзятлы едуць не разам, а ўперамешку з незнаёмымі людзьмі.

Рахмілька адчувае адказнасць за дабро: стараецца мець перад вокам усе свае фурманкі. Спачатку пусціць каня хуткім крокам, пакуль не абгоніць увесь «свой» абоз, каб пабачыць, мо што здарылася нядобрае. А пасля, як угледзіць самую першую сваю фурманку з сенам, зноў аслабіць лейцы; конь ідзе марудна, павольна, і зноў такім чынам Рахмілька прапускае «свой» абоз да самай апошняй фурманкі з дрывамі.

Зноў пачынае шыбка ехаць...

Так Рахмілька плыве па гасцінцы, вартуе дабро, трывожыцца і радуецца ў адзін і той самы час.

«Настрой увесь час напружаны.

«А можа, на гэты раз не пашанцуе? Ліха яго ведае, усё можа здарыцца...»

Холадна робіцца па сэрцы. Мары аб некалькіх сотнях вельмі вабяць. Яны адыходзяць, адсоўваюцца на некалькі вёрст.

Рахмілька нырцуе між сялянскіх вазоў, не спускае з вачэй «свайго» абоза, пераміргваецца па чарзе з «сваімі» Драздамі і Дзятламі. Кожнаму асцярожна кіўне, міргне і адвернецца: ён з імі не знаёмы.

«Не выпадае цяпер гаварыць з суседзямі. Не трэба мець ніякай сувязі з гэтымі вазамі...»

Рахмілька — добры дыпламат. Адзін з першых у «рэспубліцы» Крушынскага.

Пасвятлела.

Над гасцінцам у шкляным бяздонні неба вісяць дробненькія кропкі. Часам яны выглядаюць маленькімі мушкамі. А часам нічога не відаць, толькі чуецца чысты і дробны звон. Гэта жаўранкі...

Шнуры жыта, аўса, канюшыны, бульбы разгортваюцца абапал гасцінца, разбягаюцца далёка ў бакі да туманнага курадыму далячынь, да хутароў, да ледзь прыкметных узгоркаў, да цёмна-зялёных хмызнякоў... Даўжэзнымі акварэлямі каляруюцца яны істужкамі, абрусамі і завостранымі клінамі па шырокіх грудзях глебы-маткі.

Прыгледзься пільна да аднаго толькі каласка жыта. Колькі ў ім зграбнасці, колькі пераліваў ліній і колераў!

Кінь вокам на адзін-адзінюткі васілёк, што стаіць элегантам на мурожнай мяжы — і ў цябе з’явіцца радасць, супакой...

А вунь, нібы вартаўніца, пазірае ўдаль самотная дзічка-яблынька.

Яе кручкаватыя галіны таксама клічуць да сябе.

Сярод лугу, воддаль ад дарогі — сажалка. Блішчыць яна аграмадным вокам зямлі, глядзіць уверх — у неба. Яе зрэнка адлюстроўвае ў сябе калматую хмарку, якая заблудзілася ў чыстым небе, як маленькае ягнё. Абапал сажалкі цямнеюць, нібы густыя вейкі, змрочныя вольхі. Яны нахіляюцца над сажалкай, заглядаюць у акно падзямелля.

Кожны куток вабіць прытулам сонечнай, летняй гасціннасці.

Грукаюць-стукаюць калёсы. Па гасцінцы пыл стаіць, курадыміць на поле.

Людзі заклапочаны. Трэба паспець упору прадаць тавар ды яшчэ за добрую цану: гэта значыць — дорага, а потым купіць тое-сёе для хаты таксама за добрую цану: гэта значыць — танна...

Людскія галасы завэнджаны махорачным дымам; ядраныя лаянкі запаўняюць летнюю раніцу.

Рахмілька ўтаропіў вочы: глядзіць у даль дарогі, пазірае над конскімі вушамі пад дугою.

На дузе шмат намаляваных пеўнічкаў. Рахмілька налічыў іх штук дваццаць. Яны — як жывенькія. Во, здаецца, зараз кукарэкнуць тоненькімі галаскамі: паводле свайго росту...

А пад гэтымі пеўнічкамі разгортваецца даўжыня дарогі. Яна ўрэзалася між палямі і цягнецца далёка-далёка, як нейкі казачны вуж. Чым далей, яна робіцца вузейшай, пакуль не ўткнецца ў неба тоненькім, як завостраны кіёк, шпілем... Там, дзе дарога ўдалечыні вузейшая — і фурманкі драбнеюць, а пад канец дарогі здаецца, што гэта мухі поўзаюць па зямлі... Людскі гоман таксама болей гучны на блізкіх вазах. А далей ён зліваецца ў агульны гоман летняй раніцы і кірмашовай дарогі.

Усё гэта бачыць Рахмілька пад дваццаццю пеўнічкамі маляванай дугі.

Усё жывое, чым далей, тым больш драбнее перад вокам Рахмількі.

Толькі мары яго, чым далей, тым болей вырастаюць і прымаюць болей жывыя, рэальныя формы.

Чым далей, тым большая адлегласць дарогі праглынута.

Абозу Рахмількі пакуль што яшчэ ніхто не зачапіў...

...Небяспечна сустракацца з коннымі вайсковымі раз’ездамі і міліцыяй. Тыя часам заглядаюць у вазы, калі нешта здаецца ім падазроным.

Вось гэтых вайсковых і міліцыянераў Рахмілька і «пільнуе».

Якая карысць з таго, што «пільнуе» — ён сам не ведае. Карысці хутчэй за ўсё ніякай няма. Але лягчэй на душы. Прынамсі, пастаянна ведае, у якім становішчы знаходзіцца ён і як справа з яго марамі.

...Вунь-вунь конны паказаўся. Рахмілька нацэліў на яго вочы. Каб вочы былі стрэльбай-дубальтоўкай, дык адразу выстралілі б.

З кожнай хвілінай коннік расце на кругавідзе, вырастае ў грознага «святога» Ягора на кані, з вострай пікаю супроць цмока-людаеда. Блішчыць піка на сонцы.

У Рахмількі сэрца тухкае мацней.

Коннік не спыняецца каля вазоў.

«Пашанцавала на гэты раз...»

Коннік пад’ехаў бліжэй.

Рахмілька зірнуў на яго. Адвярнуўся і злосна плюнуў.

«Ліха ведае што. Гэта ж чалавек з касою на сенажаць едзе... Цьфу!»

Рахмілька шкадуе, што гэта звычайны селянін, а не вайсковы, пагранічнік:

«Дармо спужаўся...

...Няхай бы хоць страх быў недарэмны, а то за нішто такое адчуванне прапала...»

Сонца пачынае грэць. Здалёк выплылі з-пад залацістага туману бліскучыя купалы мінскіх цэркваў і касцёлаў, чорныя трубы фабрык.

Грукочуць калёсы па шашы. Трасе і ў лёгкім вазочку. Рахмілька не зварочвае ўвагі. Перад горадам яшчэ пільней глядзіць...

І на гэты раз без усялякай карысці...

Раз’езд наехаў ззаду...

Тры чырвонаармейцы...

Млосна Рахмільку. Пахаладзеў увесь.

...Вось, каб на хвіліну зрабіцца пеўнікам на маляванай дузе...

...Каб і вазы з сенам, з дрывамі пеўнікамі парабіліся...

...Пакуль чырвонаармейцы адчэпяцца і паедуць сваёй дарогай...

— Гэй! стой! таварыш!

«Ніхто іх не чапае, чаго лезуць?..»

Спыняе каня.

— Кантрабанды няма?

— Шукайце!

Поркаліся ў возе, перакінулі сена.

— Чаму едзеш з пустым возам?

— Я — каваль. Па жалеза еду.

«Не так страшан чорт, як яго малююць».

Чырвонаармейцы спынілі яшчэ некалькі вазоў і паехалі далей.

На гэты раз Рахмілька нават не плюнуў. Не то што не спалохаўся, але небяспечна і плюнуць, каб ніхто не падумаў, што спалохаўся...

...Хутка і Шмуйла Заменскі.

...Вунь яго вялізны заезджы дом з высокім тынам з тоўстых бярвенняў. Каб акапаць ровам вакол тыну, дык выглядала б старасвецкай крэпасцю.

Рахмілька абганяе фурманкі, адчыняе вароты на двор Шмуйлы.

Стары сядзіць на ганку ў ярмолцы, з акулярамі на носе. Доўгая да грудзей сівая барада. Халадайка да пят.

Біблійны патрыярх.

— Гут моргн, рэб Шмуэл1!

— Гут ёр2!

— Купляеце дровы і сена?

— Чаму не? Колькі вазоў?

— Шэсць.

— Адкуль?

— З Курганішча.

— Ага...

Шмуйла паважна гладзіць бараду, паказвае рукою на шпіхляр і ідзе ў хату па ключы.

Фурманкі накіраваліся на дзядзінец.



1 Добрай раніцы, пане Шмуйла!

2 Добры дзень!

17. ШТУКА ПРЫВЫЧНАЯ

[правіць]

У прасторы летняга дня сонца наліло мядовы сок. Над паласамі аўсоў зіхаціць ледзь прыкметны для вока залацісты сонечны пылок. Па лясных хрыбтах, на чулых вершалінах хмызнякоў вандруе дзень; заглядае ва ўсе шчыліны, наводзіць глянец на адзінокія бярозкі. Яны дрыжаць, сарамлівыя, ў кужэльных сарочках і не ведаюць, дзе схавацца ад аграмадных хвой, укутаных у бурыя дарожныя бурносы.

Вандруе дзень.

Ён сыпле-сее з невідочных пазух у прыдарожны хмызняк, нібы сейбіт зерня, гучна-спеўны дождж жаўранкаў і вераб’ёў.

У багне каля гразкай грэблі кіпіць жыццё. Святкуюць сонечнае свята балотныя кветкі і траўкі. Між сакавітым аерам і густым трысцём размясціліся сямейкі белых вадзяных лілей. Яны ўтаропілі ў сонечнае полымя снежныя гладышыкі, углядаюцца ўгару да ахмялення, да сляпоты. Кожная жылка на пялёстках свеціцца правіднай вузенькай, як валасок, сцяжынкаю.

А воддаль на мяккіх травяністых купінках-булках туляцца абапал грэблі густыя грамадкі сініх жаўтавокіх незабудак.

Матылькі і вялізныя мухі з празрыстымі крыллямі мітусяцца ў сонечнай мяцеліцы, кружацца над раслінамі ў ціхі віхор і не могуць нарадавацца яркімі колерамі і светлым цяплом.

А воддаль грэблі і далей адпачываюць на купінах тонкія ляшчыны, сумныя вольхі і чулыя асіны.

А за імі разгарнулася балота, цягнецца-цягнецца ўдаль роўным абшарам аж да рэчкі. Балота скрозь абрасло шчацінай высокай травы, цвёрдай і вострай, як шкло.

Часам вятры насоўваюць на свае плечы шэра-мутныя світкі хмурых воблакаў і пускаюцца брысці па балоце. Тады дрыжыць цвёрдая шчаціна травы, і зморшчыны праходзяць па бяльмістых рудаўках. Туляцца вятры да зямлі, шумяць і свішчуць і месца сабе не знаходзяць. Пішчаць жаласліва балотныя птушкі. Уніз, бы камень, падае драпежны аграмадны каршун.

Каля грэблі трохі падсохла.

Шмат было крыку ўночы; вакольныя сяляне ехалі на рынак. Вазы з сенам рабілі круг на многа вёрст вакол.

Цыпрук Ярэмчык, які заўсёды любіць пагутарыць з людзьмі, на гэты раз не выходзіў на дарогу. Ён прапусціў цікавую аповесць мінулай кірмашовай ночы, гутарлівай дарогі.

У пазаўчарашнюю ноч у яго начаваў «аграмон» з партфелем.

Шкадуе Цыпрук, што не запытаўся ў таго вучонага чалавека, на ўсялякі выпадак, лякарства ад зубоў.

Нібы «аграмон» сурочыў: раніцою, пасля яго ад’езду, у старога селяніна яшчэ горш разбалеліся зубы, ажно кінуў працу на полі і пайшоў у хату. Вельмі шкадаваў, што сына-рабфакаўца дома не было, бо той паехаў на нейкую «скрусію» ў Ленінград. А то пэўна ведае сын зёлкі ад зубоў: недарма ж вучыцца ў Мінску.

Стары Цыпрук завойкаў.

Ва ўсіх яго хваробах войканне лічылася першай «хуткай медыцынскай дапамогай».

Але войканне мала памагала. Яно толькі звярнула ўвагу ўсіх хатніх на хваробу старога гаспадара і дало магчымасць яму самому як бы кінуцца ў рукі гэтай хваробе, аддацца ёй і казаць: «рабі са мною, што хочаш».

Толькі лёгка сказаць: «рабі са мною, што хочаш», калі нехта піліць па сківіцах, свідруе мозг, выбівае іскры з вачэй. Лёгка так казаць, калі зубы ў роце выраслі ў паркан, цесна ім там, ныюць. Вось здаецца, выбіў бы іх, размалоў бы на муку, каб толькі вызваліцца ад гэтай агіды.

— Во-о-ой, во-о-ой! — стогне стары Цыпрук.— А ніколі ж яны, шэльмы, так заядла не балелі, ліха на іх!

Пробаваў паласкаць зубы самагонам: добрае лякарства, лепшага не трэба.

— Трасца нейкая, ці што?

І гарэлка не памагае.

Тады баба ахутала яму твар цёплай хусткай.

Стары сеў на лаву, абапёрся вострымі локцямі аб стол, сціснуў далонямі твар і гудзеў ціхенька, працягла, нібы камар:

— В-в-в-вой... Во-во-о-о-о-...

— Ліха яе бяры з работай! — прамармытаў Цыпрук праз цёплую хустку.— Паеду да хвэльчара, ці што?

— А праўда,— згадзілася баба,— усяго пяць вёрст да Моркаўкі!

Стары Цыпрук сам запрог каня. Паехаў.

У дарозе зубы яшчэ больш разгуляліся.

«Не ведаў я дагэтуль, што ў мяне зубы ёсць, ці што? А во маеш сабе пацеху на старасць — зубы!»

Цыпрук заплыўшымі ад болю вачыма злосна паглядаў на крыж каня. Прыехаў.

На шчасце, у старога фельчара не было пацыентаў.

Фельчар сядзеў пры стале супроць недапітай пляшкі гарэлкі. На канапе адпачывала гітара.

На выслізнулае з-пад хусткі «дзень добры!» ён падняўся, пільна зірнуў на Цыпрука і сказаў:

— А, зубы? Штука прывычная!

— Якая там прывычная?

Фельчар пачаў разважаць спакойным тонам:

— Спачатку абмазгуем, як і што, а потым возьмемся за дзела. Ого — зубы! З болем яны вырэзваюцца ў дзіцяці, з болем іх прыходзіцца вырываць у сталага чалавека, каб на той свет пайсці бяззубым. Быццам перад смерцю чалавек толькі што нарадзіўся.

— Навошта гэты боль?

— Як навошта?! — здзівіўся фельчар.— А з чаго б наш брат жыў? Падыходзь бліжэй, дружа!

Цыпрук падсунуўся.

— Ды скінь анучы з цэры! Абматаўся імі, як тая баба. Не падобен жа ты, пане дабрадзею, да чалавека, а да нейкага не тое ды не сёе, не тут кажучы. Ну, годзе стагнаць...

Цыпрук разматаў хустку. Бародка злямцавалася, падрабнела.

— А-а-а-у-вой-у-вой...

— Пакажы, пакажы, дружа! разяў ляпу!

— А-а-а! У-у-у!

Цыпрук матае галавой, расчыняе рот і паказвае закарэлым крывым пальцам у правы бок рота:

«Во-во-во...»

Фельчар падводзіць селяніна бліжэй да акна. Доўга ўглядаецца ў яго цёмны рот. Ківае галавою. Жмурыць маленькія вочы і як бы сам з сабою гаворыць:

— Штука прывычная. Гнілы зуб — трэба вырваць.

— У-гум, у-гум.

Фельчар дастае з шафы бутэлечку і пучок ваты. Паматвае кавалачак ваты на кончык запалкі, макае ў бутэлечку з лякарствам і затыкае хворы зуб Цыпрука.

— Цяпер адпачні трохі.

Цыпрук сеў на табурэт, а фельчар заспацыраваў з кута ў кут, мармытаў пад нос і калечыў украінскую песню:

І шумэ, і гудэ,

Дробен дождык ідэ,

А хто мэнэ молодэньку

Тай да дому довэдэ?

Праз колькі часу фельчар пытаецца:

— Ну, што? Палягчэла?

— У-гум!

«Пашумеўшы і пагудзеўшы», зноў пытаецца:

— Адпаў боль?

— Адпаў! Дай вам бог здароўя, ці што? Цяпер і гаварыць магу. А то проста бяда. Як вострым шылам калола сківіцы, галаву. Пробаваў самагонам лячыць.

Фельчар з зацікаўленасцю наставіў вушы і вочы:

— Ну, і як? Гарэлка часам памагае.

— Дзе там!

— Зараз вырвем — і гэты зуб ніколі балець не будзе, бо яго самога не будзе... За іншыя не ручаюся... Калі не заразіліся ад хворага, тваё шчасце. А то, ведаеш, часам пападзе на зубоў пошасць, усё роўна як на курэй.

Фельчар дастаў з шафы бліскучыя абцугі. Наліў вады ў шклянку, кінуў туды некалькі драбінак нейкай солі, ад чаго вада пачырванела, і падышоў да селяніна.

— Ты толькі глядзі, дружа, сядзі спакойна. Як буду рваць, не круці галавою і не хапайся за мае рукі. Разумееш, пацярпі. Ну, як бы не ў цябе рвуць зубы, а ў мяне...

— Ужо, ці што?

— Разяў рот шырэй, яшчэ шырэй. Во так!

Фельчар сам разявіўся: паказаў Цыпруку, як гэта трэба рабіць.

— А-а-а-а!

— А-а-а-а!

— Добра! Пачынаю! «І шумэ, і гу...» Толькі, дружа, глядзі, дзяржыся рукамі за табурэт — і ні з месца! Штука прывычная...

Фельчар яшчэ раз паглядзеў селяніну ў рот.

— Ну і зубы ў цябе — конскія, здаровыя. Ага! вось ён! Гад гэты... Зладзюга... Мы яму задамо дыхту!

Усунуў тонкія сталёвыя абцугі.

— Ківаецца шэльма, як рабін пры малітве. Мы яго... Цап! штука прыв...

— Ой, ой!

Цыпрук крыкнуў немым голасам і схваціўся рукамі за рукі фельчара.

— Ой, ву-ой!

— Такога ўгавору ў нас не было,— пакрыўдзіўся фельчар.— Мудрыя церпяць. І пан Езус цярпеў...

Фельчар зноў прыняўся за работу.

Селянін пакрыўся потам. Цяжка сапеў.

— Вуай! — крыкнуў Цыпрук, як дзіцё, якое толькі што нарадзілася, і падскочыў на месцы.

— Ох ты! — зазлаваўся фельчар,— сам вінават, што зуб даўся папалам. А, здаецца, не той, за які браўся... Штука прывычная... Паласні рот гэтай жыжай. Адсапніся...

Фельчар падсунуў шклянку.

Цыпрук паласкаў рот і пачаў выць, скавытаць дзікім, немым голасам.

— Ву-а-ай... О-о-о-ой...

Фельчар апраўдваўся.

— Што сеяў, то і жні. Казаў жа табе: сядзі спакойна. Трэба было сядзець!

— Такімі абцугамі і сківіцы мог мне выкруціць, не толькі здаровы зуб паламаць,— сыпаліся праз выццё словы Цыпрука.

— Дай сюды! Я цяпер ведаю, дзе хворы зуб...

Цыпрук падняўся моўчкі.

Акуратна абматаў хусткай твар.

— Прышлю табе праз унука старыя граблі, дык будзеш зубы рваць у грабель.

Цыпрук выняў з кішэні дзве грыўні і палажыў на стол. Фельчар мармытаў:

І шумэ, і гудэ.

Цыпрук стукнуў дзвярыма і выйшаў.

Сеў на воз. Ад вялікай злосці на фельчара зубны боль як бы сцішыўся.

Едучы дахаты, Цыпрук злаваўся ўжо не на фельчара, а на сына, які часта гаварыў, што калі чалавек захварэе, дык трэба лячыцца ў доктара, а не ў шаптуна.

«Во як доктар памагае. Узяў бы я гэтыя абцугі ды адкруціў бы яму нос, гэткаму доктару!»

Ад злосці Цыпрук моцна сцебануў каня. Конь з непрывычкі падскочыў заднімі нагамі, навастрыў вушы і пабег шпарчэй.



18. СЫМОН ЧАРНЮК

[правіць]

Слава Сымона Чарнюка, бацькі Язэпа Крушынскага, лунала па ўсёй ваколіцы.

Ён лячыў ад усіх хвароб зёлкамі і нашаптанай вадою.

Хворыя ездзілі да яго за многа міль. Не толькі звычайна хворы, але вазілі да яго вар’ятаў, «пакручаных падвеем». Ездзілі бабы, у якіх не было дзяцей, мужчыны з сакрэтнымі хваробамі. У селяніна ўкралі каня — ішоў да шаптуна, каб даведацца, хто ўкраў. Даведваліся ў яго, хто хату падпаліў. Прыходзілі па розныя сямейныя парады.

Цёпкаліся да яго па гразі ў глухую восень, у вясеннюю паводку на чоўнах перабіраліся. І ў зімовыя завеі, і ў летнюю гарачыню да яго з’яўляліся розныя людзі, і не толькі простыя сяляне, але нават і шляхта, і з мястэчак. Адукаваныя дабрадзеі з горада хоць рэдка, але таксама траплялі да Чарнюка.

Вельмі не любіў Сымон Чарнюк, калі гарадскія нешта ў кніжках запісвалі пры ім. Аднаго разу такі гарадскі хацеў яго сфатаграфаваць, дык шаптун ледзь фатаграфічнага апарата не зламаў.

— Хочаш мяне са свету звесці! — злаваўся Сымон Чарнюк.— Праколеш потым шпілечкай маю картачку, і ў мяне грудзі забаляць, сэрца заные...

Заўсёды Сымон Чарнюк спачатку злосна прабіраў сваіх пацыентаў, сыпаў брыдкімі лаянкамі, а пасля ўжо «лячыў» вадою.

Калі прыходзіў да яго чалавек, у якога ўкралі каня, ён, звычайна, распытваўся аб усіх суседзях, з якімі той сварыўся ў апошні час, даведваўся аб ваколіцы, аб кірмашовых мястэчках, аб усіх лясах і дарогах вакол, потым доўга думаў, меркаваў і часта правільна паказваў, дзе шукаць каня.

Пры гэтым шаптаў на ваду і даваў «пацыенту» піць.

Па судовых справах ён таксама даваў піць «лякарства» і ўважліва, па-адвакацку, знаёміўся з судовай справай. Сухотнікаў, раматусных і іншых хворых апрача вады лячыў яшчэ і зёлкамі. Людзей, «сапсутых нячыстай сілай», ён лаяў, часам нават і біў. Пры гэтым яго чорныя вочы страшна блішчэлі.

Сымон Чарнюк дзяліў усе хваробы на тры катэгорыі:

1) калецтва цела зверху, 2) нутраныя і 3) калі чалавек сапсаваны «нячыстай сілай».

Першае лякарства — нашэптаная вада — ужывалася пры хваробах усіх катэгорый.

«Вада ачышчае чалавека»,— гаварыў часта Сымон Чарнюк.

Узверхнія калецтвы цела лячыў травамі і «замаўляў кроў», каб «ачышчалася».

Ўсе нутраныя хваробы ён лячыў таксама зёлкамі.

— Нутраныя хваробы — ад чарвякоў, якія кішаць у чалавечым целе. Гэтыя чарвячкі — дробненькія. Іх не заўважыш. Яны грызуць чалавека — ён сохне, марнее і гіне. Тое самае бывае з капустай, са збожжам на полі, з дрэвамі, калі нападзе рабак.

Паводле Сымона Чарнюка, яго зёлкі і нашэптаная вада рабілі тое, што хворы выплёўваў пошасных чарвячкоў, выпаласкваў іх з цела. Тады чалавек здаравеў.

Дактары, па-ягонаму, кепска лечаць людзей, бо яны сваімі лякарствамі труцяць маленькіх чарвячкоў у чалавечым жываце. Спачатку чалавек як бы ачуняе, але гэта толькі спачатку, бо атручаныя чарвячкі асядаюць у целе, не вылазяць наверх. Ад розных хвароб іх набіраецца там цэлыя кучы. Яны гніюць у чалавечым целе, як трупы ў магіле. І вось раптам, пасля доктарскіх лячэнняў, чалавек памірае...

— Няхай апруцянее фельчарская парода на ўсім свеце! — вылаяўся Цыпрук.

Ён пакінуў дома каня і пехатой пусціўся ў дарогу да Сымона Чарнюка зубы лячыць. Пайшоў пехатой па дзвюх прычынах: каб каня не адрываць ад гаспадарчай працы, а таксама, каб пільней прыглядацца да таго-сяго, што на дарозе робіцца... Паглядзець, як ідзе праца ў людзей на полі, а часам з чалавекам, пры выпадку, пагаварыць...

Да Сымона Чарнюка (па-вандроўніцку: з торбай за плячыма і кіем у руках) Цыпрук прыйшоў пад вечар.

Дробны, рэдкі ельнічак пазалочаны заходнім сонцам. Маленькія акенцы Сымонавай хаткі праменяцца ад сонца, і здалёк здаецца, што гэта знутры хаткі свеціцца агонь. Уся хатка — і трухлявыя, нізкія сцены, і зарослы рознымі травамі дах — таксама афарбована ў празрысты бледна-ружовы колер захаду.

На дзядзінцы буяе махрастая крапіва і попельнага колеру палын. Каля самых сцен прымасціліся густыя кусты малінніку. Сцены абвешаны жмутамі драўляных абручоў. Кучкамі навалены дубовыя клёпкі. Яны сохнуць і на даху. Каля дзвярэй — недаробленыя асінавыя начоўкі.

Недалёка ад хаты, пры дрывотні, стаіць фурманка. Калматы сялянскі конік не выпражаны, задумёны, апусціў галаву над ахапкам свежага сена. Ружовыя колеры сонца адлюстроўваюцца дзвюма плямкамі ў яго застыглых, як бы нежывых, вачах. Між мяккімі губамі каня дрыжыць пучок сена. Конь забыўся глынуць, і жмуток выглядае смешнай казлінай барадою, якая расце, надзіва, між губ у роце.

З хаткі пачуліся крыкі. Нехта заходзіцца ў плачы і прарэзлівым голасам пішчыць:

«Ратуйце, ратуйце... душыць... ой, душыць...»

Стары Цыпрук здзівіўся, трохі занепакоіўся. Праз цёмныя сенцы, скуль пахнула на яго свежым дрэвам, змешаным з вільгаццю і многагадовай трухляцінай, ён дабраўся да сцяны вобмацкам і па галасах знутры трапіў да дзвярэй. Адчыніў.

На тапчане ляжыць маладая, гадоў васемнаццаці, дзяўчына.

Яна глядзіць перад сабою затуманенымі ад слёз вачыма і як бы нічога не бачыць. Зрэнкі, павялічаныя ад затаёнага спалоху, дрыжаць у бязмернай чарнаце. Вейкі трасуцца хутка і лёгка, нібы крыллі матылька. Прыпухлы ад плачу твар дзяўчыны бледны з шаравата-зялёнымі плямамі на шчаках і лобе. З-пад белай хусткі выбіліся чорныя валасы. Рукі яна моцна прыціснула да грудзей.

Каля дзяўчыны на тапчане сядзіць кабета гадоў пад сорак пяць, поўная, паважная... Адной рукой абымае тонкі стан дзяўчыны, а другой выцірае слёзы з сваіх вачэй.

Час ад часу дзяўчына дрыжыць усім целам, стогне: «Мамка... мамка...»

А вось яна ўскочыла з тапчана:

— Ратуйце! Душыць! Паміраю! Ой, канец надыходзіць... зараз... зараз...

Яна кідаецца на грудзі маці, туліцца да яе і трапечацца ад страху.

Сымон Чарнюк строгімі вачыма зірнуў на яе і затупаў нагамі:

— Ціха ты! Не памрэш! Гэта табе так здаецца. Ціха, а то...— Ён сціснуў кулакі і як бы намерыўся біць.

Дзяўчына пад яго крыкамі супакойваецца і, не здымаючы з яго вачэй, зноў апускаецца на тапчан.

Сымон Чарнюк пытаецца ў сталай кабеты спакойным голасам:

— А даўно яна так?

— Некалькі месяцаў.

— Яна, можа, спалохалася?

— Здаецца, не. Мне, прынамсі, нічога не казала.

— У вашай сям’і, у сваякоў няма хворых?

— У мяне старшая сястра так вырабляла. А як выйшла замуж, дык ачуняла.

— Ага...— сказаў мнагазначна шаптун.

Наліў з вядра вады ў вялізную бутэльку. Доўга шэпча.

Дае напіцца хворай. Пры гэтым зноў робіцца злосным, настаўляе на хворую бліскучыя чорныя вочы і гаворыць строгім голасам:

— Будзеш здаровай! Будзеш здаровай! Будзеш здаровай!

Дзяўчына глядзіць на яго, як зачараваная.

— Калі не ачуняеш, біць буду!

Затрос над ёю кулаком.

Палез на печ, дастаў адтуль засушаны пучок зёлак і даў кабеце.

— Вось гэта напарыш у гаршку, увальеш сюды вады з бутэлькі і будзеш паіць яе гэтай настойкай два разы ў дзень перад усходам і заходам сонца. Няхай вып’е кожны раз з паўшклянкі. Перад сном будзеш ёй націраць грудзі і плечы халоднай вадою з соллю.

За ўвесь гэты час на старога Цыпрука ён не зварочвае ніякай увагі, нават ні разу на яго не зірнуў.

Цыпрук аглядае курную хату.

Яна чорная ад дыму і пахне нейкай гаркатою, не так, як усе сялянскія хаты. Хоць застаўлена рознымі мяшкамі, пасудзінамі і скрынямі, але аддае пусткай, нежылым будынкам.

Стары Цыпрук з сялянскай зацікаўленасцю мужыцкім гаспадарчым вокам паглядае на рэчы ў хаце. Скрыні, цабэркі, кублы, начоўкі — усе прыкрыты дошкамі або палатном. Відаць, усё гэта нечым запоўнена, напакавана, бо з пасудзін, прыкрытых палатном, нешта падымаецца ўверх, тырчыць коптырам, і берагі палатна ўсунуты ў пасудзіны. Вока старога Цыпрука заўважае, што нешта сыпучае і пругкае знаходзіцца ў пасудзінах.

Ён прабуе цягнуць носам, каб пазнаць паводле паху, што тут знаходзіцца. Але пахаў у хаце так многа, што цяжка з іх вызначыць нешта адно пэўнае: пах дыму, розных траў, яблык, грыбоў — усё змешана.

Цыпрук да таго захапляецца гэтым усім новым для яго, што нават забывае пра зубны боль.

Яго цікавіць:

«А што ў хаце так многа напакавана?»

Кожны цабэрак, мяшок, кубел і скрыня, здаецца, таксама і на Цыпрука пазіраюць з лямешнай зацікаўленасцю. Нібы гэта глядзяць на чалавека жывёліны, толькі такія дзівацкія, што yе можаш уцяміць, дзе ў іх вочы, нос, рот, ногі ці іншыя адзнакі жывых істот. Адно толькі пазнаеш: паасобны характар кожнай з гэтых істот. Некаторыя з іх надаюць вясёласць, іншыя нібы кпяць, а то наводзяць сум, страх і розныя неадчэпныя настроі. Нежывыя рэчы ў хаце Сымона Чарнюка здаюцца Цыпруку жывымі, разумнымі. Яны ведаюць многа, многа і нешта такое, чаго стары ўцяміць не можа.

Селянін адчувае, што знаходзіцца пад іхняй незразумелай уладай. Яны нешта да яго гавораць, гавораць тымі галасамі, той мовай, якую заўсёды чуе на пустой дарозе, дзе ён стаіць каля сваёй хаты цэлымі гадзінамі і чакае навін...

На ўсім хатнім начынні павольна і ў надзвычайна прыгожым суме памірае сонца.

Самы малейшы ўздрыг сонечнай смерці адчуваецца ў ігры колераў на ўсім вакольным. Зморшчынкі на мяшках запоўнены светаценямі. Варсінкі на грубай тканіне адліваюць золатам. Месцамі па сценах сонечныя водбліскі падобны да кропелек крыві. На скрынях і кублах вызначаюцца слаі дрэва, паводле чаго Цыпрук можа ў выабражэнні дамалёўваць, як гэтыя дошкі і кавалкі дрэва, якія ператварыліся цяпер у новыя формы, у новае жыццё, змяшчаліся раней у жывым целе хвоі, асіны ці дуба. Цыпрук, паводле слаёў, дагадваецца — ці з камля ўзяты кавалак, ці з сярэдзіны, ці зверху. Старым спрактыкаваным вокам ён можа вызначыць, паводле слаёў, якога веку было гэтае дрэва. Адчуваецца сувязь між першапачатковай і цяперашняй формай рэчаў, якія ў выабражэнні селяніна жывуць асабістым жыццём.

Памірае сонца.

Праз вокны прасейваюцца ў хату апошнія жаўтаватыя праменні. Дробныя пылінкі ў асвечаных кволым сонцам дарожках гойдаюцца цэлымі роямі, млеюць, заміраюць у паветры мільёнамі бліскучых крапінак.

Недалёка за сцяной хрыпіць балотная птушка. Яе голас урываецца ў колеры сонечных адсветаў гукавой ілюстрацыяй. Колеры пачынаюць бляднець, вянуць і губляцца ў шчылінах. Сімфонія фарбаў адыходзіць удалечыню на многа-многа міль, губляецца недзе ў прасторах, дзе, невідочна для вока, жыве ранейшым жыццём.

Сонца сканала.

У рэдкім ельніку завандраваў паўзмрок.

У хаце пацямнела.

Ціха, без слоў і без спрэчак расплацілася кабета за лекі: выняла з-за пазухі кавалачак палатна, у якім заверчаны грошы, палажыла на стол. Вывела на двор супакоеную дзяўчыну.

Толькі цяпер Сымон Чарнюк звярнуў увагу на Цыпрука.

Толькі цяпер Цыпрук успомніў свае зубы: старому нялоўка. Зубы цяпер зусім не баляць... Ён пачаў прыслухоўвацца да іх, давай злёгку скрыгатаць імі, усунуў палец у рот — зубы як бы ніколі не балелі...

Сымон Чарнюк на яго грозна зірнуў.

— Ну, чаго прыйшоў?

Ад вачэй Сымона, ад іх калючых праменняў Цыпруку не па сабе.

— Зубы баляць...— мармыча ён і адварочваецца ад Сымонавых вачэй, нібы ад непрыемнага дымнага агню.

— Маніш, падла, дылда старая! — хрыпіць ад злосці Сымон.— Мяне не падвядзеш.

— Раніцой балелі...

— Ведаем гэткія казкі. Учора раса вочы ела.

— Дальбог, балелі,— бароніцца Цыпрук.— Цяпер, ліха іх бяры, падвялі мяне, перасталі балець, ці што?

— Добра, калі перасталі балець. Здаровых я не лячу...

— Палячы, братку, ды мо трывалыя будуць...

— Трывалыя, трывалыя. Нашто табе трываласць? Няхай полудзень на сенакосе будзе трывалым.

— Пашапчы мне на зубы...— не адстае Цыпрук.

— Вон з маёй хаты! Ведаю вашых. Прыйшоў нюхаць, што я раблю, як народ абманваю! Хто цябе прыслаў, качарэжка крывая?

— Ніхто не прысылаў...

— Ідзі да доктара. Многія прыходзяць ка мне, каб выведаць. Ідзі!

Сымон Чарнюк адчыніў дзверы і паказаў на іх сухой чорнай рукою.

Цыпрук збянтэжаны, згорблены высунуўся за дзверы.

— Ну і людзі бываюць на свеце! — дзівіцца Цыпрук.— Чорт іх няньчыць. Гэта ж трэба адважыцца чалавека з хаты гнаць...

Цыпрук плюе, лаецца і ідзе ў вёску шукаць прытулку нанач.

— Вось і жыві на свеце... Вось і лячыся. Адзін д’ябал кіруе і фельчарам і шаптуном.

Нанач ён застаўся ў вёсцы «Дразды і Дзятлы» ў аднаго старога селяніна. Але і тут яму не шанцавала. Стары гаспадар вельмі моцна, ад усяго сэрца, прабіраў свайго сына.

Цыпрук у яго запытаўся:

— Што за свет настаў? Цяпер і старыя перайначыліся, ці што? Усе людзі такія злосныя, што хоць ты іх...

Тут ён спыніўся, бо не ведаў, што з такімі «злоснымі людзьмі» рабіць.

— Так,— згадзіўся стары гаспадар,— настаў такі паганы свет, што хоць ты яго...

На гэтым і гаспадар спыніўся, бо і ён не ведаў, што рабіць з такім «паганым светам».

Старыя трапілі адзін аднаму ў тахт такім няведаннем. Пільней зірнулі адзін на аднаго і пачулі блізкасць...

Іх звязала ў гэты міг узаемная сімпатыя, нібы ў хлапчукоў-падлеткаў, якія апынуліся ў кампаніі дарослых людзей.

Адна бяда не бяда, але калі іх нападзе цэлая капа, дык не ведаеш, дзе дзецца! — казаў стары гаспадар.— Знімі, дзядзька, торбу з плеч!

— Бойся бога, пане гаспадар! Гэта ж праўда, што адна бяда не бяда,— узрадаваўся Цыпрук: да яго чалавек па-чалавечаму загаварыў...

— А якая ў мяне бяда? — як бы запытаўся стары гаспадар у Цыпрука: — Такая, братку, бяда, што і людзям брыдка паказаць, як скулу на паганым месцы. Вось, прыкладам, сын у мяне, Марцінам завецца...

— І дзякаваць богу...— устаўляе слова Цыпрук.

— За ўсё мы павінны дзякаваць богу. Але сын мой во ўчора жаніўся...

— Гэта кепска, ці што?

— Жаніцца-то жаніўся, але не так, як людзі.

— А што? Без шлюбу?

— Горш таго. Вунь глянь: сядзяць, абняўшыся, на дварэ, каб іх ліха ды бяда абдымалі!

— Няможна так, пане гаспадару! Маладыя яны — няхай цешацца. Самая любасць цяпер у іх. І мы былі маладымі, ці што?

— Але мы так не дурэлі. Гэта ж мой Марцінка за жонку сабе яўрэйку прыдбаў...

— Яўрэйку?!

Цыпрук выставіў на старога спачуваючыя вочы.

— Во то-та ж. Кажу я сыну: гэта яшчэ паўбяды, але ж яе, яўрэйку, хрысціць трэба — тутэйшага каваля Лейбы дачку.

— Так, хрысціць трэба. Згодзен...

— Ты дык згодзен, але яны, каб на іх тры пагібелі і адна трасца і то мала, нязгодны...

— Во гэта горш... Новы свет настаў, ці што?



19. АГЛЯД «КУЛЬТУРНАЙ» ГАСПАДАРКІ

[правіць]

Трывожна праспалі гэту ноч Іван Мацвеевіч і Крушынскі.

Аграному ўсю ноч сніўся чалавечы чэрап, які прынёс Крушынскі з кургана. Чэрап рагатаў, яміны вачэй у ім свяціліся двума фасфарытнымі агеньчыкамі. На цемянніцы вырасталі валасы, зноў вылазілі. Аграном часта прасыпаўся, а як засне — зноў у яго снах фігуруе чэрап у розных варыянтах: то на агародзе качаны капусты растуць; прыглядаецца ён, ажно гэта не капуста, а на градках натыканы чарапы. Кожны чэрап мае свой выгляд, сваю асаблівасць жывой чалавечай галавы. А то бачыць ён у натуру «Апафеоз вайны» — малюнак Верашчагіна: вялізная піраміда з чалавечых чарапоў. Каля чарапоў сядзіць «Леў Талстой», з якім ён удзень пазнаёміўся, і піша нешта на пажоўклым пергаміне.

Усю ноч кідаўся ён з боку на бок, засынаў, прачынаўся, і ўвесь час адно і тое самае — сон пра чэрап.

Крушынскі сноў ніякіх не сніў. Яму проста не спалася. Курыў папяросы ўсю ноч. У яго было такое адчуванне, нібы ў таго купца, караблі якога знаходзяцца ў бурным моры. Ён рупіўся аб трох вазах сена і трох вазах дроў, якія павезлі ў Мінск на рынак Дразды і Дзятлы...

«Каб хаця гайдачане не пранюхалі,— думаў ён.— Ліха іх ведае, як ты ад іх упільнуешся, ад гэтых гарачых галоў...»

Успамінаючы гайдачан, ён трос кулаком, скрыгатаў зубамі ад нястрыманай злосці.

— Самі жывуць, як чэрці тыя, і другім жыць не даюць. Што я ім зрабіў? Як тыя акаянцы на мяне глядзяць. Але няхай толькі папрабуюць супроць мяне. Умею добра з людзьмі абыходзіцца, патраплю і супроць шарсцінкі пагладзіць... Няхай толькі Антось Драчык яшчэ нешта папрабуе мне рабіць. Я пакажу яму такое, чаго ніколі не бачыў ён...

Ні Крушынскі, ні аграном не расказалі адзін аднаму аб кепска праведзенай ночы. Па-звычайнаму паснедалі. Іван Мацвеевіч з большай стараннасцю, чым заўсёды, расказваў смешныя анекдоты. Крушынскі з большай пільнасцю слухаў іх і так шчыра смяяўся, ажно жонка яго, пані Ганна, звярнула на гэта ўвагу:

— Не смейся так, Язэп, бо мне нядобра ад твайго смеху.

Пасля снядання гаспадар і аграном выйшлі на двор.

Пачаўся агляд гаспадаркі. Самым слабым месцам у гаспадарцы Курганішча быў сад. Калісьці добры сад, які займае некалькі дзесяцін зямлі, цяпер вельмі запушчаны. Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Месцамі пад дрэвамі навалена шмат ламачча. На пустых палянках у садзе пасвяцца цяляты. Пасярод саду красуецца прыгожая сажалка. Правільны круг сажалкі абсаджаны маліннікам. Калісьці тут у вадзе вяліся карасі. Цяпер сажалка пакрыта зялёнай плеўкай, у якой плюхаюцца жабы.

Іван Мацвеевіч строга ківаў галавою, запісваў нешта ў блакнот і паўтараў адно і тое самае:

— А-я-яй, Язэп Сымонавіч! А-я-яй!

— Усё няма калі гэтым займацца. Заняты ўвесь час полем, жывёлай і рознымі іншымі справамі.

— А-я-яй, Язэп Сымонавіч! Такое дабро прападае. Я вам прышлю садоўніка. Ён дорага не возьме. Няхай прывядзе ў парадак сад. А то буду мець наганяй, як даведаюцца.

Іван Мацвеевіч усё пісаў у кніжцы.

Крушынскі пачаў жартаўліва вырываць блакнот з рук агранома.

— Не пішыце, Іван Мацвеевіч, яшчэ год — і не пазнаеце гэтага саду.

— Памалу, блакнот парвяцё. Вы ўсё адкладваеце з году на год.

— Затое паглядзіце маё пчалярства. Пятнаццаць калод маю. Сам даглядаю іх. Вельмі пчол люблю.

— Дзякую за прыемнасць. Пакусаюць мяне, як у мінулы раз. Яны не вельмі гасцінныя, вашыя пчолы. Колькі новых раёў сёлета?

— Не шанцуе мне з гэтым. Улятаюць маладыя раі. Ёсць тут за пару вёрст адзін стары бортнік, дык хваліцца, што такую замову ведае. Як толькі шапне — усе раі на яго вуллі апускаюцца.

— Калі гэта вы, Язэп Сымонавіч, пачалі верыць у такія забабоны?

— Пасля таго, як вы чэрапа спалохаліся, Іван Мацвеевіч...

— Што ж вы так нервуецеся сягоння? Я ж толькі пажартаваў.

— Жарт за жарт.

Аграном махнуў рукой.

— А гэта што за новая будыніна ў канцы саду?

— Лазню паставіў. Другім разам як прыедзеце, пагрэем для вас лазню, Іван Мацвеевіч. Вы толькі не запісвайце нічога дрэннага аба мне.

— Дзе там дрэннае напішаш, калі ў газету даў аб вас такі добры артыкул. Не буду ж пісаць, Язэп Сымонавіч, супроць самога сябе.

За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны.

— Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну.

— Так, але вунь авёс вельмі мізэрны,— крытычным тонам сказаў аграном.

— Калі тут поле такое камяністае, што ліха яго ведае. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Два чалавекі працавалі ў мяне над гэтым дабром некалькі месяцаў. Бачыце тры вялізныя крушні. Усе межы завалены каменкамі. Ты іх выбіраеш, а яны зноў як бы вырастаюць з зямлі. Плуг псуецца.

Іван Мацвеевіч запісваў.

— А як караняплоды?

— Можна паглядзець. Сёлета ўрадзіла. Шмат гною даў.

— Не пайду: сонца пячэ. Галоўным чынам, хвалю вас, Язэп Сымонавіч, за жывёлагадоўлю. Учора агледзеў хлявы. Проста на нямецкі лад. Бачыў вашых кавалераў: бугая і жарабца — лорды англійскія. Толькі манокляў не хапае.

— Разбілі б маноклі, Іван Мацвеевіч. Жартачкі, з усёй ваколіцы прыводзяць кароў і кабыл. Бугай яшчэ малайцом, а жарабец як бы засумаваў, страціў жвавасць.

— Трэба асцярожна. Праз меру не гадзіцца. Сапсуецца. Ага, я не бачыў яшчэ, як у вас вядзецца запіс удою.

— Самая акуратная бухгалтэрыя, Іван Мацвеевіч. Жонка запісвае кожны раз. Пакажу сягоння.

Яны выйшлі ў малады дубняк.

Дзе-нідзе высіліся рослыя дубкі, а месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія, бы пугаўі, дубочкі, нібы насаджаныя рукою чалавека. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы.

— Нічога сабе сямейка,— сказаў аграном і залюбаваўся на дубняк.— Вось два дубы роданачальнікі, а вакол іх гадуюцца дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі. Гэта самае паэтычнае з усёй вашай культурнай гаспадаркі, Язэп Сымонавіч!

— Мабыць, дзеля таго, што я дубняку зусім не гляджу. У мяне быў адзін знаёмы, дык ён заўсёды гаварыў: «не трэба нічога рабіць, тады ўсё будзе добра».

— Яго філасофію практыкуеце на запушчаным, адзічэлым садзе, Язэп Сымонавіч? Аднак нічога не рабіць — не па вашай натуры.

— Вось дзеля гэтага, што многа раблю, не маю часу дбаць аб садзе. Затое сельскагаспадарчыя машыны ў мяне ў парадку.

— Так і ёсць, але цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі,— лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацвеевіч.— А вось і курганы недалёка. Адгэтуль вы чэрап прынеслі?

— Не. Тыя курганы на другім баку, пад самым лесам.

— Вось дзеля чаго вы ўчора так марудзілі. А чэрап мне ўсю ноч сніўся.

— Я сягоння раніцою закапаў яго ў садзе. Болей сніцца не будзе. Вы тут, Іван Мацвеевіч, пасядзіце ў цяньку, а я пайду. Зараз вярнуся.

Крушынскі пайшоў на хутар.

Над галавою Івана Мацвеевіча зашапталіся старыя дубы — «бацькі» дубняку.

Дубняк высіцца над самай рэчкай. На гэтым месцы бераг стромкі і абрывісты. Жоўты пясок, слаісты, з прымешкаю чырвонай гліны, ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадою. А воддаль вялікі абшар, пакрыты жоўтым пяском. Маленькія плотачкі цэлымі стадкамі мітусяцца ў чыстай вадзе рэчкі, блішчаць серабром. Дно рэчкі залаціцца жоўтым пяском. Па другім беразе па сцежцы вясковыя бабы нясуць мяшкі з травою. Дзяўчынка, гадоў дзесяці, загарэлая ад сонца, з закурузлымі худымі ножкамі, валачэ за імі, нібы збраяноша, тры сярпы. Бабы смяюцца, жартуюць і гавораць аб учарашняй бітве Драздоў і Дзятлаў.

Іван Мацвеевіч прытаіўся пад дубам, чамусьці не хоча, каб вясковыя бабы яго тут заўважылі.

Калі бабы адышлі далёка, ён скінуў з сябе вопратку, адышоў убок, дзе бераг не быў такім крутым, і спусціўся ў рэчку. Улез па пояс у ваду. Вада была яшчэ халодная.

Ён сцяў зубы ад холаду, даў нырца, трохі паплыў і выскачыў на бераг. Успомніў, што не мае чым выцірацца. Сеў на сваю бялізну пад сонцам, каб сагрэцца.

— Холадна, Іван Мацвеевіч? — запытаўся Крушынскі здалёк.— Зараз будзем грэцца.

Крушынскі нёс пару бутэлек віна, два кілішкі і белую сарвэтку з закускаю.

— Ну, і практычны вы чалавек, Язэп Сымонавіч! Гэта ж трэба так умець наладзіць справы, каб усё было на месцы і ўпору... Хутчэй, дарагі, наліце віна, а то ўсё нутро трасе ад холаду.

Крушынскі наліў віна ў кілішак.

— Яшчэ!

Выпіў яшчэ кілішак.

— Яшчэ на закуску адзін!

Выпіў.

— Цяпер пацяплела!

Аграном хутка апрануўся.

Пад ценем дубоў яны разлажылі сарвэтку і ляглі адзін супроць аднаго, апіраючыся локцямі аб зямлю.

Віно хутка выпілі.

— Вось тут на беразе думаю млын будаваць, паравы. Гэта музыка будзе каштаваць каля пятнаццаці тысяч рублёў. Яшчэ не хапае палавіны.

Так разважаў як бы сам з сабою Язэп Крушынскі, паглядаючы ўдаль на сенажаць і поле.

— Няма добрага млына па ўсёй ваколіцы. Проста бяда. За пятнаццаць вёрст прыходзіцца ездзіць.

— Так... Так...— лянівым голасам мармытаў Іван Мацвеевіч.

— Мая культурная гаспадарка яшчэ больш праславіцца, калі тут будзе добры млын.

Язэп Крушынскі падрабязна гаворыць аб плане будоўлі млына. Доўга разважае аб выгадах для вакольных вёсак і не бачыць, што Іван Мацвеевіч спіць ціха і смачна, падлажыўшы пухлыя рукі пад правую шчаку, як дзіцё, якое яшчэ не пакаштавала смаку дабра і зла на грэшнай зямлі.



20. ШТО ЗА ЧОРНЫ КАМЯЧОК?

[правіць]

Стары Цыпрук зноў у дарозе. Торба за плячыма, кій у руках.

— Даўно не вандраваў. А вось, ні з таго ні з сяго, прыходзіцца рабіць такі маршрут...

Зуб трохі ные, але не так, як учора раніцою.

— І фельчар не лячыў, і шаптун не шаптаў, а вось хаджу сабе, як бяздомны, па шырокім шляху. І ў хаце нават няма чым пахваліцца...

Стары памалу рухаецца наперад.

На дарозе мала людзей. Часам пройдзе стары вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. А калі-нікалі між жытам на лагчыне блісне каса: селянін лужок косіць.

— Не будзе чым у хаце пахваліцца...

Стары аглядаецца па баках, прыслухоўваецца адным вухам, другім...

Ён уваходзіць у звычайны смак назірання.

Дарога сама па сабе яго дужа вабіць. Тыя вербачкі, бярозкі і ляскі, якія бачыў учора, сягоння сустракаюць яго абапал дарогі, як добрыя сябры.

Цішыня дарогі, пасля ўчарашняга кірмашовага грукату, урачыстая і глыбакадумная.

Селянін павольна ідзе наперад. Яго цікавіць таксама, што робіцца за яго плячыма, ззаду...

Раптам спыніўся.

Пачуў грукат калёс ззаду. Адвярнуўся. Праз воблака дыму заўважыў фурманку. Яна хутка параўнялася з ім. Спынілася.

З воза ветла ўсміхаецца «аграмон», які пазаўчора ў яго начаваў. Побач з «аграмонам» сядзіць другі чалавек.

— Зараз наедзе мой фурман; вы, таварыш, з ім пад’едзеце,— кажа аграном да Цыпрука.

Іван Мацвеевіч з Крушынскім паехалі далей, сцелючы дарогу белаватым пылам.

— А настаўніцу я абавязкова цяпер з Мінска прывязу! А то сапраўды дзеці распусціліся. Цягаюцца ўсюды, па лесе капаюцца... Адно гора з гэтымі дзецьмі...— кажа Язэп Крушынскі, успамінаючы аб учарашнім «скарбе».

— Так... так... заўсёды мяне слухайцеся, і ўсё добра будзе!

Насупраць іх здалёк паказаліся конныя.

Крушынскі пабляднеў.

— Пагранічнікі вечна ёрзаюць,— прагаварыў ён і непрыкметна для Івана Мацвеевіча выкінуў з каляскі мяккі пакунак.

«Калі «свае» пагранічнікі, тады самі прынясуць мне гэты пакунак,— падумаў Крушынскі,— а калі «чужыя» — чорт з імі!»

Пагранічнікі пад’ехалі бліжэй.

Крушынскі хацеў сажмурыць ім вока ў знак сяброўства. «Не... «чужыя», ліха на іх...»

— Стойце, таварышы! — крыкнулі строга пагранічнікі.— Куды едзеце?

— У Мінск.

— Што вязеце?

— Паглядзіце!

Голас Крушынскага смелы і задзёрысты.

Пагранічнікі саскочылі з коней і падышлі да фурманкі. Запыталіся дакументаў. Падазрона зірнулі па вопратку агранома, на яго партфель, ператраслі чамадан, сена на фурманцы, закурылі ў Крушынскага, ветла развіталіся і селі на коней.

Фурманка схавалася з вачэй старога Цыпрука, яе грукату ўжо не чуваць, а пыл на дарозе яшчэ не ўлёгся.

Стары селянін ідзе наперад па вузкай сцежцы на мяжы і прывычным гаспадарчым вокам паглядае на ўсе бакі.

«Што за чорны камячок ляжыць на дарозе?»

Зацікавіўся, падбег да «камячка». Разгарнуў пакунак прагавітымі рукамі.

Кавалак сукна...

Ад радасці ўнутры горача робіцца.

«Вось і адплата за вандраванне...»

Сарваў з плеч світку, абкруціў пакунак і рушыў шпаркім крокам.

Аглянуўся па баках.

Захацелася, каб да яго прыходу дамоў дарога была пустая, мёртвая, забытая ўсім светам...

Дзе там! Цяпер як наўмысля... Вунь новы пылок коціцца здалёк, насустрач...

Конныя едуць.

Селянін супакойвае самога сябе:

«Што мне да іх і што ім да мяне?..»

Ідзе вельмі павольна: «каб чаго не падумалі...»

Не глядзіць па баках, вохкае ад старасці.

Параўняўся з «імі».

— Што, стары, цяжка?

— Старасць — не радасць, дзеткі мае.

Смяюцца вайсковыя, дабрадушна, па-здаравецку рагочуць:

— Го-го-го!

Ад гэтага смеху старому лягчэй на душы.

— Шчаслівай дарогі, дзеткі мае!

— Бывай здароў, дзядок!

— Якія добрыя хлопцы!

Цыпрук шчыра расчулены.

Конныя ад’язджаюць на некалькі крокаў.

Стары дае ходу.

— Гэй, дзед! дзед! З тваёй світкі нешта чорнае цягнецца.

— Ой, дзеткі мае!

Селянін спалохаўся і зняў світку з плеч.

Выпаў чорны пакуначак.

Коннікі пад’ехалі.

— Пакажы, дзядок, што ў цябе?

— Гэта я купіў, дзеткі мае, у аднаго чалавека на вопратку сыну... Жэніцца сын мой...

— Не хітры, стары! — строга кажа адзін з іх,— гэта ж кантрабанда!

— А ліха яго ведае. Я ж купіў у чалавека, дзесяць рублёў заплаціў, каб я так здароў быў!

— Не мані, дзед!

— Каб я дахаты не дайшоў, калі маню...

— Ну, ну, разгаварвай!

— Яй жа ж богу, дзеткі, не картрабанда...

— Кажы, у каго купіў? — грымнуў злосна адзін з вайсковых.

Рэдзенькая бародка старога трэслася.

— Усю праўдачку скажу, дзеткі мае, ці што? Гэта я знайшоў тут на дарозе...

— Не мані, а то горш будзе!

— Яй жа ж богу!

— Бог табе з неба кінуў, мабыць! Эх ты! Ідзём з намі!

— Мне дахаты трэба, дзеткі мае, вазьміце сабе гэты пакунак, ці што?

— Ідзём, стары, ты арыштаваны!

— А людцы мае! Я ж не ўкраў... Знайшоў на дарозе. Я ж не ведаў...

— Ідзём, а то...

Стары апусціў галаву і паплёўся за коннымі пагранічнікамі ў другі бок.

«Каб скрозь зямлю правалілася такая дарога, ці што?» Зноў занылі зубы...



21. ДЗЯДЗЬКАВА КАМЯНІЦА

[правіць]

Бывала, ні з таго ні з сяго, Язэпу Крушынскаму рабілася цяжка на душы, так цяжка, ажно не ведаў, дзе дзецца ад нейкага затаёнага сполаху. Прыкрыя хвіліны перажываў ён тады. Нешта яго гнула да зямлі. Яму здавалася, што ён маленечкі, слабы, шукае месца, дзе схавацца — і не знаходзіць.

Такі настрой заўсёды з’яўляўся ў яго, калі ён прыязджаў у Мінск. Каля вялізнага дома дзядзькі-нябожчыка ён заўсёды знаходзіў прычыну гэтага настрою. Тады ён усміхаўся сам сабе, і яму раптам рабілася прыемна, так прыемна, нібы ён у другі раз сніў сон ранняга маленства.

Моцна ўрэзалася ў яго памяць першае ўражанне ад дома дзядзькі. Ніякія іншыя дамы, большыя і прыгажэйшыя за гэты, куды ён увайшоў васьмігадовым хлопчыкам з сялянскай маленькай хаткі, на яго ўражання пасля гэтага ўжо не рабілі.

Калісьці дом дзядзькі яго палохаў і вабіў, як міфічная істота.

У хаце бацькоў, на вёсцы, ён маленькім хлопчыкам наслухаўся шмат баек аб страхоццях, аб царэўнах і царэвічах у зачараваных замчышчах. Яго душа, напоеная гэтымі байкамі, нібы хмельным пітвом, была тады вельмі чулая да ўсяго вакольнага. Яму здавалася, што поле, лес, рэчка, каменні напоўнены невідочнымі істотамі, якіх яму трэба баяцца, бо яны варожа настроены супроць яго. Увесь свет быў супроць яго.

Дзядзькаў дом глынуў тады яго, маленькага, пужлівага і безабароннага, як адно з страхоццяў вясковых баек.

Цагляная аграмадзіна ў чатыры паверхі высілася насупроць гарадскога парку. Вялізныя вокны, у якіх мог схавацца самы высокі чалавек, былі выразаны ў чатыры рады ў пярэднім фасадзе дома з боку вуліцы. Дзякуючы такім вокнам дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры і выгафтаваным у правільныя ўзоры. Над тратуарам віселі прыгожыя балконы. Тры пад’езды з вуліцы, з адшліфаванымі каменнымі ганкамі, з маляванымі дзвярыма на дзве палавіны, напаўкруглыя ўверсе, з прыгожымі арнаментамі, нагадвалі ўваход у касцёл (яшчэ як Язэп быў маленькім хлопчыкам ездзіў з маткай у касцёл). Нібы ў касцёле, блішчэлі каляровыя шыбы стрэльчатых вокнаў у калідорах. Сонца прапускала праз каляровае шкло на шэры камень усходаў яркія вясёлкі. Такія вясёлкі бачыў часам Язэпка ў летні дзень у вёсцы, пасля дажджу, на небе ў выглядзе вялікай дугі над сасоннікам.

А са сцен і суфітаў у калідорах (не толькі ў пакоях) на малога Язэпа паглядалі крылатыя голенькія хлопчыкі. Некаторыя з іх трубілі ў трубы або стралялі з лукаў у кветкі на сценах.

Язэпку тады здавалася, што гэта ён бачыць істоту з тых казак, якія чуў ад старых дзядоў на вёсцы.

У першы раз, як бацька прывёў яго сюды маленькім хлопчыкам, ён моцна спалохаўся гэтага дома, заплакаў у калідоры і прасіў літасці ў бацькі:

— Татачка, дамоў паедзем... татачка...

З цягам часу Язэпка звыкся з дзядзькавым домам, доўга вывучаў яго з свежай дзіцячай зацікаўленасцю і ўражлівасцю; вывучаў з такім імпэтам, нібы апынуўся раптам у незнаёмым царстве, напоўненым дзівоснымі людзьмі і жудасна-прыгожымі рэчамі. Дом быў такі вялікі, што ў ім магла б змясціцца цэлая вёска...

У ўяўленні Язэпкі вёска была тады самай вялікай адзінкай меры і ліку. Шмат народу жыло тут, нават больш, чым хлопчык мог сабе ўявіць. Да фарбаваных дзвярэй у калідорах былі прыбіты металёвыя дошчачкі з надпісам гаспадара кватэры, з кнопкай ад званка, са скрыначкай для пошты. Усюды адно і тое самае. Надзвычайны парадак панаваў у калідорах. Веяла ад іх строгасцю. Іхняя прыгожасць не вабіла вясковага хлопчыка: на ўсіх пляцоўках калідораў, у кожным кутку аднолькава. Гэта надакучала яму. Ён любіў, каб на кожным кроку было што-небудзь іншае. Такі густ да хараства ў яго выгадаваўся яшчэ на вёсцы, дзе ён часам з старэйшымі хлопчыкамі-сябрамі гуляў у лесе; там самы маленькі кавалак зямлі, нават корч, мае іншы выгляд, не такі, як ранейшы.

Адно, што ён любіў тут,— гэта каменныя ўсходы з паліраванымі, гладкімі, як шкло, парэнчамі. У той час, калі вялізны дом душыў яго турэмнай замкнёнасцю, дзе, як хлопчыку здавалася, не было патрэбнай для яго, сына лесу і палёў, вольніцы, усходы давалі яму ілюзію замілаванага прастору.

Спачатку ён любіў бегаць па ўсходах знізу ўверх і зверху ўніз. Бегаў так бесперастанку многа разоў туды і назад і прыслухоўваўся да гулкіх водгаласаў сваіх уласных крокаў па каменні. Ён знаходзіўся тады ў радасным ахмяленні. Ад шпаркага бегу гарачылася кроў, сэрца моцна тухкала. Яму здавалася, што ўсходы канца-краю не маюць, як тая далечыня, за якою ён часта ганяўся на вёсцы.

Любіў ён глядзець з самай верхняй пляцоўкі ўніз — у чатырохпавярховую процьму. Яму было так прыемна, як тады, калі дома, бывала, узбярэцца на высокую старую яблыню. Ён глядзеў уніз і думаў:

«Вось каб цяпер кінуўся туды...»

Ад такой думкі яму рабілася горача. Куслівыя мурашкі бегалі па спіне. Галава кружылася.

«Я не звалюся, бо трымаюся за парэнчы...»

Парэнчы гладкія, слізкія. І Язэпка зрабіўся авіятарам: лётаў у паветры. Машына для гэтага была гатовая — парэнчы ўсходаў. Па іх ён слізгаўся зверху ўніз — у жудасную процьму чатырох паверхаў. Ён налаўчыўся рабіць гэта з вялікім спрытам. Узбярэцца на верхнюю пляцоўку калідора, да самай гары, узвесіцца на парэнчы рукамі і нагамі і з імпэтам слізганецца... Яму здавалася, што не ўніз едзе, а падымаецца ўверх з шалёнай хуткасцю.

У той час гэта давала яму найвялікшую радасць. Ён тады забываўся аб строгасці дома, аб яго акуратным неспрыяльным харастве і аб тым вялікім холадзе, што веяў з цёплых пакояў дзядзькі.

Не адзін раз стары дзядзька на яго сварыўся за слізганне па парэнчах.

Але хлопчык не слухаў яго, нягледзячы на тое, што ва ўсім іншым быў вельмі паслухмяны. Гэты спорт яму надзвычайна спадабаўся.

Як трохі павучыўся ў школе, дык любіў чытаць надпісы на дошчачках, прыбітых да дзвярэй кожнай кватэры. Мядзяныя дошчачкі, з выразнымі на іх літарамі, нагадвалі яму магільнік. На дошчачках часам была напісана і прафесія кватаранта: доктар, зубны лекар, адвакат, акушэрка і іншыя. Гэтыя словы былі для Язэпкі незразумелымі, і ён стараўся паводле параўнання з іншымі словамі ці гукамі слоў, падобнымі да іх, даваць ім свой змест, сваё тлумачэнне. Зубны лекар быў у яго ўяўленні нейкім зубатым страшным дзядзькам. Адвакат — катам. Акушэрка — цётка, якая курэй глядзіць («акуш» — асацыяцыя са словам «акыш!»). Доктар — ён добра ведаў, што гэта за птушка, бо не раз яго, хворага Язэпку, матка вазіла ў мястэчка да доктара. Прозвішчы: Сасновіч, Бергер, Стрэльчык, Макараў, Іваноўскі, Пракаповіч, Сарокін, Зелікман, Арлоў і яшчэ некалькі з канчаткамі на «...іч» і «...скі» вельмі тады цікавілі малога Язэпку. Яшчэ не ведаючы кожнага з жыльцоў дома па выгляду, ён стараўся паводле вычытанага на дошчачцы прозвішча ўявіць сабе выгляд гэтых людзей. У гэтым выпадку ён меў зноў жа сваю ўласную сістэму: разбіваў прозвішчы на паасобныя гукі, уголас гаварыў іх і шукаў знаёмага сэнсу.

Сасновіч павінен быць абавязкова высокім (падобным да сасны).

Бергер — яўрэй у халамідзе, зашмальцаваны, як той анучнік, які часам бываў у іхняй вёсцы («гэр-гэр» — яўрэйская гутарка).

Стрэльчык — чалавек невысокага росту, са стрэльбай за плячыма (падобны да паляўнічага-пана, які часта бываў у вёсцы).

Макараў — дзядзька з рыжай бародкай, з прыплюснутым носам і маленькімі сінімі вочкамі, як іх сусед Макар.

Такім чынам, ён у кожным прозвішчы адчуваў маленькі партрэт чалавека.

Тыя з жыльцоў, якія мелі прозвішчы з канчаткам на «...іч», павінны былі быць вусатыя, з голенымі бародамі, на «...скі» — барадатыя.

Часам гэта тэорыя яго бязлітасна падводзіла. Напрыклад, Бергера ён сабе ўяўляў зашмальцаваным старым яўрэем ды яшчэ зубатым (зубны лекар), а выйшла зусім іначай. Прозвішча Бергер мела маладая дзяўчына, нізенькая, шчуплая, з тоненькім мілагучным галаском. Яе трэба было зваць не Бергер, а Кветка, бо ад яе заўсёды пахла кветкамі.

Па выгляду ён бы многім даў зусім новыя прозвішчы. Дзеля гэтага ён падазрона пачынаў глядзець на жыльцоў дома. Яны як бы ашуквалі яго або самі памыляліся, калі называлі сябе сваімі непадыходзячымі прозвішчамі.

«Няйначай, выйшла памылка»,— думаў ён.

Доўгі час прайшоў, пакуль ён прывык спакойна глядзець на людскія «памылкі».

Яго назіранні над жыльцамі дома даходзілі да таго, што ведаў, хто ў якую пару выходзіць з кватэры і калі прыходзіць.

З усімі жыльцамі, такім чынам, наладзілася ў хлопчыка пэўная сувязь — у яго думках.

Часам і хто-колечы з жыльцоў зварочваў на яго ўвагу. Гэта бывала тады, калі ён коўзаўся па парэнчах усходаў з чацвёртага паверха ўніз. Кожны з жыльцоў па-свойму рэагаваў на яго адважны ўчынак. Жанчыны палохаліся, дзівіліся, літасці прасілі, каб ён гэтага не рабіў. Некаторыя з мужчын, наадварот, хвалілі, называлі яго малайцом, а іншыя проста сцягвалі з парэнчаў, дзёрлі за вушы з пагрозай: «дзядзьку раскажу».

На вялізным падворку дома апрача хлявоў стаяла яшчэ некалькі корпусаў для жыльцоў. У гэтых кватэрах не адчуваўся той парадак, як у цэнтральным корпусе з вуліцы. Не было той зграбнасці і малявідлаў у калідорах, дошчачак на дзвярах. Былі толькі нумары кватэр. Тут жылі, галоўным чынам, рамеснікі і рабочыя.

У той час, калі кватаранты вялікага дома з боку вуліцы былі чыста апрануты, часам у бліскучых чыноўніцкіх гузіках, мелі круглыя твары і сытая супакоенасць адлюстроўвалася ў іхніх вачах,— людзі з падворку, у большасці, былі завэцганыя, у старых вопратках, з заклапочанымі злоснымі вачыма.

Чамусьці Язэпку болей спадабаліся злосныя і вострыя вочы людзей з падворка, чым рахманыя і спакойныя кватарантаў галоўнага корпуса з вуліцы.

У выразах твару людзей з кватэр, дзе на дзвярах былі прыбіты магільныя дошчачкі з прозвішчамі, адчуваўся і магільны супакой, супакой сытнасці і забяспечанасці; не было ў іх таго жыцця і рухавасці, як у людзей з падворку, што вечна клапаціліся аб штодзённым кавалку хлеба.

Язэпку цягнула да «жывых» людзей з падворку. Пробаваў там сябраваць з равеснікамі-хлапчукамі. Але яны, часта пакрыўджаныя сваімі бацькамі, былі таксама злосныя і некалькі разоў моцна адлупцавалі Язэпку. Ён рэдка заходзіў туды пасля гэтага.

Сам дзядзька часта лаяў кватарантаў з падворку. Яны неакуратна плацілі за кватэры. Ён часам судзіўся з некаторымі. Прыходзілі гарадавікі і выкідвалі на вуліцу гэтых «злосных, непрыемных» людзей.

Кожны раз цяпер, калі Крушынскі прыязджаў у Мінск пасля смерці дзядзькі і спыняўся ў гэтым доме ў аднаго з сваіх стрыечных братоў, ён успамінаў дзіцячыя гады, першыя ўражанні ад гэтага дома і ўсіх былых яго кватарантаў.

Кожны раз, як толькі ўгледзіць фасад дзядзькавага дома з вуліцы, на яго нападаў спалох, як у дзіцячыя гады.



22. СЫНЫ ЧЫСТАКРОЎНАГА ПРАЛЕТАРЫЯ

[правіць]

У 1921 годзе гаспадары дома — Алесь і Пётра Крушынскія — адчувалі сябе не зусім добра: яны былі домаўласнікамі.

Большасць жыльцоў з галоўнага корпуса — былыя царскія чыноўнікі і гаспадары багатых магазінаў — кудысьці зніклі. У кватэрах жылі зусім новыя людзі. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. За кватэры або мала плацілі, або зусім нічога не плацілі.

Алесю і Пётру кепска жылося. Галоўнай іхняй апорай у той час былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Толькі тады між ім і стрыечнымі братамі моцна звязалася нітка крэўнасці, слабая ў дзіцячыя гады.

Улетку Крушынскія — доктар і адвакат — выпраўлялі сваіх жонак і дзяцей на дачу ў Курганішча. А Язэп, калі прыязджаў у Мінск, заўсёды спыняўся ў сваіх стрыечных братоў.

— Домаўласнікі вы, домаўласнікі! — звярнуўся ён аднаго разу да сваіх аднафамільцаў.

У яго тоне чуваць былі кпіны моцнага чалавека над слабейшымі.

Стрыечныя браты напэўна пакрыўдзіліся б, каб у іх не было адчування слабейшых людзей да моцнага.

— А што? — устрывожыліся яны,— вядома, домаўласнікі!

— Надышоў час,— сказаў Крушынскі ўрачыстым настаўніцкім тонам,— і вам, домаўласнікам, падумаць над тым, дзе вы жывеце і як жывеце. Зусім няма ў вашых галовах бацькаўскага спрыту, бацькаўскіх лічбаў. Грошы на дом ваш бацька зарабіў у рэстаране ад сваіх «гасцей»: заробак лёгкі. Кватэрная плата за дваццаць прыблізна гадоў вярнула яму гэты капітал яшчэ з коптарам. Вы самі мелі тут добрыя кватэры. Дык вось, не забывайце, што бацька ваш быў калісьці сам лёкаем у рэстаране. Яго эксплуатаваў гаспадар. Значыць (у Крушынскага вочы заблішчэлі), ён, ваш бацька і мой дзядзька, быў сацыялістам! Гэты дом? Ваш бацька яго збудаваў для дзяржавы. І вы, яго дзеці, аддаеце цяпер дом рэспубліцы!

Доктар і адвакат выставілі на стрыечнага брата здзіўленыя вочы:

— Як жа гэтак?! Гэты ж дом — наш, бацькоўскі...

— Вы павінны аддаць яго ў камхоз, жыць спакойна ў сваіх кватэрах і плаціць па стаўцы кватэрную плату дзяржаве.

— За свой уласны дом?!

— І не будзеце тады буржуямі, гэта значыць, дворнікамі гэтага дома, і зробіцеся членамі прафсаюза, бо адзін з вас кепскі доктар, а другі — яшчэ горшы адвакат. А дом, без вашай на гэта згоды, не сягоння-заўтра і так забяруць.

Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне дзякаўскім басам на спеўны царкоўны лад.

