Перайсці да зместу

Эх, каб грошы...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Эх, каб грошы...
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 15

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Век дваццаты, век харошы,
Абы грошы, толькі грошы...
Стогнуць скрозь сяляне нашы:
— Ах, каб грошы, ах, каб грошы!
Ўсе падаткі аплаціў бы,
Пану войту дагадзіў бы,
Ён не лаяўся б «па маме»,
Не крычаў бы: «Вон стонд, хаме!»
А падаў бы ручку й... проша...
Ах, каб грошы, толькі грошы!..
Вязу пану масла, сыры.
(Грошай трэба, дзе ж іх стырыць?)
Пан, бач, смачна з’есці хоча.
Ты ж глядзіш: жывот аж квокча!
Хоць і змамзіў бульбы з кошык...
А каб грошы... эх, каб грошы!
Закупіў бы рыбы, мяса,
Кіло кракаўскай каўбасы,
Хлеба белага з паўторбы
І, дальбог, адзін упёр бы!
Вось тады б я быў харошы.
Эх, каб грошы, толькі грошы!..
Захацеў я ажаніцца.
Не йдзе дзеўка — бач, баіцца,
Бедны, кажа, ён — галота.
А кулак, як чорт з балота,
Пяцьдзесят гадкоў хлапчыне -
Падабаецца дзяўчыне!
Дзе ўзяць грошы? — вось пытанне.
Ад світання да змяркання
Льецца пот: працуй, цягайся,
За ўсё бульбай аддувайся,
Бульба парана, пячона,
Бульба сёння, бульба ўчора.
Мой трыбух, нібы калода!
А без бульбы ж няма ходу...
Век дваццаты, век не з горшых...
Абы грошы, толькі грошы.

1925