Ядвігін Ш. (1933)
Ядвігін Ш. Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Хведар Ільяшэвіч 1933 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ядвігін Ш. (Ільяшэвіч). |
Хведар Ільяшэвіч.
Ядвігін Ш.
(Антон Лявіцкі).
Жыцьцё і літэратурная творчасьць.
Вільня———————1933 г.
Выданьне Таварыства Беларускае Асьветы.
Друкарня Я. Левіна Вільня, Нямецкая 22.
На працягу 10-ёх гадоў, якія прайшлі ад сьмерці Ядвігіна Ш., беларуская літэратурная крытыка, зрабіўшая за тэты час вялікія крокі ў сваім разьвіцьці, пасьвяціла пэўнае мейсца і ягонай творчасьці. Маем даволі паважную стацьцю М. Пятуховіча п. н. «Ядвігін Ш. (жыцьцё і літэратурная дзеяльнасьць)», надрукаваную у «Запісках аддзелу гуманітарных навук» (Менск 1928 г., т. I, кніга 2), і артыкул А. Навіны п. н. «Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)», зьмешчаны ў зборніку літэратурна-крытычных стацей «Адбітае жыцьцё» (Вільня 1929). Апрача гэтага аб Ядвігіне Ш. знаходзім у «Гісторыі беларускае літэратуры» М. Гарэцкага, у «Хрыстаматыі новай беларускай літэратуры» д-ра Ігн. Дварчаніна, а таксама некаторыя дробныя ўвагі, датычучыя творчасьці Ядвігіна Ш., у «Нашай Ніве» (№ 7, 1910 г.), у «Вялікоднай пісанцы» (1914 г.), у «Беларускім Звоне» з 4. III. 22 г. і іншых.
Стацьця М. Пятуховіча ў частцы, дзе ён разглядае творчасьць Ядв. Ш., можа зьяўляцца добрым павадыром пры аналізе твораў пісьменьніка. Аднак, у біаграфічнай частцы стацьця гэтая вымагае паважнае коррэктуры. М. Пятуховіч карыстае бяскрытычна з успамінаў В. Лёсікавай і П. Бадуновай, у той час, як гэтыя крыніцы асабліва вымагаюць узброенага ў крытычны апарат вока. Асабліва гэта датычыць успамінаў Бадуновай, дзе шмат патэтычных слоў і няскрытае аднастароннасьці. У 1922 г. Бадунова піша, што: «Апрача некалькіх расказаў гумарыстычнага зьместу, сабраных у зборніку «Васількі», ды яшчэ другіх некалькіх апавяданьняў, з якіх «Гаротная» зьвярнула на сябе агульную увагу, беларускае грамадзянства нічога ня мае прад сваімі вачыма з яго твораў».
Дзякуючы гэтаму някрытычнаму адношаньню да вышэйуспомненых успамінаў, Пятуховіч усьлед за аўтаркамі іх робіць памылкі.
Так напр. ён піша, што Ядвігін Ш. радзіўся ў 1869 г., сядзеў у Петрапаўлаўскай крэпасьці, быў на мэдыцыне, памёр у сакавіку і т. д. У другой частцы стацьці Пятуховіч абмінае некаторыя важныя мамэнты ў творчасьці пісьменьніка, як хоць-бы, напр., водгаласкі шляхоцкага романтызму ў яго творах і т.д. Гэта часткова папаўняе стацьця А. Навіны, якая дае агульны агляд яго ідэолёгіі і твораў.
Гэтага, бязумоўна, мала. Асоба Ядвігіна Ш., а таксама й яго творчасьць - належна яшчэ не асьветлены. Ня вызначана таксама выразна мейсца яго ў беларускай літэратуры. У гэтым нарысе жыцьця й галаўнейшых мамэнтаў творчасьці Ядвігіна Ш. я не прабую папоўніць усе пустыя мейсцы ў беларускай літэратурнай крытыцы, датычачай гэтага прадмету, аднак зазначаю, што выяўленьне ўплыву іншых пісьменьнікаў на яго творчасьць, уплыву народнае поэзіі уплыву яго грамадзкае ідэолёгіі на творчасьць, псыхолёгіі творчасьці Ядвігіна Ш., урэшце таго, у якой меры творы Ядвігіна могуць служыць матэр'ялам для псыхолёга і, што вельмі важна, галоўных мамэнтаў у яго жыцьці, усё гэта, бязумоўна, кінула-б новае сьвятло як на постаць Ядвігіна Ш., так і на яго творчасьць. Без выяўленьня гэтых і раду іншых мамэнтаў Ядвігін Ш. будзе яшчэ ня зусім абрысаваны, творы яго яшчэ будуць разам з высокім духовым здаваленьнем будзіць часта зьдзіўленьне.
Напачатку скажу, што Ядвігін Ш. належыць да катэгорыі тых пісьменьнікаў, творчасьць якіх трэба лічыць закончанай. Творчасьць Ядвігіна Ш. закончаная (хоць не адналітая, ня суцэльная), так, як закончаная творчасьць Д.-Марцінкевіча, Я. Купалы, Фр. Аляхновіча. Закончаная яна ў тым сэньсе, што Ядвігін Ш. прайшоў эволюцыю свайго таленту да канца. Усё, што ён меў сказаць, як прадстаўнік свайго часу, ён сказаў. Дзеля гэтага заданьне крытыка тут і лёгкае, і адначасна цяжкое: трэба выкрыць усе ўплывы, ішоўшыя ў кірунку пісьменьніка, усе сьветлацені яго творчасьці, каб належна ацаніць яе. Праўда, некаторыя творы дагэтуль не надрукаваны. І ўсё-ж такі, ня гледзячы на магчымасьць, зрэштай сумліўную, апублікаваньня гэтых твораў, трэба лічыць творчасьць Ядвігіна Ш. закончанай. Аб творах ненадрукаваных мы ведаем, што паходзяць з першага пэрыаду творчасьці Ядвігіна Ш., пэрыаду спробаў. Ванда Лёсікавая, дачка Ядвігіна Ш., у сваіх успамінах[1] аб бацьку гаворыць аб гэтых творах наступнае: «часьць літаратурных твораў таго часу нябожчык хацеў перарабіць, часьць іх лічыў зусім нявартымі ўвагі і дзеля гэтага ня меў іх нават запісанымі». Гэтыя творы, трэба думаць, паслужылі-б да выкрыцьця новых доказаў ідэйнай лучнасьці Ядвігіна Ш. з шляхоцкімі романтыкамі, а ў першую чаргу уплываў Д.-Марцінкевіча.