Стрыечныя браты так і зрабілі. Запушчаны, даўно нерамантаваны дом аддалі ў камхоз, які пачаў зараз жа наводзіць у ім свае парадкі, рамонты рабіць.

Алесь і Пётра Крушынскія адчувалі сябе спачатку як апушчаныя ў ваду. Ім здавалася, што яны самі сябе абрабавалі, дурнямі парабіліся. Аднак яшчэ не верылася, што гэты дом ужо не іхні.

Па старой гаспадарчай прывычцы яны, хаваючыся адзін ад аднаго, самі сачылі за тым, каб рамонты рабіліся акуратна, не па-тандэтнаму. У іхніх сэрцах яшчэ ледзь прыкметна гралі ціхія ўласніцкія стрункі:

«А можа... можа, дачакаемся іншых часоў?..»

Часта браты Крушынскія, саромячыся адзін аднаго, хадзілі-спацыравалі па вялікім падворку «свайго» дома і заглядалі ва ўсе закуткі, у хлявы, у чужыя кватэры, ці ўсё ў парадку, ці не трэба дзе рамантаваць. «Гаспадарчае» вока песціла кожны куток, балела за кожную адломаную цаглінку. Рупная рука прыбівала цвікамі адарваную дошку. Кожны стук малатком у цвік будзіў пачуццё ўласнасці. Часта яны, заклапочаныя, хадзілі да загадчыка дамамі гэтага раёна і далікатна напаміналі, што трэба рамонты рабіць, што жыльцы — рабочыя скардзяцца... (Яны рабілі націск на слова «рабочыя».)

Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца.

«Ці гэтаму загадчыку за чужое душа баліць?» — думаў кожны з іх.

Ажываў ва ўспамінах рупны бацька: як ён збіраў грошы, купіў гэты дом, вечна глядзеў, каб дом быў у парадку, каб кватаранты былі акуратныя...

«Каб бацька цяпер падняўся з магілы і пабачыў усё гэта, дык напэўна памёр бы ў другі раз...»

Часамі на братоў Крушынскіх, у сувязі з гэтым домам, нападаў шчыры смутак.

А дом глядзеў на іх з дакорам усімі вачыма-вокнамі.

...І свой — і не свой.

Часта каму-колечы з братоў снілася, што прыйшла новая ўлада, у якой уласнасць — святая рэч, рэлігія.

Прачнецца — і пачынае злавацца на стрыечнага брата Язэпа за дзікую параду.

«Вось у іншых дамы пазаставаліся, і ніхто не чапае...»

Патрохі ў братоў Крушынскіх сум па дому перайшоў у новую элегійную форму. Гэтае адчуванне апранула паэтычную мантыю няясных летуценняў. Яны марылі аб доме, як старасвецкая паненка аб рыцары на белым кані. Мары канчаліся кожны раз прыпеўкай:

«А можа... можа, дачакаемся іншых часоў?»

Але логіка стрыечнага брата, Язэпа, была моцная: выйшла якраз па-ягонаму.

Пётра кінуў сваё дакторства, а Алесь — адвакацтва.

Першы зрабіўся педагогам, працаваў у тэхнікумах і ў універсітэце, і пасля таго, як напісаў дзіцячы лемантар, яго сталі называць прафесарам.

Другі дастаў службу ў мытніцы і ў вольны ад працы час пісаў лірычныя вершы. Яшчэ ў гімназіі альбомныя вершыкі пісаў аб каханні і салоўцы.

У цяжкія гады — у эпоху пайкоў — яны ўмудраліся мець па некалькі служб і пайкоў. Яны тады налаўчыліся апрача пайкоў сталавацца ў амаль дармовай сталоўцы для нейкіх «адказных працаўнікоў».

У братоў Крушынскіх пачалося зусім новае жыццё.

Вясною 1924 года нават у Крыме пажылі разам з жонкамі. Ехаць на дачу ў Курганішча лічылі цяпер ніжэй за свой гонар і стан.

Новае жыццё так вымуштравала іх, што ад ранейшых домаўласніцкіх мар застаўся толькі лёгкі кадзільны дымок.

Часта яны крытыкавалі тых з сваіх калег, якія зусім без страху будавалі для сябе новыя домікі ў Мінску. Гэтыя калегі імкнуліся да таго, ад чаго яны самаахвотна адмовіліся.

А калі часам гутарылі аб бацькаўскім доме, дык зусім у іншых колерах, у новым асвятленні. У выніку такіх гутарак выходзіла, што іх нябожчык бацька ўсё жыццё працаваў выключна для рабочых, бо ў доме, які ён збудаваў, жывуць цяпер рабочыя...

— Ці ж ён не сацыяліст?

Бацька Крушынскіх калісьці пачынаў сваю кар’еру з лёкайства ў рэстаране, а пасля разбагацеў. Лёкайства бацькі грала яркую ролю ў жыцці Алеся і Пётра, як сонца: то яно стаіць пасярод неба і пакрывае галовы сыноў златаблескам праменняў, а то заходзіць за кругавід і пакідае ім цень вечара і вільгаць ночы.

Даўней у школе іхнія сябры, дзеці чыноўнікаў і багатых, часта называлі іх «лёкайчукамі», нягледзячы на тое, што ў той час іх бацька меў ужо свой дом і свой рэстаран.

Алесь і Пётра вельмі цярпелі ад кпін сяброў і не маглі падараваць свайму бацьку праступак:

— Бацька быў лёкаем...

Гэта ляжала ганебнай плямай на маладым гонары сыноў. Многія гады «ганьба» ім супакою не давала, вісела над імі страшным знакам Каіна. Нават калі яны зрабіліся дарослымі людзьмі, часта чулі за плячыма слова «лёкайчукі».

Крушынскія не спадзяваліся, што надыдзе час, калі гэта самае слова паслужыць ім перад тымі ж людзьмі не ганьбай, а хвальбою.

Так здарылася пасля Кастрычніка.

Ранейшая ганьба — «дзеці лёкая» — зрабілася для іх пэўнай апорай.

А ў пераходныя часы, калі савецкая ўлада ў Мінску чаргавалася то з нямецкай, то з белапольскай акупацыяй, адвакат і доктар у дакументах былі то дзецьмі багача-домаўласніка, то лёкая-пралетарыя.

І першая, і другая бацькаўская годнасць была імі выкарыстана як найлепшая спадчына.

Цяпер?

Яны — сыны чыстакроўнага пралетарыя!

Аб гэтым красамоўна напісана ва ўсіх анкетах, якія ім толькі прыходзілася запаўняць: іх бацька — пралетарый, дзед — беззямельны селянін. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай стужкай ад рабочых і сялян.

Ганьба домаўласнікаў-буржуяў, смак ад чаго яны адчувалі такі ж самы прыкры пасля рэвалюцыі, як ад лёкайства бацькі да рэвалюцыі, была цяпер змыта дашчэнту.

Дом належаў камхозу. Яны стараліся пры людзях не гаварыць аб ім, як аб непрыстойнай хваробе. Лёкайства бацькі радавала іх цяпер так моцна, як да рэвалюцыі іх, пэўна, радаваў бы княжацкі герб. Ці пры рабоце ва ўстановах, ці дома пры гутарцы з сябрамі Пётра і Алесь Крушынскія стараліся накіроўваць тэму гутаркі ў адзін бок: праўдзівым пралетарыем з’яўляецца той, хто пралетарскага паходжання. Само сабою пры гэтым выплывала, што іхні бацька працаваў лёкаем у рэстаране.

Бацька-лёкай ператварыўся ў нейкага героя-пралетарыя, у рэвалюцыянера, які, здаецца (яны добра не памятаюць), разам з Леніным працаваў.



23. «Я, ЯК ФІЛОСАФ...»

[правіць]

Позна ўвечары Крушынскі з аграномам прыехалі ў Мінск. Заехалі да старэйшага Крушынскага, былога доктара і цяперашняга «пралетарскага песняра», які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Ён ужо другі тыдзень святкуе свой двухгадовы літаратурны юбілей. Дзень у дзень у яго поўна гасцей. Дзень у дзень ладзіцца ў яго кватэры ўрачыстае святкаванне двухгадовай мастацкай творчасці. У працягу двух год ён выпусціў два зборнікі паэзіі, па шаснаццаць старонак кожны, на восем радкоў на старонцы.

Надрукавана яго біяграфія з партрэтам. У біяграфіі шмат гаворыцца аб лёкайскай прафесіі бацькі і беззямеллі дзеда; паказана нават, у якога пана яго прадзед адбываў прыгон. Даведзена ў друку, што апошнім творам ён перарос Коласа і Купалу і падае вялікія надзеі расці, і расці, і расці.

Крушынскі з аграномам папалі якраз у самы вір выпіўкі.

Гасцей было чалавек дзесяць. Нягледзячы на позні час ночы, зараз жа гаспадыня, жонка паэта, паслала служанку па піва.

Жонка паэта — кругленькая, нібы гумаластыкавая лялька, жанчына гадоў пад трыццаць, пазнаёміла агранома з гасцямі. Крушынскі быў з імі яшчэ раней знаёмы, бо ён іх часта бачыў тут, прыязджаючы ў Мінск па справах.

Апрача прафесара Аляксандра Крушынскага былі тут яшчэ два такія ж прафесары з жонкамі, літаратурны крытык і яшчэ пара асоб.

Хоць гэта быў ужо дзевяты дзень святкавання юбілею, але сам пясняр сказаў стрыечнаму брату Язэпу, цалуючыся з ім, што гатоў юбілейнічаць дзень у дзень, хоць яшчэ тры гады — аж да пяцігадовага свята.

Калі адзін з гасцей на гэта заўважыў, што пры такіх варунках да пяцігадовага юбілею Цярэшкі не будзе новых збораў яго твораў, тады працаўнік выдавецтва, які тут сядзеў, супакоіў:

— Мы будзем перадрукоўваць творы Антона Цярэшкі яшчэ раз або два. Да новага юбілею выпусцім поўны збор твораў песняра.

Госці пілі піва і гаварылі голасна, траха не крычалі.

Гаспадыня пасадзіла Івана Мацвеевіча побач з сабою і давай старанна частаваць пітвом і закускамі.

— Даганяйце ўсіх, шаноўны Іван Антонавіч, выбачайце, Іван Мацвеевіч! — паўтарала яна пры гэтым кожны раз.— Выбачайце, заўсёды забываюся, як завуць людзей па бацьку.

— Дагонім! — з пэўнасцю сказаў Іван Мацвеевіч.

Наконт тытулавання па бацьку ён зараз жа расказаў гаспадыні пікантны анекдот. Яна смяялася і прыязна глядзела на яго.

Іван Мацвеевіч шчыра «даганяў» гасцей. А гаспадыня не адыходзіла ад яго, нібы першы раз у жыцці сустрэла такога цікавага чалавека. Яна ўвесь час паўтарала:

— Даганяйце гасцей, даганяйце!

— Чаму госці вашыя так голасна гавораць? — запытаўся Іван Мацвеевіч у гаспадыні.

— Адзін з нашых гасцей трохі глухаваты. Гэта літаратурны крытык Максім Кірковіч. Вунь той, што водзіць галавой у розныя бакі, нібы качка.

Гаспадыня так лоўка паказала вясёлымі вачыма на крытыка, што ніхто, апрача Івана Мацвеевіча, гэта не заўважыў.

Іван Мацвеевіч залюбаваўся чорнай стрыжкай і сінімі вачыма гаспадыні.

— Далікатныя ў вас госці, пані гаспадыня,— сказаў ён у раздум’і, расцягваючы кожнае слова, і відаць было, што стараецца нешта ўспомніць.— Ага! успомніў! Дазвольце мне, пані гаспадыня, быць недалікатным. Хачу вам расказаць непрыстойны анекдот пра глухога.

— Проша, проша! Люблю непрыстойныя анекдоты.

Іван Мацвеевіч ціха расказваў.

Гаспадыня хіхікнула некалькі разоў, зірнула на яго, як на вельмі цікавую для сябе знаходку, і яшчэ шчыльней прысунулася.

На Язэпа Крушынскага гаспадыня вялікай увагі не звяртала: «свой чалавек, не пакрыўдзіцца».

Ён частаваўся сам, смела трымаўся, як у сваёй хаце. Ён быў трохі заклапочаны. Меў шмат спраў у горадзе. Заўтра цэлы дзень прыйдзецца тупацца па вуліцах да розных людзей. Разам з заклапочанасцю на яго твары прыкмячалася стомленасць, дрымотнасць.

Як старанна ні «даганяў гасцей», а відаць было, што яму хочацца спаць. Налівае сабе піва ці віна, а вочы зліпаюцца. Часта, замест відэльца, бярэ ў рукі нож, есць закуску нажом або крышыць мяса на дробныя кавалкі, потым бярэ, кожны кавалак пальцамі, натыкае на відэлец і кладзе ў рот.

Гаспадыня ціхенька штурхае Івана Мацвеевіча ў бок і паказвае смехатлівымі вачыма на Язэпа Крушынскага.

— Вось так заўсёды. З малых гадоў быў у горадзе, гадаваўся тут, а есці па сягонняшні дзень па-людску не навучыўся.

— Мне скардзіўся, што цётка з маленства вучыла яго есці. Гэта было для яго найвялікшай пакутай.

— Аднак ён разумее ў гэтай навуцы, як я ў вашай аграноміі.

У часе такой інтымнай гутаркі літаратурны крытык гаварыў аб паэзіі Антона Цярэшкі.

Пры гэтым ён ківаў галавой направа, налева, выцягваў яе наперад, нібы пробаваў, ці яна моцна яшчэ трымаецца на шчуплых плячах. Ён гаварыў з ліслівай усмешкай на бледных губах:

— Я, як філосаф, павінен зрабіць заўвагу, што ў паэзіі Антона Цярэшкі ёсць глыбокія філасофскія думкі. Я, як марксісцкі крытык, зазначаю, што ў творчасці нашага пралетарскага паэта надзвычайна вытрыманая ідэалогія. Я, як культурны чытач, пераконваю вас, шаноўныя госці, што мастацтва ў вершах славутага таварыша Цярэшкі стаіць на вышыні сучаснасці. Я, як...

Доўга гаварыў літаратурны крытык аб творчасці Антона Цярэшкі, прыводзіў урыўкі з яго паэзіі. З кожным «я, як» голас у крытыка павышаўся, пафас рос, вочы запальваліся большым агнём.

Антон Цярэшка не даў яму дагаварыць, наліў у чаркі віна і выпіў з крытыкам на «брударшафт».

Іван Мацвеевіч уважліва прыслухоўваўся да прамовы крытыка і шапнуў на вуха гаспадыні:

— Мне вельмі прыемна, што так хваляць вашага мужа! Але ж і крытык! Ён і філосаф, і крытык, і культурны чытач, і масавы. Не дзіва, што ў яго так многа «я, як»!

— Ціха, Іван Адамавіч, выбачайце, Іван Мацвеевіч! Хі-хі-хі! Я вам потым раскажу, раскажу пра ўсіх гасцей. А пакуль што не жартуйце з крытыка. Во! ён на вас глядзіць. Хоць не чуе, але па губах пазнае, што вы аб ім нядобрае гаворыце. Паглядзіце, як ён пачырванеў...

Крытык з яўнай варожасцю пазіраў на агранома. Праз акуляры блішчэлі маленькія, хітрыя мышыныя вочкі. Як два шылы, яны калолі наскрозь Івана Мацвеевіча. Агеньчыкі шчырай нянавісці зіхацеліся ў гэтых вочках. Голены твар гарэў полымем. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Крытык так моцна вадзіў галавою ў бок агранома, ажно здавалася, што галава зараз сарвецца з тулава, кінецца на агранома і ўгрызецца зубамі ў яго круглыя, пульхныя шчокі.

Прыкра зрабілася Івану Мацвеевічу.

— Здаецца, я недзе бачыў гэтага чалавека...— падумаў ён.— Так. У адным з гарадоў Расіі бачыў яго. У цяперашняга марксісцкага крытыка былі тады бліскучыя чыноўніцкія гузікі з царскімі арламі. Ніяк не магу прыпомніць, кім ён тады быў.

Горача зрабілася Івану Мацвеевічу.

Літаратурны крытык на яго глядзіць, утаропіўшы вочы, і, здаецца, таксама стараецца нешта прыпомніць.

Непрыемна было Івану Мацвеевічу глядзець у такія пранізваючыя вочы крытыка. Але нейкая невядомая сіла накіроўвала яго вочы якраз на бліскучыя акуляры крытыка.

Хто збоку паглядзеў бы на крытыка ў гэты час, дык, напэўна, заўважыў бы палахлівасць і неспакой і ў яго вачах.

Іван Мацвеевіч пачаў вандраваць у думках у той перыяд часу, які быў акрэслены ў яго адным толькі словам «тады».

Успомніў!

— Прозвішча крытыка — Гайдач, мабыць, літаратурны псеўданім. Яго праўдзівае прозвішча — Алалоўнік. Алалоўнік жыў у тым жа горадзе, дзе вучыўся ён сам. Быў інспектарам гімназіі, дзе вучыліся выключна дваранскія сынкі. Ён быў чалавекам пэўным у палітычным сэнсе... І не дзіва, што не ўмее выгаварваць «г» па-беларуску і замест «це» кажа «те».

Крытык падышоў да Івана Мацвеевіча і лагодным тонам запытаўся:

— Выбачайце, вы не Антон Сяргеевіч Мятлоў?

Крытык паставіў правае вуха супроць рота Івана Мацвеевіча.

— Я — Іван Мацвеевіч Шапавалаў.

— Як? Як?

— Ша-па-ва-лаў!

— Ага! Выбачайце. Вочы вашыя такія знаёмыя мне. Але ў таго, у Мятлова, чорная бародка. Выбачайце.

Крытык гусінай манерай вярнуўся на сваё месца.

Іван Мацвеевіч прыпомніў цяпер добра гэтае характэрнае выцягванне і ўцягванне галавы.

... Той самы! Алалоўнік!..

У агранома мурашкі поўзалі па спіне. У роце суха зрабілася.

Каб заглушыць прыкрае адчуванне ўнутры, ён запрапанаваў выпіць у чэсць гаспадыні, якая нядаўна прыехала з Крыма. (Яна паспела яму тут жа пры стале паказаць свой паўдзённы загар на шыі і плячах глыбей тых месц, якія адзначаны вопраткай.)

Госці ажывіліся.

Аграном падняў тост і за Язэпа Крушынскага, культурная гаспадарка якога праславілася на ўсю рэспубліку.

У Крушынскага зышла дрымотнасць з твару.

— Абавязкова,— сказаў ён,— заўтра куплю сто нумароў «Беларускай вёскі», дзе надрукавана аба мне!

Ён прывык гаварыць голасна, як чалавек, што знаходзіцца часта ў полі.

Па твары крытыка была разліта прыемнасць: яму добра чуваць былі словы Крушынскага.

— І аб вас у газетах пішуць? — здзівіўся крытык.— Выбачайце, нічога з вашай творчасці не чытаў. Як вы падпісваецеся?

— Я не пішу! — сказаў Крушынскі.

— Язэп Сымонавіч сахою па глебе піша,— вытлумачыў крытыку Іван Мацвеевіч.

— Парою паэмы піша? Як? Як? — наставіў правае вуха крытык.— Я, як акуратны чытач беларускай літаратуры...

— Не! — крыкнуў яму Іван Мацвеевіч на самае вуха.— Ён піша сахою па глебе! Сельскай гаспадаркай займаецца! Культурную гаспадарку вядзе!

Аграном крычаў нібы ў трубку тэлефона.

— А... Выбачайце, разумею. Вы так вобразна выражаецеся, таварыш... тав...

— Шапавалаў! — крыкнуў Іван Мацвеевіч так моцна, ажно гаспадыня спалохалася.

— Вы так вобразна выражаецеся, таварыш Шапавалаў, ажно я думаў, што паэмы піша. Ну і Крушынскія! Увесь род іх таленавіты! Я, як марксісцкі крытык, павінен зазначыць, што калі б ніхто не пісаў сахою па глебе, дык ніхто б і не пісаў вершаў пяром на паперы. Адна вытворчасць немагчыма без другой. Я, як марксіст...

Крытык доўга гаварыў аб базе і надбудове.

І ў яго, і ў Івана Мацвеевіча быў добры настрой: і адзін, і другі вельмі ўзрадаваліся, што незнаёмы.

Крытык глядзеў прыхільна на Івана Мацвеевіча. А Іван Мацвеевіч соладка яму ўсміхаўся, каб пад маскай усмешкі схаваць тое, што ўсплыло ў памяці...

Крытык увайшоў у надмерны экстаз. Вочкі яго, замасленыя ад выпіўкі, кідалі вакол сябе праменьчыкі, касіліся ў бакі і глядзелі на ўсё не праз шкелкі акуляр, а міма іх, як бы хацелі вызваліцца з шкляной турмы.

— Я, як крытык, павінен зазначыць, што крытыка таксама вялікае мастацтва: рабіць з чорнага белае і з белага чорнае. Гэта, выбачайце, трэба ўмець!

Крытык горда азірнуўся вакол.

— Часам,— казаў ён далей,— я люблю паспрачацца сам з сабою аб поглядах на мастацтва. Я гавару і за, гавару і супроць. Крытыка — гэта ёсць фехтаванне бліскучай шабляй. Бляскі ад мігацення шаблі ў спрытных руках фехтавальніка і ёсць тое вышэйшае хараство, якое я разумею пад крытыкай, тое мастацтва...

Крытык махнуў рукой, як бы хацеў стрымаць самога сябе.

— ...Але перш-наперш пачнём з поглядаў на мастацтва. Якое мастацтва самае каштоўнае? Я, як марксісцкі крытык, цаню толькі тое мастацтва, якое асвятляе ўсё вакольнае з пункту погляду класавасці. Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Яно павінна стаяць на варце ўсіх заваёў рэвалюцыі. Іншае мастацтва ніякай вартасці для нас не мае. Што вы ўсе, шаноўныя госці, можаце сказаць супроць гэтага? Вядома, нічога!

Крытык ажывіўся. Стукнуў кулаком сабе ў грудзі і зноў пачаў:

— Выбачайце! Вы нічога не можаце сказаць насупроць гэтага погляду на мастацтва? А я магу! Я, як аматар сапраўднага мастацтва, мушу запэўніць вас, што мастацтва, якое служыць зброяй для абароны і замацавання пэўных ідэй якога б ні было класа ці групы грамадства, ёсць не мастацтва, а агітацыя. Удала зробленая ці не — усё роўна — гэта толькі агітацыя! Сапраўднае мастацтва ёсць такое, калі выяўнікі яго знаходзяцца па-за класавасцю — у творчасці вырашаюць праблему агульнага чалавека. Калі яны, мастакі, бесстаронна малююць эпоху, калі перад імі няма вінаватых і невінаватых, няма прыгнятальнікаў і прыгнечаных, а ёсць звычайнае змаганне за дабрабыт. Верх і права на баку моцы і сілы. А калі гэту ўсталяваную сілу пераможа іншая, новая сіла, тады старая сіла ўжо не сіла. Яна застаецца вінаватай. Гэта ёсць адвечны закон жыцця. Адлюстроўваць гэты закон бесстаронна павінна мастацтва.

Крытык змоўк. Зірнуў на ўсіх асалавелымі вачыма.

— Што вы на гэта, таварышы, можаце сказаць? Папрабуйце нешта супроць гаварыць! Не можаце? А я магу!

Зноў знікла асалавеласць, з’явілася яшчэ большая натхнёнасць, чым раней. Ён павысіў голас да хрыпаты, як бы гаварыў супроць заядлага ворага:

— Нахлусіў ты, аматар сапраўднага мастацтва! Што значыць пазакласавасць і праблема чалавека? Чаму агітацыя не мастацтва? І што значыць бесстароннасць мастака да вакольных з’явішчаў жыцця? Гэта ж адны пустыя словы! Калі мы возьмем ранейшае, так званае, «чыстае мастацтва», дык няўжо ж яно не было прыналежнасцю людзей-дармаедаў, гультаёў, якія ў час адпачынку ад нястраўнасці жывата марылі аб нейкім жыцці «без руля и без ветрил», апявалі кунежных летуценнікаў і балбаталі аб таемнай музыцы сфер. Якраз гэта і ёсць творчасць класавая, класа буржуазіі. Ім лезлі ў голавы розныя дзівосныя фантазіі. А мы гэта ўсё называлі хараством, натхненнем. Вось якраз такое «чыстае хараство» і было агітацыяй супроць барацьбы. Гэта цягнула да ўпадніцтва. Пралетарыю прышчэплівалі хваробу апатыі і расхлябанасці. Бесстароннасці ў мастака не можа быць, калі мастак жывая істота, а не кастрат. Калі ў мастака няма ў душы агню нянавісці да варожага класа, які прыгнятаў яго, яго бацькоў, дзядоў і прадзедаў — ён не мастак. Калі ён не прапускае сваю творчасць праз прызму класавай, пралетарскай эмоцыі, ён — не мастак, а нейкая істота без касцей, нікудышнік. Бесстароннасці ў маляванні эпохі не можа быць, бо гэтай бесстароннасці няма ў жыцці. Толькі смерць бесстаронна. Мастацтва — гэта тое, што плыве з глыбіні жыцця і кліча на ўзверх, агітуе за новыя палепшаныя формы бытавання. Вечнага, застыглага, кананізаванага хараства няма! Мастацтва пралетарскае бярэ цяпер верх, як бяруць верх тыя мільённыя масы працоўных па ўсім свеце над сваімі былымі эксплуататарамі. Няхай жыве мастацтва працоўнага класа!

Літаратурны крытык выпучыў вочы, выцер хустачкай успацелы лоб, узняў чарку і давай азірацца вакол, як пераможца, што ўвесь свет заваяваў. Госці (апрача аднаго, які ўвесь час маўчаў і з агідай глядзеў на крытыка) бісавалі.

Крытык сядзеў самазадаволены. Наліў у чарку чырвонага віна, адным махам выпіў і зноў загаварыў:

— Вось якія вы?! Выбачайце! Вы памыляецеся! Я не магу маўчаць. Кепскія ў вас погляды на мастацтва! Дзіўлюся! Няўжо ж вы забылі аб тым, што цяга да мастацтва была і ў першабытных людзей? Няўжо тое мастацтва было класавае? Няўжо мастацтва не павінна быць так прыгожа, як сонечнае неба, як мора, як расліны? Трэба памятаць, што таямніца хараства захована ў прыродзе, у яе дзіўных гротах, у яе вечна маладых і свежых вытоках. Ёсць хараство адвечнае, якое жыве тысячагоддзямі; каляруюцца помнікі чалавечага генія. Яны вечныя якраз таму, што няма ў іх тэндэнцыйнасці. А тое, што тэндэнцыйна, што навучае, не жыве, ад гэтага і следу застаецца столькі, як ад леташняга снегу.

Тут крытык выпіў з кілішка суседа, адсапнуўся і зноў загаварыў:

— А я магу сказаць і супроць гэтага. Хто па-марксісцку мысліць і адчувае, той высмее такую думку. Вы кажаце, што тэндэнцыя не гадзіцца? Але, выбачайце, дзе яе няма гэтай тэндэнцыі? Тэндэнцыя знаходзіцца ва ўсіх формах жыцця, якое з’яўляецца аб’ектам для мастацтва. Я магу прывесці многа цытат. Трэба памятаць...

Але тут літаратурны крытык меў важную прычыну спыніць сваё красамоўства.

Той з гасцей, які ўвесь час маўчаў, кінуў раптам у крытыка бутэлькай ад піва, сказаўшы пры гэтым у бок крытыка брыдкую лаянку.

Крытык спрытна падхваціў бутэльку, спакойна паставіў пад стол і яшчэ спакайней сказаў:

— Выбачайце...

— Якое там «выбачайце»!— крыкнуў чалавек, што кінуў бутэлькай.— На якое ліха вы тут нагаварылі гэтулькі глупства? Я зразумеў, што ў вас, гора-крытык, існуюць два погляды. Вы пад розныя дудкі спяваеце! За свой разнастайны тавар вы атрымлівалі, відаць, раней царскімі дзесятухамі, а цяпер савецкімі чырвонцамі! Эх вы... падхалім!

Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Вочы ў яго блішчэлі шэрым мутным шклом, выпучыліся дзіка і строга.

— Выбачайце,— мармытаў спалоханы крытык,— я не чую, што вы кажаце. Я трохі глухаваты...

Госці падняліся з-за стала, збянтэжаныя, занепакоеныя.

Гаспадыня заплакала.

— Як вам не сорамна скандаліць, дзядзька Цімафейчык? — звярнулася яна да госця, які бутэлькай ад піва скрытыкаваў літаратурнага крытыка.

— Не цярплю я гэткіх падхалімаў і езуітаў! У-у-у!

Ён стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы.

— І навошта ён прыходзіць да нас кожны дзень? — накінулася гаспадыня на мужа.

— Ціха, ціха,— супакойваў яе Антон Цярэшка,— маўчы!

Гаспадыня плакала гучна і шчыра, залівалася слязьмі і ўсхліпвала, як малое дзіцё.

— І так штодзень! — звярнулася яна са скаргай да Івана Мацвеевіча.— Штодзень такія скандалы. Калі ўжо скончыцца гэты юбілей? Божанька мой!



24. ХРОНІКА ВУСНАЯ І ПІСАНАЯ

[правіць]

Госці хутка развіталіся з гаспадарамі. Разышліся. Самага п’янага, які наскандаліў з прычыны прамовы літаратурнага крытыка, гаспадар узяў пад руку і павёў на вуліцу, пасадзіў на рамізніка і вярнуўся дамоў.

Гаспадыня з заплаканымі вачыма сама паслала ложкі Івану Мацвеевічу і Крушынскаму. Пасля гэтага яна ў спальні пераапранулася ў белую вопратку, выйшла і лёганька стукнула ў дзверы пакоя, дзе ляглі спаць госці.

— Можна?

— Калі ласка! — адказаў Іван Мацвеевіч на кволы голас гаспадыні.

— Хачу паглядзець, ці добра вам спаць.

Гаспадыня ціха адчыніла дзверы і бокам усунулася ў пакой.

Іван Мацвеевіч успёрся ў пасцелі па правым локці.

Крушынскі ўжо спаў.

— Род Крушынскіх вечна спіць — і мой адразу заснуў! — сказала гаспадыня і прысела на крэсла каля ложка Івана Мацвеевіча, нібы медычная сястра, якая збіраецца хвораму банкі паставіць.

— Ого! — запратэставаў на словы гаспадыні Іван Мацвеевіч,— род Крушынскіх якраз не спіць, а дзейнічае на розных франтах: адзін — культурнік па сельскай гаспадарцы, другі — паэт, трэці — прафесар! І любуешся родам Крушынскіх, і налюбавацца не можаш, і зайздрасць бярэ.

Гаспадыні быў прыемны гэты камплімент. Яна бліжэй прысунула крэсла да ложка госця.

— Нічога супроць не маеце, што я вам трохі, Іван Антонавіч, выбачайце, Іван Мацвеевіч, не дам паспаць? Так цяжка мне. Хочацца з новым чалавекам пагаварыць.

— Калі ласка! Я і спаць не хачу.

— Божачка мой, як усё гэта мне дадзела. Вы не знаеце, як дадзела. Дзень у дзень выпіўкі. Яны ж майму мужу працаваць не даюць. Вечна адно і тое самае. Чаму ж гэта вы ў нас не бываеце? Я вас першы раз бачу.

— Не даводзілася.

— Я ў горадзе бадай усіх знаю, а чаму з вамі не знаёма — проста дзіўлюся, Іван Антонавіч, выбачайце, Іван Мацвеевіч.

— Бо я рэдка бываю ў Мінску, пані гаспадыня.

Ён збоку зірнуў на гаспадыню. Трохі прыкра было, што яна блытае яго імя па бацьку, але ён не меў часу калі і пакрыўдзіцца на гэту жанчыну. Любаваўся яе вузкімі маленькімі і пульхнымі ручкамі. Яна перабірала пальцамі, нібы разматвала заблытаныя ніткі. Яе твар быў спакойны. Вясёлыя вочы трохі стомлены. Аграном прыслухоўваўся да лёгкіх пераліваў яе голасу. У гэтых пералівах адчуваўся несупынны кплівы смяшок. Кожнае слова купаецца ў стрыманым смеху. Пры кожным сказе аграному здаецца, што яна зараз пачне нястрымана рагатаць. Часта мяняліся колеры на руках гаспадыні — яны былі то бледныя, то ружовыя.

Ён не мог адарваць вачэй ад яе рук. Нібы цэнтр жыцця гэтай прыемнай жанчыны быў у яе руках. Яму здавалася, што гутарка гаспадыні чуваць не з яе губ, а з рук. Яе голас нагадваў яму журчанне ручая, якое вельмі добра дзейнічае на нервы, дае супакой.

Часта ў гутарцы гаспадыня яму задавала розныя запытанні, але ён не паспяваў адказваць на іх, бо яна забывалася і гаварыла далей. Гаварыла — і сама прыслухоўвалася да свайго голасу.

— Вам добра ляжаць? Так. Безумоўна, каб расказаць вам аб усім маім жыцці, дык, ведаеце, можна некалькі кніг напісаць. Другім разам аб усім вам раскажу. Нічога не ўтаю. Вось мне здаецца, што вы — добры чалавек. Будзеце прыязджаць да нас у госці? Ой, як надакучылі мне гэтыя людзі, якія штовечар тут бываюць. Я вечна шукаю новых людзей, Іван Антонавіч, выбачайце, Іван Мацвеевіч. У мяне такі голад на людзей! Божанька, які голад! Хоць, бадай, усіх болей-меней прыкметных людзей у горадзе знаю. Апрыкрылі яны мне! Вы не спіце?

— Не! Не! Калі ласка!

— Дайце я вас пазнаёмлю цяпер хоць з тымі, што былі сягоння ў нас. Насупроць вас сядзеў адзін з абскубанай барадой, з лысінай. Вы памятаеце? Гэта прафесар. Да рэвалюцыі ён быў настаўнікам у гімназіі, адбіраў у вучняў беларускую газету «Нашу ніву», пагражаў, што за беларушчыну выкіне з гімназіі, а цяпер? Ого! Якія прамовы гаворыць! Нядаўна кончыў вялікую працу аб нейкай вёсцы Гайдачыны. Пачаў займацца старасветчынай. Лічыць сябе «шчырым беларусам». Нядаўна я сама бачыла, як ён у царкве паклоны адбіваў, хоць на тыдзень раней выступаў на сходзе з антырэлігійнай прамовай. Вы не спіце?

— Не! Не! Будзьце ласкавы!

— А другі, што пераміргваўся з жонкай майго швагра. Мо памятаеце? — голены. Вочы глыбока пад лобам сядзяць. Ён увесь час аглядаецца падазрона па баках, нібы ўсіх зладзеямі лічыць.

— Ага! Ага!

— Ну, вось! Гэты таксама вучоны. Збірае беларускія тканіны. Ён мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Робіць гэта вельмі проста, да смяхоты: даведваецца па календары, калі ў начальніка ці ў каго з яго сям’і імяніны, і абавязкова прыносіць торт. Кожнаму з аўтарытэтных людзей нашага горада торт прыносіць. Яго тарты «Гайда» і з узорамі нашых паяскоў славяцца на ўвесь Мінск. Вам смех? Ведаеце, памагае! Божачка мой, як памагае! Тарты ў людзі яго вывелі. Прозвішча гэтага торт-майстра Бычкавіцкі. Вы не спіце?

— Што вы? Пані гаспадыня, вельмі ўсё гэта цікава!

Іван Мацвеевіч у захапленні. Ён заварожаны, загіпнатызаваны яе бела-ружовымі ручкамі, якія здаюцца яму надзвычайным творам скульптуры. Пры кожным пальчыку маленькая ямінка. Даўгаватыя пазуры блішчаць перламутрам. Пальчыкі гаспадыні наігрываюць на невідочным інструманце нячутную мелодыю...

— Добры твор мастацтва,— думае ён.— Але толькі літаратурны крытык Гайдач хіба разбярэцца тут, ці пралетарскага, ці буржуазнага кірунку.

— Вы глядзіце на мае рукі? Мазалёў на іх ніколі не было. Вы цікавіцеся, можа, маім жыццём? Гэта матэрыял для раманіста. А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант..., выбачайце, Мацвеевіч. Вечна блытаю. Даўно, ведаеце, свежага чалавека не бачыла. Хочацца пагаварыць. А як храпе наш Крушынскі! Вось не пераношу, божачка мой! Чыстая дзярэўня. Ведаеце, чаму я сёлета не паехала на дачу ў Курганішча? Не магу там спаць па начах. Як пачнуць усе храпці, іграць пасамі, дык у мяне ўсё нутро перавернецца. Аб чым гэта я хацела сказаць?

— Вы нешта пра крытыка...

— Ага! Ён піша артыкулы па заказу. «Хваліць ці ганіць?» — пытаецца ён у заказчыка. Як прыкажуць, так і піша. Яго пяро — гэта тое самае, што тарты Бычкавіцкага на імянінах. Пабрэша, пабрэша — і грошы бярэ. Ён да таго цынічны, гэты Гайдач, што пазычае грошы на працэнты, бярэ ў залог срэбныя і залатыя рэчы, веласіпеды, фатаграфічныя апараты і рознага гатунку каштоўнасці. У яго кватэры праўдзівы ламбард. Ён таксама вядзе гешэфты з чорнай біржай. Любіць золата, як пушкінскі «Скупой рыцарь». Часам ён зазывае к сабе на кватэру маленькіх дзяцей з дзядзінца, высыпае перад імі на стол кучу залатых манет і дазваляе забаўляцца гэтымі цацкамі. Ён ад гэтага мае вялікую прыемнасць. Вы не спіце?

— Не...

Кожны палец гаспадыніных ручак здаецца яму асобнай жывой істотай. Яе голас і наганяе і адганяе дрымотнасць.

— Многія з гэтых людзей варты таго, каб іх выкінуць на сметнік, але ліха іх не бярэ. Вы запытаецеся, чаго яны сюды ходзяць? Многа гаварыць трэба. Гэта мы адложым на іншы раз, Іван Мацвеевіч (нарэшце запомніла, як вас па бацьку тытулаваць), а пакуль што пара спаць. Дай бог здароўя!

Гаспадыня ціхенька, бокам высунулася з пакоя.

Яе голас доўга звінеў у вушах Івана Мацвеевіча. Перад вачыма мітусіліся прыгожыя рукі. Зусім не хацелася спаць.

Крушынскі вельмі моцна храпеў.

— У Курганішчы я ніколі не зварочваў на гэта ўвагі.

Такіх жанчын, як гэту, Іван Мацвеевіч знаў многа ў сваім жыцці.

Яны з’яўляюцца ў пэўным асяродку людзей жывымі летапісамі, назіраюць пільна за сваімі знаёмымі, як тыя каты, яны драпаюцца ў чужой душы і ведаюць болей аб сваіх суседзях, чым аб сабе. Часам такія жанчыны даюць аб людзях трапныя характарыстыкі. Сягоння аднаму нагавораць пра яго блізкага сябра, а заўтра сябру аб ім тое самае раскажуць. У жанчын такога гатунку, як Івану Мацвеевічу вядома, ёсць нейкі спецыяльны нюх выведваць усё аб чалавеку, каб пасля з асалодай распаўсюджваць аб ім благую славу.

«Мне трэба асцерагацца яе — уладарніцы прыгожых ручак. Кепска зрабіў, што паслухаў Крушынскага і застаўся тут. Яны бываюць у Курганішчы, а я іх не ведаю. Бачыць не прыходзілася ў часы майго прыезду туды. Болей за ўсё мне трэба асцерагацца кабет».

Электрычная лямпачка разлівала па стале з-пад сіняга абажура роўнае мяккае святло.

Недалёка ад лямпы стаяў графін з вадою, пустая шклянка. Гранёнае шкло ледзь прыкметна пераміргвалася бляскамі з лямпай на светлым крузе стала і адкідвала правідныя няясныя цені на белым абрусе.

Ва ўсім пакоі панаваў сіняваты паўзмрок, у якім можна было ўлавіць чуць прыкметны водсвет абажура. Белыя гардзіны на вокнах даходзілі да падлогі, нібы вышытыя з сняжынак. Панавала пяшчотная прытульнасць. Цішыню палохала рытмічнае здаровае храпенне Крушынскага.

Аграному хацелася цяпер пачытаць штосьці лагоднае, спакойнае. Так ён заўсёды перад сном і дома рабіў, колькі б перад гэтым ні піў. Людзі, аб якіх расказвала толькі што гаспадыня, іхнія дзеі і характары, хутка выслізнуліся з яго думак і ўяўлення. Ён шмат ведае такіх. Ён сам... Але ён іначай не мог і не можа... Ён — іншая справа.

— Штосьці такое пачытаць?

Ён успомніў пра «Альбом — красный сон мужика» старога чалавека, вельмі падобнага да «Льва Талстога».

«Забаўны чалавек!»

Барада патрыярха і парваныя мужыцкія юхтавыя боты стаялі цяпер перад вачыма агранома. Гэтыя рэчы мелі між сабою ў яго ўяўленні моцную сувязь — сувязь кантрастаў, былі блізкі адна ад адной сваёй аддаленасцю: барада мудраца і боты мужыка, якія пахлі хлявом. Голас, выгляд вачэй і філасофія «Льва Талстога» не замацаваліся ў яго памяці. Засталося толькі агульнае ўражанне.

— Трэба пачытаць яго пісаніну.

Ён ціха злез з ложка, дастаў з дарожнага чамадана «альбом» і давай паволі перагортваць.

Спыніўся на пісаніне пад назваю «Спрытныя людзі».

Гэтыя два словы былі напісаны буйнымі літарамі. Першая загалоўная была размалёвана чырвона-сінім алоўкам. Яна нагадвала загалоўныя літары ў старадаўніх рукапісных евангеллях. Узоры раслін, птушачкі, елачкі і розныя замыславатыя арнаменты абкружылі ўвесь загаловак і запялі палавіну старонкі вялікага фармата «альбома».

Такі малюнак, зроблены прымітыўнай і цярпліваю рукою, надаў настрой інтымнасці, чуласці. З’явілася ў Івана Мацвеевіча нейкая спагаднасць да гэтага аматара мастацтва.

«Значыць, «Леў Талстой» мае нахіл не толькі да пісьменніцтва, але нават да малявання».

Яго поўныя губы склаліся ў лагодную ўсмешку. Рахманыя вочы зацягнуліся павалокаю летуценнасці.

«Гэта было ў 1920 годзе ўвосень,— пачаў ён чытаць,— калі ў нашай ваколіцы была ўстаноўлена часова нейтральная зона, тоісь, гранічная паласа між Беларуссю і Польшчай».

На палях старонкі было прыпісана драбнейшымі літарамі, чымся ў галоўным тэксце, рукою «Льва Талстога».

«Па-мойму, зрабілі нядобра, памылку зрабілі, што растаўклі Расію на дробны мак розных рэспублік: Расія, Беларусь, Украіна і многа іншых назваў, якіх нават і не ведаю. Навошта такі падзел на новыя дзяржавы? Так. Венік ніхто не паломіць, а паадзіночныя пруцці яго паломіць і малое дзіцё. Тады і жалезнага веніка не будзе, тоісь, савецкай уласці. Нават з камуністычнага боку не павінна быць розных зямель і розніцы між народамі. Павінен быць інтэрнацыянал. Так. Не разумею».

«Недалёка ад нейтральнай зоны,— чытаў працяг тэксту Іван Мацвеевіч,— стаіць хутар старавераў на ўзвышшы гары, як скула на жываце».

Іван Мацвеевіч паморшчыўся ад такога нязграбнага параўнання:

— Няма эстэтызму.

«Як я памятаю, а мне ўжо стукнула, як качаргою па лобе, шэсцьдзесят год, там жывуць стараверы — рослыя, рыжабародыя, здаровыя. Так. Іх галоўным заняткам было зладзейства. Кралі коней. Кралі таксама дзяўчат сабе на жонак. І надумаюцца людзі жанок красці! Тоісь, баба крадзеная смачней. Так. За тое, што кралі коней, тоісь, баб, ніхто і не скардзіўся. Баба з калёс — калёсам лягчэй. А вось наконт баб, тоісь, коней, дык вечная бяда. Канакрадаў мучылі, насмерць забівалі, тоісь, самасудам. Так. Набожныя гэтыя стараверы. Украдзь каня ці забі чалавека, а потым не есці скаромнага адну пятніцу — і грэху як не было. Так гавораць стараверы, а не я. Кралі яны коней за дваццаць вёрст ад свайго хутара. Сваіх суседзей не чапалі. Так. Нейтральная зона невідочным нажом перарэзала нашу зямлю на дзве часткі — савецкую і панскую. У сэнсе палітычным, калі дазволіце так выразіцца, гэта былі дзве дзяржавы, далёкія адна ад аднэй, як Амерыка ад нашай Барысаўшчыны. Затое ў іншым сэнсе, тоісь, на тэрыторыі — адны і тыя самыя людзі жывуць па абодвух баках зоны. Я не веру ні ў бога, ні ў чалавека. У бога не веру, бо яго не бачу. У чалавека не веру, бо бачу яго. Так».

Іван Мацвеевіч усміхнуўся, кіўнуў у знак згоды галавою, глыбакадумна зірнуў на маляваны суфіт пакоя і сказаў ціха, каб не разбудзіць Крушынскага:

— Пра-а-вільна!

Ён павольна перанёс свае рахманыя вочы зноў з суфіта на «альбом».

«Трэба было мець тысячу вачэй, каб глядзець, што робіцца на гэтай зоне. Так. Прыехаў на зону адзін чалавек. Нешта пашаптаўся з стараверамі і паехаў назад. Гэта быў добры пачатак, каб людзям многа зла чыніць. Раптам стараверы пачалі ездзіць на начлег на скошанае балота ў самую зону. Так. Толькі заўважылі людзі, што раніцою стараверы варочаюцца на іншых конях. Мужыцкае вока вострае да каня. Памянялі коней з начлежнікамі таго боку, з-за граніцы. Маўчаць людзі. Рады, што іхніх коней не чапаюць. Розныя радасці на свеце бываюць. Так. Часта з’яўляўся на стараверскі хутар той самы чалавек. Галоўны атаман шайкі. Пачаўся вялікі крадзеж коней з абодвух бакоў. З Беларусі вывозілі ў Польшчу, адтуль — сюды. Плакалі людзі з польскай стараны і глядзелі на наш бок. Плакалі нашы людзі і лыпалі вачыма ў той бок. Адны і тыя самыя людзі — адны і тыя самыя слёзы. Так. Толькі рэчка Слізанка падзяляла іх на два лагеры. Была гэта рэчка па прыкладу, тоісь, ракі Вавілону — і як там далей у псалмах Давіда гаворыцца. Так. А ўсё той самы чалавек, аб якім я раней казаў. Ён быў, тоісь, ключыкам гэтага хітрага механізма, нібы ключык да загарка. Так. Я знаю таго чалавека. Ён цяпер шышка. У яго культурная гаспадарка. Яго імя я тут не пішу. Гэта было б з майго боку, прыкладам кажучы, вялікай адвагай. Гэта небяспечна больш для мяне, чымся для яго. Як гэта кажуць: хлеб еш і праўду рэж! Рэж праўду на кавалачкі і кідай у сметнік.

Так. А гэты чалавек, які кіраваў канакрадствам, цяпер пазалочаны багаццем і славай. Ён, прыкладам кажучы, як тая пазалочаная шклянка. Глянеш і падумаеш — залатая пасудзіна! Але вось крутануўся каля стала, скінуў яе на пол, і яна разбілася на кавалачкі. Тоісь, шкло, а не золата. Так. Гэты чалавек баіцца толькі гайдачан. Так».

Івану Мацвеевічу нешта цюкнула пры гэтым. У яго зрокавай памяці «Леў Талстой» цяпер стаяў, як жывы. Успомніліся ўсе рыскі яго прарочага твару. Вочы «Льва Талстога» пранікалі яго наскрозь. Відаць было па ўсмешцы, што ўсе думкі Івана Мацвеевіча ведае.

«Няўжо Язэп Сымонавіч і канакрадамі кіраваў?» — падумаў Іван Мацвеевіч і глянуў на сцяну. На шпалерах ён хацеў вычытаць адказ на сваё запытанне. Храпенне Крушынскага перабівала яго думкі, прыкра разіла слых. Ён пачаў чытаць новы артыкульчык пад назваю «Калі ты не поп, адзявайся ў рызы».

«Аб папах у нас ёсць шмат цікавых баек: то іх вымажуць дзёгцем, кінуць у кадушку з пер’ем, а пасля на рынку чорта паказваюць за грошы; то да іх прырастае авечая скура з рагамі; то папа лупцуюць за тое, што да чужой жонкі палез. Так. З папа смяюцца ўсе. А ён не лыс і з нас смяецца. Так. Шчыра прызнацца, не люблю я папізму, якім бы перцам ён ні абсыпаны. Было гэта ў 1922 годзе каля граніцы зімою. Пагранічнікі нейкім чынам даведаліся, што ўночы павінна быць правезена некалькі вазоў кантрабанды. Так. Нягледзячы на мяцеліцу, яны расставілі пасты па ўсіх вакольных дарогах. А мяцеліца была такая, што ні жывой, ні мёртвай душы на дарозе не відаць. Аднак і ў завеі фурманка паказалася, нават з бразгулкамі. Так. «Стой!» — крыкнулі пагранічнікі.— Хто едзе?» Фурманка спынілася. А на санках — бацюшка, духоўная, значыць, асоба. Гэты кантрабандай займацца не будзе. Так. «Куды едзеш, баця?» — запыталіся пагранічнікі. «У вёску еду, мужыка спавядаць. Памірае ён. Такі звычай хрысціянскі». Так. Поп сказаў гэта такім пакорлівым, тоісь, елейным голасам, ажно добрыя людзі пашкадавалі бацюшку. Так. «Няўжо, бацюшка,— сказалі яны,— чалавек і без споведзі дарогі не знойдзе на той свет?» — «Закон такі ў нас, духоўнікаў. Нічога не зробіш. Без споведзі душа заблудзіцца ў завеі»,— вытлумачыў поп. Так. А адзін з пагранічнікаў бязбожным агітатарам быў. І вось ён тут уночы на дарозе цэлую прамову сказаў перад папом на тэму: «Рэлігія — опіум для народа». Ён так бязбожна гаварыў, што поп кудламі трос у знак згоды. Бацюшка абяцаўся адмовіцца ад сану хлебнага, тоісь, духоўнага. Так. Прызнаў ён сваё дармаедства, згадзіўся з тым, што вышэйшае духавенства абманвала яго, а ён дурманіў масы з пакалення ў пакаленне. Як кажа тая казка: «бабка за дзедку, дзедка за ўнучку, унучка за сучку». Так. А мароз трашчыць, што ў агітатара і папа словы замярзаюць на губах. Поп сказаў, што гатоў і цяпер не паехаць да паміраючага чалавека, і хацеў накіраваць каня назад. На гэта агітатар не згадзіўся. Так. «Едзьце,— кажа,— бацюшка, цяпер да хворага. Вы ж павінны ведаць псіхалогію старых несвядомых сялян. Перад смерцю яму куды лягчэй будзе, калі вы яго паспавядаеце. Толькі, вы ўжо на гэты раз, таварыш, платы не возьмеце ў беднай сям’і за адпушчэнне грахоў. Я добра ведаю сам гэтае жыццё, гэты быт, бо мой бацька быў папом». Так. А мароз трашчыць, хоць лысых лічы. Поп паехаў далей. А пагранічнікі чакалі кантрабандыстаў. У гэту ж ноч іншыя пагранічнікі на іншай дарозе таксама сустрэлі папа, які ехаў спавядаць хворага. Так. Сярод тых пагранічнікаў не было чалавека з далікатнай псіхалогіяй. Ім удалося сарваць у папа кудлы. Парык і воз з кантрабандай застаўся ў пагранічнікаў, а пераадзеты ў папа кантрабандыст уцёк, адстрэльваючыся з браўнінга. Зусім не па-хрысціянску зрабіў гэты хлоп, а не поп. Так. Пад абстрэл антырэлігійнай агітацыі папаўся якраз той самы чалавек, які кіраваў раней канакрадамі. Так. Некаторыя кажуць, што гаспадар хутара Курганішча памагаў лавіць гэтага папа, а іншыя кажуць, што ён сам быў гэтым папом. Можа быць і адно, і другое. Вось вам, шануючы вас, і папізм!»

Іван Мацвеевіч быў у захапленні ад пісаніны «Льва Талстога».

Перавярнуў у альбоме некалькі старонак з наклеенымі на іх «керанкамі».

Над гэтымі грашмі стаяў загаловак: «Багацце, якое страціла вартасць».

Была напісана кароткая гісторыя гэтых «керанак»:

«Леў Талстой» іх атрымаў за каня. Потым яму хацелася купіць цялё — прасілі столькі грошай, колькі ён атрымаў за каня.

«Аддам каня за цялё? — пытаўся сам у сябе «Леў Талстой».— Не!»

Грошы засталіся на рост.

Другім разам яму трэба было купіць пяць фунтаў солі — прасілі столькі грошай, колькі ён атрымаў за каня.

«Я яшчэ з глузду не з’ехаў, каб аддаць каня за пяць фунтаў солі,— пастанавіў «Леў Талстой»,— гэтыя грошы зноў вернуцца да сваёй вартасці».

Не купіў солі.

У трэці раз за пачак махоркі прасілі ў яго той капітал, які ён атрымаў за каня.

«Трэба быць апошнім дурнем,— напісаў тады «Леў Талстой»,— каб аддаць каня за пачак махоркі».

Такім чынам, грошы за каня засталіся ў «альбоме» «на памяць патомству»,— як ён прыпісаў на белым полі старонкі, пад графою: «Время посещения Земским Начальником Волостного Правления».

Далей Іван Мацвеевіч натрапіў на цікавы загаловак: «Не ўсё, што не блішчыць, не золата».

І ён зноў пачаў чытаць:

«Жыву ўжо шэсцьдзесят год і такіх дзівосных штук не бачыў. Так. У мяне белая, як снег, барада, і я ніколі не дадумаўся б да такіх фантазій, якія здараюцца ў самім жыцці. Хопіць мне тое, каб толькі запісваць людскія падзеі. Так. На фантазію мазгоў шкода. Гарадскія людзі кажуць, што я падобен да Льва Талстога. Я не саромлюся гэтага імені. Цяпер наконт бляску і золата».

Тут «Леў Талстой» падробна апісвае, як у чалавека шукалі кантрабанды і нічога не знайшлі. Потым пачалі шукаць злітак золата, воз у кавалачкі расшчапілі — і таксама нічога не знайшлі.

«Дзе ж тут яшчэ можа быць?» — думалі пагранічнікі. Засталіся адны атосы, запэцканыя ў каланіцу. На жарт папробавалі разбіваць атосы. Аказалася, што ўсе жалезныя часткі воза — залатыя.

Ва ўсіх артыкульчыках ці навелках такога характару цэнтральнай фігурай быў адзін і той самы чалавек.

Храпенне Крушынскага пачало моцна нерваваць Івана Мацвеевіча. Цяпер ён чытаў твор пад назваю: «Людская слава — пыл і пясок».

Тут былі пералічаны ўсе добрыя ўчынкі Язэпа Крушынскага, яго заслугі перад грамадствам.

Гэты твор па тону быў падобны да артыкула агранома ў газеце «Беларуская вёска».

Івана Мацвеевіча гэта ўзрадавала:

«І ты, «Леў Талстой», ведаеш — калі, што і як. Чалавека бачыш наскрозь,— не горш за мяне. Розніца між намі тая, што ты толькі назіраеш, а я дзейнічаю. Але тут высоўваецца пытанне, хто большую карысць прыносіць — пісьменнік або той чалавек, які з’яўляецца аб’ектам пісьменніцкага твора? Ва ўсякім выпадку, пазіцыя пісьменніка выгаднейшая. Апіша, абмалюе чалавека з ног да галавы, надрукуе, ганарар возьме, а натуршчыку свайму і капейкі не дасць».

Іван Мацвеевіч доўга ўзіраўся ў шпалеры супроцьлеглай сцяны, жмурыў вочы, і тады — дзівы дзіўныя — малюнкі на шпалерах мянялі свой выгляд.

З дрэўцаў і галінак выступалі фігуркі знаёмых людзей. Круціў смешна галавою літаратурны крытык, пад псеўданімам Гайдач з праўдзівым прозвішчам Алалоўнік, мітусіўся профіль гаспадыні кватэры, а калі прыгледзеўся добра, дык гэта была яго, агранома, жонка — Аграфена Макараўна.

Ён хутка палажыў альбом у чамадан, выключыў электрычнасць і лёг спаць з цвёрдай думкай выехаць заўтра як раней з горада ў свой раён.

«Трэба будзе схадзіць толькі ў адно месца — у Наркамзем. Трэба асцерагацца, каб жончыны сваякі мяне тут не ўгледзелі. Трэба будзе, як я заўсёды раблю, абвязаць шчаку чорнай хусткай, нібы мне зубы баляць, а на вочы — каляровыя акуляры, нібы вочы баляць...»

Ён хутка заснуў.

І снілася яму, што паехаў да жонкі. Не пазнае яго Аграфена Макараўна. Як ні стараецца вытлумачыць, што ён — яе муж, Антон Сяргеевіч Мятлоў, а не Іван Мацвеевіч Шапавалаў,— нічога не памагае. Жонка яго знаць не хоча. Яму так цяжка, так крыўдна, што пачынае плакаць.



25. ПА РОЗНЫХ СПРАВАХ

[правіць]

Язэп Крушынскі ўздрыгнуўся праз сон. Нехта лямантаваў над самай яго галавою. Яму здавалася, што цяпер зіма, піліпаўка, што ён знаходзіцца недзе ў глушы, блізка ад лесу і каля сялянскай хаты, занесенай гурбаю снегу, выюць ваўкі.

Працёр вочы, ускочыў з ложка і давай у поцемках прыслухоўвацца. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Вушам яго, адвыклым ад гарадскіх гукаў, яны здаваліся выццём.

Душна было ў пакоі ад густога змроку. Ціхенька, каб не прачнуўся Іван Мацвеевіч, ён адчыніў акяніцы, потым ледзь чутна скрыпнуў акном і зірнуў на вуліцу.

Ранішняе сонца заглядала ў вокны дамоў. На вуліцы, побач з сіняватымі вільготнымі ценямі, урэзваліся жаўтавата-правідныя палосы. Вокны палалі ў сонечным пажары. На лісцях вулічных прысад блішчэла раса, мільгала яркімі кроплямі, нібы тысячы светлячкоў. Воблакам каціўся па вуліцы пыл. Чулася моцнае шарханне венікам па бруку. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Потым яны аддаляліся, цішэлі і танулі недзе далёка.

Насупраць вялікага дома Крушынскіх, на тым баку вуліцы, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Супроць брамы гэтага доміка, каля вузенькага тратуара з старых дошак, сядзела сагнутая худая жанчына сярэдніх гадоў і з сур’ёзным, заклапочаным выглядам калупала нажом мізэрную траву між каменняў бруку.

Сірэны змоўклі.

У пакой лез праз адчыненае акно пах горада. Усім целам Крушынскі адчуваў гэты клейкі, густы пах. Нібы пах пральні, аптэкі і дыму казытаў ноздры. Ад непрыемнасці ён моршчыў губы, адварочваў нос. З спецыфічным пахам горада заўсёды ў яго ўяўленні ўзбуджалася нешта чужое, далёкае, што яго вельмі мала цікавіла. Ён успомніў учарашнюю выпіўку, гутаркі гасцей у стрыечнага брата. Заўсёды большасць такіх гутарак на адцягненыя тэмы выклікала ў яго мазгах цяжар. Пад гуд спрэчак вучоных людзей яго галава зацягвалася цеснай драцянай сеткай. Ад такіх пераліванняў з пустога ў парожняе ён заўсёды ўваходзіў у цяжкі настрой. Ён тады адчуваў, што паміж ім і гэтымі людзьмі стаіць непралазны тын. Яны гавораць на нейкай незразумелай мове. Хаця, калі ўважліва прыслухоўвацца, дык паасобныя словы і нават сказы, за выключэннем навуковых тэрмінаў, як бы і зразумелы. Пры такіх гутарках ён заўсёды вінавата ўсміхаўся, адчуваў сябе расслабленым і маўчаў. Толькі калі-нікалі ківаў галавою ў знак згоды, гаварыў «угум», маскіруючы, такім чынам, свае слабыя веды.

Нават Іван Мацвеевіч, яго прыяцель, з якім вёў заўсёды самыя сардэчныя гутаркі на зразумелай мове — той пры ўдзеле ў вучоных бяседах робіцца Крушынскаму чужым, здрадніцкім. Ён заўважыў, што, наогул, Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Яго мова дзеліцца на тры катэгорыі: іншая ў гутарцы з вучонымі людзьмі, не такая, калі ён бяседуе з ім, з Крушынскім, ці з яго сям’ёю ў Курганішчы, і зусім простая, калі гаворыць з сялянамі. Ён тады падбірае спецыяльныя словы — простыя, зразумелыя, папулярныя. І голас, і манеры мяняюцца тады ў агранома. Ён кожны раз стараецца быць роўным з сваім субяседнікам і, такім чынам, да адных паднімаецца, да другіх паніжаецца.

Крушынскі зайздросціў такому спрыту.

Ён хутка апрануўся і выскачыў на дзядзінец. Засыпаў каню аўса і вярнуўся ў кватэру. Паплюхаўся ў кухні халоднай вадою. Потым накінуў на плечы скураную жакетку і без снядання пусціўся па сходах.

У яго на сягоння ў горадзе шмат спраў.

Ён папесціў рукою гладкія, але замурзаныя, з малых год, знаёмыя парэнчы ўсходаў і хутка выйшаў на вуліцу. Не пайшоў, а кінуўся ў вір вуліц і закавулкаў па ранічных пуставатых тратуарах. Яго крокі гулка адбіваліся і барабанным стукатам паведамлялі аб ім — аб Крушынскім. Перайшоўшы мост па Пралетарскай вуліцы, ён сунуўся налева па вузкай сцежцы высокага абрыву над Свіслаччу. З правага боку сцежкі — высокі драўляны паркан. Белыя карпусы другога савецкага шпіталя і высокія дрэвы падымаюцца пад парканам. Крушынскі трохі спыніўся і пачаў любавацца відам горада з высокага месца. Дахі дамоў, вокны блішчэлі на сонцы, шпілі касцёлаў і цэркваў пераліваліся ў розныя колеры. Пярэстая панарама горада раскінута, як каляровы бухарскі халат.

Рупнасць дзелавога чалавека была ў Крушынскага трохі змешана з летуценнем рамантыка, часам захапляўся хараством вакольнага.

Пастаяўшы трохі, ён раптам усхапіўся:

— Трэба спяшыць да Зэліка, а то будзе позна!

Ён кінуўся ў бок Пярэспы.

Дом Зэліка — вялікі, стары і нізкі. Здаецца, што раз’ехаўся ў бакі і зараз разваліцца. Ён мае падабенства да старасвецкай карчмы: плоскі дах і шырокія вароты з боку той палавіны вялікай будыніны, якая калісьці служыла хлявом для сялянскіх і местачковых фурманак, якраз нагадвалі карчму на старадаўніх беларускіх трактах. Сцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літараў.

Крушынскі ветліва кіўнуў галавою да аднаго з акон дома. Рыжая барада Зэліка здавалася праз шыбу патухаючым агнём.

Зэлік выйшаў насустрач.

Яго невысокая, прысадзістая фігура аддае здароўем і бадзёрасцю. Гладка пастрыжаная галава блішчыць меддзю. Шэранькія вочкі колюць паветра дзвюма вострымі шпілечкамі. Яго твар, ярка-ружовы, абсыпаны плямінкамі-рабаценнямі, зліваецца адным колерам з барадою. У яго як бы зусім няма шыі. Галава прымацавана да карка. Аднак ён вёртка круціць ёю ва ўсе бакі. Яго шэрая жакетка расшпілена. Выступае камізэлька з зашмальцаваным да бліскучасці кантам. Срэбны ланцужок ад гадзінніка блішчыць на шырокіх грудзях.

Зэлік выцягнуў Крушынскаму насустрач руку з тоўстымі кароткімі пальцамі — таксама ружовую, у рабаценні. Нібы не прывітацца хоча з гасцём, а ляпнуць яго тоўстай рукою.

Ён моцна, смакуючы, сціснуў руку Крушынскага і прагаварыў коратка, адрывіста, тоненькім галаском:

— Язэпка, гэта ты?

Галасок Зэліка не гарманаваў з яго прысадзістай магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Выглядала, нібы за яго плячыма хаваецца худы чалавечак і гаворыць за Зэліка тоненькім галаском, а Зэлік толькі так сабе, для віду, расчыняе і зачыняе рот.

Зэлік доўга ўглядаецца ў Крушынскага: нібы вось бачыць яго ўпершыню.

— Ты ж хіба не аслеп, Зэлік?

— Маё шчасце, што не аслеп. Хоць ты хацеў мяне асляпіць.

— Я?!

— Ты!

Крушынскі выставіў на Зэліка здзіўленыя вочы.

— Ідзём у хату, Язэпка ты, пагаворым,— прапішчаў Зэлік лагодным галаском і палажыў па плячо Крушынскага правую руку так моцна, ажно той прысеў.

— Не дуры, Зэлік!

— Пагаворым, Язэпка ты!

— Атрымаў шэсць скрынак у Шмуйлы Замененага?

— Вось аб гэтым і будзе гутарка, Язэпка ты!

Тон Зэліка Крушынскаму не спадабаўся. У гэтым «Язэпка ты» адчувалася лаянка.

Яны ўвайшлі ў хату.

Праз вялікі, брудны пакой, дзе кружыўся рыжы хлопчык, вельмі падобны да Зэліка, перайшлі ў другі, меншы. Там стаяў стол, засланы жоўтай цыратай, некалькі крэслаў, камода, шафа і пара ложкаў з горамі падушак. На сцяне вісеў партрэт старога рабіна ў ярмолцы, увесь у мушыных слядзінках.

Зэлік і Крушынскі прыселі.

— Можа, вып’еш, Язэпка ты, чарку гарэлкі?

— Не, не! Дай аб справе пагаварыць!

— Бойся бога, пагаворым. Пяць скрынак адправіў у Маскву ў вагоне з дошкамі, а шостая не хацела ехаць, заартачылася.

Пры гэтым Зэлік паківаў пальцамі на Крушынскага і так на яго зірнуў, нібы ён, пакрыўджаны чалавек, добра разумее ўсе хітрыкі Крушынскага.

— Язэпка ты! Язэпка ты! — гаварыў ён далей тоненькім галаском,— мы ж з табою, не забывайся, рамяні адной скуры. Бойся бога!

Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты, зірнуў на партрэт рабіна і нервова запытаўся:

— Чаму, Зэлік, так гаворыш?

— Чаму? — перапытаўся Зэлік,— ай-я-яй, Язэпка ты! Шчасце толькі, што Зэлік не любіць глупства рабіць. Зэлік не такі дурань, як некаторыя думаюць. Зэлік — малайчына!

Крушынскі ціскаў плячыма і нічога ўцяміць не мог.

— Дык у чым жа справа?

Ён утаропіў вочы ў Зэліка.

Зэлік хітра міргнуў вачыма і абняў Крушынскага ў другі раз.

— Няўжо, Язэпка ты, аклог цу дыр, аброх цу дыр1, сам не ведаеш?

— Нічога не ведаю.

— А што ў шостай скрыні ляжала? Які там быў тавар? Без утайкі скажы Зэліку. Бойся бога, Зэлік — свой чалавек.

— Такі самы тавар, як і ў тых пяці скрынках.

— Бім-бам-бом! — забомкаў Зэдлік срэбным званком, заківаў галавою і зірнуў на Крушынскага так кпліва, як глядзяць на блазна.

— Што тут такое здарылася? — запытаўся Крушынскі збянтэжаным голасам.

Зэлік нічога не адказаў на запытанне, нагнуўся пад ложак, выцягнуў адтуль скрыню, спакойна адчыніў і сказаў:

— Вось яна! Глядзі, Язэпка ты!

Крушынскі вытарашчыў вочы:

— Не можа быць, Зэлік!

— Можа быць, Язэпка!

Скрынка была напакована дошчачкамі, апілкамі і анучамі.

— Тут іншае ліха! — гарачыўся Крушынскі.— Я сам правяраў тавар!

— І я ж правяраў! Зэлік такі чалавек, які верыць толькі ў тое, што бачыць вачыма Зэліка.

Зэлік моршчыў чырвоны лоб.

— Дам табе, Язэпка ты, грошы за пяць скрынак!

— За шэсць! — паправіў памылку Крушынскі.

— Як сабе хочаш!

Зэлік выняў з-пад камізэлькі грошы і палажыў на стол.

Узнерваваны Крушынскі пералічыў грошы, схаваў у кішэню і звярнуўся да Зэліка:

— Зэлік, чуеш? Не думай, што так прапушчу! На гэты раз твой фокус не пройдзе, як у той раз з сахарынам. Я сам правяраў!

Зэлік, спачуваючы, зірнуў на Крушынскага:

— Можа, гэта Шмуйла Заменскі зрабіў? Ён — не Зэлік. Я зараз пашлю свайго хлопца па Шмуйлу. Пойдзем да Бэрндрука. Шмуйла прыйдзе туды.

Зэлік выйшаў з пакоя, сказаў некалькі слоў свайму пятнаццацігадоваму сыну. Той зараз жа пабег.

Зэлік і Крушынскі выйшлі на вуліцу, як самыя блізкія прыяцелі. Ніхто, глянуўшы на іх, не мог бы падумаць, што гэтыя людзі толькі што спрачаліся і праз некалькі хвілін можа яшчэ мацней будуць лаяць адзін аднаго.

У Бэрндрука заезджы двор.

З вуліцы над брамамі вісіць бляшаная шыльда, на якой намалявана залатымі літарамі на чорным фоне:


ЗАЕЗДЖЫ ДВОР БЭРНДРУКА


Хаця ад гэтай шыльды пад брамай вее прытулам, але вакол двара з вуліцы і ўнутры заўсёды рыначная, непрытульная сумяціца. Каля заезджага двара на вуліцы заўсёды стаіць некалькі рамізнікаў — «на ўсялякі выпадак». Фурманы сядзяць на перадках калясак у нейкай дрымоце. Але як толькі хто з двара скрыпне форткай і выйдзе на тратуар, фурманы прабуджаюцца, рухава, спрытна адварочваюцца ў бок брамы з прапановай:

— Можа, падвезці?

— Куды трэба ехаць?

— Садзіцеся ка мне!

У рыначныя дні на двор і з двара скрыпяць крамніцкія і сялянскія фурманкі з блізкіх і далёкіх мястэчак і вёсак.

Пад вялікай паветкай на дварэ стаіць многа вазоў. Аглоблі тырчаць уверх, як старасвецкая зброя. Коні прывязаны да вазоў, хрумсаюць авёс або ляніва жуюць сена. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы: тут яны, наогул, больш рухавыя, чым у сябе дома. Завіруха заезджага двара і на іх робіць уплыў. Пах сена, конскага гною і каламазі казыча насы. Да людскога гоману дадаецца яшчэ капэла вераб’ёў, якія ёрзаюць у гнаі і з вялікім галасам апускаюцца на двор або падымаюцца ўверх.

Гармідар на дварэ служыць заслонай да таго, што робіцца ў двухпавярховым доме, які падзелены на «нумары». Дзесяць меншых «нумароў» у ніжнім паверсе і шэсць большых — у верхнім.

У ніжнім паверсе «нумары» простыя — для сялян і местачковых крамнікаў. Тут уночы людзі спяць на бруднай падлозе, на скрынях і паках з таварамі. Сюды заходзяць гарадскія кабеты з кошыкамі, купляюць яйкі, курэй, масла, сыр, гусі. Заходзяць скупшчыкі цялят, скур. Круцяцца жабракі і кішэннікі. Стаіць такі вэрхал і тарарам, ажно глушыць вушы. Людзі гавораць усе разам, стараюцца перакрычаць адны адных, махаюць рукамі, бяруць адны адных за гузікі, і, здаецца, у іх адна мэта — ахрыпнуць ад крыку.

Верхнія шэсць «нумароў» спецыяльна для «інтэлігентных гасцей». Перад імі гаспадар заезджага двара, Бэрндрук, ходзіць, як кажуць, на задніх лапках. Вельмі зацікаўлена распытваецца аб здароўі, аб хатніх справах, гутарыць на палітычныя тэмы, пытаецца, ці не трэба паставіць самавар, дый, наогул, адчувае сябе далікатным чалавекам сярод далікатных людзей. Па калідоры ходзіць ён ціха, асцярожна, нібы стараецца не разбудзіць хворых.

Высокі, стройны Бэрндрук падобны да маладога доктара ў шпіталі, які толькі што зняў з плеч шпітальны халат.

У кожным «нумары» другога паверха стаяць чыста засланы ложак, стол, канапа, некалькі крэслаў і ўмывальнік. У гэтых «нумарах» пануе цішыня. Госці гавораць шэптам і таемна глядзяць адзін на аднаго. Шум з двара і ніжняга паверха даходзіць сюды прыдушаным пчаліным гудам.

У верхнія «нумары» таксама прыходзіць многа народу — людзі «інтэлігентныя». Пры гэтым яны падазрона аглядаюцца вакол, гавораць ціха, прыкладаючы часам губы да самага вуха субяседніка, не дагаварваюць, міргаюць вачыма, строяць хітрыя партрэты, глыбока зазіраюць адны адным у вочы, спыняючы цяжкі алавяны погляд на «падазроных» і «няпэўных» гасцях.

Тут бываюць макляры, кантрабандысты, людзі з чорнай біржы, «свае» міліцыянеры і іншыя «свае» людзі. Жабракі і абарванцы сюды не дапускаюцца.

Царыцаю гэтага паверха адна асоба — высокая брунетка родам з мястэчка Радашковічы. Яна ўвесь час тут жыве. Яе людзі працуюць на граніцы. Жыхары верхніх «нумароў» глядзяць на яе з вялікай пашанай, адносяцца як да генія кантрабанднай справы. Яе жыццёпіс распаўсюджваецца тут шэптам з вуснаў у вусны.

