Ядвігін Ш. (Лявіцкая)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі)
Успаміны
Аўтар: Ванда Лявіцкая
1922 год
Крыніца: Адраджэньне, №1, 1922

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСЬМЕРТНЫЯ ЎСПАМІНЫ.

ЯДВІГІН Ш. (АНТОН ЛЯВІЦКІ).

† 24. ІІ. 1922 г.

Антон Лявіцкі быў патомкам старога роду беларускай шляхты. Як сьведчаць старыя дакуманты, Лявіцкія мелі вялікія зямельныя маёнткі ў Меншчыне і Віленшчыне, але паволі ўсе гэта пайшло ў нябыцьцё, і ўжо бацьку нашага пісьменьніка астаўся толькі невялічкі хвальварак у Віленшчыне.

Бацька Ядвігіна Ш., Ян Лявіцкі, доўгі час служыў на ваеннай службе і быў афіцэрам падчас вайны Расіі з туркамі. У часе паўстаньня, каб не пайсьці, як расійскаму салдату, проці паўстанцаў, ён выйшаў у адстаўку. У скорым часе пасьля гэтага ён ажаніўся з Вольгай Валіцкай. У той час Ян Лявіцкі служыў у маёнтку Дабосьня, Магілёўск. губ. Рагачоўск. павету, які належыў тагды да Булгака, і меў там пасаду кіраўнічага.

У гэтай Дабосьні на Магілёўшчыне ў 1869 годзе радзіўся Антон Ляжіцкі. Там-жа ён правёў і першыя годы свайго дзяцінства.

З Дабосьні бацькі Ядвігіна пераехалі ў маёнтак Першаі, на Меншчыне, графа Тышкевіча. Там Ян Лявіцкі меў пасаду падлоўчага (па лясной часьці). Адтуль малы Ан. Лявіцкі паступіў у Менскую гімпазію, але, яе ня скончыўшы, паехаў у Маскву, дзе, падгатаваўшыся, паступіў на мэдыцынскі факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У часе забурэньняў у ўнівэрсытэце быў арыштаваны і сядзеў у Бутырскай турме, а пасьля ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.

Да гэтага часу адносіцца яго вядомы пераклад на беларускую мову Гаршына «Сыгнал».

Выйшаўшы з «Петрапаўлаўкі» А. Лявіцкі ў унівэрсытэт не вярнуўся, а здаў экзамен на аптэкарскага практыканта і паступіў на практыку ў адну з Маскоўскіх аптэк. Атрымаўшы званьне памоцніка правізара А. Лявіцкі вярнуўся ў Радашковічы, Вілен. губ., дзе паступіў на службу ў мясцовую аптэку. Адтуль яму было блізка да свайго хвальварку, дзе гаспадарыла яго заўдавеўшая маці.

Слабае здароўе не пазволіла яму доўга служыць у аптэцы. Ён пакінуў аптэку і праз нейкі час служыў у хаўруснай краме ў Радашковічах. У гэтым часе (у 1895 г.) ён ажаніўся з Люціяй Гнатоўскай і яшчэ пару лет пражыў у Радашковічах, служачы ў памянёнай краме.

Да літаратурнай працы тага часу належыць шмат вершаў, апавяданьняў вершамі і прозай, большая частка якіх яшчэ й цяпер ненадрукована. Часьць літаратурных твораў таго часу нябожчык хацеў перарабіць, часьць лічыў зусім ня вартымі ўвагі і дзеля таго ня меў іх нават напісаных. Да такіх астатніх, як прыклад, можам назваць яго прамову пабеларуску, на разьвітаньне д-ру Яну Оффэнбэргу, які выяжджаў з Радашковіч. Да твораў гэтага часу належыць і яго песа «Злодзей».

У 1897 г. А. Лявіцкі з сям'ёй пераехаў на жыцьцё ў свой хвальварак. Тут ён з замілаваньнем займаецца садаўніцтвам: засадзіў вялікі фруктовы сад, абсадзіў свой дом ліпамі, клёнамі і рознымі другімі дрэвамі, пазасаджаваў у садзе альтаны і алей. Але побач з гэтым, ён ня кідае і літаратурнай працы.

У 1903 годзе ён выяжджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае ў мясцовых расійскіх газэтах. На жаль, твораў гэтага часу не захавалася: яны згінулі ў часе разгрому ў 1917 г. хвальварку Лявіцкага.

Праз год А. Лявіцкі вярнуўся з Вільні да хаты. Тут ён супрацоўнічае ў Менскіх расійскіх газэтах («Бѣлорусскій Вѣстникъ»), у віленскім польскім тыдневку «Zorza Wіleńska» і др.

1906 год застае А. Лявіцкага дома, а першае друкаванае слова пабеларуску знаходзіцца зараз-жа ў яго хаце. Да гэтага і крыху ранейшага часу належыць знаёмства Ядвігіна з Я. Купалам, які заўсёды лічыцца тут жаданым госьцем.