Ядвігін Ш.. запраўднае прозьвішча якога было Антон Лявіцкі, радзіўся ў 1866 г. М. Гарэцкі (ў «Гісторыі беларускай літаратуры», 1924 г.) падае якраз гэтую дату нараджэньня Ядвігіна Ш., у тойчас, як М. Пятуховіч перасоўвае яе на 1869 г. а д-р І. Дварчанін («Хрыстаматыя») - аж на 1870 г. Гэтыя дзьве апошнія даты трэба лічыць няправільнымі. Дата М. Пятуховіча—гэта найпраўдападобней друкарская памылка: 9 замест 6. Як доказ таго, што Ядвігін Ш. радзіўся ў 1866 г., маем запіс веку пісьменьніка ў кнізе хворых Літоўскае Клінікі ў Вільні за 1922 г., паводле якой Ядвігін Ш. мае 55 гадоў. А гэты век падаў пэўне-ж сам хворы пісьменьнік. Такім чынам год нараджэньня яго прыпадае на 1866. Бацька Антона Лявіцкага, Ян Лявіцкі, быў шляхціцам па паходжаньню, каталіцкага веравызнаньня. Пэўны час бацька Лявіцкага быў афіцэрам расейскае арміі. Спачуваючы паўстаньню 1863 г., аб выбуху якога ён ведаў, ён падаўся ў адстаўку й затрымаўся на нейкі час у маёнтку Дабосьня, у Магілёўшчыне, дзе быў кіраўнічым маёнтку. Тут, як падае М. Пятуховіч, радзіўся Антон Лявіцкі. У Дабосьні, а пасьля ў Першаёх (Ашмянскага павету), дзе бацька служыў падлоўчым у маёнтку графа Тышкевіча, вочы будучага пісьменьніка пабачылі беларускае неба. Пасьля бацька перабраўся ў фальфарак Карпілаўку (ў Вялейскім павеце), які купіў ужо ў 1866 г. У гэтых мяйсцох назоў Карпілаўка спатыкаецца даволі часта (ёсьць фальваркі й вёскі Карпілаўкі). Карпілаўка, у якой прышлося правесьці свае дзіцячыя гады Ядвігіну Ш., знаходзіцца ў 57 в. ад Вялейкі пры паштовай дарозе з м. Ільі ў Радашкавічы. Дом Лявіцкіх стаяў сярод садовых і іншых дрэў, навокала воддаль расьлі старыя дубы й ліпы. Дом, у якім рос і гадаваўся малы Антон Лявіцкі, меў сем пакояў. Тут, у Карпілаўцы, правёў будучы пісьменьнік сваё дзяцінства. Тут ён пазнаў блізка сялян і фальварачную шляхту. Фальваркі на Беларусі былі ў жывой сувязі з вёскай: і сам быт, і традыцыі романтызму збліжалі шляхту да народу. Сутычнасьць малога Антона Лявіцкага з народам мела вялікі ўплыў на будучую творчасьць Ядвігіна Ш., як беларускага пісьменьніка. Тыпы, якія пасьля спатыкаем у яго творах, ён, бяссумліўна, бачыў, або чуў аб іх, яшчэ як быў хлапцом. Знаходзячыся ў сутычнасьці з сялянствам, ён чуў хіба й народныя казкі, якія пасьля выкарыстае ў сваіх творах,
Другім важным мамэнтам у жыцьці А. Лявіцкага зьяўляецца побыт яго на навуцы ў Марцінкевічаў. Бацька пісьменьніка быў знаёмы з сям'ёй Марцінкевіча, які жыў недалёка ў Люцынцы, і, паразумеўшыся з дачкой Марцінкевіча, аддаў туды сына на навуку. Д.-Марцінкевіч, пасьля паўторнага жанімства ў 1858 годзе з удавой Гружэўскай, жыве стала у Люцынцы. Сам фальварак Люцынка ляжыць над ракой Люцынкай, прытокам Іслачы, у маляўнічай ваколіцы. У Люцынцы панавала атмасфэра артызму й шляхотных шляхоцкіх традыцыяў. Сам Д. Марцінкевіч быў знаёмы з многімі тагачаснымі, пераважна польскімі, пісьменьнікамі й навуковымі працаўнікамі, якія, магчыма, бывалі ў яго, у Люцынцы. Вакалічная-ж шляхта бывала ў яго часта. Вучыўся Антон Лявіцкі ў дачкі Марцінкевіча, як сам кажа пасьля, у 1877-8 гадох (восеньню і зімой). Вось што кажа аб гэтых часох сам пісьменьнік: «Дачка яго (Марцінкевіча) вучыла невялічкую грамадку дзяцей. Было там 3 хлопчыкі й 3 дзяўчынкі (гл. «Лісты з дарогі»). Учылі нас там парасейску, папольску, пафранцуску, вучылі рожных навук, але ані гісторыі Беларусі, ані нават беларускае мовы мы ня чулі. Мо гэтага нашы бацькі не вымагалі, мо нават не хацелі, але ўсё-ж такі ў дзіцячай памяці (a былі паміж нас і ладныя падросткі), як на мяккім воску, песьняр беларускі павінен быў сваю пячатку выціснуць. Марцінкевіч гэтага не зрабіў. Мы нават яго твораў ня ўмелі. Калі-ж, бывала, прыяжджалі суседзі госьці, то чулі мы, як толькі зрэдка перакідываліся яны з гаспадаром, быццам жартам, беларускімі слоўцамі, як гэта й цяпер вядзецца паміж дробных памешчыкаў (да каторых прыналежаў і Марцінкевіч), калі хочуць паказаць сваю дружбу, сваё «запанбрацтва». «Умеў нябожчык заахвочываць нас да навукі, умеў строіць жарты, быў для нас вельмі добрым; любілі і шанавалі яго акалічныя сяляне й суседзі, але з пісаньнем сваім, з думкамі сваімі ад усіх запіраўся ў каморку» («Наша Ніва», № 48, 1910 г., стр. 784).
Такім чынам, вучэньне ў Марцінкевічаў было рознабокае. Часта бывалі й госьці, з якімі сядзелі за сталом і дзеці. А ад гасьцей мог малы Антон Лявіцкі шмат чаго пачуць... У другім мейсцы, у «Лістох з дарогі» (1910 г.), Ядвігін Ш. крыху йнакш прадстаўляе часы, праведзеныя ў Люцынцы. Там мы даведываемся, што Марцінкевіч свой уплыў, можа пасрэдна, усё-ж зрабіў на яго. Вось што піша Ядвігін Ш. у «Лістох з дарогі», калі ён, трапіўшы падчас падарожжы ў знаёмую Люцынку, аддаўся успамінам:
«Шмат з таго часу вады ўплыло, шасьцёра нас там было: тры дзяўчынкі (адна з іх ужо у магіле) і тры хлопчыкі; я быў найменшым — гадкоў сем меў; вучылі нас розных навук, нават музыкі. Наша вучыцелька (вечны ёй ужо пакой) і яе бацькі так умелі падахвочываць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе. Гэта было у 187... гаду у фальварку першага беларускага песьняра—Вінцука Марцінкевіча—Люцынцы. Памятаю я і Люцынку і яе гаспадара: старэнькі ўжо тады быў, але надта добры, вясёлы, жартаблівы. Памятаю і вялікі куфар, у каторы хаваў ён свае пісаньне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла з гэтага пісаньня адтуль у сьвет: па сьмерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова твораў гэтага заслужонага для нашай бацькаўшчыны чалавека. Дзіўлюся я цяпер, як мог ён столькі працаваць, пісаць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці — адны барабанілі на фартэп'яне, другія—галасілі над кніжкай, іншыя—дурэлі; музыка, сьмех, гоман, крык, а ніколі, бывала, слоўца благога не сказаў, ні ён сам, ні яго жонка-старушка, ні дачка - наша вучыцелька. Любілі яны нас - чулі гэта нашыя дзіцячыя душачкі, кахалі, дык і мы іх шанавалі, як родных з усяго сэрца бацькоў. На кожны важнейшы, бывала, дзень—нябожчык пісаў для нас усіх - дзяцей - якую-колечы камэдыю, мы яе вучыліся, зьяжджаліся госьці, і ішло прадстаўленьне. Памятаю доўгія восенныя вечары... памятаю цікавыя апавяданьні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краëх, куды злая доля заганяе шмат людзей. Зьбіўшыся ў кучку, слухаем мы гэтыя дзівы, а нябожчыца, жонка песьняра, ціхачом уцірае сьлязіну; шчымелі нашы сэрцы, у грудзёх нешта бунтавалася. (Гэта, пэўне, былі апавяданьні пра паўстанцаў). Але скончылася тут наша навука: нас паразвозілі да бацькоў. Цяпер, ідучы, калі здалёку ўгледзіў я Люцынку, таксама, як некалісь-некалісь, зашчымела маë сэрца, у грудзёх нешта бунтавалася, але ўжо не кулакі заціснуліся, а толькі скацілася па твару сьлязіна." — "Бывае, надходзяць думкі іншы раз вясёлыя, то зноў - сумныя, але такія дарагія, такія патайныя, што чалавек ажно аглядаешся, быццам баішся, каб хто не падслухаў, не падгледзіў, не дагадаўся іх, бо іх ведаць ніхто не павінен — ніхто»... («Наша Ніва» № 35, 1910 г.).
Апошнія словы даюць повад думаць, што будучы пісьменьнік, маючы ужо ня 7, а 11-12 гадоў, перажыў у Люцынцы нешта глыбокае. Можа гэта было першае дзяціннае каханьне? Можа тут ужо зачаравалі яго — «як васількі, вочы»? Можа гэта была Ядвіга? І адсюль пасьля паўстаў псэўдонім пісьменьніка?