Яна — дачка беднага шкляра, непісьменная, простая дзяўчына. Спачатку сама ездзіла на граніцу, нават пехатою хадзіла туды. Прыгожы выгляд шмат ёй памагаў, выручаў часта з бяды. Ёй так шанцавала, што ніколі не пападалася пагранічнікам у рукі, а калі часам і пападалася, дык вельмі спрытна выкручвалася. Тут, вядома, галоўную ролю грала яе хараство. Яна падкуплівала людзей не золатам, а сабою. Цяпер яна сядзіць спакойна ў заезджым двары Бэрндрука. Працуюць на граніцы яе агенты. Хоць непісьменная, а галава добра кумекае. На памяць робіць рахункі на дзесяткі тысяч рублёў розных валют і ніколі не памыляецца. Апранаецца з вялікім шыкам і хоча купіць сабе жаніха — доктара або інжынера. Сам Бэрндрук шукае ёй жаніха. У яго на прымеце — некалькі. Але яна пакуль што не дапускае да сябе жаніхоў: ёй трэба раней трохі «адшліфавацца». Брыльянт таксама патрабуе шліфоўкі. Яна шліфуецца: штодня да яе прыходзіць адзін студэнт, у якога яна «бярэ ўрокі» па дыктоўцы, чытанні і рахунках. Пасля яго заходзіць хлопчык — чысцільшчык ботаў, які чысціць ёй чаравікі. Часам, калі яна не ў гуморы, праганяе студэнта і застаецца без «урока», а чысцільшчыка стукне чаравікам у лоб.

Чысцільшчык носіць на сваім закарузлым лобе сінякі ад яе чаравік. Ён хацеў бы мець многа такіх сінякоў, бо за кожны яна плаціць па рублю. Таксама студэнт атрымаў за яе капрызы ў прэзент залаты партсігар.

Часам калі трэба каму з гасцей другога паверха параіцца аб справе, дык ён зварочваецца да Соні (так завуць гэту дзяўчыну). Яна добра знаецца на футры, золаце, «каратах» і іншых таварах для заграніцы. Калі здараецца якая спрэчка між людзьмі, дык Соня разблытвае заблытаныя справы.

Зэлік завёў Крушынскага да Соні.

Хутка з’явіўся і Шмуйла Заменскі.

Язэп Крушынскі загубіўся ў хітрасплеценай гутарцы гэтых людзей.

Стары Шмуйла пры кожным слове кляўся сабою, сваімі дзецьмі, унукамі і адным праўнукам ад старшага ўнука старшай дачкі Рахілі, што фокус са скрынкай — не яго фокус.

Божкаўся і Зэлік. Ён гаварыў, што не быў бы Зэлікам, каб такую штуку зрабіў. «Гэта ж было б такое «фэ»,— сказаў Зэлік,— ад якога Зэліку толькі нос затыкаць трэба было».

Крушынскі з свайго боку запаўняў, што ён добра ведае спрыт Зэліка і ніколі б не адважыўся падсоўваць яму пустую скрыню.

Тут маглі быць і іншыя прычыны нястачы тавару: можа, селянін, які вёз гэту скрынку, украў тавар? Можа, Рахмілька?

— Анучы, дошкі і апілкі — мінскае дабро. Гэта ў Мінску зроблена,— стаяў на сваім Крушынскі.

Пасля доўгіх і гарачых спрэчак Соня пастанавіла, каб шкоду за гэту скрыню цярпелі і Зэлік, і Крушынскі.

На гэта згадзіліся.

Згоду замацавалі сытным снеданнем з моцнай выпіўкай тут жа, у «нумары» Соні.

Усе былі здаволены. Гаварылі аб адпраўцы тавару ў Маскву, пашкадавалі тых, якія «селі макам». Соня ведала ўсе артыкулы савецкага крымінальнага кодэксу, якія тычыліся спраў кантрабанды.

Але Соні не было часу доўга заседжвацца ў «нумары». Ёй трэба было ехаць да «свайго» ювеліра. Яна дастала чамаданчык, напакавала туды залатыя партсігары, гадзіннікі і шмат залатых зубоў, якія выглядалі, як пчаліныя соты, і іншыя рэчы.

Сонца ўжо моцна пякло, калі Язэп Крушынскі выйшаў з заезджага двара.

На вуліцы быў шум, таўканіна. Ішлі бабы з кошыкамі, людзі з партфелямі, вучні. У гэтым людскім тлуме Крушынскі працаваў локцямі, прабіваўся праз жывую гушчыню Нізкага рынка на пляц Волі.

Стук яго крокаў не аддаваўся ў яго вушах, як раніцою, а губляўся ў агульным стукаце пешаходаў па тратуарах і рамізнікаў на бруку. На пляцы Волі Крушынскі настроіўся на іншы лад. З яго твару прапала клапатлівасць грашовага чалавека. Ён трохі нават наўмысля апраставалосіўся, апусціў уніз доўгія вусы, расхрыстаў скураную жакетку і прайшоў цераз пляц Волі на Ленінскую вуліцу павольным крокам. Заглядаў у вітрыны магазінаў з робленым прыдуркаватым відам «божага чалавека».

На рагу Ленінскай і Інтэрнацыянальнай стаяў касавокі чалавек і прадаваў смешную дзіцячую цацку.

Крушынскі здзівіўся, што па тратуарах Ленінскай вуліцы кудахтаюць куры. Раптам закудахтаў і прадавец цацак. Ён трымаў у адной руцэ пудэлачку, а другой рукой цягаў за нітку. Гукі гэтага інструмента напаміналі кудахтанне курыцы.

Каля гэтага чалавека тоўпіўся народ. Людзі рагаталі, як малыя дзеці. А прадавец смешнай цацкі кудахтаў шчыра, сур’ёзна і працавіта. Відушчае вока яго глядзела з зазываючым бляскам на «публіку», а другое, белае, сляпое, увесь час пазірала з выразам незацікаўленасці і нірваны ў бок плошчы.

Крушынскі набыў цацку за дзесяць капеек і зайшоў у кнігарню, купіў некалькі кніжак па сельскай гаспадарцы, пайшоў далей і павярнуў направа, уверх па Савецкай вуліцы.

На душы было лёгка і радасна ад сонца, якое свяціла цяпер у самы твар, ад кудахтання цацак-кур і на гэтай вуліцы, ад людзей у «таўстоўках», ад жанчын у лёгкіх белых вопратках, ад аўтамабіляў, якія часам мільгалі туды і сюды. Усё гэта радавала Крушынскага сваёй пярэстасцю і рухам.

Ён скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу, насіў іх у правай руцэ, высунутай наперад, нібы трымае наган, настаўлены супроць ворага. У такой позе дайшоў да склада сельскагаспадарчых прылад, выбраў там дзесяць кос, заплаціў за іх і хутка па-дзелавому накіраваўся назад. Ён успомніў, што яму яшчэ трэба зайсці ў рэдакцыю газеты «Беларуская вёска».

Вывеску газеты знайшоў хутка на сцяне з вуліцы і пачаў узбірацца паверх па ўсходах, пытаючыся ў сустрэчных, дзе рэдакцыя газеты «Беларуская вёска».

— На апошнім паверсе! Першыя дзверы направа!

На дзвярах наклеена паперка:


РЭДАКЦЫЯ «БЕЛАРУСКАЯ ВЁСКА»


Крушынскі стукнуў ціхенька ў дзверы.

— Увайдзіце! — раздаўся знутры гучны металёвы крык.

Ён адчыніў дзверы і ціхенька ўвайшоў.

Пакой рэдактара малы. Два сталы, прысунутыя адзін да аднаго. На іх ляжаць кучы лістоў, газет, розныя кніжкі, чарнільніцы, ручкі, алоўкі і іншыя прыналежнасці канцылярскіх сталоў. На сценах — плакаты, розныя друкаваныя табліцы, партрэт Леніна і канверты, адрасаваныя ў «Беларускую вёску», разрысаваныя ў розныя колеры і ўзоры. На нізкай кахлянай печцы навалена гара камплектаў розных газет. Газеты, рукапісы і клішэ ляжаць і на падаконніку адзінага ў пакоі акна.

Рэдактар сядзіць нахілены над рукапісамі з алоўкам у руцэ. Відаць, вельмі заняты, бо, не падняўшы галавы, не зірнуўшы на Крушынскага, крыкнуў:

— Сядайце! Я — зараз!

Крушынскі прысеў і ціхенька, каб не рабіць шуму, палажыў на стол купленыя кніжкі і звязаны жмут кос.

Ён скоса зірнуў на рэдактара.

Рэдактар адзеты ў шэрую рубашку. Голеная галава блішчыць сіняватым водблескам. Чорная доўгая барада пакрывае грудзі. Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Рэдактар гмыкае, насвіствае песеньку і робіць чырвоным алоўкам значкі на рукапісах.

За некалькі хвілін аж тры разы званіў тэлефон. Рэдактар некага моцна прабірае за неакуратнасць, другому кажа, што згодзен з яго прапановай, а трэцяму крычыць «бягу!»

Крушынскі з зацікаўленасцю прыглядаецца да змучанага твару рэдактара.

— Калі з барадою можна яму даць сорак пяць гадоў, дык без барады ён выглядаў бы не больш за дваццаць пяць,— мяркуе ён у думках.

— Па якой справе, таварыш? — пытаецца голасна рэдактар.

Пры гэтым ён глядзіць на Крушынскага такімі яснымі вачыма, ажно Крушынскаму не па сабе робіцца. Здаецца, рэдактар бачыць яго наскрозь, усе думкі яго знае, дзеля гэтага так крычыць і злуецца.

— Я... я, бачыце, таварыш рэдактар, я той самы Язэп Крушынскі, аб якім у вашай газеце надрукавана...

— А-а-а!

Рэдактар устае, моцна паціскае яму руку, яго шэрыя вочы блішчаць ветласцю і шчырай дабратою.

— А-а-а! Вельмі рад! — кажа рэдактар і гладзіць бараду.— Такія культурныя гаспадары нам да зарэзу патрэбны, чорт пабяры! А некультурны гаспадар — каціся каўбасою!

У яго металёвым голасе чуюцца мяккія тоны. Ён пяшчотным вокам глядзіць на кніжкі і косы Крушынскага.

— Працуем патроху,— скромна кажа Крушынскі.— Вось хачу выпісаць для суседзяў дзесяць нумароў «Беларускай вёскі» і купіць некалькі экземпляраў таго нумару, дзе аба мне надрукавана.

— Справа добрая,— смяецца рэдактар.— Гэта можна зрабіць у канторы. Побач!

Рэдактар распытваецца ў Крушынскага аб справах ваколіцы, аб парадках на вёсцы. Потым просіць прабачэння, што даўжэй не можа з ім гутарыць, запрашае пісаць у «Вёску» і паказвае, дзе падпісацца на газету.

Крушынскі заплаціў у канторы за дзесяць падпісак да канца года, даў адрасы пяцёх Драздоў і пяцёх Дзятлаў, дастаў некалькі экземпляраў «Беларускай вёскі» з сваім партрэтам і пайшоў уніз на вуліцу. Наняў рамізніка і паехаў на кватэру да стрыечнага брата.

— Розныя рэчы для хаты куплю пасля абеду,— падумаў ён.



1 Ліха на цябе.

26. У ЯЕ НАДЗВЫЧАЙНА БЕЛАЯ ШЫЙКА

[правіць]

— Пані Мар’я,— звярнуўся Крушынскі да жонкі стрыечнага брата,— дзе Іван Мацвеевіч?

— Іван Мацвеевіч перадаў вам прывітанне. Паехаў. Быў раней па нейкіх справах у наркамземе. Ага! ён мне нешта гаварыў пра настаўніцу. Вы шукаеце настаўніцу для дзяцей? Даўно пара. Мае дзеці ўжо ходзяць у дзіцячы сад.

— Вам добра, пані Мар’я, тут у горадзе. А вось мне, вясковаму чалавеку, бяда. Сам ніколі свету не бачу, і дзеці мае гадуюцца, як дзічкі ў полі.

— Бедненькі! — засмяялася гаспадыня.— Памятайце, што вясковыя дзеці лепш гадуюцца за гарадскіх. Яны здаравейшыя. Заўсёды на ўзлонні прыроды. А цяпер калі возьмеце да сябе настаўніцу, дык яна толькі імі аднымі займацца будзе. Не то што ў нас!

— Вы, пані Мар’я, усім трубіце, што мне лепш жывецца. Але кінем аб гэтым. У вас многа знаёмых. Можа, параіце мне дзяўчыну-настаўніцу?

— Бач ты яго! Канечна дзяўчыну? Але... ведаеце, сваячок, сапраўды ёсць! Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Толькі глядзіце (пані Мар’я строга кіўнула на яго пальцам), каб жонка ваша потым на мяне не гневалася! Але, можа, раней паабедаем! Мой зараз са службы прыйдзе.

— Не. Нядаўна ў горадзе еў. Пойдзем цяпер, калі блізка жыве.

— Блізютка. Зусім блізка. Я даўно знаю гэту сям’ю. Ёй вельмі трудна. Матка — сляпая. Бацька — вар’ят. У іх дзве дачкі. Быў у іх сын, дык недзе загінуў.

— З чаго ж яны жывуць?

— Такое ў іх і жыццё. Ёсць свая хатка, садок. Вось і жывуць. Старэйшая дачка якраз падыдзе для вас. Калі яе возьмеце за настаўніцу, дык пакінеце некалькі рублёў бацькам на хлеб.

— Гэта можна! Я ж не такі ўжо скупы.

— Дык мо зараз пойдзем?

— Калі ваша ласка, пані Мар’я, дык я гатоў.

Яны пайшлі. Пакіраваліся ў гарадскі парк.

Крушынскі ўспомніў гутарку з сваёй жонкай і Іванам Мацвеевічам аб настаўніцы. Тады былі толькі словы, а цяпер гэта пераходзіць у рэальнасць, у здзяйсненне. Нейкая пяшчотнасць з’явілася ў сэрцы. Дрэвы ў парку, правільныя прысады, спевы жаўранкаў нібы гаварылі яму, што вельмі добра жыць на свеце. Ён стараўся вызваліцца з-пад гуллівага пастрою, які раптам ахапіў яго. Дзеля нейкай настаўніцы зусім не пасуе так радавацца яму — сямейнаму чалавеку, у якога так многа клапатлівых спраў. Успомніў худзенькую, паблеклую жонку і напусціў на сябе посны, невінаваты выгляд.

— Што ж вы так задумаліся, мой жвавенькі сваячок?

— Ат, нічога! Ведаеце, столькі клапот у мяне.

— Кіньце клапатаць!

— Калі галава завалена рознымі справамі па гаспадарцы.

У яго сэрцы тым часам пачало цвісці нешта новае, вабнае: «жартачкі, маладая дзяўчына будзе ў Курганішчы...» Гэта няяснае і туманістае адчуванне вельмі радавала яго.

— Свята... свята...— спявалі птушкі ў парку.

— Радасць... радасць...— шорхаў пясок пад нагамі.

Кожную маладую жанчыну, якая праходзіла па дарожцы, ён мерыў вачыма з галавы да ног, узіраўся ў патаемнасць яе вачэй і ўсё меркаваў:

— Ці не такая будзе настаўніца? Ці не падобная да гэтай?

— Заклапочаны сваячок, вочы сапсуеце!

— Кіньце жартаваць, пані Мар’я!

— Ма-а-ро-ожанае! — пачуўся раптам крык над самым вухам.— Маро-о-жанае!

— Ой, спалохалася! Вам, дзядзька Язэп, сапраўды трэба хоць марожаным кроў сваю ахаладзіць. А то пачынаю гарэць і я ад адной блізкасці да вас.

— Нічога. Не згарыцё. Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год.

— А забыліся, як яшчэ ў мінулым годзе мне мігдалёвыя вочы рабілі?

— Што ж! Тады мне было ўсяго толькі трыццаць дзевяць.

Ён крутнуў па-заліхвацку вусамі і зірнуў ёй у самыя вочы.

— А цяпер глядзіцё на мяне, як бы вам усяго дзевятнаццаць? Ой, мужу скажу!

— Нічога. Свае людзі. А скажыце, родненькая, тая дзяўчына высокая ці нізкая?

— Самі пабачыце! Ну, не лезце! Дам па руках. Ой, дам!

Так, жартуючы, яны мінулі парк, пайшлі направа і спыніліся на вуліцы з маленькімі хаткамі.

— Вось тут і будзе!

Пані Мар’я паказала на хатку з садком.

Яны ўзышлі на нізкі ганак. Пані Мар’я стукнула ў дзверы.

За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека.

— Каго вам трэба?

Голас быў жаласлівы, разбіты.

— Гэта я, цёця Вярбіцкая! Адчыніце!

— Няўжо ж вы, пані Мар’ечка?!

За дзвярыма цёця Вярбіцкая доўга шорхалася рукою каля клямкі.

Адчыніліся дзверы.

Высокая старая жанчына стаяла ў дзвярах і глядзела мутнымі вачыма паўзверх галоў Крушынскага і сваячніцы. На ёй была парваная вопратка.

— З вамі яшчэ тут нехта, пані Мар’ечка?

— Так. Мой сваяк.

— Заходзьце, прашу вас!

Жанчына асцярожна павярнулася назад і пайшла ў кватэру марудным крокам, трымаючыся адной рукой за сцяну.

Крушынскі з паняй Мар’яй ішлі за ёю. Зайшлі ў першы пакой і спыніліся.

— Бронька! Бронька! сюды! Завядзі гасцей у залу! — крыкнула жанчына хрыплым голасам.— Выбачайце мяне, пані Мар’ечка, не магу я за вамі ўхажваць. Вы ж ведаеце, я аслепла.

Прыбегла дзяўчынка гадоў чатырнаццаці. У адной руцэ яна трымала нож, у другой — бульбу. Дзяўчына засаромелася, пачырванела, палажыла на стол нож і бульбу, пакланілася гасцям і павяла іх у другі пакой. Сама зараз жа выбегла за дзверы.

Яны засталіся адны ў пакоі. У адным куце стаяў на падлозе ў цабэрку вялікі фікус. У другім — засланы ложак. Сярэдзіну пакоя займаў круглы стол і некалькі крэслаў. Этажэрка з кнігамі — у трэцім куце. Недалёка на жоўтым табурэце — умывальны таз, мыла і зубная шчотка. Старыя абарваныя шпалеры месцамі заклеены газетамі. Дзе-нідзе на сценах захаваліся квадраты шпалераў у свежым выглядзе. Гэта яшчэ больш адцяняла запушчанасць пакоя.

Раптам пачуліся з другога пакоя крыкі і плач.

— Шалёны Вярбіцкі, стары гаспадар, крычыць,— шапнула пані Мар’я.

Крушынскі паморшчыўся.

— Непрыемна тут сядзець. А дзе ж тая? настаўніца?

Ён спахмурнеў. Адпаў святочны настрой.

— Пачакайце, зараз вернецца гаспадыня. Во яна ідзе!

Пачуліся крокі.

Пані Мар’я ўскочыла з месца, адчыніла дзверы, за руку прывяла гаспадыню і пасадзіла на крэсла.

— Дзякую, пані Мар’ечка,— сказала яна ранейшым жаласлівым голасам.— Вось да чаго дажыла. Госця павінна за мною, гаспадыняю, ухажваць.

— Нічога, нічога, супакойцеся, цёця Вярбіцкая.

На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Яна прыбралася ў чэсць гасцей.

Крушынскі з зацікаўленасцю глядзеў на сляпую.

Хоць вочы сляпыя, але ўвесь твар здаецца зрачым. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Кожная зморшчка на лобе і на шчоках сляпой трапечацца, памацвае паветра вакол. Высунутая наперад завостраная барада таксама ходзіць туды і сюды, як на спрунжынах. На зямліста-шэрых шчоках многа выемак і пукатасцей. Тонкія ноздры дрыжаць, як лісткі. Сляпая нюхам стараецца намацваць пакой, ці ўсё ў парадку.

— Што, пані Мар’ечка, скажаце? Недарма ж прыйшлі.

Пры гутарцы яна выстаўляе тры пажоўклыя клыкі. Рэдкія сівыя валасы дрыжаць над яе лобам.

— Бачыце, цёця Вярбіцкая, майму сваяку, Язэпу Крушынскаму, патрэбна настаўніца для дзяцей. Вось мы з ім і зайшлі да вас. Думаю, што ваша Стэфка якраз падыдзе.

— Дзякую, дзякую, пані Мар’ечка, што нас не забываеце. Бронька! Бронька!!

Яна крыкнула такім голасам, нібы яе збіраліся рэзаць. Шырока адчыненыя сляпыя вочы глядзелі ў суфіт.

Прыбегла Бронька зноў з нажом і бульбай у руках.

— Хутчэй, дачушка, збегай да Мансецкіх. Стэфка, пэўна, там сядзіць. Хуценька!

Цяпер у яе голасе чулася кволасць і літасцівасць.

— Вось, як бачыце,— звярнулася яна да гасцей, не здымаючы вачэй з суфіта,— пусты пакой. Тры гады таму назад піяніна прадала, абразы са сцен. Патрохі ўсю мэблю аддала на хлеб. Прадала б і фікус, дык ахвотнікаў няма. Сын мой, Саўка, ведаеце, прапаў. Стэфка нядаўна школу скончыла. Ёй усяго семнаццаты год. Вось так і жывём. Нядаўна зноў новы кватарант з’явіўся. Вось у гэтым пакоі жыве. Доўга тут не ўжываюцца яны. Уцякаюць. Год таму назад выцягнула з рота свае залатыя зубы — таксама на хлеб. Прыйшлося, як кажуць, зубы на паліцу пакласці.

За сцяною пачуліся крыкі.

— Во. Чуеце? Зноў ён, вар’ят мой. Людскую гутарку пачуў. Сюды хоча. Праз яго і кватаранты ўцякаюць. Вы не бойцеся, ён спакойны. У шпіталь не бяруць. Франак! сюды ідзі! Без дазволу не пойдзе. Баязлівы.

Праз хвіліну ціхенька, бокам усунуўся ў пакой стары, ускалмачаны чалавечак. Нізенькі, са стрыжанай бародкай. Ён палахліва азірнуўся на гасцей і кіўнуў худым пальцам.

— Ша, Франак, маўчы! — сказаў ён сам сабе, усміхнуўся і з шчырым дзівам наставіў на гасцей чорныя прыпухлыя вочы. Ён прыпёрся да сцяны і давай радасна мурлыкаць.

— Ціха Франак! — крыкнула сляпая.

Ён задрыжаў ад страху і змоўк. Смутак быў у яго вачах.

— Пані Мар’ечка! Тут, у горадзе, будзе Стэфка дзяцей вучыць? — запытала сляпая.

— Не, цёця Вярбіцкая, на хутары. Трыццаць пяць вёрст адгэтуль. Не бойцеся. Яна будзе ў добрых людзей.

— Ну, няхай, пані Мар’ечка,— махнула яна абедзвюма рукамі,— можа, хоць дачка лепш зажыве.

Раптам сляпая наставіла вушы ў бок вуліцы і давай прыслухоўвацца. Сонца свяціла ёй у мутна-белыя вочы.

— Стэфка ідзе! — сказала яна ўзрадаваным голасам.— Яе крокі! Крокі сваіх дзяцей заўсёды пазнаю. Няхай сотні людзей тупаюцца на тратуары. Стукат ног маіх дзяцей інакшы, чым у іншых.

Сляпая нецярпліва нюхала паветра.

Скрыпнулі дзверы, і ў пярэднім пакоі зазвінеў вясёлы малады смех.

Смяшок зусім не падыходзіць да гэтай абстаноўкі,— падумаў Крушынскі і адчуў адразу непрыязнь да дзяўчыны, хоць яшчэ яе не бачыў.

Увайшла Стэфка.

Яна ішла павольна, ледзь рухаючы нагамі, а здавалася, што танцуе. Ва ўсім яе лёгкім і зграбным целе адчуваўся захаваны імпэт да скокаў.

— Добры дзень, пані Мар’я! — сказала яна варкатлівым, грудным голасам.

Яна прывіталася з пані Мар’яй і ўскінула вочы на Крушынскага.

— Знаёмцеся! Гэта стрыечны брат майго мужа. Таксама Крушынскі. Чорт пасеяў Крушынскіх. Іх усюды поўна!

Пані Мар’я засмяялася.

Стэфка з чуць прыкметнай усмешкай у кутках тонкіх губ пакланілася Крушынскаму.

— Ведаеш, Стэфачка,— звярнулася да яе матка,— пан Крушынскі пытаецца, ці не паедзеш настаўніцай да яго маленькіх дзетак.

— Не ведаю,— адказала Стэфка і скасіла на Крушынскага лагодныя вочы.

— Падумайце, Стэфка,— сказала пані Мар’я.— Будзеце жыць на хутары, трыццаць пяць вёрст адгэтуль. Дзядзька Крушынскі бывае тут вельмі часта. Калі захочаце, дык час ад часу да бацькоў у госці будзеце прыязджаць.

Стэфка маўчала.

Крушынскі непрыкметна аглядаў яе. Сярэдняга росту, тоненькая. Чорная каса, чорныя броўкі і вочы, вельмі зграбныя. Тварам падобна і да бацькі, і да маткі. Але яны брыдкія, а яна — прыгожая.

— Што вы на гэта скажаце, таварышка Вярбіцкая? — звярнуўся ён да Стэфкі.

— Сама не ведаю,— шапнула яна. Утупіла вочы ў падлогу і круціла нецярпліва тоненькімі высокімі абцасамі.

— Аб плаце гаварыць не станем. Сыдземся,— засмяяўся Крушынскі.— Будзеце жыць, як у роднай сям’і. Трэба з дзецьмі трохі гуляць, вучыць іх чытаць і пісаць. Нудна вам не будзе ў нас, у Курганішчы.

— Калі трэба ехаць? — запыталася яна дзелавым тонам і зірнула на Крушынскага чорнымі, як атрамант, вачыма. Яе вейкі дрыжалі.

— Заўтра раніцою. Мне трэба сягоння рабіць розныя пакупкі для дома. Жонка дала цэлы запіс.

— Я згодна! Рыхтуюся ў дарогу!

У яе надзвычайна белая шыйка...— падумаў Крушынскі.



27. ЛЕТАПІС ВЁСКІ ГАЙДАЧАНЫ

[правіць]

Голас старой мае багатыя пералівы. Гэта не голас, а цэлы аркестр музычных інструментаў. Усю дарогу дамоў з Курганішча яна лае мужа на розныя лады. Побач з гэтым дадае лаянку і каню.

Мужу:

— А каб ты скіс, памяло сівое!

Каню:

— Но-о-о, падла!

Мужу:

— Што табе абыходзіць, гультай, дурань ты набіты! Каню:

— Гэй, ты-ы-ы! Ваўкарэзіна!

Мужу:

— Людзі дбаюць аб гаспадарцы, а ён хоць бы што! Толькі кармі яго! Нібы з азярода чалавек зваліўся толькі што.

Каню:

— Жывей! Доўбня на тваю галаву!

Мужу:

— Каб цябе чэрці раз назаўсёды схапілі!

Каню:

— Но-о-о! н-н-но!

Так тчэ яна тканіну з двухкаляровых нітак.

Старая сядзіць на возе. Для большай зухаватасці скорчылася на каленях. Трымае лейцы і часта лупіць каня даўгім бярозавым дубцом. Конь, нібы не яго б’юць, мала ўвагі звяртае. Ледзь нагамі перабірае. Соўваецца па пыльнай дарозе дробным, марудным крокам.

«Леў Талстой» рассеўся па-гаспадарску на мяккім сядзенні з свежага сена і таксама мала ўвагі аддае лаянкам жонкі. Калі-нікалі з павагай пагладзіць сівую бараду. Увесь час глядзіць перад сабою ўдаль у глыбокім задуме. Ён да таго прывык да жончынай гаворкі, што, можа, зусім лаянак не чуе. Яму, можа, здаецца, што гэта малатарня гудзе.

З даўніх год ён прывык да таго, што гаспадаркай займаецца жонка. Будучы пісарам у земскага начальніка, ён рэдка калі прыязджаў дамоў. А жонка не хацела ехаць да яго ў мястэчка, каб там жыць з ім. Гаспадарку шкадавала. Не хацела быць на ласкавым хлебе ў пісара-мужа. У іх адзіная дачка. Жыве з імі і цяпер. На гаспадарцы працуе зяць-прымак, зноў жа пад камандай старой.

Пасля рэвалюцыі 1917 года «Леў Талстой» вярнуўся да жонкі ў Гайдачаны. Яго багаццем была пара дзесяткаў вялікага фармату, у цвёрдых пераплётах, канцылярскіх кніг, на кожнай старонцы якіх красаваўся друкаваны загаловак:

«Замечания Земского Начальника при посещении Волостного Правления».

Кнігі гэтыя ён «сканфіскаваў» у канцылярыі земскага для вялікай мэты — для пісання сваіх уласных твораў. Ён адваяваў сабе куток у хаце, меў свой столік, пры якім ледзь не кожны дзень сядзеў і пісаў.

Цяпер, седзячы на возе, яго цягне дамоў да сваёй пісаніны. Ён не чуе лаянак жонкі. Яна сама, гэта жвавая кабеціна, прывыкла да сваіх лаянак даўно. Сыпіць іх, як бульбу з мяшка. Гаворыць як даўно вывучаныя пацеры. Ў той жа час зусім не думае аб тым, што гаворыць. Сцёбае па кані, і язык яе сам сабою меле:

— Усе твае кнігі ў печы спалю! Твая барада на падпал пойдзе!

Гэта да мужа.

— Но-о-о, каб цябе!

Гэта да каня.

— Вечна сядзіць ды піша, піша, піша... Як гэта дурная галава твая не трэсне ад пісання? Скажы!

Гэта да мужа.

— Заб’ю зараз насмерць! Варушыся!

Гэта да каня.

Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве, сышла з воза, паправіла збрую на кані, ускочыла зноў на сваё месца і давай далей гаварыць сваё казанне:

— Глядзіце, якія ручкі ў яго! Ніколі на іх мазалёў не было!

Гэта да мужа.

— А ты не спі, чорт!

Гэта да каня.

— Можа, на тваіх глуздах дурных мазалі павырасталі. А што толку з такіх мазалёў, хлебам яны цябе не кормяць.

Гэта да мужа.

— Я цябе зараз так намазолю дубцом, што ты ў мяне не будзеш ведаць, дзе дзецца. На! На-а! На-а-а!

Гэта да каня.

На гэты раз конь не выцерпеў сцябання і мазануў старой хвастом па вачах.

«Леў Талстой» у гэты ж час спакойна папраўляў сядзенне. Усё не мог наладзіць так, каб ёмка было сядзець.

— Барбара! — звярнуўся ён да жонкі лагодным голасам,— папраў! Тут нешта, тоісь, муліцца. Кепска сядзець.

— Што? — перарвала яна адразу свой амвонны тон лаянкі.— Ці не кніга твая там тырчыць?

— Не! Кнігу праз агранома ў рэдакцыю паслаў.

Старая паднялася. Паправіла сядзенне для свайго «Льва Талстога» і села на ранейшае месца.

— Так,— сказаў мнагазначна «Леў Талстой».— Так.

— Усе лідакцыі яму ў галаву лезуць. І дзе ж ён гэтых слоў набраўся?

Слова «рэдакцыя» яна чула ад мужа шмат разоў. Ведала, што гэта нешта нейкае ў горадзе, куды стары свае спісаныя кнігі пасылае. «Лідакцыя» яе нават цікавіла. Яна часам апавядала суседзям, што муж яе мае справу з мінскай «лідакцыяй», што ён вучоны чалавек.

— Няхай піша,— часта думала яна.— Чалавек звар’яцеў... Але ж бывае горш. Ёсць адзін вар’ят у суседняй вёсцы, дык той буяніць... Ходзіць па полі, валочыцца па дарогах... З тым гэтулькі бяды, што крый божанька! А мой жа ціхі, як авечка...

Яна глядзела на яго, як на хворага, і даўно змірылася з сваім лёсам.

— Жартачкі, дваццаць год быў пісарам у земскага начальніка! Тут, не хочучы, з глуздоў з’едзеш... Каб гэта я сама пісала столькі гадоў, дык, можа, яшчэ б горш выраблялася...

Яна часта прабірае мужа толькі для парадку, яму на карысць, каб не стала горш. Гэта свайго роду лякарства...

Назаўтра раніцою «Леў Талстой» падняўся, як заўсёды, чуць свет. Яго акрыліла тое, што паслаў у Мінск «Альбом — красны сон мужыка». «Там надрукуюць»,— думаў ён. Як вызваліўся ад гэтага «Альбома», яму стала лягчэй. Нібы цяжар скінуў з плеч. Насунуў на нос старыя акуляры. Зняў з паліцы новую кнігу і прымасціўся да свайго століка. Кніга зусім свежая. Нядаўна толькі пісаць пачаў.

— Трэба яшчэ толькі разок прачытаць напісанае і пісаць далей...

«Леў Талстой» разгарнуў кнігу. Кінуў вокам на назву, якая была размалявана чырвона-сінім алоўкам.

«Летапіс вёскі Гайдачаны».

Ён пачаў чытаць ледзь чутным голасам:

«Так. За некалькі вёрст ад Курганішча, Драздоў і Дзятлаў расселася, разляглася, распаўзлася вёска Гайдачаны. Так. Па-мудраму, тоісь, па-рознаму мудрыя людзі даюць тлумачэнне гэтай назве. Так. Я вывучаў, тоісь, вучыўся ў вучоных і прыйшоў да вываду, што я, тоісь, яны маюць розныя вучоныя погляды на гэту справу. Так. Я чытаў іхнія кнігі, іхнія творы, іхнія вучоныя справы, самых свежыя, якія вось на маіх вачах друкаваліся. Тоісь, на паперы. Усё аб слове «Гайдачаны». Так.

Некаторыя вучоныя кажуць, што калісьці ўладаў гэтай зямлёй нейкі князь Гайдачанскі. Так.

Другія і зубамі і рукамі ўрэпіліся ў тое, што назва вёскі сваім карэннем уваходзіць у слова «гайда». «Гайда» ўжываецца казакамі пры сутыканні з сваімі коньмі. Значыць, тут, трэба прызнацца, жылі даўней беларускія казакі. Так.

Трэція сваім вучоным розумам дакопваюцца да нейкага казачнага звера пад найменнем «Гайдач». У звера — тры нагі, тры рагі, тры хвасты. Гэты звер жыў калісьці па тутэйшых лясах і балотах. Тоісь, у фантазіі людской, цёмнай. Так.

Чацвёртыя аддаюць вучоныя свае лысіны за тое, што калісь бог земляробства меў прозвішча, тоісь, імя «Гайдач». Вось ад гэтага і пайшлі і пабрылі гайдачане. Так.

Пятыя бяруць толькі першы склад гэтага фокуснага слова — «гай». Гай — лес. Лясныя людзі. Так.

Трэба прызнацца, я спачатку здзівіўся. Няўжо ж для сучаснага каммуністычнага працоўнага жыцця мае значэнне тое, скуль узялося слова «Гайдачаны»?

Вучоныя, мабыць, ведаюць, што робяць,— падумаў я з адваротнага боку.— Мабыць, гэта вельмі сур’ёзная справа. Гледзячы на вучоных, і я ўвайшоў у вучоны азарт.

Вось тут толькі скончылася, тоісь, пачалася вучоная завіруха вучоных. У вандроўку ў Гайдачаны пусціліся этнографы, гісторыкі, археолагі, мовазнаўцы і іншыя. Усё гэта я запісаў з іх слоў, калі меў з імі гутарку. Тоісь, калі яны са мною мелі гутарку. Так.

Сярод вучоных пачалася вайна на пяці франтах:

Першы фронт. Тыя, што пішуць гісторыі, лезлі напралом і трубілі ва ўсе трубы: князь Гайдачанскі! Вось адкуль Гайдачаны! Так. Некаторыя з іх далучыліся да беларускага казацтва. «Гайда!» — крычалі яны.— Больш нічога ведаць не хочам! «Гайда!»

Другі фронт. Этнографы, якія пішуць этнаграфію, рычэлі, як іх казачны звер з трыма рагамі, нагамі і хвастамі: «Гайдач!» Ад гэтага і тройца пайшла. У Гайдачанах яе пачатак! Так. Ад культу фалюса (не ведаю што гэта і не веру ў папізм ад слова поп — рэлігія).

Трэці фронт. Археолагі закапаліся ў археалагічных акопах, як сапраўдныя ваякі. Капаліся (рыдлёўкамі) на старым гайдачанскім магільніку, на курганах. Выкопвалі чарапкі і гліняныя і чалавечыя. Шукалі ў старадаўніх прыладах малюнкаў казацкай зброі. Шукалі ў зямлі ідала земляробства пад назваю «Гайдач» і казачнага звера пад гэтай назвай. Так.

Чацвёрты фронт. Мовазнаўцы даводзілі, што асаблівасць гайдачан «кхаканне». Тоісь, замест гуку «г» гайдачане кажуць «кх». Гэта «кхаканне» цягнецца яшчэ з старых часоў каменнага веку. Замест «гайдачане» трэба сказаць «кхайдачане». На баявым сцягу ў мовазнаўцаў красавалася гучнае слова «кхай». Так.

Пяты фронт. Гэты фронт дадумаўся да «гайда», ад «гайда» да «гайдамацтва» — беларускага, нацыянальнага, якое паходзіць ад назвы вёскі Гайдачаны. Так.

Адкрылася новая навука — гайдачаназнаўства, пад сцягам якой знайшлі прытулак гайдачане князеўскія, траецкія, гайдаўцы, кхайцы і гайдамакі.

Я ажно вочы вылупіў ад дзіва і сораму, што сам чалавек не вучоны. Ды яшчэ гайдачанін. Так.

Пасля гэтага ў мяне галава закружылася ад розных папер пад назваю «анкеты», якія гайдачаназнаўцы пачалі прысылаць у Гайдачаны. Так. Папяровая мяцеліца.

Спалоханыя гайдачане вечна прыходзілі да мяне, каб я ім чытаў. Я ледзь не ахрып, чытаючы ўголас кожнаму паасобку. Аб усім на свеце было ў анкетах:

аб гайдачанскіх лапцях і світках,

аб швах на спадніцах гайдачанак,

аб латках на гайдачанскіх кажухах,

аб гайдачанскіх пугах, дугах, сохах,

аб тутэйшых хрэсьбінах, вяселлі і хаўтурах,

аб фарбаваных яйках,

пра верашчаку і блінцы,

пра забабоны і лаянкі,

пра чорта і чарцянят,

пра нуканне,

пра тпруканне,

пра мыльныя бурбалкі,

як гайдачане пыхаюць і пыхаюць,

як сморкаюцца і плююцца. І яшчэ шмат аб чым гэткім самым прысылаліся анкеты.

Трэба прызнацца, што кожнае з гэтых пытанняў мела спецыяльную анкету, у якой было па сто і больш розных падпытанняў. Так.

Я нават чуў, што гайдачаназнаўцы ездзілі ў розныя гарады Саюза і за межы па справах гэтай навукі. Так.

Гайдачане не ведалі, што на іхніх портках і вышываных кашулях вырасла некалькі прафесараў-гайдачаназнаўцаў... Так. Не ведае гайдачанская «этнаграфічная маса» (як кажуць вучоныя), тоісь, глеба, што на ёй расце капуста, бульба, авёс і іншая агародніна, тоісь, батаніка. Не ведалі гайдачане, што яны «злыдні», бо каб даведаліся, дык лаяліся б. Я ж чуў, што друкуецца вялізная кніга гайдачанскіх лаянак. Так.

Гайдачаны, тоісь, вёска мае каля сарака двароў. Зямля парэзана на вузкія палоскі. Летам гайдачанскае поле выглядае вялізнай коўдрай, сшытай з дробных кавалкаў рознакаляровага паркалю. Кожны з гайдачан сее і жне, і яму чамусьці бог не дае. Так.

Пры ўцёках белапалякаў гайдачане, якія жывуць абапал тракту, былі спалены польскімі ўланамі. У дадатак замучылі насмерць некалькі старых за тое, што іхнія сыны былі ў партызанах. Так.

Ужо пры савецкай уладзе ў тую ж восень 1920 года гайдачане адбудаваліся. Так.

А Крушынскі, Язэп Сымонавіч?

Нібы сокал, ён хацеў разгарнуць свае шырокія крыллі і над гайдачанамі. Хацеў з імі жыць у лагодзе і згодзе. Ён ведаў, што чалавек моцны ў масе, і хацеў сваю людскую масу пашырыць. Так.

І вось Язэп ды яшчэ Сымонавіч пасылаў дэлегатаў з Драздоў і Дзятлаў у вёску Гайдачаны. Быццам паслоў з дзяржавы ў дзяржаву. Так. Намазаў ён вусны паслоў мёдам салодкім, у сэрцы іхнія ўліў хцівасць і хітрыкі на мудрыя гутаркі з гайдачанамі:

— Давайце будзем разам багацець.

Такі быў сэнс усіх гутарак.

Гэта гаварылася навакол ды бокам з прыбаутачкамі, з прымовачкамі, як гэта ўмеюць старыя дурыдлы Галава і Сухарукі. Так.

Нешта не пацягнула гайдачан да Крушынскага. Не добрым ветрам запахла.

І вось Язэп ды яшчэ Сымонавіч у другі раз выправіў паслоў у Гайдачаны:

— Давайце разам багацець!

Паслы пачалі з таго, што Крушынскі пры сваім знаёмстве з начальствам шмат чаго зрабіць можа добрага для гайдачан. Для такіх гутарак сходаў не збіралі. Гаварылі аб гэтым гайдачанам самыя «гаспадарныя» людзі, якіх было ў Гайдачанах трое: Янка Фалькевіч, Сымон Гарбочык і Антон Сініца. Гэтыя сяляне жылі воддаль ад вёскі і не гарэлі пры паляках. «Багатым шанцуе»,— гаварылі суседзі. Так.

Калі вышэйпамянёныя гаспадары ішлі да гайдачан з гарэлкай (чыя была гарэлка, пэўна, разумееце), дык ад гарэлкі многія не адмовіліся. Развязаліся языкі. Так.

— Вось, каб у нас, у Гайдачанах, быў такі чалавек, як Крушынскі, дык было б мала бяды; вёску паставіў бы на ногі.

Так сказаў Янка Фалькевіч.

На гэта адзін з гайдачан:

— Тады бы ён і ў нас дзікія кулачныя баі ладзіў за кавалкі сенакосу. Вось і паставіў бы на ногі.

— Што вы? Ён жа ільготамі ад савецкай улады карыстаецца! Што вы?.. Яго ж ва ўсіх газетах хваляць!

Так сказаў Сымон Гарбочык.

На гэта адзін з гайдачан:

— Не ведае савецкая ўлада, што гэта за чалавек. Між намі кажучы, ён раней быў канакрадам, а цяпер кантрабандай займаецца. Ведаем!

— Няпраўда! Ён стары рэвалюцыянер! Ён жа партызанам быў. З начальствам ведаецца. Трымайце язык за зубамі, глупства не гаварыце, а то... ведаеце...

Так сказаў Антон Сініца і пальцам кіў-кіў, як настаўнік на школьнікаў.

На гэта адзін з гайдачан, Антось Драчык, стукнуў кулаком аб стол і закрычаў:

— Такое і начальства, што запанібрата з Крушынскім! Калі трэба будзе, знойдзем начальства вышэйшае!

— Ціха... ціха...— супакойвалі людзі Антося Драчыка.

А ён зноў сваё:

— Ні партызанам, ні рэвалюцыянерам Крушынскі ніколі не быў!

— Маўчы... маўчы...— цягнулі людзі за рукаў Антося Драчыка.

А ён загарэўся, як лучына:

— Люблю шчырасць! Крушынскі — прайдоха і сукін сын!

— Трымай язык за зубамі, Драчунок... За шчырасць у каўнер цябе нагрэюць...— тлумачылі яму людзі.

Антось Драчык яшчэ доўга лаяў Крушынскага.

Слова за слова і ледзь да боек не дайшло.

І вось Язэп ды яшчэ Сымонавіч у трэці раз выслаў паслоў у Гайдачаны. Так. На гэты раз без гарэлкі, без пачастункаў, а з новай прапановай.

— Не будзем чапаць адны адных, а то горш будзе...

Паслы перадавалі гэта ціхенька ад вуха да вуха.

— Вось запаланіў Крушынскі Драздоў і Дзятлаў! — дзівіліся гайдачане.— А яго страшуначкаў мы не баімося! Пабачым, каму будзе горш...

Хацеў Крушынскі жыць з гайдачанамі ў згодзе і лагодзе, а выйшла як з дышла. Так.

Часта смяяліся гайдачане з Драздоў і Дзятлаў:

— Вы маеце свайго пана!

На гэта Дразды і Дзятлы:

— Мы ўсе роўныя. Ён такі, як і мы!

— Вы яго парабкі!

— Кожны з нас сам сабе парабак, сам сабе пан. А калі Крушынскаму што зробім, дык добра плоціць.

— Ён вас хітрыкамі і гарэлкай бярэ.

— Ён падзяліў між намі сваю зямлю.

— Ласка невялікая. Зямля не яго. Вы халопы Язэпа Крушынскага!

— Мы ўсяго маем, а вы, гайдакі, пухнеце з голаду.

— У вас хлеба не просім. Ліха вас бяры з Крушынскім разам.

— Пакуль што ліха вас бярэ, бо вы гультаі.

— Што?! Гультаі! А вы такія кантрабандысты, як ваш Крушынскі!

— Паклёпы?! Хлусню на нас наводзіце?!

Загарэліся вочы ў Драздоў і Дзятлаў.

Пачырванелі ад злосці гайдачане.

— Пабачым, хто праўду гаворыць! Асляпіў вас Крушынскі, адурманіў! — сказалі гайдачане.

— Гэта вы адурманены! Ён нават для нас усіх млын будуе!

— Няхай будуе! Мы потым забяром!

— Рукі кароткія! Шальмяцы!

Слова за слова і гэтак далей.

Над Курганішчам — «культурнай» гаспадаркай Крушынскага, гайдачане віселі цёмнай хмарай, якая вось-вось сыпне навальніцай ды грымотамі. Так.

І раілі Крушынскаму самыя блізкія яго прыяцелі з Драздоў і Дзятлаў:

— Мы падпалім двух-трох гадаў-гайдакоў, а рэшта прышчэмяць языкі і будуць маўчаць, будуць дрыжаць, як авечыя хвасты.

А ён:

— Не, таварышы! Горш будзе. Вялікі гвалт пачнецца.

Лепш, калі ціха.

Слуп і Бочка шапнулі яму на вуха:

— Ведаеш што...

— Не ведаю што...

— Аднаго з лапатуноў, самага заядлага — Антося Драчыка прыстукнем. Ніхто яго костачак не знойдзе. І будзе ціха.

А ён:

— Не трэба, браткі. Мы за савецкую ўладу. А яна, як даведаецца, дык па галоўцы не пагладзіць.

— Ніхто не даведаецца.

— Не і не. Мы яшчэ пачакаем. Можа, згодай усё гэта наладзіцца. Тое мы заўсёды паспеем. Пакуль што будзем прытрымлівацца мірнай палітыкі.

Язэп Крушынскі стаяў за «мірную палітыку». Так.

Ён здружыўся з нашым паштавіком Міронам Саўчыкам. Паіў яго гарэлкай, даў яму на штаны загранічнага сукна, і той зрабіўся сваім чалавекам. Так. Гайдачанскую пошту Мірон Саўчык пачаў прыносіць на прагляд Крушынскаму, які вылавіў адтуль некалькі заяў на сваю ўласную асобу. Яму не так важны былі заявы, як хацелася ведаць, хто іх піша. Так.

Крушынскі хацеў ведаць, хто яго галоўны вораг. Гэта быў не хто іншы, як Антось Драчык. Так.

Ого, Антось Драчык! Трэба прызнацца, што ён выгадаваўся на маіх вачах, тоісь, на маіх руках. Знаю яго, можна сказаць, з калыскі. Памятаю Драчыка ва ўсе стадыі яго росту і сялянскага развіцця. З малых год (яму цяпер пад сорак) ён вызначаўся нейкай асаблівай шчырасцю. Так.

Шчырасць рэч добрая. Толькі трэба ўмець карыстацца ёю. Яна падобна да вострай брытвы. Трымаеш брытву лоўка ў руках, тады яна, шчырасць, тоісь, брытва добра голіць. Ледзь не так трапна павярнуў, тады яна, шчырасць, тоісь, брытва пакрышыць тваю морду, як бручку. Тое самае з брытваю, тоісь, са шчырасцю. Так.

У Антося Драчыка шчырасць была востраю брытваю ў няўмелых руках. Так.

Хто Драчыка не біў за шчырасць.

Не біў толькі той, каго гэта шчырасць не драпанула вострымі кіпцямі. Цярпелі многія. Так. А сам Драчык пакутаваў за сваю шчырасць яшчэ з тых часоў, калі быў маленькім хлапчуком. Яна (шчырасць) кідала яго часта вобземлю, як раскручаныя аборы на лапцях, калі наступаеш на іх. Так.

Часам старэйшыя браты Антося пасвяць каровы ў полі. Завалэндаюцца, а каровы — у шкоду. Гэта абавязкова заўважыць Антоська і зараз да бацькі з рапартам.

— Татка! Арцём і Юрка самі вінаваты, што каровы ў авёс пайшлі. Хлопцы бавіліся і не глядзелі за каровамі.

Бацька біў Арцёма і Юрку, а яны — Антоську...

Маці Антоські была ў тыя гады прыгожай бабай — ядранай, румянай, з хіхаткамі ды з жартамі. Любіла, як дзяўчына, на вечарынках з дзецюкамі туды і сюды. Так. Аднаго разу Антоська нешта ўгледзеў і прыбег да бацькі.

— Татка! — крыкнуў ён.— Маці з Юркам Цыпруковым цалавалася...

Бацька пацягнуў матку за валасы, а яна — Антоську.

У другі раз бацька паквапіўся на рэзгіну канюшыны з чужога поля. Гэта запрыкмеціў Антоська. Прыбег раніцой да суседа і кажа:

— Дзядзька Сапрон! Мой татка ўночы ў цябе канюшыну ўкраў.

Сапрон давай стыдзіць бацьку Антоські. Бацька потым як адлупцаваў хлопца, ажно той цэлы тыдзень хворы ляжаў.

Як ад нейкай, не раўнуючы, паганай хваробы Антоська цярпеў ад сваёй шчырасці. Насіўся з ёю, як з заклятай дудою. Трэба прызнацца, усё ў Гайдачанах падгледзіць, усё заўважыць, усё запрыкмеціць і гэтак далей. Так. Каб ён хоць быў сляпы, а то вочы ў яго былі так дапасаваны да шчырасці, як смычок да скрыпкі... Проста праз сцены бачыў, дзе што робіцца. Каб хоць быў глухі, дык не! Праз дзесяць гоней чуў, як хто пашаптушкі вядзе. Як той горб, ён насіў на сваіх плячах цяжар шчырасці на сваё і гайдачанскае няшчасце. Так. Яго шчырасць сыпалася, нібы град на галовы гайдачан. Так.

Пачалі яго біць і чужыя.

Антоська быў вечна ў сіняках... У адным выяўлялася да яго шчырасць гайдачан — яны яго шчыра білі. Так. Як ты да людзей, так і людзі да цябе.

Сінякі на ім былі як бы гербам шчырасці.

А за што б ні білі чалавека, ці за шчырасць, ці за фальш — усё роўна баліць. Балела і Антоську. А як баліць, чалавек набіраецца злосці. Злаваўся і Антоська. Так.

Дзвюма льдзінкамі злосць свяцілася ў яго шэрых дзіцячых вачах. А як падрасла яго шчырасць, тоісь, як падрос Антоська, злосць у яго вачах таксама расла. Выкрысталізаваная злосць на здзекі з шчырасці,— моцная, як чысты спірытус. Так.

У Гайдачан што-кольвечы здарыцца, Антоська да земскага.

А здаралася часта ў Гайдачанах так, як і ў іншых вёсках: на вечарынцы адны адным юху спусцяць. Хто ў каго нешта ўкрадзе. Быў раз выпадак, што адзін гайдачанін застрахаваў свой двор, а потым сам падпаліў стары ток, каб дастаць грошы на будаванне новага. Так. Разам з яго дваром згарэлі яшчэ дзве гаспадаркі. Так.

Усё гэта Антось Драчык падаў на паперы (навучыўся грамаце) земскаму.

Нават і мне прыходзілася пакутаваць ад Драчыка. Так. Бо я меў шмат клопатаў з гайдачанскімі справамі. Многа лішніх гадзін мне прыходзілася гнуць спіну над перапіскаю папер, дзякуючы Антосю Драчыку. Так.

— Ты што, Антось, вечна як той калючы вожык? — я пытаўся ў яго часам.

— Характар у мяне такі,— тлумачыў Драчык.— Не пераношу няпраўды. Люблю шчырасць...

— Мала хто што любіць,— кажу я.— Можа, я жонку земскага люблю, але маўчу. Глядзі, каб твая любоў да праўды не пагубіла цябе, тоісь, «во цвете лет».

— Няхай губіць,— кажа ён.— Мне ўсё роўна!

І блісь на мяне шэрымі вачыма. Так.

Трэба прызнацца, што сапраўды яму было ўсё роўна. Аднаго разу сяджу сабе адзін у канцылярыі земскага. Прынеслі пошту. Я зацікавіўся адным пакетам. Па грамзолінах пазнаў руку Драчыка. Раскрыў я пакет і давай чытаць. Так.

Спачатку ажно ў вачах пацямнела. Не верылася, што так чалавек пісаць можа. Пасля ад страху калені заляпалі адно аб адно, тук-тук-тук, як бярозавыя калодкі. Мяне абліў халодны пот. Я прачытаў паперу аж тры разы падрад. Трэба прызнацца, па сягонняшні дзень помню. Вось што Драчык напісаў:

«Тысяча дзевяць сот дзесяты год, першага красавіка. Яго сабачародзію земскаму начальніку. Гэтым маю харобрасць паведаміць ваша сабачародзіе, што вы вялікі царскі хабарнік і сукін сын. Хабары бярэш у каго толькі пападзецца, трошніцамі, пяцёркамі, дзесятухамі і больш. Як топ поп, бярэш ад баб і курыцу, і сыр, і масла, і сала.

Пакрываеш сваёй задрыпанай чыноўніцкай асобай пад партрэтам твайго галоўнага апекуна — яшчэ горшага за цябе, цара Мікалая — пагромшчыкаў, злодзеяў, канакрадаў, а памагаеш душыць сацыялістаў — людзей шчырых, якія за праўду галовы свае аддаюць. Абвяшчаю цябе вялікім прахвостам. Помні, што і на цябе прыйдзе пагібель. Уласнаю рукою падпісаўся Антон Драчык з вёскі Гайдачаны».

Прачытаўшы гэта, я выпіў вады, трохі супакоіўся і давай думаць, што і як.

Драчык губіць самога сябе па сваёй дурасці. Так. Галавою трэба прызнацца, аб сцяну ляпае. Што рабіць? Гэта ж дзецюка ў жалезных ланцужках у Сібір адправяць за такую штуку... Раней прыб’юць яго да паўсмерці. Па чарзе біць будуць: стражнікі, ураднік, прыстаў, жандары... Так...

Я ўявіў сабе Драчыка, пакалечанага, параненага, у ланцугах, акрываўленага, са сціснутым ротам. Адны толькі шэрыя вочы ў яго гараць. Так. Ні вохкання, ні стогнаў, ні плачу ад яго не чуваць. Вось акамянеў ён, адубеў. Толькі грудзі туды і сюды ходырам. Так.

Сашчамілася ў мяне сэрца. Шкада стала Драчыка. Цяпер чалавек прапаў назаўсёды. Так.

І вось мае думкі, як статак маленькіх плотачак у рэчцы, павярнулі ў другі бок.

Прыйдзе земскі. Пачне нервовымі тонкімі пальцамі перакідваць груду папер. Чорнымі вачыма, нібы п’яўкамі, увап’ецца ў адну паперу — у Драчыкаву. Пакруціць адзін вус, другі. Гмыкне: «Что это такое?» — буркне ён. Пачырванее, пабляднее. Яшчэ раз пачырванее і яшчэ раз пабляднее. Ускочыць з крэсла так рашуча, нібы знізу вострымі канцамі ўверх панатыканы шпількі. Пачне мерыць пакой цыбатымі нагамі туды і сюды. Абчарэпіць галаву абедзвюма рукамі, нібы яму зубы баляць, і ўсё будзе паўтараць: «Что это такое? Как он смел!..» Так.

У той час, калі я аб гэтым думаў, я вельмі шанаваў і Драчыка і яго шчырасць. Я любаваўся яго гераізмам.

— Вось малайчына! вось малайчына! — гаварыў я ўголас і давай дамалёўваць у сваіх думках гэту сцэну да канца. Так.

Земскі яшчэ раз зірне ў паперу. Яго сківіцы ходырам заходзяць, пальцы тонкія задрыжаць, і ён крыкне хрыплым ад гневу голасам на ўсю канцылярыю:

— Павесіць яго! Р-р-расстраляць! Адлупцаваць нагайкамі! Ар-р-рыштаваць! і гэтак далей і гэтак далей.

Пасля гэтага Драчыка прывядуць звязанага вяроўкамі...

Трэба прызнацца, я ўвесь апусціўся ў халодную ваду халоднага розуму. Я пачаў разважаць:

— Якая ж з гэтага карысць? Каму? Драчык зробіцца героем? Ён жа сам не думае аб гэтым. Не дзеля таго, каб праславіцца, як мучэльнік, за праўду, ён напісаў гэту паперу, а проста гарачнасць, шчырасць... Так.

Раптам я схамянуўся, агледзеўся па баках, яшчэ нікога ў канцылярыі няма. Зірнуў у акно — ніхто сюды не ідзе. Так.

Нервы земскага начальніка і лёс Антося Драчыка пакуль што ў маіх руках... Так.

Мне прыйшла ў галаву шчаслівая думка: знішчыць гэту паперу. Так. Я парваў яе на дробныя кавалачкі і кінуў у сметнік. Так.

Пасля гэтага на мяне напаў нейкі нястрыманы смех. Я пачаў рагатаць усё галасней і галасней. Хачу стрымацца, а не магу. Проста чорт улез у маё нутро і рагоча-рагоча... Корчуся са смеху на сваім табурэце і не ведаю, дзе дзецца. Ад смеху з вачэй слёзы коцяцца. А я — го-го-го! го-го-го! У жываце закалола, а я — го-го-го! Раптам прыходзіць у канцылярыю земскі начальнік, а я ўсё смяюся.

Ён вылупіў на мяне злосныя дакастрычнікавыя чорныя вочы і крыкнуў:

— Ты чего?

— Го-го-го!

— Чего ты?

— Га-га-га!

— С ума сошел?

— Гі-гі-гі!

— Ду-р-р-рак!

Пры гэтай характарыстыцы земскага начальніка абсекся мой смех.

Я пачаў выціраць вочы хустачкай.

— Что с тобою?

І я тут жа прыдумаў тлумачэнне. Недармо раманы чытаў:

— Истерика. Это со мной часто случается.

— Так...— мармытаў земскі начальнік.— Тут, в моей канцелярии, чтобы этого больше не было. Слышишь?

— Так точно,— адказаў я.

Праз некалькі дзён пазней Антось Драчык сваёй уласнай персонай заявіўся ў канцылярыю земскага начальніка. Я зноў быў адзін.

— Атрымалі мой пакет?

— Атрымалі.

— Ну?

— Ну і тпру. Я парваў...

— Не падалі земскаму?

— Не...

Як стукне Драчык кулаком аб стол, як крыкне, як грымне:

— Скардзіцца на вас буду! Я праўду люблю! Не маеце права нішчыць паперы!

Я абліўся халодным потам.

— Ціха ты,— шапнуў я, а рукі і ногі ў мяне трасуцца.— Гэтай паперай ты сабе на шыю пятлю зацягваеш!

— Якое тваё дзела да мяне? — не можа супакоіцца Драчык.

Бачу, кепскія тут са мною паперы, тоісь, справы.

— Ведаеш што, Антось,— кажу я,— на табе аркуш паперы, напішы ў другі раз. Думаў я суседа свайго ратаваць. Цяпер ратуй ты мяне. Садзіся і пішы... Добра, што земскага цяпер няма. Ён, здаецца, у Гайдачаны паехаў.

Тут твар Драчыка змяніўся, патрохі пачаў лагаднець, дабрэць. У вачах яго засвяцілася такая дабрата, якой ніколі ў яго не бачыў...

— У тым-то і справа, што земскі ў нас. Я думаў, што па мяне прыехаў. Я тады з гарачкі напісаў, паслаў, а потым сам шкадаваў... Я ўцёк з хаты і пехатой сюды прыпёр, каб у вас даведацца, як мая папера. Дзякую, што парвалі. Нікому не сказалі?

— Не. І лоўка ж ты напісаў! Навошта мяне напалохаў цяпер?

— Падурачыцца хацеў...

На сэрцы стала лёгка і прыемна. Дзякую Драчыку і за яго акторства, бо каб не напалохаў, дык ніколі ў сваім шэрым канцылярскім жыцці такой радасці не меў бы. Трэба прызнацца, гэта была адзіная радасць у маім жыцці...

Мы з Драчыкам пілі гарэлку і піва аж два дні падрад і за яго і за мае грошы. Так.

Вось які быў Драчык!

І пасля гэтага выпадку, тоісь, гарачкі шчырасці, ён усё роўна сваё рабіў.

Як пайшоў у салдаты, дык за шчырасць папаў у дысцыплінарны батальён. Адтуль вярнуўся дамоў з выкручанай нагой. Кульгае па сягонняшні дзень. Так.

Калі часам хто з гайдачан з яго жартаваў, што дзеля шчырасці ён кульгае, дык Драчык адказваў:

— Я-то кульгаю, але мая праўда не кульгае. Было б горш, каб я не кульгаў, а мая праўда кульгала б.

Ідзі, гавары з такім чалавекам!

Нягледзячы на калецтва, Антось Драчык жаніўся. А што яшчэ больш цікава, яго жонка цюцелька ў цюцельку як ён сам па «карахтару».

— Праўда з праўдай пабраліся,— гаварылі гайдачане.— Шчырасць са шчырасцю пажаніліся. Пойдуць у іх дзеткі: праўдачкі і шчырасці, вырастуць, і нам ад іх жыцця не будзе... Хоць зараз з Гайдачанаў уцякай.

Трэба прызнацца, Антосева шчырая сям’я (спачатку ён і жонка, а потым і дзеці, бо ён быў шчырым і на гэта) добра паміж сабою жыла і добра жыве па сягонняшні дзень. Так. Зусім няправільна тое, што людзі кажуць: «тады муж з жонкай сварацца, калі ў гаршку трасца варыцца». Увесь час Антосева сям’я жыве бедна. Так.

Ведаю добра беднае жыццё Драчыка. Яно ў мяне, як на далоні. Трэба прызнацца, я цяпер часта да яго хаджу, гаворым пра яго паперу да земскага і абодва смяёмся. Свой характар Драчык выкарыстоўвае цяпер на сходах. Кожнаму тыцне праўдай, нібы шпількай, у самыя вочы. Так.

Вось гэтага самага Антося Драчыка Крушынскі, як агню, баіцца. Калі Крушынскі так спрытна і лоўка выкручваецца ў сваіх цёмных справах, дык дзякуючы таму, што асцерагаецца Антося Драчыка. Так. Драчык для яго вялікае страхаццё. Шэрыя бліскучыя вочы Драчыка заўсёды тырчаць перад нутраным зрокам Крушынскага. Зычны голас Драчыка заўсёды гучыць нутраному слыху яго:

— Асцерагайся мяне, Язэп, бо я — твая пагібель... Мая лютая шчырасць праб’е агнёвай куляй твой чэрап... Мая праўда вострая, як сталёвы меч, адсячэ тваю галаву... Мая злосць на тваю фальш сцісне моцнай пятлёй тваю паганую шыю...

Крушынскі добра зразумеў, што калі знішчыў заявы Драчыка ў паштавіка, дык Драчык сам з’явіцца куды трэба. Ён вусна, тоісь, жывой мовай даложыць...

— Што ж рабіць?

І Язэп ды яшчэ Сымонавіч прыдумаў. Так. Сам паехаў куды трэба і сказаў:

— Да вас прыйдзе з даносам на мяне вядомы ў нашай ваколіцы Антось Драчык з Гайдачан. Ён вылажыць, тоісь, гэты вар’ят і задзіра, перад вамі розныя вядомыя ўжо аба мне плёткі. Я папярэджваю, каб вы не здзівіліся. У пацверджанне маіх слоў вось вам! Паміж іншым, можа, самі ка мне прыедзеце? Вы ж такі даўно не гасцявалі ў мяне.

Язэп Крушынскі выняў з кішэні газеты з рознымі аб ім хвалебнымі артыкуламі, якія друкаваліся ў працягу апошніх двух год, дзе хвалілі яго «культурную» гаспадарку, і палажыў на стол. Дастаў яшчэ адну напісаную паперу за многімі подпісамі (да двухсот) аб сваёй рэвалюцыйнасці, аб сваім пралетарскім паходжанні, аб сваёй рабоце разам з партызанамі і гэтак далей, і гэтак далей.

Трэба прызнацца, што Антось Драчык такі пайшоў куды трэба (да раённага начальства). Але з чым пайшоў, з тым і прыйшоў... Так.

Крушынскі аб гэтым ведаў з іншых крыніц, а мне расказаў Драчык.

Сышло Крушынскаму і на гэты раз. Аднак ён занепакоіўся больш, чым раней. Як топішся, дык за брытву хопішся. Крушынскі схапіўся адразу за дзве брытвы — за Слупа і Бочку з Драздоў і Дзятлаў. У яго разуменні жывюткая паўстала іх прапанова:

— Прыстукнуць Антося Драчыка...

— Ад такога шкоднага чалавека не шкода збавіцца,— думаў ён.

Калі хто цікавы зацікавіцца, адкуль я наогул ведаю чалавечыя думкі, дык я на гэта, трэба прызнацца, вось што магу сказаць, тоісь, вытлумачыць: мне стукнула за шэсцьдзесят год. Шмат чаго бачыў я ў сваім жыцці. Не так сабе пачалі мяне называць «Львом Талстым». Так. Паводле ўчынкаў чалавека, я ведаю, што ён думае. Паводле яго думак пазнаю і яго ўчынкі. Гэта мая спецыяльнасць называецца, трэба прызнацца, псіхалогіяй. Мне досыць з чалавекам раз пагаварыць, каб ведаць усё яго нутро. Так. Не толькі што ён думае, але што думаў і будзе думаць. Не толькі што ён рабіў, але што будзе рабіць.

Дык вось Крушынскаму стукнула думка прыстукнуць Антося Драчыка.

Ён меркаваў так: падпаліць — вялікі шум будзе. Крушынскі, праўда, любіў шум, але які ідзе яму, Крушынскаму, на карысць, а не на шкоду. Пасля падпалу Драчык яшчэ больш уз’ерапеніцца. Ёсць толькі адзін паратунак: знішчыць Драчыка... Трэба так наладзіць справу, каб нават костачак Драчыка не знайшлі, каб усе сляды прапалі. Так. Вось як бы ніколі чалавек зямлі не бачыў. Ніколі сонца яго не грэла. Ніколі ён, тоісь, Драчык, на свет не нарадзіўся...

У Крушынскага пры гэтых думках твар зрабіўся звярыным, страшным, рашучым, здольным на такую агіднасць.

Ён меркаваў далей: Слуп і Бочка на гэта майстры. Дзе-небудзь падпільнуюць. Зробяць што трэба, а потым труп — чабух у балота. І няма. І не было. І не будзе (самае важнае апошняе). Так.

Трэба прызнацца, трохі жудасна стала Крушынскаму. Але як пачаў меркаваць і туды і сюды, дык іншага паратунку няма. Раз «трэба багацець», дык дзе ж ты дзенешся.

Нарэшце Крушынскі рашыў пачакаць:

— Час пакажа.

Тым часам Антось Драчык спакойна працаваў. Займаўся сваімі звычайнымі справамі па гаспадарцы. Ён зусім не ведаў, трэба прызнацца, што навакол яго ўецца вяроўка, вострыцца нож, што аб ім так пільна дбаюць іншыя людзі. Так цялё, скочучы на выгане, зусім не думае, што яго скора зарэжуць. Каб чалавек ведаў, з якога дрэва на яго галаву зваліцца сук, дык за вярсту абыходзіў бы гэта дрэва. А што тычыцца Драчыка, дык, можа, не абыходзіў бы. Ён сказаў бы так:

— Не абыду. Мне тут бліжэй. А вось наўмысне тут пайду!

Няма ў Антося Драчыка, як я заўважыў, тактыкі — вайсковай тактыкі. Так. А яна ў жыцці патрэбна. Без гэтай тактыкі нельга. Вось каб тактыку і спрыт Крушынскага ды шчырасць Драчыка злучыць у адно. Я ўпэўнены, я прысягаюся, што выйшаў бы надта цікавы і карысны вобчаству чалавек. Але для такой фабрыкацыі псіхалогіяй нічога не зробіш. Так. Патрэбна нейкая іншая логія. Трэба будзе аб гэтым з гайдачаназнаўцамі пагаварыць. Няхай прышлюць анкету аб гэтай справе. Назаву гэту справу чалавекалогіяй. Так. Я недзе чытаў пра «гумункулюса» — новага штучнага чалавека. Вось каб такі «гумункулюс» зрабіць з Язэпа Крушынскага і Антося Драчыка.

Тым часам наш Язэп Крушынскі думае цяжкую думу пра Антося Драчыка. А наш Антось Драчык цяжка думае пра Язэпа Крушынскага.

Хітрая машына. Натрапіла каса на камень. Так.

І цікавая, трэба прызнацца, штука. Антось Драчык трапіў якраз у тон Язэпу Крушыііскаму. Пабачыўшы, што яго і пісаныя і вусныя анкеты, тоісь, заявы ні да чаго не даводзяць, ён таксама рашыў, што «трэба пачакаць». Так. Яго гарачнасць шмат разоў у жыцці была абліта льдзяной вадою — і ён пастанавіў пастанову змяніць на гэты раз свой характар. Магчыма, што ён інстынктам адчуў для сябе небяспеку. Трэба прызнацца, што не толькі ў жывёл, але ў людзей таксама ёсць інстынкт. Так.

Я гэтаму вельмі абрадаваўся.

Мая радасць бурапеніла (як цяпер пішуць) з некалькіх крыніц.

Першая крыніца. Я меў прыемнасць ад гэтага псіхалагічнага наглядання, тоісь, ад наглядання над чалавечай псіхалогіяй. Так.

Другая крыніца. Можа скончыцца ўся гэта музыка без праліцця чалавечай крыві. Так.

Трэцяя крыніца. Мой «Летапіс вёскі Гайдачаны» ад гэтага толькі выйграе, будзе расці і расці. Так.

Чацвёртая крыніца. Я некалькі разоў хацеў сказаць Крушынскаму, каб асцерагаўся Драчыка, а Драчыку, каб асцерагаўся Крушынскага. Так.

Чаму? Для інтрыгі. Так.

Трэба прызнацца, што маё сачыненне, тоісь, мой твор ад гэтага толькі выйграе. Не прыйдзецца мне гаварыць ні аднаму, ні другому. Я мысліў, што калі скажу, дык урэжуся непатрэбным клінам паміж Крушынскім і Драчыкам. Тады не да псіхалогіі будзе (глядзі першую крыніцу). І правільна я зрабіў (глядзі другую крыніцу). Каб сказаў, дык, можа, мой «Летапіс» не пабачыў бы свету (глядзі трэцюю крыніцу). І я далучыўся да разумнай тактыкі «трэба пачакаць» (глядзі чацвёртую крыніцу). Так.

Вось ужо тры чалавекі (невялічкая маса) прытрымліваюцца аднаго лозунга:

«Трэба пачакаць».

Крушынскі, Драчык і я.

Мы звязаны адной невідочнай псіхалагічнай вяроўкай. «Гумункулюс» з трох чалавек. Так.

Часта сустракаю Крушынскага і Драчыка. Пры гэтым думаю ўсё аб адным, аб чым, трэба прызнацца, думаюць і яны:

Трэба пачакаць...

Так».

Аб трох чалавеках, звязаных у адно, «Леў Талстой» прыпісаў толькі што. Закончыў сваім традыцыйным словам «так», пачакаў, пакуль засохла чарніла, зачыніў кнігу, палажыў на паліцу і зняў з носа акуляры.

У хаце ўжо ўсе працавалі. Ярка свяціла сонца. Старая гаспадыня, пабачыўшы, што муж кінуў сваю кнігу і што сваімі лаянкамі яна яму цяпер не перашкодзіць, пачала па-звычайнаму сыпаць на яго вострымі слоўцамі. Пры гэтым паднесла яму на снеданне некалькі гарачых бліноў са смятанай. Такім снеданнем старая звычайна карміла старога і малых унукаў...

Стары еў без апетыту. Задумна паглядаў на бярозу за акном. Яна ўся палала ад сонца. Вызначаўся кожны лісток, а на лістку — кожная кропелька расы.

— Што ты завароніўся? — крыкнула старая і патармашыла яго за плечы.— Заснуў, можа, з адчыненымі вачыма?

— Га-а-а? — адазваўся «Леў Талстой» і так зірнуў на жонку, нібы ўгледзіў яе ўпершыню.

— Чаму не ясі?

— Нешта не хочацца.

— Можа, нездароў?

Старая занепакоілася.

— Прыляж. Гэта ад пісаніны галава забалела...

— Не ведаю...— сказаў шэптам «Леў Талстой»,— можа, забалела. Тоісь, можа, лягу. Тут мухі. Пайду на свежае сена. Так.

