Яго Міласьці грамадзяніну Пілсудзкаму, Галоўнаму Камандуючаму польскіх войск (ВБР)
| Яго Міласьці грамадзяніну Пілсудзкаму, Галоўнаму Камандуючаму польскіх войск Дэклярацыя Аўтар: Віленская беларуская рада 24 красавіка 1919 году Крыніца: Беларуская Думка. — 19 мая 1919. — №10; бач. 2 |
Яго Міласьці грамадзяніну Пілсудзкаму, Галоўнаму Камандуючаму польскіх войск.
Віленская Беларуская Рада, якая выбрана прадстаўнікамі насяленьня на канфэрэнцыі 26—27 студня 1918 года ад Беларускае зямлі, што на захад ад старога расейска-нямецкага фронту, зьвертаецца да Яго Міласьці Глаўнакамандуючага польскіх войск грамадзяніна Пілсудзкага з ніжэйсьледуючым.
Віленская Беларуская Рада, у склад каторай уваходзяць прадстаўнікі розных кірункаў беларускай нацыянальна-палітычнай думкі (апрача бальшавікоў), заўсёды стаяла на грунце незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі.
Цяжкія варункі агульна-палітычнага жыцьця, якія былі у час нямецкай акупацыі і потым пры бальшавіцкім панаваньні, не пазвалялі цэнтральнай і мясцовым беларускім радам давесьці працу па адбудове дзяржаўнасьці да канца.
Народ беларускі да апошняга часу ня меў магчымасьці стварыць незалежную і непадзельную дзержаву і павінен быў цярпець уселякія зьдзекі ад тых, хто быў дужэйшым і меў сваю арганізаваную вайсковую сілу, каб уціскаць Беларусь.
Беларуская зямля цяпер зьнішчана ізаруйнована і чакае, калі кончацца яе мучэньня і калі сам Беларускі Народ станець гаспадарам у сваёй зямлі.
Віленская Беларуская Рада і розныя іншыя мясцовыя беларускія рады, таксама як і Рада Беларускае Распублікі змагаліся да апошняга, каб вызваліць Беларускі Народ ад няволі і зьдзеку чужынцоў, але-ж ня вытрымалі барацьбы і адступілі перад сілаю ворагаў Беларускаго Народу, аб‘явіўшых усіх дзеячоў беларускага адраджэньня без закону і за правам.
Цяпер прабіў новы час, разгарнулася новая страніца гісторыі беларускага адраджэньня. У Вільню і іншыя землі Беларусі прыйшлі і яшчэ ідуць польскія войскі, якія імем Вашае Міласьці абвешчаюць вольнасьць і правы усім грамадзянам Беларускае зямлі і Літвы.
Віленская Беларуская Рада хоча верыць, што гэтыя дэклярацыі агульнай вольнасьці будуць цьвёрда правадзіцца у жыцьцё і што Народ Беларускі, каторы так змучан нямецкім і бальшавіцкім уціскам, адпачыне і атрымае магчымасьць адбудаваць сваю бацькаўшчыну, незалежную і непадзельную.
Віленская Беларуская Рада мае надзею, што Ваша Міласьць паможа аб‘еднаць усю Беларусь і адбудаваць яе у незалежную дзержаву, суседнюю і дружную з Польшчай, каторай лепш, як іншым народам, ведама, як цяжка жыць у няволі і быць падзеляным на часткі.
Рада просіць Вашу Міласьць аб тым, каб:
1. Ва ўсіх беларускіх справах зварочывацца толькі да Рады,
2. Даць магчымасьць Віленскай Радзе свабодных зносін з усімі беларускімі правінцыальнымі радамі.
3. Даць магчымасьць склікаць разагнаную бальшавікамі Раду Беларускай Рэспублікі, да каторай, пакуль ня будзе склікан Усебеларускі Устаноўчы Сойм, павінна належаць уся улада на Беларусі.
|
Старшыня Рады (подпіс). |
24 красавіка 1919 году.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.