Перайсці да зместу

Ядвігін Ш. (Бадунова)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі)
Успаміны
Аўтар: Палута Бадунова
1922 год
Крыніца: Адраджэньне, №1, 1922

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯДВІГІН Ш. (АНТОН ЛЯВІЦKІ)

У Вільні 24 лютага сёлета, 1922 г., памёр беларускі пісьменьнік і дзеяч Ядвігін Ш., уласнае імя яго Антон Лявіцкі. Памёр ён ад гарлавых сухот, на бальнічнай пасьцелі, далёка ад любімае сямейкі.

Зноў беларускае грамадзянства з вялікай скаргай адмеціла ў душы сваей цяжкую, нічым незамянімую страту.

Халодная зямля прыняла ўжо навек агнявую душу аднаго з лепшых сыноў сваіх, аднаго з тэй арлінай нашаніўскай сям'і, якая першая пачала змаганьне за долю шчасьлівую дзеткам патомным, за край наш бедны, край наш родны, за слова беларускае, сталецьцямі загнанае ў падпольле.

Яны, гэтыя першыя ластаўкі волі народнай, правадыры вялікай ідэі адраджэньня заняпаўшага беларускага народу—уміраюць адзінока, часта далёка ад роднай сям'і, ад бацькаўшчыны мілай, так адзінока памёр і Іван Луцкевіч.

Родная душа ня скілілася і над пасьцеляй Ядвігінa Ш. Дачка пісьменьніка, Ванда Лёсік, вельмі любімая ім, сама выдатная беларуская дзеячка. У свой час, нічога не магла расказаць аб апошніх днёх жыцьця нябожчыка, толькі горкія сьлёзы каціліся з яе вачэй, і гэты сум яе ёсьць сум і наш.

Сумна чуць, як адзінока, на бальнічнай пасьцелі уміраюць лепшыя беларускія дзеячы і пісьменьнікі ў гэты цяжкі час падзелу нашае бацькаўшыны.

Не полем і лясамі прайшла граніца наша з Польшчай, а прайшла яна на сэрцы і душы жывога беларускага народу. Бацька аддзелен ад сына, а сын ад бацькі. Праўду кажа Якуб Колас у сваім адным з лепых вершаў «Беларускаму народу», змешчаным у «Водгульлі».

Хіба забудзем мы тыя межы.
Што правадзілі бяз нас.
Раны глыбокі, ох, яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.
Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!

Але ўжо ня будзе сьпяваць новыя песьні Ядвігін Ш. Навет заплюшчыў ён вочы і не пабачыць ужо яму таго часу, калі злучыцца беларускі народ у адну магутную сям'ю.

Ядвігін Ш., як пісьменьнік, шырока вядомы беларускаму грамадзянству. Але творы яго, параскіданыя на журналах і газэтах, далёка ня ўсе вядомы шырокаму кругу чытачоў. Апрача некалькіх расказаў гуморыстычнага зьместу, сабраных у збoрніку «Baсількі», да яшчэ другіх некалькіх апавяданьняў, з якіх «Гаротная» зьвярнула на сябе агульную ўвагу, грамадзянства беларускае нічога ня мае перад сваімі вачамі з яго твораў

А паміж іншым, як вядома, ёсьць у Ядвігіна Ш. такі выдатны твор, як «Дзед Завала», аб якім толькі ведаюць з рэцэнзыі. У гэты час адраджэньня беларускае культуры, у часы, калі прыходзіцца яшчэ не на жыцьцё, а на смерць змагацца з ворагамі беларускага друкаванага слова, неабходна патрэбна выдаць зборнік усіх твораў Ядвігіна Ш.

Праўда, што за апошнія часы выдаецца ўжо шмат чаго, дзякуючы бязупыннай працы беларускіх пісьменьнікаў і дзеячоў.

Будзем спадзявацца, што і творы Ядвігіна Ш. будуць выданы ў хуткім часе.

Ядвігін Ш., як грамадзянскі дзеяч.

Гэты жывы, заўсёды шукаючы праўды чалавек, жыў толькі Беларусьсю і для Беларусі. Усе лепшыя маладыя гады свайго жыцьця ахвяраваў ён на цяжкую, тагды вельмі няўдзячную працу нацыянальнага і культурнага адраджэньня беларускага народу.

3 моманту заснаваньня «Нашай Нівы», ён быў там адным з бліжэйшых супрацоўнікаў. За ўвесь час яго працы на працягу больш дваццацёх гадоў, ён бязупынна працаваў то ў культурных, то ў бежанскіх, то ў палітычных беларускіх арганізацыях. Ня было той беларускай газэты, у якой-бы ён ня прымаў удзел, ні тэй арганізацыі, дзе Ядвігін Ш. не займаў-бы пачэснага месца. Хоць сілы пісьменьніка былі вельмі слабыя, а здароўе моцна парушана галодным і халодным жыцьцём і цяжкай працай.