Стары мнагазначна пагладзіў бараду, гмыкнуў, выйшаў з хаты і марудным крокам пайшоў на гумно. Жонка схапіла падушку і коўдру і панесла за ім у пуню. «Леў Талстой» лёг адпачыць. Старая прыкрыла яго коўдрай, зачыніла вароты і пайшла ў хату.

Паўзмрок у пуні быў прарэзаны ярка-жоўтай сонечнай паласою. На гумне спявалі птушкі.



28. ПЛАЧ ЦЫПРУЧЫХІ

[правіць]

Жонка Цыпрука Ярэмчыка пачала злавацца на мужа:

— Самы гарачы час працы, а няма старога! Завойкаў на зубы і прапаў! Каб ён запрапасціўся, каб ён!.. Каб мае вочы яго болей не бачылі! Каб ён на векі вечныя не вярнуўся дахаты!

Першыя тры дні старая лаяла і кляла Цыпрука з шчырым абурэннем, ад усяго сэрца. Яе лаянкі і кляцьба чуваць былі па ўсёй вёсцы — аддаваліся рэхамі ад гумна да гумна і плылі ў даль дарогі, куды стары пехатою пасунуўся зубы лячыць з торбачкай за плячыма, з бярозавым кійком у руках.

— Уцёк ад работы, стары абібок! Уцёк на ўзвей-вецер, каб ад яго ўсе добрыя людзі паўцякалі!

Словы ліліся роўненька, адно за адным. Нібы Цыпручыха з кнігі чытала. Яе зычны голас чуваць быў на вярсту навокал.

Суседзі смяяліся з яе, жартавалі, казалі, што Цупрук ад яе ўцёк, што прыдбаў сабе недзе іншую жонку, маладую.

Некаторыя пацяшалі яе:

— Чалавек не іголка — знойдзецца.

Але старая аж кіпела ад злосці:

— Зубкі лячыць пайшоў стары хрэн, каб яны ў яго павысыпаліся, як гарох з сухіх струкоў, дай божанька!

На чацвёрты дзень яна ўсё ж перастала лаяць мужа. Шчырае занепакоенне пракралася ў душу:

— У яго ж ні капейкі няма з сабою, а харчоў узяў усяго на два дні. Людцы міленькія, што магло з ім здарыцца?

Яна часта спыняла работу, выбягала на выган і чакала на дарозе. Пільна ўглядалася ўдаль: мо дзе пабачыць. У суседзяў пыталася, мо чулі нешта аб ім і казаць не хочуць.

Як угледзіць здалёк чалавека пехатою або фурманку, ідзе насустрач:

— Можа, гэта Цыпрук? Можа, едзе з кім?

Часам у хаце, калі нехта з двара цокне жалезнай клямкай ад дзвярэй, старая ўздрыгвала:

— Ці не ён?

А Цыпрука няма ды няма.

Ужо і вясковыя пачалі непакоіцца аб сваім суседзе, ківалі галовамі, розныя рады радзілі і па-рознаму меркавалі.

— Ці не захварэў ён часам? Не маглі ж забіць чалавека, у яго ж капейкі не было пры душы...

Нягледзячы на вялікую працу ў хаце, у Цыпручыхі рукі апускаліся. Адно толькі лезла ў галаву:

— Дзе ён дзеўся? Што з ім сталася?

А ў хаце і на полі праца не ішла так, як пры Цыпруку.

— Стары ўжо сам мала працаваў апошнія гады,— скардзілася суседзям Цыпручыха,— але яго гаспадарчае вока ўсюды дагледзіць, дапільнуе. Нібы дваццаць вачэй у чалавека. Скажа пару слоў — і лепш чым хто з маладых цэлы дзень працуе... «Маці!», бывала, крыкyе на мяне. «Маці! трэба брацца за сенакос. Трэба тое і сёе рабіць». І ўсё рабілася, усё ішло гладка. Вось як бы хто на скрыпцы грае...

Цыпручыха пачала адчуваць, што не хапае ёй слова «маці». За сорак гадоў жыцця з Цыпруком яна чула гэтае слова дзень у дзепь мо па сорак разоў: «маці» і «маці».

Спачатку слова «маці» чуваць было з моцных, маладых грудзей Цыпрука са спеўнымі, вясёлымі зыкамі. Яна не заўважыла, як за доўгія гады жыцця голас у мужа мяняўся і ў апошні час быў падобны да хрыплага, разбітага звону.

Слова «маці» напісала ў сэрцы старой доўгі, аднастайны, як дарога пры вёсцы, ход жыцця. Яе вушы моцна прывыклі да гэтага слова.

Нягледзячы на тое, што старая ўжо трохі недачула, досыць было, каб Цыпрук ледзь шапнуў «маці» — і яна зараз жа адклікалася прывычным словам:

— Га?

На пяты дзень старая пачала лаяць сама сябе за тыя лаянкі, якія толькі што сыпала на мужа.

— Нездармо яго няма. Бедненькі мой, гаротненькі, любенькі...

За невялічкай вёскай каля выгану быў самы высокі пункт ваколіцы. Сяляне назвалі гэта месца «Гарадком». Ён быў акопаны чуць не ў правільны круг і ахоплены глыбокім ровам. Дзе-нідзе ў рове стаяла вада, рос аер і чарот. Толькі з усходняга боку можна было ўзлезці на Гарадок. Тут роў выглядаў перасечаным вялізным пярсцёнкам. Зямля тут была накідана ў выглядзе землянога моста.

На Гарадку растуць таўшчэзныя дубы — мо па дзвесце гадоў. Тут і шнуры аўса буяюць пад дубамі. Людзі, якія аруць Гарадок, кажуць, што зямля вельмі рыхлая, насыпаная і да грунту нельга дабрацца.

Цыпручыха ведае многа казак аб паходжанні Гарадка.

Паводле адной казкі, тут даўней жыў багаты князь, які вельмі людзей мучыў. Ваўкі напалі па яго і загрызлі, а вецер-ураган знёс адгэтуль палацы. Паводле другой — тут калісь жыў цмок-людаед. Паводле трэцяй — быў кляштар.

Болей чатырох дзесяткаў год таму назад дзявочыя вяснянкі Цыпручыхі плылі з Гарадка на ўсю ваколіцу.

Лоўка было спяваць на гэтым высокім месцы. Голас быў званчэйшы і ярчэйшы, чым унізе. Адгэтуль песні гучна сыпаліся ўніз, на саламяныя стрэхі вёскі, каціліся ўшыр і ўдаль.

З узвышкі Гарадка Цыпручыха аглядала цяпер ваколіцу. Як дазорца, яна пазірала ва ўсе чатыры бакі ў розныя поры доўгага летняга дня. Яна мацала ваколіцу старымі вачыма, каб сустрэць у летняй жаўранкавай далечыні маленькую кропку...

«Можа, адгэтуль скарэй угледжу яго...

...Няма ды няма...»

Калісьці румяны і моцны Цыпрук падобен цяпер да абгрызанай качарэжкі, да карча, што застаўся ад паломанай навальніцай бярозы. Але старой кабеціне ён — цяперашні дзядок — куды мілей і даражэй за ранейшага...

Ад злосці і лаянак Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі, да пяшчотных і жаласлівых слоў. Нешта смактала грудзі, душыла ў горле, слёзы сляпілі вочы. Па зморшчынках твару слёзы каціліся ўніз ручайкамі, лезлі ў рот салёнымі вільготнымі камарамі.

«Яго няма ды няма...»

І тут, воддаль ад хатніх клапот, ад дзяцей і ўнукаў, сама-самюткая, паглядала яна ва ўсе бакі. Вочы выглядзела, гаманіла шэптам сама з сабою.

Так, бывае, аер пад ветрам шапоча над рэчкай, калі сцяблы чароту будзяць адзін аднаго. Так, бывае, дзікая качка крыллем лапоча, калі шолах няпэўны пачуе паміж альхоўніку на беразе возера.

Цыпручыха заводзіць:

— На каго ж ты мяне, згорбленую бабульку, пакідаеш?

— Завошта загневаўся ты на мяне?

— Ці ж я цябе не слухалася? Ці ж я за табою не глядзела?

— А хто словам «маці» будзе мяне клікаць-зваць?

— Вецер буйны костачкі твае рассеяў-развеяў па дарогах і дарожаньках...

Галошанне плыло ўніз, у бакі, рэчкай разлівалася.

Занепакоіліся і суседзі. Паведамілі ў сельсавет, што Цыпрук Ярэмчык прапаў. Заварушылася міліцыя. Міліцыянер Цішка Каборда, вядомы па ўсёй ваколіцы вялікім спрытам выкрываць самагоншчыкаў, меў свой погляд на гэту справу.

— Недзе ў знаёмых п’янствуе таварыш Цыпрук Ярэмчык!

Каборда кпліва зірнуў на людзей, адмахнуўся ад іх рукою, нібы ад надакучлівых мух.

Сяляне пачалі налягаць:

— Ты, Каборда таварыш, павінен!

— Ты — прадстаўнік улады!

Тады міліцыянер пачаў энергічна выціраць вечна ўспацелы лоб, углыбіўся сам у сябе і давай спацыраваць па хаце ад стала да дзвярэй і ад дзвярэй да стала. Можна было падумаць, што ён для чагосьці мерае, колькі крокаў удоўжкі мае хата.

Раптам ён спыніўся сярод хаты, прыняў позу Шарлока Холмса, абвёў сялян вострымі вачыма і рашуча сеў за стол. Выняў з замыцганага брэзентавага партфеля аловак, аркуш паперы і махнуў пальцам да Цыпручыхі.

Яна падышла да стала.

З вуснаў Каборды пасыпаліся на старую жмуты запытанняў:

— Калі Цыпрук пайшоў?

— Куды пайшоў?

— З якою мэтаю?

— Ці меў пры сабе грошы?

— Колькі яму гадоў?

— Колькі членаў сям’і?

І гэтак далей, і гэтак далей, і гэтак далей.

Старая адказвала. Часта блыталася і выцірала рукавом слёзы з вачэй.

З каменным выразам на твары, з бесстаронняй строгасцю да ўсяго, што робіцца вакол, Каборда чуць не стэнаграфічна запісваў яе адказы.

Адсопся, падазрона азірнуўся навокал і нейкім інакшым, чым раней, голасам запытаўся:

— А ці няма ў таварыша Ярэмчыка ворагаў сярод суседзей, у вакольных вёсках? Можа, хто мае на яго якую злосць?

— Хто ж яго ведае,— лямантавала старая.— Здаецца з людзьмі па-людску жывём. Мы нікога не чапаем — і нас ніхто не крыўдзіць.

Хтосьці з сялян падсунуў міліцыянеру махорку.

— Дзякуем! Мы свой тутун курым!

Выняў махорку з кішэні і скруціў папяроску.

— Аднак прыпомні, бабуля! — не адставаў ён, прыкурваючы ў селяніна.— Можа, твой з кім за сенакос пасварыўся, за пашу, ці мала за што? Можа, пабіўся з кім падвыпіўшы? Можа, на каго данос падаў?

Старая задумалася.

Яна пачала перабіраць у памяці ўсіх суседзей. Давай успамінаць ранейшыя гады, апошнія, нядаўнюю вясну. Яна старалася вылоўліваць з жыцця Цыпрука такія ўчынкі, за якія людзі на яго злаваліся б, за якія яны былі б на яго так варожа настроены, што пры выпадку маглі і забіць.

Каборда глядзеў ёй у самы рот. Завастрыў ступлены аловак і наставіў яго на паперу.

Каборда цярпліва чакаў.

Цяжка было Цыпручысе.

У гэтыя хвіліны, калі адна толькі жаласць жыла ў яе сэрцы да старога, калі толькі яго прыязныя ўчынкі да людзей выплывалі ў яе памяці,— яна павінна была зрабіцца над мужам строгім суддзёю. Ёй трэба цяпер шукаць такіх яго ўчынкаў, за якія хтосьці мог бы помсціцца на дарозе...

Старая глыбока задумалася. Глядзела на міліцыянера і не бачыла яго. Яе вусны шапталі:

— Каб чалавек хварэў у хаце, каб сканаў тут, як усе добрыя людзі канаюць, дык што ж бы я гаварыла? А то і немаведама як па ім хаўтуры ладзіць...

Каборда пачаў выходзіць з раўнавагі:

— Ты, бабуля, толкам гавары, адказвай на запытанні! А то кажаш ліха ведае што!

— Не знаю,— бянтэжылася старая,— мала ёсць благіх людзей на свеце?

— Скажы, хто з суседзей мае злосць на твайго старога? — не адставаў міліцыянер.

Ён скінуў шапку з успацелай галавы і выцер лоб рукавом.

Старая пачала пытацца ў міліцыянера:

— А мо Хвёдар з Качалёў? Бо анэгды Цыпрук забраў у хлеў яго каня з нашай канюшыны. Ці Мікіта Свістун? Нам прырэзалі кавалак яго зямлі.

Яна бачыла цяпер паратунак толькі ў тым, каб знайсці чалавека, моцна пакрыўджанага Цыпруком.

Міліцыянер запісваў.

Шастанне алоўка па паперы надало старой бадзёрасці і ўпэўненасці ў тым, што ў Цыпрука многа злоснікаў:

— Ды мала іх, гэтых благіх людзей? Мікола Качарэжка казаў, што сякерай майго засячэ за мяжу. Вечныя сваркі ў іх за кавалак мяжы на расцяробе.

Міліцыянер запісваў.

— Добра! Мы расследуем!

Ён прабег вачыма спісаны аркуш паперы і палажыў у партфель.

— Як жа мне хаўтуры ладзіць па мужу, калі нат не ведаю, дзе костачкі яго падзеліся? — зноў запыталася старая ў міліцыянера.

Ён паціснуў плячыма, яшчэ шчырэй выцер пот на лобе і надзеў шапку.

На сёмы дзень Цыпрук вярнуўся дахаты. Ён быў змучаны, памізарнелы і пастарэў за тыдзень на дзесяць год.

Старая не то спалохалася, не то ўзрадавалася. Нічога не сказала, успляснула далонямі.

— Тата прыйшоў! Дзед вярнуўся! — загаварылі хатнія.

— Маці... Не злуйся, ці што? — прамармытаў стары.

Ён аглядаў хатніх і ўсе куткі хаты такімі вачыма, нібы не быў тут вельмі даўно.

Збегліся суседзі.

— Дзе быў, Цыпрук? Мы ж і міліцыю на ногі паднялі.

— Я? Я... з дарогі...— прашаптаў ён сарамліва. Потым павага засвяцілася ў яго вачах, і ён дадаў:

— Я? Я з Мінска...

— З Мінска?!

— А так...

— Ну, і вандраваў! Ну, і вандраваў! — ламала рукі жонка.— Гэта ж трэба ведаць! У такі гарачы час працы!

Яна злажыла рукі на грудзях, апусціла галаву і з-пад ілба глядзела на мужа паўхвіліны. Да яе зараз жа вярнулася ўся ранейшая на яго злосць. Пасыпалася навальніца разнастайных лаянак...

— Маці... Не злуй, ці што? Я зусім аслаб. Век памятаць буду гэту праклятую дарогу...

У яго голасе, стомленым і спакойным, чулася нешта такое паважнае, ажно жонка адразу сціхла, і ўсе ў хаце пільней вушы наставілі.

Цыпрук зірнуў на жонку з невыразнай мінай, і цяжка было ўцяміць, хто перад кім вінаваты.

— Дай, маці, есці, ці што? Я цэлы тыдзень галадаў...

Старая нічога не сказала, паставіла на стол міску крупніку, падсунула акраец хлеба і села на лаву.

Цыпрук шчыра прырваўся да яды, гучна сёрбаў, часта аглядаўся на драўляную лыжку, аблізваў яе, ківаў галавою і дзівіўся:

— Як жыву, маці, такога смачнага крупніку не еў...

З кожнай новай лыжкай крупніку ён весялеў, і як бы пачала варочацца назад яго ранейшая сіла.

— Раскажы, дзе ты швэндаўся? — зноў запыталася старая.

Цыпрук глядзеў на ўсіх з вясёлай усмешкай і маўчаў. У гэты час ён прыдумваў форму — як расказаць гісторыю свайго падарожжа.

— Я ж вочы свае выплакала, ліха на цябе! Было каго шкадаваць! Раскажы ж! Што ты, анямеў?

— Пачакай, маці, ці што? Я зараз...

Ён узяўся рукой за лоб, падняўся з месца і зноў сеў.

— Памятаеш, маці, як я войкаў?

— А як жа, у цябе зубы балелі, каб іх...

— Вось з гэтага і пайшло, і пайшло, і пайшло... Я пусціўся да шаптуна. Там, наліха, яны, зубы, балець перасталі,— і шаптун мяне прагнаў.

— Добра зрабіў.

— Пачакай, маці, ці што?.. Я пераначаваў у аднаго чалавека і пайшоў дамоў. На дарозе мне пашанцавала,— я знайшоў кавалак сукна.

— Дзе твая торба? — усхапілася старая.

— Вось, думаю, прынясу дахаты... Ажно тут накруціліся чырвонаармейцы — конныя. Лоўкія хлопцы такія, смяяліся, жартавалі, яй-права! Мы пагаварылі, і я сабе пайшоў далей. Не агледзеўся я — і сукна няма — згубіў знаходачку...

— Як! Згубіў? — старая ўскочыла з месца.— Вось дурны! Гэта ж у хаце прындзілася б! Асталопіна ты!

— Маўчы, маці! Дай гаварыць, ці што? Чырвонаармейцы знайшлі сукно і мяне затрымалі. Хто ты? — пытаюцца,— і дзе кантрабанду дастаў? Гэта, кажу, сукно, а не кантрабанда. Ну, яны мяне і арыштавалі. Патрымалі ў сваім кардоне, а потым пагналі ў Мінск. Распыталі там, хто я, што — і выпусцілі на волю. Казалі, суд будзе. Прыдзецца плаціць пяцьдзесят рублёў штрафу або на казённым хлебе пасядзець. Мяркую адну карову прадаць, ці што?

— Вось і знаходка! — Цыпручыха заламала рукі.— Тады адзін войкаў, а цяпер усе войкаць будзем.

— Няхай цяпер хоць куча золата ляжыць на дарозе,— апраўдваўся стары,— яй-права, маці, не буду чапаць.

— Дурны як бот!

Да позняй ночы Цыпрук мусіў пераказваць суседзям сваю прыгоду. З кожным разам ён апавядаў усё болей падрабязна. Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць.

— Можа, пакунак з сукном згубіў той аграном або другі чалавек — з Курганішча? — пыталіся людзі.

— Дзе там! Вазок іхні такі шчыльны, што і шпілька з яго не вылезе.

— Чаго добрага, наўмысля выкінулі кантрабанду, як убачылі чырвонаармейцаў.

— Што яны дурныя, ці што? Такое дабро будзе чалавек кідаць на дарогу!

У той жа дзень вярнуўся з Мінска і сын Цыпрука — рабфакавец Мікола. Ён ехаў чыгункай з Ленінграда аж да Мінска.

Даведаўшыся аб такім сямейным няшчасці, ён моцна злаваўся, прабіраў бацьку на чым свет стаіць.

— І трэба ж было табе да шаптуна цягацца! Вось і пашаптаў!

— А праўда, сынку, кажаш! — ажно ўзрадаваўся Цыпрук, што вінавайца знайшоўся.— Гэта ён на мяне нашаптаў. Ён такі злосны...

— Як вам, тата, не сорамна такое глупства казаць! Вось і ўлезлі ў бяду! Цяпер будзе на нас вялікая ганьба, нібы мы кантрабандай займаемся.

Сын Цыпрука вельмі хваляваўся.

— Жартачкі, такі паклёп узвялі. Каля граніцы проста жыць нельга чэснаму грамадзяніну. Калі сам у балота не палезеш, дык людзі цябе пацягнуць.

— Хто тут займаецца кантрабандай у нашай ваколіцы? — запытаўся ён у суседзей.

— А паляруш іх ведае! Ці мала правозіцца кантрабанды па ўсіх сабачых сцежках нашай ваколіцы! Ці мала народу па турмах за гэта сядзіць!

— Добра! Я даследую справу майго бацькі. Знайду вінаватых! Труціць трэба гэтых агідных рабакоў!

Вочы ў яго гарэлі ад злосці і крыўды.



29. «МЫ ПАВІННЫ БАГАЦЕЦЬ»

[правіць]

Іх дзесяць — пяць Драздоў і пяць Дзятлаў. Палавіна нізкіх і бялявых. Палавіна высокіх і чарнявых. Яны ў адзін і той самы час адзначаны асаблівым знакам. Здзіўленне і здаволенасць змешваецца ў іх у адно пачуццё: высока ставіць кожнага ў сваіх уласных вачах. Гэтыя дзве пяцёркі таксама ў аднолькавай меры прыязні і пашаны адносяцца да Крушынскага. Ён іх вызначыў з усёй грамады вёскі. У абедзвюх пяцёрак аднолькавы настрой. Нібы ў іх адно і тое самае імя; нібы ў адзін дзень у адным месцы ладзяць імяніны.

Крушынскі прывёз з Мінска дзесяць новых кос. Аддаў сваім касцам — пяці Драздам і пяці Дзятлам. Ён ім гэта абяцаў надоечы на сенакосе. Назаўтра гэтыя ж дзесяць чалавек (яны былі непісьменныя) атрымалі і яшчэ па два нумары газеты «Беларуская вёска».

Кожны з іх здзівіўся:

— Скуль?

— Хто!

— Чаму?

— Якім чынам?

У некаторых былі хлапчукі, якія вучыліся ў школе. Сынкі хоць па складах, але чыталі. Кожны з гэтых падпісчыкаў «Беларускай вёскі», які звычайна ўжываў газеты на цыгаркі, стараўся даведацца, што ў газеце напісана:

— Як жа іначай? Гэта ж мне прыслана! Нават адрас друкаваны...

Ужо праз колькі дзён пазней яны даведаліся, што газеты выпісаў для іх таксама Крушынскі.

Суседзі глядзелі няпрыязна на гэты дзесятак:

— За што гэтым, а не іншым?

— Ці не ўсе роўныя суседзі?

Зайздрасць суседзяў злучала ў адно дзесяць адзначаных вялікай увагай Крушынскага. Само сабою выйшла, што яны некалькі разоў збіраліся разам у адной хаце, каб абгаварыць сваю справу. Непаразуменняў між імі не было, паколькі косы і газеты ў кожнага з іх аднолькавыя — не горшыя і не лепшыя. Косы выпрабоўвалі рознымі спосабамі.

— Як адна каса!

— Газеты?

— Тыя самыя навіны! Проста няма за што пасварыцца паміж сабою...

За гэта самае яны часам нездаволена пазіралі адзін на аднаго... І дзесяць чалавек былі злучаны ў адно — у невялікі «калектыў» імя Крушынскага... Яго вылучэнцы. Іх непакоіла адно пытанне:

— Дарма нічога не даецца.

— Трэба чым-колечы адслужыць.

— Крушынскі падмазваецца пад нас.

У гэтых людзей з’явілася да Крушынскага падвойнае адчуванне, супрацьлеглае. Прыязнае за тое, што праз меру добра да іх адносіцца. Няпрыязнае — за клопаты, якія маюць цяпер у сувязі з падарункамі.

«За дзякуй не адбыць — трэба заплаціць».

Калектыў імя Крушынскага пастанавіў адпрацаваць у Курганішчы: бабы будуць па два дні жаць.

Хоць Крушынскі ўжо каля двух гадоў ад сакратарства ў сельсавеце адмовіўся (не было часу гэтым займацца), але і цяпер быў тут першай і самай паважанай асобай. Ні разу выбары не адбываліся без яго кіраўніцтва. Заставаліся ў сельсавеце заўсёды тыя самыя людзі, якіх ён намеціў з самага пачатку, старшынёю — Дрозд, сакратаром Дзяцел.

Пісьменнасці яны навучыліся трохі ў войску, а пасля, у бытнасці Крушынскага сакратаром у сельсавеце, ён іх сам вучыў, падрыхтаваў сабе «чырвоную змену». Кожны раз, у вольныя часы, у памяшканні сельсавета, Крушынскі займаўся з сваімі «вучнямі». Ён праходзіў з імі вучобу практычна з самага пачатку. Вучыў іх пісаць заявы, пратаколы, даклады, а галоўнае, стараўся ўбіваць ім у голавы «матэматыку».

— Лічбы — гэта ўсё,— гаварыў ён часта сваім старанным вучням.— Калі лічбы ў галаве арудуюць спрытна, перасоўваюцца разумна з месца на месца, як салдаты на фронце пад наглядам добрага камандзіра, тады ўсё добра. Уся наша дзяржава жыве на лічбах. Калі добра ведаеш, што ў цябе ёсць, тады цяміш, чаго ў цябе яшчэ не хапае. А калі ведаеш, чаго не хапае, дык будзь пэўны, гэты недахоп папоўніцца ў некалькі разоў. Усюды лічбы пануюць. Я сам, каб стаць чалавекам, практыкаваўся ў лічбах. Кожны з нас павінен багацець, тады і дзяржава будзе багатая.

Вучні рабілі вялікія поспехі.

І тады толькі Крушынскі кінуў сельсавет, калі ўпэўніўся, што «вучні» самі справяцца, што яны добра ўспрынялі яго філасофію пра багацтва...

— Я перадаў сельсавет у добрыя рукі! — ганарыўся ён часта перад Драздамі і Дзятламі.

Ён быў пэўны, што іншых, каб і хацелі, не выбралі б, бо пісьменных, бадай, не было.

І старшыня і сакратар сельсавета былі «Крушынскімі», толькі ў меншым памеры. Розныя савецкія кампаніі, падаткі і іншае праводзіліся акуратна, у пору. Сельсавет карыстаўся славай аднаго з лепшых у ваколіцы.

Кожны раз, калі трэба было праводзіць якую-небудзь новую кампанію, сельсаветчыкі радзіліся з Крушынскім. У яго быў у гэтых выпадках адзін метад: як найбольш шуму рабіць вакол кожнай новай справы, каб аб гэтым многа гаварылася, каб у газетах пісалі.

— ...Створаная раз назаўсёды слава разыходзіцца і разрастаецца ўсё больш і больш. Яна нялёгка спыняецца і, як разгарачаны конь, галопам скача наперад.

Такую думку ў розных варыянтах і разгалінаваннях убіваў Крушынскі ў мазгі сельсаветчыкаў цвікамі сваёй логікі.

— Што будуць казаць пасля — нас цяпер цікавіць не павінна. На тое рэвалюцыя, каб зараз жа гарачымі словамі захапіць грамаду ў свае рукі. Мы будзем старацца, каб наш сельсавет зрабіўся багатым, каб у нас не было бедных. Гэтым мы прынясём самую большую карысць рэспубліцы.

Так праводзіліся кожны раз рэвалюцыйныя святы, у такіх настроях працавала школа, зарганізаваўся кааператыў. Усё рабілася пры гарачых прамовах Крушынскага пад лозунгам:

«Мы павінны багацець».



30. МУХІ І АЙЦЕЦ ДЗІМІТРЫ

[правіць]

Калі трэба было праводзіць антырэлігійную прапаганду, Крушынскі знайшоў свой уласны арыгінальны спосаб. Пачаў прапагандаваць само духавенства супроць рэлігіі.

Ён разважаў так:

— Адрэж галаву, тады ўсё цела апруцянее. Перавабім пастуха, тады і стада ён пагоніць у наш хлеў.

Гэта было ў мінулую зіму перад Калядамі. Быў зімовы вечар. Падаў пухкі лапцяваты снег. Ён лунаў у паветры белымі матылькамі. Крушынскі надзеў кароткі кажушок. Выйшаў на дзядзінец. Сам запрог каня ў санкі — і паехаў за пяць вёрст ад Курганішча ў вёску Глухаўку. Там жыў айцец Дзімітры.

Пад нагамі сыпчаты снег. Не чуваць, як сані соўваюцца па дарозе. Тупат конскіх капытоў глушыцца ў белай мякаці. Снег зверху зараз жа замятае сляды.

Спераду і ззаду — новая бялёная зямля, па якой яшчэ ніхто не ездзіў, не хадзіў. Санкі з канём, з чалавекам выраслі на гэтым месцы з зямлі, нарадзіліся тут: белыя, у снежным пуху.

У Крушынскага на душы вялікі супакой. Ні сцебануць каня, ні нават лейцы падцягнуць не хочацца. Ён сядзіць на санках, трохі зажмурыўшы вочы і, каб хмызнячкі і хвоі не сунуліся насустрач, як дзівосныя здані, падумаў бы, што знаходзіцца на адным месцы... Хвілінамі і думкі ў яго супыняюцца. Тады ён не ведае, куды і дзеля якой мэты едзе. Нават забываецца — адкуль ён, хто і як завуць яго...

А снег нізіцца з бяздоння неба лёгкімі пушынкамі. Хтосьці ўверсе скубе белых лебедзяў і пыліць уніз пер’е. Яно сыплецца, лезе ў вочы, у рот.

Крушынскі смакуе на губах і вачах ледзь прыкметную вільгаць снежных краплінак. Увесь аддаецца пяшчотам зімовага вечара. Не рухае ні рукой, ні нагой, пазірае на мутнаватую бель перад сабою, глядзіць спаміж шчылінак ледзь не заплюснутых на сон вачэй. Адчувае на твары ў зморшчынах каля губ і вачэй застыглую ўсмешку. Твар траціць звычайную напружанасць — мякчэе.

У гэтыя хвіліны думак ніякіх няма. Толькі няясныя адчуванні лезуць паўзверх, выклікаюць, нібы спрасоння, урыўкі думак і абразкоў. Спачатку абразкі мільгаюцца, зліваюцца ў бялявы туман. Потым пераходзяць у слых, у шолахі. Лезуць у вушы здалёк ціхія гукі. Нехта над ім квола і пяшчотна спявае і стогне:

А-а, а-а, а-а-а...

А-а, а-а...

Гукі прымаюць афарбоўку рытмічнасці, уваходзяць у цэльнасць мілагучнай гамы.

— Гэта ж калыхальная песня:

А-а, а-а, а-а-а...

А-а, а-а, а-а-а...

Крушынскі ківаецца ў санках з боку на бок, як у калысцы...

— Вось і словы да гэтай песні:

А-а, а-а, мой каток.

Ехаў коцік на таржок.

— Жонка так уночы спявае над калыскай маленькай дачушкі.

Ён усміхаецца:

— ...Калісьці маці і мне гэта самае спявала...

З-пад вэлюму сняжынак перад вачыма Крушынскага вырысоўваецца постаць кабеты. Ён бачыць яе ўсю, з галавы да ног. Яна журботная, пакрыўджаная, стомленая, хворая, непрыгожая. А вабіць да сябе, як надзвычайна прыгожая... Не. Не ўсю постаць жанчыны бачыць ён перад сабою, толькі вочы яе.

Вочы набліжаюцца, робяцца вялікімі, зазіраюць у самае сэрца. Блакітныя вочы з гарачым бляскам, ад якога робіцца цёпла, горача.

Толькі вочы бачыць ён — знаёмыя, родныя.

Вочы — гэта цэнтральныя кропкі, ад якіх разыходзяцца лёгкія тонкія, як павуцінне, лініі-абрысы жанчыны. Яго родная маці. Памерла шмат гадоў таму назад. Ён тады быў яшчэ малым хлапцом. Крушынскі ўздрыгвае. Нібы толькі што ўсхапіўся ад сну. Працірае вочы. Азіраецца па баках.

...Не заўважыў, як праехаў па замёрзлай рэчцы, як узбіраўся на ўзгорак.

Мігацяцца агні вёскі Глухаўкі.

...Мабыць, агеньчыкі здаваліся мне чалавечымі вачыма...

Пацягнуў лейцы, сцебануў каля, сцёр з вусоў і броваў прылеплены абледзянелы сняжок, моцна таргануўся ў санях. Нібы толькі што прымасціўся на сядзенні з гарохавіння.

Цяпер ён зусім іншы чалавек.

...Сняжынкі навеялі на мяне мяккацеласць і рахманасць...

Зусім быў раскіс — і не да твару мне гэта!

Сівыя на белым соўгаюцца насупраць сялянскія хаткі.

— А вось і дом айца Дзімітрыя!

Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат, нібы вол ад атары авечак.

Крушынскі зыходзіць з санак. Папоўскі дом стаіць перад ім, як намаляваны на паперы. Дом, адгароджаны высокім частаколам, стаіць трохі воддаль ад вёскі.

Дзве старыя бярозы, як багамолкі, высяцца абапал брамы. Яны прывандравалі сюды здалёк, каб пакланіцца айцу Дзімітрыю ў ногі, каб пацалаваць беражок яго расы, каб паслухаць яго імшу ў царкве. Царква на ўзгорку на другім баку вуліцы насупроць папоўскага дома. Але строгі поп чамусьці крыкнуў на багамолак, і яны спыніліся тут, спалоханыя. Так засталіся чакаць да «страшнага суда», да «сканчэння свету».

Пад лёгкім кілімам снегу і дом, і царква выглядаюць напісанымі акварэллю на цёмна-сінім фоне.

Крушынскі ў самога сябе пытаецца:

— Ці ўдасца мне перамагчы папа?

У гэткай пышнай дэкарацыі перад яго ўяўленнем і постаць папа красуецца ў зусім іншым асвятленні: у арэоле хараства, моцы і ўпэўненасці.

...Ліха яго ведае...

Ён адчыняе вароты, бярэ каня за аброць і павольна вядзе праз браму на дзядзінец.

З глыбіні двара пачуўся брэх сабакі.

Меланхалічны, расцяглы брэх выклікае ў яго настрой да глыбакадумных разважанняў, да ціхай пакоры перад усім на свеце.

...І трэба ведаць — гаўканне папоўскага сабакі мне падабаецца.

Звон ланцуга (сабака навязаны) чуецца разам з стукам дзвярэй. На высокім ганку паказваецца фігура айца Дзімітрыя.

— Добры вечар, бацюшка!

— Вечар добры! Пан Крушынскі?

— Той самы!

— Прашу, прашу! Будзьце ласкавы! Нечаканы госць...

Крушынскі зачыняе вароты. Ідзе за айцом Дзімітрыем у памяшканне.

Айцец Дзімітры — невысокага росту, досыць шырокі ў плячах, але не тоўсты. Рэдкія, рыжаватыя валасы растуць на твары паасобнымі кусткамі, злучанымі між сабою ў адну бараду лёгкім светлаватым пушком. Пад ніжняй губою зусім няма валасоў: бялее чыстае, нібы выпаленае, лапікла. Гэта надае яму маладжавы выгляд. Айцу Дзімітрыю гадоў пад сорак, а здаецца маладзейшым на гадоў дзесяць. Невялікія светла-шэрыя вочы заўсёды ўсміхаюцца. Нібы духоўнік вечна чымсьці ўзрадаваны і не можа стрымаць свайго настрою. Твар гладкі, без ніводнай зморшчыны, але на лобе прарыта адна глыбокая баразна, якая ніколі не зыходзіць і падобна да шрама. Чырвоныя тонкія губы і даўгаваты нос з чулымі рыжаватымі ноздрамі надаюць твару выраз упартасці, зменлівасці, захаванага капрызу. Голас у айца Дзімітрыя мяккі, з ноткамі просьбы і прабачэння. Але гэта бывае тады, калі ён знаходзіцца ў раўнавазе пачуццяў. Калі часам яго выводзяць з цярплівасці, калі злуецца, калі бывае чым-колечы ўзварушаны,— тады голас мяняецца: ад металёва-басавых пераліваў пераскоквае да альтавых выкрыкаў, да жаночага піску. У гэткія хвіліны здаецца, што айцец Дзімітры практыкуецца на розныя галасы, шукае свайго голасу, сваіх манераў — і не знаходзіць. Яны загублены ў пустэчах жыцця і развеяны, нібы пыл пад ветрам.

Айцец Дзімітры быў да рэвалюцыі настаўнікам у вясковай школе. Пасля рэвалюцыі, калі многія з выхаванцаў духоўнай семінарыі кідалі годнасць духоўніка і пайшлі зусім новымі шляхамі, цяперашні поп — былы настаўнік — «здаў экзамен на папа» (так і цяпер сяляне гавораць) , і яго назначылі ў гэту парафію.

Чаму ён так зрабіў — і цяпер ніхто добра не ведае. Адны кажуць, што рэвалюцыя на яго зрабіла такое адмоўнае ўражанне. Другія тлумачаць, што ён проста захацеў мець спакойнае жыццё духоўніка. Трэція гавораць, што ён быў у часы рэвалюцыі белагвардзейскім афіцэрам і, каб захаваць сваё мінулае, апрануў расу і запусціў валасы.

Айцец Дзімітры і Крушынскі расселіся пры стале. Пакой асвятляе невялікая газавая лямпа. (Крушынскі не зняў кажушка.)

— З чым бог нясе? — пытаецца айцец Дзімітры лагодным голасам з адценнем просьбы ў тоне.

— Дзівіцеся, айцец, што католік да праваслаўнага духоўніка прыблукаўся? — пытае ў сваю чаргу Крушынскі.

Вясёлыя вочы папа пранікліва глядзяць на яго, і поп з пакорай і сумам адказвае:

— Евангелле для ўсіх хрысціян аднолькавае. Хрыстос адзін і той самы і для католікаў і для праваслаўных.

— Нудна зрабілася, бацюшка, і я вось прыехаў пагутарыць з вамі. Чалавека жывога няма ў ваколіцы.

— І добра зрабілі, і добра зрабілі, што прыехалі. Я вельмі рады!

Поп кідае падазроныя погляды ў бок госця.

— А дзе матушка?

— Яна спіць пасля абеду. Прастудзілася нешта.

— І добра зрабіла! — ледзь не кажа Крушынскі ў ранейшы тон папа, а замест гэтага гаворыць з пашкадаваннем:

— О-о-о, бедная. Трэба малінай напаіць, і ўсё пройдзе. Як рукой зніме!

Крушынскі здаволены, што «матушка» не прымае ўдзелу ў іхняй гутарцы. Дзяцей няма ў папа — няма лішніх сведак.

— Ну і сняжок. Ну і бела ўсюды. Аж воку люба! — пачынае Крушынскі з пагоды, не ведаючы, з чаго пачынаць.

— Ніякі бялільшчык так не выбеліць, ніякі маляр не памалюе,— дадае айцец Дзімітры.

Ён любіць устаўляць у гутарку слоўцы і пагаворкі з евангелля. Ужывае гэта нават залішне. Нібы хоча такім чынам моцна афарбавацца пад колер духоўніка, каб выглядала, што ён «пастырам божым» ледзь не ад нараджэння.

Крушынскі аглядае пакой. Надзвычайна цёпла. Нават мухі круцяцца і гудуць над сталом. Адна муха буйная, сіняга колеру, садзіцца айцу на ўспацелы нос. Айцец настарожваецца і застывае на месцы. Хітраватая ўсмешка заяскравіла на твары, і ён левай рукой шмаргануў па носе. Муха ўзнялася пад галавою айца і гарэзліва апусцілася на лоб.

— Так, бацюшка,— кажа Крушынскі, нібы вядзе працяг доўгай ранішняй гутаркі.— Хутка нараджэнне Хрыста па-каталіцкаму, а па-праваслаўнаму будзе на два тыдні пазней. Чаму ж гэта для праваслаўных Хрыстос нарадзіўся ў адзін час, а для каталікоў — у другі?

Крушынскі расшпільвае кажушок на ўсе гузікі.

— Каталікі памыляюцца!

— Хто там разбярэ, дзе памылка, але ў сельсавеце лішняя праца: два разы рыхтаваць антырэлігійную прапаганду.

— А вы ім памагаеце, Язэп Сымонавіч, біць нас? Вы памагаеце антыхрыстам? — хвалюецца айцец Дзімітры.

Муха спаўзла з ілба на нос айца.

— Не... Я проста хачу з вамі, бацюшка, абмеркаваць гэту справу. Камунізм мне здаецца, бацюшка, новай рэлігіяй, якая мае з хрысціянствам шмат супольнага.

Крушынскі пачынае пацець.

У айца Дзімітрыя твар палае ад натхнення.

— Хрыстос сказаў: «бо многія прыйдуць пад імем маім, кажучы, што гэта я». Яшчэ ён сказаў: «Надыдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені: усё будзе знішчана». У другім месцы напісана: «Паўстане народ на народ і царства на царства».

Айцец Дзімітры нібы з кнігі чытае.

Муха павандравала па носе і апусцілася на верхнюю пульхную і чырвоную губу айца Дзімітрыя. Айцец паморшчыўся, але махнуў рукой (усё роўна не зловіш).

— Так, шмат агульнага,— кажа Крушынскі.— Напрыклад, Хрыстос бараніў бедных. Тое самае і камуністы робяць.

— Не да іх Хрыстос сказаў: «Я зраблю вас паляўнічымі над людзьмі» — камуністы нашы ворагі.

Муха паскрэблася лапкамі і нібы моцна задумвалася пад словамі айца, седзячы на яго губе.

— Але Хрыстос сказаў таксама: «любі ворагаў сваіх»,— гаворыць Крушынскі ў тон папа, хітра прыжмурыўшы правае вока.

— Адыдзі ад мяне, сатана! Вашы камуністы — фарысеі і кніжнікі! Чаго вам ад мяне трэба, Язэп Сымонавіч?

Вочы папа пры гэтым смяюцца. Ён роблена, па-акторску, сыпле евангелічныя сказы. Ён вывучыў евангельскі стыль на выпадак дыскусіі з вясковымі бязбожнікамі.

— Я хачу вам дабра і толькі дабра, бацюшка. Ведаеце, што духоўнікам з кожным годам робіцца цяжэй жыць. Перастаюць хадзіць у божыя дамы. Народ стаў зусім іншым.

— Рахіль плача аб дзецях сваіх...— мармыча айцец Дзімітры жалабным тонам.

— Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. І вам, бацюшка, жыць трэба. А як усё ў вас забяруць, дык з чаго жыць будзеце?

Крушынскі моцна пацее.

— Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, не жнуць...

— Ну і капаюцца ў конскім гнаі, корму сабе шукаючы.

Крушынскі смяецца пры гэтых словах.

— Навошта вы мне ўсё гэта гаворыце, Язэп Сымонавіч? Чаго вы ад мяне дабіцца хочаце?

Муха ўсадзіла айцу вострае джала ў самую мякаць верхняй губы. Ён злосна ляснуў сабе рукою ў губы. Слёзы пакаціліся з вачэй.

Муха выскаквае цэленькая паміж яго растапыраных пальцаў і ўпарта гудзіць над яго вухам.

— Я хачу толькі аднаго, каб і вам добра жылося... Гэта залежыць ад вас, бацюшка.

— Ад мяне?! Не, ад бога, Госпада нашага, а ад мяне?!

— Ад вас, бацюшка, вядома, і пры божай дапамозе. Ад вашай пакоры...

— І Хрыстос гаварыў аб пакоры. Калі паб’юць цябе ў адну шчаку, падстаў дру...

Муха моцна ўкусіла яго за вуха. Ён ляснуў рукою па вуху і... труп жывёлінкі пакаціўся і завіс у жоўтых хмызнячках яго барады.

— Айцец! Гэта ж вы супроць сваіх святых слоў зрабілі! Чаму ж не падставілі пад укусы мухі другое вуха?

— Я... я... Моцна падла кусаецца...

— Нічога, айцец. Ваш учынак правільны. Другую шчаку падстаўляюць толькі тады, калі моцны б’ець... Перад моцным, айцец, дапамагае толькі пакора. Аб пакоры я прашу вас...

— Усякі просячы атрымае, а шукаючы знаходзіць...

— Калі так, дык вельмі добра будзе! Мы з вамі, бацюшка, добрую справу наладзім. Я казаў, што новая рэлігія надыходзіць. Зерні ва ўсіх рэлігіях адны і тыя самыя. Толькі каласы трохі інакш выглядаюць. Той самы гарох, але струкі інакшыя. Трэба ўмець лушчыць гэтыя новыя струкі, каб знаходзіць стары гарох. Для новай рэлігіі і новыя духоўнікі патрэбны. Старыя не гадзяцца. Вы нядаўна толькі духоўнікам зрабіліся. Вы яшчэ не ўкаранелы поп. Рабіцеся чырвоным папом! Розніца толькі ў расах, а нутро тое самае.

Пот капае з твару Крушынскага на кажушок.

— Юда Іскарыёт!!

Ад хвалявання айцец скубе рэдкую бародку, паднімаецца, ходзіць туды і сюды па пакоі, махае рукамі, ноздры ў яго раздзьмухваюцца. Але ў вачах — ранейшая ўсмешка...

Муха скацілася з барады на жывот айца, а з жывата — на падлогу.

Крушынскі спакойна за ім назірае.

Айцец Дзімітры зноў садзіцца. Пачынае просячым голасам:

— Калі распускаюцца кветкі, ведаеце самі, што лета — блізка. Кветкі вашых слоў, Язэп Сымонавіч, распушчаны. Але якая пагода будзе ад іх — не ведаю. Свайго духоўнага сану не кіну.

— І вельмі разумна зробіце. Яшчэ лепш зробіце, калі новыя ідэі будзеце праводзіць у казаннях з царкоўнага амвону. Тыя самыя ідэі, аб якіх калісьці Хрыстос гаварыў...

Пот ільецца з твару Крушынскага маленькімі ручаінкамі. Ён выглядае як заплаканы.

— Камуністы не веруюць у Хрыста...

— Я ж вам, бацюшка, казаў аб гаросе і струках: гарох — той самы. Нутро тое самае. Толькі струкі інакшыя.

— Вось так і Вэльзавуль Хрыста спакушаў!

— Я зусім не спакушаю, а жыццёвую практыку тлумачу. Камень на хлеб цяпер не пераробіце. Ваду ў віно не перавернеце, бацюшка. Вы застанецеся пры каменнях і вадзе.

Евангелічнае параўнанне робіць уражанне на папа.

— Дык што ж вы ад мяне хочаце?

— Пакоры, хрысціянскай пакоры і пашаны да ўлады. Той моцны, бацюшка, хто не ламаецца, а толькі гнецца...

Крушынскі торгае плячыма. Спіна мокрая ад поту.

— Я шаную ўладу, бо кожная ўлада ад бога. Я пакорлівы, бо так у святым пісьме загадана.

— Трэба яшчэ камень на хлеб перарабляць...

Айцец Дзімітры ўсміхаецца не толькі вачыма, а нават пад абскубанай рэдкай бародкай граюць зморшчынкі смеху.

Крушынскі расказвае, што ў сельсавеце сяляне дамагаліся, каб забраць пад школу дом бацюшкі, але ён адгаварваў.

Да позняй ночы сядзіць Крушынскі ў айца. Яшчэ многімі тэкстамі з евангелля аздабляе поп сваю гутарку.

— Ой, як вы спацелі, Язэп Сымонавіч, зніміце кажушок!

— Не. Трэба ехаць.

Крушынскі выцірае пот рукавом.

Пасля гэтага візіту поп у казаннях часта ўспамінаў камунізм, прыводзіў прыклады з евангелля, з старых часоў хрысціянства.

Скрыні з таварамі Крушынскага часта прывозіліся на сховы да папа.

Так Крушынскі кончыў з антырэлігійнай справай мінулай зімою.

Крушынскі завёў з айцом Дзімітрыем вялікую дружбу. Пра айца распаўсюджваліся чуткі, нібы ён хоча зусім адмовіцца ад духоўнага сану. Крушынскі стараўся рознымі спосабамі зняпраўдзіць гэтыя чуткі. Ён, пэўна, не парадзіў бы айцу Дзімітрыю гэта рабіць, бо ўсё роўна на парафію прыехаў бы іншы поп.

— Айцец Дзімітры ў сане папа вельмі добра працуе на карысць рэвалюцыі,— гаварыў часта ў сельсавеце Крушынскі. Ён павольна і грунтоўна падрыхтоўвае парафіян да бязбожніцтва. Ён скіне з сябе расу толькі тады, калі новы поп, які будзе прысланы сюды рознымі Мэльхісэдэкамі, ужо ніякага ўплыву не патрапіць зрабіць на сялян.



31. МНОГІЯ АБА МНЕ ВЕДАЮЦЬ

[правіць]

На стале ў пакоі Крушынскага ляжыць скрутак газеты «Беларуская вёска» — таго нумару, дзе надрукаваны яго партрэт і артыкульчык аб культурнай гаспадарцы Курганішча. Усяго пяць штук. Апошнія з рэдакцыі забраў. У горадзе, у завірусе розных спраў і хваляванняў, ён не звярнуў увагі на газеты, на хвальбу, якая аб ім надрукавана. Тут — у ціхім Курганішчы, зусім не тое. Ён перачытвае артыкульчык аб сабе многа разоў, кожны раз па чарзе ў іншым нумары. На памяць вывучае, як зграбную песню.

Літары, словы, радкі і кожны абзац паасобку мітусяцца ў яго зрокавай памяці намаляванымі маленькімі атрадамі войска, якое бароніць яго і разносіць аб ім славу далёка-далёка. Ён так удала сфальсаваў газеты, што партрэт з тэкстам да яго знаходзіцца ў цэнтры. Усе пяць газет раскладзены на стале па парадку, паасобку. Пяць яго ўласных партрэтаў пазіраюць сур’ёзна, пранікліва і паважна. Ён пачынае шанаваць самога сябе яшчэ болей, чым заўсёды.

«І партрэты, і хвальба аба мне рассеяны па ўсім краі і па-за межамі краю многа-многа тысяч...

...Шмат народу чытае, уяўляе мяне, як героя — героя працы і культуры. Я служу добрым прыкладам для іншых. Мне зайздросцяць. Мною ганарацца».

Ён уяўляе сабе вялізны дождж газет з яго партрэтам па ўсіх беларускіх вёсках, мястэчках і гарадах. Хто расчыняе газету, бачыць яго — Крушынскага, чытае і думае аб ім...

«Чытаюць звычайныя людзі, чытаюць і камісары...»

Ён чуе шастанне газеты ў тысячах рук, чуе мармытанне людскіх губ. Яны ўсе гавораць аб ім, запамінаюць прозвішча:

«Крушынскі».

«Крушынскі».

«Крушынскі».

Пасля расказваюць тым людзям, якія не чыталі гэтага нумару «Беларускай вёскі».

Ён цяпер знаходзіцца не толькі тут, у Курганішчы, але ў многіх месцах,— ва ўсіх тых хатах, дзе чытаюць «Беларускую вёску», красуецца яго духоўнае аблічча. Яго ведаюць усе, ведаюць з таго добрага боку, з якога ён стараецца паказвацца перад людзьмі.

Яго бачаць. Так пільна і з пашанай глядзяць на яго, ажно нейк нялоўка яму — нялоўка і надзвычайна прыемна ад нялоўкасці. Яму здаецца, што нават хатнія інакш на яго цяпер пазіраюць.

...Трэба цяпер адмовіцца ад усяго іншага і займацца выключна сельскай гаспадаркай. Тады аба мне не толькі ў газетах пісаць будуць, але нават кнігу надрукуюць.

...На тое ж рэвалюцыя! Цяпер многа аб кім пішуць кнігі.

Ён пачынае агітаваць самога сябе:

...Кінь! Язэпка ты (успомніў выраз Зэліка), свае гандлёвыя справы! Кінь! Глядзі, лепш будзе, калі адчэпішся ад гэтай смалы. Тады ўсе бакі твае будуць чыстыя. А то, Язэпка ты, выглядаеш, нібы ў цябе шаўковая вопратка на зрэбнай падкладцы. Кінь, гад, Язэпка ты! Кажу табе, кінь!

Лае самога сябе. Пераходзіць ад настрою да настрою: і за і супроць сваіх цёмных, гандлёвых спраў. Нібы пераскоквае праз высокія парканы, брыдзе па невядомых палях, перасечаных між сабою глыбокімі канавамі і ручаямі. У кожным з гэтых палёў іншы клімат. У адзін і той самы час на адным полі — зіма, на другім — лета; на адным — вясна, на другім — восень. Яму то холадна, то горача.

...Кіну! Раз назаўсёды буду займацца адной чыстай справай — культурнай сельскай гаспадаркай. Курганішча зробіцца цудоўным садам, куды будуць прыязджаць дзівавацца з усіх краін Саюза. Калі ўвесь аддамся гэтай справе, тады не тое будзе, што цяпер. І ўсе страхі згінуць! Раз пакончу з гэтымі паганымі хованкамі! Наркамзем будзе мяне хваліць. Трактар у нагароду прышлюць.

Твар Крушынскага прымае выраз адвагі героя і нявіннасці дзіцяці.

...Але... але многія (праўда, прыяцелі) ведаюць аб маіх сакрэтных учынках, і ўсё роўна плямы не змыеш... Айцец Дзімітры што скажа... Як ні круціся, не змыеш. Галоўнае, трэба асцерагацца шальмяцоў гайдачан...

— Пляма?! — гневаецца Крушынскі на самога сябе,— якая пляма? Дзе? Няўжо ж, Язэпка ты, забыўся, што без грошай нічога ў цябе не выйдзе? Няўжо ж не ведаеш, што нават па-марксісцку эканоміка — усё на свеце? Няўжо ж я буду чакаць, пакуль мне хто дасць дапамогі. Каб кінуў гандаль, дык быў бы невялікім разумнікам і немалым дурнем.

Ён разважае далей:

...Калі набуду шмат грошай, тады мая гаспадарка стане на моцны грунт. Прыемнае заўсёды злучана з непрыемным. І рэвалюцыя, заваёвы яе звязаны з рознымі непрыемнымі ўчынкамі. Я змагаюся за тое, каб добра ў сябе, на паказ іншым, паставіць справу. На гэта патрэбны сродкі. Ну і вось... Каб есці смачнае пахучае сала, трэба калоць парсюка. Каб расло прыгожае збожжа, трэба гнаіць поле. Каб дзяржава была багатая, трэба кожнаму з нас багацець. Каб...

Гэтых «каб» набіраецца многа. Ён часта бывае ў айца Дзімітрыя, вядзе з ім гутаркі. Евангелічны стыль папа пераймае трохі і ён. Не то каб навучыўся евангеллю, але падабаецца манера папа сыпаць параўнаннямі, у вобразнай гутарцы выказваць філасофскія думкі.

...У той самы дзень, калі Крушынскі прыехаў з Мінска, ён забраў з сабою пачку газет з сваім партрэтам і пайшоў у сельсавет.



32. АЛЬКЕРЫК, НАСТАЎНІЦА І ПЯЦЁРКА

[правіць]

У доме Крушынскага быў невялічкі пакойчык, перагароджаны ад спальні тонкімі дошкамі, з адным акном у сад. Галандская кахлёвая печка знаходзілася топкай у спальні Крушынскіх і адваротнай сценкаю ў гэтым пакойчыку. Усе ў хаце называлі пакой алькерыкам.

Ніхто ў пакойчыку не жыў. Тут стаяў вялікі куфар, напакованы бялізнай; на падлозе — пілы, малаткі, швейная машына пані Ганны. На сцяне — дзве паляўнічыя стрэльбы, ягдташ, розная мужчынская і жаночая вопратка. У адным кутку — цэлы стос старых малявідлаў ранейшага ўладара Курганішча, пана Семашкевіча. Некалькі гадоў гэта месца служыла гардэробным пакоем і сховам розных гаспадарчых рэчаў, якія не штодня ўжываюцца.

Часцей за ўсіх у алькерык, які меў асобныя дзверы з кухні, забягалі дзеці Крушынскага. Яны тут забаўляліся, ажыўлялі алькерык шчырым дзіцячым смехам і хаваліся пад вопраткай, што вісела на сцяне, раскладвалі па падлозе старыя панскія малюнкі або сядзелі ў кутку і ціха між сабою шушукаліся. Галоўным чынам яны тут забаўляліся на заход сонца, калі на дварэ гуляць ім ужо не дазвалялася.

Іх цягнула адгароджвацца ад «вялікіх», як ад нейкага варожага класа людзей. «Вялікія», нават бацькі, былі для іх чужым народам, неспрыяючым і непажаданым у кампаніі.

Пад вечар, у сонечныя дні, праз адзінае акно ў алькерык заўсёды зазірала сонца. Яно прарывалася праз галіны дрэў чырвоным золатам і аблівала сцены, падлогу і столь кволымі, ружовымі адсветамі. Хвілін дваццаць сонца гасцявала ў алькерыку. У гэты час пакойчык жыў патаемнай, своеасаблівай радасцю і летуценнем фарбаў. Малінавыя колеры ў розных адценнях і пералівах запаўнялі ўсе куткі і шчылінкі. Усё цвіло, гарэла — нават тварыкі дзяцей. Потым павольна, марудна ўсе рэчы ў алькерыку пачыналі гаснуць, бляднець. Сонечныя водсветы звужаліся і пераходзілі ў адну яркую пурпуравага бляску паласу.

Дзеці станавіліся ў сонечную мяжу алькерыка, абложаную абапал шэрым змрокам. Сонечная палоска была ў дзяцей маленькай цудадзейнай краінай, дзе яны хаваліся ад розных страхаў, у якія шчыра верылі. Страхі яны сваімі вачыма бачылі ў лесе, калі знайшлі скарб...

Залатая сонечная краінка апранала дзяцей у лёгкі мядовага колеру шоўк. Надавала іхнім тварам урачысты выгляд. Яны былі тады загрыміраваны ў казачных хохлікаў, асветленых палаючымі паходнямі.

Дзеці самім сабе здаваліся іншымі істотамі. Змораныя за дзень бегатнёю па дзядзінцы і полі, яны заўсёды адчувалі сябе ў алькерыку стомленымі; прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом, матчынай пяшчотай.

— Настачка, прытулі мяне...— шаптала тады Мзей ледзь чутным галаском.

Мзей клала Настачцы галоўку на калені і зараз жа задрэмвала. Настачка жмурыла вочкі ва ўсе шэра-змрочныя куткі алькерыка. Адусюль глядзелі на яе смешныя фізіяноміі вясковых дзяцей, з якімі днём забаўлялася. Бліскалі вачыма. Высоўвалі языкі. Хутка яны знікалі. Цені пакрывалі лёгкай коўдрай іх твары.

Настачка не баіцца: яна ў сонцы, у цудадзейнай паласе — ружовай, цеплаватай, дрыжучай, у якой пылінкі мітусяцца, нібы срэбныя камарыкі. Настачка, можа, і баялася б надыходзячых змрокаў, калі сонечная паласа пачынала шарэць і стушоўвацца, калі «залатая краінка» гойдалася ў змроках і тварык Мзей бляднеў ад таго, што сонца з яго зыходзіла. Заўсёды ў гэты час нехта абвязваў Настачку тоненькай вяровачкай, абкручваў рукі, ногі. Нехта ткаў па яе твары лёгенькую павуцінку, куды болей тонкую за тую, што Настачка бачыла часам на акне. Настачка хацела вызваліцца з гэтай сеткі, але не магла: рукі і ногі былі моцна звязаны. Хацела крычаць, таксама не магла: рот быў моцна склеены павуцінай. Тады яна пачынала тузгацца, ірвацца і... ляцела, плыла ўгару з Мзей на руках. Яна ўжо не ў алькерыку, а на дзядзінцы. Унізе тата і мама, усе равеснікі — дзеці вясковыя. Крычаць, просяць, моляць:

— Настачка, не ўлятай ад нас...

— Настачка, апусціся на зямлю...

Яна — вышэй і вышэй...

Ноч.

Зоркі перасыпаюцца па небе залатым гарохам.

Настачка ляціць да зорак...

Зоркі блішчаць, мігацяць, завуць...

Цёмная сінь выгінаецца, шалясціць, як шаўковая спадніца.

А знізу раздаюцца галасы:

— Настачка, вярніся...

З кожным разам слабей:

— Настачка...

— Наст...

— На-а...

— Н...

— ...

Так чуваць у высокім небе з нізкай зямлі.

Настачку агортвае жаль па сваіх. Ажно плакаць хочацца.

Пасля гэтага Настачка забываецца. Ніколі яна не ляцела ў паветры, ніколі знізу не крычалі. Ніколі гэта не здаралася.

Святлюткі дзень. Настачка з дзецьмі ў лесе. Туліць Мзей да сябе, а тая шэпча:

— Настачка, баюся...

— Баюся...

— Баюся...

У алькерыку змрок. Даўно знікла «залатая краінка» заходняга сонца, скрозь зямлю правалілася. Даўно ў алькерыку дыміцца змрок. Ледзь прыкметны водсвет лезе злодзеем праз акно. А змрок такі, што каб дзеці не спалі, дык баяліся б, анямелі б ад страху на месцы, не адважыліся б нават выйсці з пакоя. Яны сядзелі б, прытуленыя адно да аднаго, і крычалі б:

— Мама!

— Ма-ма!

— Ма-ма-ма-а-а!!!

Усё галасней і галасней. У гэтым крыку знайшлі б паратунак. Лягчэй стала б. Страх быў бы нават і цікавы. Пасля смяяліся б... Але Настачка і Мзей спяць... Іх зусім на свеце няма, ніколі не было. Бо нават сны спыняюцца, не ткуцца ў маленькіх галоўках каляровай істужкай.

— Дзе ж гэта дзеці прапалі? — пытаецца маці ў хатніх.

Яна добра ведае дзе, але па прывычцы пытаецца. Ёй прыемна лішні раз успомніць аб іх.

— Пэўна, у алькерыку спяць,— адказвае хто-колечы.

Пані Ганна ідзе ў алькерык. Цёмна. Знаходзіць іх заўсёды ў адным месцы — у куточку ля сцяны супроць акна. Чаму заўсёды тут — маці не ведае. Яна не дагадваецца, што якраз тут была гадзіну таму назад «залатая краінка». Тут дзеці знаходзілі сабе прытулак.

Дыханне іх ледзь чутна. Маці не будзіць малых. Па чарзе (раней меншую, а потым большую) выносіць іх з алькерыка, раздзяе, кладзе ў ложак... Пры гэтым дзеці прачынаюцца. Меншая заўсёды трохі (для парадку) плача. Старшая мармыча нязвязныя словы.

Кожны раз маці іх трохі прабірае, што ляглі спаць без вячэры. Гэта такі злаўчынак, аб якім нельга маўчаць...

«Злачынцы» глядзяць на матку заспанымі вочкамі, задзіўленымі тварамі, жмурацца на лямпу. Нібы першы раз з’явіліся на непрыемны, бязлітасны свет, дзе прыдумалі на здзек добрым людзям нейкую вячэру. Дзеці просяць-моляць маму:

— Не трэба вячэраць...

— Спаць...

— Спаць...

— Спа...

Назаўтра аб усім забываюць. Не ведаюць, якім чынам папалі ў ложак, раздзетыя, прыкрытыя, у цяпле... Гэта само сабою робіцца. Дзіўная штука маленькі чалавек: вось ён гуляе, а раптам няма яго. Глядзіш раніцою — апынуўся ў ложку, раздзеты. Сонца так блішчыць праз акно, ажно вочы жмурыш. Нельга глядзець, а глядзець хочацца... А на падаконніку белы кот грэецца... Лапкамі твар выцірае і соладка мурлычыць...

— Калі ў другі раз пойдзеце ў алькерык спаць, заб’ю, насмерць прыб’ю!

Так крычыць маці кожны раз раніцою. Яна моцна злуецца. Такімі крыкамі яна ім напамінае, што трэба і сягоння туды пайсці. Бо, калі няможна, значыць, там вельмі добра...

І гэтае незразумелае слова «алькерык» набывае вялікі сэнс у дзіцячых галоўках. І пад вечар, калі вясковыя дзеці разбягаюцца па хатах, калі Настачка і Мзей застаюцца адзінокімі — іх вабіць ціхі прытул алькерыка. Іх заве «залатая краінка»...


Цяпер у алькерыку жыве настаўніца. Пакойчык мае зусім іншы выгляд. Ложак, стол, пара крэслаў. На акне вазоны. Ад ранейшага нічога не засталося. Усё забралі. Мылі падлогу. Выціралі сцены. Цяпер тут нават іншы пах. Прывабнасць «залатой краінкі» скончылася. Дзецям забаронена сюды бегаць.

Пані Ганна вельмі рада гэтаму, бо дзеці пачалі вячэраць: першая карысць ад настаўніцы. Другая карысць — ад пакоя: ён знаходзіцца побач са спальняй і, такім чынам, настаўніца будзе заўсёды пад кантролем гаспадыні,

Усё ідзе паводле раней намечанай праграмы: выбралі яшчэ трох дзяўчатак з вясковых дзяцей (хлопчыкаў пані Ганна забараніла), якім пашылі лепшую вопратку,— і настаўніца пачала займацца з пяцёркай.

Лейцы выхавання перададзены выключна ў яе рукі. Крушынскія не маюць на гэта часу. Месца для заняткаў — «салон», дзядзінец і поле.

Настаўніца, Стэфка, у вёсцы ніколі не жыла. У першыя дні нават баялася адна пайсці гуляць далей гумна. У гэтым выпадку яе выхаванкі, пяцёрка дзяўчатак, зрабіліся яе выхавальніцамі. Яны паказваюць «цёці» (так дзеці называюць настаўніцу) усе цікавыя куткі на полі, водзяць да рэчкі, у лес. З ёю не баяцца бываць і там, дзе раней знайшлі «скарб». У часе такіх гулянак дзеці шчабечуць:

— А гэта канюшына!

— А гэта авёс!

— А гэта віка!

— А гэта гарох!

— А гэта жыта!

— А гэта што? Прылады для гімнастыкі? — пытаецца «цёця».

— Не-ээ! Гэта азярод...

«Цёця» ніколі вёскі не бачыла ў натуры. Кожны новы куток для яе — цікавая вынаходка. Яна знаёміцца з вакольнай прыродай, нібы з жывымі істотамі, з падругамі. Часам сама пытаецца ў дзяцей аб тым, аб сім.

— Што гэта за ўзгоркі вунь там?

— А гэта курганы.

— Што такое курганы?

— Узгоркі...

Дзеці палюбілі «цёцю», адчувалі ў ёй добрую сяброўку, якая з часам, калі падвучыцца, будзе вельмі карыснай у гульнях. Калі яны больш асвоіліся з настаўніцай, дык часам рабілі ёй заўвагі:

— Цёця нічога не ведае...

«Цёця» чырванела і сапраўды не ведала, што на гэта адказваць.

Пасля такіх заўваг яна перастала задаваць дзецям запытанні такога роду, дзе магло выказвацца яе няведанне. Пачала прыдумваць спосабы навучання і выхавання дзяцей, дзе сама магла быць не ў ролі вучаніцы, а настаўніцы.

— Трэба будзе апрача гульняў вучыць чытаць і пісаць старэйшых дзяўчатак.

Уся ўвага Стэфкі была звернута на Настачку.

— Што ты, Настачка, умееш? — запыталася яна раз у дзяўчынкі.

Настачка са здзіўленнем зірнула на «цёцю».

— Усё ўмею...

— А што? Чытаць, можа, умееш?

— Не... Я ўмею ездзіць на кані. Часта татка садзіць мяне конна. Умею бульбу скрабаць, арфу круціць у таку, пацеркі з рабін на ніткі нанізваць. Усё ўмею: танцаваць, рыбу лавіць з хлопчыкамі, скарбаў шукаць. Усё ўмею!

Шчырая ўпэўненасць чулася ў голасе Настачкі.

— Настачка і спяваць умее! — дадала Мзей.

— Вось гэта добра! Вельмі добра!

Настаўніца ўзрадавалася. Са спеваў трэба было і пачаць.

— Заспявай што-колечы!

Настачка запяяла:

Нашу вёску Курганішча

Можна горадам назваць.

Сорак хат і дзесяць вуліц —

Недзе з мілым пастаяць.

Настачка, як дарослая вясковая дзяўчына, зацягвала дрындушку. Рабіла пры гэтым розныя выкрунтасы. Спявала гуллівым галаском. Паднімала плечыкі, махала ручкамі, быццам во-во пусціцца скакаць, быццам ёй акампануе гармонік.

— Заспявай яшчэ!

Харашо цібе, каліна,—

На цібе шырокай ліст.

Харашо цібе, падружка,—

Цібе любіць камуніст!

Другую дрындушку Настачка спявала на манер першай: працягла, на той самы матыў. Галасок ад пісклівасці пераходзіў да грубаватага сапрана. Відаць, што падраблялася пад дарослых дзяўчат.

— Што яшчэ спяваеш?

Мае глазкі, як каляскі,

Толькі не катаюцца.

Я — дзяўчына нехароша,

А за мной ганяюцца-а-а!

  • * *

Сталі вутачкі купацца,

Пух на возеры пускаць.

Сталі дзеўкі задавацца,

Юбкі шоўкам вышываць.

Першы раз у жыцці чула Стэфка такія песні, нягледзячы на тое, што сама ведала шмат «рамансаў». Яна любіць спяваць. У яе не кепскі голас. Песні Настачкі ёй падабаліся сваёй жвавасцю, гуллівасцю; таксама цікавае было выкананне: як Настачка падраблялася пад «вялікую дзеўку». Яна, Стэфка, сама з прыемнасцю гатова навучыцца так спяваць. Нават зайздросціць дзяўчынцы. Але адчувае, што для дзяцей такія спевы не падыходзяць.

Яна ўжо некалькі дзён шукала патрэбнага тону, як гаварыць з дзецьмі. Толькі нялёгка ўдавалася яго знайсці. Цяжка было знаходзіць тое, чаго да гэтага часу ніколі не шукала і не ведала, як яно павінна выглядаць. Якім тонам ні пробавала гаварыць з дзецьмі — усё не выходзіла: то вельмі па-панібрацку, а то праз меру строга. У першым выпадку дзеці не адчувалі ў ёй аўтарытэту, у апошнім — глядзелі на яе, як на чужую.

Яна перабірала ў памяці тон сваіх настаўнікаў і настаўніц. Часам, будучы адной, нават пробавала практыкавацца ўслых, пакуль не знайшла патрэбнага тону і выгляду твару пры гэтым. Самае лепшае — гэта тон шчырасці, тон старэйшага таварыша да маладзейшага.

Такім чынам, першыя крокі самастойнага жыцця прымушвалі Стэфку задумвацца, назіраць над людзьмі і падзеямі. Да гэтага часу яна ніколі сур’ёзна гэтай справай не займалася.

— Такія песні, Настачка, спяваць табе не трэба!

«Цёця» пагладзіла дзяўчынку па галоўцы і глыбока зірнула ёй у вочы.

— Чаму? У нас усе спяваюць.

— Так спяваюць вялікія, а для маленькіх, як ты, ёсць зусім іншыя песні.

Тут Стэфка зацікавілася даведацца, што Настачка яшчэ ўмее спяваць. Магчыма, што ў яе «рэпертуары» ёсць і для дзяцей добрыя песні. Большую частку ўвагі яна накіравала на Настачку, хаця і дзяўчынкі з вёскі былі такога самага ўзросту і не менш сталыя. Стэфка наогул дзівілася надзвычайнай сталасці і самастойнасці вясковых дзяцей у параўнанні з гарадскімі. Яна часта бачыла ў горадзе, як такіх дзяўчатак маткі трымаюць на каленях і кормяць. Яна зноў папрасіла Настачку:

— Заспявай цяпер новую песню, але не такую, як ранейшыя. Не такую... Ну...

Яна шукала слова, якім можна было зразумела ахарактарызаваць дрындушу.

— ...Не такую вясёлую.

Настачка доўга думала.

— Ага...

Настачка ўсміхнулася, як акторка на сцэне, і прыняла зусім новую позу. Нават выгляд вачэй змяніўся. У іх патух дзіцячы агеньчык смеху. Яна лёгка кашлянула і скоса зірнула па баках. Адна дзяўчынка высунула ў гэты час чырвоны вільготны язычок. Настачка ўскалыхнула плечыкамі і хіхікнула. Засмяялася ўся пяцёрка.

«Цёця» маўчала. На яе твары не было ні прыемнасці, ні нездаволенасці. Яна маўчала і назірала.

Настачка падняла на яе вочы. Засаромелася, пачырванела, змоўкла і апусціла галоўку.

«Цёця» пагладзіла яе па валасах.

Настачка зноў прыняла позу. Вочы яе завалакліся туманам суму. Ручкамі то бралася за вопратку, то папраўляла валасы. Відаць было, што яна не ведае, дзе падзець рукі. Нарэшце апусціла іх уніз. Яны віселі па абодвух баках: тоненькія, загарэлыя. Нават пальчыкі выцягнуліся, як нежывыя. Яна зацягнула новую песню:

Капайце, капайце магілу

У вішнёвым саду.

Схавайце, схавайце міне маладу

І ўзнавайце, каго я верна люблю-у-у...

Песня была жаласлівая, сумная да слёз, падобная мелодыяй да хаўтурных вясковых галошанняў. Прыкра стала «цёці», да таго не па сабе, ажно яна нервова замахала рукамі і сказала:

— Досыць, Настачка... Змоўкні...

Дзяўчынка спыніла песню і з дзівам зірнула на «цёцю».

— Я вас, дзеці, навучу прыгажэйшыя песні спяваць!

— Навучыце! Навучыце!

— Вось будзе добра!

— І ў розныя гульні гуляць будзем! — дадала «цёця».

Дзеці ў вялікім захапленні білі ў ладошкі, выгуквалі крыкі без слоў.

Такім чынам, павольна і асцярожна, каб не страціць аўтарытэт у дзяцей, Стэфка ў іх саміх вучылася, што рабіць і як вучыць іх.

Трэба было запоўніць кожны раз працоўны дзень з дзецьмі, якія ніводнай хвіліны не маглі быць без руху. Кожны дзень пяць пар вясёлых вочак глядзела на «цёцю» з зацікаўленасцю, з запытаннем.

— Што мы будзем сягоння рабіць?

Гульні, песні, маляванне, пачаткі чытання з старэйшымі.

Стэфка была спачатку вельмі захоплена новай працай. Не мела часу прыглядацца да дарослых людзей у Курганішчы. Ёй здавалася, што самая лепшая для яе кампанія — гэта дзеці. З дарослымі яна і не ведала, аб чым гаварыць.