Параўноўваючы ўспаміны Ядвігіна Ш. аб Люцынцы з № 35 і № 48 «Наша Нівы (1910 г.), мы знаходзім, паміма новых дэталяў, пэўныя супярэчнасьці. Гэтыя супярэчнасьці зразумелы будуць, калі мы дапусьцім, што, пішучы ў Люцынцы «Лісты з дарогі», Ядвігін Ш. ужо дакладна не памятаў, калі ён быў у Люцынцы. Году дакладна ëн не падае (187...?), у другім мейсцы ён кажа, што гэта было «некалісь некалісь, шмат вады ўплыло з таго часу, шмат!», гэта ўсё сьведчыць што пісьменьнік ужо прызабыўся, успаміны ў яго ёсьць, але дакладна сказаць, калі гэта было, ён ужо ня можа. Тады трэба дапусьціць, што Ядвігін Ш. ня меў 7 гадоў, як ён піша, тым балей, што прадметы, якіх яго вучылі ў Люцынцы, а таксама пачуцьці й разуменьне важных справаў хлапца перавышаюць век 7 гадоў. У 7 гадоў у яго напэўне кулакі не заціскаліся-б!.. Калі-б мы не зрабілі гэтага дапушчэньня, то дата нараджэньня Ядвігіна Ш. (1866) ізноў была-б пад знакам запытаньня. На пацьвярджэньне правільнасьці гэткага выхаду з супярэчнасьці будзе дапушчэньне, што артыкул Ядвігіна Ш. „W. Marcіnkewič u praktyčnym žyccі" (Наша Ніва" № 48, 1910 г.) быў абапёрты на запісках, або запісаных ужо раней успамінах.
Такім чынам, Ядвігін Ш. атрымаў хатнюю пачатковую асьвету, што тады было ў звычаі. Але побыт у Люцынцы, апрача здабыцьця першае навукі, меў іншае вялікае значэньне для будучыні Ядвігіна Ш. Усё, што ён чуў і бачыў у Люцынцы, магло пабудзіць Ядвігіна Ш.: 1) наагул да пісаньня і 2) да пісаньня пабеларуску. Бо-ж камэдыі, якія дзеці гулялі ў доме Марцінкевіча, былі пісаны, калі ня выключна, то прынамся часткова пабеларуску. Гэта-ж Марцінкевіч пропагуе ідэю пісаньня ў беларускай мове, кажучы: беларускі селянін, бачачы кніжку ў роднай мове, ахвотней яе чытае й дзетак ахвотней прыцягае да асьветы" ("Dudarz Bіałoruskі", Менск, 1875 г.).
Выхаваньне й узгадаваньне А. Лявіцкага дома было наагул шляхоцкае. Ядвігіна Ш., як кажа А. Навіна, гадавалі на "пана", прышчапляючы яму пачуцьцё "вышэйшасьці" шляхты над „мужыкамі", пачуцьцё пагарды да людзей, якія фізычнай працай здабываюць хлеб і сабе і "паном"... "І гэтае пачучьцё, як кажа далей А. Навіна, не замерла ў ягонай душы праз усё жыцьцё". Бадунова ў успамінах, рысуючы Ядвігіна Ш. з часоў, калі ён быў вядомым пісьменьнікам і меў за сабой шмат грамадзкае дзеяльнасьці, кажа: "ня мала спрачаўся ён з намі, маладым пакаленьнем, шмат чаго горкага казалі мы адзін другому".
Далей мы бачым А. Лявіцкага ў Менску, (а ня ў Вільні, як піша д-р І. Дварчанін у „Хрэстаматыі"), дзе ён вучыцца ў гімназіі. М. Пятуховіч у вышэйуспомненай стацьці аб Ядвігіне Ш. кажа, што ён, ня скончыўшы гімназіі, выехаў у Маскву, дзе, праўдападобна, здаў экзамен экстэрнам на "атэстат зрэласьці" і паступіў на мэдыцынскі факультэт Маскоўскага унівэрсытэту. Гэтыя весткі аднак, здаецца, ня згодны з праўдай. Найпраўдападобней справа выглядае наступна: У пачатку восемдзесятых гадоў (1880-1) А. Лявіцкі паступае ў Менскую гімназію (магчыма ў 2 клясу). Там скончыў 4-5 клясаў (1888-4), паступае не пазьней 1884 г. на практыку ў аптэку (або ў Менску, або ў Радашкавічах). Па адбыцьці практыкі ў аптэцы (2-3 гады), ён едзе ў 1886 або 1887 годзе ў Маскву, каб там, праслухаўшы пры мэдыцынскім факультэце курс фармацэўтыкі, здаць пасьля экзамен на правізара. У тыя часы на фармацэўтыку прыймалі кожнага, хто меў скончаныя 4 клясы гімназіі (пасьля ўжо толькі было падвышана да 6-ëx) і адбытую практыку ў аптэцы, як вучня Ядвігін Ш. на мэдыцынскім факультэце ня быў. Пасьля выхаду "Uspamіnaŭ" Ядвігіна Ш. адна асоба, добра знаўшая яго, зьдзівілася, што ён там сябе лічыць студэнтам[2]. Бо фармацэўты ў той час былі «студэнтамі» ў чужаслове. Калі нехта пытаўся, дзе той ці іншы вучыцца, і атрымліваў адказ, што на фармацэўтыцы, дык адразу шмат памяншалася яго «студэнцтва».
У Маскве апынуўся А. Лявіцкі найпраўдападобней у 1886 або 1887 г. З гэтага часу пачынаецца новы пэрыад у жыцьці ягоным. Часы, у якія ён трапіў у Маскву, былі нязвычайныя. Па ўсей Расеі шырыўся народніцкі рух, які асабліва захапляў студэнцкую моладзь. Аб настроях, панаваўшых у той час сярод маскоўскага студэнцтва, знаходзім мы некаторыя весткі ў "Uspamіnach" Ядвігіна Ш., выдадзеных у 1921 г. Ядвігін Ш. таксама быў уцягнуты ў пэўнай меры ў гэты рух. Ён належаў да "Менскага землячества" (корпорацыя землякоў), у той час нелегальнага. "Памятую, добра памятую, — піша ён у „Uspamіnach", — той момант, калі невялічкая кучка бліжэйшых сабе сябрукоў сабралася ў цеснай каморцы свайго "раённага" на нараду". Народніцкі рух быў зразумелы для яго, у ім былі супольныя элемэнты з шляхотнымі традыцыямі шляхоцкага романтызму. У Маскве, зразумела, былі розныя палітычныя кірункі сярод студэнтаў; Ядвігін Ш. выбраў найбольш адпавядаючы яму. Сярод студэнтаў ішла падгатоўка да выступленьняў "з пэўнымі вымаганьнямі ўступак ад тагачаснага ўраду". Выступленьні гэтыя былі й раней. Студэнты дамагаліся эканамічных палёгак, а таксама пашырэньня сваіх правоў. Студэнцкія разрухі адбыліся нечакана для саміх студэнтаў. Арышт студэнтаў Пятроўскае Акадэміі выклікаў солідарныя выступленьні іншых студэнтаў. Паліцыя пераарыштавала студэнтаў і пасадзіла іх у „перасыльную турму" - Бутыркі - у Маскве. Сярод іх (а было іх, як падае Ядвігін Ш., 412) быу і ён сам. І вось у Бутырках, пасьля міжнароднага канцэрту украінцаў, расейцаў, палякоў і каўказцаў, беларускія студэнты пачулі асабліва балюча сваю нацыянальную абасобленасьць, пачулі тугу па сваім родным, беларускім. Тут-жа, у Бутырках, закладзены быў першы "Беларускі Гурток Моладзі ў Маскве", да якога належыць і Ядвігін Ш. Разруха, пракаціўшаяся па ўсіх унівэрсытэцкіх гарадох Расеі, хутка скончылася. Пасьля выпадкаў А. Лявіцкі далей прадоўжвае сваю навуку, працуючы таксама актыўна ў Гуртку. Разам з іншымі студэнтамі-беларусамі ён працуе над перакладам "Сыгналу“ Усевалода Гаршына, які ў 1891 г. й выдаецца Гуртком. Бліжэйшых вестак аб жыцьці А. Лявіцкага ў Маскве я дагэтуль не знайшоў. Па сканчэньні навукі й адбыцьці практыкі ў адной з маскоўскіх аптэк, Антон Лявіцкі варочаецца на бацькаўшчыну. Па павароце на Беларусь ён працуе ў аптэцы ў Радашкавічах, недалёка ад Карпілаўкі. У гэты час памёр ужо яго бацька. А. Лявіцкі пачынае нядужаць. Аб здароў'і яго ў дзяцінстве і аб здароў'і яго бацькоў я не даведаўся нічога. Хіба цяпер гэта былі пачаткі сухотаў, якія пасьля й злажылі яго ў магілу. З прычыны хворасьці, Антон Лявіцкі кідае працу ў аптэцы і працуе ў Радашкоўскай хаўруснай краме да 1897 г., бываючы часта ў Карпілаўцы. У гэтым часе (1895 г.) А. Лявіцкі жэніцца з Люцыяй Ігнатоўскай. Аб жонцы яго Бадунова ў успамінах кажа, што: была яна "ласкавая, ціхая, як анёл, з чулым сэрцам і разьвітым розумам кабета". Гэта яшчэ ня шмат гаворыць. З увагі на разьвіваючуюся хваробу, а можа таксама з увагі на сям'ю, Лявіцкі быў прымушаны перабрацца ў 1897 г. у свой фальварак Карпілаўку. Там ён жыве даўжэйшы час, займаючыся працай у садзе й гародзе, і так значна папраўляе сваё здароўе, што ў 1903 г. мы бачым яго ўжо ў Вільні. Але ў Вільні ён затрымліваецца ўсяго каля году. У 1904 г. ён ізноў варочаецца ў Карпілаўку, пасылаючы стуль часам свае творы ў менскую расейскую газету „Бѣлорусский Вестникъ" і віленскі польскі тыднёвік "Zorza Wіlenska".
