Эміграцыя ў Амэрыку
Эміграцыя ў Амэрыку Артыкул Аўтар: Аляксандр Уласаў 1911 Крыніца: Наша Ніва, 1911, №3 |
Эміграція у Амэрыку.
Параходы і жалезные дарогі развозяць тавары ўсюды, дзе іх могуць купіць. Так сама рабочая сіла з развіцьцем капіталізма зрабілася таварам, каторы прыбывае туды, дзе больш плацяць за яго. Ад нас выежджаець шмат рабочай людзкой сілы у Злучэные Штаты Паўночнай Амэрыкі, дзе заработак у 5-10 разоў большы ад нашаго; там нашы беларусы, не прывыкшые да раскошнаго жыцьця, за 2-3 гады ўжо складаюць капітал і варочаюцца да сваіх родных вёсак з «Амэрыканскімі грашыма». Можна сказаць, што найменш тры чверці нашых мужыцкіх капіталоў — гэта з Амэрыкі.
Колькі амэрыканскіх грошэй у Беларусі, палічыць акуратне цяжка. У зберагацельных кассах на почтах у Беларусі разам Ковенскай губ. у 1909 г. лежало 57 мільёноў руб. ды ешчэ у банках 32 міл. руб.; — разам 90 мільёноў руб.у адной Віленскай губ. — 38 міл. руб.; з гэтых грошай 5 міл. р. належыць землеробам, а з іх ня менш 3-4 міл. руб. «амэрыканскіх». Усяго такіх грошы ад прадажы сваей працы ў Амэрыцы на нашу думку ў Беларусі будзе каля 30 міл. руб.
Колькі грошы што-год прыходзіць з Амэрыкі да нас?
Беларусь разам с Ковенск. губ. дастае грошэй почтай на 20 мільёноў руб. больш як выслала (1909 г.) Адна Віленская губэрня дастала сьвежых грошы 5 с палавінай міл. руб. Значная частка гэтых грошы будзе з Амэрыкі. Так, напрыклад, праз адзін банк у Слуцку перасылаюць у год каля 150.000 руб.; у гор. Радашковічы ў 1910 г. прышло почтай з Амэрыкі 29.000 руб., а ляжыць у Радашковічах у зьберэгацельнай кассе пры почце 50.000 р. У тые-ж Радашковічы прыходзіць шмат грошэй ешчэ праз Лібаўскіе канторы і банчкі, мінаючы почту.
Сколькі беларусоў выехало і выежджае у Амэрыку?
Міністэрство праз земскіх начальнікоў збірало недаўна аб гэтым матэр'ялы, але гэтые матэр'ялы так сабраны, што даведацца з іх нічога акуратне нельга. І ня дзіва. У нас найчасьцей едуць у Амэрыку без загранічных пашпартоў; але некаторые выбіраюць з воласьці унутрэні пашпорт, каб даехаць без перашкоды да граніцы, а там пераскочуць як-небудзь граніцу і з Гамбурга выежджаюць параходам у Амэрыку.
Мы палічылі, што з аднэй Радашкоўскай воласьці (Вілейск. пав.) к 1 январа 1911 г. выехало у Амэрыку:
|
|
Значыць, на 100 душ людзей 7 душ у Амэрыцы. (7 процен.). А павэдлуг слоў аднаго адміністратара, с Троцкаго павету у Амэрыку выехало дзесятая часць людзей (10 проц.). Уся Віленская губ. мае 147 валасьцей, а ва ўсей Беларусі 1008 вол.; колькі выехало у Амэрыку усяго, акуратне не палічыўшы, ня можэм сказаць. Можэ нашы карэспадэнты нам памогуць падлічыць пазней.
Як мы відзім, справа выезду у Амэрыку беларусоў мае вялізнае значэньне для экономічнаго жыцьця нашаго краю. Беда толькі ў тым, што «амэрыканскіе» грошы ня могуць зрабіць таго, каб і ў нашым краю завяліся фабрыкі, заводы, каб сельская гаспадарка так бы паднялася, што больш народу магло-бы пракарміцца тут, на мейсцы. А то цяпер дык найлепшые, найбайчэйшые сілы уцекаюць ад нас шукаць шчасьця на край сьвету. Адны з іх зарабляюць, другіе церпяць муку у Амэрыцы, але толькі шчаслівейшые папраўдзі знаходзяць там долю.
Беда ешчэ і ў тым, што ніхто не звертае увагі — ні адміністрація, ні «дэпутаты» ад нашаго краю — на варункі, ў якіх адбываецца эміграція. Варункі выхаду у Амэрыку (эміграціі) надта цяжкіе. Першае — гэта тое, што дастаць загранічны пашпарт дорага каштуе — 15 руб. на поўгода, а каб яго дастаць, для гэтаго патрэбны доўгіе фармальнасьці, шмат цяганіны і часу. — Дзеля таго у нас едуць усё найбольш без паспарта, — як кажуць, незаконным спосабам. Гэтым займаюцца асобные агенты, і ёсць цэлая організація. Пераход праз граніцу абходзіцца кожнаму чалавеку 50-70 рублёў, рублёў 20 каштуе дарога да Гамбурга, Штэтіна, а рэшта 40-50 руб. ідзе на пашпарт загранічны, але ня спосаб без яго абыйсціся, і гэтые грошы расходзяцца па сотнях кішэнёў. Напрыклад, толькі за перавоз праз граніцу пагранічные жыцелі бяруць па 15 руб. з галавы.
Першай рэформай эміграціі павінно быць тое, каб загранічные пашпарты выдаваліся з воласьці, як у Царстві Польскім з гмін, дый дарма і каб эмігрант у Амэрыку з самаго свайго дому аж да Амэрыкі быў пад апекай гасударства і земскаго самоупраўленьня, бо ён дабывае грошы для свайго краю. А у Амэрыцы павінны быць хаўрусы беларусоў, як гэта робяць, напрыклад. галіцкіе русіны. Потым трэба завясьці па мястэчках курсы англіцкай мовы для ўсіх людзей, што збіраюцьца выехаць у Амэрыку. Пры такіх парадках цэлые хмары розных крукоў не абшчыпывалі бы эмігрантоў у Эўропі і Амэрыцы.
А. Ўласоў.