У хмурныя дні яна займалася з малымі ў «салоне», у пагодныя — на полі. Тады да іх далучалася грамада іншых дзяцей, хлопчыкі і дзяўчаткі, з якімі пяцёрка гуляла да прыезду настаўніцы. Цяпер яны былі разлучаны.

«Цёця» на жывых прыкладах паказвала сваім выхаванкам на тое, чаго няможна. Узорам усяго адмоўнага і нядобрага была вольная грамада вясковых дзяцей.

— Вось такіх брыдкіх слоў, як яны гавораць, вам гаварыць няможна!

— Няможна так, як яны, капацца ў пяску і пялёхкацца ў рэчцы!

— Глядзеце, якія яны брудныя. Вам няможна быць такімі!

— Во, як яны б’юцца! Вам гэта забараняецца.

— Няможна так бегаць без толку, як яны!

Кожны раз пры сустрэчы з грамадою вясковых дзяцей «цёця» паказвала ўсё новыя і новыя «няможна». Для выбранай пяцёркі іншыя дзеці служылі жывой лабараторыяй усялякіх «няможна».

Часам «цёця» наўмысля старалася пры гульнях у полі прыбліжацца да грамады самапасных дзяцей, каб паказваць сваім выхаванкам што-колечы новае, чаго «няможна». Жывая кніга педагогікі захапляла яе. З гэтай крыніцы яна чэрпала настаўніцкія веды. Ёй здавалася, што чым больш «няможна» яна пакажа сваёй групцы, тым лепш. Але метад Стэфкі выклікаў зусім непажаданыя вынікі: дзеці падзяліліся на два лагеры. У гэтых лагерах спачатку вытварылася лёгкая ўзаемная няпрыязнь, якая павольна перайшла ў варожасць. Дайшло да таго, што нельга было ўжо блізка падпускаць гэту «вольную» грамаду дзяцей да пяцёркі. Тыя біліся. Кідалі на выбраных дзяўчатак пяском, а часам і каменьчыкамі. Пяцёрка, з свайго боку, пранікнутая свядомасцю аб тым, што «няможна», вельмі добра памятала некалькі дзесяткаў такіх «няможна». Кожнае такое «не» выклікала ў уяўленні іх вельмі прывабныя рэчы. Зажадалася рабіць якраз усё забароненае, да такіх «злаўчынкаў» цягнула...

І вось патрохі пяцёрка пачынала ўжываць гэтае «няможна» якраз адваротна таму, чаму вучыла маладая настаўніца. Мала таго, Стэфка сваімі стараннямі паказваць ім як найбольш «няможна» дала ім вельмі багаты каталаг цікавых учынкаў, аб існаванні якіх пяцёрка раней і не ведала, бо толькі цяпер яны выпукляліся перад дзецьмі, дзякуючы падкрэсліванню настаўніцы.

Паміж Стэфкай і дзецьмі пачалося змаганне, часамі досыць вострае і непрыемнае. Прыходзілася прасіць бацькоў на дапамогу. Дапамога была адна:

— Біць!

Білі дзяцей бацькі, запрапанавалі рабіць тое самае і настаўніцы. Далі ёй на гэта права.

І скончылася ідылія паміж Стэфкай і яе выхаванцамі — тая ідылія, якая захапляла настаўніцу пры першым знаёмстве з дзецьмі.

Бацькі дзяцей гэтага не заўважылі. Яны лічылі ўсё гэта звычайным і нармальным: дзеці не слухаюцца, а іх лупцуюць. Аднак Стэфка адчувала сябе кепска. Не ведала, што рабіць.

На шчасце лякарства было знойдзена яшчэ да падыходу хваробы: яна адвярнула сваю ўвагу ад дзяцей, і настрой яе паправіўся.

Чыстае паветра і добрыя харчы, аб якіх Стэфка дома, у Мінску, і не сніла, зрабіла тое, што яна пачала адчуваць сябе так, як ніколі да гэтага часу. Тут, у Курганішчы, яна як бы ў першы раз заўважыла сябе, прыкмеціла, што існуе...

Твар пачаў акругляцца. Калі раней ружовасць на шчоках была не пастаянная, а выкліканая шыбкім ходам або танцамі (яна любіла танцаваць), то цяпер не зыходзіла з твару. Схаваліся косці, якія дужкамі тырчалі над грудзьмі. Гладкімі сталі шыя і плечы. Сінія жылкі на руках дзесьці зніклі. Пальцы зрабіліся пульхнымі і белымі.

Толькі цяпер Стэфка звярнула ўвагу на дарослых у доме Крушынскага. Усе ў Курганішчы звалі яе «паненкай», адносіліся з павагай і абыходліва.

Калі на яе глядзелі мужчыны, яна адчувала ў іх вачах ласку. Але часта блішчалі ў мужчынскіх вачах такія агеньчыкі, ад якіх Стэфцы жудасна рабілася. І ў гэтай жудасці была захаваная прыемнасць...

Зусім не тое было ў кабечых вачах. Калі кабеты сустракаліся з ёю, Стэфка ў іх вачах бачыла непрыемную халоднасць. Яна заўсёды апускала пры гэтым вочы, як вінаватая. У вачах кабет блішчала зайздрасць да яе маладосці і хараства.

Калі Стэфка пачала зварочваць увагу на сябе, справа выхавання дзяцей адышла набок і мала яе непакоіла.



33. «ДАЙТЕ МНЕ ЗА РУБ С ПОЛТИНОЙ...»

[правіць]

Болей за ўсіх гарачымі вачыма глядзеў на Стэфку сам гаспадар Курганішча. Стэфка заўважыла, што ён інакш на яе глядзіць пры людзях і не так, калі нікога няма. Пры людзях вочы ў яго халодныя, звычайныя, часам і не гляне на яе; а калі адзін — зусім іншае. Тады ў яго такія вочы, як у той час, калі яны ехалі з Мінска. Усю дарогу карміў яе шакаладкамі. Шакаладкі так урэзаліся ў яе памяць, што кожны раз яна адчувае іх смак, як толькі Крушынскі на яе зірне.

Каб яна невідзімкай апынулася ў Курганішчы на некалькі месяцаў раней і прыглядалася б да тутэйшых парадкаў, вывучала б хатні быт, выведала б усе драбніцы жыцця і суадносін сям’і Крушынскіх між сабой,— дык цяпер заўважыла б тут вялікія змены. А яна думала, што так, як пры ёй, было заўсёды.

Змены былі. Спрактыкаванае вока магло б гэта заўважыць. З хатніх рэчаў, з мэблі, часцей, чым раней, сціраўся пыл («каб гарадская паненка не скрытыкавала»). Людзі таксама стараліся вясковы пыл з сябе сцерці: інакш трымаліся, інакш гаварылі, па-новаму адносіліся да працы ў хаце.

Жонка Крушынскага, пані Ганна, пачала нават лепш адзявацца ў буднія дні, каб хоць гэтым мець перавагу над настаўніцай. Яна саромелася ў прысутнасці настаўніцы крычаць на хатніх працаўніц. Пры ядзе, калі вакол стала бывала ўся сям'я, гаспадыня сядзела моўчкі або гаварыла шэптам, адрывістымі сказамі. Нібы на кагосьці злавалася.

Часта, непрыкметна для іншых, гаспадыня паднімала падазроныя вочы то на мужа, то на маладую настаўніцу. Яна шукала між імі хоць тоненькую нітку інтымнасці, сакрэту, прыязні. Расшыфроўвала кожную ўсмешку. У словах настаўніцы шукала захаванага, іншага зместу. Напружанасць адчувалася нават у яе руках, жэстах, хадзьбе. Яна ўвесь час знаходзілася на варце. Калі нікога не бывала ў пакоі, яна варожымі вачыма калола дзверы алькерыка, дзе жыла настаўніца. Нічога пры гэтым не думала, толькі адчувала сябе так, нібы стаіць голымі пятамі на гарачых вуголлях.

Настаўніца любіла спяваць. Калі часам з яе пакоя чуліся спевы, пані Ганна пільна прыслухоўвалася, лавіла малейшыя пералівы мелодыі. Моршчылася ад непрыемнага адчування. Песня трывожыла, упівалася ў яе клейкай п’яўкай. Гаспадыня ўваходзіла ў роспач, калі настаўніца спявала «рамансы».

Сцяўшы зубы, пані Ганна старалася знаходзіць тое, чаго ўвесь час, пасля прыезду настаўніцы, шукала. Яна хацела ўпэўніцца, што паміж мужам і настаўніцай існуюць блізкія адносіны. Каб магла ў гэтым упэўніцца, дык аж палягчэла б на сэрцы, адпала б вастрата сумнення.

«Я ведала б тады, што рабіць».

З гэтай мэтай яна часта перад мужам хваліла настаўніцу:

— Старанна з дзецьмі займаецца. Прыгожая, разумная, далікатная, хораша спявае.

Паводле яе пахвальбы выходзіла, што лепшай за Стэфку на свеце няма. Крушынскі моршчыўся. Вочы яго глядзелі абыякава, і ён часта бурчэў у адказ:

— Хвалі — перахваліш.

— Не лезь у вочы рознымі глупствамі.

— Часу няма слухаць.

— Многа такіх ёсць.

Пані Ганна збірала, нібы грыбы ў кашолку, заўвагі мужа, запамятавала інтанацыю яго голасу і выраз твару. Пасля, у адзіноце, старалася ў гэтым звычайным пяску слоў знаходзіць залатыя макавінкі: захаванае пачуццё мужа да настаўніцы.

«Нічога не знаходжу. Нічога...»

Пані Ганна хрусцела пальцамі ад непакою.

«Ён тоіцца, хаваецца. Наўмысне так гаворыць. Ён любіць Стэфку...»

Пры такіх думках гаспадыня радавалася, што знайшла захаваны ключ ад захаваных пачуццяў мужа.

«А можа, я так сабе падазраю? Я ж нічога пэўнага не заўважыла... Няўжо яму палезе ў галаву рознае глупства? Ён жа вечна заняты, працуе на гаспадарцы або кудысь ходзіць з Рахмількай. Ат! Дурная я, дый толькі...»

Такому вываду яна вельмі рада. Чула адносіцца да мужа. Глядзіць на яго некалькі часу добрымі вачыма і лае сама сябе за дурны розум...

Але варта ёй заўважыць, што Язэп болей старанна, чым звычайна, мыецца раніцой, надзяе новы пінжак альбо блішчыць весела вачыма, як зноў упадае ў туманісты круг сумнення і падазронасці.

Крушынскаму і не трэба хавацца ад жонкі. Стэфка яму зусім не падабаецца. Ён часта (у адсутнасці жонкі) прыглядаецца да яе.

«Дзеўчанё, тоненькая, малая. Зусім не ў маім гусце. Вось каб рослая, поўная, круглая...»

Яго расчуляе толькі яе гладкая, белая шыйка з кволенькімі завіткамі валаскоў, як у дзіцяці...

«У хаце ўсё ж весялей цяпер: маладое, жывенькае, рухавенькае...»

Крушынскі і не думае, што будзе захоплены маладою дзяўчынаю.

«Ці не старэць пачынаю? У мяне да Стэфкі проста бацькаўскія пачуцці. Трэба будзе даць ёй шэрсць на сукенку. А жонцы сказаць, што яна гэта ў Мінску купіла. Не выпадае перад жонкай... Падумае чорт ведае што...»

Ён зусім упэўнены:

«Так... бацькаўскія пачуцці. Карміў яе цукеркамі ў дарозе, як малое дзіцянё. Яна шчабятала ўсю дарогу. Я нават туліў яе да сябе, як сваю Настачку...»

Гэта яму прыемна: адносіцца як бацька да маладзенькай дзяўчынкі. Але па сэрцы разліваецца сум.

«Значыць, я ўжо старэю, расту ўніз... У мяне бадай такая, як Стэфка, дачка магла быць, каб раней на некалькі год жаніўся».

Раптам злосна круціць галавою:

«Дурныя думкі лезуць у галаву. Я і не стары. Глупства ўсё гэта! Давайце мне іншую дзяўчыну, у маім гусце,— а то доўга валаводзіцца няма калі. Шмат працы ў мяне».

Міжволі пры гэтых думках у памяць Крушынскага ўсплывае песня мінская, дарэвалюцыйная, кафэшантанная:

Дайте мне за руб с полтиной

Женщину с огнём, женщину с огнём!

Ён пачынае мармытаць гэту песню. Яна надае гуллівасць, бадзёрасць. Апошнія словы «женщину с огнём!» паўтарае многа разоў. Пераходзіць паволі ад высокага голасу да ледзь прыкметнага шэпту. Нібы кажа замову, робіць сабе амаладжэнне праз «женщину с огнём».

— Якое там «старэю»!

Кравец Мотка пашыў шлюбны гарнітур для парабка Крушынскага — Рыгора.

— Фрэнч і «філігэй» (галіфэ) пашыты як для манарха.

Так Мотка кажа аб сваёй рабоце.

Кравец Мотка вядомы «манархіст» у ваколіцы. Ён і не ведае значэння слова «манарх». Але паводле Моткі, чалавек, які носіць імя «манарх» — самы разумны, самы добры, самы элегантны.

Мотка трэфнога не есць. Звычайна калі ён працуе ў сялян па вёсках, дык там і корміцца: есць печаную бульбу з малаком. Калі гаспадар жартам у яго запытае «ці смачна?», Мотка адказвае: «Вельмі смачна — і манарх еў бы!» Усю вопратку, якую ён шые, «манарх мог бы насіць». Калі хто Мотку падабаецца, ён гаворыць: «разумны, як манарх», «прыгожы, як манарх», «добры, як манарх». У суботу Мотка не працуе: «у шабэс і манарх не працуе!»

Крушынскі, пачуўшы такія выразы краўца, назваў яго «манархістам», напалохаў:

— Цябе, Мотка, за гэта могуць арыштаваць, як контррэвалюцыянера...

— Могуць. Калі бог захоча, дык і венік выстраліць, але за што?

— За манарха...

— Я ж не манарх!

— Але ты манархіст! гэта яшчэ горш...

— А што такое «манарх»? — пытаецца Мотка трохі спалоханы.

— Манарх — гэта цар!

— Ну?! — дзівіцца Мотка.— Няўжо той, хто пагромы рабіў?

— Так, так. Вось сам бачыш, якую контррэвалюцыю разводзіш!

Мотка шчыра канфузіцца, непакоіцца.

Але без «манарха» Мотка абыходзіцца не можа... Кожны раз ад яго гутаркі аддае «манархізмам».

Жаніх Рыгор, «манарх» у галіфэ, вельмі здаволены. Фрэнч без кішэняў яго трохі непакоіць, але ж Мотка сам казаў, што кішэні — гарадское балаўство, што ад іх толькі вопратка рвецца. Затое ж «філігэй» здаецца Рыгору ідэалам хараства. Дзве вялізныя торбы вышэй калень, а ніжэй тоненька, аж лыткі выпукляюцца. Ён часта бачыў такія штаны ў вайсковых. Зайздросціў ім. Цяпер больш радуецца свайму элеганцкаму касцюму, чым жаніцьбе.

Вяселле было наладжана ў нядзелю ў Курганішчы. Сам Крушынскі заняўся гэтай справай. Усё рабілася па яго камандзе.

— У нядзелю вяселле гуляць, дык не прападае працоўны дзень. Потым к жніву будзе яшчэ адна жнейка. Само вяселле таксама што-небудзь ды значыць, бо яно «чырвонае» — без царкоўнага шлюбу.

Крушынскі на колькі дзён раней гаварыў аб гэтым з айцом Дзімітрыем. Прасіў айца, каб не ўмешваўся ў гэту справу. Нават даў яму некалькі рублёў «за шлюб», каб матэрыяльна не пацярпеў ад чырвонага вяселля.

Пасля славы за культурную гаспадарку, пасля таго, як пры вялікай грамадзе ў сельсавеце чыталі голасна аб ім артыкул, надрукаваны ў «Беларускай вёсцы», і людзі паднялі Крушынскага на «ўра», называючы «гордасцю» сельсавета»,— «чырвонае вяселле» парабка было далейшым трыумфальным ходам «рэвалюцыйнай» дзейнасці і «культурнай» працы Крушынскага.

— Я ледзь угаварыў цёмнага вясковага чалавека жаніцца па-новаму,— хваліўся Крушынскі.— Хлопец упіраўся, артачыўся.

Многа Драздоў і Дзятлаў на Рыгоравым вяселлі. Прасторны дзядзінец у Курганішчы бітком набіты людзьмі. Сталы расстаўлены на дварэ. На іх шмат самагону. З суседняй вёскі запрасілі гарманіста. Пад сонцам на гладкім дзядзінцы рыхтуюцца да танцаў.

— Я не шкадую пакояў,— тлумачыць Крушынскі,— але на дварэ вальней, прастарней.

Ніколі да гэтага часу Курганішча не бачыла такой гульні. Разам з вясковымі было ўсё «начальства» сельсавета. Гаварыліся рэвалюцыйныя прамовы аб новым быце, аб новым жыцці, аб гераічным учынку «таварыша жаніха» і «таварышкі нявесты», якія ўвайшлі ва ўзаемную сувязь праз «чырвоную браму рэвалюцыі» без дапамогі папа і царквы.

«Таварыш поп» таксама быў запрошаны на чырвонае вяселле, але ён адмовіўся, казаў, што галава баліць. Доўга ўгаворваў яго Крушынскі:

— Гэтым, айцец Дзімітры, дапаможаце рэвалюцыі, павялічыце яе перамогі і славу.

— Ну, калі так, дык прышлеце мне што-колечы чырвонавясельнага сюды...

Крушынскі паслаў яму пару бутэлек віна.

А вясковыя кабеты — Драздзіхі і Дзятліхі — спяваюць на «чырвоным вяселлі» вясельныя песні на стары лад. У песнях «таварыш жаніх» і «таварышка нявеста» робяцца «каралём» і «каралевай», «месяцам» і «сонцам», «селезнем» і «качкай», «пеўнікам» і «куркай», «дубам» і «калінай».

Гарманіст — вельмі важная персона на вяселлі. Да яго прыслухоўваюцца ўсе хлопцы і дзяўчаты. Нават сталейшыя мужчыны і кабеты ловяць адным вухам гукі гармоніка.

Гармонік — то распускаецца, як вахляр, то сціскаецца ў адно, а то, абамлелы, разгінаецца паўкругам. Па клавішах скачуць пальцы гарманіста, перабіраюць адны тоны, другія, вяртаюцца назад, жанглююць, дрыжаць, мітусяцца.

Гарманіст як бы ніякага ўдзелу ў гульні не прымае, хоць ад яго залежыць уся гульня. Яму толькі час ад часу падносяць чарку гарэлкі. Ён адным махам з сур’ёзным выглядам выпівае, не закусвае, адкідае адной рукой сваю чорную чупрыну, якая лезе ў вочы, і зноў пачынае іграць. Ён не звяртае ўвагі на тое, што робіцца вакол. Апускае галаву ўніз, напалову схіляецца над гармонікам, нібы прыслухоўваецца да сваёй ігры, або зусім апусціць галаву, схавае твар за шырокімі мяхамі гармоніка і грае... Грае пакуль што так сабе,— рэпеціруецца: прабуе свае сілы. Ніхто яшчэ не танцуе.

Прабуюць госці танцаваць па мяккім, пакрытым стоптанай травою, зялёным дзядзінцы, і нічога не выходзіць: не чуваць такту, выстуквання абцасамі. Прападае ўвесь форс танцораў.

Без «адбівання такту» нагамі і гарманісту цяжка іграць. Ён пацее, збіваецца з ладу, тупае нагамі і адчувае сябе кепска. Выстукванне нагамі аб цвёрдую падлогу на вечарынках звычайна дапамагае яго музыцы, як пісцу добрае чарніла.

Хлопцы дадумаліся:

— Памост з дошак зробім. Пад паветкай ляжаць новыя дошкі!

Закіпела «будаўнічая» праца: панацягвалі дошак, пакацілі сюды некалькі бярвенняў і на роўным месцы дзядзінца палажылі памост.

Вось тут і пачаліся праўдзівыя танцы — з прыскокамі, з выгінаннямі, з прыступамі і іншымі аздобамі. Памост нібы зроблены для сцэны ў аматарскім тэатры. Новы, белы, як снег, і гулкі, як барабан.

Аб жаніху і нявесце забылі. Старыя займаюцца выпіўкай, маладыя — танцамі. Старыя сядзяць пры сталах. З аднаго боку — Дразды на чале з Сухарукім. З другога боку — Дзятлы пад камандаю свайго роданачальніка Галавы. Блішчаць на сонцы лысіны, кудлацяцца пад пальцамі валасы, гучыць, пераліваецца гутарка — вясёлая, бадзёрая. Сягоння Дразды з Дзятламі не сварацца або хочуць не сварыцца. Сухарукі стрымлівае сваіх, Галава — сваіх. У Курганішчы не дазваляецца ўзбуджаць і паказваць узаемную варожасць: Крушынскага шануюць. Іхняя няпрыязнь прымае сягоння зусім іншыя формы, прыстойныя, рыцарскія:

— Хто каго перап’е — ці Дразды Дзятлаў, ці Дзятлы Драздоў?

Такі міжплямённы паядынак наладжваецца сам сабою, без лішніх слоў, без аніякіх слоў. Кожнае племя толькі думае:

— Хто каго перап’е?

І секунданты тут не патрэбны. Хто раней зваліцца з ног ад выпіўкі — той лічыцца пераможаным. Хто застаецца пры стале — таму пашана.

Але і ў гэтым ёсць блытаніна. Некаторыя тлумачаць якраз наадварот: хто раней зваліцца пад стол ад самагону — таму гонар.

Звіняць чаркі, пераліваюцца на сонцы ў розныя колеры. Булькае гарэлка з чаркі ў горла і налівае ў жылы Драздоў і Дзятлаў агонь і бадзёрасць. Яны цалуюцца, абдымаюцца. Некаторыя плачуць ад вялікай чуласці. Іншыя рагочуць.

— І за што мы вечна сварымся між сабою? — пытаюць Дразды ў Дзятлаў.

— Праўда, завошта?— у адказ пытаюцца Дзятлы ў Драздоў.

— Вы — Дзятлы ў гэтым вінаваты!

— Вы — Дразды!

— Дзятлы!

— Дразды!

— Дзятлюгі!

— Драздзюгі!

Яны нічога не маюць супроць таго, каб кулакамі вытлумачыць — хто вінаваты ў вечных плямённых непаразуменнях. Толькі ў гэты час (час вышэйшага імпэту) абодва плямёны пераможаны ці абодва перамагаюць: рукі ў іх слабеюць, вочы асалавелыя. Людзі адчуваюць сябе вельмі стомленымі. Сонца двоіцца і троіцца ў іх вачах. Нават чарка ў руках двоіцца і троіцца.

Дразды і Дзятлы ўперамешку без разбору соўгаюцца пад стол.

Яны сняць дзіўныя сны згоды і супакою.

Сухарукі і Галава застаюцца пры стале. Сухарукі ніколі гарэлкі не п’е, колькі б ні сядзеў пры выпіўцы. Галаву ніколі гарэлка не бярэ, колькі б ні піў.

У гэты час маладыя танцуюць на памосце з новых дошак. Многа пар кружыцца ў польцы. Пот ільецца ў іх з твараў.

Пакончыўшы з сваімі плямёнамі, Галава і Сухарукі глядзяць на танцораў. Глядзяць доўга, смакуюць. Галава міргае да Сухарукага, Сухарукі — да Галавы.

— Чаму ж бы і нам не паскакаць?

— Я гатоў!

Правадыры Драздоў і Дзятлаў паднімаюцца з месца і накіроўваюцца парачкай (адзін нізкі, другі высокі) да белай дашчанай сцэны. Узбіраюцца на памост. Маладыя танцоры з рогатам (хлопцы) і хіхатам (дзяўчаты) разбягаюцца.

Гарманіст іграе цяпер толькі для Галавы і Сухарукага. Спецыяльна для іх смаліць «Казачка».

Танцуюць Галава і Сухарукі. Кароткі выступае супроць доўгага. Доўгі дае адпор. То дробна перабіраюць нагамі, то робяць плаўныя паўкругі. Упрысядкі скачуць адзін супроць аднаго. Адзін абыходзіць другога бокам і вядзе далей свой танец вакол яго, смешна прыцмоквае губамі. Галава пляскае ў далоні і паднімаецца на цыпачках да Сухарукага. Сухарукі трымае здаровую руку над сваёй галавою, нібы кіруе цэлай арміяй.

Здалёк стаяць Крушынскія з настаўніцай. Смяюцца разам з усімі.

— Чаму вы, Стэфка, не танцуеце? — звярнуўся Крушынскі да настаўніцы.

— Я? Гэтых танцаў не люблю. А танцаваць умею!

— Ідзіце, патанцуйце! — просіць Стэфку і пані Ганна. Яна пры гэтым крытычна аглядае настаўніцу з галавы да ног.

Стэфка чуе няпрыязнь у голасе гаспадыні, неспагаднасць да сябе. З такой неспагаднасцю пані Ганна сустрэла яе з першага дня прыезду. Яна б у той жа дзень паехала назад у Мінск, каб не адчувала да сябе ветласць з боку гаспадара. З кожным днём расла ў Стэфкі злосць да гаспадыні.

— Вось наўмысне пайду танцаваць «Казачка»!

Хуткімі крокамі Стэфка ідзе да памосту. Ніхто нават не заўважае. Толькі тады агледзеліся, як пачала танцаваць.

Галава і Сухарукі спынілі свой танец. Саскочылі з канфузам з памосту і разам з усімі з дзівам давай глядзець на танец «паненкі».

Спачатку яна перабірае нагамі дробненька, нібы гарох рассыпае па белых дошках. Потым павольна пачынае плысці па памосце. Робіць шырокія кругі. Пры гэтым здаецца, што ногі яе зусім не кранаюцца падлогі, а яна проста ў паветры носіцца. Белая кароткая спадніца паднімае яе, нібы крылы матылька. Тэмп танцаў робіцца шыбчэйшым з кожным новым кругам. Нават прымітыўная музыка як бы апрыгожваецца. Здаецца, што кругі, якія робіць танцорка, мігацяцца ў вачах і застаюцца намаляванымі над белым памостам. З вачэй Стэфкі не зыходзяць бляск і стомная, вясёлая ўсмешка. Твар з кожным разам усё болей ружавее. Шчокі гараць. Тонкія губкі во-во зашэпчуць вабнае слова, паклічуць усіх на танец.

Ці танцорка на ўсіх глядзіць з прызывам-клічам?

Ці толькі на Крушынскага паглядае?

А можа, на нікога не глядзіць. А Крушынскаму толькі здаецца, што глядзіць на яго і нават падміргвае?

— Ну і скакуха! — чуе Крушынскі за плячыма зайздросны шэпт жонкі.

— Віхор носіць яе! — кажа шчыра здзіўлены Сухарукі.

— Чэрці ў яе нагах сядзяць! — цмокае губамі Галава.

Усе маўчаць. Усе лезуць бліжэй да памосту. Вяскоўцы ў нямым захапленні абкружаюць памост. Жывы вянок людскіх вачэй сочыць за танцам Стэфкі, за кожным яе рухам, за ўзорамі, якія яна тчэ па белых дошках. Не ведаюць, на што болей зварочваць увагу — ці па фокусы ног, ці на рукі, якімі яна робіць плаўныя, зграбныя рухі і жэсты, ці на выраз твару і вачэй.

Так людзі дзіваваліся б на сямікаляровую вясёлку, якая апусцілася б на белыя дошкі памосту і пачала б тут пераміргвацца з людзьмі.

Крушынскі ловіць вачыма ўсё, мерыць кожную частку яе цела сваёй уласнай меркай. Глядзіць як на скарб, ім адным знойдзены, які яму аднаму належыць.

«І якая яна прыгожая... якая дзіўная, надзвычайная...»

Думкі ў Крушынскага мігацяць, як іскры. Адна думка затапляе бляскам другую. У сэрцы расце надзвычайны сум — палючы, радасны, невядомы. І тое, што па дарозе з Мінска частаваў Стэфку цукеркамі, расчульвае яго, павышае ў сваіх уласных вачах. Ён ганарыцца гэтым. Яму прыемна, што некалькі сот вачэй глядзіць цяпер на «яго» Стэфку з захапленнем. Яе слава — яго слава. Сэрца гарыць, не знаходзіць месца. У памяць лезе песня, ледзь не зрываецца з яго губ:


Дайте мне за руб с полтиной

Женщину с огнём!

Женщину с ог...

Женщину с ...

Женщ...

— Чаго ў цябе так вочы асалавелі? Чаго мармычаш? — злосна шэпча яму ў вуха пані Ганна і худымі халоднымі пальцамі сціскае яго руку.

— Кінь, дай глядзець!

Твар гарманіста пакрыўся потам. Спачатку яму прыемна іграць пад тэмп скокаў «паненкі», але з кожным разам яму робіцца цяжэй. Пальцы хадуном ходзяць, круцяцца, выкручваюцца. Гармонік млее на яго каленях. Апошні крык гармоніка хрыпла булькае басавым водгуллем, выдае слабы стогн, і расцягнутыя мяхі гармоніка нямеюць, прызнаюць сваю слабасць.

І Стэфка спыняе танец на самым цікавым месцы. Правай рукой папраўляе растрапаныя валасы і з пашкадаваннем глядзіць у бок гарманіста.

— Не магу болей! Змарыўся!

Голас гарманіста сарамлівы, вінаваты. Па яго твары льецца пот.

— Эх ты! Музыка! — крычыць з дакорам Галава.

— Іграй! Іграй! Ліха матары тваёй! — лаецца Сухарукі.



34. ПАДЛАСАЯ ДРУГАЯ І ЗНАХОДКА

[правіць]

Знаходка.

Такую мянушку далі суседзі старому Цыпруку за знаходку кантрабанды на дарозе. У хаце садом. Трэба прадаць карову на штраф. Цыпручыха часта мерылася кулакамі на мужа. Некалькі дзён яе крыкі, лаянкі і плач чуваць былі па ўсёй вёсцы.

Рабфакавец Мікола, малодшы сын Цыпрука, хадзіў пануры і маўклівы. Ён толькі раз звярнуўся з дакорам да бацькі.

— Мала таго што трэба прадаць карову на штраф, дык цяпер паганае імя кантрабандыста будзе пляміць нашу хату. Гэта можа і мне нашкодзіць.

Стары маўчаў, апусціў галаву.

Першы раз у жыцці ён перад сям’ёю такі вінаваты.

— І за што? Я ж нікому кепскага не рабіў... Няўжо ж я павінен быў такое дабро пакінуць на дарозе, ці што?

Наконт плямы і ганьбы для хаты, аб чым яму гаварыў сын, ён не думае: гэта для яго пустая развага, якая розуму і сэрцу мала гаворыць. Ён толькі карову шкадуе.

Сам пехатой павёў у Мінск.

Карове дзесяць гадоў, выгадавалася ад Падласай. Такія ж белыя латачкі ў яе на чорным ілбе, як у яе маці. Такія ж мутнаватыя, задумёныя, сумныя вочы. Ён добра памятае, як Падласая Першая вельмі непакоілася вясной, рыкала. Ён тады завёў яе да Антонавага бугая.

Слаўны быў бугай! Прыгожы, з буйнымі рагамі, рослы, і нейкая царская веліч была ў яго постаці. Усіх кароў ваколіцы злучалі з ім.

Антон фанабэрыўся. Яго кожны раз гарэлкай паілі за такі гонар. І Цыпрук тады бутэльку самагону за пазухай нёс. З Антонам пілі. Як на хрэсьбінах гулялі.

Падласая Першая ацялілася на каляды. Жонка апоўначы прынесла ў хату маленькую цялушачку, мокранькую, кволенькую, дрыжачую ад холаду. Жонка грэла цялушку каля печы, як малое дзіцё...

І памятае Цыпрук.

У зімовыя месяцы, у лютыя марозы цялушка гадавалася ў хаце. Зрабілі ёй загародку ў кутку. А ўвясну, калі сонца добра прыгрэла, калі выган зазелянеўся, цялушку выпусцілі на волю. Яна нюхала паветра, жмурыла вочы на сонца, мэкнула пару разоў і спалохалася. На адным месцы стаяла, нібы ўрасла нагамі ў вільготныя дзёрны выгану. Першы раз сонца пабачыла...

Так стаяла некалькі хвілін.

Потым непрытомная радасць заблішчэла ў яе выпучаных вялікіх вачах: закруціла хвастом, прыгнулася мордай да зямлі і пару разоў лізанула языком маладую траўку. Замэкала ў другі раз непрытомна і трывожна, скокнула на месцы, як спружына, усімі чатырма нагамі. У паветры дугу зрабіла. Кружылася на адным месцы, як скакуха на вечарынцы. Пусцілася на выгане бягом, нібы воўк за ёй гоніцца; пабрыквала, вырабляла розныя круць-верці — і не ведала, дзе дзецца ад шчырай радасці.

Цыпрук памятае. Ён глядзеў тады на цялушку і цешыўся ад усяго сэрца...

Вырасла Падласая Другая — у матку ўдалася, цюцелька ў цюцельку. А як Падласую Першую трэба было зарэзаць, калі нагу выкруціла на балоце, ён знайшоў уцеху ў тым, што Падласая Другая была ўжо рослая. Ён і дачушку Падласай Першай завёў да Антона, у якога тады быў другі бугай (таксама добрага заводу). І ў гэты раз з гарэлкай: пустых рук не любіць Цыпрук — «не шанцуе».

Такі пераход ад Падласай Першай да Падласай Другой відавочна тлумачыў Цыпруку строгі і акуратны ход жыцця. Як бы нехта невідочны паказваў яму добрай, літасцівай рукою на генеалогію Падласых. І той невідочны гаварыў нячутна вушам, але чутна ўсяму нутру Цыпрука:

— Вось табе ўцеха ў жыцці. У гэтым і адвечнасць на зямлі. Падласая Другая з’яўляецца працягам Падласай Першай, як і твае дзеці будуць працягам твайго ўласнага існавання. Ты бессмяротны, і ўсе жывыя істоты не прападаюць у хвалях сусвету.

Не такімі словамі гаварыў Цыпруку гэтыя думкі той «невідочны», але сэнс такі быў.

Падласая Другая даравала Цыпруку на кожныя каляды «сынка».

Так Цыпрук называў бычкоў Падласай Другой.

Вельмі чуліла Цыпрука, што Падласая Другая кожны раз целіцца ў святыя дні «ражства». У гэтым ён бачыў «божы знак», глядзеў на Падласую Другую набожнымі вачыма. Але вельмі шкадаваў, што ў яго не застанецца ад Падласай Другой наследніцы — Падласай Трэцяй. Праўда, ад бычкоў, калі яны вырастаюць у бугаі, таксама ідзе працяг роду, толькі тут генеалогія такая заблытаная, што Цыпрук відавочна не можа мець у сваім хлеве сімвал вечнага быцця. Працяг роду павінен быць ад маткі. Магчыма, і ў гэтым была для Цыпрука дзеля чагосьці новая адзнака ад «невідочнага».

Ён часта прыглядаўся да Падласай Другой, вывучаў добра яе норавы: яна была спакойная, не пераборлівая ў ядзе, не ішла ў шкоду і, наогул, мела шмат добрых якасцей у сваёй натуры, якія можна было параўнаць да вельмі добрага чалавека, якіх Цыпрук у жыцці мала бачыў.

І што болеў за ўсё яго дзівіла — гэта вочы каровы: рахманыя, добрыя і такія разумныя, ажно часам, калі яна доўга пазірала на Цыпрука, яму здавалася, што во зараз загаворыць... Часам у халодную зіму, калі пад вясну з кормам прыходзілася кепска і скаціна галадала — у вачах Падласай Другой блішчэлі слёзы...

Цыпрук гэта многа разоў бачыў.

А бывала, Цыпрук ідзе ўвосень за гумно, дзе Падласая Другая пасвіцца, дык яна ціха рыкне да яго. Гэта Цыпрука вельмі цешыла і разлівала па яго старых грудзях цеплату...

Калі вёў Падласую Другую на продаж у Мінск, не мог у вочы ёй глядзець: вялікі злаўчынак. Толькі адзін раз у вочы ёй зірнуў.

Яны былі, як заўсёды, рахманыя і спакойныя. Але яму здавалася, што не такія. Ён бачыў у іх тое, што хацеў бачыць,— адлюстраванне свайго ўласнага настрою.

Яму здавалася, што яе вочы падобны да вачэй «таго» («не раўнуючы» — падумаў пры гэтым Цыпрук), да вачэй «таго», які вісіць на крыжы, на «святым абразе». Да Падласай Другой яшчэ большая жаласлівасць была. «Той» («не раўнуючы» — падумаў Цыпрук у другі раз) — папяровы, а «гэта» — жывая...

На Траецкай гары, у вялікім людскім тлуме падыходзілі да яго гандляры («драпежныя, паганыя»). Мацалі Падласую Другую, аглядалі яе з усіх бакоў, кпілі з яе і здзекаваліся. З іх гутарак Цыпрук вынес уражанне, што... «даплаці ім і падзякуй, тады яны забяруць карову».

Але Цыпрук разумее хітрыкі — ого!

Прадаў за сорак рублёў. Называў сябе здраднікам, паганцам.

Доўга правяраў грошы, глядзеў на іх супраць сонца, шукаў вадзяністых знакаў, паказваў міліцыянеру — ці не фальшывыя. Потым глыбока за пазуху запхнуў. Нават для малых унукаў абаранкаў не купіў.

А заўсёды яны поркаюцца па яго кішэнях і ў торбачцы, калі здалёк прыходзіць ці прыязджае. Вочкі іхнія блішчаць:

— Дзядок, гасцінка...

— Дзядок...

— Буйку...

— Абаянкі...

— Цукелькі...

На гэты раз сэрца дзеда акамянела, як у разбойніка...

— Эх...

«Эх» ён кажа ўголас. Потым гаворыць у сэрцы — без голасу.

«Шасціць Падласенькая за пазухай. Чатыры паперкі: паперка за кожную нагу. Яшчэ прыйдзецца наскрэбці пяць рублёў. (Пяць рублёў у старой захавана...) Вось табе і пяцьдзесят! Вось табе і знаходка!»

— Эх...

Па дарозе дахаты часта мацае грошы. Ведае, што за пазухай ляжаць. Але больш пэўна, налі памацаеш. Той, хто знаходзіць, можа і згубіць...

— Эх...

Па старой прывычцы глядзіць у даль дарогі, зіркае па баках. Мутна ўсюды. А, здаецца, сонца блішчыць. Няўжо бельмы на вачах выраслі?

Ён адчувае вільгаць на зморшчаным твары...

— Эх...

Выцірае слёзы.

Ясна вакол. Светла. Бярозка махае дзесяткамі рук, вітае яго.

А вунь бабы жыта жнуць. Мігацяць белыя хусткі, рознакаляровая вопратка. Калі-нікалі блісне серп на сонцы, так блісне, нібы хто пырснуў з конаўкі чыстай крынічнай вадою. Хлапец зносіць снапы ў адно месца, ставіць мэндлікі. Вось зжаты шнур. Іржышча роўненькай шчацінай тырчыць, нібы падстрыжаная галава асілка.

— Ціў, ціў, ціў, ціў! — звініць жаўранак над зжатым полем.

Не бачыць Цыпрук жаўранка ў празрыстым шкле паветра, але па голасу пазнае,— стары знаёмы...

— Памажы божа! — крычыць Цыпрук бабам-жнейкам.

— Сам памажы! — жартуюць бабы.

Смяюцца. Граюць сярпамі, іскрамі зрэнкаў і белымі зубамі.

— Эх...

Нават жнейкі яго не развесялілі.

«Вось табе і знаходка! Усе на вёсцы, як глянуць на мяне, так і кажуць, так і шэпчуць: «знаходка! знаходка! знаходка!»

Няўжо ж каменне на дарозе разумее яго мармытанне? Спачувае Цыпруку?

— Знаходка... знаходка...


Такі час.

Жнуць жыта і ў Курганішчы. Жнеек на полі каля рэчкі многа. Сакочуць, як куры, шчабечуць, як птушкі.

І чаго ім так весела? Напрацаваліся за дзень, а ім хоць бы што — смяюцца, жартуюць. Яны дачырвана накалілі на сонцы рукі (галовы пакрыты хусткамі). І куды не пранікае сонца? Падсмажвае ўсё цела чалавечае, як на гарачым вуголлі: у дзяўчат-жнеек ногі таксама спечаны сонцам: цёмна-бурыя, поўныя, пругкія і набітыя знутры нечым цвёрдым і круглым. А ступні — чорныя, патрэсканыя ад гразі і ветру, ад хлеўнага гною.

Сонца заходняе топіцца ў шызых валокнах хмар, бляднее. Гоняць з поля стада. Наперадзе бягуць свінні — крычаць.

«Заўтра дождж будзе, ці што?»

Ластаўкі кружацца пад вадою, апускаюцца, беленькія камізэлькі ледзь не дакранаюцца да сіняй прохладзі вады; пішуць сталёвымі адшліфаванымі крыллямі па вадзе; пішчаць, літасці просяць, трывожацца.

«Заўтра дождж будзе, ці што?»

Так варожыць на пагоду стары Цыпрук. Ён апынуўся ў Курганішчы. Не пайшоў дамоў, а іншай дарогай сюды прыйшоў. Пацягнула... Яму трэба пагаварыць з Крушынскім аб вельмі важнай справе.

Не знайшоў гаспадара ў хаце. Пайшоў на поле. І тут яго няма. Жабы пад нагамі скачуць.

«Заўтра дождж будзе, ці што?»

Ён трывожыцца:

«Цяпер патрэбна пагода».

Цыпрук пайшоў начаваць да старога селяніна, дзе быў у мінулы раз.

Неба было хмурае, калі раніцой Цыпрук стаяў на дварэ ў Курганішчы.

Прысеў на ганку. Ледзь дачакаўся гаспадара. Ветла, нават з усмешкаю, сказаў Крушынскаму «дзень добры!».

— Маеце да мяне справу? — запытаўся Крушынскі і зусім у іншы бок глядзеў.

Цыпрук пацерабіў бародку і апусціў галаву, як вінаваты. Яго голас быў трохі прыдушаны, шапатлівы і хрыплы:

— Памятаеце, як вы анэгды перагналі мяне на дарозе? Вы ехалі тады з аграномам, што ў мяне начаваў, ці што?

Крушынскі зірнуў на яго схаладзелымі вачыма.

— Памятаю.

— Я знайшоў ваш пакунак — сукно... У вас выпала з воза...

Крушынскі таргануў левай нагою.

— Што? Які пакунак?!

— Ну, картрабанда, ці што?

— Ніякіх пакункаў не ведаю і не губляў.

— Адразу знайшоў пасля вас. Вы шыбка паехалі. Крычаў, хацеў дагнаць і не мог,— схлусіў Цыпрук.

Крушынскі ціскаў плячыма, круціў двума пальцамі правы вус і дзівіўся.

— Апамятайся, стары! Што ты?!

Ён палажыў Цыпруку руку на плячо і зацікаўлена запытаўся:

— Што ты зрабіў, дзядзька, з гэтым пакункам?

— Я-то нічога не зрабіў, зрабілі чырвонаармейцы. Арыштавалі мяне.

Цыпрук усё расказаў.

— Мой сын Мікола-рабфакавец кажа, што гэта ваша картрабанда, што на вас напіша.

— На мяне?! Што ты, дзядзька! Апамятайся! Мала людзей ездзіць па дарозе. Гэта ж смех. Вельмі шкода мне цябе, дзядзька, што карову прадаў на штраф, але пры чым тут я?

Крушынскі гладзіў плячо старога і ўсё гаварыў:

— Шкода, шкода.

Цыпрук усхліпваў:

— Праўда, я і Міколе, сыну свайму, сказаў, што не ваша віна. Хто будзе губляць такое дабро? Смех адзін, ці што?

— Зайдзі, дзядзька, паснедаць! А я бягу, часу няма.

Крушынскі пайшоў у кузню, скуль чуваць быў звон малатка.

— І чаго я валокся блізкі свет немаведама куды? — пытаўся сам у сябе стары Цыпрук.

Ён ішоў з Курганішча дамоў. На дарозе нікога не было. Толькі воддаль па сцежцы дыбаў чалавек.

«Нічога не будзе з гэтага. Дарма прычапіўся да гаспадара Курганішча. Прыстаў, як бярозавы ліст да...»

Кінуў вачыма на дарогу. Здзівіўся.

«Нячыстая сіла арудуе? Зноў д’ябал круціць? Ці не шаптунова работа?»

Такія запытанні задаваў сабе Цыпрук і спыніўся.

Каля самых яго ног ляжала невялічкая белая хустачка, звязаная ў вузялок...

«Зноў знаходка, ці што?»

У Цыпрука задрыжэлі рукі. Ён азірнуўся па баках.

«Нікагусенькі няма... Той чалавек пайшоў полем, у бок...

...Не! Пайду... Мабыць, зноў картрабанда...»

Цыпрук зірнуў на маладую бярозку, што стаяла застыглая на мяжы, перажагнаўся, плюнуў і, адышоўшы на тры крокі ад знаходкі, адвярнуўся тварам да белай хустачкі.

Рашуча падышоў, нагнуўся і падняў...

У хустачцы шуршаць паперкі.

Развязаў.

Вочы ў яго шкляныя — ад сполаху:

Пяць чырвонцаў па дзесяць рублёў...

«Божа літасцівы! Няўжо гэта праўдзівыя грошы?!»

Сунуў за пазуху, да «тых», што Падласая Другая на памятку пакінула, палажыў хустачку на тое самае месца і пайшоў.

«Каб ведаў, што знайду грошы, дык Падласая дома асталася б».

Ішоў хутка. Не аглядаўся. Адчуў вільгаць поту пад кашуляй каля пояса. Сэрца малаціла ў грудзях, выстуквала:

— Знаходка!

— Знаходка!

— Знаходка!

На мяжы стаяла бярозка, шчупленькая, з тоненькімі галінкамі, з кволымі лісткамі. Каб яна мела вушы жывой істоты, дык прыслухоўвалася б да мяккага лапцевага тупату Цыпруковых ног і пачула б у яго кроках захаваную трывогу. Каб мела вочы, дык з цікавасцю глядзела б, як постаць Цыпрука драбнее-малее на дарозе, расце ўніз і вось хаваецца за гліністым, рудым касагорам. Схавалася.

Няма тут Цыпрука. Нібы не шліфаваў ён на гэтым месцы гасцінца стоптанымі лапцямі.

Жывыя вушы і вочы ў Рахмількі: ён чуе і бачыць.

Твар яго без голасу смяяўся, калі вярнуўся з поля на дарогу.

— Ну і дзівак Крушынскі! Сапраўды дзівак! Гэта ж трэба кідаць пяцьдзесят рублёў на дарогу, каб селянін потым не брахаў, што ён, Крушынскі, кантрабандай займаецца!

Рахмілька спыніўся каля бярозкі і здзівіўся:

— Вось чорт стары! Не падняў...

Белая хустачка ляжыць на тым самым месцы, нібы камок снегу.

— А здаецца, доўга тупаўся тут стары шэльма. Здалёк бачыў...

Рахмілька падышоў да хустачкі, апусціў на яе руку асцярожна, павольна, нібы ў глыб вады, і падняў парожнюю хустачку.

Гучны і шчыры рогат Рахмількі калыхнуўся ў паветры над дарогай рознагалосымі выбухамі.

Аб знаходцы грошай Цыпрук расказаў толькі жонцы. Яны абое трымалі гэты сакрэт за зубамі, нават дзецям не расказвалі. Заплацілі пяцьдзесят рублёў штрафу і купілі другую карову.

Дзівіліся суседзі:

— Адкуль у Цыпрука грошы?

— Мо сапраўды кантрабандай займаецца?

Цыпрук маўчаў.

У яго быў такі настрой, нібы зусім забыўся аб кантрабандзе і штрафе. Ён быў рады, што ў яго цяпер маладая кароўка — рабенькая, жвавенькая, на кароткіх нагах, вялікае вымя. Забыў Цыпрук і пра Падласую Другую. Даўно б розныя крыўды Цыпрукова сэрца, як іржа, пераелі, каб стары не забываўся...



35. МІКОЛА

[правіць]

Толькі малодшы сын Цыпрука, рабфакавец Мікола, не забыў аб штрафе за кантрабанду. Працаваў у полі хмурны і маўклівы. Яго шэрыя вочы закопваліся глыбей у надлоб’е, часта сыпалі вострымі іголкамі злосці, зараснікі броваў насоўваліся на іх грозна. Шырокі скуласты твар рэдка ўсміхаўся, нібы на свой ранейшы вясёлы твар Мікола насунуў маску.

Пару разоў пробаваў гаварыць бацьку аб сораме, аб пляме, якая засталася ад знаходкі сукна і штрафу за кантрабанду. Стары не разумеў яго.

— Гэта можа мне пашкодзіць. Скажуць: бацька кантрабандыст, прагоняць з рабфака.

— Глупства гаворыш, ці што? Ніякай кантрабанды тут не было. Ты ж, сынок, хіба верыш мне...

У вольны ад працы час Міколе хацелася чытаць. (Хата-чытальня была ў суседняй вёсцы за восем вёрст.) Браў кнігі выпадкова ў выпадковых людзей. Часта заходзіў да старога матроса Сцяпана Солаха. Той быў матросам дзесяць год, ад 1906 да 1916 года. Потым яго забракавалі, і ён вярнуўся ў вёску на гаспадарку. Адзнакі матроса і «былой славы» засталіся ў Сцяпана Солаха і па сягонняшні дзень як у выглядзе і гутарцы, таксама і ў хаце наогул. У яго была яшчэ да гэтага часу матроская вопратка. Насіў штаны навыпуск, шырокія, з клёшам. А на нагах — лапці. Жыў бедна.

Ён часта расказваў Міколе аб ваколсветных плаваннях на караблі, аб розных землях і народах. Паказваў паштоўкі з малюнкамі розных краёў зямлі: ілюстрацыі да сваіх апавяданняў. Паказваў прыгожыя медзяныя скрынкі і шкатулкі, якія прывёз з сабою з карабля, і банкаўскую кніжку на шэсць тысяч рублёў. Грошы сабраў за час службы, але яны прапалі ў банку.

У Сцяпана Солаха была адна кніга — «Война и мир» Льва Талстога. Рабфакавец кожны раз пазычаў у былога матроса гэту кнігу і перачытваў яе. Князі і графы, княгіні і графіні, далікатныя, прыгожыя, разумныя стаялі перад ім, як жывыя. Як чытаў першы раз гэту кнігу, дык той час, тыя людзі здаваліся яму вельмі прывабнымі. Але з кожным разам «Война и мир» адчыняла перад ім новыя далягляды, будзіла новыя думкі. На гэты раз князі і графы таго часу пачалі выклікаць у пачуццях рабфакаўца агіду. Ён бачыў тут нешта чужое, далёкае.

Хадзіў ён да Сцяпана Солаха яшчэ дзеля таго, што два чалавекі яго там цікавілі — дзед і сын матроса.

Дзеду — Мірону Солаху, стукнула ўжо за дзевяцьдзесят гадоў. Дзед вечна, і зімою і летам, сядзеў па печы. Ён быў маленькі, згорблены. Валасы на барадзе калісьці (як памятае Мікола) былі белыя, цяпер жоўта-зялёныя і выглядаюць, як сухі мох.

Дзед калісьці быў бортнікам. Меў каля пяці дзесяткаў калод пчол. Ён любіў лазіць на дрэвы.

— Я і цяпер лазіў бы,— не раз гаварыў ён, шамкаючы губамі,— але палякі знішчылі ўсе калоды. Мёд я прадаваў, а з воску сам свечкі рабіў і раздаваў па цэрквах за дваццаць або трыццаць вёрст. Пехатой у Мінск хадзіў са свечкамі. Усе папы мяне ведалі. Заўсёды пехатой смаліў, каня шкадаваў, каня,— паўтараў дзед гэта слова.

Мікола ўжо ведаў, што далей будзе гаварыць дзед. Стары бортнік кожны раз паўтараў адно і тое самае:

— Надта каня любіў, каня. Ён быў гняды, разумны, як чалавек. Ды што я кажу? — Разумнейшы і лепшы за нашых дурняў!

У патухлых вачах дзеда блішчэлі агеньчыкі.

— Б’ала, пушчу Гнядога на пашу на цэлы дзень. Няхай сабе ў шкоду ідзе! Зямля была мая. Усе тутэйшыя Солахі — мае ўнукі і праўнукі. Цяпер у іх малыя палоскі зямлі — вечна дзеляцца і зямля драбнее. Гняды сам пасвіўся. Выйду, б’ала, на двор і свісну тры разы...

Дзед складваў сухія зморшчаныя губы ў трубку.

— Свісну тры разы.— Як заіржэ Гняды, як пусціцца бягом дадому, стане каля мяне і пачне, як сабака, рукі мне лізаць. Разумны быў конь! А потым... эт!

Стары бортнік махаў пажоўклымі кручкамі пальцаў правай рукі.

— Дванаццаць гадоў жыў у мяне Гняды. Я на сваіх плячах насіў дровы з лесу, зімой на саначках вазіў, а Гнядога шкадаваў. А потым палякі яго падстрэлілі. Не даваўся ім у рукі, як забраць у абоз хацелі. Нікому Гняды (апрача мяне) у рукі не даваўся — волю любіў. Сам яго закапаў на гумне. Эт!

Стары ківаў сухой галавою. Вочы ў яго патухалі і глядзелі на сцяну ў нейкую аднаму яму відочную далеч.

Стары бортнік і сын яго — матрос царскай службы — жылі сваім мінулым. Зато ўнук, Саўка, жыў будучыняй.

Саўку семнаццаць гадоў. Ён высокі, як жэрдка, тоненькі, з доўгімі рукамі, румяны, бы яблыка, і сарамлівы, як дзяўчына. Сёлета скончыў сямігодку ў блізкім мястэчку. Саўка рыхтуецца быць пісьменнікам. Ужо гады два як займаецца пісанінай. Прыносіць чытаць Міколе-рабфакаўцу. Анэгды паскардзіўся, што бацька са злосці (Саўка не павёў каня на начлег) парваў усе яго творы — працу за два гады. Праўда, яго творы яшчэ нідзе не друкуюцца, але шкода...

Мікола як мог пацяшаў яго: ён яшчэ малады, многа новага напіша. Але Саўка быў смутны. Яго ўвесь час мучылі два пытанні:

— Аб чым і як пісаць?

Мікола, які быў у яго крытыкам, «дазваляў» яму пісаць аб усім, што бачыць і чуе.

— Можна даваць пекныя малюнкі нашай прыроды. Вось «Гарадок» апісаў бы. Таксама варта апісаць дзеда Мірона, бо такія людзі выводзяцца. Можна апісваць усё!

Але, галоўным чынам, Саўка мучыўся над пытаннем: «Як пісаць?»

— Вершам, апавяданнямі або проста ў форме артыкулаў?

Кожная з гэтых трох літаратурных форм цягне да сябе, мае перавагу над іншымі формамі.

Вершы вабяць рыфмамі, напеўнасцю — той напеўнасцю, якую Саўка чуе на кожным кроку: хлопцы і дзяўчаты частушкі спяваюць, гармонік грае. Усюды, дзе толькі ёсць радасць або сум, там галоўнаю госцяй — песня. Нават вада пад млынавым калясом спявае, выдае тахт.

Апавяданне, аднак, лепш тым, што не трэба галаву ламаць над рыфмамі, над якімі часта прыходзіцца Саўку пацець. Часам рыфма як закруціць яго, як замуціць, як пацягне на сваім павадку ў вір, дык усе думкі, усе настроі паімчацца зусім у новы бок. А ў апавяданні ён можа тое самае сказаць, толькі без крутні, можа разгарнуць думку і малюнак, велічынёю ў жытняе поле, у лес...

Артыкул мае таксама свае добрыя бакі: у той час, калі, пішучы апавяданне, прыходзіцца нешта выдумваць і хлусіць, у артыкуле даеш толькі голую праўду, як яна ёсць. Ці не даражэй і за вершы, і за прозу гэта «голая праўда»?

Пры такіх думках светла-шэрыя дзіцячыя яшчэ вочы Саўкі робяцца больш задумёнымі. Ён бянтэжыцца. Быццам тры дзяўчыны завуць яго да сябе, адна да адной непадобныя, але ўсе яны красуні. Якую любіць? Быццам Саўка піць хоча, а перад ім тры крыніцы з чысцюткай і смачнай вадою. З якой піць?

Піша ён і вершы, і апавяданні, і артыкулы. Разрываецца на часткі. Пасылае ва ўсе рэдакцыі. Нідзе пакуль што не друкуюць...

Ён часам у роспач упадае. Тады яго дух падтрымлівае Мікола. Любіць Мікола гэту сям’ю. Часта свідруе Міколу кантрабандная знаходка бацькі: пляма, якая цяпер на ім ляжыць і можа пашкодзіць. Але пойдзе да Солахаў і забывае.

У гэтай сям’і ён бачыць сімвал трох пакаленняў: мінулае, сучаснае і будучыню. Сімвал розных пакаленняў Мікола бачыць не толькі тут, у сям’і Солахаў, але ўсюды. Нават на рабфаку ў Мінску. Паміж старымі настаўнікамі і студэнтамі часта пачынаюцца спрэчкі на лекцыях. Галоўным чынам пры выкладанні гісторыі.

Пры ім жа выставілі аднаго настаўніка. Той тлумачыў розныя гістарычныя падзеі не так, як трэба. Настаўнік ідэалізаваў расійскую інтэлігенцыю, «царя-освободителя», у гісторыі Беларусі ўсхвалялася «Наша ніва», «Беларуская Сацыялістычная Грамада» і г. д.

Сустракаўся Мікола і з студэнтам Ленінградскага універсітэта, які прыехаў сюды збіраць народную творчасць і вывучаць быт вёскі.

Не вельмі цягнула Міколу да гэтага чалавека, апранутага ў шэры элеганцкі гарнітур, за лішнюю, прыкрую далікатнасць. Не любіў яго за гладкі, выпешчаны твар, за прыжмураныя вочы, у якіх заўважвалася пагарда да ўсяго вакольнага. З нейкай цынічнай пахвальбою студэнт расказваў Міколу аб тым, як цяжка было яму паступіць у універсітэт за бацькавыя грашкі (за якія грашкі і хто яго бацька — не расказваў), але памог адзін выдатны прафесар універсітэта — яго родны дзядзька.

Зусім не такога гатунку студэнты прыехалі сюды ў мінулым годзе. Іх было двое. Яны працавалі разам з сялянамі ў полі. Часта сялянам лекцыі чыталі, раілі пераходзіць на калектыўныя формы сельскай гаспадаркі, наладзілі гурток па ліквідацыі непісьменнасці і наогул пакінулі добрыя сляды на гэтым месцы. Мікола ад іх вучыўся працаваць.

Аднаго разу Мікола са студэнтам сядзелі на гумне. Гутарылі аб новым быце.

Студэнт даказваў, што забабоны ў народзе, якія гадаваліся тысячагоддзямі, яшчэ моцна жывуць у псіхіцы сялян і будуць жыць.

Мікола горача спрачаўся, гаварыў адваротнае.

— А дзікія забойствы? — пытаўся студэнт.— За той час, што я тут жыву (а жыву я тут усяго два тыдні), забойствы былі! На вечарынцы аднаго дзецюка зарэзалі. За тры вярсты адгэтуль сын роднага бацьку прыстукнуў. І за пяць вёрст на хутары Зялёны Бор хлопец сваю каханку ў студні ўтапіў.

— Гэта пераходны час! — тлумачыў Мікола.— Культуры ў нас яшчэ мала. А тое, што вясковыя хлопцы, як галодныя, да навукі рвуцца, гэта, па-вашаму, нічога? Бадай кожная вёска мае свайго паэта, селькора. Мы, моладзь сялянская, ірвёмся цяпер да навукі, да культуры, носячы ў душы тысячагадовую смагу... Сяляне вырываюцца цяпер з турмы цемры і забабонаў... Пры лучыне кніжкі чытаюць...

— Ваша захапленне падобна да захаплення Саўкі пісанінай. Яго яшчэ не друкуюць. А вашы мары аб лепшым жыцці пакуль што яшчэ марамі застаюцца.

— Гэта не мары, а сапраўднасць. Трэба толькі змагацца, каб больш сялянскіх дзяцей у школе вучылася.

— З кім змагацца будзеце? Ваша змаганне будзе падобна да змагання паміж вершам і прозай у Саўкі.

— Ён і вам расказвае аб сваёй творчасці? — накіраваў Мікола гутарку ў новы бок.

— А як жа! Сягоння чытаў мне свае новыя рукапісы. Старыя яго творы бацька парваў.

Мікола і студэнт сядзелі на камені за токам. На некалькі хвілін яны спынілі спрэчкі.

Мікола расчуліўся ад сваіх уласных слоў. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок, які струменіўся ледзь прыкметнымі тоненькімі істужкамі.

Быў заход сонца.

Дзесьці іграла труба пастуха. Выдавала гукі, нібы рог паляўнічага. Чырвона-крывавы дыск сонца стаяў нізка над зямлёй, відавочна апускаўся. Мікола заўважыў, як у студэнта ружавелі вушы, запаленыя сонцам. Тры высокія і тонкія дубочкі стаялі сярод поля, як дазорцы. Стромкія, роўныя, з кучмамі зялёных лістоў, вызначаліся на смугла-сінім небе. З поля чуваць была жніўная сумная песня.

— Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна.— Сотні гадоў нашых сялян падтрымлівала песня. Песняю Беларусь была адваявана.

Мікола гучна зарагатаў:

— А Кастрычнік? А чырвонаармейцы? А партызаны?

— Іх усіх будзіла песня.

— А ці не будзіла іх да змагання кепскае жыццё? Здзекі над імі багатых людзей? Ці не аб панскіх здзеках гэтыя песні і складаліся?

Студэнт маўчаў.

Мікола на яго падазрона зірнуў. Вушы ўжо не былі празрыстыя і ружовыя. Сонца зайшло.

Тры дубочкі пацямнелі. Трышчэлі конікі. Пахла мёдам і скошанай травою. На блізкіх шнурах зелянелі аўсы.

Гаспадыня Цяцера,

Ці гатова вячэра?

Так спявалі жнейкі, ідучы з поля.

Зноў думкі Міколы накіраваліся да канфузу бацькі — да знаходкі кантрабанды.

— Даўно не бачыў такіх прыгожых пейзажаў! — перабіў яго трывожныя думкі студэнт.— Шкада, што хутка трэба ехаць адгэтуль. Глядзіце, як неба цямнее, лес робіцца задумёным і пагрозным... Вунь «Гарадок» зусім ужо чорным ценем пакрыты. Быццам на яго цёмную дзяругу пакінулі. Эх... Люблю старасветчыну!

Мікола ўсхапіўся.

— Вы любіце старасветчыну?! Вы — чалавек, які вучыцца ў савецкай вышэйшай школе?! Мабыць, небяспечная рэч — капанне ў народнай творчасці. Вы пачынаеце яе ідэалізаваць, паэтызаваць. Яна робіць на вас уплыў. А прыгледзьцеся добра да яе, дык пабачыце, што многае ў ёй прасякнута дзікасцю, народнай цемрай, старым бытам. На мой погляд, няма чаго захапляцца нашай старасветчынай — помнікам народнай няволі.

— Доўга аб гэтым гаварыць — сказаў студэнт,— паводле вашага тону адчуваю, што вы самі яшчэ з сабою змагаецеся, ваюеце з рэшткамі старасветчыны ў самім сабе.

На блізкім полі засвяціўся агеньчык. Агнёвыя язычкі скакалі, выцягваліся, прымалі розныя формы. У паветры звінела песня:

Мядзведзь кару дзярэць-у-у-у...

А дзяўчына дамоў ідзець-у-у-у...

Агеньчык скакаў па ржанні. Неба цямнела, а полымя ярчэла. Здавалася, што сама зямля выдае гукі песні. Здавалася, што там, дзе блішчыць маленькае вогнішча, зусім іншы свет — цікавы, вабны.

— Няйначай, на нашым полі! — усхапіўся Мікола.— Ідзём глянем.

Яны шыбкім крокам пусціліся да агню.

Вогнішча апусцілася нізка. На выгаралым іржышчы ляжала кучка шызага попелу. Над агеньчыкам кружыліся матылькі.

Старая маці Міколы ўсё падкладала стружкі на агонь.

— Маці, што робіш тутака?! — здзівіўся Мікола.

Старая не адказала яму. Яна трэсла сухім, старчым кулаком у бок вёскі і злосна гаварыла:

— Я ёй дам! Гэтай поскудзі, гэтай паганіцы! Я ёй...

— Каму гэта?

— Гэта яе работа! Яе — ведзьмы праклятай! Я ёй...

— Чыя работа? Што яна зрабіла? — устрывожыўся Мікола.

— Гэта ж Мар’яна! Ведзьма тая! Пэўна яна залом на жыце заламала!

Мікола зарагатаў.

— Смейся, смейся, сынок! — пакрыўдзілася старая.

Зацікавіўся студэнт:

— Дык што ж вы, цётка, робіце?

— Як што раблю? Адрабляю залом!

— Так і трэба,— спагадна сказаў студэнт.— І добра робіце! Чым жа вы адрабляеце, цётка?

— Няўжо не ведаеш! Патрэбны стружкі ад труны і гняздо квактухі.

Студэнт выняў з кішэні блакнот, аловак, адвярнуўся ад старой і давай упоцемках, наўгад, запісваць.

— Дык гэта Мар’яна, кажаце?

— А як жа, саколік,— яна!

Мар’яну студэнт ведаў. Гэта была маладая, прыгожая ўдава. Суседкі разносілі аб ёй благую славу ведзьмы-шаптухі. Хаця вясковыя не карысталіся яе шэптамі.

Міколе было сорамна перад студэнтам, што яго маці такая цёмная.

— І Мар’яна, і ты, маці,— аднаго поля ягадкі! — казаў злосна Мікола.

— Я, па-твойму, сынок, таксама ведзьма? — ускіпела на яго маці.

— І ты, і яна — дурныя бабы!

— Ідзём! — пазваў яго студэнт.

Яны пайшлі далей полем.

— А гэта Мар’яна — бабец! — аблізваючыся, сказаў студэнт.— Я ад яе многа замоў запісаў.

— Шаптухі трымаюць, здаецца, у вялікім сакрэце свае замовы.

— Я ўмею падступіцца і да шаптух.

— Як гэта вы робіце?

— Я абменьваюся замовамі: навучаю іх мне вядомыя замовы і запісваю іхнія.

— Дык вы ж узмацняеце веру ў забабоны!

— А вы хацелі, каб я з іх смяяўся. Тады ніводнай замовы не ўдалося б мне запісаць.

— Цемру сееце сярод людзей!

— Інакш я не буду мець матэрыялаў да залікаў у універсітэце! А яны, вясковыя, усё роўна цёмныя! Ад маіх замоў цямнейшымі не стануць.

— Гэта не добра! Можа, апрача цемры, яшчэ што засеялі на Мар’янавай глебе? Суседкі гаварылі, што вы з Мар’янай у любошчы граеце.

Студэнт гулліва хіхікнуў.

— Глядзіце, каб нашы сяляне вас не пабілі за вядзьмарства. Добры з вас вядзьмар, новага фасону! Шкада, што ў вас дзядзька прафесар! Вельмі кепска, што такім, як вы, даюць месца ў універсітэце. На вашым месцы лепш сын бедняка вучыўся б.

Назаўтра студэнт-этнограф выехаў з вёскі. Нават не развітаўся з Міколай.

— Відаць, я здорава яго напалохаў! — падумаў Мікола.— Аб такім факце трэба будзе ў газету напісаць!

Яму не ўпершыню было супрацоўнічаць у газетах. Першую школу літаратуры праходзіў у насценнай газеце.

Дзень удаўся дажджлівы. Дробны, густы дождж барабаніў у шыбы. Якраз быў вольны час. У хаце пісаць нельга было, і Мікола пайшоў у стары ток.

Ток быў запушчаны. Дах прасвечваўся, набрак гліняны памост. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразлі і сляды ад іх заставаліся на памосце. Пахла трухляцінаю і вільгаццю. Пад дахам было шмат павуціння. Ток яшчэ быў пусты. Жыта было ў азяродзе. На сцяне на калках віселі граблі, вілы і цапы. У кутку стаяла пара кублаў, адзін парожні, а другі з леташнім сухім гарохам. Каля сцяны пад цэлым кавалкам даху стаяла «машынізацыя» іхняй гаспадаркі — старая арфа. Мікола прымасціўся да арфы і пачаў пісаць карэспандэнцыю ў газету аб новым знахары. Кожны раз, калі яму прыходзілася пісаць для газеты аб недахопах у савецкім будаўніцтве, ён успамінаў словы свайго начальства:

— Не трэба смецця з хаты выносіць. Усё можна наладзіць сямейным парадкам. Кожны раз Міколе агідна рабілася ад гэтых слоў. Ён напісаў вельмі вострую карэспандэнцыю. Думаў — у якую газету паслаць.

— Трэба было папрасіць Саўку што-колечы на гэту тэму напісаць! — пажартаваў у думках Мікола.— Але шкада хлапца, бо пачнецца ў яго творчасці зноў блытаніна паміж вершам, апавяданнем і артыкулам.

Як распісаўся, дык яшчэ захацелася пісаць.

— Аб чым жа?

Успомніў знаходку бацькі і штраф.

— Ёсць! Толькі не для газеты, а заява ў пагранатрад. Мікола напісаў:

«Як усім вядома, у пагранічнай паласе арудуе кантрабанда. Каго трэба, таго не зловяць. Часам пападаюцца зусім невінаватыя людзі. Нядаўна аштрафавалі і майго бацьку, Цыпрука Ярэмчыка, на пяцьдзесят рублёў за кантрабанду. Каб зняць паганае кляймо з нашай сям’і, паведамляю, што яму, бацьку майму, Цыпруку Ярэмчыку, гэта кантрабанда (кавалак сукна) была падкінута на дарозе Язэпам Крушынскім з хутара Курганішча. Я гэта магу сказаць напэўна, бо ва ўсёй ваколіцы ведаюць, што ён гэтым займаецца. Я шмат дзе распытваўся — усе тое самае гавораць аб ім. Хаця яго цяжка злавіць. Калі бацька мой, Цыпрук Ярэмчык, ішоў па дарозе, то яго дагнаў і перагнаў на фурманцы Язэп Крушынскі з Курганішча. Ён ехаў з нейкім аграномам. Відаць, як пабачылі здалёк чырвонаармейцаў, дык выкінулі кантрабанду з воза. А мой бацька, Цыпрук Ярэмчык, падняў гэта з дурасці сваёй. Можа быць, што і я сам, яго сын, Мікола Ярэмчык, хоць і рабфакавец, таксама падняў бы з зямлі такое дабро. Няўжо ж мяне маглі б за гэта судзіць і штрафаваць? Мой грамадзянскі доўг паведаміць вас аб гэтым факце і прасіць зрабіць вобыск у Курганішчы. Там, пэўна, шмат чаго забароненага можна знайсці».

Мікола падпісаўся пад заявай і быў вельмі здаволены.

Гудзеў дождж. Тонкая, мутная пража цягнулася з хмар і наўскос ударалася аб зямлю.

Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Было яму чамусьці непрыемна. Спачатку сам не разумеў прычыны. «Здаецца, добрую справу зрабіў, што напісаў заяву на Крушынскага... Няўжо ж за гэта мяне могуць называць даносчыкам?»

Цэлы дзень Мікола хадзіў сам не свой, адчуў нейкі нясмак, была злосць на самога сябе. Аб тым, што напісаў заяву, нікому не гаварыў, бо ведаў, што такіх людзей, як Крушынскі, трэба асцерагацца.

І нарэшце, толькі праз некалькі гадзін, ён зразумеў, чаму яму так непрыемна. «Чаму раней гэтай заявы не пісаў? Таму што гэта не тычылася мяне і майго бацькі?.. Значыць, толькі скурніцкія інтарэсы, каб абараніць сябе, прымусілі мяне гэта рабіць... Доўга яшчэ прыйдзецца перавыхоўваць сваю псіхалогію, каб стаць сапраўдным савецкім грамадзянінам...»



36. ПА ВОЎЧЫХ СЛЯДАХ

[правіць]

На прыбярэжжы ракі распоўзся-распластаўся жоўты пясок — пругкі, падатлівы, як пытлёўка. Малыя дзеці тут часта забаўляюцца: печачкі робяць, булкі пякуць.

Пясок асляпіў каля дзесяціны зямлі, ніводнай траўкі няма.

Нярэдка на гэтай маленькай «Сахары» людзі раніцою знаходзяць воўчыя сляды. Тады вяскоўцы заводзяць гутаркі аб аблавах, аб паляванні. Злуюцца і ядранымі слоўцамі лаюцца тыя з гаспадароў, каго воўчыя сляды моцна торгаюць за сэрца — у каго са стада воўк авечку павалок. Ці будзе аблава, ці не, а пакуль што хлопчыку-пастуху даюць з сабою ў поле старасвецкую, паржавелую стрэльбу — абарону ад драпежніка. Хлопчык рады, пухкае-страляе ў чыстым полі: дымок расплываецца, смурод ад пораху казыча ноздры, слязіць вочы. Адгалоскі разыходзяцца, расплываюцца гукавымі хвалямі ў паветры і даносяцца да сяліб, да вушэй гаспадароў.

Радуюцца сяляне, што пастух не дрэмле, стада вартуе. А ў той жа час шкадуюць: многа набояў і пістонаў псуе «падшывалец».

— Гэта ж грошы каштуе...

Правандруе, прагойсае вецер па пяску і замяце воўчыя сляды. Як бы іх тут ніколі не было. Паспеў за нейкі час селянін забыць пра авечку, не дае болей пастуху стрэльбы ў поле. І не памятаюць прасторы, што тут яшчэ колькі дзён таму назад водгаласкі-рэхі каціліся і палохалі неба.

А такая забава зусім не для дарослага чалавека: пасля купання голым спацыраваць у гарачым ад сонца залацістым пяску.