На старонках "Нашае Нівы" аднымі з першых зьяўляюцца творы Ядвігіна Ш. Творы гэтыя добра знаёмы ўсей чытаючай Беларусі, і дзеля гэтага мы затрымлівацца на зьмесьце яго твораў ня будзем. А. Лявіцкі пасылае матар'ялы то з хаты, то выяжджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае ў "Haшай Ніве", вядзе с-гасп. месячнік «Саху», а праз нейкі час вядзе фактычнае рэдактарства газэты «Віelarus». Гэты пэрыад—найбольш пладавіты ў яго літаратурнай працы: ён напісаў шмат апавяданьняў, цікавых допісаў, с-гасп. артыкулаў і брашур. У гэтым-жа часе вышлі з друку і яго тры кніжкі—перш невялічкая поэма—«Дзед Завала», потым «Бярозка і Васількі» — зборнікі апавяданьняў.

Увесну 1914 г. Антон Лявіцкі пераяжджае ў Менск, дзе рэдагуе «Саху» і «Лучынку». Вайна спыняе гэтыя выданьні, але А. Лявіцкі застаюцца ў Менску, каб утрымаць «Беларускую кнігарню», адзінае ў той час вогнішча беларускага слова і думкі. Улетку 1915 г. арганізуецца ў Менску, глаўным чынам заходамі і працай Ядвігіна, «Беларускае Т-ва помачы ахфярам вайны».

Увесь цяжкі час з 1914 — па 1917 год, чорны час уціску і безнадзейнасьці. А. Лявіцкі разам з маленькай жменькай культурных беларускіх працаўнікоў, згуртаваных у Менску адным клічам любасьці да бацькаўшчыны, стараецца, як мага, падтрымаць «беларускае вогнішча». Зарабляючы на старане на кусок хлеба быў кіраўніком «Минским Центральным Бюро Труда», кіраваў починочными мастерскими по военному обмундированию і др.), ён усе вольныя часіны ахвяроўвае працы на беларускай ніве. Ён Працуе ў «Бел. Т-ве», арганізоўвае сталоўкі, ставіць спэктаклі, у якіх сам грае на сцэне, стараецца падтрымаць беларускае друкаванае слова. Так, яго коштам і заходамі была выдана кніжачка «Беларускія Жарты», некалькі с.-г. брашурак і др.

У той час А. Лявіцкі галоўным чынам мабыць і схапіў зародак тае страшнае хваробы, якая зьвяла яго ў магілу: навала працы, цяжкія матар'яльныя варункі, нездаровая кватэра—вот гэтыя галоўныя педахваты жыцьця ўсіх, а прынамсі большасьці нашых культурных і палітычных працаўнікоў, — уходалі яго здароўе, падкасілі сілы.

Яшчэ ў пачатку рэвалюцыі 1917 г. А. Лявіцкі працуе падаўнейшаму: выступае на ўсякіх зьездах, мітынгах, уваходзе як сябра ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Але здароўе яго ўсе часьцей западае. Зіму 1918 г. ён праляжаў у Менскім шпіталт; вясною, крыху ачуняўшы, вярнуўся да хаты.

Здавалася, што здароўе А. Лявіцкага пайшло на папраўку. Ён, седзячы дома, зноў пачаў займацца літаратурнай працай: супрацоўнічае ў газэце «Беларусь», дзе пачаў друкаваць адну з вялікшых сваіх рэчаў, повесьць «Золата», пачаў прыводзіць да парадку свае «Студэнцкія ўспаміны», узяў некалькі перакладаў.

Але здароў'е яго зноў аслабела і, зусім нядужы, ён выехаў пад восень 1920 г. у Вільню, каб ужо адтуль не вярнуцца.

«Лічу я дні і гадзіны, калі вярнуся да хаты»—пісаў ён адтуль жонцы—«яшчэ можа дасьць Бог з вамі ўбачыцца»...

Кал-ж граніца разьдзяліла Вільню з бацькаўшчынай А. Лявіцкага, надзея на паварот да хаты мабыць аслабела. У вадным пісьме, атрыманым выпадкова, праз дзесятыя рукі, ён пісаў дзецям:

«Бедныя вы мае гаротнікі, як вы даеце сабе рады? Шануйце, дзеці, маму — бо больш ужо ў вас няма нікога на сьвеце»...

А ў пачатку марца 1922 г. у Менску атрымаліся весткі, што Ядвігіна Ш. ня стала.

Прымусовая разука з сям'ёй, неспакой і цяжкія ўмовы жыцьця зараньне зьвялі яго ў магілу.

Вечная памяць табе, цярплівы працаўнік на роднай ніве!

Ванда Лёсік.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.