Здаецца, ён не належаў ні да якой палітычнай партыі. Аднак-жа гарачая душа яго заўсёды была з тымі, хто ў адпаведныя часы агнявога паўстаньня проці ўгнетацеляў змагаўся за волю для свайго народу, за шчасьце агульна-людзкое.

Праўда, нябожчык не спадзяваўся, што так скора просты беларускі селянін і работніх забіты і загнаны панамі і чыноўнікамі, абдураны папамі і ксяндзамі, пакінуты сваёй уласнай інтэлігенцыяй, — зможа нарэшце разьбіць ланцугі няволі і зразумець сваю адвечную нацыянальную крыўду.

Ён ненавідзеў стары парадак, але ня верылася яму, што новае жыцьцё пабудуецца разумна. Нямала спрачаўся ён з намі, маладым пакаленьнем, шмат чаго чорнага казалі мы адзін другому. А толькі наступаў час шырокай працы, і ён, стары, сьмела йшоў з намі, гарачымі і маладымі галавамі. У такія часы ён пачынаў верыць у народныя сілы. Пакідала яго і звычайная асьцярожнасьць, ня тая трусьлівая асьцярожнасьць, якая прымушае нягодных і жалкіх людзей адыходзіць ад беларускага руху з страху загубіць сваю кар'еру, — а асьцярожнасьць мудрага, пражыўшага жыцьцё барацьбіта. Ён быў з намі, ён сьветла верыў і з вялікім закаханьнем да бацькаўшчыны зноў прымаўся за справу беларускую.

Пісьменьнік сярод сям'і.

Як сем'янінa і чалавека, пазнала я Ядвігіна Ш. летам 1918 году, калі мне здарылася правясьці больш месяца сярод яго сям'і на хутары Карпілаўцы, у 30 вярстох ад Менску.

Мы выехалі разам з пісьменьнікам з Менску на хурманды раніцай у ясны вясеньні дзень. Ехаць трэба было па дзіўнай мясцовасьці. Прыгожыя ўзгорачкі, прыветныя хутаркі з белымі вакенцамі і садзікамі спатыкалі нас на кожным кроку, а перад вачамі шырока і далёка раскінулася хора лясоў. Сьвежае паветра, сіняе неба, усё гэта выклікала ў душы жывую радасьць жыцьця.

Пісьменьнік глядзеў кругом сябе радаснымі сьветлымі вачамі. Усякую птушачку, усякае дрэўца праводзіць ён любоўным словам.

— Угледзьцесь, казаў ён мне, у гэту роскаш, у гэтае нязвычайнае хараство нашай беларускай прыроды! Як яна міла, як прыгожа! Сколькі ў ёй ціхага задуменьня, а разам з тым нейкага ўнутранага няспыняючагася ні на хвілінку жыцьця.

Здаецца, што і людзі і сосны, і хаткі думаюць сваю глыбокую патаемную думку, захаваную на дне душы ад усіх сваіх ворагаў. А гэта мора лясное! Гэта таямніца гушчароў!—Гдзе ёсьць другая такая старонка?!

І я паччнала глядзець кругом сябе другімі вачамі. Поэты на тое і родзяцца на съвет, каб абуджаць у душы самыя лепшыя струны.

Кожны куточак свайго невялікага хутару паказаў мне пісьменьнік. Павёў на сваё беднае пяскаватае поле. Рэдзенькае жытца, якое трэба было ня жаць, а касіць, жаўцела на неўраджайнай камяністай зямельцы.

— Гляньце к лесу, зьвярнуўся пісьменьнік да мяне.—вы сябе нават уявіць ня можаце, колькі тутака, над тымі каменнямі, мною з сынам поту праліта, колькі сіл паложана. Вось гэтыя кучы каменьня мы ўдвох паскладалі, падымаючы з поля кожны каменьчык. А вялікія каменьні на некалькі пудоў узвалівалі на калымажку і вывозілі сюды.—

Я паглядзела на гэта зборышча вялікіх, сярэдніх і малых каменьняў... і сэрца маё сьціснулася.

— Гэтае каменьне падарвала мне здароўе, казаў ён далей.—Мой жывот баліць ужо шмат гадоў. А першыя болі пачуў я, пацягаўшы гэтае каменьне.

Цярністы шлях твой, думала я, слухаючы расказ аб цяжкай працы, аб галодным жыцьці пісьменьніка. Нездарма-ж разумеў ты гэтак добра гора народнае і з гэтакай цёплай задушэўнасьцю апісаў яго ў сваей «Гаротнай».