Дарослы чалавек любуецца на адбіткі ўласных ног. Пясок гладкі і пяшчотны, як падушка. Чалавек ляжаў-грэўся раней у гэтым пяску, раскідаў рукамі, нібы плысці збіраўся, прыкладваўся тварам, як да прыску. Пясок, нібы п’яўка, высмактаў рачную вільгаць з цела.

Ён стомлена падняўся на ногі, быццам не сваё ўласнае цела падымае, а цягне ўверх з гультаяватым крэктам і стогнам нейкі цяжар на спіне; абцёр, абтрос пясок з грудзей, рук і з усяго цела, прыплюснуў вочы на сонца, нібы кот, знізіў іх на зямлю, наставіў правую далонь над вачыма, як брыль, і давай шукаць на шліфаваным золаце пяску воўчых слядоў.

— Вось яны!

Абрадаваўся знаходцы.

Пярэднія лапы глыбока адклеймаваны. Каб цяпер улілі туды вадкі разведзены гіпс, дык воўчыя лапы выйшлі б жывюткімі.

Чалавек усміхаецца.

Доўга, з вялікай зацікаўленасцю, глядзіць на воўчыя сляды — і вось пачынае практыкавацца ў новым мастацтве: ён робіць спробы ўласнымі слядамі. Спачатку згібае і разгібае пальцы ног, робіць імі розныя выкрунтасы, як пальцамі рук.

Ён успамінае, што, калі быў яшчэ хлапчуком, бачыў на Траецкай гары ў Мінску ў балаганчыку чалавека зусім без рук. Той трымаў аловак правай нагою і пісаў, пальцамі ног уцягваў нітку ў іголку. Усё гэта рабілася пад музыку губной гармошкі. Каб любавацца на гэты фокус, ён тады заплаціў пяць капеек.

Ён ставіць цяпер уласнымі нагамі сляды побач з воўчымі:

— Няхай і чалавечыя тут будуць!

Прайшоўшы так некалькі крокаў, чалавек спыніўся на месцы і давай прыглядацца да ўласных слядоў. Углыбленні наўмысне прыгнутых пальцаў паказваюць форму нагі не чалавека, а нейкага невядомага драпежнага звера побач з вядомымі воўчымі слядамі.

Чалавек застыў на месцы. Пачуў за плячыма мяккае шорханне крокаў і стрыманы гарлавы смяшок, нібы не смяецца хтосьці за плячыма, а душыцца косткаю, стараецца выплюнуць яе.

Чалавек адвярнуўся.

У сонечнай празрыстасці летняй раніцы мітусілася чорная фігура.

— Дзень добры, Язэп Сымонавіч!

— Добрага дня, айцец Дзімітры!

— Як Адам біблійны ў раі, голы, пад сонцам.

Айцец Дзімітры мераў голае цела Крушынскага прыплюснутымі вачыма.

— Толькі Евы няма. Вось, айцец, зноў воўчыя сляды.

— Але ж побач і чалавечыя. Кожнае жывое стварэнне, Язэп Сымонавіч, сляды свае пакідае на зямлі. А жыццё — гэта той самы пясок, на якім відаць сляды. Ёсць сляды, па якіх трэба хадзіць, а ёсць сляды грэшныя і шкодныя для чалавека. А некаторыя замятаюць свае сляды, каб іх не відаць было.

— Напрыклад, я і вы, айцец Дзімітры.

Айцец Дзімітры грозна зірнуў на Крушынскага.

— А ёсць сляды божыя, па якіх мы не ходзім і не бачым іх, хоць і шукаем. А вось воўчыя сляды мы бачым і ходзім па іх...

Поп пакорліва звесіў галаву і ўтаропіўся на ўласныя ногі.

— Куды, айцец Дзімітры, ідзе цяпер па воўчых слядах?

— Іду да адной Евы.

— Можа, ка мне — к Адаму яе прытарабаніце?

— Грэшныя думкі лезуць у грэшную галаву, Язэп Сымонавіч. А-я-яй!

Жаўтаваты палец духоўніка калупаў паветра чорным ад гразі ногцем.

— Эт, глупства,— адказаў Крушынскі,— можна ўсё рабіць, толькі каб самому сабе не нашкодзіць.

Ён засмяяўся. Ад шчырага смеху дрыжэлі грудзі, моршчыўся і хвалямі хадзіў валасаты жывот.

Айцец Дзімітры захаваў свой смех, які падрыхтаваў Крушынскаму ў адказ, і напусціў на сябе смутак:

— Не захочаце, Язэп Сымонавіч, такой Евы, і не пойдзе яна да вас. Яна памірае — старая Міроніха з хутара. Іду спавядаць. Бывайце здаровы!

— Цьфу! — плюнуў Крушынскі ад усяго сэрца. Пясок расцёр босай нагою.

Айцец Дзімітры пайшоў роўнай вымуштраванай хадою вайсковага, і разам з гэтым крокі яго былі ціхія, кашачыя.

Ён пайшоў паўз бераг ракі, чорны ў сонечным ззянні, воўчай сцяжынкай па душу старой Міроніхі.

У грудзях Крушынскага засмактала. Нейкі чарвячок у сэрцы капаўся. Надакучлівыя думкі, як камары, таўкліся ў мазгах — думкі аб смерці.

Кожны раз, як толькі Крушынскі бачыў перад сабою роспач смерці, дык адразу знаходзіў шчыт-абарону: радасць, што ён жыве.

«Гэта іншыя паміраюць. Я ніколі не памру».

Крушынскі пачаў апранацца. Яшчэ раз зірнуў на сляды сваіх босых ног у пяску, чамусьці растаптаў іх і пайшоў на поле. Весела там было — штук пятнаццаць жнеек шорхалі сярпамі. Калі-нікалі перакідваліся жартамі, смяяліся.

...Даўгі выплачваюць. Тут і косы, і газеты, і пуды збожжа вясною, і асміны бульбы. На свеце ні адна краплінка не прападае дарам...

Па зжатым полі, па калючым іржышчы валюхалі спакойна вароны. Як гаспадыні, яны нахілялі галовы то ў адзін бок, то ў другі, поркаліся дзюбамі ў зямлі, клявалі і асмялелі пры людзях, быццам куры.

Крушынскі любаваўся на жытнія снапы. Яны ляжалі на ржышчы, нібы заснуўшыя дзеці; залацілася калоссе; гаспадар нагінаўся над імі, пробаваў зерне зубамі, вокам мераў вялікае нязжатае поле, слізгнуўся зрэнкамі па спінах сагнутых жнеек, тапіў зрок у сярповым срэбным імгненні і па-дзіцячаму ўсміхаўся. У гэты час яго шырокія, бураватыя далоні то рассоўвалі ад сябе пальцы ў розныя бакі, нібы хацелі загрэбці ўвесь свет, то сціскаліся ў кулакі, быццам ўсё жывое за нейкі нявыплачаны доўг схавана ў яго руках.

За яго плячыма ціха краліся дзве старыя кабеты. Крушынскі павярнуўся да іх тварам, але не паспеў адскочыць: яны абкруцілі яго жытнімі перавясламі.

Зарагаталі жнейкі. Крыкнулі хорам на розныя галасы:

— Выкуп!

— Выкуп!

— Выкуп!

Крушынскі выняў бумажнік, адвярнуўся ад баб (у яго вечная прывычка адварочвацца ад людзей, калі трымае ў руках грошы), пачаў поркацца ў бумажніку, шукаць дробнага серабра на выкуп з «палону».



37. У АПОШНІ РАЗ

[правіць]

Ноч — не такая, як усе.

Туман клубіцца па лагчынах, куродымам уецца над рэчкаю, зацягвае зямлю сляпым бяльмом. Пяць крокаў вакол — нічагуткі не відаць. Затое ёсць прытул пад кожным кустом. Нібы гэта не чыстае поле або лес, а хата — невялікая, вясковая, прытульная хата з цяплом ад бярозавага паліва. І старому дзеду не было б холадна.

Калі-нікалі пераклікаюцца начныя птушкі:

— Ціў-ціў-ці-і-іў! — так жаласна...

Рахмілька не едзе звычайнай дарогай. Ён аб’язджае лесам і глухім полем, мінае гасцінец, нібы зачумленую паласу. Тлуста, не шкадуючы, намазаў калёсы. Чуваць толькі мяккі тупат конскіх ног, нібы кулаком па падушцы. У апаслівых месцах, блізкіх ад чырвонаармейскіх пастоў, зыходзіць з воза, бярэ каня пад аброць і вядзе памаленьку-памаленьку — нічога не чуваць. Калі зачэпіцца за куст або дрэва, яго абсыпае з лісцяў ціхі дождж краплінак.

Прыемна язда па «сабачых дарожках» (як кажуць сяляне), дзе ніколі жывой душы няма. Ён ведае ваколіцу як свае пяць пальцаў правай рукі, з зачыненымі вачыма трапіць куды толькі захоча. На кожным кроку ён абатканы цёплымі валокнамі вільготнага туману.

Ноч — не такая, як усе.

Яшчэ днём прыбег хлапчук да Крушынскага, прынёс пісульку ад спульнікаў «з таго боку» — з блізкага мястэчка. У гэту ноч на граніцы будуць дарагія тавары — падэшва, медыкаменты і шоўк.

Хлапчук сядзіць на возе. Некалькі чалавек, кожны сваёй сцежкай, пехатою ідуць на граніцу.

І здаецца Рахмільку, што ноч — не такая, як усе: туман, таямніца і харобрасць.

«Чым не гэткая адвага, як на фронце на першай лініі агню? Толькі там карысці няма, а тут калі ўдасца, у цябе будуць поўныя кішэні золата».

У лесе, блізкім ад граніцы, людзі чакаюць Рахмільку. Яны асцярожна здымаюць з воза шчаціну. На пустым возе застаецца хлапец. Людзі нясуць пакі з шчацінаю. Скачуць на балоце з купіны на купіну, часам па пояс у багно ўсунуцца.

На Рахмільку нападае страх — такі вялікі, ажно сэрца сціскаецца ў грудзях. Спалох паўзе ў яго нутро невідочным сямігаловым змеем, студзіць кроў, разліваецца па жылах дурнап’янам: настойкай. Шапка расце на галаве. Так заўсёды, калі ён тут бывае. Кожны раз клянецца самому сабе, што болей не будзе ездзіць на граніцу, што гэта апошні раз. Сведкам у яго — бог... Але «сведка» маўчыць, і, заўсёды пасля ўдачнага «паходу», Рахмілька забываецца і аб страху, і аб «сведку». «Сведку» ён не бачыць, а страх надыходзіць заўсёды толькі на гэтым месцы — на балоце, недалёка ад рэчкі, а потым лезе ў шчыліну, нібы цень. Сягоння страх крадзецца да яго з-пад кожнага куста змрочнай вольхі ці дробнай скрыўленай бярозкі. Корч здаецца яму чалавекам. Лісцяны шолах — падазроным шэптам.

— Ціха... чаго так сапеш? — кажа Рахмілька суседу.

— Асцярожна...— шэпча другому.

Густы туман сцелецца па рудаўках. Дзесьці з-пад карчоў выдае адрывістыя гукі бухала. З таго берага рэчкі, з заграніцы, чуваць крыкі пеўняў і стрыманыя брэхі сабак.

Рахмілька спыняе людзей і пачынае пільна прыслухоўвацца. Брэшуць у пераменку два сабакі: адзін грубым працяглым басам з рознымі пералівамі, якія пераходзяць у жудаснае выццё, другі — з няпэўным хрыплым піскам. Як сціхне адзін, пачынае другі. Па чарзе глушаць ноч непрыемным гаўканнем.

— Эт, глупства!

Ідуць далей.

«У апошні раз... Няхай сам Крушынскі папрабуе...»

Вось і рэчка. Шырокае плёса. З «таго» боку — высокая сцяна тонкай лазы. Перайшлі ўброд. Іх чакаюць на «тым» баку за лазняком.

— Прэндзей, панове, псякрэв... Прэндзей! — падганяе польскі жаўнер.— Зараз другая змена прыйдзе!

І ў слове «прэндзей» і ў лаянцы жаўнера Рахмілька адчувае спагаднасць і спачуванне. Знаёмыя гандляры з «таго» боку гавораць голасна, зусім не баяцца... Правяраюць тавар, запісваюць, даюць адны адным пісаныя рахункі.

Брэх сабак на польскім баку аддае вясковым прытулам.

Рахмілька і не думаў баяцца. Ён гэта жартаваў сам з сабою... Людзі, якія прынеслі шчаціну і цяпер узвальваюць на плечы лубянкі з загранічным таварам, апускаюць за пазухі бутэлькі «пілсудчыны».

Рахмілька нешта совае ў рукі жаўнеру.

Прыглушаны ў руках звон: мова залатых «імпэрыялаў» з двухгаловым арлом і галавою Мікалая.

— Прэндзей! Прэндзей!

Зноў дарога назад.

Той самы туман — той самы страх. Рахмілька прыпамінае цяпер выгляд жаўнера: чорныя вочы, чорныя, падстрыжаныя вусікі і бліскучы брылік шапкі. Вельмі прыемна Рахмільку робленая злосць жаўнера, яго свойская лаянка.

«А нашы?.. Яны і не злуюцца, а страх бярэ...

...Толькі да фурманкі дабрацца...»

Фурманка ўяўляецца цяпер Рахмільку месцам паратунку. Там, у лесе, ляжыць на драбінах свежае сянцо. Можна расцягнуцца на сене, прытаіцца і ляжаць. Ён знае такія дарогі, дзе сам д’ябал яго не знойдзе. У выпадку небяспекі можна пры фурманцы пабыць. А пасля тавар схаваць, а фурманку з хлапчуком адправіць. Фурманка якраз з недалёкага адзінокага хутара, дзе шчаціна ляжала. Хлопец паедзе туды сам.

Парадзеў туман.

На цёмна-сінім небе блішчаць зоркі. Вызначаюцца ярчэй абрысы кустоў і дрэўцаў на балотным абшары. Туман прыціснуўся ніжэй да зямлі, пабялеў, як малако. Туліцца да яго Рахмілька, як дзіцё да маткі, прыгінаецца, і сябры з яго смяюцца.

— У апошні раз я тут,— шэпча ён.— Бог сведка, у апошні раз... Няхай сам Крушынскі...

Рахмілька з зрокавай памяці бачыць усю дарогу дадому — да таго месца, дзе ўжо ніякая небяспека яму не пагражае.

«Яшчэ сто крокаў, і мінём балота. Пасля вялізнай вываратні пакіруем налева. Некалькі вёрст лесам без сцежкі пойдзем. А там полем. Хлопец з фурманкай паедзе дахаты. І ўсё...»

— Стой! — грымнуў з боку лесу голас.

— Сто-о-о-ой! А то страляць буду!

— Пагранічная варта... Чырвонаармейцы...— здагадаўся Рахмілька.

Людзі паскідалі з плеч лубянкі ў балота, папрыгіналіся да зямлі і пачалі ціха і асцярожна адсоўвацца ў розныя бакі. Прыходзілася брысці па пояс у балотнай жыжы.

У Рахмількі сэрца ўскаланулася ад незвычайнага страху. Сцюжа пранізала яго да самых касцей.

— Браткі! Мяне пачакайце!

Ён кінуўся, непрытомны, назад, у бок граніцы.

Раздаўся стрэл.

Пошчакі разлягліся ў лесе. Нібы нехта вялізны ходзіць там і вецце ламае. Нешта моцна стукнула ў спіну Рахмількі, быццам хто кулаком грукнуў. Але зараз жа палягчэла. Рахмілька забыўся, дзе ён і што з ім. Прапаў страх. Туман ірвануўся ўверх, панёсся ўгару — у неба з надзвычайнай шпаркасцю, пакінуў на сваім месцы непраглядны густы змрок.

Туман яшчэ дыміўся над рэчкай, але неба было ўжо ранішняе, светлае. Каля лесу ляжаў цень — маленькая спадчына ночы. Трава імжэла вільгаццю расы. Самотная песня жаўранка звінела жаласлівай просьбаю на ўсход сонца. Перад тым як падняцца над шапатлівай сцяною лесу, сонца акрывавіла шырокую паласу неба. Зашастала крыллямі дзікая качка. Яна ціха плыла ў бяздонні паветра, колеру віна, за ёю — другая, трэцяя, і хутка цэлае стада летуноў вісела над рэчкаю, над лесам. А вось утанула ў вышыні стада качак — ніколі іх там не было.

Усход сонца афарбаваў акно ў спальні Крушынскага. Макаў цвет гойдаўся на сцяне. Аб гладкае шкло акна біўся тоненькімі, як папяросная папера, скрыдлачкамі сіні матылёк. Ледзь чутны былі яго датыканні да празрыстай шыбы. Крушынскі ўжо не спаў. Яму здавалася, што гэта нейчыя пальцы асцярожна дакранаюцца да шкла: яго нехта заве.

Ён асцярожна, каб не разбудзіць жонку, сеў на ложку.

Паводле ўгавору, Рахмілька павінен быў зараз прыйсці, каб паведаміць аб выніках гэтай ночы, расказаць, як удалася справа.

— Чаму Рахмількі яшчэ няма? Ён павінен быў прыйсці сюды ўжо гадзіну таму назад.

Крушынскаму неадчэпна лез у галаву вясёлы твар Рахмількі, яго зычны голас, інтанацыя. Часам Рахмілька гаварыў смешна. Гэта было тады, калі стараўся хутка гаварыць. У такіх выпадках ён сам замест «з» гаварыў «ж», замест «с» — «ш», замест «ц» — «ч» і наадварот. Напрыклад, «шагоння пойджам на шаназач» замест «сягоння пойдзем на сенажаць».

Крушынскі ўспомніў гэты сказ, пачаў мармытаць Рахмільчыны словы. Яму ніяк не ўдавалася выгаварыць так, як Рахмілька. Потым яго думкі пераскочылі на тыя пяцьдзесят рублёў, што выкінуў на дарогу для селяніна, каб той не брахаў аб кантрабандзе. Рахмілька яго за гэта прабіраў, але ён, Крушынскі, ведае, што робіць; засееш капейку — і вырасце рубель. Трэба толькі ўмець сеяць.

Ён падлічваў на памяць, колькі яму каштавалі косы, газеты, выпіўкі і розныя падарункі суседзям. Падвёў агульны падрахунак. Потым давай лічыць тое, што на жніве бабы адраблялі, сенакос і іншыя такія адробкі. Выйшла, што яго выдаткі вярнуліся назад удвойчы, утройчы...

Ён усміхнуўся. Каб усмешка не была захавана пад вусамі, дык выглядала б усмешкай бога — дабрадушнай, выбачлівай і спакойнай. Так, прынамсі, маляваў бы госпада-бога той маляр, у ўяўленні якога бог — не грозны мсцівец за грахі людскія, а спрытны, хітраваты і не заўсёды кепскі.

За тонкай сцяною спальні чуваць былі шолахі і ціхае мармытанне. Там спала ў алькерыку настаўніца Стэфка.

Крушынскі ў кожную ноч, тоячыся ад жонкі, прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў алькерыку. Гэта з тых часоў, калі Стэфка танцавала на вяселлі. Спачатку ён стараўся рознымі спосабамі ўгаварваць самога сябе, што не трэба яму цікавіцца гэтай дзяўчынай. Па-першае, пачуццё да яе адарве яго ад працы. Аднак гэта «па-першае» было зараз жа адкінута — ён з яшчэ большым імпэтам імкнуўся зарабляць грошы, бо яны яшчэ больш патрэбны ў сувязі з гэтай дзяўчынай. Па-другое — у яго жонка і дзеці. І «па-другое» было скасавана: «Няўжо ж, калі ў мяне ёсць сям’я, я не павінен мець той асалоды, якую сям'я даць не можа? Гэта сям’і не зашкодзіць, і, галоўнае, каб ніхто не ведаў». Па-трэцяе, па-чацвёртае і г. д. Чаго-чаго ён не прыдумваў супроць гэтага! Розныя смешныя довады лезлі ў галаву: «яна» звычайная дзяўчынка, якіх ён тысячамі бачыў і не зварочваў на іх увагі; «яна» дачка такіх непрыемных бацькоў: сляпой маткі і вар’ята-бацькі, у іх нейкія жудасныя рысы твару, а «яна» да іх падобна; «яна», калі будзе старой, дык стане такой брыдкай, ажно агідна будзе; «яна», калі памрэ, дык згніе, паветра будзе такое, што прыйдзецца нос затыкаць. Кахаць трэба тое, што надзвычайна вечна, а іначай — не варта.

Але ўсе яго довады супроць Стэфкі разбіваліся, нібы хвалі аб каменне. У той час, калі да іншых дзяўчат ён адносіўся проста і смела, калі «браў» іх не задумваючыся, Стэфка зрабіла на яго нейкае новае ўражанне. Ён саромеўся яе, губляўся. Яму было цэлы дзель прыемна пасля таго, калі пагаворыць з ёю некалькі слоў, калі «яна» яму ўсміхнецца.

Па начах ён кожны раз чуе гукі і шолахі ў алькерыку. Наўмысля кладзецца рана ў ложак, каб прыслухоўвацца, як Стэфка распранаецца. Заўсёды пры гэтым яна ціха спявае, напявае без слоў незнаёмыя Крушынскаму мелодыі. І тым самым, што мелодыі незнаёмы, яны робяцца яшчэ вабней, водзяць яго за руку ў нейкія невядомыя і вельмі прыгожыя мясціны. Кожны раз перад сном ён мерыцца вухам да асцярожнага стукату маленькіх завостраных абцасаў яе «лодачак». Пры гэтым, калі Стэфка праходзіць недалёка ад акна, ледзь скрыпне падлога. «Яна», відаць, глядзіць у акно і думае. «Аб чым яна думае?..» А вось скінула цацкі-«лодачкі». Мякка ступае па падлозе босымі нагамі. Яе ножкі, нібы гумалястыкавыя, шчыльна прыстаюць да падлогі, лашчаць падлогу гладкай скурай пятак і пальцаў. Крушынскі пачынае пільней прыслухоўвацца: нібы ўзмахі крылляў — яна знімае лёгкую летнюю вопратку. «Якое ў яе, мабыць, прыгожае, маладое цела...» Абрысы яе цела яму знаёмы з тых часоў, калі яна танцавала. Вось яна лягла на ложак. Ляжыць у пуху, як птушка ў гняздзе. «Жонка палажыла на яе ложак пуховую пярыну».

Заўсёды доўга прыслухоўваецца. Не спіць. Стэфка спіць ціха, зусім не храпе. Гэта толькі ён і ўся яго сям’я храпе ўночы.

Ён засыпае позна.

Пані Ганна прачынаецца часта. Даўно муж яе не ласкаў, а вось, сплючы, абымае яе, песціць, лашчыць, цалуе так палка і горача, ажно ёй чамусьці непрыемна ад гэтага.

«Ці не думае ён, што я — чужая? Ці не сніць Стэфку?» Пані Ганна доўга не спіць, непакоіцца.

«Можа, ён спрасоння гаварыць пачне? Можа, пачую захаваныя сакрэты яго думак?»

Так кожны дзень.

У гэту раніцу Крушынскі даўно не спіць. Сядзіць на ложку. Сіні матылёк прыліп крыллем да вільготнага акна.

«Чаму яшчэ Рахмількі няма?»

Раптам пачуў крокі ля акна. Ускочыў, узрадаваўся:

«Нарэшце дачакаўся...»

Нечая рука падсунулася да шыбы і пачала барабаніць. Зазвінела шкло.

«Ах, які ён неасцярожны — гэты Рахмілька! Зусім не выпадае шуму рабіць...»

Ён пляснуўся цёплым носам аб халоднае шкло акна, каб прабраць Рахмільку за такую неасцярогу.

Каля акна на дварэ стаялі два чырвонаармейцы. Адзін кіўнуў яму рукою, каб выйшаў да іх.

У Крушынскага такое адчуванне, нібы яго ашпарылі варам. Ён пачаў хутка апранацца. Жонка моцна спала, не прачнулася нават тады, калі рыпнулі дзверы.

Крушынскі выйшаў на ганак.

— І халодная ж раніца сягоння.

Дрыжэў...

— Зусім няхоладна. Гэта вы ад сну, таварыш Крушынскі. Выбачайце, што мы вас разбудзілі.

Тон чырвонаармейца быў лагодны. Крушынскі супакоіўся. Дрыжыкі скончыліся.

— У чым справа?

— Трэба запрэгчы каня і ехаць на граніцу. Кантрабандыста застрэлілі. Мы крычалі: «Стой», а ён уцякаў. Ну, і бухнулі... Чаго ж ён, дурань, уцякаў? Эх, і забілі чалавека...

«Рахмільку забілі»...— і давай прыглядацца да простага сялянскага твару чырвонаармейца. Шчырае пашкадаванне свяцілася ў яго шэрых вачах. Вопратка запэцкана ў гразі па пояс.

— Дзе вы так выкупаліся, таварышы?

— На балоце. Ледзь не ўтапіліся ў поцемках. Там некалькі чалавек было. Уцяклі. Толькі адзін ляжаць застаўся. Мы яго выцягнулі на сухое месца.

Да Крушынскага вярнулася ранейшая спакойнасць. Запрагаючы каня, ён прыдумваў план, як самому выйсці сухім з гэтай гісторыі.

Сонца ўсплыло яркае і цёплае. Пад лесам з кожнай хвілінай драбнеў і радзеў цень. Ехалі па роснай траве. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў.

— І ёсць жа такія людзі! Пэўна, калісьці хаваўся, каб не папасці на фронт, а вось тут пагібель знайшоў: на фронце золата. Эх, шэльма! Ды чорт яго бяры! Сабаку — сабачая смерць! Вось жыў бы спакойна, працаваў бы, дык не! багатыром хоча стаць, сукін сын!

Крушынскі ўваходзіў у азарт:

— І я, і конь — цэлы дзень мы на полі працавалі. А вось цягайся цяпер! Дзеля гэтай праклятай кантрабанды і спакойнаму чалавеку супакою няма.

Чырвонаармейцы на яго спачуваюча глядзелі, згаджаліся з яго словамі.

— Па-мойму, улада вельмі мякка абыходзіцца з імі, з кантрабандыстамі,— разважаў далей Крушынскі пад акампанемент калёс,— папаўся-такі ў рукі — і прыкончыць яго! Іншага паратунку няма ад гэтай драпежнай саранчы. Расстралялі б у нас некалькі такіх адважнікаў, і граніца ачысцілася б.

— Мы на гэта права не маем.

Крушынскі наступаў яшчэ больш строга:

— Як гэта права не маеце?! Цяпер улада ў нашых руках — у рабочых і сялян!

— Вельмі вы строгі, таварыш Крушынскі,— адказаў адзін з чырвонаармейцаў і шырока з апетытам зяўнуў.

Зусім горача стала, як даехалі да таго месца, дзе ляжаў забіты. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях.

Крушынскі толькі адным вокам зірнуў на забітага.

«Ён...»

Калючая, драцяная шчотка праходзіць па ўсім целе Крушынскага. Да скрыгату сціснуў зубы, каб не ляскалі адзін аб адзін, і адвярнуўся ўбок, зірнуў на расшчэпленую, каравую хвою. Хваля страху мінула. Ён спакойна прывітаўся з чырвонаармейцам, які стаяў тут, чакаючы фурманкі.

— Гэта ж ён... Рахмілька!..— сказаў Крушынскі з робленым здзіўленнем. Здзіўленне яго здавалася шчырым.— І хто б мог падумаць? Каваль, спакойны хлапец, можна сказаць — рабочы. Працаваў гэтулькі часу ў мяне ў кузні, а вось па начах кантрабандай займаўся!

Абурэнне і злосць кіпелі ў яго голасе, сыпалі іскрамі з вачэй.

З вершаліны хвоі паглядала на яго вавёрка. Крушынскі падняў з зямлі шышку, кінуў у звярка і свіснуў.

Ён трохі супакоіўся, зірнуў на рэчку, заўважыў на балоце сляды некалькіх пар лапцей, якія разыходзіліся ў розныя бакі. У топкіх месцах сляды заплывалі тлустай каляровай вадою. На больш цвёрдым грунце пляцёнкі лапцей вызначаліся вельмі добра, як бы выціснутыя пячаткаю па мяккім метале. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі, неадчэпна лезлі ў галаву словы айца Дзімітрыя: «ёсць сляды, па якіх трэба хадзіць, а ёсць сляды грэшныя і шкодныя для чалавека». Сухі корч вываратня, які адкідваў ад сябе цень, напомніў Крушынскаму постаць айца Дзімітрыя ў чорнай вопратцы насупроць сонца.

— Дайце, таварышы, добра пашукаем па балоце па гэтых слядах. Тут пэўна кантрабанда ляжыць.

У яго голасе чулася надзвычайная рупатлівасць.

— Ды там лубянкі ляжаць у балоце!

— Зараз вынесем.

— Я сам! Я сам! — хваляваўся Крушынскі.

З захапленнем і зацікаўленасцю ён выносіў на сухое месца адну за адной лубянкі, запэцканыя ў гразі, клаў недалёка ад Рахмількі. Забіты ляжаў па правым баку са скорчанымі нагамі ў ботах з доўгімі халявамі. Над пасінелым тварам з выпучанымі ў застылым страху вачыма гудзелі авадні. З боку спіны куля прабіла невялікую дзірку, якая па левай часці грудзей была шмат большая, і вопратка спераду была заліта крывёю.

Крушынскі выняў з кішэні белую насавую хустачку і закрыў твар Рахмількі.

Труп забітага палажылі на воз. Побач паставілі лубянкі з кантрабандай. Як кранулі каня, дык у возе нешта задзынкала, зазвінела. Спынілі фурманку. «Залатыя гузікі» — у дзесяць рублёў кожны — сыпаліся з воза ў траву. Манеты былі клейкія, запэцканыя крывёю... На грудзях у Рахмількі быў прастрэлены мяшочак з золатам, і манеты рассыпаліся пад вопраткай...

Крушынскі выціраў успацелы лоб.

«Вось табе і мая праца...— падумаў ён.— Гэта ж прададзеная шчаціна крывёю абліваецца...»

— Ліха яго матары! Зусім не заўважыў, што ў яго золата,— сказаў чырвонаармеец, які вартаваў тут забітага, пакуль прыехала фурманка.— Трэба паглядзець тое месца, дзе ён ляжаў, можа, і там насыпана золата. О, чорт!

У чырвонаармейца быў спалоханы від. Ідучы назад на балота, ён прыціснуў правую руку да шынелі на тым месцы, дзе знаходзіцца кішэня ад штаноў... Ён палез у балота, доўга круціўся каля дрэўцаў і карчоў.

— Ёсць! — крыкнуў ён здалёк.— Знайшоў, ліха яго матары! Во!

Ён нёс у шапцы кучу залатых манет. Густы чуб чорных, як вугаль, валасоў спусціўся па лоб, лез у вочы. Валасы накінуты на вочы, каб ніхто з таварышаў не пабачыў, што таіцца ў зрэнках.

— Во, ліха яго матары, прынёс!

Чырвонаармеец палажыў на воз шапку.

— А чаму «гузікі» чыстыя? — строга запыталіся яго таварышы.

— Я... я іх выцер. Няўжо ж шапку буду пэцкаць?

Яго вочы хаваліся пад чорным чубам валасоў.

— Глядзі, Панашчук!..

— Можаце мяне абыскаць, таварышы! Во ліха вашай матары!

Ён пачаў выварочваць свае кішэні. З іх сыпалася махорка.

— Добра! У кардоне пагаворым аб гэтым!

Чырвонаармейцы злосна глядзелі на Панашчука.



38. ЗІРНІЦЕ НА ГЭТАГА ЗЛАЧЫНЦА

[правіць]

Перад кардонам сабралася многа народу. У той жа дзень уся ваколіца ведала, што Рахмілька забіты. Многія пакідалі працу і прыходзілі глядзець. Кардон знаходзіцца ў доме былога паліцэйскага ўрадніка, які з усёй сям’ёю ўцёк у Польшчу яшчэ ў 1918 годзе пры немцах. Хоць дом яго ў самым мястэчку, але выглядае абасобленым хутарам. Стаіць глыбока ў дварэ за высокім частаколам, які цягнецца ўдоўжкі на палавіну вуліцы. Некалькі дзесяцін займае ўрадніцкі сад, абсаджаны з боку вуліцы густымі ліпамі.

Рахмілька ляжыць на дзядзінцы: абапал стаяць лубянкі з кантрабандай, а золата так і засталося ў чырвонаармейскай шапцы.

Начальнік кардона — высокі худы камандзір, успацелы ад гарачыні, настаўляе на Рахмільку фотаапарат.

— Аддайце мне шапку, таварыш начальнік! — просіць той самы чырвонаармеец Панашчук, які на балоце ўсыпаў золата Рахмількі ў сваю ўласную шапку.

— Потым аддам!

Чорная чупрына Панашчука блішчыць на сонцы, лезе птушыным крылом на вочы, на твар. Усёй загрубелай бурай пяцярнёю ён заграбае чупрыну і адкідвае назад, вызваляючы з-пад валасоў шырокі лоб, які да палавіны буры, загарэлы ад сонца, а вышэй таго месца, дзе заўсёды прыкрыта шапкай, мігціцца белая паласа. Каля ног круцяцца куры, капаюцца ў пяску.

— Акыш! Ліха вашай матары!

Чырвонаармеец правай нагою разганяе кур.

Крушынскі ў задуменні круціць вусы і пазірае то на апарат, то на Рахмільку.

«Палавіну майго багацця фатаграфуе гад гэты, ды што майго багацця! Гэта ж народнае! Для Драздоў і Дзятлаў дабрабыт рыхтаваў. Мне добра жылося б — было б не кепска і ім».

Крушынскі ўсміхаецца. Яму прыемна хоць тое, што і ў сваіх уласных думках ён апраўданы: «не яго дабро, а народнае».

Завостраны сіні нос Рахмількі ў неба глядзіць. Вочы такія, што жудасна на іх зірнуць.

Крушынскі ўспамінае гучны смех і вясёлыя жарты Рахмількі. Яму шкода гэтага маладога дзецюка, так балюча шкода, ажна нешта ў сэрцы шчаміць. Ён глядзіць на грамаду людзей, што стаіць воддаль на дзядзінцы.

«Здаецца, з нашых тут няма. Вёрст пятнаццаць будзе сюды ад Драздоў і Дзятлаў. І бацькі Рахмількі яшчэ не ведаюць. З той пяцёркі ніхто не скажа, нават сваім... і гайдачан няма. Не відаць паганага Антося Драчыка...»

Падыходзяць да трупа бабы. Ківаюць галовамі, шапочуць.

— Бедненькі...

— Такі малады...

— А-ей, колькі золата...

— Глядзіце, вунь кроў...

Пачала падсоўвацца бліжэй уся грамада.

— Ідзіце адгэтуль! — крыкнуў начальнік.

— Пачакайце, таварыш,— шапнуў яму на вуха Крушынскі.— Трэба гэты момант выкарыстаць.

— А што?

— Я хачу сказаць цёмнай масе некалькі слоў.

— Аб чым?

— Аб чым жа? Агітнуць трэба супроць кантрабанды.

— Няўжо яшчэ малая агітацыя супроць кантрабанды труп кантрабандыста?

— Так-то яно так, але вось бачыце, таварыш начальнік, несвядомая грамада шкадуе забітага. Варта некалькі слоў сказаць, растлумачыць...

— Сыпце!

Заўсёды, калі Крушынскаму прыходзілася гаварыць перад грамадою, нават у «сваім» сельсавеце, ён не ведаў, што рабіць з рукамі.

Ён для іх тады месца не знаходзіў. Пры гутарцы рукі ў яго або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў. Рукі як бы выступалі супроць слоў, аднеквалі іх і ілюстравалі яго захаваныя думкі.

Ён глянуў на грамаду людзей. Пабачыў перад сабою шмат твараў сялянскіх, местачковых, старых, маладых, дзіцячых. Некаторыя стаялі, іншыя сядзелі на бярвеннях. Людскія твары мітусіліся перад яго вачыма, надавалі яму настрою.

— Таварышы,— пачаў ён хрыплаватым голасам і давай шукаць месца для рук,— таварышы!

Спыніліся шэпты. У цішыні прамоўца пачаў адчуваць сонечную спякоту і голад. Ён сягоння яшчэ нічога не еў. Певень, які дыбаў спераду вялікай сям’і курэй разбойніцкай хадою, раптам ускочыў на плот, зірнуў па людзей, выцягнуў шыю і закрычаў перад усім народам грозна і строга:

— Ку-ка-ра-кг-г-гу-у!

— К-г-г-гу-у-у! — раздаўся водгалас пеўня з яго ўласнага горла.

У грамадзе нехта хіхікнуў.

Чырвонаармеец з самым сур’ёзным выглядам падскочыў да плота і сагнаў пеўня, які перашкодзіў прамоўцу.

Крушынскі быў рады спынцы: ён у гэты час набраўся свежых думак. Падняў угару задумёныя вочы.

— Таварышы! — пачаў ён больш цвёрдым голасам і забыўся, што ў яго ёсць рукі. Пад спевы пеўня ён паверыў у тое, што будзе гаварыць — і словы ў яго звінелі шчырасцю, і рукі ў тахт словам рабілі жэсты якраз на ўзмацненні ўражання ад слоў.— Таварышы! Мы бачым вось відавочна, да чаго даводзіць кантрабанда, таварышы! Вось малады чалавек быў добрым кавалём, мог быць карысным працаўніком для рабочых і сялян, а што ён рабіў? Што ён рабіў, таварышы?

Крушынскі абвёў вачыма грамаду з шчырым запытаннем.

— А вось што ён рабіў, акрывавіў савецкае золата, дабро рабочых і сялян, сваёй уласнай крывёю. Ганебнай справай займаўся — кантрабандай. У той час, калі мы, таварышы, змагаліся за рэвалюцыю, у той час, калі мы крывавілі рукі мазалямі (ён паказвае па свае рукі), каб падняць нашу зруйнаваную гаспадарку, калі мы ў голадзе і холадзе, у спякоце і пад дажджом гнуліся над сахою,— вось гэты чалавек шукаў сабе лёгкага хлеба! Зірніце вы на гэтага ганебнага злачынца! Зірніце!!

Крушынскі крыкнуў гнеўным голасам.

Вочы ў яго блішчэлі. Твар быў у чырвоных плямах. Ва ўсёй позе яго відаць была цвёрдасць і злосць разгневанага «правадыра».

Грамада — спалоханая, збянтэжаная; усе, як адзін чалавек, нейк міжволі паглядзелі на труп Рахмількі.

Прамоўца ўпэўніўся, што ўсе зірнулі на труп паводле яго, Крушынскага, загаду, і пачаў далей:

— Вось бачыце, таварышы, якую адплату дастаў гэты кантрабандыст. Вось такі лёс сустрэне ўсіх, хто толькі будзе займацца кантрабандай, хто будзе ў агульнай нашай беднаце старацца вялікае багацце нажываць! Гэтае багацце, гэтае золата, таварышы, украдзена ад нас! (Ён стукнуў сабе кулаком у грудзі і вытарашчыў вочы, поўныя болю і пашкадавання, на грамаду). Гэтае багацце ад нас украдзена — народнае дабро! Мы працуем-гаруем, а чорт нейкі хоча нашу кроў і пот выкарыстоўваць.

Ён адсапнуўся. Палажыў адну руку ў кішэнь штаноў, а другой пачаў махаць у паветры, нібы клічучы да сябе і неба, і зямлю, і ўсіх жывых істот на дапамогу:

— Таварышы! (Ён захлёбваўся ўласнымі словамі.) Таварышы! Вельмі добра, калі чалавек свайго жыцця не шкадуе, калі не баіцца вось, як гэты чалавек, праліваць сваю ўласную кроў. Вельмі добра! Але гэта правільна тады, калі ён пралівае сваю кроў у змаганні з сусветнай акулай імперыялізму, калі ён стаіць на рабочым фронце супроць капіталу!

Прамоўца пачаў хадзіць, тупацца туды і сюды па траве, нібы адбівае нагамі вайсковы марш. Цяпер яму ўжо не есці хацелася, а піць. Ён глытаў сваю ўласную сліну, якая пенілася па губах, і выціраў рот рукою.

— Мы павінны, таварышы, багацець! Калі зробімся багатымі, дык уся наша пралетарская дзяржава багатай будзе. Толькі не такім чынам, як гэты злачынец! Мы павінны весці па-культурнаму сваю гаспадарку, тады ў нас усё будзе добра! Ёсць, праўда, у нас культурныя гаспадаркі, яны ў пашане ў рабочых і сялян. Ім дзяржава памагае. Аб такіх слаўных людзях нават у газетах пішуць, партрэты іхнія друкуюць побач з партрэтам таварыша Леніна! Але такіх людзей, таварышы, пакуль што ў нас нямнога.

У Крушынскага пры гэтых словах загарэўся твар. Ён адчуваў сябе так, нібы яго аблілі бензінам і прыткнуліся запаленай сярнічкай.

— Толькі не думайце, таварышы, што мы, гэта значыць, наша ўлада і яе прадстаўнікі, такія жорсткія,— што-небудзь, дык адразу страляць... Не! і гэты чалавек не быў бы застрэлены, каб не ўцякаў. Мы яму крычалі «стой», а ён наўцёкі.

Хоць пры гэтым простым тлумачэнні ў Крушынскага тон быў ужо не ранейшы ўрачысты, аднак ён думаў яшчэ гаварыць і доўга гаварыць, але на няшчасце той самы певень зноў ускочыў на плот, зноў выцягнуў шыю і крыкнуў:

— Ку-ка-рэ-к-г-г-г-у-у! Кг-г-г-у-у...

Зноў падбег той самы чырвонаармеец, кінуў у пеўня шапкай. Але ў прамоўцы прапала натхненне і патухла вогнішча красамоўства. Змораны і ўспацелы, ён звярнуўся з просьбай да начальніка пагранатрада:

— І гэтак далей, таварыш начальнік! Ваша чарга казаць прамову!



39. ДУБ ЛОМІЦЦА, А ТРАЎКА ЗАСТАЕЦЦА

[правіць]

— Бог даў і бог забраў,— пацяшаў Крушынскага айцец Дзімітры.— Вы кажаце, што каля чатырох тысяч рублёў вашых прапала? У бога незлічоныя багацці, калі толькі ён захоча! А што ж было б, каб, не ў благі час кажучы, з вамі здарылася так, як з Рахмількам? Гэта таксама знак божы! Не трэба наракаць. Трэба радавацца, што выйшла так, а не горш. Вучыцеся ад біблійнага Іёва. У яго бог адняў і дзяцей, і багацце, абсыпаў яго цела нейкай страшнай каростай, аднак, няшчасны, не падаваўся. Скроб цела сваё чарапком, быў бадзёрым, а потым зноў разбагацеў, бо вытрымаў экзамен у бога...

Пры гэтых словах айцец Дзімітры глядзеў на Крушынскага рахманымі вачыма і гладзіў яго пяшчотна па правай руцэ.

— Я не бядую аб тым, што прапала,— адказаў Крушынскі,— але аб тым, што яшчэ можа прапасці. З кожным месяцам гандаль на граніцы пагаршаецца! Шмат людзей сядзіць пад арыштам. Арыштавалі нават знамянітую Соню. Страх напаў на ўсіх. З Мінска многа паважаных людзей выслалі чорт ведае куды, на самую поўнач Расіі, дзе бадай круглы год снег і маразы.

— Перачакайце гэту буру, не займайцеся пакуль што гандлем, Язэп Сымонавіч. У часы вялікай завірухі траўка гнецца да зямлі. Дуб крушыцца і ломіцца ў трэскі, а траўка застаецца цалюткая. У гэтым і моц яе, што яна гнуткая траўка.

Айцец Дзімітры гаварыў кволым, лагодным галаском, упрашаў Крушынскага, як бацька роднага сына.

Такая гутарка адбылася між айцом Дзімітрыем і Крушынскім якраз на тым самым месцы, каля рэчкі на пяску, дзе на некалькі дзён раней поп гаварыў аб слядах, грэшных і шкодных для чалавека.

Крушынскі ў сумнай задумёнасці паглядаў перад сабою ў бок Курганішча, слухаў адным вухам пацяшальную гутарку папа, а другім — лавіў гукі ваколіцы.

Па зжатым жытнім полі гудзелі конікі, скакалі над іржышчам. Іх было так многа, што здавалася, нібы гэта буйныя зерні самі сабою перасыпаюцца з месца на месца. Пасля касьбы і жніва абшар ваколіцы як бы папрастарнеў. Калі раней у гэтай нізіне каля рэчкі толькі коміны Курганішча і вёскі відаць былі, дык цяпер выступалі дахі, гумны з азяродамі. Дзе-нідзе на полі высоўваліся курганы. Стаяла цяплынь ранняй восені, і па яркай зеляніне лёну прабягаў ледзь прыкметны ветрык — ціхі і лагодны, як гутарка айца Дзімітрыя. Толькі па сямейцы дубоў на курганах ветрык гуляў болей смела, кратаў тонкія галіны, шалясцеў лісцем і намякаў на магчымасць падыходу грозных, дажджлівых і ветраных асенніх дзён — непрытульных і сцюдзёных.

Але пакуль што блішчэла яркае сонца.

Крушынскі плюшчыў вочы ў бок Курганішча, адтуль ішоў спешнымі крокамі чалавек. Спачатку відаць была толькі маленькая кропка. Праз пару хвілін чалавек усёй постаццю вырысаваўся на даляглядзе. Смешна махаў рукамі, спяшаўся, і рухі яго вызначаліся на фоне прастораў так ярка і выпукла, што Крушынскі адчуў у ім трывогу пасланца з непрыемнай весткай.

Крушынскі ў гэты момант чуў толькі хрыплы гуд папоўскага голасу, словы не даходзілі да яго вушэй.

— Гэта ж Рыгор, маладажон, няйначай, ка мне бяжыць. Нешта ў хаце здарылася! — спыніў ён казанне айца Дзімітрыя пра біблійнага Іёва.

Рыгор падбег успацелы.

— Скарэй, гаспадар, дахаты ідзіце, бо да нас прыехалі пагранічнікі. Вобыск робяць. На гумне шукаюць, каля хаты варта стаіць.

— Якраз іёўскія пасланцы! — спалохаўся айцец Дзімітры.— Бягу і я дадому. Трэба схаваць тое ды сёе.

— Не бойцеся, да бацюшкі не пойдуць,— супакойваў яго Крушынскі,— а ў мяне нічога не знойдуць.

Крушынскі спешна пайшоў у Курганішча з Рыгорам. Айцец Дзімітры пацягнуўся дахаты іншай дарогай.

Хоць і горача зрабілася Крушынскаму ад гэтай весткі, але ён сам сябе супакойваў:

У хаце і на дварэ нічога не знойдуць. На шчасце і гарэлка ўся выйшла. Кавалкі шэрсці і іншая дробязь з заграніцы, нават гатовая вопратка, усё схавана ў айца Дзімітрыя. Што ў хаце могуць знайсці? Ага... ледзь не забыў... Дзве тысячы золатам закапаны ў таку, а вось у куфры ляжаць долары — тры тысячы пяцьсот... (у яго калені задрыжэлі). Ці дагадаецца жонка дастаць іх адтуль і палажыць дзе-колечы ў іншае месца? Не так шкада грошай, але запытаюцца, адкуль іх у мяне так многа? (сэрца пахаладзела і ў вушах звінела). Пэўна данос... Чыя ж гэта работа? Старога каваля, бацькі Рахмількі? Не можа быць! Тады ж яго самога могуць арыштаваць, нягледзячы на тое, што сына забілі. Няўжо той чалавек, які знайшоў мой кавалак сукна на дарозе? Ці ж тыя пяцьдзесят рублёў, што Рахмілька падкінуў яму, не змякчылі яго крыўды? (ён ад злосці патрос кулаком у паветры). Суседзі падказалі. Здаецца, апрача дабра, ад мяне ніхто з іх нічога іншага не мае... (у яго твар скрывіўся, шэрым стаў ад нечаканай крыўды). Ды як падкажуць, калі самі ўдзел прымаюць? А можа, Антось Драчык з Гайдачаны?

Пры такіх меркаваннях ён дайшоў да Курганішча.

На дварэ былі прывязаны да плота ад гумна двое асядланых коней. Каля ганка стаяла пустая фурманка. Конь раскілзаны, з распушчанай падпругай нагібаўся над свежым сенам. Ён ляніва перабіраў пахучае сена мяккімі губамі, скоса пазіраў на бакі і пры кожным шолаху на дварэ падымаў галаву ад купкі сена і вастрыў вушамі.

На ганку пры дзвярах чырвонаармеец са стрэльбаю ў руках. Крушынскі зірнуў на яго дрымотны, застылы твар. Калі Крушынскі ступіў на ганак, чырвонаармеец зірнуў кудысь над яго галавою халоднымі шэрымі вачыма і сказаў глухім голасам:

— Няможна! так прыказана! марш!

— Я ж сам гаспадар...— пробаваў тлумачыць Крушынскі няўпэўненым голасам і давай лезці да дзвярэй.

Долары надавалі яму смеласці.

— Ухадзі! — крыкнуў чырвонаармеец, і вочы ў яго бліснулі злосцю.— А то!..

Чырвонаармеец узяў стрэльбу наперавес і намерыўся штыхом.

Крушынскі саскочыў з ганка і павярнуў да чорнага ходу з боку кухні. І там стаяў чырвонаармеец.

— Відаць, што яны не жартуюць са мною! — пажартаваў сам з сабою Крушынскі. Зірнуў на асядланых коней з варожасцю, плюнуў і пайшоў на гумно.

...А можа, гэта бандыты, пераапранутыя ў чырвонаармейцаў? Яны тады б забілі мяне на месцы або адразу ў хату пусцілі, каб задушыць там.

На дварэ ніводнага чалавека. Як бы павыміралі ўсе людзі. Толькі куры капаліся на скотным дварэ каля хлявоў, а на пагорачку грэўся стары кот. Пучок сонечных праменняў абсыпаў рэдкія, калючыя вусы ката металёвым бляскам.

— Пойдзем на гумно, яны там шукаюць! — услужліва шапнуў Рыгор.

— А чаму ваўначоска не працуе? Тут жа сягоння многа народу было!

— Як толькі чырвонаармейцы з’явіліся сюды з вобыскам, дык загадалі выбрацца адгэтуль усім чужым.

Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер. Дзядзінец, на якім заўсёды мітусяцца заклапочаныя людзі, дзе чуваць крык дзяцей, быў цяпер пусты і нямы. Адны толькі конікі скакалі па дробнай траве. На Крушынскага цішыня зрабіла больш цяжкае ўражанне, чым вобыск. Нібы Курганішча разам з сваім гаспадаром задумалася цяпер над усімі ўчынкамі, якія тут адбываліся; нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар.

«Гэта ж некаторыя пагранічнікі мае знаёмыя. Яны ж ведаюць, што ў мяне культурная гаспадарка...»

У будынінах са збожжам, дзе пагранічнікі шукалі кантрабанды, стаяў садом. Усе работнікі і работніцы Курганішча перакідвалі з месца на месца тарпы жыта паводле загаду пагранічнікаў. Яны шукалі пад снапамі, між снапамі, а калі які сноп быў таўсцейшы, дык развязвалі яго. Шукалі з упэўненасцю, уважліва, перайшлі пасля да вялізнай пуні з сенам, адтуль — да хлявоў і да ўсіх іншых будынкаў.

...Закапанае ў зямлі золата не знайшлі.

Успацелыя, змучаныя пайшлі ў хату.

Тут закалацілася сэрца гаспадара:

«Ці жонка забрала долары з куфра?»

Ён глыбока зірнуў у вочы пані Ганны.

— Усё ў парадку! — адказалі яе вочы.

На сэрцы палягчэла.

Якраз з куфра і пачалося шуканне ў хаце. Павыкідалі адтуль усё. Нічога не знайшлі. У салоне нават пад падлогай глядзелі, шукалі ўнутры старога піяніна, у печцы, пад партрэтамі і абразамі на сценах. На ложках пад падушкамі і матрацамі. Падазрона мацалі падушкі, адзін матрац распаролі нажом.

Спалоханыя дзеці маўчалі, туліліся да цёці Стэфкі ў яе пакоі.

— А хто ў гэтым пакоі? — запытаўся старшы ў гаспадара.

— Тут настаўніца жыве.

— Мы і туды пойдзем!

Пані Ганна пабялела як палатно.

Крушынскі дагадаўся:

«Жонка ў гэтым пакоі, у алькерыку, схавала долары...»

Як падышлі да вялікага люстэрка каля сцяны, пані Ганна сціснула руку Крушынскага.

— Ай,— крыкнула яна і схапілася за галаву.

«Пад люстэркам долары...» — мільганула ў яго галаве маланкай трывожная думка.

Нічога не знайшлі і тут.

Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках, супакойвала маленькую Мзей, якая плакала ў яе на руках.

— Гэта ж дзядзі, цукеркі дадуць,— угаварвала настаўніца дзяцей.

— Цукелькі? — зацікавілася Мзей і перастала плакаць.

Высокі чарнявы «дзядзя» — пагранічнік, пагладзіў яе па галоўцы. Малая скоса, як звярок, зірнула на яго.

«Дзядзя» сапраўды выняў з кішэні жмут цукерак і пачаў частаваць дзяцей. Ён пры гэтым шчыра ўсміхаўся. Дзеці асмялелі.

Мзей злезла з калень Стэфкі, падала дзядзі руку і сказала «дзень доблей»,— як маці навучыла яе рабіць заўсёды, калі прыязджалі госці.

«Дзядзя» зусім расчуліўся. Зірнуў на ўсіх такімі вачыма, што Крушынскаму лёгка на душы зрабілася.

Але ўчынак Мзей на гэты раз не спадабаўся пані Ганне. Мзей затрымлівала такім чынам чырвонаармейцаў у небяспечным пакоі, дзе цяпер ляжаць долары, якія, відаць, Стэфка схавала ў іншае месца.

— Дачушка, дай дзядзі спакою, ён часу не мае.

— Ты ж, мамка, сама навуціла мяне дзядзям люцку1 даваць,— з дзівам у вачах сказала Мзей.

Пані Ганна нічога не сказала на гэта. Яна толькі падумала свой адказ:

— Няпрошаным гасцям рукі падаваць не трэба.

На яе думку адказаў са смехам сам «дзядзя»:

— Праўда, я няпрошаны госць. Можа, сягоння ваша дачка не павінна была і вітацца са мною.

Мзей зноў умяшалася ў гутарку:

— Дзядзя доблей, цукелькі даў. Мы, дзядзя, скальб2 знайслі ў лесе...

— Ціха ты, дурная, не лапачы глупства,— закрычаў Крушынскі. Ад страху мурашкі заёрзалі па яго спіне.

— Што яна сказала? — зацікавіўся «дзядзя».— Я нічога не зразумеў.

— Ат! дурное і малое! — «вытлумачыла» пані Ганна.

Крушынскі злосна круціў вусы і маўчаў.

— Няможна гаварыць, дурненькая! — пацягнула яе за спаднічку старшая сястра, Настачка.

— Дзядзя, нямозна гаваіць аб скальбу, а то цольт3 з’есць! — сказала Мзей і заплакала.

— Нашто малых дзяцей чортам палохаць? — запытаўся «дзядзя».

— Ат, наслухаліся розных баек ад вясковых і плявузгаюць,— сказала пані Ганна.— Вось дзеля гэтага і настаўніцу нанялі. Тут і вясковыя дзеці разам з нашымі вучацца.

— Гэта добра! Вельмі добра! — пахваліў «дзядзя».

«Зусім добры чалавек!» — падумаў Крушынскі, і адпала ў яго злосць за вобыск. А тое, што ўсюды раскінуты хатнія рэчы, вопраткі, было яму прыемна. «Раней магла быць падазронасць на яго, што кантрабандай займаецца, а цяпер і гэтага не будзе — пасля вобыску...»

— А вы адкуль? — запытаўся «дзядзя» ў Стэфкі.

— З Мінска,— шапнула яна ціхім голасам.

У яе вачах быў спалох і сорам.

— Дзяцей вучыце?

— Але!

— Колькі ж вам гаспадар плаціць?

— Мы не таргаваліся.

«Дзядзя» ў адзін міг аглянуў Стэфку з ног да галавы. Яна моцна пачырванела.

Уся суровасць «дзядзі» прапала.

— Выбачайце, што мы вас занепакоілі,— сказаў ён мяккім голасам.

— У якіх пакоях мы яшчэ не шукалі? — запытаўся «дзядзя» ў чырвонаармейцаў.

— А вось, таварыш, у тым бакавым пакоі! — адказаў Крушынскі.— Пойдзем туды.

Старшы пры вобыску адразу звярнуў увагу на выразку з газеты «Беларуская вёска» з партрэтам гаспадара.

— Гэта вы? — звярнуўся ён да Крушынскага.

— Гэта я сам! — горда і ўпэўнена адказаў гаспадар.

Старшы чытаў уголас газетны артыкульчык і ківаў галавою. Пры кожным новым сказе ён адварочваўся ад сцяны да Крушынскага з запытаннямі:

— Дык вы прымалі ўдзел у партызанскім руху пры польскай акупацыі?

— Вы рэвалюцыянер з 1905 года?

— Ранены?

— Вы грамадскі дзеяч?

— У вас культурная гаспадарка?

Кожнае з гэтых запытанняў сцябала Крушынскага па галаве шаўковай пугай. Сцёбанне было прыемнае, нібы ласкі матчынай рукі.

З кожным запытаннем твар вайскоўца мяняўся, з яго зыходзіла строгасць, пахмурнасць, акамянеласць, і шчырыя зморшчыны смеху праменілі твар; вочы зрабіліся добрымі; свойскасць адчувалася ў яго рухах.

З кожным запытаннем у яго мяняўся голас ад ранейшых, пры вобыску, сталёвых нотак да сямейнай мяккасці, да братэрскасці. Вайсковец цяпер глядзеў на Крушынскага такімі вачыма, гаварыў такім голасам, нібы знае яго многа гадоў, нібы яны старыя сябры.

Крушынскі ў гэты час з удзячнасцю ўспамінаў агранома, які напісаў гэты артыкул, успомніў «Беларускую вёску», чорнабародага рэдактара, і ўвесь свет зрабіўся яму прыемным і добрым. Ён выняў з шуфлядкі стала другі талісман — пахвальны ліст з сельскагаспадарчай выстаўкі за бугая. Да гэтага ліста быў прышпілены фотаздымак бугая. На картачцы бугай быў падобны да зубра.

Пасля такіх яўных доказаў рэвалюцыйнасці Крушынскага вайсковец падаў яму руку, падаў шчыра, моцна паціснуўшы руку гаспадара, і сказаў сваё прозвішча:

— Лявончык.

І рукавітанне, і прозвішча былі Крушынскаму на гэты раз прыямнейшымі за ўсё на свеце: ён выйшаў з вады сухім.

Вобыск спыніўся.

— Прабачце мяне, таварыш Крушынскі, што так выйшла з вобыскам...

— Калі ласка, калі ласка. Я вельмі рады. Добра ўсё тое, што добра канчаецца.

— А для даносчыка будзе кепска. Кепска ўсё тое, што кепска канчаецца,— гарачыўся вайсковец.— Можна будзе яго пакараць за брахню.

— Не варта,— аднекваўся Крушынскі.— Мы ўсе павінны рэвізаваць адзін аднаго. Калі на рэвалюцыянера, на бальшавіка з'яўляецца падазронасць у тым, што ён нечым кепскім займаецца, дык трэба вельмі строга адносіцца да яго, трэба яго правяраць. Я ад душы дзякую таму чалавеку, які на мяне даносіў. Прынамсі, цяпер мы вось пазнаёміліся. Увесь час гэтага стараннага вобыску я гардзіўся вамі — абаронцам нашай граніцы. Шчыра выконваеце свае абавязкі. Вам мая падзяка за цяжкую працу лоўлі кантрабанды не толькі ад мяне, але ад усяго нашага сельсавета.

Крушынскі паціснуў руку вайскоўца.

— А цяпер, таварышы, будзем абедаць. Вы, пэўна, прагаладаліся.

Ніколі ў Крушынскага не быў такі посны абед, як на гэты раз. Не было гарэлкі, не было смачных закусак. Абед быў «рэвалюцыйны», «ідэалагічна вытрыманы».



1 Ручку.

2 Скарб.

3 Чорт.

40. КРЫЖОВЫ ПАХОД

[правіць]

Стэфка выратавала на гэты раз.

Гэта яна схавала долары. Зараз жа, як толькі паехалі пагранічнікі, аддала пачку грошай Крушынскаму.

Як ні дапытваўся Крушынскі ў настаўніцы, дзе яна схавала грошы, яна не сказала. Толькі перад тым як аддаць грошы, заперлася ў алькерыку, і гаспадар чуў шорханне яе вопраткі. Каб дастаць грошы, ёй прыйшлося распрануцца.

Стэфка была героем дня, ціхім героем з ціхаю славаю, аб якой ніхто не павінен быў ведаць, аб якой нават самі Крушынскія прымушаны былі маўчаць.

— Вось і карысць ад настаўніцы! — сказаў Крушынскі пані Ганне.— Мы павінны яе на руках насіць. Яна так многа грошай выратавала нам і зняла падазронасць з мяне, бо каб знайшлі грошы, дык упэўніліся б, што я кантрабандай займаюся.

Неспадзявана нахлынула на Курганішча хваля непрыемнасцей, неспакою і страху, раптоўна падышла і радасць. Пасля вобыску, які так удала скончыўся, Крушынскі перастаў шкадаваць вялікую грашовую страту, якую меў у сувязі з забойствам Рахмількі.

— На стрыжаным барану новая шэрсць нарасце! — думаў ён і думкі свае выказваў айцу Дзімітрыю.

Цяпер і пані Ганна зусім іншымі вачыма глядзела на настаўніцу. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгожасці Стэфкі.

— Такая настаўніца нам і патрэбна,— сказаў Крушынскі жонцы.— Пагранічнікі глядзелі на яе, як кот на сала.

Пані Ганна паддавалася. Толькі з адной справай мірыцца не магла: настаўніца не вучыла дзяцей богу маліцца, гаварыла ім часта, што бога няма. На гэтым грунце адбываліся непрыемныя стычкі між настаўніцай і гаспадыняй.

Стэфка ў гэтым выпадку кіравалася інструкцыямі гаспадара.

— Рыхтуйце дзяцей маіх у камсамол,— прасіў ён Стэфку.

— Да камсамола ім яшчэ прыйдзецца чакаць многа гадоў. Яны ж малыя.

— Вось і добра, што малыя. З маленства і трэба іх падрыхтаваць. Ніякіх жончыных багоў вы ім у галовы не ўбівайце.

А ў гэты самы час пані Ганна яшчэ з большай гарачнасцю бараніла багоў. Кожную раніцу і перад сном яна чытала малітвы з сваімі дзецьмі.

Вайна за бога і супроць бога вялася паміж гаспадыняй і настаўніцай дзень у дзень. Гэты «крыжовы паход» адбываўся ціха. Пад пагрозаю Крушынскага пані Ганна перастала гаварыць аб гэтым з настаўніцай. Пасля вобыску, калі настаўніца, магчыма, не разумеючы значэння свайго ўчынку (схаванне долараў ад пагранічнікаў), вярнула Крушынскім долары, гаспадыня баялася ўгнявіць яе.

Уся энергія абедзвюх жанчын была накіравана выключна на дзяцей.

Удзень дзеці знаходзяцца пад наглядам Стэфкі. Да антырэлігійнай барацьбы яна была «падрыхтавана» яшчэ ў Мінску. Яна бачыла ў рэлігійныя святочныя дні па вуліцах горада камсамольскія карнавалы. Поп, рабін, ксёндз, буржуй, бог, чорт і іншыя фігуры былі вельмі смешны і карыкатурны ў гэтых карнавалах. Пераапранутыя, загрымаваныя камсамольцы жывым паказам бога і яго прыслужнікаў рабілі на маладую Стэфку моцнае ўражанне, пераконвалі яе ў шкоднасці веры і забабонаў больш, чым газетныя артыкулы ў часы антырэлігійных кампаній. Ды газет яна ніколі не чытала («нудныя»). Яна паверыла ў неіснаванне бога, як у зграбнасць навамодных жаночых вопратак. Такога характару веды аб рэлігіі яна перадавала і дзецям. Яна часта зварочвалася да малых:

— Бачылі папа айца Дзімітрыя?

— Бачылі! — адказвалі дзеці на розныя галасы.

— А ксяндза бачылі?

— Бачылі!

— Адзін кудлаты, другі голены. Страшныя нейкія, у чорных халамідах. Праўда?

— Праўда!

— Аб чым яны гавораць — поп і ксёндз?

— Яны кажуць, што трэба богу маліцца.

— Не трэба богу маліцца, бога няма! — «тлумачыць» Стэфка.

— Яшчэ лепш, калі яго няма,— радуюцца дзеці.— Мы і не хочам маліцца. Тата казаў, што трэба слухацца цёці...

Пані Ганна бярэ дзяцей пад сваю ўладу з вечара да рання. Яна мае такое ўяўленне аб існаванні бога, як Стэфка аб неіснаванні яго... У яе вера ў бога таксама неабходная мода, праўда, старая, але пані Ганна моцна трымаецца ўсяго старога і нічога новага не прызнае. Яна бароніць бога, як толькі можа: «Каб не было бога, дык няўжо ж гэтулькі касцёлаў было б на ўсім свеце? Няўжо ж свет увесь звар’яцеў?!» — думае яна. Яна ўпэўнена, што ёсць бог, а то навошта былі б напісаны святыя кнігі? Хто мог бы прыдумаць святыя абразы, на якіх матка божая, пан Езус і ўсе апосталы, як жывенькія, намаляваны... А хто дае хлеб усім людзям, калі не бог? Ледзь не ад матчынага малака пані Ганна прывыкла да малітваў. А пры малітвах у пышных абставінах, у залітым бляску касцёла, пры раскошы тэатральных набажэнстваў, яна гатова вочы бліжняга выдрапаць у гонар і славу пана бога...

Дачуркі пані Ганны Настачка і Мзей, увечары перад сном шапочуць незразумелыя словы малітвы пад невыразнае суфлёрства маці:

— Ва імя айца, сына і духу свянтэга. Аман! — кажа маці.

— М’еца, сына і дмуху тэго. Гам! — паўтараюць за ёю дзеці.

Незразумелае бармытанне робіць на дзяцей такое моцнае ўражанне, як замова шаптуна на цёмную старую бабулю. Дзеці палохаюцца і ад шчырага страху туляцца да маткі.

— Не бойцеся,— пацяшае іх маці,— божанька добранькі. Ён вас абароніць ад рознай злыбяды. Толькі маліцеся яму.

Пры гэтым яна дае дзецям бліскучы абразок і загадвае цалаваць «божаньку».

Дзеці жывуць падвойным жыццём.

Удзень пад яркім бляскам сонца ў хаце ці на полі,— калі яны не адчуваюць ніякіх страхаў пад абаронай цёці Стэфкі, яны шчыра вераць, што вера ў бога — глупства, што няма бога.

Уночы, калі яны сняць часам страшныя сны аб чарцях, ваўках, калі выпадкова пачутая казка старых сялян інсцэнізуецца ў каляровай карціне сну, дзеці шчыра вераць, што ёсць бог. Яны ахвотна шэпчуць малітвы, і, пакуль не засыпаюць, маці павінна сядзець на іхнім ложку.

Кожны раз удзень дзеці прызнаюцца Стэфцы:

— А мы ўночы маліліся. Болей не будзем. Мамцы скажам, што бога няма.

Уночы яны гавораць з той жа самай упэўненасцю пані Ганне:

— Мамка, мы заўтра папросім цёцю, каб яна з намі таксама малілася...



41. ПАМІРАЕ МЯСТЭЧКА

[правіць]

Пасля смерці Рахмількі яго бацька, стары каваль Лейба, выбраўся з вёскі ў блізкае мястэчка. Хоць ён добра ведаў, што Рахмілька загінуў дзеля Крушынскага, але прымушаны быў маўчаць, бо іначай яго, Лейбу, маглі б арыштаваць, як удзельніка. Ён у мястэчку зрабіўся яшчэ больш набажным, чым раней. Тры разы ў дзень хадзіў у сінагогу богу маліцца, казаць «кадэш»1 за душу сына і адчуваў сябе грэшным перад богам і людзьмі. Рахмілька загінуў, «зарабляючы сабе на хлеб». Але, можа, гэта была божая кара за Мэру? Няхай бы лепш дачка Мэра памерла, чым мець «гоя» за мужа...

Стары Лейба згорбіўся за гэты час, моцна пасівеў, яго вочы памутнелі. У іх з’явілася пастаянная палахлівасць, збянтэжанасць і сорам. Яму было сорамна перад усімі, што яго родная дачка за «гоем» замужам. У яго не выходзіў з памяці дзень выезду з вёскі. Тры вазы з бэбахамі тарахцелі па дарозе. Ён ішоў тады сумны за апошнім возам. Яго нехта нагнаў, нехта схваціў дрыжучымі пальцамі за кавальскую, яшчэ моцную, руку. Ён адчуваў на сваёй цвёрдай, загартаванай працай, руцэ мяккія, гарачыя пальцы. Ён пазнаў гэту руку... Пробаваў вырываць сваю, але не мог: другая чужая рука, мяккая і цёплая, у гэты час моцна абхапіла яго шыю.

— Татэ...— пачуў ён шэпт Мэры,— татэ...

— Ідзі ад мяне, паганая, чужая...

— Татынке...

— Авэк!2 — крыкнуў ён і вырваўся.

— Выбачай мяне, тата, я не магла іначай... Люблю Марціна. Усе людзі цяпер роўныя.

Яна плакала, ішла побач з ім, усхліпвала і гаварыла:

— Шкада мне цябе, татынке, што ты так блізка да сэрца гэта прымаеш, але ў мяне свая дарога ў жыцці. Я не магла іначай.

Ён у той час стараўся не глядзець на яе, бо каб зірнуў, дык пэўна сэрца разарвалася б...

— За твае грахі бог Рахмільку пакараў.

— Калі бог твой такі мсцівы, дык ведаць яго не хачу,— адказала Мэра і перастала плакаць.

— Авэк, чужая ты мне, а не дачка! Чужая ты і богу нашаму. Будзь проклята на векі вечныя...

Пры гэтых словах бацькі вочы Мэры высахлі ад слёз, твар пабялеў, губы сціснуліся і выпрастаўся яе стан.

— Чужы ты мне, а не тата! Не хачу такога жорсткага тату!

Ні Мэра, ні ён не заўважылі, як у гэтую хвіліну маці абхапіла Мэру... Маці тады затрымалася было ў вёсцы. Толькі цяпер ён дагадаўся, што старая пайшла пабачыць перад выездам родную дачку і вось тут знайшла яе пры ім, пры бацьку...

Маці з Мэрай доўга цалаваліся і плакалі. За гэта самае ён з жонкаю праз усю дарогу да мястэчка не гаварыў.

Часта Лейба да рабіна ходзіць, раіцца, што яму рабіць. Стары каваль даўно ведае рабіна. Памятае яго маладым з жаўтаватай бародкай, з бліскучымі вачыма невядомага колеру, маленькага, сухога, з жылістымі рукамі. Ён сам састарэўся разам з рабінам. Да рэвалюцыі рабін апрача пасады духоўніка, якая мала яму давала прыбытку ў невялікім мястэчку, меў яшчэ іншыя заробкі: яго жонка прадавала дрожджы, свечкі на «шабас» і мела скураны гандаль.

— Мне самому мала трэба! — гаварыў заўсёды рабін.— Досыць таго, што кагал дае. Рабініха скардзіцца, што мала на сям’ю. Ну няхай займаецца гандлем. Я тут ні пры чым. Гэта ўсё — рабініха!

Лейба так і зразумеў:

— Рабін мае справу з богам. Рабініха — з людзьмі.

У кожную суботу, калі ў мястэчку панавала цішыня адпачынку, калі на ганках скакалі козы і пасярод вуліцы гуляла гуртамі местачковая моладзь, тады старэйшыя збіраліся ў сінагозе паслухаць казанне рабіна.

Больш за ўсё рабін у казаннях напіраў на тое, што трэба шчыра богу маліцца, святкаваць шабас. Паводле рабінскага рэгламенту маліцца трэба чуць не цэлымі днямі, а глядзець за сям’ёю — галоўны абавязак жонкі! Яна за гэта ў раі будзе сядзець на падножжы крэсла «цадыка»3 — мужа.

На казаннях рабіна звычайна было вельмі мала людзей: некалькі старых мужчын і кабет. Моладзь працавала і ў «шабас» у розных саматужніцкіх арцелях. Крама адна за адной зачыняліся: з’ела іх кааперацыя. І крамнікі зазлаваліся на бога і таксама ў сінагогу не хадзілі. «Амерыканцы»,— якія атрымлівалі сродкі на жыццё з Амерыкі ад сваякоў, таксама не хадзілі ў сінагогу. Яны верылі толькі амерыканскаму богу...

— Памірае мястэчка,— скардзіўся рабін у сваіх казаннях.

А ў той жа час у саматужніцкім клубе таксама гаварылі аб смерці мястэчка.

— Памірае мястэчка! — даўно пара... Зробім тут вялікі калгас, фабрыку.

Радавалася моладзь смерці мястэчка.

Акуратна хадзіў у сінагогу каваль Лейба. Ён бянтэжыўся, калі з галёркі сінагогі, дзе сядзелі кабеты, раздаваўся, у акампанемент рабінскаму казанню, жаночы плач. Пры такіх казаннях заўсёды здавалася, што свет канчаецца, што божая кара знішчыць за грахі ўсё мястэчка... Але, на шчасце, кожны раз, як толькі міне шабас, рабінскае казанне забывалася да другога шабасу...

Цяпер стары Лейба ходзіць да старога рабіна на парады: што яму, старому Лейбе, рабіць...