Рэволюцыя 1905-6 г.г. ускалыхнуле беларускі народ. Разам з соцыяльным рухам прабуджаецца шырокае нацыянальнае ўсьведамленьне. Рэволюцыя гэтая была ў гісторыі нашага адраджэнскага руху пераломным пунктам. Ад гэтага часу ўсе ручайкі й ручаёчкі, якімі разьвіваўся беларускі рух, зьліліся ў адну соцыяльна-нацыянальную раку. Ад гэтага часу, можна сказаць, выразна стаўляюцца ўжо ня толькі соцыяльныя й нацыянальныя лёзунгі, але таксама й палітычныя. Беларускі адраджэнскі рух выходзіць на сьветлы шлях. Дзякуючы ўздыму 1905-6 г.г., беларускі рух пранікае ўглыб і ўшыр да масы. Паўстае й патрэба беларускае прэсы, якая й бярэ ад гэтага часу свой пачатак. Выходзіць у сьвет "Нашая Доля", а пасьля, калі рэакцыя спыніла яе існаваньне, — прадаўжацелька яе „Наша Ніва". Антон Лявіцкі навязывае лучнасьць з "Нашай Доляй" і друкуе там (у № 3) першы раз пабеларуску свае апавяданьне „Суд" пад псэўдонімам Ядвігін Ш. Але пасьля гэтага літаратурнага дэбюту ў беларускай прэсе ён заціхае аж да 1909 г., ад якога ўжо стала - з невялічкімі перарывамі супрацоўнічае з «Нашай Нівай»[3], наведываючы часам віленскіх нашаніўцаў. Калі разьвіваецца жывая беларуская праца ў Вільні, ён пераяжджае сюды на жыцьцё.
Сілы яго ў гэтым часе настолькі акрэплі, што ў 1910 г., улетку, ён адбывае разам з М. Шылай[4] падарожу з Вільні праз Любчу, Шчорсы, Куранец, Аляхновічы ў родную Карпілаўку, праходзячы звыш 400 вёрст. Свае ўражаньні з падарожы ён апісаў у «Лістох з дарогі», пісаных у дарозе, друкаваных у «Нашай Ніве» ад 10 (28) чэрвеня 1910 г. да 21 кастрычніка 1910 г. амаль ня ў кожным нумары. У гэтым часе выходзіць першы раз асобнай кніжачкай яго поэмка «Дзед Завала» (1910 г.), а пасьля зборнікі апавяданьняў «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914). У Вільні Ядвігін Ш. пэўны час зьяўляецца рэдактарам сельска-гаспадарчага месячніка «Саха», а пасьля газэты «Bіelarus». Вясной 1914 г. Ядвігін Ш. пераяжджае ў Менск. Пэўны час зьяўляецца там рэдактарам «Сахі»і супрацоўнікам «Лучынкі», рэдагаванай «Цёткай». Падчас вайны «Саха» й «Лучынка» спыняюць сваё існаваньне. Ядвігін Ш. працуе у «Беларускай Кнігарні» ў Менску. Улетку 1915 г. Ядвігін Ш. - разам з іншымі беларусамі - прымае ўчасьце ў арганізацыі ў Менску «Беларускага Т-ва помачы ахвярам вайны». Пэўны час ён быў старшынёй гэтага Т-ва[5]. Ад 1914-17 г. Ядвігін Ш. выяўляе значную грамадзкую актыўнасьць, аддаючы беларускай справе шмат энэргіі і здароўя. У 1917 г. ён выступае на мітынгах, сходах, зьездах і ўваходзіць, як сябра, у склад Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. За час ад «Нашае Долі» да 1917-18 г. Ядвігін Ш. наагул быў найбольш чынны як у галіне грамадзкай, так і літэратурнай працы. Але ад рэволюцыі 1917 г. здароўе Ядвігіна Ш. усё больш і больш заяўляе аб сваім стане, і Ядвігін Ш. як-бы адходзіць ад беларускае працы, перастае быць актыўным аж да самае сьмерці, у 1922 г. За гэты час у Ядвігіна Ш. заўважаецца й творчае вычарпаньне. Ён ужо больш жыве ўспамінамі, часта хварэе, здароўе яго паважна надарвана, чаму спрыялі папярэднія частыя «запоі» пісьменьніка. Зіму 1918 г. Ядвігін Ш. праляжаў у менскім шпіталі, вясной ён варочаецца ў сваю Карпілаўку. У 1920 г. ён друкуе повесьць «Золата» у менскай газэце «Беларусь», аднак яе не канчае. З 1920 г., з восені, Ядвігін Ш. стала жыве ў Вільні. Да гэтага часу адносіцца якраз знаёмства Бадуновай з пісьменьнікам. Знаёмства гэтае было, зрэштай, вельмі нядоўгае. Яна была з Ядвігіным Ш. у Карпілаўцы летам 1918 г., дзе праводзіла пэўны час у гасьціне. Фальварак яго быў, як кажа В. Лёсік, у 1917 г. разгромлены (шмат тады й загінула твораў). У 1919—20 г. г. Лявіцкі супрацоўнічае з групай Балаховіча і Аляксюка. З арміяй Балаховіча пехатой адбыў марш на паўдзён Беларусі. Быў у Пінску і Лунінцы. Супрацоўнічаў пэўны час у газэце «Зьвястун», выдаванай пры арміі Балаховіча. Пасьля выехаў у Варшаву, дзе жыў (разам з гр. Адамовічам) 4 месяцы ў Саскім готэлі. У 1921 г. выходзяць у Вільні яго "Uspamіny", друкаваныя лацінікай. Стан здароўя яго ўсё горшае й горшае. 4 лютага 1922 ён змушаны легчы ў Віленскую Літоўскую Клініку, дзе 23 й памер на 56 годзе жыцьця. Пахаваны 24 лютага на віленскім каталіцкім магільніку Роce.