Вечныя недахваткі зрабілі тое, што малодшыя дзеці пісьменьніка засталіся без асьветы. А жонка ласкавая, ціхая, як анёл, з чулым сэрцам і разьвітым розумам кабета, усё жыцьцё сваё паклала на шэрую цяжкую працу, даглядаючы без ядынага папроку свайго вечна занятога беларускай справай і хворага мужа, нясучы на сваіх кволых плячох і ўсю гаспадарку і клопаты аб сям'і.

Добрым прыкладам можа паслужыць гэта няпрыкметная гэpoіня для тых жанчын, якія адрываюць сваіх мужоў ад беларускай працы дзеля сваіх асабістых выгад. Ня ўспомніць іх народ беларускі добрым словам, як жонка Ядвігіна Ш. ніколі не забудзе ўдзячны наш народ.

Ніколі не забуду я тых ціхіх вечераў, якія мы праводзілі на ганачку каля хаты пісьменьніка.

— Усё гэта пасадзіў я сам, — казау ён. — І гэты сад, і клёны, і бэз, і маладзенькія дубкі.

Пасадзіць дрэва — гэта значыць павялічыць хараство прыроды. Мой невялікі хутар сваім хараством будзіць зайзддрасьць нават у багатых памешчыкаў.

Нішто мяне гэтак ня радуе, як пільнаваць узрост маладзенькага дрэўца. Пэўна, ад дзядоў і прадзедаў засталася мне гэтая нейкая містычная любоў да дрэва.

Як нажом па сэрцы рэжа мяне, калі я бачу, як безгаловыя людзі глумяць дрэўца. Я заўсёды замазываю гэтыя раны на дрэўцы ня толькі ў садзе, але і ў лесе.

Баліць маё сэрца за наш беларускі лес. Паглумяць яго чужаніцы. Страціць тады наша Беларусь сваю дзіўную жывую вопратку. Лес — кармілец нашае зямелькі. Бяз лесу зямля наша высахне і запусьцее, рэчкі павысахнуць. Пяскі запануюць, і хлеба ня хопіць народу. Ой, як-бы трэба зразумець народу, што лес — бацька нам, і ня можна глуміць яго без вялікай патрэбы.

Гэткі быў завет пісьменьніка, над гэтымі славамі трэба ўсім нам думаць і ніколі іх не забываць.

У халодныя вечары, калі сядзела ўся сямейка ў хаце, пісьменьнік расказваў аб сваёй працы ў «Нашай Ніве», бо ведаў, як гэта моцна цікавіць мяне. Успамінаў ён аб Янку Купале, як той першы раз прыехаў да Вільні.

— Саўсім яшчэ малады чалавек быў і такі ціхі, а яго вялікія здольнасьці да поэзіі і тагды ўжо мы ацанілі. Зьмітра Жылуновіча мы вызвалі таксама ў Вільню, прачытаушы яго некалькі вершаў.

Наогул, мэтай рэдакцыі «Нашай Нівы» было згуртаваць каля сябе ўсе культурныя беларускія сілы і прабудзіць сьвядомасьць сярод несьвядомых беларускіх мас і інтэлігэнцыі. —

Аб Цётцы Пашкевіч ён гаварыў з нейкім натхненьнем. На худым твары яго загараўся жывы румянец, а вочы блішчалі чыстым агнём вялікага пачуцьця да першае беларускай рэвалюцыянэркі, якая жыцьцё сваё ахвяравала свайму простаму народу беларускаму.

За некалькі дзён да майго ад'езду пісьменьнік быў вельмі хворы. І трэба было бачыць, як жонка яго, гэты анёл-храніцель нашага пісьменьніка, не адыходзіла ад яго, па тры разы ў день, рабіла яна яму ванны, цягаючы з надворку вялікія чугуны з гарачай вадой. Яе маленькая, худзенькая хвігурка то зьяўлялася ў хаце, то зноў счазала на дварэ... Гэтак цягнулася многа дзён. Трэба заслужыць такую любоў, каб на працягу многіх гадоў гэтак любілі і даглядалі чалавека. І ўся сям'я жыла і дыхала пісьменьнікам і дзеля пісьменьніка.

Ужо фурманка чакала мяне каля ганку, а добры гаспадар усё яшчэ ня пускаў мяне ехаць. Ён ужо аправіўся і вельмі прасіў мяне яшчэ пагасьцяваць у іх. Але праца чакала мяне ў Менску, і хоць з вялікім жалем, але я мусіла пакінуць прыветную сямейку. І ніколі ня думала я тагды, што бачу Ядвігіна Ш. у апошні раз. Памёр... але памяць аб іх не памрэ, ў сэрцы беларускага народу.

П. Бадунова.

2/4-1922 г.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.