— Нічога тут рабіць не зможаце,— пацяшае яго рабін.— Гэта боская кара на вас за грахі. Гэта «магэйфэ»4 у сэрцах дзяцей нашых. Яны з «гоямі» братацца пачалі. Паглядзіце, рэб Лейба, уся моладзь нашага мястэчка ахоплена пажарышчам бязбожжа і шмад5. Няма хаты, дзе не было б «мэс»6, бо бязбожнік усё роўна што мярцвяк. Няма сям’і, дзе сын або дачка не пажаніліся б з «гоямі». Гэты час напамінае мне бабілёнскае выгнанне, калі ў працягу некалькіх дзесяткаў гадоў яўрэі пазабывалі, што яны яўрэі. Яны браталіся з бабілёнцамі. Бальшавікі — тыя самыя бабілёнцы... Пры цару кожны з нас памятаў, што ён яўрэй. Цяпер, на жаль, многія аб гэтым забываюць... Дух «апікурсэс»7 запаланіў моладзь.

Ад рабіна стары Лейба выходзіць кожны раз з цяжкасцю на душы. Бальшавікоў ён называе бабілёнцамі. На суседзей, у якіх дзеці таксама пажаніліся з «гоямі», ён глядзіць, як на крэўных. Яму гэта служыць палёгкаю... Аднак нейкі болеч вечна шчэміць яго сэрца нават пры рабоце ў кузні.

У мястэчку ёсць ужо многія, якія не слухаюцца старога рабіна... Збяднелыя крамнікі і беспрацоўныя гандляры пачалі гаварыць аб земляробстве. Яны расказваюць навіны адзін аднаму, што нібы яўрэям зямлю даюць.

— Памірае мястэчка,— скардзіцца рабін.— Кааперацыя з’ядае яго, як ва сне цара Фараона худыя каровы з’елі сытых.



1 Кадэш — спецыяльная малітва за душу нябожчыка.

2 Авэк — адыдзі.

3 Цадык — праведнік.

4 Магэйфэ — эпідэмія, чума.

5 Шмад — калі яўрэй кідае сваю рэлігію.

6 Мэс — нябожчык.

7 Апікурсэс — бязбожніцтва.

42. МЭРА

[правіць]

Мэра, дачка каваля, адчувае, што самы блізкі ёй чалавек — Марцін, муж яе. Ад бацькоў Марцін аддзяліўся зараз жа пасля вяселля. Ён цяпер будуе новую хату. Хоць Марцін не дазваляе, але Мэра памагае яму ў рабоце. Рознымі спосабамі стараецца забыць, што яна «жыдоўка». Не гаворыць з бацькамі Марціна і рэдка сустракаецца з імі: яны называюць яе «жыдоўкай». Да збудавання хаты Марцін з жонкай перабраліся жыць у апусцелую хату яе бацькоў. Мэра палюбіла Марціна цяпер яшчэ болей, чым раней: ён — уся яе апора. Светлавалосы і сінявокі Марцін ёй падабаецца яшчэ дзеля таго, што выглядам не падобны да яе крэўных, да яе самой — чорнавалосай і чарнавокай. Яна святкуе цяпер дзень адпачынку не ў суботу, а ў нядзелю. Яе вабіць усё новае і чужое, не падобнае да яе ранейшага жыцця. Узрадавалася яна таксама, што бацькі выехалі з вёскі: «неяк лягчэй»... Не будзе бачыць цяпер таго вечнага суму ў бацькавых вачах пры сустрэчы з ім. Не будзе матка плакаць над ёю, як над нябожчыцай. Ды, наогул, вёска стала для Мэры вальней пасля выезду бацькоў. Раней Мэра бадай з хаты не выходзіла, каб не сустракацца з бацькамі, якія глядзелі на яе, як на злачынніцу. Аднак абразок развітання з сваімі, пракляцце бацькі зрабілі на яе моцнае ўражанне. Выгляд бацькі, плач маткі не выходзяць з яе памяці. Часцей за ўсё яна ўспамінае аб гэтым уночы і хавае ад мужа свае слёзы, свой жаль... Яна стараецца ўгаварваць сябе, што перад бацькамі невінавата, што кожны чалавек мае волю жыць так, як яму падабаецца. Якое права маюць бацькі над ёю? Ніякага выхавання яны ёй не далі. Яна ледзь умее чытаць і пісаць па-яўрэйску. На хлеб яна зарабляла ўласнаю працаю-шыццём з пятнаццацігадовага ўзросту. Праўда, бацькі яе выгадавалі, але ж і іх выгадавалі іхнія бацькі... Чаму ж гэта яна павінна цяпер рабіць тое, што ім прыемна?

Мэра пры гутарцы з мужам або з суседзямі гаворыць павольна, расцягла, бо яна думае па-яўрэйску, а гутарыць па-беларуску. Часам, калі чыста слова не выгаварыць, чырванее, саромеецца. Горш за ўсё з лічбамі: калі ёй часам прыходзіцца лічыць, дык прымушана шаптаць: «эйнэ, цвэй, драй, фір» і г. д. Тады яна не памыляецца і яе «матэматыка» беспамылковая, стройная і жывая. А як толькі прабуе гаварыць: «раз, два, тры, чатыры», дык да дзесяці ідзе гладка, а пасля пачынае блытацца, бо гэтыя словы з’яўляюцца для яе чужымі гукамі без усялякага сэнсу...

Мэра доўга змагаецца сама з сабою, з сваёю падвойнасцю: думаць на адной мове, а гаварыць на другой. Змаганне вельмі цяжкае — трэба выпіхаць, вырываць з карэннем назаўсёды сваё захаванае, прытоенае «я», якое яно ад маленства носіць у сабе; трэба вытруціць усё ранейшае, выпаліць агнём. Яе муж, Марцін, ад яе гэтага не вымагае. Яму якраз прыемна адчуванне, што жонка не такая, як усе вясковыя жанчыны. «Чужое», якое вабіць Мэру ў Марціне, падабаецца Марціну і ў Мэры...

Дзеля гэтага ў іх адносінах заўсёды адчуваецца празмерная далікатнасць, уважлівасць і абыходлівасць.

Бывае, Марцін, лічачы грошы пры Мэры, каб зрабіць ёй прыемнасць, гаворыць: «эйн, цвэй, драй».

— Ты з мяне жартуеш?! — крыўдзіцца Мэра.

— Не. Я хачу па-твойму гаварыць навучыцца...

Мэра з балючай падазронасцю паглядае тады на мужа.

Мэра сябе перамагае: пачынае хутка і вольна гаварыць па-беларуску. Словы яе як бы адшліфоўваюцца ў роце, апранаюцца ў яскравую напеўнасць, як у вясковых суседак, і выслізгваюцца, выскакваюць на вольны свет яскравыя, ядраныя, як спелыя слівы. Думаць на роднай мове яна перастае. Часам толькі паадзіночныя яўрэйскія словы лезуць у галаву, але яны растаюць у «мужыцкай» гутарцы, як сняжынкі ў вадзе. Яна прыслухоўваецца да акцэнтацыі слоў пры гутарцы з суседкамі і, як акторка, стараецца падрабляцца пад іх. Вуха яе надзвычайна абвастрылася, улаўлівае самыя малейшыя нюансы, вымовы, спеўнасці і расцягласці гукаў. І нібы музыка, які наладжвае скрыпку, яна кожны раз перад тым, як пачаць гутарку, падрыхтоўвае сябе... Напружваецца ўсім целам, губы і падбародак пры гутарцы болей чым у іншых кабет рухаюцца.

Здаецца, глухі чалавек толькі паводле рухаў яе губ мог бы адчуваць яе словы. Нават жэстамі рук і выразам вачэй яна падрабляе суседак. Выходзіць так, нібы яна не гаворыць, а дэкламуе, падкрэслівае асаблівасці вымовы вясковых і стараецца такім чынам стаць такою, «як усе»... Яе ідэал — да таго змяніцца, каб ніхто не мог і падумаць, што яна калісьці «жыдоўкай» была... Толькі адзін «каінаў знак» ёсць у яе — тыповыя яўрэйскія вочы (з выразам своеасаблівага суму) і чорныя валасы. Хаця на вёсцы бадай палова сялян мае чорныя вочы і валасы, але на тых ніхто б не гаварыў, што яны яўрэі: у выразе вачэй, ва ўсёй постаці відаць зусім іншае. Не тое ў яе, у Мэры...

— Колькі гадоў таму назад, калі палякі прыйшлі, калі яны здзекаваліся над яе бацькам, адрэзваючы яму бараду, яна пабегла да суседа-каталіка. Жаўнеры яе адразу пазналі. «Хоць жыдовачка, але слічна паненачка,— гаварылі яны.— Жыдув не церпім, а жыдовачак — о-го-го!»

Не любіць Мэра, калі яе называюць «Мэрай».

— Марыляй мяне завіце! — просіць яна.

У слове «Мэра» яна адчувае да сябе ганьбу, насміханне. І да розных насміханняў, з прычыны яе яўрэйскага паходжання, яна вельмі чулая. Вельмі часта западазрае насміханне над сабою, як над «жыдоўкай», нават там, дзе гэтага зусім няма...

— Мэра крыўляцца пачала,— гавораць часта суседкі пасля гутаркі з ёю, калі заўважаюць яе «акторскае» падрабленне пад сялянак.

Марціну гэта таксама не зусім падабаецца: Мэра з кожным днём траціць тую розніцу ад іншых вясковых кабет, якая вабіць яго, вельмі падабаецца яму...

Выходзіць так, што не яна, Мэра, робіцца падобнай да ўсіх вясковых кабет, але, з прычыны яе старанняў у гэтым падабенстве, яна згушчае фарбы да шаржавання і нібы вясковыя кабеты трохі да яе падобны...

Ад вечнага празмернага вырасходавання энергіі на такую рэч, каб зрабіцца гэткай, як усе вясковыя, нервы ў яе заўсёды напружаны. Яна раздражлівая, траціць часта кантроль над сабою, над сваімі ўчынкамі. Даходзіць да таго, што нават мужу забараняе называць сябе Мэрай.

— Каб я болей ад цябе гэта не чула,— кажа яна гнеўна.— Заві мяне Марыляй! Чуеш? Я сама жыдоў не люблю!..

— Калі так,— іранізуе над ёю Марцін,— дык скажы гэта майму бацьку. Ён вельмі абрадуецца, прыгорне цябе, як родную дачку...

— Адыдзі ад мяне разам са сваім бацькам! Калі жыды табе падабаюцца, дык ідзі да майго бацькі, будзеш у яго сынам...

— Досыць, Мэр... Марыля, глупства гаварыць! Усе людзі роўныя. Няма цяпер ні жыдоў, ні мужыкоў. Ты, мабыць, такія выбрыкі робіш таму, што пачала салёнае есці... Усе цяжарныя бабы злосныя.

Цяжка Марціну... Ён успомніў другую яўрэйку ў суседняй вёсцы. Соркай завуць яе. Тая таксама жыве з беларусам. Сорка імя свайго не саромеецца, не ламаецца, не стараецца меняць свайго аблічча. Навучыла мужа гаварыць па-яўрэйску і ніякіх пакут не адчувае з таго, што яна яўрэйка. Усе вяскоўцы любяць яе. Тая жартуе, што і муж яе яўрэем зробіцца.

І цікавая рэч, выглядам сваім Сорка зусім да яўрэйкі не падобна: сінія вочы, светлыя валасы. Яна кожнаму пры любым выпадку напамінае аб тым, што яна яўрэйка...

Вось гэткай Марцін хацеў бы бачыць і сваю Мэру...

— Можа, з часам зробіцца такой,— думае ён.— А пакуль што трэба цярпець, трэба маўчаць і чакаць.

А Мэра, з прычыны змагання з самою сабою, сапраўды чуць не антысеміткай зрабілася.

За апошні час Мэра стала яшчэ прыгажэйшай, чым раней. Пастаянная напружанасць, настарожанасць надаюць яе твару новы выраз. Твар трохі схудаў, і нервовая ружовасць гарыць на яе шчоках. Новыя жэсты, сялянская вопратка, каляровая ў яркіх кветках, якую яна носіць замест ранейшай чорнай або белай вопраткі, стрыжаныя чорныя валасы надаюць ёй шмат арыгінальнасці і своеасаблівай прывабнасці. Яна хоча гэтым усім зрабіцца падобнай да іншых тутэйшых кабет, не вызначацца. Выходзіць наадварот...

Такой сустрэў яе аднаго разу Язэп Крушынскі ў лесе, дзе ён выбіраў пні на новы свіран.

Мэра ішла па сцежцы ўстрывожаная, гаварыла сама з сабою і не заўважыла Крушынскага.

— Мэра! — клікнуў ён.

Яна ўздрыганулася ад неспадзеўкі і запыталася па-яўрэйску:

— Вос?1

— Што ты, Мэра, адна ходзіш па лесе?

Мэра спынілася.

— Уцякаю, пане Крушынскі.

— Куды? Ад каго?

— Куды — сама не знаю. Ад мужа ўцякаю. Не магу тут жыць. Стары, бацька яго, назваў мяне «жыдоўкай». Яны між сабою доўга сварыліся, і Марцін свайго роднага бацьку пабіў.

— Ат! Глупства! Мала што бывае ў сям’і. Не зварочвай увагі, Мэра. Усё наладзіцца.

Сквапнымі вачыма Крушынскі аглядае яе прыгожую постаць. Яе новая манера гаварыць яму вельмі падабаецца.

Яны селі на старым вываратні — бярозе. Вакол рассцілаецца мяккі мох. Хоць сонца няма, але дзень удаўся цёплы, лагодны. Пахне вільгаццю і грыбамі. Блізка ад іх дзяцел длубае асіну. Мэра моршчыцца ад непрыемнасці. Яна ўспамінае стук малатка ў кузні, роднага брата Рахмільку... Агортвае такі вялікі жаль, ажно яна пачынае голасна плакаць. Крушынскі прабуе яе пацяшаць. Нічога не памагае. Яшчэ мацней плача. Прыкра. Не ведае, як супакоіць яе. Прабуе ласкаць, гладзіць па галаве і шыі, як маленькую дзяўчынку. Гэта памагае. Мэра ад голаснага плачу пераходзіць да ціхага ўсхліпвання і туліцца да Крушынскага... Яе цёплае дыханне, мяккія белыя ручкі ўзгарачылі яго кроў. Ён пачынае яе цалаваць. У яго ў гэтыя хвіліны выгляд агіднага звера.

Доўга змагаецца з ёю...

. . .. . . . . .. . . . . . . . . . . . . .


Яна застаецца ляжаць на пухкім моху каля бярозы. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Пах грыбоў казыча ноздры.

З гадзіну ляжала Мэра на адным месцы, як нежывая. Потым пачула галасы. У лесе пераклікаліся людзі.

— Грыбы збіраюць,— была першая думка Мэры за ўвесь час. Да гэтага моманту галаву ахапіла пустата, нібы яе хтосьці аглушыў, нібы яна ўпала з вышыні і моцна пабілася.

Мэра ляніва паднялася з зямлі, паправіла валасы, вопратку, атрэсла з сябе мох і ціха, каб ніхто не заўважыў, пайшла з лесу.

У вушах звінела. Здавалася, што гэта стукат Рахмількавага малатка аб кавадла.

«З-з-з-з» — раздаваўся вакол ціхі звон.

Гэта каля рэчкі гудзелі чмялі, мухі, шумелі конікі.

Мэра ішла да рэчкі, не аглядвалася па баках. Ззаду, з лесу, да яе даляталі галасы:

— Марыля! Марыля! У грыбы пойдзем! Сёння баравікоў многа.

Мэра не адварачвалася.

«Усё роўна...»

Ні аб чым не думала. Страшна было думаць. Толькі ў вушах звінела. «Дзззынн-н». Нібы водгаласак моцнага ўдару.

Яна падышла да рэчкі. Ведала, дзе глыбокае месца пад назваю «Вір». Не заўважыла, што за ёю ўслед ідуць хлопцы і дзяўчаты з кошыкамі, поўнымі баравікоў.

Мэра кінулася з высокага абрыву.

Яе выцягнулі адразу. Яна стаяла ў мокрай вопратцы і дрыжэла ад холаду. На людскі крык прыбегла многа народу. З’явіўся і Марцін, які ўжо даўно яе шукаў.



1 Чаго?

43. ЗАВЯРЦЕЛАСЯ, ЗАКРУЦІЛАСЯ

[правіць]

Та-та-та, та-та-та. Гэта дождж па шыбах. Ён аплёў вільготнай сеткай увесь абшар. Нізка над зямлёй вандруюць мутныя хмары. Бяроза пад акном стаіць у вялікай лужы. У хаце «Льва Талстога» ў цёплы поўдзень змрочна. Гэта яшчэ невялікая бяда, але мухі старому супакою не даюць. Яны гудуць пад столлю. Паўзуць па сценах, па стале. Іх усюды. Лезуць старому на твар, у вочы. Яны вельмі надакучлівыя і куслівыя сягоння.

«Леў Талстой» пры стале з акулярамі на носе ў палоне ў мух і не ведае, дзе дзецца.

Нарэшце ён рашуча падняўся з месца, зняў з паліцы свой твор пад назваю «Летапіс вёскі Гайдачаны», накінуў па плечы світку, выйшаў на двор і пабег у пуню.

Дождж быў цёплы. Нават прыемна было старому пастаяць пад дажджом, але ён баяўся, каб кніга не змокла. Ён расчыніў вароты пуні, сеў на маленькім зэдлічку, які тут заўсёды стаяў спецыяльна для яго «летняга кабінета», і разгарнуў на каленях кнігу. Кроплі дажджу папалі на белыя лісткі. Ён старанна выцер і адсунуўся на больш сухое месца.

Рупіла яшчэ раз прагледзець, што ўпісаў сюды нядаўна.

«Леў Талстой» пачаў ціхенька чытаць:

«Часам апусціцца на зямлю такая раніца, якая прыносіць усяму дню нешта новае і нечаканае. Не толькі аднаму дню, але тыдням, месяцам, а нават і гадам. Так. Не толькі для аднаго чалавека, а для цэлай грамады. Трэба прызнацца, што не раніца сама па сабе гэтаму прычынай, а новыя людзі. Так.

Такая раніца ўбачыла мяне сваімі ўласнымі вачыма. Раніца была вясёлая, сонечная, з расою на траве, з кароткім ценем пад маёй бярозай — беланогай і зеленакудрай, як цяперашнія выражаюцца. Так.

Я стаю сабе пры акне і трымаю гэту самую кнігу ў руках. І вось на суседнім Марцінавым дварэ пачуліся гучныя галасы, жвавая гаворка. У такіх справах я заўсёды прымаю ўдзел. Можа, трапіцца матэрыял для маёй кнігі. Так.

Выскачыў я на двор з кнігаю ў руках, акуляры пасунуў на лоб і пабег да суседа. Бачу — чырвонаармейцы (двое іх) стаяць на дварэ. Я сур’ёзна на іх паглядзеў: чаго ім тут? Яны на мяне спачатку таксама сур’ёзна паглядзелі, а пасля не вытрымалі сур’ёзнасці і засмяяліся.

— Не пазнаеш нас, «Леў Талстой»?

Па голасу я іх адразу пазнаў.

— Гэта ж Марцінаў сын?

— Той самы!

— А другі Барысёнак?

— Ён!

Тады я з імі вітаюся. Гутару. Бяру іх на цыгундар. Жвавыя хлопцы.

Яны жартуюць з маёй, па-іхняму жартаўлівай, асобы!

— Наш дзівачок!

— Наш мудрачок!

— Наш сівабароды Талстой!

— У яго чатыры вокі!

Я не крыўджуся. Яны ж гэта не са зла. Так.

І скуль у іх гэтулькі радасці бярэцца? Жартуюць, смяюцца, сыпнуць туды слова, сюды слова, аднаму, другому, трэцяму. А ў вачах такія гарачыя іскрачкі, а зубы блішчаць. Гайдачан шмат налезла. Кожнаму цікава. Каб не пакрыўдзіць суседзяў, трэба нешта кожнаму сказаць. Так.

Разам паехалі гэтыя хлопцы два гады таму назад, разам вярнуліся. Папаўнелі, пазграбнелі. Зусім іншыя людзі. Як бы дзесяць год іх не было дома. Паехалі хлапцамі, а вярнуліся мужчынамі — сталымі, разумнымі людзьмі. Так.

Не паспеў я добра аб гэтым пакумекаць, як адзін пайшоў у хату, а другі, Барысёнак, ускінуў чамадан на плечы і дамоў з бацькамі. Людзі — хто куды. Дзень толькі што пачаўся. Трэба працаваць. Так.

Мне, як я не раз успамінаў, стукнула за шэсцьдзесят год. Бачыў я часта, як з царскай салдатчыны варочаліся дамоў нашы гайдачане. Некаторыя варочаліся не людзьмі, а нейкімі мардасамі. Многія сталі такімі бзікаватымі, што ліха іх ведае. Салдатчына людзей калечыла, тоісь, іхнія характары. Доўга чухаліся гайдачанскія салдаты, пакуль уваходзілі ў ранейшы чалавечы стан. Так.

А нашыя чырвонаармейцы? — Не!

Я да іх пасля добра прыглядаўся.

Так. Яны, здаецца, засталіся такімі самымі. Пайшлі ў той жа дзень працаваць, як усе іншыя гайдачане. Так.

Два чалавекі прысталі да іх адразу і не адставалі ні на крок. Я і Антось Драчык.

Я збіраў матэрыял для «Летапісу». Так.

Антось Драчык скардзіўся ім на тое, што праўда ў загоне. Так.

Чырвонаармейцы, Хвёдар і Змітрок, рубанулі адразу, як сякерай:

— Мы цябе, «Леў Талстой», шануем за граматнасць, хоць ты і ў земскага пісарам быў. Каб не такая твая кручаная галава, дык гайдачане маглі б выкарыстаць тваю граматнасць для вобчаства. Думаем, што рэвалюцыя выветрыла земшчыну з тваёй сівой балбэшкі.

Трэба прызнацца, доўга думаў я над гэтай псіхалагічнай характарыстыкай. Так.

А вось што сказалі яны Драчыку:

— Твая шчырасць — рэч добрая. Гарачнасць, але ў меру, таксама карысць прыносіць. Толькі ўся твая бяда ў тым, што ты адзін, як пень. Ты без масы. З усімі вечна ў сварцы. А змагацца з такімі Крушынскімі трэба грамадою. Тады нешта выйдзе.

Чырвонаармейцы, Хвёдар і Змітрок, пачалі прыглядацца да гайдачан, да іхняй працы, да іхняга марнага жыцця. Так. Трэба прызнацца, выглядала, нібы яны не бачылі гайдачан не два гады, а дваццаць. Я сваёй псіхалогіяй зразумеў іх. Хвёдар і Змітрок да Чырвонай Арміі самі былі, кажучы напрыклад, як сляпыя. Цяпер толькі відушчымі сталі. Вось і ўгледзелі гайдачанскую цемнату. Так.

Як угледзелі, дык не адступіліся. Першым крокам яны пачалі ладзіць сходы. Тлумачылі яны, тоісь, не сходы, а чырвонаармейцы на сходах, што аднымі раздумамі і скаргамі тут нічога не зробіш.

— Трэба арганізаваць масы, трэба нешта рабіць,— гаварылі вышэйпамянёныя. Так.

Я быў сакратаром на сходах, а Антось Драчык гарачыў сходы сваім «карактарам» і шчырасцю. Ён, аб чым бы ні гаварылі Хвёдар і Змітрок, першым выступаў у спрэчках. Каб не Драчык, сходы не былі б такімі цікавымі. Ён быў для іх як бы хмелем для піва, запалкамі для сухой саломы. Так.

Гайдачане пачалі ўсё больш і больш цікавіцца гэтымі сходамі. Хітра (у добрым сэнсе гэтага слова) Хвёдар і Змітрок вялі сходы. Спачатку абдумана выступалі з дакладамі, а я абдумана запісваў. Цэлую кучу пратаколаў напісаў. Так. Трэба прызнацца, на паперы земскага начальніка. Часам і земскага контррэвалюцыйнага начальніка рэвалюцыя можа выкарыстоўваць. Так.

З аднаго боку, сходы служылі нейкім моцным клеем для склейвання разрозненых гайдачан у адну склееную масу. Так.

З другога боку, сходы служылі нейкім вострым склютам, які рассякаў гайдачанскіх грамадзян на кучы і кучачкі. Так.

Хвёдар і Змітрок так лоўка вялі сходы, так слаўна цягнулі людзей за языкі, ажно проста люба было. І прыяцелю і ворагу давалі слова. Так.

Калі я пытаўся ў іх — навошта даваць слова ворагам рэвалюцыі і працоўных, яны, Хвёдар і Змітрок, тлумачылі:

— Каб ведаць, чым чалавек пахне, чым дыхае.

У «словах» нашых грамадзян на сходах выяўляліся фізіяноміі розных асоб, тоісь, іхнія псіхалагічныя погляды на рэвалюцыю і яе дзеянні. Так.

У «словах» вызначаліся людзі.

Як кулакі, вызначаліся Янка Фалькевіч, Сымон Гарбочык, Антон Сініца і яшчэ некалькі гайдачан. Гэтыя з першага сходу склеіліся ў адно, і ніяк іх не разлучыш. Яны пачалі перацягваць людзей на свой бок рознымі хітрымі (у кепскім сэнсе слова) слаўцамі, гарэлкай, пазыкамі збожжа і грошай на адработак. Так.

На чале беднякоў супроць кулакоў стаяў Антось Драчык і, вядомая справа, Хвёдар і Змітрок. Так.

Часам кулакі былі саломай, а беднякі запалкамі, а часам наадварот. Псіхалагічны пажар, трэба прызнацца, быў аднолькавы: гайдачане крычалі на розныя галасы, сварыліся, лаяліся, гарэлі вочы рознымі агнямі (і рэвалюцыйнымі, і контррэвалюцыйнымі), далоні згібаліся ў кулакі і ледзь другую нагу не выкруцілі Антосю Драчыку. Так.

Калі я часам пытаўся ў Хвёдара і Змітрака, навошта такі тарарам, дык яны мне на гэта:

— Гэтага не абмінеш. Такім чынам выяўляецца хто нашы, а хто не нашы. У рэвалюцыі заўсёды гэтак.

Выйшла, што маладыя мяне, старога, вучылі. Я на іх не крыўдзіўся. Яны па дабраце вучылі мяне. Хацелі граматнага чалавека ў справу ўцягнуць. Так.

У выніку ўсяго гэтага зарганізавалі спачатку малочнае таварыства, рыхтаваліся да арганізацыі меліярацыйнага таварыства, гаварылі пра пажарную каманду і яшчэ шмат аб чым. Так.

Каб апісаць падрабязна, як зарганізавалася малочная арцель, дык на гэта патрэбна спецыяльная кніга земскага, але мне ўжо сёмы дзесятак пайшоў і не паспею.

Многа было клопатаў з начальствам, пакуль дасталі лесу на будову, рубка, возка, будаванне і г. д. і г. д. Гуртам збудавалі невялічкую хатку для малочнага т-ва, купілі машыну, розныя прылады, нанялі майстра і давай фабрыкаваць масла. Так.

Люба было глядзець, як па некалькі разоў на дзень гайдачанкі насілі малако ў таварыства, як адзін малады дзяцюк (у мястэчку вучыўся) мерыў малако, правяраў на аналіз і запісваў. Я памагаў яму сваёй граматнасцю рахункі правяраць. Павесялелі бабы і дзяўчаты. Збіраюцца каля новай хаткі, гу-га! гу-га! кепікі строяць і туды і сюды. Раздабрухаліся і нашы мужчынкі. Лагода ў вачах з’явілася. Старшынёю таварыства не хто іншы, як Антось Драчык. Так.

Трэба прызнацца, кулакі не насілі малака ў таварыства. Яны хадзілі навокал новай хаткі панурыя і злосныя, як ваўкі, высмейвалі людзей і трывожылі, як толькі маглі:

— Вас абкрадуць. Ні самі малака есці не будзеце, ні грошай мець не будзеце.

Аж пазелянелі яны, пад назваю кулакі, за гэты час.

Хвёдар і Змітрок тым часам сваё робяць: пачалі гаварыць пра хату-чытальню з кнігамі, газетамі і радыё, пра калгас. Так.

Сходы як сходы. А вось адзін сход, трэба прызнацца, варта тут хоць трохі апісаць.

На гэтым сходзе ў Марцінавай хаце Хвёдар зрабіў даклад аб тым, каб арганізаваць у Гайдамаках калгас. Судакладчыкам выступіў Змітрок. Я выступіў, тоісь, запісваў як сакратар. Так.

Потым выскачыў Антось Драчык. Ён гаварыў коратка, але моцна. Кожнае слова лезла ў галовы гайдачан, як жалезны цвік. Трэба прызнацца, што я запісваў слова ў слова. Драчык так крычаў:

— Таварышы! Даўно пара! Чаму мы дагэтуль марнелі? Чаму? Правільна сказаў таварыш Хвёдар! Шчыра гаварыў таварыш Змітрок! А я, таварышы, люблю правільнасць! Люблю шчырасць! Люблю і да смерці любіць буду!

Тут з гайдачанскага натоўпу бухнулі галасы:

— Ведаем тваю гультайскую шчырасць!

Голас Антона Сініцы.

— За шчырасць нагу табе выкруцілі!

Голас Янкі Фалькевіча.

— І галаву адкруцяць!

Голас Сымона Гарбочыка.

— Ціха вы там! Вывядзем са сходу! — пагражаў прэзідыумскі Хвёдар.

Калі трохі супакоіліся, зноў грымнуў Драчык:

— Гэтым кулакам-крывапійцам не падабаецца, што мы па-лепшаму жыць захацелі? Ім хочацца, каб нашыя бабы вечна ім задарма жыта жалі! Ім хочацца, каб за пазычаны вясною пуд бульбы ім вечна касілі?

Драчык стукнуў сабе кулаком у грудзі і з яшчэ большым азартам закрычаў:

— Н-не! Больш гэтага не будзе! І мы па-людску жыць хочам! І мы!..

Тут яго голас патануў у кулацкіх галасах. Кулацкія вочы гарэлі ненавісным контррэвалюцыйным агнём ворагаў савецкай улады. Так. Яны скрыгалі зубамі і перакрыквалі адзін аднаго:

— Гультай!

— П’яніца!

— Паншчыну вярнуць хочаш!

— Ты ж сам на каленях жыта прасіў вясной!

— Не няволім! Не хочаш, не бяры!

— Вось і падзяка за дабро!

— Мы працуем, дык і маем!

Тут прэзідыумскі Хвёдар загадаў:

— Вывесці іх адгэтуль!

Кулакі вышчарыліся:

— Ты, малакасос, не брыкайся!

— Старэйшыя мы за цябе!

— Самі пойдзем!

І, шапнуўшы нешта двум-тром, Фалькевіч, Сініца і Гарбочык выйшлі са сходу.

Зноў Драчык узяўся за сваё слова:

— Таварышы! Не слухайце, што свалата брэшыць! Кулакі баяцца, каб у іх зямлі не адрэзалі. Ім неспадручна, каб у нас быў калектыў. Яны не хочуць траціць дармавых парабкаў! Сягоння ж трэба пісацца ў калектыў! Зараз! Чакаць няма чаго! Хвёдар і Змітрок кажуць, што ў нас будуць машыны! Лягчэй будзе жыць! Пішыцеся!

Проста ён гаварыў і коратка. Гаварыў ад усяго сэрца. Так.

Цікава было ў тыя хвіліны глядзець на яго самога (я глядзеў). Ён увесь як бы новым, іншым чалавекам стаў. Вочы наліваліся полымем рэвалюцыі. Іскры сыпаліся з яго вачэй ва ўсе бакі, на ўвесь гайдачанскі сход. Людзі гарэлі, тупаліся ў цеснай хаце і таксама рваліся гаварыць. Постаць Драчыка ў той час выпрасталася. Непрыкметна была яго крывая нага, выкручаная за шчырасць. Босыя, чорныя, патрэсканыя ногі стаялі моцна. Так. Нават парваная кашуля яго выглядзела прыгожым убраннем. Вось як чалавека перайначвае шчырасць. Вось калі яго шчырасць, над якою з малых год здзекаваліся людзі, знайшла водклік у сэрцах гайдачанскай беднаты.

Гайдачане крычалі:

— Ура, Драчык!

— Правільна!

— Малайчына Антось!

— Сып яшчэ!

— Во так!

— Лоўка!

Драчык больш гаварыць не мог. Усхваляваўся, успацеў.

— Дайце мне сказаць! — прасіў адзін з грамады.

— Слова просіце, таварыш Лаўронак? — запытаўся прэзідыумскі Хвёдар.

— Не слова, а сказаць хачу! Многа слоў! Адным словам, апрача кароткай лаянкі, нічога не скажаш!

Хіхікнулі па кутах людзі.

Прэзідыумскі Хвёдар тонка ўсміхнуўся.

Тут я не выцерпеў, паправіў акуляры на носе, падняўся з сакратарскага месца і давай педагагічна тлумачыць Лаўронку, што такое за яно — «слова» на рэвалюцыйных сходах:

— Слова не значыць адно, тоісь, слова, а, трэба прызнацца, многа слоў. Так. Я гэта, каб іншыя ведалі, з педагагічнага і адваротнага боку. Так. Калі прэзідыум дае слова, дык...

Прэзідыумскі Хвёдар пацягнуў мяне за рукаво. У мяне ў горле перасохла, і я сеў. Так.

Увесь сход зарагатаў. Смяяліся ўсе і ў прэзідыуме. Толькі я адзін сур’ёзна маўчаў і ўзяўся рукою пацягваць сваю сівую бараду, нібы яна была вінавата...

Прэзідыумскі Хвёдар ледзь супакоіў сход і сказаў:

— Слова даецца таварышу Лаўронку!

Я заўважыў раней, што з гэтым Гаўрылам Лаўронкам вёў каля дзвярэй пашаптушачкі Антон Сініца. Я цяпер навастрыў вушы і нацэліўся пяром у паперу. Так. Тым часам Гаўрыла Лаўронак соваўся бліжэй да прэзідыумскага стала. Ён праціскаўся спешна адным бокам і другім, туды і сюды. Ён прабіваў сабе дарогу праз жывы густы і камлісты лес гайдачан і гайдачанак. Так. Яго чырвоныя ад патугі вочкі былі вільготныя. Здаецца, зараз плакаць пачне. Зморшчаны твар маленькі, рэдзенькія вусы і бародка скалмачаныя, смешныя. Сам у залатаным кажуронку, у лапцях на босыя ногі. Адсапнуўся ён, як пасля цяжкай працы, і пачаў гаварыць ціхенька, як сакрэт, мурлычачы па-кацінаму:

— Браткі. Мы ўсе добра ведаем, што савецкая ўлада хоча нам дабра.

А тут крыкі:

— Нічога не чуваць!

— Галасней!

— Не гаўрыль, Гаўрыла!

Лаўронак аглядаўся па баках, разняў рукі як для бласлаўлення народа і змоўк. Пры гэтым зірнуў на прэзідыумскі стол жаласлівымі вачыма. Трэба прызнацца, яму дапамог прэзідыумскі Хвёдар:

— Гавары ўголас, моцна гавары, таварыш Лаўронак! А вы там цішэй! — звярнуўся Хвёдар да масы.

Гайдачанская маса навастрыла вушы. Над людскімі галовамі стаяў сінім воблакам махорачны дым. Было душна. Усе так разапрэлі, што пот цурком ліўся па тварах.

Лаўронак выцер пот з твару рукавом і давай настаўляць свой галасавы струмент: хмык-хмык-хмык. Гэта ён так кашлянуў. Ад хмыкання ён перайшоў у рэзкі пісклівы крык. Так. Вось ён пачаў:

— Браткі! Савецкая ўлада дбае аб нас! Мы ёй вельмі ўдзячны! Калектыў, гуртам, талакою працаваць можна, і добрая рэч гэта. Але хто яго ведае? Жонкі нашы пачнуць сварыцца між сабою, не падзеляцца. Раз! Ды мужчыны самі, хто іх ведае, адзін направа паверне, другі налева. Два! Ды наогул, можа, будзе вайна. Гавораць жа аб гэтым, што Польшча на нас ідзе. Усіх, кажуць, калгаснікаў перарэжуць. Тры!

— Маніш! — крыкнуў Драчык.

— Лаўронак правільна кажа! — запішчэла некалькі баб.

— Дык вось, браткі, я і кажу. Пачакаем з калектывам! Пабачым, як іншыя будуць рабіць. Гэта чатыры! Мы ж, ды нам, ды гэта ж ёсць людзі разумнейшыя за нас! Ніхто ж сабе кепскага не хоча. А то кажуць, ды мала што кажуць! Я чалавек цёмны. Гавораць, што паншчына вернецца да нас. Раз! Ды там бабы будуць агульнымі ў калектывах. Два! Ды я... што я? А вось што выгналі са сходу нашых суседзяў, кепска зрабілі. Тры! Што ж яны! Яны працуюць, дык і маюць. Пры савецкай уладзе так не палагаецца выганяць людзей. На то слабода нам дана, каб кожны мог слабодна казаць. Раз! А з калектывам, я кажу, трэба пачакаць. Два! Паспеем! Зямля ад нас не паплыве з-пад ног, а будынкі не ўцякуць, як стада авечак. Тры!

У час прамовы Лаўронка Антось Драчык і яшчэ хтосьці крычалі:

— Сволач!

— Падкулачына!

— Кулакі падкупілі!

— Вон яго, Гаўрылу!

— Вон!

А Лаўронак, як увайшоў у стос, дык мог бы гаварыць і да раніцы. Ён гаварыў:

— Браткі! Зноў кажу, трэба пачакаць. Раз!

«Два»...— грымнуў Драчык над самай галавою Гаўрылы, схапіў прамоўцу за каўнер і павалок да дзвярэй. Той драпаўся рукамі, брыкаўся нагамі — нічога не памагло.

Трэба прызнацца, шум стаяў вялікі. Хто смяецца. Хто лаецца. Хто за Лаўронка. Хто за Драчыка. Крычалі ўсе. Як бы на гайдачан шаленства напала, нейкі дурнап’ян. Як ні стараўся прэзідыумскі Хвёдар, а гайдачан супакоіць не мог. Калектыўную справу адлажылі да чарговага сходу.

Пасля гэтага гайдачане былі ўзварушаны некалькі дзён. Крычалі, спрачаліся. У людзей раскруціліся языкі. Нават самыя маўклівыя загаварылі. Нібы здарылася нешта такое, што бывае раз у сто год. Так.

Толькі я стараўся не блытацца ў гісторыю. Мая хата з краю і гэтак далей. Трэба прызнацца, я толькі збіраў матэрыял для сваёй кнігі. Цёплыя дні, пагодныя і ясныя, як люстэркі, ішлі павольным крокам. Падсоўвалі другі сход аб калектыве. Так.

У гэтыя дні ні Антон Сініца, ні Сымон Гарбочык, ні Янка Фалькевіч, ні Гаўрыла Лаўронак людзям на вочы не паказваліся. Кожная з вышэйупамянёных асоб сядзела ў сваёй шчыліне, скрыгатала зубамі ды толькі думала аб адным: як адпомсціць гайдачанскай беднаце. Так.

Па кутках вёскі разлягаліся тры хутары-павучкі. Добрыя дамы з верандамі, з бэзам пад вокнамі, садочкі. Сытая малочная скаціна, добрыя коні ў стайні, маляваныя брычкі. Кожны хутар — каля дваццаці дзесяцін зямлі ў адным кавалку. Падобныя былі гэтыя тры хутары адзін да аднаго, як тры дажджавыя кроплі. Так.

Трэба прызнацца, гэтыя хутары належалі да трох вышэйпамянёных, тоісь, Фалькевічу, Гарбочыку і Сініцы. Заўсёды ў госці хадзілі яны толькі адны да адных. З вяскоўцамі мелі выключна гаспадарчыя справы: касьба, жніво, служанка, пастух, парабак, адработак за розныя пазыкі — і ўсё. Так.

З даўніх часоў вяскоўцы прывыклі да хутаран. Як вёска, так і хутары называліся Гайдачаны. Так.

З пачатку рэвалюцыі я наглядаў за гайдачанамі. У адносінах паміж вяскоўцамі і хутаранамі ўгледзеў цікавую рэч. Не было ніводнага выпадку, каб вяскоўцы з хутаранамі разам радаваліся б альбо разам сумавалі. Калі хочаш ведаць, хто з кім у прыязні, якія людзі злучаны ў адну масу, глядзі, хто з кім разам радуецца, хто з кім разам сумуе. Так.

Гэта бывае тады, калі шчасце адных з’яўляецца шчасцем другіх, калі гора адных — гора другіх. І вось паміж вяскоўцамі і хутаранамі было з адваротнага боку: шчасце адных было горам другіх, гора адных — шчасцем другіх. Так.

Вяскоўцы і хутаране ўпадобіліся старасвецкім шалям: адзін канец угару, другі ўніз — і наадварот. Так.

Давайце лічыць па пальцах.

Першы палец. Бальшавікі забралі ўладу ў свае рукі — радаваліся вяскоўцы, сумавалі хутаране.

Другі палец. Прыйшлі немцы — радаваліся хутаране, сумавалі вяскоўцы.

Трэці палец. Бальшавікі зноў вярнуліся — радаваліся вяскоўцы, сумавалі хутаране.

Чацвёрты палец. Прыйшлі польскія паны — радаваліся хутаране, сумавалі вяскоўцы.

Пяты палец. Прагналі паноў — радаваліся вяскоўцы, сумавалі хутаране.

Вось і пяць пальцаў выйшла — адна рука. У гэтай руцэ вы знойдзеце неаднолькавыя радасці і смуткі людскія.

Але вернемся да трох хутароў. У летнія ночкі пасля сходу не спалася хутаранам. Ад хутара да хутара вастрыў пяткі Гаўрыла Лаўронак. Падміргне чырвонымі вочкамі аднаму, шапярне слаўцо другому, лезе намазаным языком да трэцяга і зноў спачатку. Так.

Ціхія былі гэтыя ночкі, тоісь, у прыродзе.

Заўсёды з лета на восень у нас такія ночы бываюць. У гэты час я не сплю. Вылезу белай барадою ў цёмную ноч і сяджу пад бярозай. А ноч цямнюткая, што проста на самога сябе наткнешся і не заўважыш. У вокнах даўно няма святла. Людзі спяць. Спяваюць пеўні. Калі-нікалі брахне сабака. А цяплынь такая, што проста па костачках соладзь праходзіць. Так.

Вось сяджу я, гляджу перад сабою і нічога не бачу. Толькі слухаю, як шапочуць лісты на бярозе.

Гляджу я так і раптам сярод цемры бачыць пачаў. Толькі што быў сляпым, а вось відушчым стаў...

У канцы вёскі нешта свеціцца...

— Што гэта? — крыкнуў я сам сабе.

Працёр вочы, зірнуў у другі раз...

Свеціцца... Падняўся ва ўвесь рост і выйшаў на вуліцу. Свеціцца...

А тут чую, нехта крыкнуў:

— Пажар! Пажар!

Я разбудзіў хатніх і бягом на пажар, у бок малочнага таварыства. Тут толькі я ўспомніў, што ў Гайдачанах няма яшчэ пажарнай каманды. (Хвёдар і Змітрок, праўда, аб гэтым гаварылі.) Гайдачане бягуць у канец вёскі. Я тупаю разам з іншымі.

— Пажар! Пажар!

Страшныя гэтыя крыкі спалоху на вёсцы. Жудасны вясковыя пажары. Людзі не ведаюць, што рабіць. Схопіць чалавек старыя лапці, а новы кажух пакіне агню. Выцягне старыя санкі, а ў хлеве застаецца скаціна. Бабы галосяць, гаспадары рвуць сабе валасы і не ведаюць, што рабіць. Тым часам агнёвыя каршуны перакідваюцца ад страхі да страхі...

— Пажар! Пажар!

У мяне стрымліваецца дыханне. Сэрца тук-тук-тук. Вось зараз выскачыць. Млеюць вочы. Рот у мяне разяўлены. Грудзі — кавальскія мяхі. Мне цяжка. Барада і то здаецца пудовай кудзеляй. На маім карку не шэсцьдзесят, а сто шэсцьдзесят год...

— Пажар! Пажар!

Гайдачане лямантуюць, войкаюць. Хто лаецца матам, хто чортам, хто богам. А хто скруціць гэтае псіхалагічнае дабро чалавечай злосці і страху ў адно цэлае.

— Пажар! Пажар!

Галасы хрыплыя. Я нібы сплю, а гэта ўсё сон. Хутка прачнуўся. Ва ўсіх дварах выюць сабакі. Папаў у паласу пажару, у крывава-яркі круг... Гэта ж калі пачнецца вецер ды кінецца на вёску, тады... Страшна...

— Пажар! Пажар!

Крык слабы, слабы. Мне здаецца, што гэта нехта крычыць за вярсту адгэтуль. Крычу я сам... Галасы людзей зліты ў адзін несупынны дзікі лямант:

— Гу-гу-гу! У-у-ух-ух!

Слоў тут не разбярэш. Але прыслухоўваюся ўсё пільней і чую каманду. Трэба прызнацца, зноў жа Хвёдар і Змітрок верхаводзяць.

— Багром за бярвенне! — крычыць Хвёдар.

— Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок.

Полымя шугае. У людзей твары чырвоныя ад бляску. На вопратках грае водсвет агню. Гайдачане мітусяцца, раскідваюць будыніну.

Я сеў воддаль ды гляджу. Трэба прызнацца, пакуль прыбег, надта змарыўся. Магу толькі адно рабіць — глядзець на пажар і збіраць матэрыял для кнігі...

Раптам я падскочыў на сваім месцы, нібы зямля пада мной ускалыхнулася.

Што ж гэта такое?

У яркую чырвань агню разануў такі жудасны, нечалавечы крык, ад якога кроў у жылах стыне, валасы дуба становяцца і сэрца замірае.

— А-а-а-а-а-ай!!!

Усе кінуліся на гэты крык.

Чалавек ляжаў непрытомны на зямлі, раскінуўшы рукі крыжам. Яго галава была акрываўлена. З аднаго вуха лілася кроў. Вочы зачынены. Твар да жудасці белы.

Гэта ж Антось Драчык.

Трэба прызнацца, у гэту хвіліну нехта кінуўся ад пажару наўцёкі ў бок поля. За ім уздагон пусцілася некалькі чалавек. Злавілі і прывялі. Другі чалавек быў не менш белы за Антося Драчыка. Вочы ў яго вылупленыя, нейкія пустыя.

Накінуліся гайдачане на чалавека і хацелі адразу кончыць з ім. Людзі аж пеніліся ад злосці і абурэння. Хвёдар і Змітрок ледзь іх стрымалі.

— На гэта суд будзе! — сказаў Хвёдар.

— Савецкая ўлада з ім расправіцца! — тлумачыў Змітрок.— Самасудам не можна.

Чалавека трымалі за рукі, а ён мармытаў:

— Я не наўмысне... Памагаў тушыць пажар...

— А навошта ўцякаў?

— Спа-па-па-лохаўся...

— Можа, ты і падпаліў?

— Не... не... н-н-не...

Яго ўсяго трасло. Дрыжэлі рукі, ногі. Увесь калаціўся, ляпаў зубамі. Так.

— Скажы, хто цябе падвучыў? Хутаране?

А чалавек усё тлумачыў.

— Я калом хацеў раскінуць тую сцяну, а вось падкруціўся пад кол Драчык.

Ніхто яго тлумачэнням не верыў.

Добра ведаюць гайдачане Гаўрылу Лаўронка. Хаця ніхто раней не думаў, што ён, такі слабун, здолен на гэткі злаўчынак.

Тут я пакуль што спыню сваё апісанне. Да другога разу. На пажары я так напалохаўся, што мне яшчэ і цяпер цяжка. Кожны дзень жонка халодныя кампрэсы да маёй галавы прыкладае. Яна вельмі непакоіцца за маю галаву. Так.

Трэба прызнацца, я хачу тут падумаць, тоісь, выказаць адну думку. Вось яна. Язэп Крушынскі заўсёды любіць (і ўмее) заграбаць жар чужымі рукамі. Ён вельмі рад, што з Антосем Драчыкам так здарылася паміма яго і на яго, Крушынскага, карысць. Але гэта яшчэ не ўсё.

Так».

«Леў Талстой» зачыніў кнігу і выйшаў з пуні на гумно. Дажджу ўжо не было. Неба праяснілася. Свяціла сонца. Высока над лесам красавалася шматкаляровая вясёлка. Пасярод гумна, недалёка ад азяроду, стаяла лужына — бліскучая, яркая. Нібы маленькі шматок неба адарваўся і ўпаў на зямлю. Воддаль пасвілася цялё.

Стары засунуў кнігу за пазуху, падняў акуляры на лоб, падышоў да лужыны і давай, як малое дзіця, цёпкацца па цёплай вадзе босымі нагамі і ў гэты ж час любаваўся прыгожай, на паўнеба, вясёлкай. Жонка гэта заўважыла і крыкнула на ўвесь голас:

— Прастудзішся, памяло старое!

— Га? — адазваўся «Леў Талстой» і зірнуў у бок жонкі.

У яго вачах свяцілася надзвычайная лагоднасць.

Вясёлка грала колерамі.



44. ТЭАТР У КУРГАНІШЧЫ

[правіць]

— Я пачаў ехаць уніз,— гаварыў аднаго разу Крушынскі айцу Дзімітрыю.— Страціў многа грошай. Трэба кінуць гэты рызыкоўны занятак. Хоць з вобыскам пашанцавала, нават і не падазраюць, але гэта ўсё да часу. Трэба асцерагацца.

— Так, так. Асцярожных і бог сцеражэ!

Крушынскі доўга раіўся з айцом Дзімітрыем.

Пасля гэтага ў Курганішчы пачалася новая праца: з велізарнага току выносілі снапы ў другі будынак і пад камандай гаспадара майстравалі ў таку «тэатр». Пайшоў у ход вялікі запас дошак, які ляжаў на гумне пад паветкамі.

Архітэктура і будова «тэатра» была лёгкая — з дошак зрабілі падмосткі для сцэны, будку для суфлёра. Было нарэзана многа кароткіх калодак, на якія накладвалі дошкі.

Такім чынам, былі гатовы крэслы для публікі: доўгія лавы.

Усё было зроблена ў два дні.

Крушынскі паехаў у блізкае мястэчка і згаварыўся там з драматычным гуртком, каб паставіць у Курганішчы спектакль для сялян. Павінен быў прыехаць і пажарніцкі духавы аркестр. Усё ішло як па масле. Гаспадар з’ездзіў у Мінск і прывёз адтуль многа піва, гарэлкі і закусак для гасцей. Ён сам пашырыў праграму вечара танцамі Стэфкі і дэкламацыяй вершаў стрыечнага брата, «пралетарскага паэта» Антона Цярэшкі. Стрыечны брат даў на гэта згоду.

Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Пагалоска аб спектаклі была пушчана шырокая. Па ўсёй ваколіцы Крушынскі разаслаў запрашэнні.

Рыхтаваліся цэлы тыдзень. Сам гаспадар нічым іншым не займаўся. Таксама настаўніца была на гэты час зволена ад працы з дзецьмі. У падрыхтоўцы да спектакля яна была галоўнай памочніцай Крушынскага. Яны разам меркавалі, разам аглядалі работу, разам апрацавалі праграму. Стэфка была гэтым усім шчыра захоплена. А гаспадар захапляўся Стэфкай... Ён гатоў быў кожны тыдзень ладзіць спектаклі, але разам з ёю і без кантролю жонкі.

Крушынскі любаваўся кожным рухам Стэфкі, кожным яе словам, выконваў усе яе праекты. Ён і тут займаўся агітацыяй. У гэтыя дні завірухі і дзейнасці ён часта гаварыў Стэфцы аб новай, вольнай жанчыне.

— Адно з найвялікшых дасягненняў савецкай улады — гэта вызваленне кабеты. Не вызваленне яе ад працы, бо яна цяпер працуе не менш мужчыны, займаецца часам такой працай, якой раней толькі мужчына займаўся,— але тут ёсць большае: вызваленне духу кабеты. Яна цяпер вольная рабіць такія ўчынкі, пры якіх раней называлі б яе брыдкімі імёнамі. Цяпер муж ані пікні! Захацела жонка — і кідае мужа, і жыве, як хоча і з кім хоча. Цяпер дзяўчыне не жыццё, а рай. Вы можаце рабіць, што хочаце — і ніхто вам слова не скажа. Каб мы вось палюбіліся, дык ніхто нам, Стэфка, не забараніў бы жыць, як нам хочацца.

— Ого! — засмяялася Стэфка.

Крушынскі заглядаўся на яе беленькія, дробныя зубкі. Гладзіў яе па валасах. Пробаваў абнімаць, але яна выслізнула з яго рук, твар яе зрабіўся строгі, і яна чужым голасам гаварыла:

— Толькі без рук.

Калі аднаго разу пацалаваў яе, дык яна пачырванела і злавалася на яго некалькі гадзін.

— Папрабуйце ў другі раз так зрабіць, Язэп Сымонавіч, дык пані Ганне скажу! — пагразіла яна і махнула на яго пальцам, нібы дарослы чалавек на малое дзіцё.

Тады ён пачаў «агітацыю» трохі іншага характару:

— Трэба ўмець уваходзіць у новае жыццё. Многія гэта ўмеюць, а яшчэ большая частка не ўмее. Напрыклад, вы, Стэфка, хоць і маладая дзяўчына, хоць выгадаваліся, можна сказаць, на агні Кастрычніка, аднак вы — адсталы элемент...

«Адсталы элемент» на гэта яму нічога не адказваў, але калі Крушынскі пацалаваў Стэфку другі раз, яна не была ўжо такая строгая, толькі злёгку шлёпнула яго па губах.

Яна не ўваходзіла ў спрэчкі супроць яго разважанняў і толькі ціха напявала песенькі.

Крушынскі пачаў надаваць песням вялікае значэнне. Ён адчуваў, што песні Стэфкі адносяцца да яго.

Стэфка часта пела:

Понапрасну, мальчик, ходишь,

Понапрасну ножки бьешь...

Тады Крушынскі хмурыўся, быў вельмі нездаволены. Але затое рабіўся бадзёрым, калі яна пераходзіла да другой песні:

Если красавица губки надует,

Тот не мужчина, кто не поцелует.

Пры такіх спевах ён пераконваўся, што «адсталы элемент» не вельмі ўжо адсталы. Усё наладжвалася як лепей не трэба. Але Стэфка зараз жа аблівала яго ружовыя надзеі халоднай вадою новай песні, якая канчалася словамі: «Кого люблю, того здесь нет». Тады ў Крушынскага твар рабіўся пахмурным, нездаволеным, строгім. І Стэфка, каб паправіць кепскае ўражанне, зацягвала ўрывак з іншай песні:

Как люблю я вас,

Как страдаю я...

Пад чарамі гэтых слоў у Крушынскага вочы зноў задаволена ззялі і ён дамагаўся абняць Сцэфку.

Тады Стэфка давай свой «рэпертуар» спачатку...

За гэтыя дні Стэфка пачала адчуваць у сабе нейкую захаваную сілу — уладу над такім чалавекам, як Крушынскі. Дзівілася яна гэтай «сіле», як той казачны асілак, які сіднём сядзеў на адным месцы трыццаць тры гады і не мог увесь час крануць ад слабасці ні рукой, ні нагой, а раптам пачаў падкідаць у неба жалезную булаву ў сто пудоў.

«Ва мне нешта такое ёсць... Нешта такое, што кідае Крушынскага ў гарачку і холад».

Ёй вельмі прыемна, што знайшла ў сабе такі цікавы, незразумелы ёй самой скарб. Ігра з Крушынскім ёй спадабалася. У працягу кароткага часу яна налаўчылася «граць» не горш за сталую «красуню», якая «зубы з’ела» ў фліртах.

Кожны яе рух, кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект.

Яна ведала, што Крушынскаму падабаецца яе тонкая ножка — і як бы незнарок выстаўляла ножку.

Аб спектаклі ў Курганішчы была прыслана ў газету «Савецкая Беларусь» карэспандэнцыя «Льва Талстога». Яна была напісана на паўаркушах паперы, разлінаванай на вузкія слупікі:


СВЯТЛО Ў ГЛУХІМ КУТКУ

Спектакль для сялян на хутары Курганішчы.


Так. З кожным годам наша культура на вёсцы расце і пашыраецца. Так. Калі пры акупацыі Беларусі белапалякамі нават у Мінску беларускія спектаклі адбываліся вельмі рэдка, бо цэнзура забараняла бадай усе беларускія п’есы, лічачы іх небяспечнымі для паноў, бачачы ў іх змесце прызывы да паўстання супроць белай шляхты і белых магнатаў, заўважаючы паміж радкоў беларускіх п’ес рэвалюцыйнасць і бунтарскасць беларускіх працоўных мас, дзяды і прадзеды якіх адбывалі прыгон у тутэйшых паноў (як вядома з нашых газет. Так.), цяпер, дзякуючы савецкай уладзе і камуністычнай партыі, беларускія п’есы ставяцца не толькі ў Мінску, дзе працуе такая вялікая культурная адзінка, як Беларускі акадэмічны тэатр (у Маскве ёсць і беларуская тэатральная студыя, з газет. Так.), з беларускімі п’есамі знаёмяцца не толькі па розных гарадах і мястэчках нашай рэспублікі, але нават па глухіх вёсках. Так.

Беларускія партызаны, якія пры польскай акупацыі хаваліся па лясах, пераймалі на дарогах польскіх паноў і жандараў, змагаліся з імі, дапамагалі Чырвонай Арміі выганяць іх з межаў многапакутнай краіны, ведалі, за што змагаліся: за свой дабрабыт, за развіццё культуры працоўнага люду. Партызаны недармо працавалі. Так. Вось і вынікі. Так. Гэтымі днямі на хутары Курганішчы (адна з самых паказальных культурных гаспадарак) быў наладжаны для ваколічных сялян вечар. Так. Спачатку выступіў з чытаннем сваіх працоўных вершаў беларускі паэт Антон Цярэшка. Многа гучных воплескаў ён зарабіў за сваю ўдалую пралетарскую пракламацыю. (Тоісь, дэкламацыю. Так.) Я бы ўставіў сюды яго вершы, але газетны артыкул не дазваляе. Так.

Пасля дэкламацыі прайшоў нумар танцаў мінскай вядомай балерыны, настаўніцы ў Курганішчы — тав. Стэфкі Вярбіцкай. Пад гучныя воплескі працоўнай публікі яна танцавала працоўную «Лявоніху» і «Казачка». Так. Пры гэтым выконвала танцы на сваіх музычных інструментах духавая аркестра пажарнікаў мястэчка N. Дзякую ім, музыкам — яны працавалі не пакладаючы рук, часам, праз меру стараючыся, нават перашкаджалі працоўнаму выконванню. Так.

Пасля музыкальна-лаяльнай часткі вечара была пастаўлена п’еса. Выбар п’есы вельмі ўдалы. Так. Гэта частка, тоісь, п’еса, вельмі спадабалася працоўнай, камуністычнай і пралетарскай публіцы. Яна, тоісь, публіка, не, гэта значыць, п’еса, малюе рэвалюцыю 1905 года. Так.

Таварышы з рэдакцыі «Савецкая Беларусь»! Няўжо ж вы не ведаеце, што гэты слаўны 1905 год на зямельцы нашай быў афарбаваны крывёю рэвалюцыянераў? Я пэўны, што ведаеце і што некаторыя з таварышаў, як і я, памятаюць той слаўны і трагічны час, калі змагаліся за волю ўсе пакрыўджаныя. Так. Потым цар Мікалай крывавы, але газетны артыкул не дазваляе спыніцца на гэтым.

П’еса выконвалася пад гучныя воплескі. Так. Гэта сведчыць аб тым, што публіка з сялян успомніла тыя часы і ім, тоісь ёй, працоўнай публіцы, вельмі спадабалася. Так. Іначай, чаго ёй было ў далоні ляскаць? Так. Некаторыя нават скардзіліся, што ад ляскання рукі папухлі. А іншыя казалі, што лясканне перашкаджала ігры. Артысты з мястэчка N., скуль і пажарнікі, тоісь пажарніцкая духавая аркестра (вы там, таварышы з рэдакцыі, не наблытайце, прапускаючы мой артыкул праз машыну). Так.

Артысты вельмі добра выконвалі пастаноўку. Гралі, што называецца! Тоісь, яны былі так апрануты і нафарбаваны ў тварах, што не толькі мы, але і яны — артысты — самі сябе не пазнавалі напэўна. Так. Пасля спектакля Язэп Крушынскі, гаспадар, тоісь, Курганішча, зазваў і працоўную публіку, і працоўных артыстаў на сытную, працоўную вячэру. Так. Было і таварыскае працоўнае піва. Гулянка скончылася аж пад раніцу, калі ўжо на ўсходзе чырванела зара, паламянела, як наш слаўны чырвоны сцяг над чырвонаю зямелькай нашай. Так. Пісаў бы яшчэ, бо аб гэтым вечары, тоісь, аб культуры на вёсцы, можна пісаць на цэлыя тамы, але газетны артыкул не дазваляе. Так.

Пры гэтым маеце гонар, тоісь я маю гонар, пераслаць вам, таварышы «Савецкай Беларусі», першы том сваіх новых твораў на белмове. Перайшоў з расійскай мовы на беларускую, нягледзячы на розныя жарты і кпінкі белай контррэвалюцыі. Я ўпэўнены, што як яны, тоісь мае творы, праскочаць праз вашу рэдакцыйную пралетарскую машыну друку, яны зробяцца гладкія і цікава іх будзе пачытаць. Так. Гавораць жа, тоісь, ёсць такая пагаворка: «адна скаціна руб і палціна». Так. Ганарару я не патрабую. Можаце аддаць ганарар рабоча-сялянскай інспекцыі, тоісь, на розныя там дабрафлоты. Так. Толькі надрукуйце як найхутчэй, бо многія з маіх чытачоў кажуць, што яны ахвотней будуць чытаць мае творы на друкаванай паперы, чымся на пісанай паперы. Так. Нашы вёскі кніг не маюць. І прашу вас, паважаная цётка Рэдакцыя, тоісь, таварышка Рэдакцыя, звярніце ўвагу на маю пісаніну. Я пішу не на сваю карысць, а на карысць Рэспублікі. Так. Надрукаваную кнігу вы мне прышлеце па адрасу: Вёска Гайдачаны. Мірону Гарбочыку. Марынаўскі сельсавет. Так. Гарбочыкаў, тоісь, такіх прозвішчаў у нас многа, дык патурбуйцеся прыпісаць і маю клічку «Леў Талстой». Я не саромлюся гэтага імені. Не саромцеся і вы. Чакаю. Мірон Гарбочык, або, як людзі кажуць, «Леў Талстой».

У газеце была надрукавана гэта карэспандэнцыя ў пераробленым і скарочаным выглядзе. Газетны працаўнік, відаць, не пашкадаваў свайго часу, каб выправіць стыль «Льва Талстога». Рэдакцыі важны быў той факт, што па глухіх мясцінах Беларусі ёсць сяляне-культурнікі, якія пакладаюць шмат энергіі дзеля пашырэння культуры сярод працоўных. Буйным шрыфтам красаваўся новы загаловак:

«Як найболей такіх Язэпаў Крушынскіх!»

Дзеля заахвочвання ў культурнай працы на вёсцы газета не пашкадавала яскравых выразаў і шчырай пахвальбы па адрасу Крушынскага.

У гэтым напрамку была перапрацавана карэспандэнцыя «Льва Талстога» за подпісам «Селянін Мірон Гарбочык».

Была цёплая ноч.

Стэфка сядзела на ганку і глядзела перад сабою. Ад стомленасці на спектаклі яна не магла спаць ужо другую ноч. Думкі хадыром хадзілі. Трэба як найхутчэй напісаць ліст да цёці, якая жыве ў адной з далёкіх губерняў.

А вось Стэфка ўсё не можа пісаць. Як толькі бярэцца за пяро, дык зараз жа слёзы туманяць вочы, пачынае хвалявацца і пяро выпадае з рук. Яшчэ і цяпер звініць у вушах бравурная музыка местачковага пажарнага аркестра. Яшчэ і цяпер, як задумаецца, дык здаецца, што вакол чуваць п’яныя галасы «публікі», якая пасля спектакля вячэрала ў Крушынскага.

Свецяць зоркі. Міргаюць у задумёнай ціхай ночы, нібы тысячы вачэй. Пяюць пеўні. Пераклікаюцца між сабою певуны з вёскі з певунамі на хутары. Яны граюць на поўнач петушыны марш. Зноў ціха. Так ціха, нібы ўся зямля застывае ад вялікай зморанасці за летні дзень. Пасярэдзіне неба блішчыць накалёная дачырвана падкова. Месячны водсвет сцелецца яркімі палосамі між будынкаў. Пахне кмінам і жытняй саломай.

Трэплюцца непакорлівыя валасы Стэфкі. Яна іх кожную хвіліну папраўляе на лобе, а яны казычуць вочы, не могуць супакоіцца. Ветрык носіць па дзядзінцы саломінкі. Ледзь чутна шуршаць яны, і здаецца Стэфцы, што хтосьці ходзіць па-за сценамі будынкаў, крадзецца сюды, бачыць яе на ганку...

Стэфка паднялася, асцярожна і павольна адчыніла дзверы, каб не рыпелі, засунула жалезны засаў і праз цёмную кухню прабралася ў алькерык. Каля дзвярэй свайго пакоіку спынілася. З спальні Крушынскіх чуваць было храпенне гаспадара. Яго сон — здаровы і спакойны.

Стэфка ўвайшла ў пакоік, запаліла невялічкую газавую лямпачку і села за стол.

Тут, праз тонкую дашчаную сценку, якая аддзяляла яе пакоік ад спальні гаспадароў, храпенне Крушынскага яшчэ больш глушыла цішыню дома. Гэта храпенне надавала настрой ціхай, сытай, спакойнай прытульнасці.


Яна пачала пісаць. Пісала доўга. Каб чарніла хутка высыхала, Стэфка кожны свежанапісаны лісток трымала над шклом лямпачкі, ад чаго папера прыпякалася, жоўтыя плямачкі выступалі на пісаніне і пах чарніла і прыпечанай паперы казыталі ноздры. Пачало ёй здавацца, што гісторыя, якую яна апісвае ў лісце да цёці, здарылася колькі год таму назад, што гэта толькі ўспамін з тых часоў, калі яна была яшчэ маленечкай.

Стэфка ўсміхнулася, пасля ўздыхнула і давай нячутным, нутраным голасам чытаць напісаны ліст:


Дарагая цёценька, Аграфена Макараўна!

Выбачайце, што я вам так доўга не пісала, мая любая, мая добрая, мая цярплівая... Апошні ліст я вам пісала, калі яшчэ была з бацькамі. Цяпер я ў Мінску не жыву. Я цяпер самастойная асоба. Зрабілася настаўніцай. Жыву на хутары, займаюся з дзецьмі. Гэта я-то жыву ў глухім месцы! Я ж да гэтага не прывыкла... Але што ж рабіць! Бацькі цярпелі голад. А вось нядаўна я ім 20 рублёў паслала. Я вам у тым пісьме не пісала, што маці ўжо зусім аслепла. Дактары сказалі, што ніякай надзеі няма на тое, каб яна выздаравела. Бацька такі самы. Дактары кажуць, што ён ужо назаўсёды вар’ятам застанецца. Маці часта гаворыць, што лепш было б, каб ён памёр. А мне так шкода папы, што я вось пішу вам, цёценька, і плачу. Не плачу, а слёзы неяк самі коцяцца па шчоках. Вось і чарніла расплылося ад салонай кроплі. Выбачайце, цёценька, што я вам такія сумныя рэчы пішу. Вам жа самой так цяжка жывецца... без дзядзі. Цяпер у бацькоў адна Бронька бедная працуе, бо маці нічога рабіць не можа. Бронька пісала мне, што сёлета ў нашым садзе вялікі ўраджай на яблыкі. Груш ані няма. Можа, як прададуць яблыкі, дык будзе ёй на зімовае паліто. Пакуль што я ў сваім лісце да мамы прасіла, каб Бронька сабе ўзяла 5 р. з тых 20 р., што я ім паслала. Прозвішча майго гаспадара — Крушынскі, а хутар завецца — Курганішча.

І ведаеце, мілая цёценька, мне тут зусім не нудна. Я вельмі паправілася на добрых харчах, бо яны людзі багатыя і не шкадуюць яды. Сам гаспадар вясёлы чалавек, часта жартуе са мною. Затое гаспадыня крывіцца, вечна нездаволена. Ці, можа, яна зайздросціць мне! Я лічу сябе яшчэ малой дзевачкай. Два дні таму назад у нас тут, у Курганішчы, адбыўся спектакль. Было так весела. Я выступіла на сцэне з танцамі. Памятаеце, цёця, я з самых малых гадоў любіла танцаваць. Вы самі гаварылі, што з мяне выйдзе балерына. У Мінску ёсць пры тэатры балетмайстар Алексютовіч, дык ён, пабачыўшы, як я танцую, тое самае сказаў. Тут, у глушы, я праславілася сваімі танцамі на ўсю ваколіцу.

Цяпер, цёценька, я вам раскажу вельмі цікавую гісторыю. Толькі слухайце, не палохайцеся, не дзівіцеся і паверце мне, паверце ўсяму таму, што я вам пішу. На спектакль прыехала з ваколіцы шмат народу. Прыехаў і аграном з раёна. Вельмі цікавы, інтэлігентны чалавек. Франт, хораша адзеты. Круглы, голены, гладкі твар. Завецца ён Іван Мацвеевіч. Барады ранейшай у яго няма. Але, выбачайце, цёценька, што я забягаю наперад... Цярплівасці няма, а вас прашу, мілая, майце цярплівасць. Я пазнаёмілася з аграномам. Ён буркнуў мне сваё прозвішча. Шапавалаў,— сказаў ён. У мяне ў вачах пацямнела, як зірнула на яго. Вочы яго мне паказаліся такімі знаёмымі. Над леваю брывёю невялічкі шрам... Я толькі здзівілася, што ён так растаўсцеў. Ён на мяне скоса зірнуў, і рукі ў яго задрыжэлі. «Дзядзя,— крыкнула я,— няўжо ж гэта вы?!» — «Не! Не я...»,— сказаў ён, і язык у яго блытаўся. «Ці не памятаеце вы, Антон Сяргеевіч, як вы мяне на руках гойдалі?» — запыталася я ў дзядзі (гэта быў ён). Памятаеце, цёценька? Кожны раз, калі я да вас у госці прыязджала, дзядзя любіў забаўляцца са мною.

Дзядзя пры маіх словах збялеў і не ведаў, дзе дзецца. Хутка яго не стала на спектаклі. За ім было пагнаўся адзін сівы селянін, падобны выглядам да Льва Талстога і крычаў: «Таварыш аграном! Мае рукапісы! Тоісь, ці друкуюцца?» Але дзядзя нібы і не чуў гэтага крыку. Мой гаспадар, Крушынскі, вельмі хваляваўся, думаў, што аграном за штосьці на яго пакрыўдзіўся.

Дык вось, мілая цёценька, дзядзя жыве. Ён цяпер Іван Мацвеевіч Шапавалаў. Колькі вам і нам усім каштавала слёз раптоўная яго «смерць». Вот жа ён, злы чалавек, прыдумаў хітра. Памёр, і кончана! Каб не было ў вас дзяцей, мілая, дык раіла б плюнуць на яго і не шукаць. Але ж вам цяжка жывецца, дык прыйдзецца дастаць у яго сродкаў на ўтрыманне малых. Спачатку думала паслаць Вам тэлеграму, каб зараз прыехалі сюды, але не хацелася палохаць Вас. Сваім я пакуль што не пісала. Бывайце здаровенькі, мілая цёця! Чакаю Вас! Прывітанне ўсім! Цалую!

С. Вярбіцкая.




45. У ГАРАЧЦЫ

[правіць]

Марцін не дапытваўся ў сваёй жонкі Мэры аб прычынах, чаму яна кінулася ў рэчку. Прычына яўная: яго бацька перад гэтым груба абразіў яе.

Аб учынку Крушынскага Мэра яму не расказала. Яна баялася, каб Марцін, даведаўшыся аб гэтым, не кінуў яе. Тады яна, апаганеная, нідзе прытулку мець не будзе. Аб падзеях у Марцінавай хаце болей не гаварылі яшчэ дзеля таго, што Мэра захварэла на гарачку.

У той самы дзень яна лягла ў ложак. Вечарам у яе пачаўся брэд. З яе нязвязных слоў на яўрэйскай мове Марцін нічога не мог зразумець. Толькі час ад часу чуў зразумелыя для яго два словы:

«Рахмілька, Крушынскі».

Мэра ад гарачкі скідала з сябе коўдру. Твар яе гарэў, вочы блішчэлі чужым, непрытомным бляскам. Цяпер, калі жонка ляжала хворая і нават часам яго не пазнавала, Марцін не адыходзіў ад яе. Часта мяняў халодныя кампрэсы, якія прыкладаў да яе галавы.

Надзвычайная чуласць, непрывычная для простага селяніна, з’явілася ў Марціна да Мэры. Ён адчуваў, што цяпер, яшчэ болей, чым раней, любіць сваю жонку. Яна такая прыгожая... «Можа, не выжыве...» Стараўся выкінуць гэту думку з галавы.

— Няўжо ж узрадуюцца яе смерці і мае і яе бацькі?

Марцін выскачыў на некалькі хвілін да суседа і прасіў запрэгчы каня і ехаць па фельчара ў мястэчка. Каля ног круціўся сабака. Ён зазлаваўся і ўдарыў сабаку нагою ў бок. Сабака заскавытаў, падкруціў хвост і адышоў. І раптам шкода зрабілася сабакі, і брыдка неяк.

Падышла суседка...

— Як жонка?

Марцін нічога не адказаў. Пабег у хату.

Суседка яму ўслед кіўнула галавою і завалюхала да другой суседкі з гатовай, свежанькай навіною:

— Марцін галаву страціў дзеля гэтай жыдоўкі...