Літаратурная спадчына Ядвігіна Ш. прадстаўляецца наступна. Асобнымі кніжачкамі выйшлі: «Дзед Завала» (1910 г.), «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914), «Uspamіny» (1921). Апрача гэтага ёсьць яшчэ незакончаная повесьць «Золата» (друкаваная ў газэце «Беларусь» у Менску, 1920 г.), «Лісты з дарогі» («Наша Ніва», 1910 г.) і некаторыя творы, друкаваныя ў «Бѣлоруском Вѣстникѣ» і «Zorzy Wіleńskіej». Драматычны абразок «Злодзей» (1893 г.), здаецца, загінуў, але аб ім некаторыя весткі і ўвагі знаходзім у М. Гарэцкага і А. Навіны. Ёсьць яшчэ творы дагэтуль недрукаваныя. Дзе яны—невядома.
Творчасьць Ядвігіна Ш. можна падзяліць на тры пэрыады:
І пэрыад— да 1906 г. - гэта парыад першых літаратурных спробаў Ядвігіна Ш., якія ён пачаў рабіць пад уплывам Марцінкевіча, —яго першых выступленьняў у друку (сьпярша парасейску й папольску); творы піша ён і прозай і вершам, пробуе пісаць і драмы.
ІІ пэрыад — ад 1906 да 1915 г. - у якім ён даходзіць, так сказаць, да Glanzpunkt'u ў сваёй літаратурнай працы. За гэты час ён найбольш і друкуецца. Гэта найпрадуктыўнейшы пэрыад творчасьці Ядвігіна Ш.
ІІІ пэрыад—ад вайны да сьмерці (1915-1922) - гэта «захад» яго творчых сілаў, яго раўнамерны, павольны схілак.
Першым дэбютам Ядвігіна Ш. у беларускім друку было апавяданьне «Суд», надрукаванае ў № 3 першае беларускае газэты «Наша доля». Але яшчэ перад гэтым Ядвігін Ш., як кажа Гартны, у турме пераклаў на беларускую мову апавяданьне расейскага пісьменьніка Гаршына „Сыгнал" (1891 г.). Пераклад гэтага апавяданьня прыпісывае Ядвігіну Ш. і М. Пятуховіч. Ці быў аднак зроблены пераклад «Сыгналу» Ядвігіным Ш., напэўна невядома. Аўтарства перакладу прыпісывалі сабе аж два быўшыя студэнты[6]. Гэта яшчэ больш заблутывае справу. Можна напэўна сцьвярдзіць, што Ядвігін Ш. прыймаў удзел у перакладзе, які найпраўдападобней быў зроблены колектыўна.
Ядвігін Ш., як мы ўспаміналі, сустрэўся ў Маскве з народніцкім рухам, які галоўным чынам шырыўся ў Расеі. У той час тварыліся Базаравы, у той час праяўлялі дзеяльнасьць усялякія народніцкія партыі. Але ўплыў народніцтва зьверху толькі закрануў Ядв. Ш. Уплыў гэты быў налётны. Аднак, у той ці іншай форме, ён быў. І дзеяньнем гэтага ўплыву трэба вытлумачыць паўстаньне такіх глыбокіх твораў агульналюдзкага характару, як «3 бальнічнага жыцьця, «Зарабляюць» і інш. У студэнцкіх разрухах і ў адседцы ў Бутырках трэба шукаць корня абурэньня на шпегаў, а такжа некаторых іншых матываў, якія выяўляе Ядвігін Ш. у творах «Пратэст», „Сабачая служба“, у пэўнай меры „Зарабіў" і іншых. Гэны ўплыў народніцтва — налётны, як мы казалі, — павінен быў перажыць пэўныя зьмены падчас рэволюцыі 1905 6 г. Гэтыя зьмены, здаецца, ішлі ў двух кірунках: адзін цяжыў да шляхоччыны Ядв. Ш., другі — да народніцтва. Гэтым трэба вытлумачыць паўстаньне алегарычных твораў Ядв. Ш., як "Павук“, „Сіло" і інш., і адначаснае супрацоўніцтва з чорнасоценнай групай «Бѣлор. Въстника, якая стварылася ў часы рэакцыі (1906-7 г.). Ядв. Ш., бясспрэчна, вынес з студэнцкіх часоў зразуменьне ідэі народнікаў, спачуцьцё да іх імкненьняў, гуманітарызм, новыя погляды на народ. Але ў глыбі духовае істоты сваей Ядв. Ш. застаўся такім самым, на якога яго ўзгадоўвалі, і такім ён ужо быў да сьмерці. Ядв. Ш., праўда, згаджаецца з тым, што жыцьцё йдзе наперад, і ён сам часта плыве з хваляй, але, плывучы, ён заўсёды мае нейкі асадак у душы. У гэтым сэньсе ён романтык. Ці ня знойдзем мы пэўныя водгукі гэтага індывідуальнага романтызму у «Дубе-Дзядулі»?
У 1893 г., ужо па павароце на Бацькаўшчыну, Ядвігін Ш. піша драматычны абразок «Злодзей», які меў быць пастаўлены на сцэне ў Радашкавічах. У ім мы выразна бачым ідэолёгічны твар Ядвігіна Ш. Зьмест яго, кажа А. Навіна, вельмі красамоўна гаворыць аб тым, што радыкалізм, навеяны Масквой, не знайшоў у душы поэты глыбейшага грунту». Галоўнай ідэяй гэтае драмы было - паказаць «Вышэйшасьць» пана над мужыком. Мужык і п'яніца, і злодзей, наагул нікчэмны чалавек. Ядвігін Ш. не стараецца апраўдаць упадак яго гістарычна - соцыяльна - эканамічнымі ўмовамі жыцьця, у якіх ён вякамі знаходзіўся. Ён бачыць у ім благую ад прыроды натуру. Пан — ужо мае іншую кроў.
Але ў Ядвігіна Ш. ёсьць другі твар, твар таго студэнта з Масквы, народніка, які яшчэ нядаўна сядзеў у Бутырках. Гэтыя два псыхічныя абліччы Ядвігіна Ш. часамі ўглядаюцца ў сябе і часта ўваходзяць у колізію. Але звычайна яны зьліваюцца і ў рэзультаце даюць абраз кшталтам складанае фотографіі Гальтона. Гэты другі народніцкі твар усьміхаецца. І вось Ядвігін Ш. сустрэўшыся з вельмі крытычнай ацэнкай «Злодзея» з боку «нашаніўскае сям'і», перарабляе «Злодзея». Замест пана ён выводзіць вучыцеля, які мае прасьвяціць народ. Асьвета народу — гэта-ж адзін з лёзунгаў народнікаў. Гэты народніцкі твар, зрэштай, вельмі падобны да шляхоцкага. Народніцтва захапляла вышэйшыя сфэры грамадзянства, якое, як у ідыльлі, апраналася ў сялянскія кашулі й ішло у народ». Ядв. Ш. месьціць у сабе народніцкі і шляхоцкі сьветапагляды. Яны неяк зжываюцца ў яго.
Ці не прабіваецца гэты ідэолёгічны дуалізм у тым духовым стане, які адбіваюць кароценькія «Раны»? На целе — раны гояцца. На сэрцы — крывавяцца. А на душы: «меншыя - заўсёды крывавяцца. Большыя залечывае толькі сьмерць». Ці ня гэты дуалізм ёсьць прычынай пэсымізму, няяснага жалю Ядвігіна Ш. па нечым нязьдзейсьненым, які вее з першае старонкі «Васількоў»?
„Васількі закрасавалі. Не, не закрасавалі! Дзе-ж ім цяпер красаваць? Холад. Зіма. Сьнег. Не закрасавалі васількі: гэта толькі прад вачыма маімі мільганулі яны".
Той самы шляхоцкі твар, што і ў "Злодзеі", бачым мы ў "Жывым нябошчыку". Рэч дзеецца ў адным маёнтку на Беларусі ў часы паўстаньня 1863 г. Пан, паніч, Зьмітрок і прыгонны селянін ідуць на паўстаньне. Пан пакідае дачку, a селянін сына Максіма. Селянін кажа сыну на выпадак, калі-б яны не вярнуліся, слухацца паненкі, пільнаваць двара і гаспадаркі і ўсяго дабра: „Глядзі на ўсё і пільнуй, як стары сабака" - кажа бацька Максіму. Паўстанцы не вярнуліся, а Максім сумленна спаўняе загад бацькі. І тут мы бачым уплыў народніцтва і асаблівае зьліцьцё яго з шляхоччынай Ядвігіна Ш. Паненка выступае ў ролі Марцінкевічаўскіх тыпаў; між мужыцкім сынам і паненкай існуюць клясычныя ідылічныя адносіны. Яны гуляюць у карты, п'юць разам гарбату. Як Максім быў яшчэ малым, паненка яго празвала Васільком за яго вочы (мужыцкае дзіця таксама можа быць прыгожае), яна бароніць Васілька ад сярдзітага бацькі (трэба вучыць народ!), яна нават вучыць яго пісаць і чытаць (трэба прасьвячаць народ!). Гэтыя народніцкія элемэнты, зьмененыя неяк уплывам Марцінкевіча, асабліва цікава зьліваюцца з шляхоцкімі. Бо-ж тут, бязумоўна, ёсьць ідэалізацыя адносінаў паміж "мужыкамі" і "панамі". Гэткіх ідэальных адносінаў ніколі ня было. Сяляне ня надта спачувалі паўстанцам, а часта й варожа адносіліся да іx. Яны думалі, што шляхта хоча адабраць тыя правы, якія даў і яшчэ мае даць расейскі цар.
Гэткія элемэнты знаходзім мы і ў поэмцы "Дзед Завала".
"Дзед Завала" прыймаў учасьце ў паўстаньні:
Даўно было гэта. |
Пасьля жудасьцяў, якія ён бачыў у лясных гушчарах падчас паўстаньня, калі "свой сваго пужаўся у сваёй старонцы", Завала робіцца лясным жыхаром. "Завала бяз пушчы, пушча без Завалы — як-бы ня ўсе дома, як бы чагось мала. Адны песьні пелі, адны думкі елі, друг дружка бяз слова добра разумелі". Гаспадарка Завалы запушчаная. Завала цэлымі днямі прападае ў пушчы. Там, далёка, ёсьць "чароўны край", дзе хаваюць нават "каня-калеку" і "бяз зубоў сабаку“. Гэты сьвет фантазіі патрэбны Завале, бо ён задаваляе яго незаспакоеныя імкненьні. Завала стварыў сам сабе—сьвет волі. Завала зьліўся і зросся з пушчай. Гэты матыў зьліцьця чалавека з прыродай мы бачым і ў іншых творах Ядвігіна Ш. як "Бярозка“, „Дуб-дзядуля", "Што сказаў певень" і інш.
Зьвернем увагу на поэтыцкую вартасьць поэмкі. Гэта адзіная рэч Ядвігіна Ш., пісаная вершам пабеларуску. Тып Завалы, зарысаваны на фоне прыроды Ядвігіным Ш., насоўвае аналёгіі да палясоўшчыка Тараса у „Тарасе на Парнасе". Магчымы таксама ўплыў „Pana Tadeusza" А. Міцкевіча, асабліва ў апісаньні пушчы. Але Ядвігін Ш. тут усё-ж арыгінальны, арыгінальны ізноў таму, што матыў, пануючы ў поэмцы, выплывае з шляхоцкае ідэолёгіі. Апісаньне пушчы і канцэрту птушак трэба залічыць да найбольш цэнных мейсцаў у поэмцы.
Ужо ў "Жывым нябожчыку" мы бачым камічны элемэнт. Гэты элемэнт зьяўляецца лейт-мотывам цэлага раду твораў Ядв. Ш. Аднак ён не адзіны, ня істотны ў творчасьці Ядв. Ш. Камізм твораў, як „Пазыка", „З маленькім білецікам", „Заморскі зьвер", „Byчоны бык", „Баба" - тыповы. На сцэну выходзіць галоўны актар, селянін; ён найчасьцей наіўны, дзякуючы чаму трапляе ў сьмешныя сытуацыі. Гэта й выклікае сьмех. Псыхолёгія камізму ў гэтых творах палягае на тым, што ў галоўнай дзеючай асобы выкрываецца, дзякуючы штучкам іншых асоб, слабасьць, і гэтая слабасьць і зьяўляецца пружынай сьмеху. Возьмем для прыкладу абы-якое камічнае апавяданьне. Селянін трапляе ў места. Тут ён спатыкае на мосьце двух хлапцоў, якія б'юцца. Дабрадушны селянін хоча іх разбараніць і даведываецца, што прычынай сваркі зьяўляецца ён сам. Гэта яго, зразумела, цешыць. Адзін хлапец кажа, што ў яго на назе - пяць пальцаў, а другі — шэсьць. Наіўны селянін зьнімае пазычаныя боты, каб выясьніць справу. Хлопцы з ботамі зьнікаюць.
Дабрадушныя і цёмныя сяляне, якія зьяўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі ў гэтага роду творах, у другім выпадку падаюць ахвярай мястовага прайдзісьвета. Яны хочуць пабачыць заморскіх зьвяроў, а ён ім паказвае нейкага чыноўніка. Сяляне паказаны настолькі наіўнымі, што не адрозьніваюць гэтага чыноўніка ад малпы[7]. За жарты над гэтым заморскім зьверам ім, зразумела, прыходзіцца блага. Гэта адна група твораў гумарыстычнага характару. Аднак, у іх бачым ня толькі камічны элемэнт. Ёсьць у іх і соцыяльны, і бытавы, і псыхолёгічны элемэнты; яны, праўда, слабыя, мала відомыя, але яны якраз разаўюцца ў сур'ёзных творах Ядв. Ш. Галоўнай рысай твораў гэтае групы ёсьць процістаўленьне дабрадушных, простых людзей вёскі—людзям места, сапсутым, з надламанай псыхікай. Гэты матыў, характэрны наагул для нашаніўцаў, ёсьць і ў сур'ёзных творах Ядв. Ш. (напр. "Цырк“).
Другую групу камічных апавяданьняў складаюць апавяданьні, у якіх камізм не вынікае з сытуацыі, але з тыпу, з жыцьця, з глыбейшых слаёў. Гэткія ёсьць: "Важная фіга“, „Суд“, "Жывы нябожчык", „Што сказаў певень", а таксама "Чалавек і Хлеб", у якіх знайшла выражэньне народная мудрасьць. У гэтых апавяданьнях пераважаюць, побач з камічным, соцыяльны й псыхолёгічны матывы. У іх Ядв. Ш. адначасна і партрэтыст. Ён добры абсэрватар і ўмее вылавіць, ухапіць камізм у жыцьці.
Але камізм, які мае кроўныя сувязі з камізмам Чэхава, не зьяўляецца, як ужо сказана, адзіным і істотным матывам творчасьці Ядв. Ш.: у яго ёсьць і цэлы рад твораў сур'ёзных, глыбокіх па зьместу і мастацкіх па форме. У іх якраз Ядв. Ш., хоць, праўда, не праяўляе асаблівага творчага размаху, але глыбака дыхае, як пісьменьнік.
Галоўныя матывы сур'ёзных твораў Ядв. Ш. - гэта псыхолёгічны й соцыяльна-бытавы. Гэтыя матывы, аднак, заўсёды зьмешаны і ня існуюць зусім асобна.
У апавяданьні "З бальнічнага жыцьця" паказана ўся, нялюдзкасьць чалавека, які свайго-ж брата-чалавека трактуе мэханічна. На шпітальнай пасьцелі у палаце № 17 канае "біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працаўнік"... Апавяданьне абвеяна настроем спачуцьця да гэтых шэрых, няпрыкметных людзей, і гэты настрой перадаецца мімаволі й чытачу. Ядв. Ш. — мастак у перадачы настрою. І тут ізноў бачым як-бы нешта супольнае ў чалавека й прыроды. У кружэньні лістоў і непагодзе ёсьць нешта супольнае з тым, што адбываецца ў бальніцы: "І ліплі крывава-жоўтыя лісты да тоўстых сьцен бальніцы, як-бы падслухаць хацелі, што чутно за імі"... У гэтым апавяданьні Ядв. Ш., як і ў іншых, шмат глыбокага лірызму, які дзеець на пачуцьцë чытача.