Мэра нават не чула, як Марцін мяняў кампрэсы на яе гарачым лобе. У хаце было змрочна. Да Марціна прыйшла яго малодшая сястра.

— Як бацька? — шэптам запытаўся Марцін.

— Злуецца, лае цябе, кляне...

— Збегай да Крушынскага, пазыч газы. Бачыш, мне прыйдзецца сядзець пры ёй усю ноч. Газы няма. Во бутэлька! Хутчэй!

Дзяўчына пайшла.

...А Мэра і не ведала, ці светла ў хаце, ці цёмна. Перад яе вачыма нешта мітусілася. Яна сама хутка насілася немаведама куды. Ёй здавалася, што яна — маленькая дзяўчынка.

Лета. Гарачы дзень.

Яна бегае па вуліцы недалёка ад кузні.

«Мэра! Мэрка! — крычыць з кузні тата.— Скажы маме, што трэба паставіць самавар. Я зараз канчаю працу!»

Мэра ведае, што сягоння пятніца. Мама рыхтуе на шабас смачную халу. Цэлы тыдзень яны белай булкі, што завецца «хала», не каштуюць. А на шабас заўсёды ёсць хала — смачная, жаўтком памазаная, чарнушкай абсыпаная.

У кожную пятніцу мама пячэ маленькія «халкі» для Рахмількі і Мэры. Яна, Мэра, кожны раз сварыцца з Рахмількам за «халку». Ёй усё здаецца, што ў яго большая і смачнейшая «халка».

Кожны раз у пятніцу тата раней канчае працу ў кузні, каб пайсці ў лазню. Пасля лазні п’е гарбату і вельмі пацее. Успацелы тата такі смешны, нібы плача...

Марцін глядзіць па Мэру. Яна бармоча незразумелыя словы:

«Майн халэ! Майн халэ!»1

«Мэркелэ! — заве тата,— хадзі, тохтэрке2, сюды! Набярэш гарачых вуголляў і занясеш маме. Няхай самавар паставіць».

Бацька загаварыўся з селянінам, які прывёз каня каваць, і не глядзіць, як малая «Мэркелэ» бярэ гарачае вуголле з горну. Яна сыпле гарачае вуголле сабе ў спаднічку і нясе праз вуліцу з кузні ў хату. Спадніца (зусім новая) наскрозь прагарэла. Вуголле высыпалася на зямлю. Угледзеў тата і крычыць:

— Ой, нарышэ Мэркелэ3, новую спаднічку спаліла!

Селянін, які гаворыць з татам, зарагатаў так гучна, ажно куры на вуліцы спалохаліся.

Мэрка заплакала горкімі слязьмі. Яе агарнуў жаль. Мама кожны раз, калі Мэра выходзіла з хаты ў новай спадніцы, чытала ёй доўгія чытанні, як асцерагацца, каб новую спаднічку — «крывавы пот таты» — не запэцкаць і не парваць. Мэрка стаіць пасярод вуліцы і горка плача:

«Майн клэйдэлэ... Майн клэйдэлэ»4.

Дзве старыя бабы заглядаюць у акно Марцінавай хаты. Як толькі Марцін зірне ў акно, яны адскокваюць. Мэра ў гэты час горка плача. Марціну жудасна. Ён прыкладвае ёй да галавы свежы кампрэс. А яна праз слёзы мармоча: «клэйдэлэ, клэйдэлэ».

...А вось і Рахмілька прыйшоў з хэдэра5, у яго акрываўлены твар. Усе,— і тата, і мама, і суседзі,— спалохаліся.

— Хто цябе, Рахміэль, так параніў? — пытаецца мама.

— Рэбэ мяне біў,— кажа Рахмілька.— Я кепска маліўся сягоння, дык рэбэ кіпцюрамі падрапаў мне твар.

— Рэхт! — сказаў на гэта бацька.— Варт! Не будзь гоем, дык рэбэ біць не стане! Ты шчыра зарабіў!

Маці абмывае Рахмількаў твар вадою, плача і шэпча:

— Зунэлэ... зунэлэ...6

Мэра ва ўсім спагадае маме: плача разам з ёю!

— Ціха вы! — крычыць тата.— У вас вочы на мокрым месцы!

Мэра слёз сваіх стрымаць не можа: плача, шэпча разам з мамай:

— Зунэлэ... зунэлэ...

Сястра Марціна прынесла газы. Запаліла лямпу і пайшла дахаты. Марцін адзін з хворай Мэрай, непрытомнай ад гарачкі. Ён завесіў вокны тканінамі, каб зацікаўленыя бабы не заглядалі. Лямпа стаіць на стале. Бледны водсвет падае на твар Мэры: палова твару ў цяні, а палова асветлена. Яна быццам двухістотная. Вока, што на асветленай часці твару, прыплюснута. Нібы вастрыня нажа, паміж прыпухлага ружовага вейка блішчыць чарната зрэнкі. Другое вока — у цяні, у палахлівай таемнасці. Дзеля гэтага Мэра здаецца Марціну надзвычайнай істотай са сваімі незразумелымі словамі. Таму ён яшчэ больш любіць яе... Яго бацька лаяў Мэру. «Бедная»,— шэпча Марцін. Сціскае кулакі ад злосці.

...Мэра варочаецца з боку на бок. Не ведае, дзе дзецца ад гарачыні. Скідае з сябе коўдру. Ёй здаецца, што сунулі яе ў гарачую печ. Яна смажыцца на вуголлях. Але вось дзьмухнуў ветрык — прыемны такі, з халадочкам. Так добра, ажно Мэра ўсміхаецца. Яна — Мэра — малюсенькая, лёганькая пярынка. Вецер нясе яе над мястэчкам, над старымі імшалымі дахамі местачковых хат. І Мэры зусім не дзіўна, што яна не чалавек, а пярынка. Гэта звычайная рэч. Яна многа такіх пер’яў бачыла каля рэчкі, дзе гусі пасвяцца — і яна такая. Яна ведае толькі, што калісьці яна была Мэрай. Тады галава яе была гарачая, а ўсё цела дрыжэла ад холаду. Яна ажно зубамі ляскала. Цяпер яна пярынка. І смешная рэч — Крушынскі гоніцца за ёю — за пярынкаю. Вось даганяе. Яна крычыць у вялікім спалоху:

«Крушынскі! Мужу скажу!»

«Чаго яна Крушынскага ўспамінае?»

Накрывае яе коўдрай і кладзе на галаву свежы кампрэс.

Даўно мінула поўнач. Марцін стомлены. Ходзіць па пакоі, каб не заснуць. Вельмі спаць хочацца... Па сцяне рухаецца яго цень — вялікі і нязграбны.

...Так. Бацька яе «жыдоўкай» назваў. Нічога страшнага няма ў гэтым слове, але бацька сказаў жа так наўмысна, каб вылаяць яе... маю любую жонку.

Марцін пабачыў на сцяне аграмадны вялікі гаршчок: цень уласнага кулака. Гэтым самым кулакам ён хляснуў па твары роднага бацьку... А той, бацька яго, спачатку здзівіўся. Потым пахіснуўся, ледзь не ўпаў...

— На старасці лет зарабіў ад роднага сынка...— усхліпнуў ён, як малое дзіцё, і неяк смешна прысеў...

«Ён маленькі... сівенькі...»

...Што ж там, калі сказаў «жыдоўка», не з’еў ён жонку маю гэтым словам...

Ад злосці на самога сябе Марцін голасна вылаяўся і стукнуў аб тапчан кулаком. Талерка, якая стаяла тут жа, падскочыла на месцы і разбілася па дзве роўныя часткі.

У Марціна пры гэтым адпала злосць.

Ён узяў у рукі абедзве палавіны талеркі, і як бы апраўдваючыся перад талеркай, сказаў спакойным, пацяшальным голасам:

— Заўтра склею.


Вось знаёмая дарога ў мястэчка. Мэра едзе да бацькоў у госці. У яе на руках маленькі сынок — ад Марціна.

— А можа, ад Крушынскага?.. Не.

Яна добра памятае лік месяцаў...

Бацькі памірыліся з ёю. Нават тата стары глядзіць на яе добрым, хоць сумным вокам. А маленькі хлопчык на яе каленях перабірае ножкамі і ручкамі. Ён плача жаласлівым галаском:

— Квэ-э-э... квэ-э-э...


Адзін абразок з дзіцячых гадоў неадчэпна лезе Марціну ў галаву. Яму ўсяго пяць год. Бацька вядзе каня на пашу. За бацькам бяжыць ён, Марцін, і крычыць, просіцца-моліцца:

— Татачка, пасадзі на каня!

Бацька лёгка падымае яго на рукі («о, які моцны быў тады тата!») і садзіць конна.

— Баюся, татачка, баюся...— крычыць Марцінка, гледзячы ўніз са спіны каня.

Яму здаецца, што спіна каня вельмі высока ад зямлі. Калі ён, Марцін, зваліцца ўніз, дык будзе ляцець да зямлі некалькі дзён... Але тата — магутны і смелы — трымае яго і кажа лагодным голасам:

— Не бойся, сынку!

Марціну прыкра ад гэтага ўспаміну. Яго правая рука ўздрыгвае. Гэтай самай ён ударыў роднага бацьку — сівенькага, маленечкага...

Бярэцца пад дзень. Мэра заснула. За адну ноч завастрыўся яе твар.

Марцін падаслаў сабе кажух пад бок, загасіў лямпу і лёг на лаве пры стале.

Яму сніцца надзвычайна прыгожая музыка. Грае на вуліцы сівабароды музыка. Трымае ў руках смешны музычны інструмент — паліўны конік. Дзівіцца Марцін, што такая дзіцячая цацка прыгожыя гукі выдае.

Зайграе на паліўным коніку сівы чалавек, і ад музыкі расплываюцца па зямлі абрусы. Ледзь прыкметна мяняецца колер абрусаў: спачатку яны чорныя, пасля робяцца сінімі, у канцы святлеюць. На абрусах пачынаюць скакаць агеньчыкі, скачуць і коцяцца, а абрусы ад іх не запальваюцца.

Прачнуўся.

Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Грае на бяроставай трубе пастух.

Марцін ускочыў.

— Хто карову сягоння падоіць?

Яго сястра ўжо даўно стучыць у дзверы. Яна схваціла дайніцу і бягом у хлеў.

Марцін зняў тканіны з вокан.

Сонечная раніца льецца ў хату, запаўняе ўсе куткі, нібы пасудзіну невядомым пітвом.

Мэра прачнулася.

З дзівам глядзіць па баках. Слабымі рукамі папраўляе валасы, яны склеенымі чорнымі пасмамі лезуць у вочы.

— Марцінка... Яшчэ не пацямнела?

Яе голас слабы, шапатлівы, пяшчотны, цёплы...

— Гэта ж ты ляжала ў гарачцы ўсю ноч. Я халодныя кампрэсы прыкладваў табе да галавы. Цяпер раніца.

— Нічога не помню... нічога...

Загрукацелі на дварэ калёсы.

Праз пару хвілін рыпнуў дзвярыма фельчар. Левым бокам наперад усунуўся ў хату. У левай руцэ ён трымаў невялічкі ручны чамаданчык. Паставіў на стол.

«Новы фельчар,— падумаў Марцін.— Ранейшы быў тоўсты, стары. А гэты малады, высокі, з акулярамі на носе ».

Але зараз аб гэтым забыўся.

Фельчар зняў успацелыя акуляры і давай выціраць шкелкі белай новай хустачкай, зложанай акуратна, як пакет.

Ён выцірае старанна, павольна, спакойна, нібы робіць хірургічную аперацыю.

Пры гэтай рабоце ён цягне носам паветра, моршчыцца, глядзіць на Марціна падслепаватымі, без акуляр, вачыма і цэдзіць праз зубы заспанае «дзень добры!».

Марцін з цікавасцю прыглядаецца да яго носа, намуленага дачырвана дротам ад акуляр.

— Дзе хворая? — пытаецца фельчар і зноў насоўвае на нос бліскучыя акуляры.



1 Майн халэ — мая хала.

2 Тохтэрке — дачушачка.

3 Нарышэ Мэркелэ — дурная Мэрачка.

4 Майн клэйдэлэ — мая спаднічка.

5 Хэдэр — рэлігійная школа.

6 Зунэлэ — сыночак.

46. ПЕРШЫ ГАНАРАР

[правіць]

— Трэба ўмець расплюшчанымі вачыма глядзець на свет божы. Часам перад табою ляжыць скарб, валяецца ў сметніку золата, а ты думаеш, што гэта брудныя, старыя чарапкі. Тады чалавек сляпы, бо вочы яго бачаць не тое, што ў сапраўднасці ёсць. Чалавек павінен мець духоўны ўзрок.

Айцец Дзімітры гаварыў гэта тонам не то настаўніка, не то прарока. Ён упіраўся асалавелымі ад лікёраў вачыма ў дзверы, пакуль пані Ганна прыносіла ўсё новыя закускі; замасленым з чорным пазногцем пальцам поп паказаў на столь, «дзе знаходзіцца бог», і доўга разам з ядою разжоўваў свае навучанні.

Такое каштоўнае казанне, вартае таго, каб сотні людзей слухалі яго з царкоўнага амвону, лілося мёдам у вушы толькі аднаму чалавеку.

Язэп Крушынскі слухаў уважна. Каб у яго было дваццаць вушэй, дык яны ўсе былі б накіраваны да гэтых святых слоў айца Дзімітрыя.

— Прыкладам кажучы,— гаварыў далей айцец,— наш такі смешны чалавек пад назваю «Леў Талстой». Ён часта, здаецца, і раней гэтага спектакля бываў у Курганішчы, а вы, Язэп Сымонавіч, на яго ніколі ўвагі не зварачалі.

— Што вы, бацюшка! Заўсёды жонка карміла яго на кухні.

— Не на кухні трэба трактаваць такога чалавека, а пры сваім стале, паіць найлепшым пітвом, карміць найсмачнейшай ежай. Возьмем, напрыклад, за граніцай. Там кожны вялікі чалавек мае сваіх журналістаў, свой орган друку. У асобе «Льва Талстога» вы таксама маеце такога.

— Піце, бацюшка, во гэтае салодкае! Яшчэ напоім і органа друку — «Льва Талстога»!

Крушынскі наліў у чарку айца Дзімітрыя з новай бутэлькі.

— Не мяне павінны вы паіць і карміць, а «Льва Талстога». Ён для вас скарб, ён для вас золата!

Голас айца мяняўся. Бас і альт змагаліся між сабою ў яго хмельных словах. То браў верх тоўсты, як гук трубы, голас, то панаваў галасок тоненькі, нібы флейта ў самых пісклівых сваіх нотках.

Пры выпіўцы некалькі разоў перачытвалася карэспандэнцыя аб спектаклі ў Курганішчы ў газеце «Савецкая Беларусь». Кожнае слова бралася на смак, нібы цукерка.

— У сельсавеце чыталі? — дзелавым тонам запытаўся поп.

— А як жа! Чыталі! Уся Беларусь, увесь Саюз Рэспублік, уся заграніца чытала! — выкрыкваў, нібы лозунг, Язэп Крушынскі.— Толькі не поўнасцю надрукавана ў газеце. А «Талстой» не шкадаваў паперы, падробна апісаў спектакль. Тут былі і з райвыканкома, і пагранічнікі. Можна сказаць, усё начальства было.

Крушынскі зірнуў у акно.

Дзень быў сонечны, трохі з ветрам. Па дзядзінцы насіліся саломінкі і пажоўклыя кляновыя лісты. На дварэ мітусіліся людзі. Рабілі «трэску» на пакрыццё свірна і тока. Конь быў запрэжаны, як пры малацьбе. Падганяў Рыгор, а яго маладуха падхоплівала з-пад нажа адлупленую ад асінавых калодак белую, як сыр, «трэску» і складвала побач ля плота роўнымі клеткамі. І Рыгор, і яго жонка спрытна спраўляліся з сваёй працай. Конь ішоў раўнамерным крокам, не рваўся паперад, і дрэва лушчылася акуратна, без глуму, з-пад нажа выслізгваліся гладкія палоскі, нібы папера.

— Што так заглядзеліся, Язэп Сымонавіч?

— Гляджу, як машына мая працуе. Я сам зрабіў гэту прыладу.

— У поце ліца твайго будзеш ты есці хлеб свой. Гэта вядомая рэч. А што, не відаць яшчэ «Льва Талстога»?

— Мабыць, зараз прыедзе. Я ж фурманку паслаў.

— Во, во. Гэта разумна! Шануй бліжняга свайго і цябе шанаваць будуць!

Айцец Дзімітры падмацаваў гэтыя словы падсмажаным блінцом. Блінец плакаў паміж яго пальцаў кроплямі масла.

— Блінцы павінны плакаць, а людзі — смяяцца! — заўважыў поп глыбакадумна.

— І аб гэтым напісана ў святых кнігах? — з ледзь прыкметнай усмешкай запытаўся Крушынскі і заёрзаў вусамі.

— Хоць не напісана, але я гэта прачытаў, Язэп Сымонавіч, духоўным вокам.

— А можа, бацюшка, духоўным вокам бачылі Мэру, жонку Марцінаву? Не ведаеце, яна памірае ці папраўляецца?

— Каб нават пры смерці была, дык мяне на споведзь усё роўна не пакліча. Нехрышчоная.

— Але, можа, так чулі?

З валасатага твару папа зірнулі на Крушынскага жартаўлівыя вочы. Айцец кіўнуў на яго пальцам і строга-ласкавым голасам сказаў:

— Н-н-н-у-у-у!

Крушынскі адвярнуўся тварам да акна і прагаварыў халодным тонам:

— А «Льва Талстога» яшчэ не відаць!

Ён адчуў па твары чырвань. У памяці жыва ўсплыў лес, пах грыбоў, Мэра, пухкі, як пярына, мох. У гэту хвіліну яму вельмі хацелася, каб яна памерла:

«Будзе спакайней... А то Марцін...»

— Мэра папраўляецца. Я ўжо бачыў яе на вуліцы,— адказаў як бы на яго думкі поп.

— А вось і «Леў Талстой»! — устрапянуўся Крушынскі.— Прыехаў!

— Вельмі добра. Вы зрабіце яго сваім прыяцелем. Тады не адну хвалебную карэспандэнцыю аб вас у газеты пашле.

«Леў Талстой» усунуўся ў пакой роўнай, упэўненай хадою. Пагладзіў бараду.

— Дзень добры людзям добрым!

— Добрага дня!

Ён прывітаўся з айцом Дзімітрыем і Крушынскім.

— Сядайце! — папрасіў Крушынскі і паказаў рукою на крэсла.

— Акі пастыр духоўны! — заўважыў айцец Дзімітры.

«Леў Талстой» павольна сеў на кончык крэсла, аглянуўся па баках, зноў пагладзіў бараду і запытаўся:

— Не так сабе, тоісь, не на гулянку хіба прыслалі па мяне фурманку, пане Крушынскі?

— А гулянка што, кепская справа? Якраз на гулянку і прасіў вас!

— Пры такой асобе, тоісь, пры духоўным прадстаўніку рэлігійнага культу не шкодзіць і опіум для народа пакаштаваць з гэтых бутэлек. Гэта значыць, з чарак. Так.

— Правільна! — пахваліў Крушынскі.

Айцец Дзімітры ўсміхнуўся, падсунуў бутэльку да Крушынскага і сказаў:

— Дык налейце госцю сівабародаму вільготны опіум з гэтай бутэлькі, бо ад майго папоўскага ён не павесялее і галава ў яго не пойдзе хадыром.

— Я папізму не прызнаю, але што ж! Можна з паднесенай духоўнай рукою, тоісь, з гэтай бутэлькі папробаваць. Так.

Крушынскі наліў усім у чаркі. Гаспадыня прынесла чарговую закуску. Выпілі.

— Дык вы папізму не прызнаеце, сівабароды мой парафіянін, пад імем «Леў Талстой»?

— Тоісь, вы мяне не зразумелі. Самы антырэлігійны чалавек мае сваю асобу, гэта значыць, духоўную. Так. Кожны, хто і не верыць у бога, моліцца камусьці і чамусьці. Але я супроць патэнтованых папоў! Да вас, айцец Дзімітры, нічога не маю. Калі жыве яшчэ рэлігія, дык чаму вам не жыць? Так.

Выпілі яшчэ.

— Нашто цяпер аб гэтым гаварыць? Будзеце сто гадоў спрачацца і кожны пры сваім застанецца! — сказаў гаспадар.— Дзякую вам, даражэнькі суседзе, за такую харошую карэспандэнцыю ў «Савецкай Беларусі».

«Леў Талстой» заззяў вачыма.

— Няма за што дзякаваць. Дзякуй належыць вам, пане Крушынскі, ад усяго працоўнага сялянства нашай ваколіцы за спектакль. Так. Пралетарскае прывітанне за тое, што пасеялі, тоісь, не збожжа, а культуру! Я сваёй працоўнай карэспандэнцыяй выканаў сваю абвінавачанасць, тоісь, свой доўг перад працоўнай рэспублікай. Так. Я тут зусім на старане. Так.

— Вы — наш летапісец (айцец Дзімітры падняў угару палец). Ад вас залежыць паказваць добра ў пісаннях сваіх нашае жыццё перад чытачамі газет. На гэты раз добра паказалі. Будзьце заўсёды такім! Вось маё благаславенне!

«Леў Талстой» гладзіў бараду, выцер рукавом потны лоб, глыбей рассеўся ў крэсле, і голас яго стаў млявым і як бы вільготным.

— Дваццаць гадоў быў я пісарам у земскага начальніка, і ён мяне гэтым самым словам, тоісь, летапісцам, абзываў! Дзякуй яму, у мяне цяпер вялікая кіпа кніг і бланкаў ад яго ў спадчыну засталася. Як ён уцёк у 1917 годзе ўвосень, я нічога не чапаў з яго кватэры, толькі чыстую паперу. Так. І вось на паперы, якая была прызначана для контррэвалюцыі, я цяпер праводжу рэвалюцыю. Пішу, тоісь, свае творы. Так. У канцылярыі земскага я першы зрабіў пераварот. Так.

— Дык вы ж заслужаны перад рэвалюцыяй? — уставіў Крушынскі сваю заўвагу.

— Ну, так.

— Дык чаму ж вы аб гэтым маўчыцё?

— А чаго мне крычаць? Мне ж нічога не баліць. У мяне ёсць кніга, мая ўласная, сваёй рукою напісаў на паперы земскага начальніка, дык там аб усім гэтым напісана. Так. Завецца гэта кніга «Аповесць аб тых часах, аб якіх некаторыя хацелі б, каб вярнуліся». Так. Кніга гэта была на спектаклі, я хацеў сказаць, што я быў на спектаклі, а яна, тоісь, кніга, была са мною. Так. Я хацеў яе даць на прагляд аграному, але ён не паспеў са мною пагаварыць, тоісь, я з ім не паспеў, як ён раптам уцёк...

Пры гэтых словах Крушынскі ўздрыгануўся.

— Ён уцёк, як толькі пару слоў прагаварыў з вашай настаўніцай,— гаварыў далей «Леў Талстой».— Я выскачыў за ім на двор. «Пачакайце,— кажу яму,— аддайце мне мае рукапісы, альбом тоісь». А ён на каня (конна прыехаў), ды як дасць каню па вушах, ды як шугане з двара. Проста чэрці яго панеслі. А вось мая новая кніга! Так.

«Леў Талстой» выняў з кішэні аркуш паперы.

— Я вам пачытаю вось адну пісаніну, тоісь новую карэспандэнцыю для газеты. Так.

— Чытайце! Чытайце!

«Леў Талстой» выняў акуляры. Замест адламаных аглобляў была прывязана да загнутых дроцікаў тоўстая нітка. Ён насунуў акуляры на нос і ніткай замацаваў на галаве. Манатонным голасам пачаў чытаць: «Сяляне вёскі Гайдачаны стукаюцца ў чырвоныя дзверы сацыялізма».— Гэта толькі назва калектыву, тоісь, артыкула,— тлумачыць «Леў Талстой».

— Чытайце! Чытайце!

«Леў Талстой» настаўляе акуляры на паперу і кажа ў сваю бараду: «Та-ак!»

Потым пачынае чытаць ранейшым голасам:

«Савецкая ўлада вельмі трапна ўзбудзіла працоўнае сялянства, якое спала сотні і тысячы працоўных гадоў. Так. Сяляне рвуцца да лепшага жыцця, да светлага жыцця пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Так. Такія прыклады бачым усюды, тоісь не за межамі, дзе імперыялістычная акула душыць бедныя масы, там няма такіх добрых прыкладаў, а толькі ў нас, дзе пануе камунізм. А цяпер да самай справы, тоісь, да вёскі Гайдачаны. Так. Вёска гэта знаходзіцца ў абкружэнні кантрабанды і контррэвалюцыі, усяго пяць вёрст ад культурнай гаспадаркі Курганішча, дзе праводзіць працоўную культуру вядомы па газетах Язэп Крушынскі. Так».

Пры гэтых словах «Леў Талстой» спыніўся і кашлянуў.

Крушынскі заёрзаў на сваім месцы і міргнуў айцу Дзімітрыю.

«Так,— пачаў далей чытаць «Леў Талстой».— Многа ёсць беднякоў у памянёнай вёсцы, тоісь у Гайдачанах. І вось вярнуліся ў вёску два хлопцы з Чырвонай Арміі. Так. Тоісь, чырвонаармейцы з гэтай жа вёскі, сыны гэтай жа беднаты. На адным сходзе чырвонаармейцы гаварылі аб цемнаце вясковай, тоісь аб тым, што гайдачане не ўмеюць жыць, не ўмеюць гаспадарыць на сельскай гаспадарцы, гэта значыць, не ўмеюць быць працоўнымі. Вось дзеля чаго яны, гайдачане, бедныя. Так. Вось дзеля чаго ў іх рэдка хлеб бывае на стале. Трэба, сказалі чырвонаармейцы, наладзіць калектыўную працоўную гаспадарку. Так. Тады, значыць, калі яны гуртам, працоўнай чырвонай талакою будуць усе разам працаваць, будзе шмат лягчэй. Гэтай зімою сяляне думаюць рыхтавацца да калектыву. Тоісь, думаюць арганізаваць арганізацыю з арганізаванай свядомай беднаты памянёнай вёскі Гайдачаны. Так. Трэба, каб рэдакцыя сама звярнула на гэта ўвагу і звярнула б увагу тых, каго яна знойдзе патрэбным, каб прыслалі агітатараў у гэтую вёску. Так. Патрэбны кніжкі на сельскагаспадарчыя патрэбы. Патрэбны машыны на сельскагаспадарчыя патрэбы. Так. Патрэбен каморнік, патрэбен сумленны аграном. Бо наш раённы аграном, Іван Мацвеевіч Шапавалаў, ялімэнт няпэўны. Анэгды я з ім аб гэтым хацеў пагаварыць, дык ён ад мяне ўцёк. Так. Гэта было на вядомым па газетах спектаклі ў Курганішчы. Таксама гэты ялімэнт, тоісь аграном Шапавалаў, сканфіскаваў мае рукапісы і не дае іх да друку. Так».

У час чытання пані Ганна прынесла міску гарачай стравы, паставіла недалёка ад «Льва Талстога». Ад пары шкелкі яго акуляр адразу спацелі. Ён прымушаны быў іх зняць з носа, каб выцерці.

— У гэткім выглядзе нельга друкаваць вашу карэспандэнцыю,— сказаў айцец Дзімітры.— Навошта гэтыя абгаворы вакол справы. Трэба гаварыць адразу аб справе.

— Там рэдакцыі відаць будзе. Я пішу толькі тое, што ведаю. Так. А рэдакцыя надрукуе так, як яна ведае. Так.

— А навошта вам чапаць нашага агранома? — запытаўся Язэп Крушынскі, увесь чырвоны ад выпіўкі і злосці.— І пры чым тут кантрабанда, якой у нас няма?

«Леў Талстой» збянтэжыўся. Ён зусім не рыхтаваўся да такой строгай крытыкі.

— Я ж пішу, суседзі, толькі тое, што ёсць, толькі тое, тоісь, што я прызнаю для друку. Так.

— Вам можа за гэта так уляцець,— пагрозлівым тонам сказаў Крушынскі,— што самі пасля шкадаваць будзеце. Што напішаш пяром — не вырубіш тапаром!

«Леў Талстой» не так спалохаўся пагрозлівага тону Крушынскага, як бляску яго вачэй. У іх замільгалі аганькі, ад якіх у летапісца холад заёрзаў па спіне.

Айцец Дзімітры маўчаў. Ён толькі барабаніў аб стол двума пальцамі і мнагазначна паглядаў на Крушынскага.

— Вы закранаеце ў вашым артыкуле кантрабанду. З гэтага відаць, што вы выказваеце, можа, і не хочучы, контррэвалюцыйныя думкі. Бо, калі была б тут сапраўды кантрабанда, дык значыць, што пагранічнікі не пільнуюць. Вы, такім чынам, наводзіце паклёп на вартаўнікоў граніцы нашай Рэспублікі! Далей: вам не падабаецца наш аграном толькі дзеля таго, што ён не хацеў з вамі пагаварыць. Зноў паклёп на савецкага працаўніка. Ён можа на вас падаць у суд за брахню. Пісаць трэба факты. Газеты друкуюць толькі факты, а не тое, што хтосьці думае. Гайдачане толькі думаюць наладзіць калектыўную гаспадарку, а вы ўжо аб гэтым пішаце. Вось калі ўжо будзе зроблена, тады можаце пісаць. Вы ж аб маім спектаклі ў Курганішчы напісалі толькі тады, калі ён быў ужо наладжаны, а не тады, калі я думаў яго ладзіць. Вось дзеля гэтага і надрукавалі.

«Леў Талстой» прыслухоўваўся да кожнага слова крытыкі Крушынскага. Зноў жа яго непакоілі не словы, а вочы Крушынскага — вострая, з халодным бляскам, з нямой нежартаўлівай пагрозай.

Летапісец вінавата паглядаў навакол.

— Дык я не пашлю ў рэдакцыю. Я ўсё роўна платы за гэта не бяру.

— Плата? Глупства плата! — ажывіўся Крушынскі, і тон гутаркі ў яго зрабіўся болей лагодным і мяккім.— Я магу вам заплаціць за тую надрукаваную карэспандэнцыю і за гэту ненадрукаваную. Вы яе парвіце.

— Вось гэта дык правільна! — згадзіўся і айцец Дзімітры.— Кожны раз, калі што-колечы напішаце для газеты, давайце раней на прагляд мне або Язэпу Сымонавічу. Тады, будзьце пэўны, ніякіх непрыемнасцей у вас не будзе. Вельмі разумна зрабілі, што прывезлі сюды пачытаць вашу пісаніну!

— За гэта і я хвалю суседа! — сказаў Крушынскі.— За гэта самае мы цяпер і вып’ем!

Зусім п’янага «Льва Талстога» адвёз дахаты сам Крушынскі. «Леў Талстой» па дарозе спяваў «Оружьем на солнце сверкая». Ён глядзеў на бакі — на лес і поле, пазіраў уверх — на сонца. І ўсё, што ён бачыў, дваілася і траілася ў яго вачах. Пад ім ляжаў мяшок з жытам: ганарар за яго друкаваныя і недрукаваныя карэспандэнцыі.

— Бачыце, суседзе з высокаю назваю «Леў Талстой»,— гаварыў яму Язэп Крушынскі,— кожная сумленная чалавечая праца ў савецкай рэспубліцы павінна быць сумленна аплачана. Інакш за што ж мы ваявалі? Каб вы часам не скардзіліся на нашу рэспубліку, каб не сказалі, што ваша пісаніна не дае вам карысці, я насыпаў для вас мяшок жыта. Вы анэгды скардзіліся, што ў вас хлеба скупавата.

— Дзякую, дзякую! «Аруж’ем на сонцы...»

— Вы пастарайцеся адгаварыць гайдачан ад іхняга неразумнага праекта. Скажыце старэйшым, што вось трымаліся іхнія гаспадаркі дагэтуль і далей трымацца будуць. А то рассыпяцца яны на ўзвей вецер, калі пачнуць мудрагеліць.

— Я з вамі згодзен, зусім згодзен, пане Крушынскі! «Аруж’ем на...»

— Скажыце гайдачанам, што дагэтуль яны былі гаспадарамі сваіх кавалкаў зямлі, а калі яны пойдуць у калектыў, дык прападуць. Нават ніхто не будзе гаспадаром уласнай кашулі, не то што кароўкі. Яны парабкамі паробяцца.

— Усё скажу, пане Крушынскі! Усё ім гаварыць буду. «Аруж’ем па...» Магу нават у газету аб гэтым напісаць... «Аруж...»

— Не, не, суседзе! Не пішыце аб гэтым. Няможна!

Крушынскі абняў яго правай рукою так моцна, ажно дух захапіла ў «Льва Талстога».

— Ну і не буду пісаць. Так. Ліха з імі! «Аруж’ем на...»

— Вось гэта разумна. А то, калі напішаце, дык шкоду рэспубліцы нашай і ўсяму працоўнаму люду зробіце...

— Не буду. «Аруж’ем...»

«Леў Талстой» задрамаў на возе. Яго белая барада тырчала ўгару, нібы пук сіўцу. Крушынскі пусціў каня павальней, каб не дрогаць старога на возе.



47. НАВОШТА ПЯЦЬСОТ РУБЛЁЎ?

[правіць]

«Шаноўны Язэп Сымонавіч!

Ёсць вельмі пільная справа. Вазьміце з сабою пяцьсот рублёў і едзьце ка мне зараз жа. Магчыма, для Вас гэта важней, чым для мяне. Чакаю.

Ваш І. М. Шапавалаў».


Такую пісульку Язэп Крушынскі атрымаў ад агранома праз спецыяльнага пасланца. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Ніколі аграном раней лістоў яму не прысылаў. Кароценькая пісулька яго вельмі напалохала.

«Што гэта за справа? Няўжо ж Марцін падаў у суд за здзекі над Мэрай? Ці, можа, гэта тычыцца кантрабанды? А магчыма, нешта ў сувязі з вёскай Гайдачаны, якая хоча пераходзіць на калектыўную гаспадарку. Можа, Антось Драчык ліха нарабіў?»

Яму, Крушынскаму, вельмі не хацелася мець у блізкім суседстве такую гаспадарку: небяспечнае для яго суседства.

«І чаму гэта Іван Мацвеевіч тады са спектакля ўцёк?»

Крушынскі гнаў каня як толькі мог. Непрытульнай здавалася на гэты раз дарога ў мястэчка. Бярозавыя прысады былі жоўтыя. Лісцё плаўна і ціха сыпалася па дарогу, нібы маленькія паперкі ад цукерак. Сонца стаяла нізка над лесам.

«Што гэта за справа? Навошта пяцьсот рублёў?»

Асенні дзень быў спакойны. Пахла свежай узаранай зямлёю і дымам. Выбіралі бульбу каля дарогі. На мяжы дыміў корч. Пасвілася карова, і басаногі хлопчык старанна тупаўся каля агню, кійком пераварочваў печаную бульбу.

«Чаму Іван Мацвеевіч не напісаў ясней?»

Пасярод дарогі наперадзе нехта ішоў. Крушынскі яшчэ здалёк заўважыў яго. Той выглядаў спачатку маленькай кропкаю, а потым, з кожным крокам каня, кропка расла і вырасла ў чалавечую фігуру.

«Здаецца, знаёмы...»

Чалавек адвярнуўся, паглядзеў на яго, адышоў убок. Крушынскі спыніў каня. Давай прыглядацца да сівога чалавека. Глядзеў на яго пільна, хоць было непрыемна глядзець.

— Дзень добры, Лейба! Садзіся! Падвязу!

Голас Крушынскага быў салодкі, ільсцівы.

Лейба маўчаў.

— Няўжо злуешся на мяне?

Спачатку вочы Лейбы былі мутныя, туманістыя, а пасля ў іх заблішчэлі аганькі. Хацелася Крушынскаму сцебануць каня і ўцячы ад старога, як ад страшнай здані, але нешта не дазваляла гэта зрабіць.

— Садзіся, падвязу!

— Разбойнік ты! Забіў Рахмільку!

— Апамятайся, Лейба! У цябе мазгі не на месцы!

— Твая кантрабанда выкапала магілу майму сыну.

— Лейба, суседзе... Ён жа сам займаўся. Ніхто нікога не прымушаў. Лепш садзіся, пагаворым...

Холад прайшоў па спіне Крушынскага.

— Не магу сядзець побач з разбойнікам. Няхай цябе бог заб’е!

Крушынскі паехаў. «Бог» яго трохі супакоіў.

«Калі Лейба пагражае толькі богам, дык яшчэ паўбяды».

Ужо сонца было на заходзе, калі Крушынскі накіраваў каня на двор, дзе жыў аграном.

Звычайна, калі ён прыязджаў да агранома, той, угледзеўшы яго праз акно, адразу выходзіў на двор насустрач. На гэты раз Іван Мацвеевіч толькі праз акно кіўнуў яму галавою: не выйшаў.

«Нешта нядобрае...»

Такога «нядобрага» набралася ў Крушынскага за апошнія дні многа. Ён іх збірае цяпер у адно — усе непрыемнасці, каб вылавіць з іх нешта болей выразнае і яркае ў сувязі з аграномам і яго пісулькай.

Крушынскі адчыніў дзверы ў пакой Івана Мацвеевіча.

— Дзень добры, Іван Мацвеевіч! Вось я і прыехаў!

— Не дзень добры, а вечар добры, Язэп Сымонавіч! Садзіцеся!

— Атрымаў вашу пісульку, Іван Мацвеевіч.

— Ведаю. Іначай вы так раптоўна ка мне не прыехалі б.

— У чым справа?

— Зараз раскажу, Язэп Сымонавіч. Будзьце цярплівы.

Адзін раз толькі Крушынскі кінуў вокам на халасцяцкі пакой Івана Мацвеевіча і зразумеў, што сапраўды нешта сур’ёзнае задумаў аграном. Пакой увесь бадай быў пусты. Толькі два чамаданы запакаваныя, відаць, туга набітыя рэчамі, стаялі на пустым незасланым ложку. Але не гэта здзівіла Крушынскага, а выгляд самога Івана Мацвеевіча. Усяго толькі тыдзень, як яны не бачыліся, а аграном за гэты час вельмі памізарнеў. На яго заўсёды гладкіх шчоках цямнелася кароткая густая шчаціна. У выразе вачэй, у голасе, у жэстах і ва ўсіх манерах яго Крушынскі заўважыў нешта новае, незнаёмае, чужое.

— Што з вамі, Іван Мацвеевіч? Вы так змяніліся за гэтыя дні. Каб сустрэў вас не ў вашай кватэры, дык, мабыць, не пазнаў бы.

— Праўда?!

Іван Мацвеевіч усміхнуўся задаволенай усмешкай. Але і ўсмешка не была падобная да ранейшай: затаёная, асцярожная і робленая.

— Я вельмі рады, Язэп Сымонавіч, што так змяніўся. Я ўжо наогул не той. Не той з таго часу, калі раптоўна ўцёк з вашага спектакля.

— Чаму ж вы ўцяклі тады? Я так занепакоіўся. Увесь гумар у мяне быў тады сапсуты.

— Што ж, Язэп Сымонавіч, мне здаецца, што «Леў Талстой» сваёй карэспандэнцыяй у газеце «Савецкая Беларусь» паправіў ваш гумар...

Іван Мацвеевіч зірнуў на Крушынскага калючымі чорнымі вачыма.

— Не менш добры быў у мяне гумар і тады, калі ў «Беларускай вёсцы» адзін добры прыяцель напісаў аб культурнай гаспадарцы ў Курганішчы, паважаны Іван Мацвеевіч!

— Вось дзеля гэтых сваіх глупстваў, дзеля таго, што вы мяне ўвесь час абманвалі, Язэп Сымонавіч, я ўцёк і ад вашага спектакля. Вы мяне абманвалі заўсёды. Бачыце, я ўжо не нашу вопраткі з вашых матэрыялаў. Я толькі нядаўна даведаўся, што гэта кантрабанда; даведаўся пасля таго, калі Рахмілька быў забіты на граніцы...

У кожным слове агранома Крушынскі адчуваў нешта жорсткае, непрыемнае. Словы калолі яго, нібы вострыя шпількі, аддалялі ад ранейшага прыяцеля на вёрсты, на мілі.

— Не разумею, што на вас раптам найшло, Іван Мацвеевіч? Вы зусім не той чалавек, якога знаў апошнія два гады.

— Не той, кажаце?

З вялікай напружанай зацікаўленасцю Іван Мацвеевіч чакаў адказу на гэтыя словы.

— Зусім іншы чалавек...

— О, які я шчаслівы! Гэта мяне так радуе!

Іван Мацвеевіч засмяяўся гучна і шчыра. У яго быў такі выгляд, нібы ён па-дзіцячаму пажартаваў над Язэпам Сымонавічам, а цяпер хацеў сказаць, што гэта толькі жарт, што нічога сур’ёзнага тут няма, што ён зараз на гэту тэму раскажа цікавы, вясёлы анекдот.

Ад яго смеху Крушынскаму стала лягчэй на душы.

— Вы жартуеце нада мною, Іван Мацвеевіч. Цяпер я вас пазнаю. Цяпер бачу ў вас свайго старага прыяцеля.

— Што? Я такі самы, як і раней? Я не змяніўся? — устрывожана запытаўся Іван Мацвеевіч.

— Вы толькі схудалі і няголены.

Язэп Крушынскі заўважыў, што аграному прыемней, калі гаварыць, што змяніўся. І ён дадаў:

— Вы зусім не той, але мы па-ранейшаму з вамі прыяцелі, Іван Мацвеевіч? Я ж вам нічога кепскага не рабіў...

— Кепска тое, што вы мяне абманвалі.

— Я вас не абманваў. Вось і пяцьсот рублёў прывёз... Аграном ажывіўся.

— Мы, канечне, застанемся ранейшымі прыяцелямі. Я быў нездароў апошнія дні, дзеля гэтага я так выглядаю. Вы мяне выбачайце, Язэп Сымонавіч, што я з вамі гавару такім тонам. Ведаеце, у мяне нервы трохі расшрубаваліся ў часе хваробы. Я сябе кепска адчуваў тады на спектаклі. Вось дзеля чаго я зараз жа ўцёк, каб вам клопатаў лішніх не рабіць у такі вечар. Вельмі мне непрыемна прасіць у вас, каб вы мне пазычылі пяцьсот рублёў, але я прымушаны. Мне трэба раптоўна паехаць адгэтуль на некалькі тыдняў. Аб прычынах паездкі я вам раскажу тады, як вярнуся і аддам вам доўг. Я вельмі, кажаце, змяніўся?

Крушынскі адчуў, што калі дасць цяпер грошы аграному, дык яны ўжо ніколі не вернуцца.

— Калі ласка, Іван Мацвеевіч! Але больш двухсот рублёў даць вам не магу. У мяне цяпер вельмі скрутнае грашовае становішча. Мне трэба аддаць тут аднаму чалавеку доўг якраз у трыста рублёў.

— Язэп Сымонавіч, мы з вамі, як вы самі толькі што сказалі, старыя прыяцелі. Калі вам так цяжка з грашыма, дык я ў вас нічога не вазьму. Я меркаваў раней, што вам не так цяжка. Я зусім не падумаў, што, апрача мяне, яшчэ, можа, хто ведае, чыё золата знайшлі ў забітага Рахмількі... Можа, прыйдзецца каго-колечы падмазваць, а я лезу цяпер да вас у гэткі час са словамі: «пазычай грошы!» Я ж не разбойнік, а ваш прыяцель...

Крушынскі зноў адчуў у словах агранома нешта такое чужое і непрыемнае, ад чаго на душы цяжка зрабілася.

— Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу, Іван Мацвеевіч, усе пяцьсот рублёў. Я так-сяк абыдуся...

— Не, не! — Іван Мацвеевіч замахаў рукамі.— Я ў вас нічога не вазьму.

— Іван Мацвеевіч, прашу вас! Вы мне не адмовіце, возьмеце ў мяне грошы!

Раптоўнае аднекванне і адмаўленне ад грошай напалохала Крушынскага яшчэ болей.

— Не вазьму... Так, можа, будзе лепей...

— Іван Мацвеевіч....

Крушынскі выняў з кішэні грошы і палажыў на стол.

Змрочна было ў пакоі. Зайшло сонца. Крушынскі адчуваў сябе нібы ён адзін. Заўсёды гутарлівы Іван Мацвеевіч цяпер упарта маўчаў. Ён сядзеў на пустым ложку, прыпёрты да сцяны, закрыў твар абедзвюма рукамі, нібы збіраецца заплакаць.

— Іван Мацвеевіч...

Аграном маўчаў.

«Мабыць, не хоча, каб я тут заседжваўся»,— падумаў Крушынскі.

— Бывайце здаровы, Іван Мацвеевіч, еду дамоў.

— Бывайце...— ледзь чутным голасам шапнуў аграном і не крануўся з месца.

— Дык вы кажаце, што я да сябе не падобны? — шапнуў ён уздагон Крушынскаму.

Той не чуў і не адказаў на гэта запытанне.



48. АКУЛЯРЫ І БАКЕНБАРДЫ

[правіць]

На Харкаўскім вакзале. У цырульні.

— Вось тут усюды абгаліць і пакінуць бакенбарды.

— Ага. Добра!

Пасажыр, які галіўся, глядзеў у люстэрка і камандаваў цырульнікам:

— Яны павінны быць вузенькія, гэтыя бакенбарды.

— Вусы па-англійску прыкажаце?

— Па-англійску.

Малады цырульнік у белым халаце спрытна працаваў: за твар браўся далікатна і брытвы на шчоках не чуваць было. Яна не скрабла, а пяшчотна гладзіла.

— Адэкалончыку прыкажаце?

— Можна.

Ветрык ад салфеткі прыемна казытаў голены, гладкі твар, асвяжаў вочы.

— Пудры дазволіце?

— Будзьце ласкавы!

Цырульнік працаваў над яго тварам так старанна, з такім захапленнем, нібы скульптар, які наводзіць апошні глянец на сваім творы.

Пасажыр сядзеў у забыцці з зачыненымі вачыма. Заглушаны гул людскіх галасоў слаба даносіўся сюды з агульнага вялізнага зала.

— Гатова! — сказаў цырульнік прывычна-ласкавым голасам і пакланіўся з усмешкай аўтамата на твары.

— Дзякую!

Пасажыр глянуў у люстэрка.

Са шкла на яго пазіраў мужчына гадоў пад сорак, у круглых чарапахавых акулярах з тонкімі бакенбардамі і маленькімі вусікамі. Праз акуляры вочы здаваліся вострымі і бліскучымі, а твар чужы, незнаёмы і інтрыгуючы.

— Першы раз у сваім жыцці акуляры надзеў. Доктар прыпісаў. З непрывычкі нос муляюць. Калі ласка, за працу!

— Дзякую! — цырульнік цьфукнуў на серабро.— Вы ў мяне сягоння першы кліент. Вядома, з непрывычкі яны трохі непакояць — акуляры. Звыкнеце.

Пасажыр аглядаў сябе ў люстэрка з усіх бакоў. У фрэнчы, у галіфэ і жоўтых ботах ён быў падобны да савецкага франта часоў вайсковага камунізма, а тварам — да паштовага дарэвалюцыйнага чыноўніка.

Пасажыр выйшаў у зал і сеў пры століку. Ён заказаў снеданне ў чарнавусага афіцыянта. Часта мацаў двума пальцамі бакенбарды і вусікі, нібы яны былі прыклеены. Часта браўся за акуляры і пробаваў, ці яны на месцы. Ад гарачай кавы спацелі шкелкі. Ён пачаў выціраць акуляры белай хустачкай.

Каля яго мітусілася шмат народу: афіцыянты насілі на падносах гарбату, закускі, спрытна падавалі на столікі. Адны пасажыры ўставалі з месц, новыя садзіліся. Насільшчыкі з бляшкамі на грудзях, у белых палатняных фартухах ёрзалі туды і сюды. У вялікім людскім тлуме саракагадовы пасажыр з маленечкімі бакенбардамі адчуваў сябе вельмі добра. Спакойна аглядаў усіх. Час ад часу гладзіў бакенбарды і папраўляў акуляры.

Каля століка пасажыра прайшла кабета ў чорным капелюшы, у абшарпаным дэмісезонным паліце, з старым чамаданчыкам у руцэ... Кабета праплыла па ім сінімі вачыма і пайшла далей.

Пасажыр уздрыгануўся, пабялеў і заёрзаў на месцы. Ён пазваніў лыжачкай аб шклянку. Падскочыў афіцыянт.

— Дайце рэшты!

Кінуў трохрублёўку і ледзь чутна прашаптаў гэтыя словы. Нібы асцерагаўся, каб ніхто ў шумлівым вялізным зале не пачуў яго голасу.

Прыкметна была яго нецярплівасць. Ён палажыў рэшту ў кішэню паліта, не азіраўся па баках і спешнымі крокамі выйшаў з зала.

Падаў дробны дожджык. Пасажыр ішоў памалу, не зважаючы на дожджык. Відаць было, што яму ўсё роўна куды ісці.

На выкрык хлапчука «пачысць бацінкі» ён машынальна паставіў нагу на падстаўку, потым нават не зірнуў, якія срэбныя манеты кінуў хлопчыку за чыстку. На прапанову газетчыка ён узяў газету, сунуў у кішэню і таксама даў яму срэбную манету. Кінуў дробязь жабраку, які сядзеў на мокрым памосце без шапкі і гнуў голую галаву да самай зямлі, нешта мармычучы скавытлівым голасам.

Відаць было па ўсім, што пасажыр зусім далёк ад таго, што робіцца вакол. Часам ён з захаванай пад акулярамі апаскай аглядаўся назад, нібы хтосьці за ім гоніцца. Ён сутуліўся, ішоў бокам, як бы стараўся праціскацца па пуставатай вуліцы сярод невідочнага натоўпу, каб схавацца як найхутчэй ад пагоні.

«Яна такая самая...— прамармытаў ён.— Не пазнала мяне. Мабыць, і Крушынскі мяне б цяпер не пазнаў».

Гэта быў аграном, цяпер — Сямён Пракопавіч Мікалаеў, раней — Іван Мацвеевіч Шапавалаў, нараджоны Антон Сяргеевіч Мятлоў.

Пад новым выглядам і новым дакументам ехаў на Каўказ. Ён быў вельмі ўсхваляваны. На вакзале сустрэў сваю жонку, Аграфену Макараўну. Яна зірнула яму ў вочы і не пазнала.

Даўно не было ў яго такіх хваляванняў, як у апошнія дні: ад сустрэчы з пляменніцай на спектаклі да сустрэчы з жонкаю.

«Куды гэта яна едзе? Няўжо Стэфка напісала ёй? Пэўна напісала...»

Аграном спыняўся па вуліцах каля вітрын, дзе былі люстэркі, глядзеў на сябе з замілаваннем, часта мацаў свой бумажнік з новым дакументам і шаптаў сваё новае імя і прозвішча, нібы замову супроць зубнога болю:

— Сямён Пракопавіч Мікалаеў...

— Сямён Пракопавіч...

— Сямён Прак...

— Сям...

На тратуары цікавалі за ім два чалавекі: Антон Сяргеевіч Мятлоў і Іван Мацвеевіч Шапавалаў.

Новы чалавек у яго выабражэнні яшчэ не быў аформлены ва ўсіх дэталях. Вырысоўвалася перад ім толькі верхняе аблічча Сямёна Пракопавіча: пушыстыя бакенбарды, вусы, акуляры і непрывычная для яго вопратка. Аб нутраным змесце Сямёна Пракопавіча ён яшчэ добра не памазгаваў. Аб гэтым пастанавіў падумаць у вагоне. Аднак думкі аб гэтым і цяпер пакою не давалі.

«Мабыць, прыйдзецца выкінуць анекдотную частку. Самае лепшае — вострая сатыра. Глядзець на ўсё вакольнае з едкай кпінай. Гаварыць вострыя слоўцы аб кабетах. Аб палітыцы зусім не гаварыць. З начальствам трымацца як роўны з роўным. Часам і памылкі паказваць, а часам з халоднай пашанай слухаць загады начальніка. Не льсціць. На людзей старонніх глядзець незацікаўлена, але адносіцца да іх уважліва. Тады і мяне будуць шанаваць. Абавязкі выконваць акуратна. Быць строгім да самога сябе. Ні з кім лішне не дружыць, не быць ні з кім блізкім, як быў з Крушынскім, каб не трэба было пасля ўцякаць з новага месца.

Сямён Пракопавіч сам не заўважыў, што па харкаўскіх вуліцах ён творыць новага чалавека.

Сямён Пракопавіч успамінаў герояў з літаратуры, з тэатра, з кіно, уяўляў сабе бачаных па розных музеях партрэтаў людзей, прыглядаўся да людскага тлуму на вуліцах і браў для свайго новага твора па адной рысцы, па кавалачку з кожнага вартага ўвагі тыпу героя. Спачатку яго твор — новы, жывы чалавек — выйдзе трохі ў стылі мазаікі, але з цягам часу гэта зробіцца непрыкметным і яго новы чалавек заваюе поўнае права не толькі на існаванне, але нават на поспехі ў жыцці.

Ён быў ад гэтых думак у захапленні, нібы кампазітар у экстазе творчасці, калі гукі новай сімфоніі вандруюць у яго выабражэнні і яшчэ не ўвайшлі ў жыццё праз музычныя інструменты і спевы.

Ён адчуваў сябе шчаслівым, але шчасце яго было трагічнае. Нібы цень чорных крылляў вялізнага птаха ўрываўся ў сонечныя блікі: перад яго вачыма мільгалі строгія вочы жонкі. Галоўкі дзяцей — яго родных — свяціліся перад ім, як анёлы на малюнку Рафаэля.

Сямён Пракопавіч часта выціраў акуляры...

Вечарам ён паехаў чыгункай у бок Растова.

У поездзе, у вагоне зноў людскі тлум.

«Трэба быць напружным, трэба быць на варце...»

Сямён Пракопавіч ляжыць на верхняй лаўцы, адчувае, як імчыцца поезд. Бяжыць наперад разгарачаны жалезны змей, і няведама скуль ён з’явіўся і дзе ён спыніцца.

А за вокнамі — ноч.

Часам зірне яна праз акно каляровым вокам ліхтара, замігцяць іскры ад паравоза і зноў аслепне шкло сіняй слепатою. Тахкаюць калёсы, будзяць стэп:

— Тах-тах-тах-тах.

— Так-так-так-так.

Мабыць, стэп падбірае розныя словы і мелодыі пад рытм жалезных калёс.

Мабыць, адзінокі падарожнік, які цяпер вандруе па стэпе, радуецца, што ён не адзінокі, яго вітае жалезны змей цягніка часам тонкім свістам, часам басавым іржаннем з чыгунным клёкатам калёс па рэйках...

— Добры вечар, дабрадзею! Тах-тах-тах!

— Добры вечар, казача! Так-так-так!

Мабыць, заўтра стэп будзе сонечны. Па яго аграмадных абшарах вецер будзе сцежкі пратоптваць і шукаць слядоў сівавусых бандурыстаў, якія чаломкалі задумёнаму Дону перад тым, як напіцца.

Заўтра будзе сонца і вецер.

Часам праз акно ўзіраецца ў вагон круглы, яркі месяц...

Ён цяпер у Доне купаецца, срэбрыць хвалі, чэша залатым грэбнем прыбярэжныя чубы кавылёў.

Часам жалезны змей збянтэжыцца ў начным стэпе, тарганецца, свісне і стане на месцы.

Сямён Пракопавіч абуджаецца. Праз вокны вагона свеціцца станцыя. Шумна. Новыя пасажыры лезуць у вагоны. Пасажыры заклапочаны, шукаюць месцы. Спрэчкі. Піскі і хіхат жанчын.

Сямён Пракопавіч прыслухоўваецца да людскіх галасоў:

«Можа, у гэтым шуме і знаёмы голас пачую.

...Ці толькі здаецца? Галюцынацыя слыху?..

...Басок...

...Мала ёсць падобных галасоў?..

...Каб кожны чалавек быў адораны прыродай, своеасаблівым голасам, які не быў да яго і пасля яго не будзе, дык гэта ж было б найвялікшым багаццем тонаў...

...Няўжо галасы людзей не могуць быць падобнымі адзін да аднаго?..

...Вось багаты музычны інструмент — людскія галасы...»

Так філасофствуе Сямён Пракопавіч.

Ён прытаіўся, ляжыць на лаўцы; прытаіліся і думкі яго. Прыслухоўваецца. Хочацца зірнуць на суседнюю лаўку. Баіцца.

Адтуль два галасы — мужчынскі і жаночы.

«Мужчынскі вельмі знаёмы».

Мужчына часта кашляе.

«Ён ці не ён?..»

Горача робіцца Сямёну Пракопавічу. Цягне паглядзець. Жмурыць вочы. Паказвае незнаёмаму акуляры і бакенбарды.

«Можа, галюцынацыя зроку...

...Таварыш, аднакашнік... Высокі лоб. Тыя самыя вочы, валасы. Зусім не змяніўся за такі доўгі час. Яна, мабыць, яго жонка...»

Цяпер для Сямёна Пракопавіча не існуе ні стукат калёс, ні вагон, ні пасажыры — апрача аднаго... Апрача гутаркі гэтага аднаго...

Ён ловіць кожны гук «таго». Той да жонкі гаворыць:

— Тры дні пабудзем у Растове і назад. Тры дні.

Моцна кашляе.

— Не кашляй так. Вось шакалад.

— Надта, думаеш, памагае.

— Папрабуй.

«Той» есць шакалад. Зноў кашляе.

— Вось бачыш!

Гаворыць гэта з такім тонам, нібы рад свайму кашлю.

— Ссылка табе не хаханькі! — тлумачыць «той» жонцы.

Сямён Пракопавіч затаіў дыханне і слухае...

— «Ён... Грышка...»

І вось на пацвярджэнне:

— Чаму, Грышутка, партыя цябе не пасылае лячыцца?

«Той» злуецца:

— Вечна лячыцца! Працаваць трэба! Штогод лячуся, і што з таго?

Зноў кашаль.

— Вось каб знайшоў таго правакатара, Мятлова, дык яго б палячыў! Швагра роднага ў магілу ўвагнаў. Той памёр ад сухот яшчэ ў турме. Пісаў колькі разоў, дык, відаць, правакатар лісты пералаўліваў.

— Кінь ты! Вечна ўспамінаеш...

Сямёну Пракопавічу здаецца, што гэта сон — страшны і разам з тым цікавы.

— Гэта я! гэта я! — хоча ён крыкнуць.

Губы гараць. Ён сціснуў зубы. Халодны пот прыклеіў кашулю да спіны. Непрыемна.

Ён забыўся пра Сямёна Пракопавіча і Івана Мацвеевіча. Застаўся выразны, вядомы Антон Сяргеевіч — здраднік, труслівы, агідны самому сабе.

— А я не хачу быць труслівым! — крыкнуў ён на ўвесь вагон.— Не хачу! Вось я!

Падняўся з лаўкі. Стаў супроць старога таварыша, Грышы...

Падняўся і Грыша...

— Няўжо ж гэта вы? Мятлоў?

Голас надзіва мяккі і ветлы. Вочы празрыстыя, бліскучыя.

Грыша тыкае на яго пальцам, закашляўся.

— Рукі я вам не падам! — кажа Грыша строгім голасам.

— Па-па-мылка м-моладасці...— заікаецца Мятлоў.

— Добрая памылка! Здраднік! Правакатар! Сволач! На першай станцыі вы будзеце арыштаваны!

— А я хацеў стаць новым чалавекам,— ляпеча Мятлоў.— Вось бачыце: бакенбарды, акуляры...

І рагоча хрыплым, грудным смехам сухотнага яго даўнейшы таварыш Грыша. Сарваў у правакатара акуляры, кінуў на падлогу так моцна, ажно шкелкі рассыпаліся ў дробныя кавалачкі.

— Новы чалавек!

Грыша закашляўся. Занепакоеная жонка дае выпіць вады з бутэлькі ад нарзана.

— Грышутка, супакойся!

Яе вочы спалоханыя і надзвычайна добрыя. Яна глядзіць на Мятлова з балючай жальбой.

Як прачнуўся Сямён Пракопавіч, сонца свяціла праз вокны вагона. Стэп залаціўся.

«Так і ёсць! Сонца і цёплы ветрык. Б-р-р-р, які гадкі сон. Я, здаецца, аб гэтым не думаў. А вось ва сне... Мазгавыя клеткі, нібы фотанегатыў, зноў надрукавалі, гэта назаўсёды будзе ў маёй памяці».

Мігаціцца стэп.

У Растове ён чакаў другога цягніка некалькі гадзін. Паехаў.

Зноў стэп.

А вось Азоўскае мора клінам у стэп урэзалася — бліскучым клінам мутнай сталі.

Армавір.

Каўказскія горы — грозныя, чужыя і вабныя, нібы руіны велічэзных замчышч. У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну, выступаюць у небе мутнаватымі воблакамі ў розныя ўзоры. Месцамі нагадваюць чарнёнае серабро.

«Будзь блаславёна, новая зямля...

...Прымі ў свае абоймы новага чалавека...»

Твар Сямёна Пракопавіча змучаны, бледны. Ён часта мацае непрывычныя бакенбарды і папраўляе на носе такія ж непрывычныя круглыя акуляры...

— Так-так! Так-так! — згаджаецца цягнік.


49. АГРАФЕНА МАКАРАЎНА

[правіць]

Стэфка паглядае на дождж з акна. Ён лье ўжо другія суткі: асенні, густы, нудны, без перуноў і грымотаў. Яго доўгія мутнаватыя валокны цягнуцца з шэра-змрочных воблакаў да самай зямлі. Глеба набухла, як порхаўка. Трава прыбіта да зямлі, нібы градам. Лес, які ў летнія дні так вабіў Стэфку, зваў у свой зялёны і шапатлівы прытул, цяпер выглядае чужым, грозным і непрытульным. Не хацела б Стэфка апынуцца цяпер за курганамі, за мутнай рэчкаю.

Дождж уперамежку з ветрам сцёбае па дрэвах, зрывае лісце і барабаніць аб шыбы акна, нібы сотнямі тонкіх пальцаў.

Па дзядзінцы калі-нікалі прабяжыць босая кабеціна. Толькі Крушынскі ў брызентным плашчы з капюшонам на галаве не зварачае на дождж ніякай увагі. Ён увесь час на дварэ па гаспадарчых справах. Нават учора ездзіў у мястэчка другі раз. Ён за апошнія дні аж тры разы ездзіў туды.

«Ніякага надвор’я не баіцца,— думае Стэфка.— Гэта такі чалавек, што, здаецца, жалезную сцяну праб’е, калі толькі яму трэба будзе».

Стэфка паважае яго за энергію, за руплівасць. Але ёсць у ім нешта такое, чаго яна баіцца, што адпіхвае ад яго. Яна сама не можа сабе вытлумачыць прычыну такога адчування.

«А ён, здаецца, такі далікатны і добры».

А вось і фурманка нейкая прыехала. Кабета злезла з воза.

— Цёця! — крыкнула Стэфка ў дзікім захапленні.

— Цёця! — раздаўся яе голас у другі раз з прарэзлівым віскатаннем, з пералівамі на самых высокіх нотах.

Яна кінулася на двор з такім імпэтам, нібы трэба было кагосьці выратаваць ад страшнай смерці.

З цёцяй сустрэлася на ганку. Хацела кінуцца ёй на шыю.

— Пачакай, Стэфачка! Я ўся мокрая! — супакоіла яе цёця, Аграфена Макараўна.

Праз пяць хвілін усе хатнія ведалі, што да Стэфкі прыехала цёця, што гэта жонка Івана Мацвеевіча, што сапраўднае імя агранома — Антон Сяргеевіч.

— Я не ведаю, чаму ён ад мяне схаваўся, чаму выкінуў такі фокус з тэлеграмай. Гэта ж цяпер бачу, што ён сам тэлеграму прыслаў аб сваёй смерці,— гаварыла Аграфена Макараўна.— Мы з ім увесь час так добра жылі...

Аграфена Макараўна плакала. Здавалася, што плач яе не шчыры. Вочы часта высыхалі. Сінія і бліскучыя, з выразам загоенай крыўды, вочы жанчыны былі вельмі прыгожыя. Стэфка тулілася да яе, нібы малое дзіцё. Часта цалавала цёцю і плакала разам з ёю. Слёзы Стэфкі выглядалі чамусьці болей шчырымі, чымся ў цёці.

— Перастань плакаць, Стэфачка! — гаварыла з чуць прыкметнай кплівасцю Аграфена Макараўна.— Не думай, што я шкадую яго. Не шкадуй і ты свайго дурнога дзядзю. Вельмі благі жарт ён нада мною ўчыніў. Тады, як атрымала тэлеграму аб яго смерці і яго рэчы, думала ехаць адразу хоць магілу яго паглядзець. Але нешта мяне стрымлівала. Чамусьці не хацелася ехаць. Як атрымала, Стэфачка, твой ліст, дык так спалохалася, як бы нябожчыка з магілы пабачыла.

— А дзецям і дзядуні вы, цёценька, паказалі мой ліст?

— Не. Не хацела іх трывожыць. Няхай сабе думаюць, што памёр, што няма яго на свеце. Так будзе лепей. Я ім гаварыла, што еду ў госці да тваіх бацькоў.

— Я не вытрымала б. Я ім сказала б...

— Эт, дзіцё ты! Навошта гаварыць? Дык ён, кажаш, круглы, тоўсты? Гэта ў магіле ён адкарміўся! І навошта ён гэтак уздумаў рабіць? Няўжо ж я яго пры сабе гвалтам трымала б?

Аграфена Макараўна смяялася праз слёзы.

— Відаць, што дзядзя ад некага іншага хаваецца,— сказала Стэфка.— А магіла была тут някепская.

Стэфка шчыра зарагатала.

— Няма, Стэфачка, чаго смяяцца! — пакрыўдзілася Аграфена Макараўна.

Стэфка закусіла губы.

— Вы, цёця, засмяяліся, дык і я стрымацца не магла.

— Ну, добра, дзетка, лепш смяяцца, чым плакаць. Аграфена Макараўна зноў заплакала.

— А жыве ён адзін ці жонку мае? — запыталася яна.

— Не ведаю. Я бачыла яго толькі адну хвіліну.

Крушынскі, які да гэтага часу маўчаў, умяшаўся ў гутарку:

— З кабетамі, як я ведаю, ён не валаводзіўся. Жанчын у яго не было. Ён трымаўся вельмі прыстойна — Іван Мацвеевіч.

— Не Іван Мацвеевіч, а Антон Сяргеевіч! — паправіла са злосцю ў голасе Аграфена Макараўна.— А дзе ж яго цяпер шукаць?

— Ён уцёк. Я сам не ведаю куды. Я вось гэтыя дні ездзіў да яго на кватэру. Ён і мяне абшустаў. Пазычыў яму пяцьсот рублёў.

— Пяцьсот рублёў?! Навошта было даваць?

— Мы з ім дружылі. Я лічыў яго прыстойным чэсным чалавекам. Апошнія грошы аддаў. Вы, жонка яго, павінны мне аддаць гэтыя грошы,— пробаваў ён жартаваць.

— А можа, вы не хочаце мне гаварыць, дзе ён? Вы, пэўна, ведаеце... А грошы вы ж далі не мужу майму, Антону Сяргеевічу, а нейкаму Івану Мацвеевічу.

Аграфена Макараўна пільна, з падазронасцю зірнула Крушынскаму ў вочы.

— Нічога не ведаю. Няма ў мяне ніякай патрэбы таіць ад вас.

— Усе мужчыны адзін аднаго бароняць ад нас, жанчын.

Аграфена Макараўна не адрывала вачэй ад Крушынскага.

Пані Ганна ўвесь час толькі рукі ламала. Слухала ўсю гэту дзівосную гісторыю і шаптала:

— А божа ж мой! А божа ж мой! Вось які свет настаў. А-я-яй!

— Скажыце, калі ведаеце! — не адставала ад Крушынскага Аграфена Макараўна.— Дзе ён?

— Ну, чэснае слова, не ведаю!

— Скажы, Язэп, калі знаеш, што табе! — не стрымалася і пані Ганна.

— Во! Усе кабеты адна за адну гарою. Маўчы, Ганна, а то і я ад цябе паеду і дам тэлеграму, што памёр.

— Каб я больш бяды не мела. Гаспадарку з сабою не забярэш! Падумаеш! Мала такіх па свеце бадзяецца. Едзь сабе да Івана Мацвеевіча!

— Да Антона Сяргеевіча! — спачуваюча паправіла памылку Аграфена Макараўна.

— Жарты — жартамі, а я не ведаю, дзе ён дзеўся! — апраўдваўся Крушынскі.

— А навошта вы яму грошы далі на дарогу? — тонам следчага допыту запыталася Аграфена Макараўна.

Такое запытанне на адну хвіліну збіла яго з панталыку.

«Нельга ж вытлумачыць ёй, што я баяўся агранома, каб маіх сакрэтаў не раскрыў».

— Даў, бо адмовіць не мог.

Ён глядзеў на Аграфену Макараўну «шчырымі вачыма».

— Ён рабіў на мяне ўражанне чэснага чалавека, ваш Іван Мацвеевіч.

— Антон Сяргеевіч! — паправіла Аграфена Макараўна.— Што ж мне цяпер рабіць?

— Надрукуйце аб гэтым у газетах! Я шмат такіх абвестак чытала. Жонка шукае мужа. Аб усім напішыце!

Так параіла ад шчырага сэрца пані Ганна.

— Ты, Ганна, толькі такой літаратурай і цікавішся ў газетах, то жонка мужа шукае, то муж жонку!

Крушынскі сказаў гэта са злосцю ў голасе.

— Саромлюся аб гэтым у газеты даваць... — як бы сама з сабою гаварыла Аграфена Макараўна.

Стэфка заплакала.

— Ціха ты, дурная! — крыкнула на яе цёця.— Хадзем лепш у твой пакой. Раскажы, як ты жывеш? Адгэтуль паеду ў Мінск да тваіх бацькоў.



50. ДА ДОКТАРА

[правіць]

Крушынскі быў выбіты з каляі рознымі непрыемнымі весткамі.

«Які будзе цяпер аграном у гэтым раёне? Чаго добрага новы аграном пазнаёміцца з маёй «культурнай» гаспадаркай...»

Непакоіла яго і вёска Гайдачаны.

«Як трымацца? Ці не варта ладзіць калектыўную гаспадарку сярод сваіх Драздоў і Дзятлаў? А то чаго добрага пры новым аграноме мая «культурная» гаспадарка пераскочыць да гайдачанскага калектыву. З кім параіцца аб гэтым? Айцец Дзімітры сказаў ехаць у Мінск і пагаварыць з сваім стрыечным братам — з паэтам Антонам Цярэшкай. У яго добрыя знаёмствы.

І яшчэ адна справа:

...Толькі ўчора даведаўся, што з Мінска высылаюць кудысьці далёка многа кантрабандыстаў. Таксама з пагранічнай паласы высылаюць падазроных асоб.

— Ці не папаў і я ў гэты спіс?»

Учынак агранома накіраваў яго на арыгінальную ідэю:

— Я пушчу погаласку, што захварэў на рак, што хутка памру. Буду ляжаць некалькі месяцаў, пакуль усё супакоіцца. У Мінск еду цяпер нібыта да доктара.

Не зважаючы на дождж, Крушынскі запрог каня і паехаў.

Мутныя, заплаканыя далягляды асенніх палёў і лясоў непрыветна сустракалі Крушынскага па дарозе ў горад. Дождж сцёбаў у твар. Брызентавы плашч намок. Пранізваў холад. На тым месцы, дзе з старых часоў увесь час была гразь, дзе тапіліся коні і каламі прыходзілася выцягваць калёсы, была паложана новая грэбля. Абапал грэблі пракопаны канавы. Пахла свежым дрэвам і яловымі лапкамі.

Добра было ехаць на гэтым месцы. Але Крушынскага гэта чамусьці не радавала.

Вось маленькая вёсачка. З двара выскачыў селянін.

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Не пазнаеце, ці што? Гэта ж я!

— А як жа, пазнаю! — мармытнуў Крушынскі, успомніў пяцьдзесят рублёў, якія Рахмілька падкінуў гэтаму селяніну на дарозе.

— Пачакайце адну хвілінку, ці што!

Крушынскі затрымаў каня.

— Як маецеся?

— Дзякую, не зусім добра. Нездароў. Да доктара еду.

— Ну?! — здзівіўся стары.— Што рабіць? Трэба лячыцца. Як вам падабаецца наша грэбля?

— Вельмі добра было ехаць.

— Гэта ж мой сын падгаварыў суседзяў, і вось за некалькі дзён наладзілі.

— Малайчына ваш сын!

— За тое, што ён малайчына, завязеце яму торбачку. Зараз вынесу!

— Давайце. Толькі скарэй!

Цыпрук пабег у хату. Праз дзве хвіліны вынес торбачку.

— Тут два сыры і кавалак сала. Старая запакавала. Тут і адрас у торбачцы ляжыць. Не забудзьце, ці што.

— Добра! Перадам!

— Калі ласка, у сена пад сядзеннем запакуйце. Але я сам запакую, ці што?

Стары Цыпрук рупатліва ўкапаў торбачку ў сена.

Радаснымі вачыма зірнуў на Крушынскага. Па кажуронку старога кроплі дажджу расплываліся ў цёмныя плямы. На скомканай бародцы блішчэлі паадзіночныя, поўныя кроплі.

— Бывайце здаровы, ці што!

— Бывайце!

— Не забудзеце?

— Не забуду!

Крушынскі паехаў.

Стары Цыпрук стаяў яшчэ на дарозе пару хвілін, бараніў свой твар ад дажджу далонню правай рукі. Трымаў яе, нібы брылік, над вачыма, як ад сонца ў летні дзень.

Фурманка Крушынскага аддалялася і мутнела ў дажджлівых туманістых валокнах.


1928—1929 гг.

Мінск