Падобны псыхолёгічны матыў знаходзім і ў апавяданьнях "Цырк" і „Шчасьлівая". У "Цырку" маем ізноў падкрэсьленае процістаўленьне гораду вёсцы. Андрэй Зорка, пабыўшы ў цырку, пабачыўшы там зьдзекаваньне над зьвярыма, ня можа гэтага зразумець і сьніць цяжкі сон: "перад вачыма Андрэя гараць агні. У вушах грыміць музыка, б'юць у бубны"... "А бізуны сьвісьцяць і ляскаюць... "Зьдзек" крычыць Андрэй з вышак, дзе ён сядзіць у цырку... "Зьдзек", — як адзін голас, адзываецца, ускаківаючы з кален, жывая грамада. Бізуны хутка падымаюцца ў гару, але дзіва: ня сьвіснулі, ня ляснулі яны, а быццам завесіліся ў гарэ, а пасьля схіснуліся і... счэзьлі“. Гэта - сон. Ён выяўляе найлепш псыхолёгію Андрэя Зоркі. Ён абураны, што людзі не пратэстуюць, і вось у сьне гэтае жаданьне зьдзейсьняецца. Маем тут паказаны і ўплыу места на вяскоўца Міхалку Гурчына, якога мучыць "нуда па сваіх". Гэтых тыпаў з'урбанізаваных у першай ступені выхаджэнцаў вёскі ёсьць у Ядв. Ш. некалькі. Яны цікаўныя і з соцыёлёгічнага, і з псыхолёгічнага бакоў.
Найлепш можа намаляваны псыхічны тып Юрчыхі ў апавяданьні "Шчасьлівая". Гэты тып агульна-людзкі. Гэта скупая баба, якая "не жалела.. двузлоткі на знахара, каб разбагацець, але цяпер хоць-бы і сабе — нізашто ня згодзілася-б надпачаць скарбу". А скарб гэты—гаршчок з гузікамі й паперкамі газэцін. Сюжэт гэты стары. Спатыкаецца ён у розных варыянтах у-ва ўсіх літэратурах.
Ядв. Ш. мае асаблівы прыём маляваньня псыхічных постацяў. Ён не ўдаецца ў дробязі (да гэтага змушае яго форма апавяданьня), а накідае галоўныя штрыхі. Такім чынам - атрымліваем тып, які месьціць самыя характэрныя рысы. Прытым, як кажа М. Пятуховіч, „ён ня рысуе нам голай псыхікі ў якой небудзь беспавятровай прасторы, а заўжды ім тыя ці іншыя рухі душы выяўляюцца на адпаведным соцыяльна-эканамічным груньце"...
У апавяданьні „Гаротная" бачым жудасны абраз цемнаты сялян. Тамашыха лечыць хворага сына ўсялякімі зёлкамі. І ён, абкураны дымам гэтых зёлак, пазбаўлены доступу сьвежага паветра, памірае. Бедната страшэнная пануе ў сям'і. Гэтая беднасьць даводзіць урэшце ўсіх да сухотаў. Памірae вось цяпер апошні яе сын - Сьцëпачка. Колькі ласкі ў Тамашыхі, колькі жалю ў яе! Яе перажываньні й увесь настрой апавяданьня ствараюць цяжкі, удушлівы настрой і ў чытача. Здаецца, аж галава кружыцца.
Апаваданьні "Зарабляюць" і "Зарабіў" - крэўныя "Гаротнай". У іх паказана, як і ў "Гаротнай", тая жудасная беднасьць, якая прыводзіць людзей на дно фізычнага й духовага ўпадку.
Сьцёпка Тацюк напэўна добры чалавек. Толькі можа няўдачы ў жыцьці, беднасьць вытварылі ў ім апатыю й гультайства. І гэтае гультайства пхае яго на брудную работу. Яго жыцьцё ўжо зламана. Ужо ён—жывы труп.
Тая-ж духовая сьмерць пагражае Ганульцы й Адаму ў "Зарабляюць". Маладая дзеўчына ізноў-жа праз беднасьць змушана пайсьці на шлях прастытуцыі. Беднасьць, гэты вынік соцыяльнае няроўнасьці людзей, псуе людзей, робіць з іх часта соцыяльныя адпады. Гэтыя два анёльчыкі - Ганулька й Адам—цяпер чуюць, як коўзка ісьці па жыцьцёвых сьцежках. Яны можа яшчэ вырвуцца з гэтага пекла. Малы Адам чуе, што тут крыўдзяць іх, што тут яны гінуць. "Мая служба вельмі цяжкая, — найгорш, калі Ганулька - мая родная, каханая сястрычка, седзючы пры адным стале з панамі, — крыкне: „Адам! — яшчэ бутэльку віна! Ляту, нясу, адпячатываю, неяк ногі і рукі мае трасуцца, і мест у шклянкі лію віно на белы чысты абрус, бо не на віно гляджу: гляджу, як зачараваны, у сінія, сінія вочкі сваей Ганулькі, і хочацца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэстаран, не - не рэстаран, а крыкнуць так, каб увесь сьвет пачуў: „кідай, сястра, безработную службу! кідай, дарагая мая!"
Разгледжаныя вышэй творы маюць раалістычны характар. Да сур'ёзных твораў Ядв. Ш. належаць яшчэ апавяданьні алегарычныя, як "Павук“, "Сіло“, „Гадунец", „Дуб-дзядуля", „Пратэст“, „Рабы“, „Падласенькі", "Вясельле" і іншыя. Некаторыя з іх, як „Павук", „Сіло", „Пратэст" і інш., паўсталі пад уплывам рэвалюцыі 1905-6 г. г.: у іх прабіваюцца навет соцыялістычныя ноты, як напр. у "Павуку". У сетку павука трапіла муха. Яна выказывае грознае меmento павуку: калі налятуць тысячы мух, дык ня толькі сетка, але й павук не ўцалеюць. Павук ня сьпіць усю ноч і стаўляе новых дзесяць сетак. Тут выразная алюзія да капіталістычнага ладу. Да творчасьці Ядв. Ш. можна датасаваць у поўным значэньні пагляд, што літэратура ёсьць люстра эпохі. Творчы геній Ядв. Ш., як чулая мэмбрана, вычувае зьмены, якія адбываюцца ў грамадзянстве. І ў гэтым яшчэ адна цэннасьць твораў Ядв. Ш.
Цікава, што Ядвігіну Ш. нацыянальна-незалежніцкі матыў ня свомы. Ён прабіваецца дзе не дзе, але ён — слабы. М. Пятуховіч, інтэрпрэтуючы алегарычнае апавяданьне "Гадунец", знаходзіць там якраз нацыянальны зьмест. Інтэрпрэтацыю М. Пятуховіча трэба лічыць трафнай. Але цікава тое, што нацыянальны матыў у творах Ядв. Ш. праяўляецца ў форме алегарычнай. Літаратурная форма, у якой ён выразна ці часам нявыразна выяўляецца (і то ў двух толькі выпадках), сьведчыць, што матыў гэты ў Ядв. Ш. ня мае глыбейшых падстаў. І тут гэтае зьявішча трэба вытлумачыць духовым дуалізмам Ядв. Ш., яго спэцыфічнай духовасьцю. Ядв. Ш. у сваіх творах пастолькі нацыянальны, паколькі ён чэрпае тэмы з беларускага жыцьця, беларускае прыроды й народнае поэзіі. «Сам адраджэнец, — кажа М. Пятуховіч, — беларускі пісьменьнік не выяўляе адраджэнскіх матываў, якімі так багата творчасьць яго сучасьнікаў нашаніуцаў; ён, відаць, лічыў справу беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня настолькі бясспрэчнай, што, па яго думках, ня варта было ўгрунтоуваць яе ў поэзіі; магчыма, што ён проста не хацеў паўтарацца. У дадзеных адносінах, шукаючы больш самастойных тэм, пераважна псыхолёгічнага і агульна-людзкага характару". Нацыянальны элемэнт знаходзім яшчэ У "Лістох з дарогі", пісаных Ядв. Ш. у 1910 г. У некаторых мяйсцох у іх Ядв.Ш. выяўляе высокую, гарачую любоў да Беларусі й беларускага народу. У „Лістох" можа Ядв. Ш. найлягчэй выявіць сваё нацыянальнае пачуцьцё. У гэтых зацемках з падарожжы Ядв. Ш. і аграном, і соцыёлёг, і гісторык, і поэта, і турыст, і аўтобіограф, і урэшце— патрыёт.
Ня можна моўчкі абмінуць незакончаную повесьць Ядв. Ш. „Золата“. Сюжэт яе наступны: Мікола Стрончык, бондар, займаючыся паціхеньку зладзействам, мае дачку Зосю. Зося закахана ў Алёксе Гуронку, вясковым хлапцу. Але бацькі яго ня хочуць і слухаць аб жанімстве яго з Зосяй. Яны сватаюць яму Прузыну, дачку багатых сялян. Прыпадак зьмяняе ўсё. Адноўчы спыняецца на-нач у Стрончыка Васіль Дубінскі, малады хлапец, сын зьбяднеўшага шляхціца. Васіль шукаў заробку ў месьце, а цяпер маніцца выехаць да брата Адама ў Амэрыку, каб там зарабіць грошы, а пасьля купіць на бацькаўшчыне свой кавалак зямлі. Васіль спадабаўся Стрончыку; яны часта сядзяць у карчмара Лейбы, а Стрончык аматар выпіць. Васіль застаецца надаўжэй і закохіваецца ў Зосі. Але ён ведае аб Алёксе й Прузыне. На адным вясельлі, на якім былі Васіль і Зося, здарыўся выпадак: Прузына нібы-то п'яная топіцца ў студні, якую сумысьля адбіў Васіль. Алёксу, як западозранага ў гэтым, арыштоўваюць. Зося выходзіць замуж за Васіля, але не забываецца пра Алёксу, які ўжо выехаў у Амэрыку й пазнаёміўся з Адамам, братам Васіля. Васіль і Зося доўга жывуць згодна. Але дзеці, якія ў іх родзяцца, усьцяж паміраюць. Нарэшце нарадзілася двое: хлопчык і дзяўчынка, якія выжылі. Дзяўчынку прыпадкова назвалі Прузынай. Гэта забівае аканчальна Васіля, які мучыўся ўвесь час ад утапленьня Прузыны, і ён сам цяпер кідаецца ў студню. Зося жыве з бацькам ізноў сама. Хлопчыка забірае брат Васіля у Амэрыку, а там жыве якраз Алёкса. На гэтым повесьць абрываецца. Можна дагадацца, што Прузына, труп якое ляжыць у лазьні, як гэта прадстаўлена на пачатку повесьці, ёсьць дачка Зосі й Васіля, якая пэўне нешта перажыла й здурэла. Такім чынам - тут псыхолёгічны матыў - успакайваньне пэўных псыхічных нахілаў (бо Зося і Васіль маюць нейкія благія рысы ў сваіх натурах!). Акцыя ў повесьці разьвіваецца вельмі хутка й проста просіцца перанесьці яе на фільмовую йстужку. Прадстаўлены ў ёй умела вясковыя тыпы й пераходныя, з'урбанізаваныя, як Васіль дый сам Мікола Стрончык.
Ядвігін Ш., як у іншых творах, тут выяўляе свой асаблівы спосаб маляваньня постацяў. Партрэтызм Ядв. Ш. мае штрыхавыя асаблівасьці: ён штрыхамі вызначае пэўнае мейсца асобы, мала рысуючы яе ў дробязях. Апрача таго, з партрэтаў гэтых асобаў мы можам вычытаць і некаторыя іх духовыя адзнакі. Вось прыклады гэтых партрэтных штрыхоў, узятыя з повесьці "Золата":
"І цяпер ляжала Прузына на палку ў лазьні ў рваных і рэзаных лахманах. Ляжала выпраставаная, з закінутай на галаву левай рукой, пальцы каторай моцна ўпляліся ў спутаныя, пакудлачаныя сівыя валасы; правая рука вісела, утыкаючыся пальцамі ў брудную зямлю. Твар нябожчыцы быў шэры, тонкі, доўгі нос завастрыўся, выцягнуўся і ажно загнуўся ўніз, быццам глюга гругана; ражкі заціснутых тонкіх вуснаў, як-бы ў злосьці вялікай, таксама спушчаліся ўніз, а правае, ня зусім заплюснутае вока, быццам украдкам, спаглядала з-пад павек, як бы дагледзіць хацела, што тут сабраўшыся народ будзе каля яе—нябожчыцы —рабіць. На адкрытых, яшчэ больш, чым самы твар, грудзёх, на чорным выплавеўшым шнурочку віселі мэдалікі, крыжыкі і маленькі ключык".
Або партрэт Зосі:
"Але цяпер — за сталом — калі вочы яго затрымаліся толькі на твары дзяўчыны, сам сабе ня верыў, як ён дагэтуль ня прымеціў і гэтых валасоў чорных, не—нат ня чорных, а быццам сініх, якія гвалтам хвалямі выбіваліся з пад хустачкі, - і гэтага тоненькага, зграбнага носіка, які завострываўся ўверх чутачку-чутачку - дый так толькі, каб даць свабаднейшы доступ для тонкіх, але пухлых чырвоненькіх вуснаў, за каторымі хаваліся, як часнок, густыя дробненькія й беленькія зубочкі. А гэтыя вочы? Як дзьве цёмныя хмары..."
Калі-б Ядв. м. скончыў сваю повесьць, то беларуская літэратура атрымала-бы адзін з найцаньнейшых укладаў. Повесьць "Золата" гэта заканчэньне лініі разьвіцьця творчасьці Ядвігіна М. Аднак, лінія гэтая канчаецца не на гэтай повесьці, а на "Uspamіnach". "Uspamіny" сапраўды лебядзіная песьня Ядвігіна Ш. Тут ізноў разьвіваюцца два элемэнты духовасьці Ядвігіна М. - пэсымізм і оптымізм. Абвеяны яны высокімі настроямі. У іх прабіваецца, праўда нявыразна, і нацыянальны матыў, які, як мы бачылі, ня свомы Ядвігіну Ш.
Ядвігіна Ш. мы можам назваць "бацькай беларускай прозы". Беларуская літэратура адраджацца пачала ў вершы, і творчасьць Ядвігіна Ш, як творчасьць у прозаічнай форме, далейшы крок у разьвіцьці беларускае адраджэнскае літэратуры. Але ня толькі ў форме арыгінальны Ядвігін Ш. Ён арыгінальны і ў зьмесьце. Тыпы яго часта агульна-людзкія, дый імі ён асабліва выдзяляецца спасярод нашаніўскіх поэтаў, у большасьці апрацоўваўшых тэмы нацыянальныя. Творчасьць яго мае інтэлігенцкі характар. Стоючы на пераходнай мяжы між стара-шляхоцкімі романтыкамі і народнікамі, убіраючы ў сябе і новыя плыні, Ядвігін Ш. і ўся яго творчасьць цікавы, як выяўленьне псыхолёгічна-пераходных часоў.
Хведар Ільяшэвіч.
Канец.
- ↑ Друкаваныя ў зборніку "Адраджэньне"
- ↑ Аб гэтым мне расказаў гр. А. Луцкевіч. Прозьвішча тае асобы ён ужо не памятае.
- ↑ Сувязь з "Н. Н." завязалася дзякуючы блізкаму асабістаму знаёмству з рэдактарам „Н. Н." Алякс. Уласавым, фальварачак якога, Мігаўка, знаходзіцца таксама, як Карпілаўка, недалёка ад Радашкавіч.
- ↑ Аб сваім супадарожніцтве паінфармаваў мяне сам гр. М. Шыла. Ішоў ён разам з Ядвігіным Ш. да Аляхновіч.
- ↑ Аб гэтым я даведаўся ад студ. Я. Зянюка, які ў той час быў у Менску.
- ↑ Аб гэтым мне казаў гр. А. Луцкевіч. Прозьвішчы іх аднак ён ужо не памятае.
- ↑ Гэтае апавяд. датычыць запраўды фэномэнальна брыдкага чалавека - пана Ошторпа, жыўшага ў Менску.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.